Гадзіна шостая

Прыйдзіце, паклонімся Цару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Хрыста, Цара нашага, Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзём да Самога Хрыста, Цара і Бога нашага.

 

Псалом 53

Божа, дзеля імя Твайго спасі мяне і сілаю Тваёю судзі мяне; Божа, пачуй малітву маю, выслухай словы з вуснаў маіх. Бо супраціўныя паўсталі на мяне моцныя шукалі душу маю, і не паставілі Бога перад сабою. Вось Бог дапаможа мне і Гасподзь заступнік душы маёй. Ён адверне зло на ворагаў маіх. Ісцінаю Тваёю Ты знішчы іх. Па сваёй волі я прынясу ахвяру Табе, буду вызнаваць імя Тваё, Госпадзі, як дабро. Бо ад усялякага смутку збавіў Ты мяне, і ворагаў маіх убачылі вочы мае.

 

Псалом 54

Выслухай, Божа, малітву маю, і не пагарджай маленнем маім. Уважлівым будзь да мяне і пачуй мяне; засмуткаваў я ў роздумах маіх, і засмуціўся ад голасу варожага і ад абразы грэшніка. Бо звярнулі на мяне беззаконне і ў гневе захоўвалі варожасць да мяне. Сэрца маё засмуцілася ўва мне, і страх смерці напаў на мяне. Страх і трымценне найшлі на мяне, і пакрыла мяне цемра. І сказаў: хто дасць мне крылы, падобныя галубіным, каб я паляцеў і адпачыў. Вось я аддаліўся, уцякаючы, і застаўся ў пустыні. Чакаў Бога, што збаўляе мяне ад маладушша і буры. Патапі, Госпадзі, і раздзялі мовы іх, бо я бачыў беззаконне і спрэчку іх у горадзе. Удзень і ўночы будзе абыходзіць яго і ў самых сценах яго; беззаконне і справа пасярод яго, і няпраўда; і не зменшыцца на вуліцах яго ліхвярства і лжывасць. Бо калі б вораг мой ганьбіў мяне, я перацярпеў бы; і калі б той, хто ненавідзіць мяне, на мяне нагаворваў, я ўкрыўся б ад яго. Але ты, чалавек аднадушны са мною, уладарны мой і знаёмы мой, які разам спажываў са мною ежу, у доме Божым хадзілі мы аднадумна. Няхай жа прыйдзе смерць да іх, і няхай сойдуць у пекла жывымі; бо лжывасць у дамах іх і ўнутры іх. Я да Бога ўсклікнуў, і Гасподзь пачуў мяне. Увечары і раніцай, і апоўдні буду гаварыць, і буду абвяшчаць, і Ён пачуе голас мой. Збавіць у міры душу маю ад тых, што набліжаюцца да мяне, бо многія былі са мною. Пачуе Бог і пакорыць іх Той, што быў раней вякоў; бо няма ў іх зменаў, калі не пабаяліся Бога. Ён працягнуў руку Сваю, каб адплаціць тым, якія зганьбілі запавет Яго. Раздзелены былі ад гневу аблічча Яго і зблізіліся сэрцы іх; мякчэйшымі за елей былі словы іх, а па сутнасці былі стрэламі. Ускладзі на Госпада клопат свой, і Ён цябе падтрымае, не дасць увек засмучэння праведнаму. Ты, Божа, звядзеш іх у калодзеж тлення. Людзі крыві і каварства не пражывуць паловы дзён сваіх; я ж, Госпадзі, спадзяюся на Цябе. 

Псалом 90

Той, хто жыве з дапамогаю Усявышняга, пад покрывам Бога Нябеснага знаходзіцца будзе. Скажа Госпаду: Ты заступнік мой, і прытулак мой, Бог мой, на Якога я спадзяюся. Бо Ён збавіць цябе ад сецяў лоўчых і ад словаў навету. Плячыма Сваімі захіне цябе і крыламі, бо ты на Яго спадзяваўся. Аховаю акружыць цябе ісціна Яго, не спалохаешся ні страху начнога, ні стрэлаў, што ляцяць удзень, ні рэчы, што у цемры прыходзіць, ні сустрэчы, ні дэмана палудзеннага. Упадзе злева ад цябе тысяча, і дзесяць тысяч, што зправа ад цябе, да цябе не набліжацца. Але вачыма тваімі паглядзіш і расплату грэшнікаў убачыш. Бо Ты, Госпадзі, надзея мая, Усявышняга зрабіў Ты прыстанішчам Тваім. Не прыйдзе да Цябе зло, і рана не наблізіцца да цела Твайго. Бо ангелам Сваім запаведае пра Цябе зберагчы Цябе на ўсіх шляхах Тваіх. На руках падымуць Цябе, каб не спатыкнуўся аб камень нагой Тваёю. На аспіда і васіліска наступіш і патопчаш льва і змея. Бо на Мяне спадзяваўся і Я збаўлю яго, пакрыю яго, бо пазнаў імя Маё. Усклікне да Мяне, і пачую яго; з ім Я  ў бядзе, вызвалю яго і праслаўлю яго. Даўгалеццем дзён напоўню яго і адкрыю яму спасенне Маё. 

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Алілуія, алілуія, алілуія, слава Табе Божа (тройчы).

Госпадзі памілуй (тройчы).

Трапар дня 1-шы.

Слава: Трапар дня 2-гі.

І цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь:

Мы не маем адвагі, за мноства грахоў нашых, таму Ты ад Цябе Народжанага, малі Багародзіца Дзева, бо многае можа маленне Маці да міласэрнага Уладара. Не грэбуй мольбамі грэшных, Усячыстая, бо міласцівы Ён, Які спасае, і Які пакутаваць за нас пажадаў.

Хутка няхай прыспешацца шчодрасці Твае, Госпадзі, бо мы збяднелі зусім; дапамажы нам, Божа, Спасіцель наш, дзеля славы імя Твайго, Госпадзі, спасі нас і ачысці грахі нашы, дзеля імя Твайго.

 

Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас. (тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Прасвятая Троіца, памілуй нас; Госпадзі, ачысці грахі нашы; Уладару, прабач беззаконні нашы; Святы, наведай і ацалі немачы нашы дзеля імя Твайго.

Госпадзі, памілуй. (тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Ойча наш, Які ёсць на нябёсах, няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Іерэй: Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў.

Чытач: Амінь.

Кандак дня.

Госпадзі памілуй (40 раз).

Ты, Якому ва ўсякі час і ва ўсякую гадзіну на нябёсах і на зямлі пакланяюцца і праслаўляюць, Хрысце Божа, доўгацярплівы, многаміласцівы, міласэрдны; Ты, Які праведных любіш і грэшных мілуеш, Які ўсіх клічаш да спасення дзеля абяцання будучага дабра. Сам, Госпадзі, прымі і нашыя ў час гэты малітвы, і накіруй жыццё наша паводле запаведзяў Тваіх. Душы нашыя асвяці, целы ачысці, памышленні накіруй, думкі ачысці і збаў нас ад усялякіх бед, горасцяў і хвароб, акружы нас святымі Тваімі ангеламі, каб пад вартаю іх ахаваныя і настаўляемыя, мы дасягнулі ў супольнасці веры і ў розуме непрыступнай Тваёй славы; бо Ты благаславёны на векі вякоў. Амінь.

Госпадзі, памілуй. (тройчы)

Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.

Пачэснейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў, што непарушанаю нарадзіла Бога Слова, Існую Багародзіцу, Цябе велічаем.

Іменем Гасподнім благаславі, ойча.

Іерэй: Малітвамі святых айцоў нашых, Госпадзі Іісусе Хрысце, Божа наш, памілуй нас.

Чытач: Амінь.

Божа і Госпадзі сіл, і усякага стварэння Тварэц, Які па міласэрнасці і непараўнальнай міласці Сваёй, адзінароднага Сына Свайго, Госпада нашага Іісуса Хрыста, паслаў для спасення роду нашага, і пачэсным Яго крыжом рукапісанне грахоў нашых разарваў і перамог ім дэманаў і ўладу цемры. Сам Уладару чалавекалюбны, прымі і ад нас грэшных удзячныя гэтыя і малебныя малітвы, і збаў нас ад усялякага усязгубнага і змрочнага саграшэння, і ад усіх, што шукаюць, каб зрабіць нам зло, бачных і нябачных ворагаў. Прыкуй страхам Тваім плоці нашы і не адхілі сэрцы нашы у словы або памышленні каварныя. Але любоўю Тваёю парань сэрцы нашы, каб на Цябе заўсёды гледзячы і Тваім святлом настаўляемыя, Цябе – непрыступнае і вечнае святло – бачачы, няспыннае Табе спавяданне і падзяку мы ўзносілі – Беспачатнаму Айцу з адзінародным Тваім Сынам і Усесвятым і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. 


Канец 6-й гадзіны.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.