Малебен з акафістам прападобнай Еўфрасінні Полацкай

Акафіст прападобнай маці нашай
Еўфрасінні, ігуменні Полацкай
Кандак 1
Абра́ную няве́сту Хрысто́ву, лю́басную на́шу Еўфрасі́нню,/ пе́снямі, удзя́чныя, усхва́лім, / сла́ўная бо князёўна, дом бацько́ўскі пакі́нуўшы/ і ў мана́шастве слу́жачы Го́спаду, паспрыя́ла мно́гім уратава́цца; / пло́ццю ў Іерусалі́ме спачы́ўшы, у Іерусалі́м го́рні ду́хам перасялі́лася / і там заўсёды за нас мо́ліцца, за што шчы́ра яе веліча́ем: / Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
Ікас 1
Па-а́нгельску жывучы́, по́сніцкім жыццём дагадзі́ла, прападо́бная, Го́спаду Іісу́су Хрысту́ і да нябе́снае ра́дасці пасля́ адыхо́ду з зямно́га жыцця́ далучы́цца ўдасто́ілася, адту́ль, з вышыні́ Нябе́снай, спрыя́еш нам, за гэта мы так цябе́ сла́вім:
Ра́дуйся, зямлі́ белару́скай хвала́;/ ра́дуйся, ато́жылак сла́ўны ро́ду Уладзі́міра роўнаапо́стальнага.
Ра́дуйся, знакамі́тых бацько́ў дзіця́ Богаабра́нае;/ ра́дуйся, галубі́ца беззага́нная.
Ра́дуйся, цно́ты ўрадлі́вая ні́ва;/ ра́дуйся, мана́хіням спрыя́нне і суцяшэ́нне.
Ра́дуйся, да Іерусалі́ма нябе́снага шляхаво́дніца;/ ра́дуйся, зо́рка набо́жнасці.
Ра́дуйся, засту́пніца тых, хто шану́е цябе́;/ ра́дуйся, няба́чная ацаля́льніца не́мачаў.
Ра́дуйся, шчы́рая за нас хада́йніца./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
        
Кандак 2
Ра́дасць была́ вялі́кая, калі́ пасля́ твайго́ нараджэ́ння бацькі́ твае́, прыне́слі цябе́, сла́ўная, у храм Гаспо́дні, і там ад першаро́днага граху́ ў купе́лі хрышчэ́ння акуна́ннем амы́лася ты, і праз пама́занне свяшчэ́нным мі́рам цябе́, як галі́начку маладу́ю, іерэ́й прышчапі́ў да Хрыста́, каб ра́зам з абра́нымі ты заўсёды спява́ла Яму́: Алілу́ія.
Ікас 2
Ро́зумам, з Нябёсаў прасве́тленым, і чы́стым сэ́рцам Хрысту́ з юна́цтва даручы́ла ты сябе́, Прадсла́ва; храм з любо́ўю наве́двала, заўсёды працава́ла самаадда́на, за гэ́та і ўсхваля́ем цябе́:
Ра́дуйся, у купе́лі хрышчэ́ння з Хрысто́м зару́чаная;/ ра́дуйся, святы́м мі́рам на жыццё ве́чнае пама́заная.
Ра́дуйся, Ду́ха Свято́га ўмясці́лішча чы́стае;/ ра́дуйся, Ім жа ўмудро́ная да збаўле́ння.
Ра́дуйся, звыш на дабрадзе́йнасць умаца́ваная;/ ра́дуйся, ро́зум свой прасвятлі́ўшы малі́тваю.
Ра́дуйся, узвы́шаная дабрачы́ннасцю;/ ра́дуйся, з юна́цтва шлях набо́жнасці спазна́ла ты.
Ра́дуйся, якая ад шляхо́ў пагі́бельных ухілі́лася;/ ра́дуйся, працалю́бная князёўна.
Ра́дуйся, хараство́ аблі́чча дзяво́чага./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
         
Кандак 3
Сі́лаю Вы́шняга ўмацава́ная, узлюбі́ла ты, прападо́бная, кні́жнае навуча́нне, да яко́га і стара́ннасцю вызнача́лася; му́драсцю кні́жнаю авало́даўшы, абра́ла ты, як найвышэ́йшае, свяшчэ́нныя кнігі, і навуча́ла, што яны ко́жнага чалаве́ка мо́гуць наста́віць на шлях збаўле́ння; і сама́ Го́спаду пе́сню ўзно́сіла: Алілу́ія.                                     
Ікас 3
Ма́ючы цяпе́р абі́цель тваю́, мно́гія малады́я дзяўча́ты да навуча́ння кні́жнага далуча́юцца. Таму́ шчы́ра мо́лім цябе́, усяхва́льная, клапаці́цца пра іх і наста́віць на шлях выратава́льны, каб мы праслаўля́лі цябе́:
Ра́дуйся, бо му́драсці ключ займе́ла ты;/ ра́дуйся, яка́я кні́жнае маста́цтва змо́ладу засво́іла.
Ра́дуйся, якая дзве́ры Богапазна́ння адкры́ла мно́гім;/ ра́дуйся, якая Свяшчэ́ннае Піса́нне шанава́ла.
Ра́дуйся, якая праз яго стварэ́нне све́ту гэ́тага спасці́гла;/ ра́дуйся, узра́даваная Хрысто́вай мі́ласцю да па́ўшага ро́ду чалаве́чага.
Ра́дуйся, якая ўзлюбі́ла лю́бячага нас Го́спада;/ ра́дуйся, бо Яму адзі́наму служы́ць пажада́ла ты.
Ра́дуйся, што ў хо́раме сла́вы Яго пасялі́лася;/ ра́дуйся, ю́ным дзе́вам пры́клад і спрыя́нне ў навуча́нні.
Ра́дуйся, све́тач набо́жнасці і ве́даў./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.  
Кандак 4
Ад бу́ры го́расцяў жыццёвых і кло́патаў ухілі́ўшыся, прападо́бная, цнатлі́вае жыццё больш за шлю́б мірскі́ ўзлюбі́ла ты; і жаніха́м знакамі́тым адмо́віла, князёўна, каб адзі́наму нябе́снаму Жаніху́ — Хрысту́ служы́ць, спява́ючы Яму: Алілу́ія.                                                                       
Ікас 4
Сэ́рцам прыня́ўшы сло́вы Апо́стала, што няму́жнімі і ўдо́вамі лепш застава́цца, бо той, хто не ажані́ўся, клапо́ціцца, каб то́лькі Го́спаду бездако́рна служы́ць; і ты, прападо́бная, пры́кладам Апо́стала кірава́лася, таму мы веліча́ем цябе́:
Ра́дуйся, у цнатлі́васці чы́стая;/ ра́дуйся, шлях мана́шаскага жыцця́ абра́ўшая.
Ра́дуйся, до́лю дзяво́цкасці прыня́ўшы і захо́ўваючы яе па Бо́жай благада́ці;/ ра́дуйся, бо мітусні́ мірско́й пазбе́гла ты.
Ра́дуйся, ці́хага прыста́нку дасягну́ўшы;/ ра́дуйся, перайма́ла ты ў навуча́нні Мары́ю Ла́зараву.
Ра́дуйся, прыпа́ла да хра́ма, як та́я да нагі́ Хрысто́вае;/ ра́дуйся, да лі́ку му́чаніц і прападо́бных жанчы́н далу́чаная.
Ра́дуйся, не спакусі́лася ты на хараство́ све́ту тле́ннага;/ ра́дуйся, супо́льніца невымо́ўнай ра́дасці ў све́це вы́шнім.
Ра́дуйся, пра́веднага жыцця́ ўзор даючы́ нам./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
         
Кандак 5
То́лькі Бо́жы страх ма́ючы, не спало́халася ты, Еўфрасі́ння, ця́жкасцей жыцця́ мана́шаскага; дом бацько́ўскі пакі́нула і ў манасты́р прыйшла́, дзе неадсту́пна ігу́менню прасі́ла дазво́ліць прыня́ць во́браз А́­нгельскі, каб не абавя́звацца кло́патамі жыццёвымі, а спадо́біцца заўсёды спява́ць Хрысту́: Алілу́ія.
Ікас 5
Ле́кара Нябе́снага малі́ла ты, усяхва́льная, каб журба́, тваі́м сыхо́дам з до́му бацька́м учы́неная, на ра́дасць перайна́чылася, бо пакі́нула ты іх, прападо́бная, каб Хрысту́ служы́ць, і за тых, што нарадзі́лі цябе, шчы́ра малі́цца, за гэ́та мы хвалу́ табе́ ўзно́сім:
Ра́дуйся, абра́нніца Бо́жая;/ ра́дуйся, якая дзе́ля Хрыста́ та́йна дом бацько́ўскі пакі́нула.
Ра́дуйся, сла́ўная насе́льніца абі́целі княгі́ні Рама́навай;/ ра́дуйся, раллю́ для насе́ння духо́ўнага падрыхтава́ла ты.
Ра́дуйся, шлю́бны вяно́к адхілі́ла ты;/ ра́дуйся, галаву́ сваю́ пакры́ла куко́лем незласлі́васці.
Ра́дуйся, заме́ст шлю́бных стро́яў адзе́нне мана́шаскае абра́ла ты;/ ра́дуйся, праз па́церы ма́нашаскія, сло́вам Бо́жым, як мячо́м, узбро́ілася.
Ра́дуйся, крыж Хрысто́ў прыняла́ ты, як сцяг правасла́ўнае ве́ры;/ ра́дуйся, бо не пасаро́міў цябе́ Гаспо́дзь у спадзява́нні тваі́м.
Ра́дуйся, бацько́ў сваі́х, што прыйшлі́ наве́даць цябе́,/ ты праз Свяшчэ́ннае Піса́нне суце́шыла, і яны вярну́ліся з ра́дасцю./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.             
Кандак 6
Паслу́хаўшыся апо́стала Па́ўла, які каза́ў: ко́жны, хто падзвіза́ецца, ад усяго́ няха́й устры́мліваецца, — ты, прападо́бная, у по́сце і ўстрыма́нні неасла́бным жыла́ ў абі́целі, пустасло́ўя пазбяга́ючы, малі́лася, псало́мскімі пе́снямі наву́чаная; і, дабрадзе́йнасцю ўмацо́ўваючыся, заўсёды спява́ла Го́спаду: Алілу́ія.
Ікас 6
Заззя́ла благада́ццю ў по́дзвігах жыццё тваё, Еўфрасі́ння найпачэ́сная; праз нейкі час у го́рад По́лацк перасялі́лася ты і пры хра́ме свято́й Сафі́і ў ке́ллі мало́й падзвіза́ючыся, кні́гі свяшчэ́нныя перапі́свала і праз іх го́рад свой ро́дны вучэ́ннем збаві́цельным напо́йвала, чу́ючы ад усіх усхвале́нне:
Ра́дуйся, го́рада По́лацка ра́даванне; / ра́дуйся, ззя́нне дзе́вам.
Ра́дуйся, зо́рка набо́жнасці; / ра́дуйся, пако́раю напо́ўненая.
Ра́дуйся, паслухмя́насцю сцве́рджаная; / ра́дуйся, бо маўклі́ва цярпе́ла ты няго́ды.
Ра́дуйся, бо пры хра́ме ўзраста́ла ты, як калі́сьці Бо́жая Ма́ці; / ра́дуйся, му́драя князёўна і і́накіня пачэ́сная.
Ра́дуйся, кве́цень по́сніцтва; / ра́дуйся, святло́ лаго́днасці.
Ра́дуйся, шчы́рага спадзява́ння на Го́спада спаве́дніца. / Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
Кандак 7
Жада́ючы ўратава́ць мно́гіх жанчы́н і дзеў праз і́нацтва, Улада́р Хрысто́с тако́га відзе́ння спадо́біў цябе́, прападо́бная: уба́чыла ты ў сне сябе́, Еўфрасі́ння, прыне́сенаю ў Сяльцо́ да цэ́ркаўкі Спа́савай, і А́­нгела, што сказа́ў: “Тут табе́ быць нале́жыць”. І, прачну́ўшыся, ра́дасна заспява́ла ты: Алілу́ія.
Ікас 7
Но́вы цуд адбы́ўся: той са́мы А́­нгел, яві́ўшыся свяці́целю Іліі́, загада́ў яму даць Сяльцо́, каб пасялі́цца табе́, і цэ́ркаўку для малі́твы, што і вы́канаў свяці́цель адра́зу. Узга́дваючы гэ́та, так мы цябе́ веліча́ем:
Ра́дуйся, бо жыла́ ты, як А́­нгел;/ ра́дуйся, А́­нгела Гаспо́дняга ба́чыць спадо́білася.
Ра́дуйся, да сало́дкай размо́вы з ім спрычыні́лася;/ ра́дуйся, бо за цябе́ ён пе́рад свяці́целем хада́йнічаў.
Ра́дуйся, на ўсіх шляха́х тваі́х А́­нгелам захава́ная;/ ра́дуйся, по́крывам кры́лаў яго абаро́неная.
Ра́дуйся, бо не спатыкну́лася ты наго́ю аб ка́мень гарды́ні;/ ра́дуйся, за гэта і ўдасто́ілася ты ба́чыць А́­нгела.
Ра́дуйся, бо яві́ўся табе той, хто ба́чыць лік Айца́ на́шага Нябе́снага;/ ра́дуйся, бо не прагне́вала А́­нгела-ахо́ўніка нія́кай мітуснёй і грахо́ўнасцю.
Ра́дуйся, ве́стку ра́дасную праз яго атрыма́ла./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
Кандак 8
Вандро́ўнік, прыту́лак уба́чыўшы, ра́дуецца і, увайшо́ўшы, супак­о́й там сабе́ знахо́дзіць. І ты, прападо́бная, ра́дасцю напо́ўнілася, пры цэ́ркаўцы ў Сяльцы́ пасялі́лася з адно́ю мана́хіняй, і гэ́тым заснава́нне абі́целі сваёй пакла́ла, адку́ль Бо́гу і цяпе́р узно́сіцца пе́сня вялі́кая, якая́ ў вы́шніх тро́йчы песнасло́віцца: Алілу́ія.
Ікас 8
Усё ве́дае Гаспо́дзь, і няма́ нічо́га та́йнага, што не адкры́лася б. Але Ён, Які ўсё ве́дае, ко́жнаму чалаве́ку дае́ во́лю, каб ко́жны сам вы́браў шлях жыцця́ свайго́; і як хто пражыве́, па завяршэ́нні паво́дле жыцця́ ко́жнага судзі́ць бу́дзе. Па́мятаючы пра гэ́та, мы так цябе́ ўсхваля́ем:
Ра́дуйся, пачэ́снае ярмо́ Хрысто́вае ўзя́ўшы;/ ра́дуйся, па сло́ву А́­нгела ў ме́сцы пустэ́льным пасялі́лася.
Ра́дуйся, то́лькі кні́гі з сабо́ю прынёсшы;/ ра́дуйся, якая ме́ла адзі́нае ўбра́нне.
Ра́дуйся, тры малы́я хлябы́ ме́ла ты пры пасяле́нні;/ ра́дуйся, якая аста́тняе ўсё пакі́нула.
Ра́дуйся, пустэ́льнага ме́сца ўкра́са;/ ра́дуйся, бо твае́ ро́дныя на по́дзвіг гэ́ты благаславі́лі цябе́.
Ра́дуйся, епі́скапам Іліёю суце́шаная;/ ра́дуйся, што неўзаба́ве да цябе́ мно́га і́накінь сышло́ся.
Ра́дуйся, што абі́цель тут сла́ўная заснава́лася./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
Кандак 9
Усямі́ласціваму Спа́су храм у абі́целі ўзвяла́ ты, і пачэ́снымі іко́намі яго ўпрыго́жыла, прападо́бная, па благада́ці Божай, што ва ўсім спрыя́ла табе́: цесляра́ на будо́ўлю царко́ўную не́йкі го́лас будзі́ў; мно́ства плі́нфы на завяршэ́нне хра́ма цудо́ўным чы́нам атры́мана было́. Уба́чыўшы гэ́та, ты ў замілава́нні спява́ла: Алілу́ія.       
Ікас 9
Красамо́ўствам му́дрым вало́даючы, прападо́бная, па́мятала ты заўсёды сло́ва Хрысто́ва: хто вы́канае адну́ з за́паведзяў гэ́тых найме́ншых і наву́чыць так людзе́й, той вялі́кім назаве́цца ў Ца́рстве Нябе́сным; і, навуча́ючы набо́жнасці сясцёр абі́целі, найпе́рш, прападо́бная, сама́ так жыла́. За гэ́та цябе́ і веліча́ем:
Ра́дуйся, узо́р мана́шаскага жыцця́ для і́накіняў;/ ра́дуйся, у чысціні́ і цно́це ю́ных аберага́ла ты.
Ра́дуйся, якая спага́дліва стары́х ушано́ўвала;/ ра́дуйся, якая смутку́ючых умацо́ўвала ў цярпе́нні.
Ра́дуйся, для ўсіх была́ ты ўзо́рам пако́ры і богаўго́днага жыцця́;/ ра́дуйся, якая выкараня́ла асуджэ́нне і шматсло́ўе.
Ра́дуйся, якая атрыма́ла дар ба́чыць глыбіню́ сэ́рцаў;/ ра́дуйся, му́драя дара́дца дапы́тлівых.
Ра́дуйся, прымірэ́нне тых, што ў варо́жасці;/ ра́дуйся, дабрадзе́йнасцямі ўпрыго́жаная.
Ра́дуйся, вялі́кая дзе́ва Бе́лай Русі́./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.            
Кандак 10
Дзеля выратава́ння і суцяшэ́ння Эфе́скую іко́ну Улады́чыцы на́шае Багаро́дзіцы для го́рада По́лацка вы́прасіла ты, прападо́бная, у Царгра́дзе. Яшчэ́ адну́ абі́цель у По́лацку заснава́ла і гэ́тай іко́наю яе ўпрыго́жыла. Сястру́ ж сваю́ і дзвюх бра́тніх дачо́к, Кірыя́ну і Во́льгу, мана́шаскім абе́там Хрысту́ заручы́ла ты, і ў абі́целях тваі́х уратава́нню мно́гіх спрыя́ла, спява́ючы ра́дасна: Алілу́ія. 
Ікас 10
Сцяно́ю непару́шнаю ад спаку́саў пако́ра твая́ была́: усё, што табе́ зага́двалі, выко́нвала ты, прападо́бная, лі́чачы сябе́ рабо́ю недасто́йнаю; лаго́днасцю і ці́хім но́равам, прыгажэ́й, чым зо́латам і бі́серам, душу́ сваю́ ты ўпрыго́жыла. За гэ́та мы веліча́ем цябе:
Ра́дуйся, служы́целька чы́стая Дзе́вы Прачы́стай;/ ра́дуйся, бо ўзра́давала ты По́лацк цудатво́рным во́бразам Бо́жае Ма́ці.
Ра́дуйся, скарб вялі́кі зямлі́ белару́скай праз гэ́та быў да́дзены;/ ра́дуйся, бо мно́гія дзе́вы ў абі́цель Бо́жае Ма́ці табо́ю прыве́дзены.
Ра́дуйся, што і ро́дных сваі́х на шлях выратава́ння наста́віла;/ ра́дуйся, му́драя ўправі́целька да збаўле́ння.
Ра́дуйся, узвяла́ ты дзве абі́целі, ні́бы запалі́ла дзве све́чкі;/ ра́дуйся, бо зямлю́ По́лацкую і́мі асвяці́ла ты.
Ра́дуйся, насаджа́льніца дрэ́ва жыцця́ мана́шаскага;/ра́дуйся, якая ў пако́ры вышыню́ сваі́х по́дзвігаў уто́йвала.
Ра́дуйся, домаўправі́целька Белару́скае зямлі́./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.
         
Кандак 11
Пе́снямі цябе́ ўсхваля́ючы, цярпе́нню твайму́, прападо́бная, дзі́вімся: бо мно́гія няго́ды вы́трываўшы, ты пасля́ іх падаро́жжа на Святу́ю Зямлю́ здзе́йсніла, дзе, паво́дле твайго́ жада́ння спачы́ць цябе́ Бог спадо́біў; там да Яго ты ў мудрай ста́ласці перасялі́лася, по́дзвіг до́бры завяршы́ўшы, спява́ючы: Алілу́ія. 
Ікас 11
Светлаза́рны праме́нь зямлі́ белару́скай! Хоць пло́ццю ты і спачы́ла, прападо́бная, але ду́хам з на́мі заўсёды застае́шся. У хра́ме, табо́ю заснава́ным, мо́лячыся і пе́рад Кры́жам ўздзвіза́льным, па тваёй про́сьбе зро́бленым, кла́няючыся, мо́лім цябе́, прымі́ ад нас усхвале́нні гэ́тыя:
Ра́дуйся, све́тач старажы́тнай Свято́й Русі́;/ ра́дуйся, зямлі́ По́лацкай вялі́кае праслаўле́нне.
Ра́дуйся, дасто́йная пасла́нніца з паўно́чных краёў на Святу́ю Зямлю́;/ ра́дуйся, што Гро́бу Гаспо́дняму паклані́цца спадо́білася.
Ра́дуйся, там лампа́ду ад зямлі́ Белару́скай ты заце́пліла;/ ра́дуйся, каля Гро́ба Хрысто́вага ты адышла́ да Го́спада.
Ра́дуйся, крыж зямно́га жыцця́ ты пакі́нула там;/ ра́дуйся, Святы́мі Та́йнамі пе́рад спачы́нам тваі́м умацава́ная.
Ра́дуйся, бо на нябёсах святы́я ўго́днікі з ра́дасцю сустрэ́лі цябе;/ ра́дуйся, вянцо́м сла́вы Жані́х Нябе́сны ўвянча́ў цябе́.
Ра́дуйся, му́драя дзе́ва, што ў сла́ве ўвайшла́ ў святлі́цу Жаніха́ Нябе́снага./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.                                                                         
Кандак 12
Благада́ці прыча́сніца, стара́нна мо́лім цябе́, Еўфрасі́ння ўсяхва́льная: ўзнясі́ цёплую тваю́ малі́тву да Усявы́шняга за ўсю зямлю́ на́шу правасла́ўную, каб му́драсцю ўла́даў і чысцінёю жыцця́ наро́днага, як дачка́ абра́ная, ста́ла зямля́ на́ша сяро́д наро́даў, і каб дзе́ці яе ўвайшлі́ ў се́лішчы го́рнія, Бо́гу спява́ючы: Алілу́ія.
Ікас 12
Апява́ем цябе́, засту́пніцу на́шу цёплую, і́накіняў і дзе́ваў абі́целі тваёй пакро́ў і ўмацава́нне, ра́дуемся за цябе́, прападо́бная, і па малі́твах тваі́х то́е, што про́сім, атры́мліваем, за гэ́та з любо́ўю цябе дасто́йна веліча́ем:
Ра́дуйся, бо мо́шчы твае, нятле́ннем прасла́ўленыя, на радзі́му вярну́ліся;/ ра́дуйся, усяхва́льная роўнаапо́стальнага кня́зя Уладзі́міра пра́ўнучка.
Ра́дуйся, субясе́дніца роўнаапо́стальнае Во́льгі і ўсяго́ светлаза́рнага лі́ку пра́ведных уго́дніц;/ ра́дуйся, у скі́ніі святы́х ты пасялі́лася.
Ра́дуйся, няба́чная за нас хада́йніца;/ ра́дуйся, дзіво́снае ацале́нне няду́жных.
Ра́дуйся, шчы́рае суцяшэ́нне азмро́чаных;/ ра́дуйся, ра́дасць смутку́ючых.
Ра́дуйся, падтры́мка тых, хто да цябе́ з малі́тваю звярта́ецца;/ ра́дуйся, шчы́рая пе́рад Хрысто́м засту́пніца на́ша.
Ра́дуйся, дзіво́сная шляхаво́дніца да выратава́ння тых, хто з ве́рай шану́е цябе́./ Ра́дуйся, Еўфрасі́ння, няве́ста Хрысто́ва найпачэ́снейшая.                                          
Кандак 13
О, усяхва́льная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння найпачэ́снейшая!/ Малі́ за нас Го́спада і Яго Прачы́стую Ма́ці,/ каб умацава́ў на́шы сі́лы і паспрыя́ў на́шаму ўратава́нню;/ ю́ных у чысціні́ ахава́ў, цнатлі́вых умацава́ў у по́дзвігу;/ тых, хто ў шлю́бе жыве́,у любо́ві і мі́ры няха́й удаскана́ліць;/ няха́й няду́жных вы́лечыць, азмро́чаных прасве́тліць,/ спачы́лым грахі́ праба́чыць і ўсіх у Ца́рства Нябе́снае пры́ме,/ дзе А́­нгелы заўсёды пе́сню спява́юць хвале́бную:/ Алілу́ія.
 
Гэты кандак прамаўляем тройчы, затым Ікас 1, затым Кандак 1.               
Іерэй:Да свято́й прападо́бнай ма́ці на́шай Еўфрасі́нні, памо́лімся.
Людзі: Свята́я прападо́бная ма́ці на́ша Еўфрасі́ння, малі́ Бо́га за нас.
Малітва       
О, прападо́бная і заўждыпа́мятная, усяхва́льная ма́ці Еўфрасі́ння, А́­нгел у пло́ці, Богаабра́нае ўмясці́лішча Свято́га Ду́ха, Царквы́ Хрысто́вай хвала́ і ўкра́са, умацава́нне і сла́ва мана́хаў, Айчы́не, абі́целі тваёй і ўсёй краі́не дапамо́га, пакро́ў і засту́пніца! Ты, як дрэ́ва, паса́джанае пры выто́ках вод, плада́мі дабрадзе́йнасцяў тваі́х і дабрада́тнымі дара́мі Ду́ха Свято́га адо́раная, наста́ўніца ў сло́вах і спра́вах, абра́ная, беззага́нная, до́брая, пачу́й нас, якія мо́лімся табе́ і прызыва́ем імя́ тваё, бо ма́еш ты адва́гу пе́рад Го́спадам. Папрасі́ нам по́спехаў у жыцці́ дабрадзе́йным; ахава́й на́шы сэ́рцы ве́раю, надзе́яю, любо́ўю і стра́хам Бо́жым. Пада́й нам дапамо́гу ў пра́цы і ў го́расцях на́шых; і як ты апекава́ла ў жыцці́ абі́цель тваю́ і і́накіняў, так і цяпе́р паклапаці́ся за нас, паспрыя́й нам ва ўсім: абі́цель тваю́ ахава́й мі́рам і абарані́ ад во́рагаў ба́чных і няба́чных, каб яна́ красава́лася ла́дам і дабрадзе́йнасцямі. Пазба́ў нас ад усяля́кай няста́чы, ад лю́тых хваро́баў і ад нечака́най сме́рці, і прывядзі́ да шчы́рага пакая́ння пры адыхо́дзе з гэ́тага жыцця́; вы́малі нам у Го́спада Бо́га спачы́н мі́рны, бязбо́льны, непасаро́млены, з прычашчэ́ннем Святы́х Тайн; і правядзі́ нас праз мы́тарствы нябе́сныя, каб не вы́хапілі нас мучы́целі гро́зныя за грахі́ на́шы, але каб з засту́пніцтвам тваі́м і дапамо́гаю мы здо́лелі непашко́джана прайсці́ праз выпрабава́нне нябе́снае і мі́ласць атрыма́ць, і стаць неасу́джана пера́д стра́шным прасто́лам, і на Стра́шным судзе́ спадо́біцца стаць правару́ч ад пра́веднага Суддзі́, і ўнасле́даваць до́лю пра́ведных. О, найпачэ́снейшая ма́ці, прападо́бная Еўфрасі́ння, дапамажы́ нам малі́твамі тваі́мі; ахава́й нас і абарані́ ад усяля́кіх па́стак варо́жых, каб спадо́біліся мы прайсці́ шлях зямно́га на́шага жыцця́ бесперашко́дна і па малі́твах тваі́х збаўле́нне атрыма́ць у Хрыста́ Бо́га на́шага, каб спадо́біліся мы сла́віць Яго з Беспача́тным Айцо́м і Святы́м Ду́хам, на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Комментирование закрыто.