Дыякан: Благаславі́, улады́ка.
Іерэй: Благаславёна Царства Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпе́р і заўсёды і на ве́кі вяко́ў.
Людзі: Амі́нь.
Чытач: Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста, Цара нашага, Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Самога Хрыста, Цара і Бога нашага.
Псалом 64
Цябе належыць апяваць, Божа, і Табе будзе ўзне́сена малітва ў Іерусаліме. Пачуй малітву маю́, да Цябе ўсялякая плоць пры́йдзе. Словы грэшнікаў аблы́талі нас, але Ты грахі нашы ачысціш. Блажэнны той, каго абраў Ты і прыня́ў, каб пасяліўся ён у сялібах Тваіх; насыча́цца будзем дабротамі дому Твайго, святы́ храм Твой, дзівосная праўда Твая. Пачу́й нас, Бо́жа, Спасі́цель наш, Надзе́я на́ша, што ва ўсіх канца́х зямлі́ і тых, што на мо́ры далёка. Ты ўмацоўваеш горы сілаю Сваёю, магу́тнасцю падпяра́заны. Ты ўзру́шваеш глыбіні мора, шуму хваль яго ніхто не можа супрацьстаяць; засмуця́цца народы і страшы́цца будуць знаме́нняў Тваіх жыхары ўсіх канцоў свету; надыхо́ды ранку і вечара Ты ўпрыгожваеш. Ты наве́даў зямлю́ і напаіў яе, ты шчодра ўзбагаціў яе; рака́ Божая напоўнілася вадою; Ты падрыхтава́ў ежу для ўсіх, бо так усталява́на. Напаі барозны яе, прымнож жыта яе; аро́шаная дажджом, узвесяліцца яна, узрошчваючы яго. Благаславіш Ты вянец году добрасці Тваёй, і палі́ Твае дадуць багаты ўраджай. Пладаноснай ста́не пусты́ня, і радасцю ўзгоркі падпяра́жуцца. Апра́нуцца руном ягняты і даліны ўродзяць збажыну́; будуць ўскліка́ць яны і спяваць.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Алілуія, алілуія, алілуія, слава Табе Божа (тройчы).
Дыякан: У міры Госпаду памолімся.
За мір з вышынь і спасенне душ нашых Госпаду памолімся
За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з’ядна́нне ўсіх Госпаду памолімся.
За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
За вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха Кірыла і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвя¬шчэннейшага Мітрапаліта Філарэта, шаноўнае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, за ўвесь прычт і людзей Госпаду памолімся.
За Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе Госпаду памолімся.
За горад гэты, усякі горад і краіну і за тых, што вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.
За тое, каб мі́ласціва гэтую падзяку і мальбу нас недастойных рабоў Сваіх у наднябесны ахвярнік Свой прыня́ў Ён і літасціва памілаваў нас, Госпаду памолімся.
За тое, каб добра прыня́ты былі мале́нні нашы, і каб прабачыў Ён нам і ўсім лю́дзям Сваім ўсе правіннасці вольныя і міжвольныя, якія са злом ўчынілі мы ў мінулым годзе, Госпаду памолімся.
За тое, каб Ён благаславіў пачатак і працяг года гэтага благадаццю чалавекалюбнасці Сваёй, і часы мірныя, спрыяльнае надвор’е, і бязгрэшнае жыццё ў здароўі з дабрабытам даў нам, Госпаду памолімся.
За тое, каб адвярну́ў Ён ад нас увесь гнеў Свой, праведна на нас за грахі нашы скірава́ны, Госпаду памолімся.
За тое, каб адагна́ў Ён ад нас усе душазгу́бныя пажа́днасці і распу́сныя звычкі, а насадзіў у сэрцах нашых страх Свой Божы дзеля выкана́ння за́паведзяў Яго, Госпаду памолімся.
За тое, каб абнавіў Ён дух праведны ўнутры нас і ўмацаваў нас у праваслаўнай веры, і зрабіў паспе́шлівымі да здзяйсне́ння добрых спраў і да выкана́ння ўсіх запаведзяў Яго, Госпаду памолімся.
За тое, каб знішчыў Ён усе ерасі і адсту́пніцтвы, а насадзіў усюды прававе́рнасць і набожнасць, і усіх, хто адступіў ад правільнай веры, звярнуў да спазна́ння Сваёй ісціны і далучы́ў іх да Святой Сваёй Праваслаўнай Царквы, Госпаду памолімся.
За тое, каб пазба́віў Ён Царкву Святую Сваю і ўсіх нас ад усякага гора, гневу і нястачы, і ад усіх ворагаў бачных і нябачных, а ў здароўі, даўгале́цці і міры, і заўсёды ахоўваў верных Сваіх апалчэ́ннем ангелаў Сваіх, Госпаду памолімся.
Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Людзі: Табе, Госпадзі.
Іерэй: Бо належыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Дыякан: Бог ёсць Гаспо́дзь і Ён яві́ўся нам. Благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гаспо́дняе.
Верш 1: Праслаўля́йце Го́спада, бо Ён до́бры, бо наве́кі мі́ласць Яго.
Верш 2: Абступі́лі мяне́ і атачы́лі мяне́; але і́мем Го́спада я абарані́ўся ад іх.
Верш 3: Не памру́, але жывы́ бу́ду і бу́ду абвяшча́ць спра́вы Го́спада.
Верш 4: Ка́мень, які адкі́нулі будаўнікі́, той са́мы стаў галаво́ю вугла́: ад Го́спада ста́лася гэ́та, і яно́ дзі́ўнае ў вача́х на́шых.
Трапар, глас 4
Удзячны мы, недастойныя рабы Твае, Госпадзі,/ за Твае вялікія дабрадзе́янні ўчы́неныя нам. / Славячы, Цябе хвалім, благаслаўляем, дзякуем, апяваем і велічаем Тваю міласэрнасць/ і з рабскай любоўю ўсклікаем да Цябе: / Дабрадзею Спасе наш, слава Табе.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу.
Трапар, глас 3
Тваіх дабрадзе́янняў і дароў / мы, як рабы недастойныя,/ да́рам спадобіліся, Уладару́, / да Цябе старанна звяртаючыся,/ удзячнасць пасільную прыносім,/ і Цябе як Дабрадзея і Тварца славячы, усклікаем: / слава Табе, Божа, Найшчадрэйшы.
І цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Трапар, глас 2
Усяго свету Стваральнік, / часы́ і гады́ уладаю Сваёю ўсталява́ўшы,/ благаславі і вянец года добрасці Тваёй, Госпадзі,/ захоўваючы ў міры людзей і го́рад Твой, па малітвах Багародзіцы, / і спасі нас.
Дыякан: Бу́дзем ува́жлівымі!
Іерэй: Мір усі́м.
Чытач: І ду́ху твайму́. Пракімен, глас 4: Буду апяваць Госпада, Які садзеяў мне дабро,/ і буду апяваць імя́ Госпада Усявы́шняга.
Верш: Узрадуецца сэрца маё спасенню, дадзенаму Табою.
Дыякан: Да Цімафея Пасла́ння святога апостала Паўла чытанне.
Дыякан: Будзем ува́жлівымі!
Чытае Апостала да Цімафея, зачала 282:
“Дзіця Цімафее, перш за ўсё прашу ўзносіць малітвы, мале́нні, прашэ́нні, падзякі, за ўсіх людзей, за цара і за ўсіх, хто ма́е ўладу, каб нам весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю. Бо гэта добра і даспадобы Спасіцелю нашаму Богу, Які жада́е, каб ўсе людзі спасліся і да спазна́ння ісціны прыйшлі. Бо адзін Бог, адзін Хадайнік перад Богам за людзей, Чалавек Хрыстос Іісус, Які аддаў Сябе дзеля адкупле́ння ўсіх, Якому гонар і слава на векі вякоў. Амінь.”