Малітва на нарачэнне імя
Благаславёны Бог наш заўжды́, цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Цару́ Нябесны, Уцяшы́целю, Духу ісціны, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцця Падацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас, і ачысці нас ад усякай нечыстаты, і спасі, Добры, душы нашы.
Святы́ Божа, Святы́ Моцны, Святы́ Несмяротны, памілуй нас (тройчы).
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Прасвятая Троіца, памілуй нас; Госпадзі, ачысці грахі нашы; Уладару́, прабач беззаконні нашы; Святы́, наведай і ацалі немачы нашы дзеля імя Твайго.
Госпадзі, памілуй (тройчы).
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Ойча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяці́цца імя́ Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгі нашы, як і мы дару́ем даўжнікам нашым; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Трапар дня або трапар святога, чый храм.
Свяшчэннік робіць знак Крыжа над яго чалом, вуснамі і грудзьмі і прамаўляе малітву:
Госпадзі Божа наш, Табе молімся і Цябе просім, няхай я́ўлена будзе святло аблічча Твайго на рабе Тваім гэтым (на рабе Тваёй гэтай) (імя) і няхай я́ўлены будзе Крыж Адзінароднага Сына Твайго ў сэрцы і ў думках яго, каб пазбяга́ць ма́рнасці свету і ўсякага злога каварства ворага, а трымацца нака́заў Тваіх. І дай, Госпадзі, каб неадрачо́ным застало́ся імя́ Тваё святое на ім, далуча́емым у патрэбны час да Святой Тваёй Царквы і ажыццяўля́емым страшнымі тайнамі Хрыста Твайго, каб, па за́паведзях Тваіх жывучы́ і захаваўшы пячаць непару́шанаю, атрымаў блажэнства абра́ных у Царстве Тваім благадаццю і чалавекалюбнасцю адзінароднага Сына Твайго, з Якім благаславёны Ты з Прасвятым, і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Узяўшы на рукі дзіця, свяшчэннік робіць ім знак Крыжа, прамаўляючы:
Радуйся, благадатная Багародзіца Дзева, бо з Цябе заззяла Сонца праўды — Хрыстос Бог наш, Які асвятляе тых, што ў цемры; весяліся і ты, старац праведны, прыня́ўшы ў абды́мкі Вызваліцеля душ нашых, Які падае́ нам уваскрасенне.
І робіцца адпуст, калі Хрышчэнне будзе пазней. Калі ж будзе адразу пасля гэтага, то чытаюцца наступныя малітвы.
Аглашэнне
Свяшчэннік дзьмухае тройчы на твар чалавека, якога мае хрысціць, і робіць знак крыжа над чалом і грудзьмі яго тройчы і кладзе руку на галаву яго, прамаўляючы:
Госпаду памолімся.
Госпадзі, памілуй.
У імя́ Тваё, Госпадзі Божа ісціны, і Адзінароднага Твайго Сына, і Святога Твайго Духа, ускладаю руку́ маю́ на раба (рабу) Твайго (імя), які ўдастоіўся звярну́цца да святога імя́ Твайго і пад по́крывам крылаў Тваіх укры́цца; адымі́ ад яго той даўні зман і напоўні яго верай у Цябе, і надзеяй, і любоўю, каб зразумеў, што Ты адзіны Бог ісцінны, і Адзінародны Твой Сын Гасподзь наш Іісус Хрыстос, і Святы Твой Дух. Дай яму ва ўсіх запаведзях Тваіх хадзіць і пажада́нае Табе зберагчы́, бо калі будзе так рабіць чалавек, то жывы́ будзе тым. Напішы яго ў кнізе жыцця Твайго, далучы́ яго да статку спадчыны Тваёй, каб праславілася імя́ Тваё святое ў ім і ўзлюбленага Твайго Сына, Госпада ж нашага Іісуса Хрыста і Жыватворчага Твайго Духа. Няхай вочы Твае глядзяць на яго з міласцю заўжды і вушы Твае няхай чуюць голас малення яго. Узвесялі яго ў спра́вах рук яго і ва ўсім родзе яго, каб ён вызнава́ў Цябе, пакланя́ючыся і сла́вячы імя́ Тваё вялікае і высокае, і ўсхваля́ў Цябе заўжды ва ўсе дні жыцця свайго.
Бо Цябе апява́юць усе сілы нябесныя і Твая ёсць слава — Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер і заўсёды і на векі вякоў. Амінь.
Забарона першая
Госпаду памолімся.
Госпадзі, памілуй.
Забараня́е цябе, дыявале, Гасподзь, Які прыйшоў у свет і пасяліўся сярод людзей, каб зні́шчыць Тваё мучыцельства і вы́бавіць людзей, Які на дрэве супраціўныя сілы перамог, калі сонца памеркла і зямля завага́лася і магілы паадкрыва́ліся, і целы святых паўстава́лі, Які знішчыў смерцю смерць і скасаваў таго, хто мае ўладу смерці, гэта значыць, цябе, дыявала. Забараня́ю цябе Богам, Які паказаў дрэва жыцця і ўстанавіў херувімаў і палымяны меч, які паварочваецца, каб сцерагчы яго: будзь забаронены. Бо забараняю цябе Тым, Хто хадзіў як па сушы па паверхні мора і забараніў бурным вятра́м, Чый позірк су́шыць бе́здані і пагроза расплаўля́е горы, — Ён і цяпер забараня́е цябе праз нас. Пабойся, вы́йдзі і адступі́ ад стварэння гэтага, і не вярта́йся, і не таі́ся ў ім, не сустракай яго і не ўздзе́йнічай ні ў начы, ні ў дзень, ні раніцай, ні апоўдні, але адыдзі ў свой та́ртар аж да прызна́чанага вялі́кага дня Суднага. Пабойся Бога, Які сядзі́ць на херувімах і глядзі́ць на бездані, перад Якім трымця́ць ангелы, архангелы, прастолы, гасподствы, начальствы, улады, сілы, шматвокія херувімы і шасцікрылыя серафімы, перад Якім трымця́ць неба і зямля, мора і ўсё, што ў іх. Выйдзі і адступі ад запяча́танага новаабранага воіна Хрыста Бога нашага. Бо забараняю цябе Тым, Які нясе́цца на кры́лах ветру, творыць ангелаў Сваіх з агню пяку́чага, выйдзі і адступі ад стварэння гэтага з усёю сілаю і аггеламі тваімі.
Бо праслаўлена імя́ Айца, і Сына, і Святога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Забарона другая
Госпаду памолімся.
Госпадзі, памілуй.
Святы Бог, страшны і слаўны ва ўсіх дзе́яннях і моцы Сваёй, недаступны разуме́нню і пазна́нню, Які прадвы́значыў табе, дыявале, мучэнне ў вечнай паку́це, праз нас, недастойных Яго рабоў, загадвае табе і ўсёй дапаможнай тваёй сіле адступі́ць ад новазапяча́танага (новазапячатанай) і́мем Госпада нашага Іісуса Хрыста, ісціннага Бога нашага. Забараняю цябе, усязлога, і нячыстага, і агіднага, і мярзотнага, і чужога духа сілаю Іісуса Хрыста, Які ма́е ўсякую ўладу на небе і на зямлі і сказаў глухому і нямому дэману: выйдзі з чалавека і больш не ўваходзь у яго. Адступі, зразумей ма́рнасць сваёй сілы, што і над свіннямі ўлады не ма́е: успомні Таго, Хто загадаў табе, па тваёй просьбе, у статак свіней увайсці. Пабойся Бога, па загаду Якога зямля на водах сцве́рдзілася, Які стварыў неба і паставіў горы ўзроўнем і даліны мераю і паклаў пясок мяжою для мора і там, дзе многа вады, сцяжынку цвёрдую; Які дакранаецца да гор — і яны дымяцца; апранаецца ў святло, як у рызу; распрасцёр неба, як шацёр; ста́віць над водамі вышы́нныя харо́мы Свае; паставіў зямлю на цвёрдых асно́вах яе, так што не пахісне́цца яна на векі вякоў, выкліка́е ваду́ з мора и праліва́е яе на аблічча ўсёй зямлі. Вы́йдзі і адступі́ ад яго, які рыхтуецца да Святога Прасвячэння. Забараняю цябе спасіцельнымі пакутамі Госпада нашага Іісуса Хрыста, і святым Яго Целам і Крывёю, і прышэцем Яго страшным, бо Ён прыйдзе і не замарудзіць, каб судзі́ць усю зямлю, а цябе і спрыяльную табе сілу ўве́ргне ў геену вогненную і звергне ў цемру знешнюю, дзе чарвяк не ўмірае і агонь не згасае.
Выгалас: Бо ўлада Хрыста Бога нашага з Айцом і Святым Духам цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Забарона трэцяя
Госпаду памолімся.
Госпадзі, памілуй.
Гасподзь Саваоф, Божа Ізраілеў, Ты ацаляеш усялякую немач і ўсялякую рану, спагля́нь на раба Твайго, наведай яго, вы́прабуй і адгані ад яго ўсе сілы дыявала. Забарані́ нячыстых духаў, і выгані іх, і ачысці стварэнні рук Тваіх, і, скарыстаўшы Тваю знішчальную сілу, зве́ргні сатану да ног яго хутчэй і дай яму перамогу над ім і нячыстымі яго духамі; каб, ад Цябе міласць атрымаўшы, спадобіўся ён бессмяротных і нябесных Тваіх Тайн і славу Табе ўзно́сіў, Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва чацвёртая
Госпаду памолімся.
Госпадзі, памілуй.
Уладару Госпадзі Існы, Ты стварыў чалавека па вобразу Твайму і па падабенству і даў яму ўладу жыцця вечнага, і не пагарджа́ў ім, што адпаў з-за граху, але здзейсніў праз уцяле́сненне Хрыста Твайго спасенне свету. Ты Сам і гэтае стварэнне Тваё збаў ад рабства ворага, прымі ў Царства Тваё Наднябеснае, адкрый яго вочы духоўныя, каб азары́ць яго святлом Евангелля Твайго, далучы́ да жыцця яго ангела светлага, каб абараня́ў яго ад усялякага напа́ду супраціўнага, ад сустрэчы з нячыстым, ад дэмана спаку́слівага і ад мро́яў ма́рных.
И дзьме свяшчэннік на вусны яго, на лоб і на грудзі, прамаўляючы:
Выгані з яго (з яе) усякага злога і нячыстага духа, які хаваецца і гняздзіцца ў сэрцы яго. (Тройчы).
Духа падману, духа зла, духа ідаласлужэння, і ўсякага ха́барніцтва, духа лжывасці, і ўсякай нечыстаты́, якія дзейнічаюць па навучэнню дыявальскаму. І зрабі яго авечкаю разумнаю святога стада Хрыста Твайго, дастойным членам Царквы Тваёй, сы́нам і наследнікам (дачкой і наследніцай) Царства Твайго. Каб, жывучы́ па запаведзях Тваіх, і захаваўшы пячаць непару́шнаю, і збярогшы адзежу хрышчэння незабруджанай, ён атрымаў блажэнства святых у Царстве Тваім.
Выгалас: Благадаццю, і шчодрасцямі, і чалавекалюбствам Адзінароднага Сына Твайго, з Якім благаславёны Ты з Прасвятым і Добрым і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Свяшчэннік паварочвае на захад распранутага аглашэннага, які падняў ру́кі ўгору, і кажа:
Ці вырака́ешся сатаны і ўсіх спраў яго, і ўсіх аггелаў яго, і ўсяго служэння яго, і ўсяе ганарлівасці яго?
І адказвае аглашэнны альбо ўспрыемнік яго, калі хры́сціца чалавек, які не ведае нашай мовы, альбо немаўля, і кажа:
Вырака́юся.
Зноў свяшчэннік гаворыць, другі раз:
Ці вырака́ешся сатаны і ўсіх спраў яго, і ўсіх аггелаў яго, і ўсяго служэння яго, і ўсяе ганарлівасці яго?
І адказвае:
Вырака́юся.
Зноў свяшчэннік гаворыць, трэці раз:
Ці вырака́ешся сатаны і ўсіх спраў яго, і ўсіх аггелаў яго, і ўсяго служэння яго, і ўсяе ганарлівасці яго?
І адказвае:
Вырака́юся.
Пытаецца свяшчэннік у аглашэннага:
Ці вы́ракся (або ці выраклася) сатаны?
І адказвае аглашэнны альбо ўспрыемнік:
Вы́ракся.
Зноў пытаецца свяшчэннік:
Ці вы́ракся (або ці выраклася) сатаны?
І адказвае:
Вы́ракся.
Зноў пытаецца свяшчэннік трэці раз:
Ці вы́ракся (або ці выраклася) сатаны?
І адказвае:
Вы́ракся.
Тады кажа свяшчэннік:
І дунь, і плюнь на яго.
Пасля гэтага паварочвае яго свяшчэннік на ўсход з апушчанымі рукамі і кажа яму:
Ці далуча́ешся да Хрыста?
І адказвае аглашэнны альбо ўспрыемнік:
Далуча́юся.
Зноў кажа свяшчэннік другі раз:
Ці далуча́ешся да Хрыста?
І адказвае другі раз:
Далуча́юся.
Зноў кажа свяшчэннік трэці раз:
Ці далуча́ешся да Хрыста?
І адказвае трэці раз:
Далуча́юся.
Тады зноў кажа яму свяшчэннік:
Ці далучы́ўся (ці далучылася) да Хрыста?
І адказвае:
Далучы́ўся.
І яшчэ пытаецца:
І ці веруеш у Яго?
І адказвае:
Верую ў Яго як у Цара і Бога.
І прамаўляе Сімвал веры:
Верую ў адзінага Бога Айца, Уседзяржы́целя, Тварца неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Госпада Іісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі, Святло ад Святла, Бога ісціннага ад Бога ісціннага, народжанага, не створанага, адзінасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася. Які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага спасення сышоў з Нябёс, і ўцяле́сніўся ад Духа Святога і Дзевы Марыі, і стаў чалавекам. Быў распяты за нас пры Понціі Пілаце, і пакутаваў, і быў пахаваны. І ўваскрэс на трэці дзень згодна з Пісаннем. І ўзышоў на нябёсы, і сядзіць праваруч Айца, і зноў прыйдзе ў славе судзі́ць жывых і мёртвых, і Яго Царству не будзе канца. І ў Духа Святога, Госпада Жыватворчага, што ад Айца зыхо́дзіць, што з Айцом і Сынам разам пакланя́емы і сла́вімы, што гаварыў праз прарокаў. У адзіную Святую Саборную і Апостальскую Царкву. Вызнаю́ адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў. Чакаю ўваскрасення мёртвых і жыцця будучага веку. Амінь.
І пасля чытання Сімвала веры зноў кажа яму свяшчэннік:
Ці далучыўся (ці далучылася) да Хрыста?
І адказвае:
Далучыўся.
І зноў кажа:
І ці веруеш у Яго?
І адказвае:
Верую у Яго як у Цара і Бога.
І прамаўляе:
Верую ў адзінага Бога Айца, Уседзяржы́целя, Тварца неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Госпада Іісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі, Святло ад Святла, Бога ісціннага ад Бога ісціннага, народжанага, не створанага, адзінасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася. Які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага спасення сышоў з Нябёс, і ўцяле́сніўся ад Духа Святога і Дзевы Марыі, і стаў чалавекам. Быў распяты за нас пры Понціі Пілаце, і пакутаваў, і быў пахаваны. І ўваскрэс на трэці дзень згодна з Пісаннем. І ўзышоў на нябёсы, і сядзіць праваруч Айца, і зноў прыйдзе ў славе судзі́ць жывых і мёртвых, і Яго Царству не будзе канца. І ў Духа Святога, Госпада Жыватворчага, што ад Айца зыхо́дзіць, што з Айцом і Сынам разам пакланя́емы і сла́вімы, што гаварыў праз прарокаў. У адзіную Святую Саборную і Апостальскую Царкву. Вызнаю́ адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў. Чакаю ўваскрасення мёртвых і жыцця будучага веку. Амінь.
І пасля другога чытання Сімвала веры зноў кажа яму свяшчэннік трэці раз:
Ці далучыўся (ці далучылася) да Хрыста?
І адказвае:
Далучыўся.
І зноў кажа:
І ці веруеш у Яго?
І адказвае:
Верую у Яго як у Цара і Бога.
І прамаўляе:
Верую ў адзінага Бога Айца, Уседзяржы́целя, Тварца неба і зямлі, усяго бачнага і нябачнага. І ў адзінага Госпада Іісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі, Святло ад Святла, Бога ісціннага ад Бога ісціннага, народжанага, не створанага, адзінасутнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася. Які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага спасення сышоў з Нябёс, і ўцяле́сніўся ад Духа Святога і Дзевы Марыі, і стаў чалавекам. Быў распяты за нас пры Понціі Пілаце, і пакутаваў, і быў пахаваны. І ўваскрэс на трэці дзень згодна з Пісаннем. І ўзышоў на нябёсы, і сядзіць праваруч Айца, і зноў прыйдзе ў славе судзі́ць жывых і мёртвых, і Яго Царству не будзе канца. І ў Духа Святога, Госпада Жыватворчага, што ад Айца зыхо́дзіць, што з Айцом і Сынам разам пакланя́емы і сла́вімы, што гаварыў праз прарокаў. У адзіную Святую Саборную і Апостальскую Царкву. Вызнаю́ адно хрышчэнне для адпушчэння грахоў. Чакаю ўваскрасення мёртвых і жыцця будучага веку. Амінь.
І пасля трэцяга чытання Сімвала веры зноў пытаецца ў яго свяшчэннік:
Ці далучыўся да Хрыста?
І адказвае:
Далучыўся.
Зноў пытаецца свяшчэннік трэці раз:
Ці далучыўся да Хрыста?
І адказвае трэці раз:
Далучыўся.
І кажа свяшчэннік:
І паклані́ся Яму.
І той кланяецца, кажучы:
Пакланя́юся Айцу, і Сыну, і Святому Духу, Троіцы Адзінасутнай і Нераздзельнай.
Дарослы чалавек павінен зрабіць зямны паклон.
І кажа свяшчэннік:
Благаславёны Бог, што жадае, каб усе людзі спаслі́ся і да спазнання ісціны прыйшлі, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Таксама прамаўляе малітву гэту:
Госпаду памолімся.
Госпадзі, памілуй.
Уладару Госпадзі Божа наш, паклі́ч раба Твайго (рабу Тваю) (імя) да Святога Твайго Прасвячэння і спадобі яго вялікай гэтай благадаці, Святога Твайго Хрышчэння. Адрынь ад яго ўсё старое і абнаві яго для жыцця вечнага, і напоўні яго сілаю Святога Твайго Духа з далучэннем да Хрыста Твайго, каб не быў ён болей рабом цела, а быў сынам (дачкой) Твайго Царства, спрыяннем і благадаццю Адзінароднага Твайго Сына, з Якім благаславёны Ты з Прасвятым, і Добрым, і Жыватворчым Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.