Акафіст святым мучанікам Віленскім Антонію, Іаану і Яўстафію

Кандак 1
Абра́ныя Бо́гам дзе́ля све́дчання правасла́ўнае ве́ры / му́жна перамаглі́ вы, святы́я му́чанікі, язы́чніцкуюграхо́ўнасць,/ і за ва́шы паку́ты неўвяда́льнымі вянца́мі ад Хрыста́ Бо́га ўвянча́ліся, / та́му мы, праслаўля́ючы ва́шу па́мяць, замілава́на звярта́емся да вас: / Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
Ікас 1          
Ангеламі зямны́мі і чалаве́камі нябе́сныміста́лі вы, святы́я му́чанікі, калі́, азары́ўшыся святло́м і́сціннага Богапазна́ння, ра́дасна пайшлі́ на паку́тніцкі по́дзвіг. Прымі́це ж ад нас гэтыя хвале́бныя спе́вы:
Ра́дуйцеся, богаблажэ́нныя вызна́ўцы правасла́ўнае ве́ры, / спаконве́ку насаджо́най у зямлі́ Белару́ска-Літо́ўскай! /
Ра́дуйцеся, нямо́ўчныя вяшча́льнікі і́сціннайнабо́жнасці./
Ра́дуйцеся, вялі́кія падзві́жнікі, / якія за нішто́ палічы́лі сла́ву све́ту гэ́тага, /каб Хрыста́ Бо́га здабы́ць./
Ра́дуйцеся, бо вы ўзлюбі́лі Хрыста́ Бо́га ўсім ва́шым сэ́рцам і ўсёю душо́ю. /
Ра́дуйцеся, бо крывёю сваёю вы засве́дчылі любо́ў ва́шу да Го́спада Іісу́са. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 2
Ба́чачы, як нятле́нныя мо́шчы ва́шы даю́ць усім, хто з ве́раю прыхо́дзіць, ацале́нне ад хваро́б душэ́ўных і цяле́сных, мы дзя́куем міласэ́рнаму Богу, што прасла́віў вас, святы́я му́чанікі, такою благада́ццю, і ўскліка́ем Хрысту́ Спасі́целю: Алілу́ія.
Ікас 2
Духо́ўныя во́чы свае́ скірава́ўшы на пазна́нне і́сціннай ве́ры, вы, святы́я браты́ Анто́ніе і Іаа́не, му́жна і разва́жліва адкі́нулі язы́чніцкую аблу́ду і за вызна́нне адзі́нага і́сціннага Бо́га ра́дасна прынялі́ кайданы́, турэ́мнае зняво́ленне, ра́ны і лю́тую сме́рць. Да гэ́тага по́дзвігу ва́шага далучы́ўся і малады́ Яўста́фій, ён бязбо́язна вы́знаў сябе́ хрысція́нінам і спадобіўся гэ́такіх жа лю́тых за Хрыста́ катава́нняў і сме́рці. За таку́ю ва́шу, дзе́ля Хрыста́, святу́ю адва́гу, мы цяпе́р звярта́емся да вас:
Ра́дуйцеся, блажэ́нная тро́іца сла́ўных паку́тнікаў, / бо вы прасла́вілі і́сціннага Бо́га, у Свято́й Тро́іцы пакланя́емага, Айца́, Сы́на і Свято́га Духа. /
Ра́дуйцеся, до́блесныя во́іны Хрысто́вы, якія захава́лі ве́рнасць Уладару́ да сме́рці. /
Ра́дуйцеся, бо вы не пабая́ліся зве́даць за Хрыста́ анія́кія му́кі./
Ра́дуйцеся, бо ні ўці́ск, ні кайданы́, ні паку́ты, ні сама́ смерць / не змаглі́ адлучы́ць вас ад любо́ві Хрысто́вай./
Ра́дуйцеся, вы́гнаныя, знясла́ўленыя і забі́тыя дзе́ля праўды, / бо ўзнагаро́да ва́ша вялі́кая на нябёсах. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
 
Кандак 3
Сі́лаю Ўсявы́шняга ўмацава́ныя, вы не зважа́лі, святы́я му́чанікі, на ця́жкіяпаку́ты ва́шых це́лаў, адда́дзеных на мучэ́нні; і на паку́ты, ні́бы на вясе́лле, ра́дасна пайшлі́ вы, а мы з удзя́чнасцю ўскліка́ем Хрысту́ Бо́гу, Якіўмацава́ў вас: Алілу́ія.
Ікас 3
Ма́ючы мо́цную надзе́ю на Нябе́снага Цара́ і Бо́га і па́мятаючы апо́стальскае сло́ва, што нале́жыць слу́хацца Бо́га бо́льш, чым людзе́й, вы, святы́я му́чанікі, не паслу́халіся зага́даў ва́шага мучы́целя, каб вярну́цца да ране́йшай язы́чніцкайграхо́ўнасці.
Ра́дуйцеся, бо вы́зналі вы Хрыста прад людзьмі́, / і вы́знаны Ім прад Айцом Нябе́сным.
Ра́дуйцеся, ве́рныя слу́гі Хрысто́вы, / якія за ве́рнасць сваю́ ўнасле́давалі Ца́рства Нябе́снае. /
Ра́дуйцеся, бо вы жывяце́ ра́зам з а́нгеламі і парадні́ліся з усі́мі святы́мі. /
Ра́дуйцеся, ўве́дзеныя ў невячэ́рні дзень Ца́рства Бо́жага./
Ра́дуйцеся, гле́дзячы з нябёс на зямны́х брато́ў ва́шых / і мо́лячыся за ўсіх, хто клі́ча вас на дапамо́гу. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 4
Бура раз‘ю́шанасці ва́шых мучы́целяў не пахісну́ла мо́цнай ва́шай ве́ры, надзе́і і любо́ві да Спасі́целя Бога, і вы, святы́я му́чанікі, стара́ннаапярэ́джваецеадзі́н аднаго́ ў ця́жкіх паку́тах, спява́ючы Бо́гу ў сэ́рцах ва́шых: Алілу́ія.
Ікас 4
Разышла́ся па ўсёй правасла́ўнай зямлі́ ра́дасная ве́стка, што вы, святы́я му́чанікі, по́дзвіг до́бры здзе́йснілі, жыццёвы свой шлях до́бра прайшлі́ і ве́ру да канца́ збераглі́. Таму́ мы з усёю Правасла́ўнаю Царкво́ю ўслаўля́ем вас:
Ра́дуйцеся, бо вы́каналі вы сло́ва Хрысто́ва: / хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе. /
Ра́дуйцеся, бо ва́шай цярплі́васцю вы здзіві́лі мучы́целяў ва́шых./
Ра́дуйцеся, бо пры́кладам ва́шага жыцця́ і сме́рці вы мно́гіх прывялі́ да Го́спада. /
Ра́дуйцеся, бо і цяпе́р цу́дамі, / што зыхо́дзяць ад святых ва́шых мо́шчаў, / вы ўмацо́ўваеце правасла́ўную ве́ру ў лю́дзях.
Ра́дуйцеся, бо за цярпе́нне ва́ша прыгатава́ны вам вяне́ц праўды ў нябёсах.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 5
Богам скірава́нымі зо́ркамі правасла́ўнай ве́ры былі́ вы, святы́я му́чанікі, для ва́шых зямны́х суайчы́ннікаў, пака́зваючы ім у Правасла́ўнай Царкве́ адзі́ны надзе́йны шлях да спасе́ння, каб усе адзі́ным сэ́рцам і адзі́нымі ву́снамі ўскліка́лі да Спасі́целя Бо́га: Алілу́ія.
Ікас 5
Ба́чны быў цудо́ўны знак Бо́жае до́брасці, калі́ свято́е ме́сца ва́шых паку́т азары́ў з вышыні́ во́блачны слуп, пака́зваючы вам шлях у нябёсы, як у старажы́тнасці ізраільця́нам з Егі́пта ў зямлю́ абетава́ную. Таму́ мы спява́ем да вас:
Ра́дуйцеся, дзе́ці но́вага Ізра́іля, які́я дасягну́лі го́рняга нябе́снага Іерусалі́ма. /
Ра́дуйцеся, бо вы до́бра прайшлі́ шматця́жкае вандро́ўніцтва ва́ша ў пустэ́льні гэ́тага жыцця́, / і пасялі́ліся ў краі́не абетава́най ве́чнай./
Ра́дуйцеся, бо не Маісе́й, але Сам Хрысто́с Бог быў для вас правадыро́м да нябе́снай ба́цькаўшчыны. /
Ра́дуйцеся, бо перамаглі́ вы ўсіх ва́шых праці́ўнікаў і во́рагаў / на шляху́ да Ца́рства Нябе́снага. /
Ра́дуйцеся, блажэ́нныя жыхары́ не́ба, бо вы ма́еце ве́чныя дабро́ты, / якіх во́ка не ба́чыла і ву́ха не чу́ла, якіяі на ро́зум чалаве́ку не прыхо́дзілі.
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 6
Прапаве́дуюць святы́я мошчы ва́шы ле́пей за ўся́кае красамоўства несумне́нную надзе́ю на ўсеагу́льнае ўваскрасе́нне, калі Бог, не даючы́ і цяпе́р уго́днікам Сваім уба́чыць тле́нне, паклі́ча ў жыццё но́вае ўвесь род чалаве́чы, і ўсе, хто спадо́біцца стаць правару́ч прасто́ла Гаспо́дняга, заспява́юць Яму́: Алілу́ія.
Ікас 6 
Заззя́ла новае святло для ўсяе́ Ру́скае зямлі, калі міласэ́рны Бог паказа́ў ве́ліч Сваіх цу́даў над ва́шымі нятле́ннымі мо́шчамі, якія з-за стра́ху пе́рад іншаве́рцамі другі раз схава́ны былі́ ў не́трах зямлі́, пад спу́дам хра́ма, і адту́ль пасыла́лі шчодрыя ацале́нні ўсім, хто з гара́чаю малі́тваю звярта́ўся да ва́шай шанава́най іко́ны. Прымі́це ж ад нас, святы́я му́чанікі, гэ́тае стара́ннае славасло́ўе:
Ра́дуйцеся, яснапраме́нныя свяці́лы Хрысто́вай Царквы́, / якіх не́льга было́ схава́ць пад спу́дам. /
Ра́дуйцеся, ху́ткія ле́кары душ і це́лаў на́шых. /
Ра́дуйцеся, абаро́нцы на́шы ад шко́дных іншаве́рных мудрава́нняў. / 
Ра́дуйцеся, све́тлыя правадыры́ на́шы да і́сціннага богапазна́ння і богашанава́ння. /
Ра́дуйцеся, шчы́рыя малі́твеннікі на́шы прад Го́спадам. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 7
Жада́ючы прасла́віць Го́спада Бо́га, дзі́ўнага ў святы́х Сваіх, мы не знахо́дзім патрэ́бных слоў, каб го́дна ўсхвалі́ць Яго, але вас, святы́я му́чанікі, клі́чам на дапамо́гу, малі́цеся за нас стара́нна, каб нам неасу́джана адва́жыцца спява́ць Госпаду: Алілу́ія.
Ікас 7
Навая́ўленымі му́чанікамі назва́ла вас Правасла́ўная Царква́, як ма́ці, што це́шыцца дзе́цьмі сваімі; і як пе́ршыя му́чанікі па ўсім све́це сваімі паку́тамі ўмацава́лі Бо́жую ве́ру, падо́бна да іх і вы, навая́ўленыя му́чанікі, гэтак жа ўмацава́лі святую веру на ме́сцы зямно́й ба́цькаўшчыны ва́шай, бо нія́кія по́дступы іншаве́рцаў не мо́гуць пахісну́ць яе, і мы з удзя́чнасцю звярта́емся да вас:
Ра́дуйцеся, мо́цныя стаўпы́ Правасла́ўя, / які́мі ўпрыго́жваецца і ўмацо́ўваецца свята́я Царква́. /
Ра́дуйцеся, уме́лыя стырнавы́я, што добранадзе́йна ведзяце́ нас / між часовых хвалява́нняў да прыста́нішча ве́чнага жыцця́. /
Ра́дуйцеся, памага́тыя на́шага апраўда́ння. /
Ра́дуйцеся, бо малітвамі ва́шымі / мы збаўля́емся ад усяля́кае хі́трае спаку́сы, што імкне́цца злаві́ць на́шы ду́шы. /
Ра́дуйцеся, дабрадзе́і на́шы, бо паказваеце нам шлях да спасе́ння. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 8
Дзіво́сны і чалаве́чаму розуму недасту́пны, адна́к я́сна ба́чны на́мі цуд усемагу́тнасці Божай праяўля́ецца ў нятле́нні ва́шых святы́х мо́шчаў, які́я звыш паўты́сячы гадоў застаю́цца непашко́джанымі ад разбура́льных стыхі́й і ад усёпаглына́льнага ча́су, заахво́чваючы нас з замілава́ннем спява́ць Го́спаду: Алілу́ія.
Ікас 8
Усе ра́дасці ве́ку гэ́тага, уве́сь го́нар ва́шай паса́ды і ўсю моц ва́шых сіл вы аддалі́, святы́я му́чанікі, у ахвя́ру Спасіцелю Богу і спадо́біліся ад Яго ўзнагаро́ды на не́бе, дзе ні чарвя́к, ні тля не знішча́е, ні зладзе́і не падко́пваюць і не мо́гуць укра́сці дарава́най вам спа́дчыны.
Ра́дуйцеся ж, му́дрыя шука́льнікі Ца́рства Божага, / падобныя да ева́нгельскага му́жа, які, знайшо́ўшы на по́лі скарб схава́ны, / усё прадае́, што ма́е, і купля́е то́е по́ле кашто́ўнае. /
Ра́дуйцеся, вы знайшлі́ адзін шматкашто́ўны бі́сер, які ёсць Ца́рства Бо́жае, / і за яго аддалі́ ўсе дабро́ты све́ту гэ́тага. /
Ра́дуйцеся, лепш за му́дрых ве́ку гэ́тага зразуме́лі вы кошт быцця́ зямнога. /
Ра́дуйцеся, святы́я прапаве́днікі, абвяшча́ючы з ва́шае труны́,/ што нічога не ва́рты хвалява́нні цяпе́рашняга часу / пе́рад сла́вай бу́дучага Ца́рства, што ма́е яві́цца. /
Ра́дуйцеся, грамадзя́не нябе́сныя і сунасле́днікі разам з усі́мі святы́мі. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 9
Усяля́кія няшча́сці, хваробы і спаку́сы на́шы вы суніма́еце, святы́я му́чанікі, і цёмныя во́бразы падсту́пных дэ́манаў далёка ад нас адганя́еце, каб мы з такою ва́шаю дапамо́гаю і благада́ццю Божаю ўратава́ныя, удзя́чным і ра́дасным го́ласам спява́лі Богу: Алілу́ія.
Ікас 9
Красамо́ўства чалаве́чае няме́е, намага́ючыся прасла́віць вас, святы́я му́чанікі, за ва́шы паку́ты, якія вы перане́слі дзеля Хрыста, і за вашу му́чаніцкую смерць. Адна́к мы, ва́шаю любо́ўю перамо́жаныя, нако́лькі мо́жам, услаўля́ем вас:
Ра́дуйцеся, усце́шыўшы ўвесь ангельскі лік ва́шым цярпе́ннем за Хрыста і паку́тамі./
Ра́дуйцеся, дружалю́бна прыня́тыя на нябёсах усім сонмам пра́веднікаў і ўгоднікаў Божых. /
Ра́дуйцеся, бо ста́ўшы перад прасто́лам Го́спада, / вы спадо́біліся паклані́цца Яму́ і атрыма́ць ад Яго ве́чную ўзнагаро́ду. /
Ра́дуйцеся, жыхары́ све́тласцяў святых, дзе няма ні хваробы, ні тугі, ні сто́гну. /
Ра́дуйцеся, суцяша́льнікі ўсіх гна́ных і прыгне́чаных за Хрыстову веру. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 10
Спасе́ння і ве́чнага супако́ю дасягну́ўшы пасля́ шматпаку́тнага зямно́га жыцця́, вы і нас, святы́я му́чанікі, навуча́еце, што адна́ ёсць даро́га да спасе́ння ў гэ́тым све́це ліхі́м і падсту́пным, каб усё цярплі́ва перано́сіць дзе́ля Хрыста́, спява́ючы Яму́ стара́нна: Алілу́ія.
Ікас 10
Сце́ны свято́га хра́ма, дзе нятле́нна спачыва́юць ва́шы гаючано́сныя це́лы, асвятля́юцца ні́бы нябе́сны пала́ц, і ўсе, хто жада́е спасе́ння, прыхо́дзяць да вас, святы́я му́чанікі, з про́сьбамі, з удзя́чнасцю і са славасло́ўем:
Ра́дуйцеся, памочнікі на́шы ў го́расцях, хваробах і сму́тку. /
Ра́дуйцеся, хада́йнікі на́шы перад прасто́лам Нябе́снага Суддзі жывы́х і мёртвых. /
Ра́дуйцеся, бо ніво́дзін, хто шука́ў у вас дапамо́гі, / не адыхо́дзіць ад вас ні з чым. /
Ра́дуйцеся, шчо́дрыя пада́целі нам Божае мі́ласці. /
Ра́дуйцеся, узра́даваныя ў нябёсах, / вы і нас на зямлі́ ўмацо́ўваеце / ў ра́даснай надзе́і ве́чнага спасе́ння. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 11
Да спе́ваў а́нгельскага хо́ру на не́бе далучы́ўшы свае́ прападо́бныя галасы́, вы, святы́я му́чанікі, ра́зам з нябе́снымі чына́мі несупы́нна сла́віце Го́спада Бо́га, і мы, недасто́йныя, спадзеючы́ся на міласэ́рнасць Бо́жую, адва́жваемся на зямлі́ тле́ннымі ву́снамі і ўдзя́чным сэ́рцам спява́ць Яму: Алілу́ія.
Ікас 11
Све́тлага дня ўсеагу́льнага ўваскрасе́ння і Стра́шнага суда Божага чака́ючы, мы жаха́емся ліхі́х на́шых учы́нкаў і бязме́рных грахоў, які́мі ўвесь час гняві́м Тварца і Спасіцеля на́шага; але, ма́ючы вас, святы́я му́чанікі, засту́пнікамі за нас перад Го́спадам, з удзя́чнасцю мо́лімся да вас:
Ра́дуйцеся, бо мы па Бо́гу і па Прачы́стай Вечнадзе́ве Багародзіцы / усю на́шу надзе́ю на вас усклада́ем. /
Ра́дуйцеся, бо вы не пасаро́міце нас у спадзява́нні на́шым./
Ра́дуйцеся, бо малі́твамі ва́шымі мы спадзяёмся атрыма́ць дарава́нне грахоў і жыццё ве́чнае. /
Ра́дуйцеся, благаславёныя Айцом Нябесным, / вы атрыма́лі Ца́рства, падрыхтава́нае вам ад стварэ́ння све́ту. /
Ра́дуйцеся, бо і мы ва́шым засту́пніцтвам / спадзяёмся пазбе́гнуць долі тых, хто ста́не левару́ч прасто́ла Суддзі́. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 12
Благада́ць цудоўных ацале́нняў і ху́ткага хада́йніцтва за нас пе́рад Госпадам ма́ючы, не перастава́йце, святы́я му́чанікі, заўсёды дапамага́ць нам, а мы дзя́куем за вас Хрысту́ Богу і ўскліка́ем Яму: Алілу́ія.
Ікас 12
Апява́ючы ва́ша све́тлае праслаўле́нне на не́бе і на зямлі́, дзя́куем усямі́ласціваму Спасіцелю і Богу на́шаму, Які, трыма́ючы ў Сваёй руцэ часі́ны і ле́ты, меў ла́ску прасла́віць і адкры́ць нам вас, святы́я му́чанікі, у спрыя́льны для на́шага спасе́ння час, каб мы не загра́злі ў ба́гне пагі́бельных пажа́днасцей і неразу́мных імкне́нняў, і таму́ мы ўзно́сім да вас на́ша шчы́рае добрахвале́нне:
Ра́дуйцеся, неадсту́пныя вартавы́я на́шага спасе́ння, / вы засцерага́еце нас ад усяля́кага непрыя́знага нагаво́ру. /
Ра́дуйцеся, ахо́ўнікі на́шы, вы адганя́еце ад нас уся́кую шкодную спаку́су, /
Ра́дуйцеся, во́пытныя наста́ўнікі на́шы ў непахі́сным і цвёрдым вызна́нні правасла́ўнай ве́ры. /
Ра́дуйцеся, магутнагало́сыя арга́ны благада́ці Бо́жае, / якая напаўня́е Праваслаўную Царкву́. /
Ра́дуйцеся, вялі́кія суайчы́ннікі на́шы, / вы ўсім нам жада́еце і дапамага́еце спасці́ся. /
Ра́дуйцеся, святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе.
 
Кандак 13
О, славу́тыя і святы́я му́чанікі: Антоніе, Іаане і Яўстафіе,/ прымі́це гэ́тае мало́е, але шчы́рае на́ша мале́нне, / і ва́шым хада́йніцтвам пе́рад Хрысто́м Бо́гам / пазба́ўце нас ад усіх хваро́б душы́ і це́ла, / і ад уся́кага по́дступу варо́жага, / і ад усяля́кае бяды́ і напа́сці, / каб мы заўсёды, дзя́куючы за вас Госпаду Богу, ра́дасна спява́лі Яму́: / Алілу́ія.
 
Гэты кандак прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.               
 
 
 
Малітва       
      Святы́я му́чанікі Анто́ніе, Іаа́не і Яўста́фіе! Спагля́ньце з нябе́снага хо́раму на тых, хто ма́е патрэ́бу ў ва́шай дапамо́зе і не адхілі́це про́сьбаў на́шых, але як сапра́ўдныя дабрадзе́і і хада́йнікі на́шы, малі́це Хрыста́ Бога, каб Ён, Чалавекалю́бны і Мнагамі́ласцівы, захава́ў нас ад усяля́кага ліхо́га здарэ́ння: ад землетрасе́ння, патопу, агню́, мяча́, нашэ́сця іншазе́мцаў і міжусо́бнае вайны́. Няхай не асу́дзіць Ён нас, грэшных, за беззако́нні на́шы, і каб не ў лі́ха мы абярну́лі дабро, яко́е дае́цца нам Усяшчо́дрым Бо́гам, але на сла́ву свято́га імя́ Яго і ва ўслаўле́нне магу́тнага ва́шага засту́пніцтва. Няхай малітвамі ва́шымі дасць нам Гасподзь лаго́ду ду́мак, устрыма́нне ад згу́бных пажа́днасцей і ад усяля́кага бру́ду, і няха́й умацуе ва ўсім све́це Сваю адзіную Святую, Саборную і Апостальскую Царкву́, яку́ю набы́ў Ён кашто́ўнаю Сваёю Крывёю. Малі́цеся стара́нна, святы́я му́чанікі, каб умацава́ў Хрыстос Бог у святой Сваёй Праваслаўнай Царкве жывы́ дух і́сціннай веры і набо́жнасці, каб усе лю́дзі яе, чы́стыя ад ма́рнага мудраге́льства і забабо́наў, у ду́ху і і́сціне пакланя́ліся Яму і стара́нна дба́лі аб выкана́нні Яго за́паведзяў, каб мы ўсе мі́рна і набо́жна пражылі́ гэты век і дасягну́лі блажэ́ннага ве́чнага жыцця́ на не́бе па благада́ці Го́спада на́шага Іісу́са Хрыста́, Яко́му нале́жыць уся́ сла́ва, паклане́нне і ўла́да з Айцо́м і Святы́м Ду́хам, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.
 

Комментирование закрыто.