Вялікая вячэрня

 Змест:

Сугубая екцення

Спадобі, Госпадзі

На сціхоўні

Цяпер адпускаеш

Багародзіца Дзева

Псалом 33-ці

Адпуст


Сугубая екцення

Дыякан:

Скажам усе ад усяе душы і ад усяго разумення нашага скажам.

Госпадзі Ўседзяржыцелю, Божа айцоў нашых, молімся Табе, выслухай і памілуй.

Памілуй нас, Божа, па вялікай міласці Тваёй молімся Табе, выслухай і памілуй.

Яшчэ молімся за Вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха Аляксія і за Экзарха яго Спадара нашага Высокопраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], і за ўсю ў Хрысце брацію нашу.

Яшчэ молімся за Богам сцеражоную краіну нашу, улады і воінства яе, каб нам весці ціхае і спакойнае жыццё з усёй набожнасцю і годнасцю.

Яшчэ молімся за братоў нашых свяшчэннікаў, іераманахаў і за ўсё ў Хрысце брацтва наша.

Яшчэ молімся за блажэнных і заўсёды памятных свяцейшых патрыярхаў праваслаўных і за заснавальнікаў гэтага святога храма і за ўсіх ужо спачылых айцоў і братоў, што тут ляжаць і ўсюды, праваслаўных.

Яшчэ молімся аб міласці, жыцці, спакоі, здароўі, спасенні, Божым наведанні, прабачэнні і адпушчэнні грахоў рабам Божым, браціі святога храма гэтага.

Яшчэ молімся за ахвярадаўцаў і дабрачынцаў у святым і ўсячэсным храме гэтым, за тых, што тут спяваюць, працаўнікоў і за ўсіх прысутных тут людзей, што чакаюць ад Цябе вялікае і багатае міласці.

Свяшчэннік:

Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор:

Амінь.

Спадобі, Госпадзі

Чытач:

Спадобі, Госпадзі, у гэты вечар ад граху захавацца нам. Благаславёны Ты, Госпадзі, Божа бацькаў нашых; і хвальна і праслаўлена імя Тваё навекі. Амінь. Няхай будзе, Госпадзі міласць Твая на нас, бо мы спадзяемся на Цябе. Благаславёны Ты, Госпадзі, навучы мяне ўстанаўленням Тваім. Благаславёны Ты, Уладару, настаў мяне ўстанаўленнямі Тваімі. Благаславёны Ты, Святы, прасвятлі мяне ўстанаўленнямі Тваімі. Госпадзі, міласць Твая навек, стварэннямі рук Тваіх не пагарджай. Табе належыць хвала, Табе належыць спевы, Табе слава належыць – Айцу, і Сыну, і Святому Духу цяпер і заўсёды і насекі вякоў. Амінь.

Прасіцельная екцення

Дыякан:

Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду.

Заступі, спасі, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёю благадаццю.

Каб увесь вечар быў дасканалым, святым, мірным і бязгрэшным, у Госпада просім.

Ангела міру, вернага настаўніка, ахоўніка душ і целаў нашых у Госпада просім.

Прабачэння і адпушчэння грахоў і правіннасцяў нашых у Госпада просім.

Добрага і карыснага душам нашым і міру для свету ў Госпада просім.

Астатні час жыцця нашага ў міры і пакаянні правесці ў Госпада просім.

Хрысціянскага сканчэння жыцця нашага, бязбольнага, непасаромленага, мірнага, і добрага адказу на Страшным судзе Хрыстовым, просім.

Прасвятую, Прачыстую, Найблагаславеннейшую, Слаўную Уладычыцу нашу Багародзіцу і Вечнадзеву Марыю з усімі святымі памянуўшы, самі сябе, і адзін аднаго, і ўсё жыццё наша Хрысту Богу аддадзім.

Хор:

Тебе, Господи.

Табе, Госпадзі.

Свяшчэннік:

Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.

Хор:

Амінь.

Свяшчэннік:

Мір усім.

Хор:

І духу твайму.

Дыякан:

Галовы вашы перад Госпадам схіліце.

Хор:

Табе, Госпадзі

Свяшчэннік (моліцца за людзей, якія схілілі галовы свае):

Госпадзі, Божа наш, Ты схіліў нябёсы і сыйшоў для спасення роду чалавечага, спаглянь на рабоў Сваіх і на спадчыну Сваю, бо перад Табою, страшным і чалавекалюбным Суддзёю, Тваі рабы схілілі галовы і скарылі сабе, не на людскую спадзеючыся дапамогу, а Тваёй чакаючы міласці і ад Цябе чакаючы спасення. Захавай іх ва ўсякі час, і ў цяперашні вечар, і ў наступную ноч ад усякага ворага, ад усякага супраціўнага дзеяння дыявальскага, і ад думак марных, і ад успамінаў кепскіх.

І прамаўляе ў голас свяшчэннік:

Няхай будзе ўлада Царства Твайго благаславёнай і найбольш праслаўленай – Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор:

Амінь.

На вялікія святы ў склад вячэрні ўваходзіць ліція (з грэч.λιτ? – малітва, просьба). Лиция адпраўляецца ў прытворы, паводле старажытнай традыцыі, каб даць магчымасць удзельнічаць у богаслужэнні аглашэнным, што стаялі там). У канцы ліціі асвячаюцца пяць хлябоў, пшаніца, віно і алей. У старажытнасці асвячоныя хлябы і віно раздаваліся багамольцам, каб падмацаваць іх перад наступным начным багаслужэннем. Пяць хлябоў нагадваюць пра цуд насычэння Спасіцелем пяці тысяч чалавек. Ліція пачынаецца спевам сціхір. У гэты час свяшчэннік з дыяканам выходзяць паўночнымі дзвярыма з алтара і ідуць у прытвор, дзе пасля заканчэння спеву моляцца:

Дыякан:

Спасі Божа народ свой і благаславі спадчыну Сваю, наведай свет Твой міласцю і спагадаю, узвысі рог[9] хрысціян праваслаўных і пашлі нам міласці Свае багатыя па малітвах Усепрачыстай Уладычыцы нашай Багародзіцы і заўжды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворнага Крыжа; па хадайніцтву пачэсных і нябесных сіл Бясплотных; пачэснага слаўнага прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Іаана; святых слаўных і ўсяхвальных апосталаў; святых айцоў нашых – усяленскіх вялікіх вучыцеляў і свяціцеляў Вясілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова, Іаана Златавуснага; святога айца нашага Мікалая, архіепіскапа Мірлікійскага, цудатворцы; святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, вучыцеляў славянскіх; святых роўнаапостальных вялікага князя Уладзіміра і вялікай княгіні Вольгі; святых айцоў нашых – усяе Расіі цудатворцаў Міхаіла, Пятра, Аляксія, Іоны, Філіпа, Ермагена, Інакенція[10], Макарыя10, Іава10 і Ціхана10; свяціцеля Кірыла, епіскапа Тураўскага; свяціцеля Георгія, архіепіскапа Магілёўскага; прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага; прападобныя Еўфрасінні, ігуменні Полацкае; святога праведнага Іаана Кармянскага; святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, усіх навамучанікаў і вызнаўцаў, і ўсіх святых зямлі Беларускае[11]; святых слаўных і пераможных мучанікаў, прападобных і баганосных айцоў нашых, святых і праведных Богаайцоў Іаакіма і Анны; [і святога (імя), у гонар якога асвячоны храм, і святога, чыя памяць у гэты дзень12] і ўсіх святых; молім Цябе, Многаміласцівы Госпадзі, пачуй нас, грэшных, што молцца Табе, і памілуй нас.

Хор:

Госпадзі, памілуй. (40 разоў)

Дыякан:

Яшчэ молімся за Вялікага Спадара і айца нашага Свяцейшага патрыярха Кірыла і за Экзарха яго Спадара нашага Высокопраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта [і за Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], і за ўсё ў Хрысце брацтва наша, і за кожную душу хрысціянскую, прыгнечаную і знясіленую, якая патрабуе міласці Божай і дапамогі; за ахову горада гэтага і жыхароў яго (або: сяла гэтага, вёскі гэтай і жыхароў яе… або: святога манастыра гэтага і насельнікаў яго…); за мір і дабрабыт усяго свету, за добры стан святых Божых Цэркваў; за спасенне і дапамогу тым, што старанна і са страхам Божым працуюць і служаць, айцам і братам нашым; за тых, што асталіся, і тых, што адышлі; за ацаленне тых, што ляжаць хворыя; за ўпакаенне13, палёгку, блажэнную памяць і дараванне грахоў усіх, што ужо адышлі айцоў і братоў нашых, што тут ляжаць і ўсюды, праваслаўных; за вызваленне палонных; і за братоў нашых, служэннем занятых, і за ўсіх, хто служыць і служыў у святым храме гэтым (калі ў манастыры:  у святым манастыры гэтым), скажам:

Хор:

Госпадзі, памілуй. (50 разоў)

Дыякан:

Яшчэ молімся за захаванне горада гэтага (або: сяла гэтага, вёскі гэтай) і святога храма гэтага (калі ў манастыры:  святога манастыра гэтага) і кожнага горада і краіны ад голаду, пошасці14, землятрасення, патопу, агню, мяча, нашэсця іншаземцаў і міжусобнай вайны15, каб міласцівым і спагадлівым16 быў добры і чалавекалюбны Бог наш, каб адвярнуў Ён усякі гнеў, што ідзе на нас, і ўратаваў нас ад належнага і праведнага Свайго пакарання і памілаваў нас.

Хор:

Госпадзі, памілуй. (Тройчы)

Дыякан:

Яшчэ молімся, каб пачуў Гасподзь Бог голас малення нас, грэшных, і памілаваў нас.

Хор:

Госпадзі, памілуй. (Тройчы)

Свяшчэннік тайна памінае жывых і памерлых, каго хоча, а ўголас прамаўляе:

Свяшчэннік:

Пачуй нас Божа, Спасіцелю наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і тых, што ў моры далёка; і міласцівы, міласцівы будзь да нас17, Уладару, адносна грахоў нашых і памілуй нас. Бо Ты міласцівы і чалавекалюбны Бог і Табе славу ўзносім – Айцу і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор:

Амінь.

Свяшчэннік:

Мір усім.

Дыякан:

Галовы нашы перад Госпадам схілім.

Хор:

Табе, Госпадзі.

Калі ўсе схілілі галовы, свяшчэннік моліцца ўголас:

Свяшчэннік:

Уладару мнагаміласцівы, Госпадзі Іісусе Хрысце, Божа наш, па малітвах Усепрачыстай Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворнага Крыжа; па хадайніцтву пачэсных і нябесных сіл Бясплотных; пачэснага слаўнага прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Іаана; святых слаўных і ўсяхвальных апосталаў; святых слаўных і пераможных мучанікаў; прападобных і баганосных айцоў нашых; святых айцоў нашых – усяленскіх вялікіх вучыцеляў і свяціцеляў Вясілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова, Іаана Златавуснага; святога айца нашага Мікалая, архіепіскапа Мірлікійскага, цудатворцы; святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, вучыцеляў славянскіх; святых роўнаапостальных вялікага князя Уладзіміра і вялікай княгіні Вольгі; святых айцоў нашых – усяе Расіі цудатворцаў Міхаіла, Пятра, Аляксія, Іоны, Філіпа, Ермагена, Інакенція, Макарыя, Іава і Ціхана; свяціцеля Кірыла, епіскапа Тураўскага; свяціцеля Георгія, архіепіскапа Магілёўскага; прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага; прападобныя Еўфрасінні, ігуменні Полацкае; святога праведнага Іаана Кармянскага; святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, усіх навамучанікаў і вызнаўцаў, і ўсіх святых зямлі Беларускае; святых і праведных Богаайцоў Іаакіма і Анны; [і святога (імя), у гонар якога асвячоны храм, і святога, чыя памяць у гэты дзень] і ўсіх святых Тваіх, угоднай зрабі малітву нашу, дáруй нам адпушчэнне саграшэнняў нашых, пакрый нас покрывам крыл Тваіх, адгані ад нас усякага ворага і супастата; уміратвары наша жыццё, Госпадзі, памілуй нас і свет Твой і спасі душы нашы, бо Ты добры і чалавекалюбны.

Хор:  

Амінь.

Хор спявае сціхіры на сціхоўне, паміж якімі ўстаўляюцца "вершы" – радкі з Псалтыра і іншых кніг Бібліі. У суботу гэта вершы з псалма 92:

На сціхоўні

1. Гасподзь царуе, і Ён у веліч убраны.

2. Таму ўмацаваў Ён сусвет, які не зрушыцца.

3. Дому Твайму належыць святасць, Госпадзі, на доўгія дні.

У буднія дні паміж сціхірамі ўстаўляюцца наступныя вершы з псалма 122:

1. Узнімаю я вочы мае да Цябе, што жывеш у нябёсах. Вось, як вочы рабоў глядзяць на руку гаспадароў іх, як вочы рабыні – на руку гаспадыні яе, так вочы нашы – да Госпада, Бога нашага, каб нарэшце паміліваў нас.

2. Памілуй нас, Госпадзі, памілуй нас, бо досыць мы сытыя пагардаю, досыць насычана душа наша знявагаю пыхлівых і пагардаю ганарліўцаў.

Пасля апошняй сціхіры – багародзічнай – чытаецца малітва святога Сімяона Богапрыімца якую праведны Сімяон прамовіў, трымаючы на руках 40-дзённага Дзіцятка Хрыста:

Цяпер адпускаеш

Хор:

Цяпер адпускаеш раба Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, з мірам, бо ўбачылі вочы мае спасенне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго, Ізраіля.

Чытач:

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас (тройчы).

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.

Прасвятая Троіца, памілуй нас, Госпадзі ачысці грахі нашы, Уладару прабач, беззаконні нашы, Святы наведай і ацалі немачы нашы дзеля Імя Твайго.

Госпадзі, памілуй (тройчы).

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.

Ойча наш, Які ёсць на нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства тваё, няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння, і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Свяшчэннік:

Бо Тваё ёсць Царства і сіла і слава – Айца і Сына і Святога Духа, цяпер і заўсёды і на векі вякоў.

Хор:

Амінь.

Хор спявае трапар свята. У суботу, калі вячэрня служыцца асобна, спяваецца трапар нядзельны цяперашняга гласа і багародзічны, а калі ў суботу служыцца ўсяночнае трыванне, то спяваецца "Багародзіца Дзева" тройчы:

Багародзіца Дзева

Багародзіца Дзева, радуйся. Благадатная Марыя, Гасподзь з Табою. Благаславенная Ты паміж жанчын і благаславенны Плод улоння Твайго, бо нарадзіла Ты Спасіцеля душ нашых.

Калі служылася ліція, то пасля спеву трапара свяшчэннік благаслаўляе хлябы, пшаніцу, віно і алей:

Дыякан:

Госпаду памолімся.

Хор:

Госпадзі памілуй.

Свяшчэннік:

Госпадзі Іісусе Хрысце, Божа наш, Ты благаславіў пяць хлябоў і пяць тысяч насыціў. Сам благаславі і гэтыя хлябы, пшаніцу, віно і алей і памнож іх у горадзе гэтым (або: у вёсцы гэтай, у святым манастыры гэтым) і ва ўсім свеце Тваім і верных, якія спажываюць іх, асвяці. Бо Ты ўсё благаслаўляеш і асвячаеш, Хрысце Божа наш, і Табе славу ўзносім з Беспачатным Тваім Айцом і Ўсесвятым і Добрым, Жыватворчым Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор:

Амінь. Няхай будзе імя Гасподняе благаславёным цяпер і давеку. (Тройчы)

Псалом 33-ці

Благаслаўлю Госпада на ўсякі час, заўжды хвала Яму ў вуснах маіх. Госпадам будзе хваліцца душа мая, хай пачуюць лагодныя і ўзвесяляцца. Велічайце Госпада са мною і ўзнясем імя Яго разам. Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і ад усіх бед маіх збавіў мяне. Прыступіце да Яго і прасвятліцеся, і абліччы вашы не будуць пасаромлены. Вось убогі паклікаў, і Гасподзь пачуў яго, і ад усіх бед яго збавіў яго. Стаіць на варце Ангел Гасподні вакол тых, што баяцца Яго, і збаўляе іх. Зведайце і ўбачыце, які добры Гасподзь; блажэнны чалавек, які спадзяецца на Яго. Бойцеся Госпада, усе святыя Яго, бо не маюць нястачы тыя, што баяцца Яго. Багатыя збяднелі і згаладаліся, а тыя, што шукаюць Госпада, не маюць нястачы ні ў якім дабры.

Свяшчэннік:

Благаславенне Гасподняе на вас Яго благадаццю і чалавекалюбствам заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор:

Амінь.

На ўсяночным трыванні гэтым заканчваецца вячэрня і адбываецца пераход да утрані. Калі ж вячэрня служыцца асобна, то пасля "Ойча наш" і трапароў дыякан прамаўляе:

Дыякан:

Прамудрасць.

Хор:

Благаславі.

Свяшчэннік:

Благаславёны Хрыстос Бог наш заўжды, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў.

Хор:

Амінь. Умацуй, Божа, святую праваслаўную веру праваслаўных хрысціян на век веку.

Свяшчэннік:

Прасвятая Багародзіца, спасі нас.

Хор:

Пачэснейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў, што непарушанаю нарадзіла Бога Слова, Існую Багародзіцу, Цябе велічаем.

Свяшчэннік:

Слава Табе, Хрысце Божа, надзея наша, слава Табе.

Хор:

Слава Айцу і Сыну і Святому Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь. Госпадзі, памілуй (тройчы). Благаславі.

Адпуст

Свяшчэннік:

Хрыстос, ісцінны Бог наш, па малітвах Прачыстае Свае Маці, святых слаўных і ўсяхвальных апосталаў і святога (храма і святога, памяць якога ў гэты дзень), святых і праведных Богаайцоў Іаакіма і Анны і ўсіх святых, няхай памілуе і спасе нас, бо Ён Добры і Чалавекалюбны.

Хор:

Вялікага Спадара і айца нашага Кірыла, Свяцейшага патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, і Спадара нашага Высокапраасвяшчэннейшага Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, [і Спадара нашага (Высока)праасвяшчэннейшага (архі)епіскапа (імя)], настаяцеля, брацію і прыхаджан святога гэтага храма і ўсіх праваслаўных хрысціян, Госпадзі, захавай іх на многія леты.




[9] Рог – біблейскі сімвал моцы, сілы, перавагі, славы; гл. напр. 1Цар. 2,1,10; Пс. 74,11; 91,11; 148,14 – заўвага перакладчыка.

[10] Імёны гэтых маскоўскіх свяціцеляў адсутнічаюць у Служэбніку, бо яны былі кананізаваны пазней – заўвагі перакладчыка.

[11] Гэтыя і іншыя імёны беларускіх святых уключаюцца ў ліціі ў храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы.

12 называем імя святога і дадаем: "памяць якога (якой, якіх) мы сёння адзначаем".

13 у грэчаскім тэксце гэтага слова няма.

14 у грэчаскім тэксце гэтыя два словы стаяць у адваротным парадку: "ад пошасці, голаду…"

15 у грэчаскім тэксце: "нашэсця іншаземцаў, міжусобнай вайны і раптоўнай смерці…"

16 у грэчаскім тэксце: "каб міласцівым, спагадлівым і лагодным быў…"

17 у царкоўнаславянскім тэксце "да нас" няма, але ў грэчаскім ёсць.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.