Сяргей Паўловіч як асветнік і перакладчык

Адной з выдатных, але незаслужана забытых асобаў беларускага духоўнага асветніцтва з’яўляецца Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч, педагог, перакладчык, царкоўна-асветны дзеяч. З цягам часу прыходзіць усведамленне неабходнасці звярнуцца да яго спадчыны, каб даць належную ацэнку яго дзейнасці. Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч нарадзіўся 13 (25) верасня 1875 г. у в. Осаўцы (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобл.). Вучыўся ў Літоўскай праваслаўнай семінарыі ў Вільні, у 1899 г. скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію са званнем кандыдата багаслоўя. Да 1908 г. працаваў у царкоўных установах. У 1909 – 1912 гг. Сяргей Паўловіч выкладаў Закон Божы ў Рагачоўскай настаўніцкай семінарыі і жаночай гімназіі ў Віленскай акрузе. З 1913 па 1918 год быў інспектарам народных вучылішчаў у Ваўкавыску на Гродзеншчыне. Пераехаўшы ў Вільню, працаваў у Віленскай беларускай гімназіі выкладчыкам Закона Божага, а ў 1927/28 навучальным годзе займаў пасаду дырэктара гэтай гімназіі. Менавіта ў той час былі надрукаваны асноўныя яго працы. У другой палове 1930-х гг. рэдагаваў дзіцячы царкоўны культурна-асветніцкі часопіс “Снапок”. Памёр С. К. Паўловіч у 1940 г. ад хваробы сэрца і пахаваны на Літоўскіх могілках у Вільні. Царкоўна-асветная і педагагічная дзейнасць Сяргея Канстанцінавіча Паўловіча разгортвалася ў 1920-1930-я гг., калі заходнебеларускія землі, паводле Рыжскай дамовы 1921 г., уваходзілі ў склад польскай дзяржавы. У няпростых умовах С. Паўловіч быў сярод тых, хто супрацьстаяў паланізацыі Царквы і школы. Педагагічная і грамадская дзейнасць Сяргея Паўловіча была цесна звязана з Таварыствам беларускай школы (1921 – 1937 гг.), пэўны час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі. Рэдагаваў часопісы “Летапіс Таварыства беларускае школы” (з 1936 г. — “Беларускі летапіс”) і “Беларускі каляндар”, што выдаваліся гэтай суполкай. Акрамя таго, С. Паўловіч дапамагаў Беларускаму Выдавецкаму Таварыству, выступаў з рэфератамі па гісторыі хрысціянства на паседжаннях Беларускага Навуковага Таварыства. Дзейнасць Таварыства беларускай школы, якое выступала за ўвядзенне ў пачатковыя школы, народныя вучылішчы і гімназіі беларускай мовы, арганізоўвала бібліятэкі, хаты-чытальні, стварала і распаўсюджвала беларускія падручнікі, лічылася ў той час антыўрадавай установай. Сярод іншых удзельнікаў Таварыства ў 1930 і 1933 гадах Сяргей Паўловіч быў асуджаны і арыштаваны. У канцы 1936 г. дзейнасць Таварыства была забаронена польскім урадам. Вялікую ўвагу С. Паўловіч надаваў адукацыі сялянскіх дзяцей і самаадукацыі простага люду. У 1929 г. у Вільні, у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, быў выданы яго падручнік “Пішы самадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучання (пасля азбукі)”. У тым жа годзе выйшлі ў свет і “Метадычныя ўвагі да пасобніка”. Гэтая кніга была дапушчана Міністэрствам асветы ў настаўніцкія бібліятэкі пачатковых школ з беларускай мовай навучання. Самай арыгінальнай працай Паўловіча лічыцца яго буквар “Першыя зерняткі” (Вільня, 1936). Нацыянальнай азбукай беларусаў Сяргей Канстанцінавіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. Тым не менш, ва ўмовах паланізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданне буквара ў 1937 г. лацінкай пад назвай “Zasieuki”. Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны польскімі ўладамі, якіх напалохала папулярнасць беларускага падручніка. Пасля 1921 г. тры беларускія епархіі (Віленская, Гродзенская і Пінская) трапілі пад юрысдыкцыю Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. У гэты час Сяргей Паўловіч сваёй грамадскай, педагагічнай працай і друкам падтрымліваў і паглыбляў у беларускім народзе веданне асноў веры сваіх продкаў. У 1936 г. ім задумана брашура супраць паланізацыі Царквы. Асабліва цікавай з’яўляецца постаць С. Паўловіча як багаслова-асветніка. Працуючы ў Віленскай беларускай гімназіі, ён на практыцы рэалізоўваў высновы аб рэлігійным выхаванні як неабходнай частцы навучальнага працэсу, што не згубіла актуальнасці і ў канцы ХХ ст. У 1926 г. была надрукавана падрыхтаваная ім “Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій”. Варшаўскі сінод дазволіў увесці гэты падручнік у навучальны працэс. Пад рэдакцыяй Сяргея Паўловіча ў 1933 г. быў выдадзены “Праваслаўны малітваслоў на царкоўнаславянскай і беларускай мовах”, які часова быў дапушчаны да ўжывання ў беларускіх пачатковых школах Віленскай акругі. З рэкамендацыі Віленскай камісіі па беларускіх падручніках Закона Божага выйшла ў свет апрацаваная Паўловічам “Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (I-V аддзелы)” (Варшава, 1935) і “Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі” (Вільня, 1936). Царкоўна-асветніцкая і перакладчыцкая праца Паўловіча вялася ў рэчышчы традыцыі перакладу Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову, якая была закладзена ў пач. 20 ст. Яна прадстаўлена работамі дзеячоў розных канфесій: каталікоў В. Гадлеўскага, Я. Пятроўскага, А. і Я. Станкевічаў, П. Татарыновіча, уніята Л. Гарошкі, пратэстанта Л. Дзекуць-Малея. Асаблівасцямі перакладу С. Паўловіча з’яўляюцца ашчадныя адносіны да царкоўнаславянізмаў, што дапамагло яму захаваць узнёсласць і глыбіню сэнсу свяшчэнных тэкстаў. Трапары святаў, Запаведзі блажэнстваў даюцца паралельна на царкоўнаславянскай і беларускай мовах з захаваннем суадноснай арфаграфіі. Падручнікі і малітваслоў Сяргея Паўловіча напісаны літаратурнай мовай, зразумелай для простага народа, але не перагружанай дыялектызмамі і простамоўем. Падручнікі Свяшчэннай гісторыі Сяргея Паўловіча разлічаны ў асноўным на дзяцей. Даюцца тлумачэнні (з улікам святаайцоўскай традыцыі) пэўных эпізодаў Свяшчэннай гісторыі, яна падаецца ў простай, даступнай і цікавай для дзяцей форме. У якасці падручнікаў Свяшчэннай гісторыі кнігі Паўловіча пакуль што не маюць аналагаў. Пры пэўнай дапрацоўцы з мэтай набліжэння да сучаснай літаратурнай мовы яны маглі б выкарыстоўвацца ў беларускіх нядзельных школах і сярэдніх навучальных установах і цяпер. Багаслоўска-педагагічная спадчына Сяргея Паўловіча даволі вялікая: 6 падручнікаў, 3 брашуры, шэраг артыкулаў у часопісах Таварыства беларускай школы. Але сёння гэтыя выданні з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю. Некаторыя работы Паўловіча не друкаваліся, напрыклад, праца аб гісторыі нацыянальнай школы ў Заходняй Беларусі.

Марына Шырокава

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.