Іерэй (перад прастолам):
Благаславёны Бог наш заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Чытач:
Амінь[1]. Слава Табе Божа наш, слава Табе.
Цару Нябесны, Уцяшыцелю, Духу Ісціны, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, скарбніца дабра і жыцця Падацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас, і ачысці нас ад усякай нечыстаты, і спасі, Добры, душы нашы.
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас (тройчы).
Слава Айцу і Сыну і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Прасвятая Троіца, памілуй нас, Госпадзі, ачысці грахі нашы; Уладару, прабач беззаконні нашы; Святы, наведай і ацалі немачы нашы дзеля Імя Твайго.
Госпадзі, памілуй (тройчы).
Слава Айцу і Сыну і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Ойча наш, Які ёсць на нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння, і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Іерэй:
Бо Тваё ёсць Царства і сіла, і слава – Айца і Сына і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Чытач:
Амінь. Госпадзі, памілуй (12 разоў). Слава Айцу і Сыну і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму – Богу,
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста, Цара нашага, Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Самога Хрыста, Цара і Бога нашага.
На ўсяночным трыванні гэта спяваюць свяшчэннікі, і дадаюць яшчэ: "Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Яго".
Чытач чытае псалом 103 (на ўсяночным трыванні з яго спяваюцца толькі асобныя сказы, якія тут падкрэсленыя, а калі трывання няма, то чытаецца ўвесь псалом).
Псалом 103
Благаславі, душа мая, Госпада [Благаславёны Ты, Госпадзі.]. Госпадзі, Божа мой, Ты дзівосна вялікі [Благаславёны Ты, Госпадзі]. Ты ахінуты славай і веліччу. Ты апранаешся ў святло, нібы ў рызу, распасціраеш нябёсы, нібы шацёр; ставіш над водамі вышынныя харомы Свае, робіш аблокі калясніцаю Сваёю, ходзіш на крылах ветру. Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі – полымя вогненнае.Ты ўстанавіў зямлю на цвёрдых асновах яе: не пахіснецца яна ў векі вечныя. Безданню, нібы адзеннем, Ты пакрыў яе; на гарах стаяць воды [Дзіўныя дзеі Твае, Госпадзі]. Ад уладарнага слова Твайго бягуць яны, ад голасу грома Твайго хутка ўцякаюць. Узыходзяць на горы, сходзяць у даліны, на месца, якое Ты прызначыў для іх. Ты ўстанавіў мяжу, якой яны не пяройдуць, і не вернуцца, каб пакрыць зямлю. Ты паслаў крыніцы ў даліны: паміж гор цякуць воды [Дзіўныя дзеі Твае, Госпадзі]. Пояць усіх звяроў палявых; дзікія аслы наталяюць смагу сваю. Пры іх жывуць птушкі нябесныя, з галля падаюць голас. Ты напойваеш горы з вышынь Тваіх, пладамі спраў Тваіх насычаецца зямля. Ты росціш траву для жывёлы і зеляніну на карысць чалавеку, каб здабыць ежу з зямлі і віно, якое весяліць сэрца чалавека, і алей ад якога блішчыць твар яго, і хлеб, які ўмацоўвае сэрца чалавека. Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры ліванскія, якія Ён насадзіў. На іх гняздуюцца птушкі; яліны – жыллё для бусла, высокія горы – для сернаў, каменныя скалы – прытулак для зайцаў. Ён стварыў месяц для вызначэння часу; сонца ведае свой захад. Ты распасціраеш цемру – і настае ноч: у час яе блукаюць усе звяры лясныя; львы рыкáюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе. Узыходзіць сонца, і яны збіраюцца і кладуцца ў логавы свае. Выходзіць чалавек на справу сваю і на працу сваю да вечара. Якія вялікія дзеі Твае, Госпадзі. Усё мудра стварыў Ты (гэтая фраза спяваецца двойчы); зямля поўная стварэнняў Тваіх. Гэтае мора – вялікае і шырокае, там паўзуны, якім ліку няма, жывёла малая з вялікаю. Там караблі плаваюць, там гэты левіафан, якога Ты стварыў, каб ён гуляў у ім. Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу іх своечасова. Ты даеш ім, яны бяруць, адкрываеш руку Тваю – яны насычаюцца дабром. Скрыеш абліча Тваё – непакояцца; забярэш дух іх – паміраюць і ў пыл свой вяртаюцца. Пашлеш Дух Твой – ствараюцца, і Ты абнаўляеш аблічча зямлі. Няхай будзе Госпаду слава на векі, няхай радуецца Гасподзь дзеям Сваім. Ён паглядзіць на зямлю – і яна трасецца; дакранецца да гор і дымяцца. Буду спяваць Госпаду ўсё жыццё, буду пець Богу майму, пакуль жыву. Няхай будзе прыемнай яму песня мая, я буду радавацца ў Госпадзе. Няхай знікнуць грэшнікі з зямлі і беззаконных хай не будзе болей. Благаславі душа мая Госпада. [Слава Табе, Госпадзі, што ты стварыў усё].
Слава Айцу і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і навекі вякоў. Амінь. Алілуія, Алілуія, Алілуія, слава Табе, Божа (3 разы).
Пакуль чытаецца пачынальны псалом, свяшчэннік на паўсядзённай вячэрні перад царскай брамай, а на ўсяночнай – ў алтары, моліцца наступнымі малітвамі:
Малітва 1
Госпадзі шчодры і міласцівы, доўгацярплівы і мнагаміласцівы, выслухай малітву нашу і пачуй голас малення нашага: пакажы на нас знамéнне на добрае, пастаў нас на шлях твой, каб хадзіць нам у ісціне Тваёй, узвесялі сэрцы нашы, каб мы баяліся імя Тваё Святое, бо Ты вялікі і творыш цуды, Ты – адзіны Бог, і няма падобнага Табе сярод багоў Госпадзі; Ты моцны ў міласці і добры ў сіле, каб дапамагаць, і суцяшаць, і спасаць усіх, хто спадзяецца на Імя Святое Тваё.
Бо належыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 2
Госпадзі, не ў міласці Тваёй выкрывай нас і не ў гневе Тваім карай нас, але абыходзься з намі па міласці Тваёй, Урач і Лекар душ нашых. Прывядзі нас да жаданага Табою прыстанішча, прасвятлі вочы сэрцаў нашых для пазнання Тваёй ісціны і дай нам, каб рэшта сённяшняга дня была мірнай і бязгрэшнай, а таксама і ўвесь час жыцця нашага, па малітвах Святой Багародзіцы і ўсіх святых.
Бо Тваё ўладанне, і Тваё ёсць Царства і сіла, і слава – Айца і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 3
Госпадзі Божа наш, памяні нас, грэшных і нягодных рабоў Тваіх, калі мы прызываем святое імя Тваё і не пасаром спадзявання нашага на міласць Тваю, а дай нам, Госпадзі, усё прасімае для спасення і спадобі нас любіць і баяцца Цябе ад усяго сэрца нашага і выконваць ва ўсім волю Тваю.
Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 4
У несціханных спевах і няспынных славаслоўях апяваемы святымі сіламі, напоўні і нашы вусны хвалою Табе, каб мы велічалі святое імя Тваё і дай нам долю і спадчыну з усімі, хто сапраўды баіцца Цябе і захоўвае запаведзі Твае, па малітвах святой Багародзіцы і ўсіх святых Тваіх.
Бо належыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 5
Госпадзі, Госпадзі, Ты ў прачыстай далоні Сваёй усё трымаеш і доўга церпіш усіх нас і журышся з-за злых учынкаў нашых. Успомні шчодрасць Сваю і міласць Сваю, наведай нас Сваёю добрасцю і дай нам і ў астатні час сённяшняга дня, па Тваёй благадаці, пазбегнуць усякіх нападаў злога і жыццё наша ў бяспецы захавай благадаццю Усесвятога Твайго Духа па міласці і чалавекалюбству Адзінароднага Твайго Сына, з Якім Ты благаславёны, з Усесвятым і Добрым і Жыватворчым Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 6
Божа вялікі і дзіўны, Ты з невымоўнай добрасцю і багатым промыслам кіруеш усім, і даброты свету Ты даў нам, і заручыў нам абяцанае Царства дарамі благадаці. Ты дапамог нам у мінулую частку дня ўхіліцца ад усякага зла, дай нам і рэшту дня правесці беззаганна перад святою славаю Тваёю, апяваючы Цябе, адзінага добрага і чалавекалюбнага Бога нашага.
Бо Ты – Бог наш, і Табе мы славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 7
Божа вялікі і высокі, Ты адзін маеш бессмяротнасць, жывеш у святле непрыступным, усё створанае Ты зрабіў мудра, ты аддзяліў святло ад цемры і паставіў сонца для кіравання днём, а месяц і зоркі – для кіравання ноччу, Ты спадобіў нас, грэшных, і ў цяперашні час стаць перад Абліччам Тваім з хвалою і вячэрняе славаслоўе Табе прынесці. Ты Сам, Чалавекалюбец, узнясі малітву нашу, як фіміям перад Табою, прымі яе, як пах водару і дай, каб цяперашні вечар і ноч, якая надыходзіць, былі мірнымі для нас, апрані нас у даспехі святла, пазбаў нас ад жахаў уначы і ад усякай пошасці, што ў цемры ходзіць, і сон, які Ты даў нам для пазбаўлення ад немачы нашай, зрабі ад усякага дыявальскага наслання волным. Уладару! Падацелю дабра! Няхай і ў пасцелі нашай уночы мы будзем з замілаваннем успамінаць імя Тваё і, настаўленнем Тваіх запаведзей навучаемыя, у радасці душэўнай устанем на славаслоўе Тваёй добрасці, прыносячы Табе, міласэрнаму, маленні і малітвы за саграшэнні свае і ўсіх людзей Тваіх, якіх Ты па малітвах Святой Багародзіцы міласцю наведай.
Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Дыякан, выйшаўшы з алтара, становіцца перад зачыненай царскай брамай, як некалі Адам перад брамаю рая, и моліцца Богу. У гэтай екценні сканцантраваны нашы найважнейшыя духоўныя і матэрыяльныя патрэбы.
Вялікая екцення
Дыякан:
У міры Госпаду памолімся.
За мір з вышынь і спасенне душ нашых Госпаду памолімся.
За мір усяго свету, добры стан святых Божых Цэркваў і з'яднанне ўсіх Госпаду памолімся.
За святы храм гэты і за тых, што з вераю, благагавеннем і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
За вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха Кірыла і за Экзарха яго Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Мітрапаліта Філарэта [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], шаноўнае прасвітарства, у Хрысце дыяканства, за ўвесь прычт і людзей Госпаду памолімся.
За Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе Госпаду памолімся.
За горад гэты (вёску гэтую, святы манастыр гэты), усякі горад і краіну і за тых, што вераю жывуць у іх, Госпаду памолімся.
За спрыяльнае надвор'е, за багаты ўраджай пладоў зямных і часы мірныя Госпаду памолімся.
За падарожных на вадзе і зямлі, хворых, тых, што пакутуюць, паланёных і за спасенне іх Госпаду памолімся.
Каб пазбавіцца нам ад усякага гора, гневу і нястачы, Госпаду памолімся.
Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і усё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор:
Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік:
Бо належыць Табе усякая слава, пашана і пакланенне – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Хор:
Амінь.
Пасля вялікай екценні на вячэрні чытаецца кафізма – адзін з даццаці раздзелаў Псалтыра. Напярэдадні святочных дзён кафізма не чытаеца, а часцей за ўсё спяваюцца выбраныя радкі з першай кафізмы:
Блажэнны чалавек, які не ходзіць на раду бязбожных. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
Бо ведае Гасподзь шлях праведных, а шлях бязбожных загіне. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
Служыце Госпаду са страхам і радуйцеся з трымценнем. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
Блажэнныя ўсе, хто спадзяеца на Яго. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
Паўстань, Госпадзе, спасі мяне, Божа мой. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
Ад Госпада спасенне і над народам Тваім благаславенне Тваё. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Алілуія, Алілуія, Алілуія.
Алілуія, Алілуія, Алілуія – слава Табе Божа (Тройчы).
Дыякан:
Яшчэ і яшчэ ў міры Госпаду памолімся.
Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.
Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і усё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.
Хор:
Табе, Госпадзі.
Свяшчэннік:
Яко Твоя держава и Твое есть Царство и сила, и слава, Отца и Сына и Святаго Духа, ныне и присно, и во веки веков.
Бо Тваё уладанне, і Тваё ёсць Царства і сіла, і слава – Айца і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Хор:
Амінь.
Пад час спеву наступных вершаў дыякан выконвае каджэнне храма, якое сімвалізуе старазапаветныя ахвярапрыношанні, а таксама і ахвяру нашай стараннай малітвы.
Госпадзі, клічу Цябе
Госпадзі, клічу[2] Цябе, пачуй мяне. Пачуй мяне, Госпадзі. Госпадзі клічу Цябе, пачуй мяне. Пачуй голас малення майго, калі я клічу Цябе. Пачуй мяне, Госпадзі.
Няхай узносіцца малітва мая, як фіміям перад Табою, узніманне рук маіх – як ахвяра вячэрняя. Пачуй мяне, Госпадзі.
Чытач:
Пастаў, Госпадзі, варту Тваю на вусны мае і сцеражы дзверы вуснаў маіх.
Не дай схіліцца сэрцу майму да слоў ілжывых для апраўдання грэшных спраў.
З людзьмі, якія чыняць беззаконне, і няхай не не пакаштую прысмакаў іх.
Няхай карае мяне праведнік: гэта – міласць, няхай выкрывае мяне, алей жа грэшнага не памажа галавы маёй[3].
Бо і малітва мая – супраць злачынстваў іх; па скалах іх рассыпаліся правадыры іх.
Пачуюць словы мае, бо яны моцныя; як цвёрдая зямля раздрабляецца на часткі, так косці іх рассыпаліся ў магіле[4].
Бо да Цябе, Госпадзі, Госпадзі, вочы мае, на Цябе спадзяюся, не адрынь душы маёй.
Захавай мяне ад пасткі, якую паставілі на мяне і ад спакус тых, хто чыніць беззаконне.
Трапяць у пастку сваю грэшнікі, а я абміну яе.
Голасам сваім я Госпада паклікаў, голасам сваім Госпаду памаліўся.
Выліў перад ім малітву сваю, тугу сваю адкрыў[5] Яму.
Калі знемагаў ува мне дух мой, Ты ведаў сцяжыну маю.
На дарозе, па якой я хадзіў, яны тайна паставілі сіло на мяне.
Гляджу ўправа і бачу, што ніхто не прызнае мяне.
Не стала прытулку мне, ніхто не дбае пра душу маю.
Я паклікаў Цябе, Госпадзі, я сказаў: Ты – прыстанішча маё і доля мая на зямлі жывых.
Прыслухайся да малення майго, бо я вельмі знямогся; уратуй мяне ад ганіцеляў маіх, бо яны дужэйшыя за мяне.
Да спеву (альбо чытання) выбраных вершаў з псалмоў далучаюцца сціхіры на "Господи воззвах". Калі на вялікай вячэрні бывае дзесяць сціхір, то яны перамяжоўваюцца з вершамі псалмоў, пачынаючы з наступнага верша, што пазначаецца ў Часаслове:
на 10 сціхір:
Вывядзі з цямніцы душу маю, каб я славіў імя Тваё.
Мяне абступяць праведнікі, калі Ты зробіш дабро мне.
на 8:
З глыбіні паклікаў Цяне, Госпадзі, Госпадзі, пачуй голас мой.
Няхай будуць вушы Твае ўважлівымі да голасу малення майго.
на 6:
Калі безаконні Ты будзеш заўважаць, Госпадзі, то, хто, Госпадзі ўстаіць? Але ў Цябе прабачэнне ёсць.
Мáю надзею на Госпада, мае надзю душа мая; на слова Яго я спадзяюся[6].
на 4:
Душа мая чакае Госпада болей, чым варта – раніцы, болей, чым варта – раніцы6. Няхай спадзяецца Ізраіль на Госпада.
Бо ў Госпада міласць і вялікае ў Яго спасенне. І ён збавіць Ізраіля ад усіх беззаконняў яго.
Хваліце Госпада ўсе народы; праслаўляйце Яго ўсе плямёны.
Бо вялікая міласць Яго на нас, і ісціна Гасподня трывае вечна.
Слава Айцу і Сыну і Святому Духу (тут таксама можа быць сціхіра).
І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. (Тут устаўляецца Багародзічны, або Дагматык. Гэтая апошняя сціхіра называецца так таму, што ў ёй праслаўляецца Божая Маці і змяшчаецца дагматычнае вучэнне Святой Царквы пра нараджэнне Богачалавека Госпада нашага Іісуса Хрыста Беззаганнай і Прачыстай Дзевай Марыяй, Якая, стаўшы Маці, засталася Дзеваю. Апяваючы Прасвятую Дзеву, Святая Царква праслаўляе і уцялесненнага Сына Божага, Цара Нябеснага, Які па Сваёй любові да людзей прыняў чалавечую прыроду ад Дзевы чыстай).
Пры апошняй Багародзічнай сціхіры адбываецца вячэрні ўваход: дыякан адчыняе царскую браму: Гэта азначае, што з прышэсцем на зямлю Хрыста Спасіцеля адкрываюцца людзям Царства Божае; свяшчэннік і дыякан выходзяць з алтара паўночнымі дзвярыма: свяшчэннік яўляе сабой вобраз Госпада Іісуса Хрыста, а дыякан, які ідзе наперадзе яго з кадзілам, – вобраз Іаана Прадцечы. Свяшчэннаслужыцелі спыняюцца перад Царскай брамай.
Дыякан кажа:
Госпаду памолімся.
Свяшчэннік (ціха кажа малітву):
Увечары і ранкам, і апоўдні ўсхваляем, благаслаўляем, дзякуем і молімся Табе. Уладару ўсіх: узнясі малітву нашу, як фіміям перад Табою і не дай схіліцца сэрцам нашым ад слоў або думак ілжывых, але збаў нас ад усіх, хто ловіць душы нашы, бо да Цябе, Госпадзі, Госпадзі, вочы нашы, і на Цябе спадзяемся; не пасаром нас, Божа наш.
Бо належыць Табе ўсякая слава, пашана і пакланенне – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Пасля заканчэння малітвы дыякан кажа свяшчэнніку:
Благаславі, уладыка, святы ўваход.
Свяшчэннік:
Благаславёны ўваход святых Тваіх заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.
Дыякан адказвае:
Амінь.
Дыякан становіцца наперадзе свяшчэнніка, робіць кадзілам знак святога Крыжа перад царскай брамай (сімвал таго, што праз пакуты на Крыжы Гасподзь адкрыў нам дзверы ў Царства Нябеснае) і заклікае людзей да засяроджанасці і благагавейнай увагі словамі:
Прамудрасць! Стойце прама!
Радаснае Святло
Хор (спявае):
Радаснае Святло[7] святой славы бессмяротнага Айца Нябеснага, Святога і Блажэннага, – Іісусе Хрысце! Дажыўшы да заходу сонца, убачыўшы зару вячэрнюю, мы апяваем Айца, Сына і Святога Духа – Бога. Дастойны Ты ва ўсе часы быць апяваемы благавейнымі галасамі, Сыне Божы, Падацелю Жыцця. Таму свет Цябе славіць.
Дыякан:
Будзем уважлівымі!
Свяшчэннік:
Мір усім!
Дыякан:
Прамудрасць! Будзем уважлівымі!
(І голасна прамаўляе пракімен дня, які паўтарае хор).
У нядзелю увечары, глас 8:
Сёння благаславіце Госпада, усе рабы Гасподнія.
Верш: Тыя, што стаяць у храме Гасподнім, у дварах Бога нашага.
У панядзелак увечары, глас 4:
Гасподзь чуе мяне, калі я клічу Яго.
Верш: Калі я клічу Яго, пачуй мяне, Божа праўды маёй[8].
У аўторак увечары, глас 1:
Міласць Твая, Госпадзі, будзе са мною ва ўсе дні жыцця майго.
Верш: Гасподзь – пастыр мой, ні ў чым я не буду мець нястачы; на нівах урадлівых Ён пасе мяне.
У сераду ўвечары, глас 5:
Божа, імем Тваім спасі мяне і сілаю Тваёю судзі мяне.
Верш: Божа, пачуй малітву маю, выслухай словы з вуснаў маіх.
У чацвер увечары, глас 6:
Дапамога мне ад Госпада, Які стварыў неба і зямлю.
Верш: Узнімаю вочы мае на горы, адкуль прыйдзе дапамога мне.
У пятніцу ўвечары, глас 7:
Божа, Ты Заступнік мой, і міласць Твая сустрэне мяне.
Верш: Ратуй мяне ад ворагаў маіх, Божа, і ад тых, што паўстаюць супраць мяне, абарані мяне.
У суботу ўвечары, глас 5:
Гасподзь царуе, і Ён у веліч убраны.
Верш 1: Убраны Гасподзь у магутнасць і падпяразаны.
Верш 2: Таму ўмацаваў Ён сусвет, які не зрушыцца.
Верш 3: Дому Твайму належыць святасць, Госпадзі, на доўгія дні.
Пасля пракімна ў некаторыя дні чытаюцца параміі. Слова "парымія" у перакладзе з грэчаскай мовы азначае "прытча". У богаслужэбным ужытку гэтым словам называюцца ўрыўкі са Свяшчэннага Пісання, якія змяшчаюць у сабе прароцтвы пра падзеі свята, або тлумачаць значэнне свята.
[1] Калі перад вячэрняй чыталася дзявятая гадзіна, то цяпер чытаецца адразу "Прыйдзіце паклонімся…", калі вячэрня ўваходзіць у склад усяночнага трывання, то свяшчэннік пачынае яе словамі: "Слава Святой і Адзінасутнай, і Жыватворчай, і Нераздзельнай Троіцы заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў". Хор: "Амінь". Свяшчэннікі: "Прыйдзіце, паклонімся…"
[2] У царкоўна-славянскай мове тут прошлы час: "воззвах" – "я паклікаў", але ў арыгінальным старажытнаяўрэйскім тэксце псалма 140 – цяперашні час.
[3] "Алей жа грэшнага няхай не памажа галавы маёй" – гэта значыць: "я не хачу пашаны ад грэшнага чалавека". Такі сэнс нашага богаслужэбнага тэксту, але ёсць і іншыя пераклады гэтага радка з псалма: гэта – найлепшы: "Алей, які не пашкодзіць маёй галаве", або: "гэта алей на галаву, ад яго не адмовіцца мая галава".
[4] Ёсць і іншыя варыянты перакладу гэтых радкоў, але яны менш адпавядаюць нашаму богаслужэбнаму тэксту.
[5] У царкоўна-славянскім тэксце гэтыя дзеясловы стаяць у будучым часе: выллю, адкрыю, але прошлы час тут больш адпавядае кантэксту.
[6] Гэтыя вершы маюць іншы змест у царкоўна-славянскім тэксце псалма – мы перадаем тут змест арыгіналу.
[7] Царкоўна-славянскі пераклад: "Свете Тихій" – недакладны; грэч. ιλαφός – радасны, вясёлы, прыемны.
[8] Царкоўнаславянскі тэкст мае іншы сэнс: кали паклікаў я, пачуў мяне Бог праўды маёй. Мы перадаем сэнс арыгіналу: гл. Пс. 4, 2.