Паслухаць Літургію:
Audio clip: Adobe Flash Player (version 9 or above) is required to play this audio clip. Download the latest version here. You also need to have JavaScript enabled in your browser.
Змест Літургіі аглашэнных:
ЛІТУРГІЯ АГЛАШЭННЫХ
Дыякан: Благаславі, уладыка.
Свяшчэннік: Благаславёна Царства Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Дыякан: У міры Госпаду памолімся.
За мір з вышы́нь і спасéнне душ нашых Госпаду памолімся
За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з'ядна́нне ўсіх Госпаду памолімся.
За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
За вялікага Спадара́ і айца нашага Свяцейшага патрыярха Кірыла і за Экзарха яго Спадара́ нашага Высокапраасвяшчэ́ннейшага Мітрапаліта Філарэта [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], шаноўнае прасвітарства, у Хрысцé дыяканства, за ўвесь прычт і людзей Госпаду памолімся.
За Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе Госпаду памолімся.
За горад гэты (вёску гэтую, святы манастыр гэты), усякі горад і краіну і за тых, што вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.
За спрыяльнае надвор'е, за багаты ўраджай пладоў зямных і часы́ мірныя Госпаду памолімся.
За падарожных на вадзе і зямлі, хворых, тых, што паку́туюць, паланёных і за спасенне іх Госпаду памолімся.
Каб пазба́віцца нам ад усякага гора, гневу і няста́чы, Госпаду памолімся.
Заступі, спасі, памілуй і захава́й нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславéннейшую, слаўную Улады́чыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памяну́ўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Бо налéжыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне - Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
(З 102-га псалма)
Хор: Благаславі, душа мая, Госпада. Благаславёны Ты, Госпадзі. Благаславі, душа мая, Госпада і ўся ўну́транасць мая - імя́ святое Яго.
Благаславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх дабрадзéйстваў Яго.
Ён ачышча́е ўсе беззаконні твае, ацаля́е ўсе нéмачы твае.
Вызваля́е ад пагібелі жыццё тваё, вянча́е цябе міласцю і шчо́драсцямі.
Насыча́е дабро́тамі жада́нне тваё, абнаўля́ецца, як у арла, маладосць твая.
Робіць справядлівасць Гасподзь і суд усім пакры́ўджаным. Ён паказаў шляхі Свае Маісею, сына́м Ізра́ілевым - спра́вы Свае.
Шчодры і мі́ласцівы Гасподзь, доўгацярплівы і мнагамі́ласцівы.
Не да канца гнéваецца і не навек абура́ецца.
Не па беззаконнях нашых зрабіў нам і не па граха́х нашых даў нам.
Бо як высо́ка неба над зямлёю, так вялікая міласць Госпада да тых, што баяцца Яго.
Як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконні нашы.
Як мілуе бацька сыноў, так мнлуе Гасподзь тых, што баяцца Яго.
Бо Ён вéдае састаў наш, помніць, што мы - пыл.
Чалавек - як трава, яго дні; як кветка палява́я, так ён цвіцé.
Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца яго ўжо не пазна́е яго.
Міласць жа Господняя ад веку і да веку да тых, што баяцца Яго.
Гасподзь на небе паставіў прастол Свой, і царства Яго ўсім валодае.
Благаславіце Госпада, усе ангелы Яго, моцныя сілай, выканаўцы слова Яго, паслухмяныя голасу слова Яго.
Благаславіце Госпада, усе воінствы Яго, слу́гі яго, выканаўцы волі Яго.
Благаславіце Госпада, усе справы Яго, ва усіх мéсцах валада́рства Яго.
Благаславі, душа мая, Госпада, і ўся ўнутранасць мая - імя́ святое Яго. Благаславёны Ты, Госпадзі.
Малая екцення
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
Заступі, спасі, памілуй і захава́й нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславéннейшую, слаўную Улады́чыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памяну́ўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Бо Тваё ўлада́нне, і Тваё ёсць Царства і сіла, і слава - Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
(Псалом 145-ты)
Хор: Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу.
Хвалі, душа мая, Госпада. Буду хваліць Госпада ў жыцці маім; буду спяваць Богу майму, пакуль я ёсць.
Не спадзява́йцеся на князёў, на сына чалавечага, у якім няма спасення.
Выходзіць дух яго, і ён вярта́ецца ў зямлю́ сваю; у той дзень зніка́юць усе заду́мы яго.
Блажэнны, каму памочнік Бог Іакава, у каго надзея на Госпада Бога яго.
Які стварыў неба і зямлю́, мора і ўсё, што ў іх.
Які вечна захоўвае ісціну, учыня́е правасуддзе пакры́ўджаным, даé ежу галодным.
Гасподзь вызваля́е вя́зняў, Гасподзь умудра́е сляпых.
Гасподзь выпрамля́е сагнутых, Гасподзь лю́біць пра́ведных.
Гасподзь ахоўвае прышэ́льцаў, падтры́млівае сірату́ і ўдаву́ а шлях грэшных знішча́е.
Гасподзь будзе ца́рстваваць у векі, Бог твой, Сіёне, з роду ў род.
І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Адзінародны Сыне
Адзінародны Сы́не і Слова Божае, несмяротны Ты, і пажада́ў дзеля нашага спасення прыня́ць плоць ад Святой Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, і, не змяніўшыся, стаў чалавекам; і распя́ты Ты быў, Хрысцé Божа, і смерцю смерць патапта́ў, Ты адзін са Святой Троіцы, праслаўля́емы разам з Айцом і Святым Духам, спасі нас.
Малая екцення
Дыякан: Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
Заступі, спасі, памілуй і захава́й нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславéннейшую, Слаўную Улады́чыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памяну́ўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім - Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Хор: У Царстве Тваім памяні нас, Госпадзі, як пры́йдзеш у Царства Тваё.
Блажэнныя ўбогія ду́хам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Блаженныя тыя, што пла́чуць, бо яны суцéшацца.
Блажэнныя лагодныя, бо яны ўспадку́юць зямлю́.
Блажэнныя тыя, што жада́юць і пра́гнуць праўды, бо яны насы́цяцца.
Блажэнныя міласцівыя, бо яны памілаваны будуць.
Блажэнныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўба́чаць.
Блажэнныя міратворцы, бо яны сына́мі Божымі назаву́цца.
Блажэнныя гна́ныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.
Блажэнныя вы, калі будуць вас га́ньбіць, і гнаць, і ўсякім словам ліхім несправядліва зневажа́ць за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўседы, і на векі вякоў. Амінь.
Дыякан: Прамудрасць! Станьце прама!
Хор: Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста́ спасі нас, Сыне Божы, увасакрэ́слы з мёртвых, што пяём Табе: алілуія.
Замест слоў "уваскрэслы з мёртвых" спяваецца:
у будзёныя дні: "у святых дзіўны"
на Ражджаство: "народжаны ад Дзевы"
на Хрышчэнне: "Які хрысціўся ў Іардане"
на Узнясенне: "Які ўзнёсся ў славе"
на Пяцідзесятніцу: "спасі нас, Уцяшы́целю добры"
на Праабражэнне: "Які праабразіўся на гары"
на Уздзвіжанне: "плоццю распя́ты"
у Нядзелю ваій: "Які сеў на жарабя́"
у святы Багародзіцы: "малітвамі Багародзіцы"
Спяваем трапары і кандакі, адпаведныя дню. Вось трапары і кандакі нядзельныя:
Глас 1
Трапар
Калі ка́мень апяча́талі іудзеі,/ і воіны сцераглі Прачыстае Цела Тваё,/ Ты ўваскрэ́с на трэці дзень, Спасіцелю,/ даючы́ свету жыццё./ Дзеля гэтага сілы нябесныя ўскліка́лі да Цябе, Жыццядацелю:/ Слава ўваскрасенню Твайму, Хрысцé,/ слава Царству Твайму, / слава промыслу Твайму, адзіны Чалавекалюбны.
Кандак
Уваскрэс Ты як Бог з магілы ў славе / і свет з Сабою ўваскрасіў;/ і прырода чалавечая як Бога апявае Цябе,/ і смерць знікла./ Адам жа весяліцца, Уладару;/ Ева цяпер, з путаў вызваля́емая,/ радуецца, ўскліка́ючы:/ Ты, Хрысцé, Той, Хто ўсім падаé ўваскрасенне.
Глас 2
Трапар
Калі сышоў Ты да смерці, Жыццё несмяротнае,/ тады пекла ўмярцвіў Ты ззя́ннем Бажаства;/ калі ж і памéрлых з прадоння ўваскрасіў Ты,/ усе сілы нябесныя ўсклікалі:/ Жыццядацелю Хрысцé Божа наш, слава Табе.
Кандак
Ты ўваскрэс з магілы, Усемагутны Спасіцелю,/ і пекла, убачыўшы цуд, жахну́лася,/ і мёртвыя паўсталі,/ а стварэнне, бачачы, радуецца з Табою,/ і Адам весяліцца,/ і свет, Спасіцелю мой, апява́е Цябе заўжды.
Глас 3
Трапар
Няхай весяляцца нябесныя,/ няхай радуюцца зямныя,/ бо праявіў магутнасць рукою Сваёю Гасподзь,/ перамог смерцю смерць,/ пéршынцам з мёртвых стаў,/ з глыбінь пякельных вы́зваліў нас / і пада́ў свету вялікую міласць.
Кандак
Уваскрэс Ты сёння з магілы, Шчодры,/ і нас узвёў з варот смяротных;/ сёння Адам весяліцца і радуецца Ева,/ а разам і прарокі з патрыярхамі апява́юць няспы́нна / Бажэственную магутнасць ула́ды Тваёй.
Глас 4
Трапар
Светлую ўваскрасення пропаведзь ад ангела ўспрыня́ўшы / і пра́дзедаў асуджэнне адкінуўшы,/ Гасподнія вучаніцы апосталам хва́лячыся гаварылі:/ звергнута смерць, уваскрэс Хрыстос Бог,/ даючы́ свету вялікую міласць.
Кандак
Спасіцель і Збавіцель мой / з магілы як Бог уваскрасіў з путаў / народжаных на зямлі,/ і вароты пякéльныя разбуры́ў / і як Уладар уваскрэс на трэці дзень.
Глас 5
Трапар
Спрадвéчнае Слова Айцу і Духу,/ ад Дзевы народжанае для спасення нашага,/ апяéм, верныя, і паклонімся Яму,/ бо пажада́ў плоццю ўзысці на Крыж,/ і смерць перацярпéць,/ і ўваскрасіць памéрлых / слаўным уваскрасеннем Сваім.
Кандак
Да пекла, Спасіцелю мой, сышоў Ты,/ і вароты разбуры́ў як усемагутны,/ памéрлых як Стварыцель уваскрасіў з Сабою,/ і смерці джа́ла знішчыў Ты,/ і Адам ад пракля́цця быў вы́звалены, Чалавекалюбны,/ таму мы ўсе ўскліка́ем:/ спасі нас, Госпадзі.
Глас 6
Трапар
Ангельскія сілы на магіле Тваёй / і вартаўнікі змярцвéлі,/і стаяла Марыя ў магіле,/ шука́ючы Прачы́стае Цела Тваё./ Ты паланіў пекла, не спакусіўшыся ім,/ Ты сустрэў Дзеву, даючы́ жыццё./ Уваскрэслы з мёртвых Госпадзі,/ слава Табе.
Кандак
Жыццятворчай далонню / памéрлых са змрочных далін уваскрасіўшы ўсіх,/ Жыццяда́вец Хрыстос Бог / уваскрасенне пада́ў чалавечаму роду,/ бо Ён - усіх Спасіцель,/ уваскрасенне, і жыццё, і Бог усіх.
Глас 7
Трапар
Ты разбуры́ў Крыжом Тваім смерць,/ адкрыў Ты разбойніку рай,/ міраносіцам плач перамяніў Ты / і апосталам прапавéдаць загада́ў Ты,/ што ўваскрэс Ты, Хрысцé Божа,/ даючы́ свету вялікую міласць.
Кандак
Ужо больш улада́нне смерці не зможа трымаць людзей,/ бо Хрыстос сышоў, разбура́ючы і знішча́ючы сілы яго./ Звя́зваецца пекла,/ прарокі згодна радуюцца, гаворачы:/ прадста́ў Спасіцель тым, што ў веры,/ выходзьце, верныя, ва ўваскрасенне.
Глас 8
Трапар
З вышыні сышоў Ты, Міласэрны,/ пахаванне Ты прыня́ў трохдзённае, каб нас вы́зваліць ад пакут,/ жыццё і ўваскрасенне наша, Госпадзі, слава Табе.
Кандак
Уваскрэсшы з магілы, Ты памéрлых падняў і Адама ўваскрасіў,/ і Ева весяліцца з Твайго ўваскрасення,/ і канцы свету святкуюць Тваё з мёртвых паўста́нне, Мнагаміласцівы.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Хор: Госпадзі, памілуй.
Свяшчэннік: Бо Ты Святы, Божа наш, і Табе славу ўзносім - Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды…
Дыякан: Госпадзі, спасі набожных і пачуй нас.
Хор: Госпадзі, спасі набожных і пачуй нас.
Дыякан: …і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Трысвятое
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас (тройчы).
Слава Айцу і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Святы Несмяротны, памілуй нас.
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас.
Дыякан: Будзем уважлівымі!
Свяшчэннік: Мір усім.
Чытач: І духу твайму.
Дыякан: Прамудрасць!
Чытач прамаўляе пракімен.
Глас 1
Няхай будзе, Госпадзі, міласць Твая на нас, бо мы ўскла́лі надзею на Цябе.
Глас 2
Моц мая і песня мая - Гасподзь, і стаў Ён маім спасеннем.
Глас 3
Спявайце Богу нашаму, спявайце; спявайце Цару нашаму, спявайце.
Глас 4
Як шматлікія справы Твае, Госпадзі, усё прамудрасцю стварыў Ты.
Глас 5
Ты, Госпадзі, захаваеш нас і ўсцеражэш нас ад роду гэтага да веку.
Глас 6
Спасі, Госпадзі, людзей Тваіх і благаславі наслéддзе Тваё.
Глас 7
Гасподзь моц лю́дзям Сваім дасць, Гасподзь благаславіць людзей Сваіх мірам.
Глас 8
Памаліцеся і будзьце ўдзячныя Госпаду Богу нашаму.
Чытанне Апостала.
Дыякан: Будзем ува́жлівымі!
Чытач чытае зачала з Апостала.
Свяшчэннік: Мір табе.
Чытач: І духу твайму. Алілуія.
Хор: Алілуія (тройчы).
Чытанне Евангелля.
Дыякан: Благаславі, уладыка, дабравесніка святога апостала і евангеліста (імя евангеліста).
Свяшчэннік (благаслаўляючы): Бог па малітвах святога, слаўнага, усяхвальнага апостала і евангеліста (імя), няхай дасць табе слова дабравéсціць з вялікай сілаю, для спаўнéння Ева́нгелля Ўзлю́бленага Сына Свайго, Госпада нашага Іісуса Хрыста.
Дыякан: Амінь.
Свяшчэннік: Прамудрасць! Станьце прама! Вы́слухаем Святое Ева́нгелле! Мір усім.
Хор: І духу твайму.
Дыякан: Паводле (імя) Святога Ева́нгелля чытанне.
Хор: Слава Табе, Госпадзі, слава Табе.
Свяшчэннік: Будзем уважлівымі!
І чытаецца Евангелле. Па заканчэнні чытання:
Хор: Слава Табе, Госпадзі, слава Табе.
Дыякан: Скажам усе ад усяе душы і ад усяго разумéння нашага скажам.
Госпадзі Уседзяржы́целю, Божа айцоў нашых, молімся Табе, вы́слухай і памілуй.
Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй молімся Табе, вы́слухай і памілуй.
Яшчэ молімся за вялікага Спадара́ і айца нашага Свяцейшага патрыярха Кірыла і за Экзарха яго Спадара́ нашага Высокапраасвяшчэ́ннейшага мітрапаліта Філарэта [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], і за ўсю ў Хрысцé бра́цію нашу.
Яшчэ молімся за Богам сцеражоную краіну нашу, ула́ды і воінства яе, каб нам вéсці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набо́жнасцю і годнасцю.
Яшчэ молімся за братоў нашых свяшчэннікаў, іераманахаў і за ўсё ў Хрысцé брацтва наша.
Яшчэ молімся за блажэнных і заўсёды па́мятных свяцейшых патрыярхаў праваслаўных і за заснава́льнікаў гэтага святога храма і за ўсіх ужо спачы́лых айцоў і братоў, што тут ляжаць і ўсюды, праваслаўных.
Тут устаўляюцца прашэнні на розныя патрэбы, найчасцей наступнае:
Яшчэ молімся Табе, Госпаду Богу нашаму, пачуй голас малення нашага і малітву і памілуй рабоў Тваіх: (імёны), благадаццю і шчодрасцямі Тваімі, і задаволь усе прашэ́нні іх і прабач ім усе правіны вольныя і міжвольныя: няхай добра будуць прыня́тыя малітвы і мнласціны іх перад прастолам Уладарства Твайго, і абаранн іх ад ворагаў бачных і нябачных, ад усяля́кай напа́сці, бяды́ і го́расці, і хвароб збаў і пада́й здароўе з даўгалеццем, скажам усе: Госпадзі, вы́слухай і памілуй.
Яшчэ молімся за ахвярада́ўцаў і дабрачы́нцаў у святым і ўсячэ́сным храме гэтым, за тых, што тут спяваюць, працаўнікоў і за ўсіх прысу́тных тут людзей, што чака́юць ад Цябе вялікае і багатае міласці.
Свяшчэннік: Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім - Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Дыякан: Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй, молімся Табе, вы́слухай і памілуй.
Яшчэ молімся за ўпакаéнне душ спачы́лых рабоў Божых (імёны) і за выбачэ́нне ім усякае правнны, вольнае і міжвольнае.
Каб Гасподзь Бог усяліў ду́шы іх туды, дзе праведныя спачыва́юць.
Міласці Божае, Царства Нябеснага і адпушчэ́ння грахоў іх у Хрыста, несмяротнага Цара і Бога нашага, просім.
Хор: Падай, Госпадзі.
Дыякан: Госпаду памолімся.
Хор: Госпадзі, памілуй.
Свяшчэннік (чытае малітву за памерлых): Божа духаў і ўсякае плоці, Ты смерць перамог і дыявала пакары́ў, і жыццё свету Твайму даў; Сам, Госпадзі, упакой ду́шы спачы́лых рабоў Тваіх (імёны) у месцы светлым, у месцы квітнéючым, у месцы спакойным, адкуль уцяклі паку́ты, журба́ і стагна́нне; усякае саграшэ́нне, учы́ненае імі словам або ўчынкам, або думкаю, як добры і чалавекалю́бны Бог, прабач, бо няма чалавека, які б жыў і не саграшыў: бо Ты адзін толькі без граху́, праўда Твая - праўда навекі, і слова Тваё - ісціна.
Бо Ты ўваскрасенне і жыццё, і ўпакаéнне спачы́лых рабоў Тваіх (імёны), Хрысцé Божа наш, і Табе славу ўзносім з Беспачатным Тваім Айцом і Прасвятым, і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Дыякан: Памаліцеся, аглашэнныя, Госпаду.
Верныя, за аглашэнных памолімся, каб Гасподзь памілаваў іх.
Каб наставіў іх словам ісціны.
Каб адкрыў ім Евангелле праўды.
Каб далучыў іх да Святой Сваёй, Саборнай і Апостальскай Царквы.
Спасі, памілуй, заступі і захавай іх, Божа, Тваёю благадаццю.
Аглашэнныя, галовы вашы перад Госпадам схіліце.
Хор: Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік: Каб і яны з намі славілі найпачэснейшае і велічнае імя Тваё - Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор: Амінь.
Па заканчэнні гэтай екценні ўстаражытнасці няхрышчаным належала пакінуць храм, аб чым дыякан нагадвае словамі:
Дыякан: Усе аглашэнныя, выйдзіце. Аглашэнныя, выйдзіце. Усе аглашэнныя, выйдзіце. Няхай ніхто з аглашэнных не застаецца, толькі верныя, яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.