Да Цімафея 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4 

 

Раздзел 1

1. Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, паводле абяца́ння жыцця ў Хрысце Іісусе,

2. Цімафею, узлю́бленаму сыну: благадаць, міласць, мір ад Бога Айца і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.

3. Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленні, што не перастаю́ паміна́ць цябе ў малітвах маіх уночы і ўдзень;

4. па́мятаючы слёзы твае, я пра́гну ўбачыць цябе, каб мне напоўніцца радасцю;

5. прыга́дваю сабе тваю некрываду́шную веру, якую раней ме́ла бабуля твая Лаíда і маці твая Яўнíкія; упэўнены, што і ты маеш яе.

6. З гэтай прычыны напаміна́ю, каб ты падтры́мліваў у сабе агонь да́ру Божага, які ў табе праз усклада́нне рук маіх;

7. бо даў нам Бог не дух баязлíвасці, а дух сілы, і любові, і разва́жнасці.

8. Таму не саромейся ні све́дчання пра Госпада нашага Іісуса Хрыста, ні мяне, вязня Яго; а пакутуй разам са мною за дабравесце Хрыстова сілаю Бога,

9. Які спас нас і паклікаў паклíканнем святым не паводле спраў нашых, а паводле Свайго прадустанаўле́ння і благадаці, да́дзенай нам у Хрысце Іісусе раней часоў адвечных,

10. а цяпер адкрытай яўле́ннем Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвятлíў жыццё і нятле́ннасць дабравесцем,

11. для якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і настаўнікам язычнікаў.

12. З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо ведаю, у Каго я ўвераваў, і ўпэ́ўнены, што Ён ма́е сілу залог мой захаваць на той дзень.

13. Узору здаровага вучэ́ння, якое ты чуў ад мяне, трымайся з вераю і любоўю ў Хрысце Іісусе.

14. Захоўвай добры залог сілаю  Духа Святога, Які жыве ў нас.

15. Ты ведаеш, што ўсе Асійцы адвярнуліся ад мяне; сярод іх Фíгел і Ермаген.

16. Няхай дасць Гасподзь міласць дому Анісíфара за тое, што ён шмат разоў падтры́мліваў мяне і не пасаромеўся аковаў маіх,

17. а калі быў у Рыме, з вялікім стараннем шукаў мяне і знайшоў.

18. Няхай дасць яму Гасподзь знайсці міласць у Госпада ў той дзень; а колькі ён паслужыў мне ў Эфэсе, ты лепш ведаеш.

 

Раздзел 2

1. Ты ж, сыне мой, умацоўвайся ў благадаці, якая ў Хрысце Іісусе,

2. і што́ чуў ад мяне пры многіх сведках, тое перадай верным людзям, якія здольныя будуць і іншых навучы́ць.

3. Ты ж перанось цяжкасці, як добры воін Іісуса Хрыста.

4. Ніякі воін не звязвае сябе жыццёвымі справамі, каб дагадзíць военачальніку.

5. Калі ж хто і змагаецца, то не будзе увянча́ны, калі ён незаконна будзе змагацца.

6. Земляроб, які працуе, першым павінен атрыма́ць сваю частку пладоў.

7. Абдумай тое, што я кажу. Няхай дасць табе Гасподзь разуме́нне ва ўсім.

8. Па́мятай уваскрэслага з мёртвых Госпада Іісуса Хрыста, ад семені Давідавага, паводле дабравесця майго,

9. за якое я пакутую аж да кайданоў, як злачынец; але на слова Божае няма кайданоў.

10. Таму я ўсё цярплю дзеля абраных, каб і яны атрымалі спасенне ў Хрысце Іісусе са славаю вечнаю.

11. Вартае веры слова: калі мы з Ім памерлі, то з Ім і ажывём;

12. калі церпім, то з Ім і царстваваць будзем; калі адрачомся, то і Ён адрачэцца ад нас;

13. калі мы няверныя, то Ён застаецца верным, бо ад Сябе адрачы́ся не можа.

14. Гэта нагадвай, перад Госпадам заклінаючы не ўступаць у сваркі, ад якіх няма ніякай карысці, а толькі згу́ба слухача́м.

15. Старайся праявíць сябе перад Богам годна, як працаўнік бездакорны, які правільна выклада́е сло́ва ісціны.

16. А нягоднага пустаслоўя пазбягай; бо хто займаецца ім, тыя яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасць,

17. і слова іх, як гангрэна, будзе раз’яда́ць усё. Да іх нале́жаць Імяне́й і Філíт,

18. якія ўхіліліся ад ісціны, кажучы, што ўваскрасенне ўжо было, і разбура́юць у некаторых веру.

19. Аднак трывалы падму́рак Божы стаіць, маючы пячаць гэтую: “спазнаў Гасподзь Сваіх” і “няхай адсту́піць ад няпраўды кожны, хто вызнае́ імя́ Гасподняе”.

20. А ў вялікім доме ёсць посуд не толькі залаты і сярэбраны, але і драўляны і гліняны; і адзін у пачэсным, а другі ў нізкім ужы́тку.

21. Дык вось, хто ачы́сціць сябе ад гэтага, той будзе пасудзінай пачэснай, асвячонай і патрэбнай Гаспадару́, гатовай да ўсякай добрай справы.

22. А юнацкіх пажа́днасцяў пазбяга́й, імкніся ж да праўды, веры, любові, міру з усімі, хто закліка́е Госпада ад чыстага сэрца.

23. Ад неразумных і бязглуздых спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджа́юць сваркі;

24. рабу ж Гасподняму нельга свары́цца, а трэба быць прыя́зным да ўсіх, здольным навуча́ць, цярплівым,

25. з лагоднасцю настаўляць праціўнікаў, — ці не дасць ім Бог пакаяння для спазна́ння ісціны,

26. каб яны вы́зваліліся з пасткі дыявала, які паланíў іх для выкана́ння яго волі.

 

Раздзел 3

1. Ведай жа тое, што ў апошнія дні настануць часы ця́жкія.

2. Бо людзі будуць самалюбівыя, срэбралюбівыя, ганары́стыя, фанабэрыстыя, богазневажа́льнікі, бацька́м непако́рныя, няўдзячныя, бязбожныя, бессардэчныя,

3. бязлітасныя, паклёпнікі, нястры́маныя, жорсткія, ненавіснікі дабра,

4. здраднікі, нахабныя, пыхлівыя, больш сласталюбíвыя, чым богалюбíвыя,

5. якія зне́шне паказваюць набожнасць, але ад сілы яе адракліся. Такіх пазбяга́й.

6. Да іх нале́жаць тыя, што пранікаюць у дамы́ і зводзяць жанчын, якія патана́юць ў грахах і апанава́ны рознымі пажа́днасцямі,

7. якія заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазна́ння ісціны.

8. Як Іанíй і Іамвры́й працівіліся Маісею, так працівяцца ісціне і яны, людзі з сапсаваным розумам, недасведчаныя ў веры.

9. Але яны не многага дасягну́ць; бо іх бязглу́здасць для ўсіх стане відавочнай, як і з тымі сталася.

10. А ты стаў маім паслядоўнікам у вучэнні, жыцці, мэтах, веры, доўгацярпенні, любові, стойкасці,

11. у ганеннях, пакутах, якія вы́палі мне ў Антыяхíі, Іканíі, Лíстрах; такія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Гасподзь.

12. Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Іісусе, будуць цярпець ганенні;

13. а ліхія людзі і ашуканцы будуць станавіцца яшчэ горшымі, уводзячы ў падман і бу́дучы падма́нутымі.

14. Ты ж трымайся таго, чаму наву́чаны і што́ табе даве́рана, бо ве́даеш, кім ты наву́чаны;

15. і яшчэ з маленства ты ведаеш свяшчэнныя пісанні, якія могуць умудры́ць цябе на спасенне праз веру ў Хрыста Іісуса.

16. Усё Пісанне — боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для настаўлення ў праведнасці,

17. каб быў дасканалым Божы чалавек, да ўсякай добрай справы падрыхтава́ным.

 

Раздзел 4

1. Дык вось, я заклінаю цябе перад Богам і Госпадам нашым Іісусам Хрыстом, Які будзе судзíць жывых і мёртвых пры яўле́нні Яго і ў Царстве Яго:

2. прапаведуй слова, будзь настойлівы ў час і не ў час, выкрыва́й, дакара́й, падбадзёрвай з усёй доўгацярплівасцю і з настаўленнем.

3. Бо настане час, калі здаровага вучэння трымацца не будуць, а паводле сваіх хаце́нняў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, якія б ла́шчылі слых;

4. і ад ісціны адве́рнуць вушы і зве́рнуцца да баек.

5. Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпліва перанось беды, выконвай справу дабравесніка, здзяйсня́й служэнне сваё.

6. Бо я ўжо станаўлюся ахвя́раю, і час майго адыходу настаў.

7. Подзвігам добрым я падзвізаўся, шлях завяршыў, веру захаваў;

8. а цяпер прызна́чаны мне вянец праведнасці, які дасць мне Гасподзь, Суддзя праведны, у дзень той; і не толькі мне, але і ўсім, хто з любоўю чакае яўле́ння Яго.

9. Пастарайся прыйсці да мяне ў хуткім часе.

10. Бо Дзімас пакінуў мяне, узлюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Гала́тыю, Ціт у Далма́тыю; адзін Лука са мною.

11. Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбны для служэння.

12. Ціхіка я паслаў у Эфес.

13. Калі пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва перга́ментныя.

14. Меднік Аляксандр многа зла зрабіў мне. Няхай адпла́ціць яму Гасподзь паводле спраў яго!

15. Асцерагайся і ты яго, бо ён вельмі працівіўся нашым сло́вам.

16. Пры першым слу́ханні маёй справы нікога не было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Няхай гэта не залíчыцца ім!

17. Але Гасподзь явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне распаўсю́дзілася дабравесце і пачулі яго ўсе язычнікі; і я быў вы́звалены з пашчы льва.

18. І збавіць мяне Гасподзь ад усякай справы ліхой і зберажэ для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амінь.

19. Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісíфара.

20. Эраст застаўся ў Карынфе; а Трафіма я пакінуў хворага ў Міліце.

21. Пастарайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзíя, і ўсе браты.

22. Гасподзь Іісус Хрыстос з духам тваім. Благадаць з вамі. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.