Да Яўрэяў Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13

 

Раздзел 1

1. Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў,

2. у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў.

3. Ён, будучы ззяннем славы і адлюстраваннем істоты Яго і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, здзейсніўшы Сабою ачышчэнне грахоў нашых, сеў праваруч прастола велічы ў вы́шніх,

4. настолькі пераўзыходзячы ангелаў, наколькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.

5. Бо каму з ангелаў калі-небудзь сказаў Бог: “Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе”? І яшчэ: “Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам”?

6. Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: “і няхай пакло́няцца Яму ўсе ангелы Божыя”.

7. Пра ангелаў сказана: “Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя вогненнае”.

8. А пра Сына: “прастол Твой, Божа, у век веку; жазло́ царства Твайго — жазло справядлівасці.

9. Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх”;

10. і: “у пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх;

11. яны загінуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзежа, састарацца,

12. і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не скончацца”.

13. Каму з ангелаў сказаў калі-небудзь Бог: “сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх”?

14. Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасла́ныя на служэнне дзеля тых, якія маюць унасле́даваць спасе́нне?

 

Раздзел 2

1. Таму мы павінны быць асабліва ўважлівымі да пачутага, каб не адпа́сці.

2. Бо, калі праз ангелаў прамоўленае слова было́ непару́шным і ўсякае парушэ́нне і непаслушэ́нства вялі да справядлівай адплаты,

3. то як пазбе́гнем яе мы, не дба́ючы пра такую веліч — спасенне, якое, будучы спачатку абве́шчана Госпадам, ў нас было ўмацавана тымі, хто чуў гэта,

4. а Бог засведчыў гэта і знаме́ннямі, і цудамі, і рознымі сіламі, і раздава́ннем дароў Духа Святога па волі Сваёй?

5. Бо не ангелам Бог падпарадкава́ў будучы свет, пра які мы вядзём гаворку;

6. засве́дчыў жа нехта недзе, кажучы: “што́ ёсць чалавек, што Ты па́мятаеш яго? альбо сын чалавечы, што Ты дба́еш пра яго?

7. Мала ніжэйшым за ангелаў зрабіў Ты яго; славаю і пашанаю ўвянчаў Ты яго і паставіў яго над справамі рук Тваіх;

8. усё пакары́ў пад ногі яго”. А калі пакары́ў яму ўсё, то не пакінуў нічога непако́раным яму. Цяпер жа яшчэ не бачым, каб яму ўсё было пако́рана;

9. але мала ніжэйшым за ангелаў бачым Іісуса, увянча́нага славаю і пашанаю за пакуты смяротныя, каб Ён па благадаці Божай зведаў смерць за ўсіх.

10. Бо нале́жала, каб Той, дзеля Якога ўсё і праз Якога ўсё, Які многіх сыноў прыводзіць да славы, правадыра́ спасення іх зрабіў даскана́лым праз пакуты.

11. Бо і Той, Хто асвяча́е, і тыя, што асвяча́юцца, усе — ад Адзінага; таму Ён не саромеецца называць іх братамі, кажучы:

12. “абвяшчу́ імя́ Тваё брата́м Маім, пасярод царквы буду апяваць Цябе”.

13. І яшчэ: “Я буду спадзявацца на Яго”. І яшчэ: “вось Я і дзеці, якіх даў Мне Бог”.

14. А паколькі гэтыя дзеці адзінай плоці і крыві, то і Ён таксама ўспрыняў плоць і кроў, каб смерцю пазба́віць сілы таго, хто ма́е ўладу смерці, гэта значыць дыявала,

15. і вы́зваліць тых, якія з-за страху смерці ўсё жыццё былі падле́глыя рабству.

16. Бо не ад ангелаў Ён успрыма́е прыроду, а ўспрымае ад семені Аўраамава.

17. Таму Ён павінен быў ва ўсім стаць падобным да братоў, каб быць мíласцівым і верным Першасвятаром перад Богам для ўміласціўле́ння за грахі народа.

18. Бо паколькі Ён прыня́ў пакуты, Сам прайшоўшы праз выпрабава́нні, то можа дапамагчы́ тым, хто ў выпрабава́ннях.

 

Раздзел 3

1. Дык вось, браты святыя, супольнікі нябеснага паклíкання, паглядзíце на  Пасла́нніка і Першасвятара вызнання нашага, Хрыста Іісуса,

2. Які верны Таму, Хто паставіў Яго, як і Маісей ва ўсім доме Яго.

3. Бо Ён удасто́ены настолькі бо́льшай славы, чым Маісей, наколькі большы гонар у параўнанні з домам ма́е той, хто пабудаваў яго;

4. таму што ўсякі дом будуецца кім-небудзь; а будаўнік усяго — Бог.

5. І Маісей верны ва ўсім доме Яго, як служы́цель, дзеля све́дчання таго, што нале́жала абвясціць.

6. А Хрыстос — як Сын у доме Яго; дом жа Яго — мы, калі толькі цвёрда захаваем да канца адвагу і надзею, якою ганарымся.

7. Таму, як кажа Дух Святы, “сёння, калі пачуеце голас Яго,

8. не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы, як падчас бунту, у дзень спакушэння ў пустыні,

9. дзе спакушалі Мяне бацькі вашы, выпрабоўвалі Мяне і бачылі справы Мае сорак гадоў.

10. Таму разгневаўся Я на той род і сказаў: яны заўсёды блука́юць сэ́рцам і не спазналі яны шляхоў Маіх;

11. таму пакляўся Я ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у спакой Мой”.

12. Глядзіце, браты, каб не было ў кім у вас сэрца злога і бязвернага, каб не адступíцца ад Бога жывога.

13. А настаўляйце адзін аднаго кожны дзень, пакуль можна казаць “сёння”, каб не стаў жорсткім хто з вас, уведзены ў зман грахом.

14. Бо мы сталі супольнікамі Хрыста і застане́мся імі, калі толькі пачатае жыццё цвёрда ўтрымаем да канца,

15. пакуль гаворыцца: “сёння, калі пачуеце голас Яго, не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы, як падчас бунту”.

16. Бо некаторыя, хто чуў, узбунтава́ліся; але не ўсе, хто выйшаў з Егіпта разам з Маісеем.

17. На каго ж гневаўся Ён сорак гадоў? Хіба не на тых, што саграшылі, чые косці пале́глі ў пустыні?

18. Пра каго ж кажучы Ён пакляўся, што не ўвойдуць у спакой Яго, калі не пра тых, якія не скарыліся?

19. І мы бачым, што яны не змаглі ўвайсці з-за нявер’я.

 

Раздзел 4

1. Дык вось, будзем асцерага́цца, каб, пакуль яшчэ застаецца ў сіле абяцанне пра ўваход у спакой Яго, не аказалася, што нехта з вас спазніўся.

2. Бо і нам да́дзена дабравесце, як і тым; але не пайшло ім на карысць слова пачутае, не спалучы́ўшыся з вераю тых, якія пачулі.

3. А ўваходзім у спакой мы, якія ўверавалі, бо Ён сказаў: “Я пакляўся ў гневе Маім, што яны не ўвойдуць у спакой Мой”, хоць справы Яго былі здзейснены на пачатку свету.

4. Таму што ска́зана недзе пра сёмы дзень так: “і спачыў Бог у дзень сёмы ад усіх спраў Сваіх”.

5. І яшчэ тут: “не ўвойдуць у спакой Мой”.

6. Дык вось, паколькі некаторым застае́цца магчымасць увайсці ў яго, а тыя, каму раней абве́шчана, не ўвайшлі з-за непакорлівасці,

7. то Ён зноў вызначае пэўны дзень — “сёння”, гаворачы праз Давіда, пасля такога доўгага часу, як вышэй сказана: “сёння, калі пачуеце голас Яго, не зрабіце жорсткімі сэрцы вашы”.

8. Бо калі б Іісус Навін увёў іх у спакой, то не гаварылася б пасля гэтага пра іншы дзень.

9. Таму для народа Божага суботні спакой яшчэ наперадзе.

10. Бо хто ўвайшоў у спакой Яго, той і сам спачыў ад спраў сваіх, як Бог — ад Сваіх.

11. Дык вось, пастараемся ўвайсці ў той спакой, каб хто-небудзь не паў, пераняўшы той самы прыклад непакорлівасці.

12. Бо слова Божае — жывое, і дзейснае, і вастрэйшае за любы меч двухбаковы, і пранікае яно да раздзялення душы́ і духа, суставаў і мозгу касцей, і су́дзіць помыслы і намеры сэрца.

13. І няма стварэння, схаванага ад Яго, а ўсё аголена і адкрыта перад вачыма Яго: Яму дадзім адказ.

14. Дык вось, маючы Першасвятара вялікага, Які прайшоў нябёсы, Іісуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага.

15. Бо мы маем не такога першасвятара, што не можа пакутаваць разам з намі ў немачах нашых, а Такога, што зазнаў усё, падобна нам, акрамя граху.

16. Таму прысту́пім з адвагаю да прастола благадаці, каб атрымаць міласць і здабыць благадаць для своечасовай дапамогі.

 

Раздзел 5

1. Таму што кожны першасвятар, з людзей вы́браны, дзеля людзей ставіцца на служэнне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,

2. бу́дучы здольны спагада́ць тым, хто ў няве́данні і ўве́дзены ў зман, бо і сам ахоплены не́маччу,

3. і таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.

4. І ніхто сам сабе не надае́ гэтай годнасці, толькі пакліканы Богам, як і Аарон.

5. Так і Хрыстос не Сам Сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: “Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе”;

6. як і ў іншым месцы кажа: “Ты святар навек па чыну Мелхіседэкаву”.

7. Ён у дні Свайго цялеснага жыцця ўзнёс малітвы і прашэ́нні з ускліка́ннем моцным і са слязьмі Таму, Хто мог збавіць Яго ад смерці, і пачуты быў за глыбокую пашану да Бога;

8. хоць і Сын Ён, аднак праз пакуты навучы́ўся паслушэ́нству

9. і, будучы дасканалым, стаў для ўсіх паслухмя́ных Яму прычынаю спасення вечнага,

10. назва́ны ад Бога Першасвятаром па чыну Мелхіседэкаву.

11. Пра гэта мы многае маем сказаць, але цяжка растлума́чыць, бо вы сталі няздо́льнымі слухаць.

12. І хоць пара́ ўжо вам самім быць настаўнікамі, але вас зноў трэба вучы́ць першаасно́вам вучэння Божага, і вам зноў  патрэ́бна малако, а не цвёрдая ежа.

13. Бо кожны, каго кормяць малаком, той недасве́дчаны ў слове праўды, таму што гэта дзіця;

14. а цвёрдая ежа — для дасканалых, у якіх пачуцці вопытам прыву́чаны адрозніваць дабро і зло.

 

Раздзел 6

1. Дык вось, адкла́ўшы нача́ткі вучэння Хрыстовага, будзем імкну́цца да даскана́ласці, а не закладаць нано́ва падмурка, гаворачы пра пакаянне ў мёртвых справах і пра веру ў Бога,

2. пра вучэнне аб хрышчэннях, пра ўскладанне рук, пра ўваскрасенне мёртвых і пра суд вечны.

3. Зробім і гэта, калі Бог дазволіць.

4. Бо немагчыма тых, што аднойчы прасвяціліся, і паспыта́лі да́ру нябеснага, і сталі супо́льнікамі Духа Святога,

5. і паспыта́лі добрага слова Божага і сіл будучага веку,

6. і адпалі, — зноў абнаўляць пакаяннем, калі яны зноў распінаюць у сабе Сына Божага і зневажаюць Яго.

7. Бо зямля, якая напо́йваецца частымі дажджамі і родзіць расліны на карысць тым, дзеля каго яна і абрабля́ецца, атры́млівае благаславенне ад Бога;

8. а тая, што прыносіць церні і бадзякí — нягодная і блізкая да пракляцця, вынік якога — спале́нне.

9. А што да вас, узлџбленыя, то спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трыма́ецеся спасення, хоць мы і гаворым так.

10. Бо не няправедны Бог, каб забыць справу вашу і працу любові, якую вы праявілі ў імя́ Яго, паслужы́ўшы і слу́жачы святым.

11. Жадаем жа, каб кожны з вас, дзеля ўпэўненасці ў здзяйсненні надзеі, праяўляў такую самую руплівасць да канца;

12. каб вы не сталі лянівымі, а былі перайма́льнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю атрымліваюць у спадчыну абяцанае.

13. Бо даючы́ абяцанне Аўрааму, Бог, паколькі не мог нікім вышэйшым паклясціся, то кляўся Самім Сабою,

14. кажучы: “сапраўды, благаслаўля́ючы благаслаўлџ цябе і, размнажа́ючы размножу цябе”.

15. І так Аўраам, праявіўшы доўгацярплівасць, атрыма́ў абяца́нае.

16. Людзі клянуцца вышэйшым, і кожная спрэчка іх зака́нчваецца клятвай дзеля сцвярджэ́ння.

17. Таму і Бог, жадаючы выразней паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць Сваёй волі, замацаваў яго клятвай,

18. каб у дзвюх нязме́нных рэчах, у якіх не можа Бог салгаць, цвёрдае суцяшэнне мелі мы, пабегшы, каб ухапіцца за надзею, якая перад намі

19. і якая нам для душы́ нібы якар трывалы і моцны, што ўваходзіць унутр за заслону,

20. куды як папярэднік увайшоў дзеля нас Іісус, стаўшы Першасвяшчэннікам навек па чыну Мелхіседэкаву.

 

Раздзел 7

1. Бо Мелхіседэк, цар Саліма, свяшчэннік Бога Ўсявы́шняга, той, які сустрэў Аўраама, калі ён вяртаўся пасля паражэ́ння цароў, і благаславіў яго,

2. якому і дзесяціну з усяго вы́дзеліў Аўраам, — найперш, паводле значэння імені — цар праўды, а затым і цар Саліма, што азнача́е — цар міру,

3. без бацькі, без маці, без радаслоўя, не ма́ючы ні пачатку дзён, ні канца жыцця, падобна Сыну Божаму, застае́цца свяшчэннікам назаўсёды.

4. Бачыце, які вялікі той, каму і Аўраам, патрыярх, даў дзесяціну з найлепшай здабы́чы сваёй.

5. Тыя з сыноў Левíевых, што прымаюць свяшчэнства, маюць запаведзь — браць па закону дзесяціну з народа, гэта значыць, са сваіх братоў, хоць і тыя паходзяць з роду Аўраама;

6. а гэты, які не паходзіць з іх роду, атрымаў дзесяціну ад Аўраама і благаславіў таго, хто меў абяцанні.

7. Бясспрэчна ж, што меншае атрымлівае благаславенне ад большага.

8. І тут атрымліваюць дзесяціны людзі смяротныя, а там — той, хто мае пра сябе сведчанне, што ён жывы.

9. І, можна сказаць, сам Левій, які атрымлівае дзесяціны, праз Аўраама даў дзесяціну:

10. бо ён быў яшчэ ўнутры бацькі, калі Мелхіседэк сустрэў яго.

11. Дык вось, калі б дасканаласць дасяга́лася праз левіцкае свяшчэнства, — бо на ім грунтуецца закон, да́дзены народу, — то якая б яшчэ была́ патрэба з’яўляцца іншаму свяшчэнніку па чыну Мелхіседэкаву, такому, які б не называўся па чыну Ааронаву?

12. Бо з пераменаю свяшчэнства павінен перамяніцца і закон,

13. бо Той, пра Каго гаворыцца гэта, належаў да іншага калена, з якога ніхто не служыў пры ахвярніку;

14. бо вядома, што Гасподзь наш паходзіць ад Іуды, пра калена якога ў дачыненні да свяшчэнства Маісей не сказаў нічога.

15. І гэта яшчэ ясней відаць, калі па падабенству Мелхіседэкаву паўстае Свяшчэннік іншы,

16. Які стаў такім не паводле закону запаведзі плоцкай, а паводле сілы жыцця нятленнага.

17. Бо засве́дчана: “Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву”.

18. Дык вось, адбываецца адмена ранейшай запаведзі з-за яе слабасці і бескары́снасці —

19. бо закон нічога не давёў да дасканаласці, — і даецца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога.

20. І паколькі гэта было не без клятвы, —

21. тыя ж свяшчэннікамі сталі без клятвы, а Гэты з клятваю, бо пра Яго ска́зана: “кляўся Гасподзь і не раскаецца: Ты свяшчэннік навек па чыну Мелхіседэкаву”, —

22. то і лепшага запавету паручы́целем стаў Іісус.

23. Прычым тых свяшчэннікаў было многа, бо смерць не дазваляла заставацца назаўсёды;

24. а Гэты, паколькі застае́цца вечна, то ма́е свяшчэнства, якое не міна́е,

25. таму і можа заўжды спасаць тых, што прыходзяць праз Яго да Бога, бо Ён заўсёды жывы́, каб хада́йнічаць за іх.

26. Такі і патрэбен нам быў Першасвяшчэннік: святы, нявінны, беззага́нны, аддзе́лены ад грэшнікаў і ўзне́сены вышэй за нябёсы,

27. Які не ма́е патрэбы, як тыя першасвяшчэннікі, прыносіць штодзень ахвяры спачатку за свае грахі, а потым за грахі народа; бо Ён гэта зрабіў раз назаўсёды, калі прынёс у ахвяру Самога Сябе.

28. Бо закон ставіць першасвяшчэннікамі людзей, падле́глых сла́басцям; а слова клятвы, якая была пасля закона, паставіла Сына, навек даскана́лага.

 

Раздзел 8

1.  А ў тым, пра што гаворым, вось галоўнае: мы маем такога Першасвяшчэнніка, Які сеў праваруч прастола велічы на нябёсах

2. як служыцель свяцілішча і скініі ісціннай, якую збудаваў Гасподзь, а не чалавек.

3. Бо усякі першасвяшчэннік ставіцца, каб прыносіць дары і ахвяры; таму неабходна, каб і Гэты меў што прыне́сці.

4. Дык вось, калі б Ён заставаўся на зямлі, то не быў бы свяшчэннікам, паколькі тут ёсць свяшчэннікі, якія па закону прыносяць дары;

5. яны служаць вобразу і ценю нябеснага, як абве́шчана было Маісею, калі ён збіраўся паставіць скінію: глядзі, ска́зана, зрабі ўсё па ўзору, пака́занаму табе на гары.

6. Гэты ж Першасвяшчэннік атрымаў служэнне настолькі выдатнейшае, наколькі лепшага Ён пасрэднік запавету, заснаванага на лепшых абяцаннях.

7. Бо калі б першы запавет быў бездакорны, то не было́ б патрэбы шукаць месца для іншага.

8. Але прарок, дакара́ючы іх, кажа: “вось, настаџць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Іуды новы запавет,

9. не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іх у той час, калі ўзяў іх за руку, каб вывесці іх з зямлі Егіпецкай; паколькі яны не засталіся ў тым запавеце Маім, то і Я перастаў дбаць пра іх, кажа Гасподзь.

10. Бо вось запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу законы Мае ў думкі іх і напішу іх на сэрцах іх; і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.

11. І не будзе вучыць кожны бліжняга свайго, і кожны — брата свайго, кажучы: спазнай Госпада; таму што ўсе, ад малога да вялікага, будуць знаць Мяне;

12. таму што Я буду міласцівы да няпраўд іх і больш не згадаю грахоў іх і беззаконняў іх”.

13. Кажучы “новы”, Ён паказаў састарэласць першага; а што зада́ўнілася і старэ́е, тое блізка да знікне́ння.

 

Раздзел 9

1. Дык вось, і першы запавет меў устанаўле́нні пра богаслужэ́нне, а таксама свяцілішча зямное,

2. бо ўладкава́на была́ скінія першая, у якой былí свяцíльнік, і трапе́за, і хлябы́ выстаўле́ння; яна называ́ецца “Святое”.

3. А за другою заве́саю была́ скінія, называ́ная “Святое Святых”,

4. якая ме́ла залатую кадзíльніцу і пакрыты з усіх бакоў золатам каўчэг запавету, у якім знаходзіліся залаты́ сасу́д з ма́ннаю, жазло́ Ааро́нава расквітне́лае і скрыжа́лі запаве́ту,

5. а над ім херувімы славы, якія ахіна́лі месца ўміласціўле́ння; пра гэта няма патрэбы цяпер гаварыць падрабязна.

6. Пры тым, што гэта так было ўладкава́на, у першую скінію заўсёды ўваходзяць свяшчэннікі, выконваючы служэнне;

7. а ў другую —раз у год адзін толькі першасвяшчэннік, не без крывí, якую ён прыно́сіць за сябе і за грахі наро́да, учыненыя з-за няве́дання.

8. Гэтым Дух Святы паказвае, што яшчэ не адкрыта дарога ў свяцілішча, пакуль стаіць ранейшая скінія.

9. Яна — вобраз цяперашняга часу, калі прыносяцца дары і ахвяры, якія не могуць зрабіць у сумленні дасканалым таго, хто слу́жыць;

10. яны з патрабаваннямі адносна ежы і пітва, з рознымі абмываннямі і абрадамі, якія датычацца плоці, устаноўлены былі толькі да часу выпраўлення.

11. Але Хрыстос, Першасвяшчэннік бу́дучых дабро́т, прыйшоўшы праз бо́льшую і даскана́лейшую скінію, нерукатво́рную, гэта значыць, не звычайнага пахо́джання,

12. і не з крывёю казлоў і цялят, а са Сваёю Крывёю, раз назаўжды ўвайшоў у свяцілішча і набы́ў ве́чнае адкупле́нне.

13. Бо, калі кроў быкоў і казлоў і по́пел цялушкі праз акрапле́нне асвяча́е апага́неных, каб чы́стым было́ це́ла,

14. то тым больш Кроў Хрыста, Які Духам Святы́м прынёс Сябе, беззага́ннага, Богу, ачы́сціць сумле́нне наша ад мёртвых спраў, каб мы служы́лі Богу жыво́му і íсціннаму.

15. І таму Ён — пасрэднік новага запавету, каб у выніку смерці Яго, якая была дзеля адкуплення за правіны, учыненыя ў першым запавеце, пакліканыя да вечнай спадчыны атрымалі абяцанае.

16. Бо, дзе завяшчанне[1], там неабходна, каб настала смерць завяшчальніка,

17. бо завяшчанне дзейнічае пасля смерці; яно не мае сілы, калі завяшчальнік жывы.

18. Таму і першы запавет уведзены быў не без крыві.

19. Бо калі Маісей абвясціў усе запаведзі, прадпíсаныя законам, перад усім народам, то ўзяў кроў цялят і казлоў з вадою і воўнаю чырвонаю і ісопам і акрапіў саму кнігу і ўвесь народ,

20. кажучы: “гэта кроў запавету, які запаведаў вам Бог”.

21. Таксама і скінію, і ўсе сасуды богаслужэбныя акрапіў крывёю.

22. Ды амаль усё паводле закону ачышчаецца крывёю, і без праліцця крыві не бывае прабачэння.

23. Таму і трэба было, каб вобразы нябеснага ачышчаліся гэтак, а само нябеснае — ахвярамі, лепшымі за гэтыя.

24. Бо Хрыстос увайшоў не ў рукатворнае свяцілішча, якое з’яўляецца вобразам ісціннага, а ў самое неба, каб стаць сёння перад абліччам Божым дзеля нас,

25. і не для таго, каб шмат разоў прыносіць Сябе ў ахвяру, як першасвяшчэннік, які  ўваходзіць у свяцілішча штогод з чужою крывёю;

26. інакш належала б Яму шмат разоў пакуты прымаць ад пачатку свету. А цяпер, пры канцы вякоў, Ён раз назаўжды з’явіўся для знішчэння граху ахвяраю Сваёю.

27. І як людзям належыць адзін раз памерці, а потым суд,

28. так і Хрыстос, адзін раз прынёсшы Сябе ў ахвяру, каб узяць грахі многіх, другі раз з’я́віцца не для ачышчэння ад граху, а дзеля спасення тых, што чакаюць Яго.

 

Раздзел 10

1. Таму што закон, маючы цень будучых даброт, а не сам вобраз рэчаў, аднымі і тымі ж ахвярамі, якія кожны год пастаянна прыносяцца, ніколі не можа зрабіць даскана́лымі тых, што прыходзяць з імі.

2. Інакш перасталі б прыносіць іх, бо тыя, што выконваюць служэнне, будучы адзін раз ачы́шчанымі, не мелі б ужо ніякага ўсведамле́ння грахоў.

3. Наадварот, ахвяры нага́дваюць пра грахі штогод,

4. бо немагчыма, каб кроў быкоў і казлоў знішча́ла грахі.

5. Таму Хрыстос, уваходзячы ў свет, кажа: “ахвяры і прынашэ́ння Ты не пажада́ў, а ўгатава́ў Мне цела;

6. усеспале́нняў і ахвяр за грэх не ўпадаба́ў Ты.

7. Тады Я сказаў: вось, іду, як у пачатку кнігі напісана пра Мяне, каб вы́канаць волю Тваю, Божа”.

8. Сказаўшы перш, што “ні ахвяры, ні прынашэння, ні ўсеспаленняў, ні ахвяры за грэх, якія прыносяцца паводле закона, не пажада́ў і не ўпадаба́ў Ты”,

9. Ён потым дадаў: “вось, іду, каб вы́канаць волю Тваю, Божа”. Ён адмяня́е першае, каб пастанавіць другое.

10. Па гэтай волі мы асвячо́ны прынашэ́ннем Цела Іісуса Хрыста раз назаўжды.

11. І кожны свяшчэннік штодзень стаіць, слу́жачы і шмат разоў прыно́сячы адны і тыя ж ахвяры, якія ніколі не могуць зняць грахі.

12. А Ён, прынёсшы адну ахвяру за грахі, назаўсёды сеў праваруч Бога,

13. чакаючы з таго часу, пакуль ворагі Яго будуць пакладзены “у падножжа ног Яго”;

14. бо адным прынашэ́ннем Ён назаўсёды зрабіў даскана́лымі тых, хто асвяча́ецца.

15. Пра гэта сведчыць нам і Дух Святы, бо ска́зана:

16. “вось запавет, які Я заключу з імі пасля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу законы Мае́ ў сэ́рцы іх, і ў думках іх напішу іх”, а потым:

17. “і грахоў іх і беззаконняў іх не згадаю больш”.

18. А дзе ёсць прабачэнне грахоў, там не патрэбна прынашэ́нне за грэх.

19. Дык вось, браты, маючы адвагу ўваходзіць у свяцілішча дзякуючы Крыві Іісуса Хрыста, шля́хам новым і жывым,

 20. які Ён зноў адкрыў нам праз заслону, гэта значыць, праз Плоць Сваю,

21. і маючы Свяшчэнніка вялікага над домам Божым,

22. будзем прыступа́ць са шчырым сэрцам, у паўнаце́ веры, ачы́сціўшы сэ́рцы ад ліхога сумле́ння і абмы́ўшы цела вадою чыстаю,

23. будзем трымацца вызна́ння надзеі непахíсна, бо верны Той, Хто абяцаў;

24. і будзем ува́жлівымі адно да аднаго, заахво́чваючы да любові і добрых спраў;

25. не будзем пакіда́ць сходу нашага, як гэта для некаторых стала звы́чаем, а будзем падтры́мліваць адно аднаго, і тым больш, чым бліжэй вы бачыце дзень той.

26. Бо калі мы, атрыма́ўшы пазна́нне ісціны, па сваёй волі грашы́м, то ўжо больш няма ахвяры за грахі,

27. а застае́цца нейкае страшнае чака́нне суду́ і лџтасць агнџ, гатовага пажэ́рці супраціўных.

28. Калі таго, хто адкінуў закон Маісееў, пры двух альбо трох све́дках, без літасці караюць смерцю,

29. наколькі ж цяжэ́йшага, думаеце вы, пакара́ння ва́рты будзе той, хто зневажа́е Сына Божага, і не прызнае́ за святыню Кроў запавету, якою быў асвячоны, і Духа благадаці абража́е?

30. Бо мы ведаем Таго, Хто сказаў: “помста — Мая, Я адплачу́, кажа Гасподзь”. І яшчэ: “Гасподзь будзе судзіць народ Свой”.

31. Страшна трапіць у рукі Бога жывога!

32. Успо́мніце ж ранейшыя дні вашы, калі вы, будучы прасве́тленымі, вы́стаялі ў вялікім подзвігу пакут,

33. ці самі падляга́ючы прылџдным знява́гам і мукам, ці тое ж падзяля́ючы з іншымі;

34. бо вы і маім кайдана́м спагада́лі, і рабава́нне сваёй маёмасці прыма́лі з радасцю, ведаючы, што ёсць у вас на нябёсах маёмасць лепшая і вечная.

35. Дык не пакіда́йце спадзява́ння вашага, якому нале́жыць вялікая ўзнагарода.

36. Стойкасць патрэбна вам, каб, вы́канаўшы волю Божую, атрыма́ць абяца́нае;

37. бо ”яшчэ трохі, зусім крыху, і Той, Хто ма́е прыйсці, прыйдзе і не запо́зніцца.

38. Праведны ж вераю жыць будзе; а калі хто адсту́піцца, не ўпадаба́е яго душа Мая”.

39. Але мы не з тых, хто адступа́ецца на пагібель, а стаім у веры дзеля ўратава́ння душы́.

 

Раздзел 11

1. Вера ж — гэта перакана́насць у спадзява́ным і ўпэ́ўненасць у рэ́чах нябачных.

2. Праз яе атрымалі сведчанне продкі.

3. Вераю спазнаём, што сусвет ўладкава́ны словам Божым, так што з няба́чнага ўзнікла ба́чнае.

4. Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, чым Каін; праз яе ён атрыма́ў све́дчанне, што ён праведны, як засве́дчыў Бог пра дары яго; ёю і пасля смерці ён праця́гвае гаварыць.

5. Вераю Яно́х перане́сены быў, так што не ўбачыў смерці; і не знайшлі яго, таму што Бог перанёс яго. Бо раней, чым ён быў перане́сены, атрыма́ў ён све́дчанне, што дагадзіў Богу.

6. А без веры дагадзіць Богу немагчыма; бо той, хто прыхо́дзіць да Бога, павінен верыць, што Ён ёсць, і тым, хто шукае Яго, Ён дае ўзнагароду.

7. Вераю Ной, будучы апаве́шчаны пра яшчэ нябачнае, з богабая́знасцю збудава́ў каўчэг для выратава́ння дому свайго; ёю асудзіў ён свет і стаў спадкае́мцам пра́веднасці па веры.

8. Вераю Аўраам паслу́хаўся паклікання ісці ў краіну, якую нале́жала яму атрымаць у спа́дчыну, і пайшоў, не ведаючы, куды ідзе.

9. Вераю пасяліўся ён на зямлі абетава́най, як на чужой, і жыў у шатрах з Ісаакам і Іакавам, сунасле́днікамі таго ж абетава́ння;

10. бо ён чакаў горада, які ма́е трыва́лыя падму́ркі, горада, майстар і ствара́льнік якога — Бог.

11. Вераю і сама Сарра, будучы бясплоднаю, атрымала здольнасць зача́ць і насуперак свайму ўзросту нарадзіла, бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў.

12. А таму ад аднаго, і прытым амярцве́лага, нарадзілася так многа, як зорак на небе і як пяску незлічонага на беразе мора.

13. Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцанага, а толькі здалёк бачылі яго, і віта́лі, і казалі пра сябе, што яны чужынцы і вандроўнікі на зямлі;

14. бо тыя, хто так гаворыць, ясна паказваюць, што шукаюць бацькаўшчыну.

15. І калі б яны мелі ў думках тую, з якой выйшлі, то ў іх была б магчымасць вярнуцца;

16. але цяпер яны імкнуцца да лепшага, гэта значыць, да нябеснага; таму і Бог не саромеецца іх, называючы Сябе іх Богам: бо Ён падрыхтаваў ім горад.

17. Вераю Аўраам, праходзячы выпрабава́нне, прынёс у ахвяру Ісаака, і прыносіў адзінароднага ён, які атрыма́ў абетава́нні

18. і якому было́ ска́зана: “у Ісааку будзе назва́на тваё патомства”;

19. бо ён думаў, што Бог мае сілу і з мёртвых уваскраша́ць, таму і атрымаў яго як вобраз уваскрасе́ння.

20. Вераю ў будучыню Ісаак благаславіў Іакава і Ісава.

21. Вераю Іакаў, паміра́ючы, благаславіў кожнага з сыноў Іосіфа і пакланіўся, абапіра́ючыся на верх жазла́ свайго.

22. Вераю Іосіф пры сконе нагада́ў пра выхад сыноў Ізраілевых і даў наказ наконт касце́й сваіх.

23. Вераю Маісей пасля нараджэння быў хава́ны тры месяцы бацька́мі сваімі; бо яны бачылі, што дзіця́ прыгожае, і не пабая́ліся царскага загаду.

24. Вераю Маісей, стаўшы дарослым, адмовіўся называцца сы́нам дачкі фараонавай,

25. і пажада́ў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовае грахоўнае задавальне́нне,

26. і палічыў, што цярпець знявагі дзеля Хрыста — бо́льшае багацце, чым егіпецкія скарбы; бо ён глядзеў на будучую ўзнагароду.

27. Вераю пакінуў ён Егіпет, не пабаяўшыся гневу царскага; бо ён, бы́ццам бачачы Нябачнага, быў цвёрдым.

28. Вераю здзейсніў ён пасху і акрапленне крывёю, каб вынішчальнік першынцаў не крануў іх.

29. Вераю перайшлі яны Чырвонае мора, як па сушы, што паспрабавалі зрабіць Егіпцяне — і патанулі.

30. Вераю рухнулі сцены Іерыхонскія пасля сямідзённага абходу вакол іх.

31. Вераю Рааў-блудніца, з мірам прыняўшы выведнікаў (і правёўшы іх іншай дарогаю), не загінула з нявернымі.

32. І што яшчэ скажу? Не хопіць мне часу, каб расказваць пра Гедэона, Варака і Самсона, пра Іефая, Давіда і Самуіла, і іншых прарокаў,

33. якія вераю скара́лі царствы, вяршы́лі справядлівасць, атры́млівалі абяцанае, закрыва́лі пашчы львам,

34. гасíлі сілу агню, пазбяга́лі вастрыя́ мяча, станавіліся дужымі пасля немачы, былі моцнымі на вайне, праганялі войскі чужы́нцаў;

35. жанчыны атры́млівалі паме́рлых сваіх уваскрэ́слымі; а іншыя заму́чаны былí, адмовіўшыся ад вызвале́ння, каб дасягну́ць уваскрасе́ння ў лепшае жыццё;

36. іншыя перане́слі здзекі і пабоі, а таксама зняво́ленне і цямнíцу,

37. былі пабіты камянямі, былі перапілава́ны, катава́ны, паміралі, забітыя мячом, блука́лі ў авечых і казіных скурах, цярпелі няста́чы, уціск, злобу;

38. тыя, каго не варты быў увесь свет, блука́лі па пусты́нях, і гарах, і пячорах, і цяснíнах зямных.

39. І ўсе яны, хоць і заслужы́лі пахвалу́ за веру, не атрыма́лі абяца́нага,

40. таму што Бог прадугле́дзеў для нас нешта лепшае, каб яны не без нас дасягну́лі даскана́ласці.

 

Раздзел 12

1. Таму і мы, вакол сябе маючы такое вялікае воблака све́дкаў, скінем усякі цяжа́р і грэх, які з лёгкасцю апу́твае нас, і цярпліва будзем здзяйсня́ць прызна́чаны нам подзвіг,

2. гле́дзячы на Правадыра́ і Здзяйсня́льніка веры, Іісуса, Які, замест той радасці, якая была перад Ім, перацярпе́ў крыж, не зважа́ючы на га́ньбу, і сеў праваруч прастола Божага.

3. Так што думайце пра Таго, Хто перацярпе́ў ад грэшнікаў такую да Сябе варожасць, каб вы не знемаглí і не аслабе́лі ду́шамі вашымі.

4. Вы яшчэ не да крыві змагаліся ў супрацьстая́нні граху́

5. і забылі настаўле́нне, якое да вас як да сыноў зве́рнута: “сыне мой! не будзь легкадумны ў адносінах да пакарання ад Госпада і не знемага́й, калі Ён выкрыва́е цябе.

6. Бо Гасподзь, каго любіць, таго карае, і б’е кожнага сына, якога прымае”.

7. Калі вы церпице́ пакаранне, то Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. А хіба́ ёсць такі сын, якога б не караў бацька?

8. Калі ж застаяце́ся без пакарання, якому падляга́юць ўсе, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.

9. Прытым, калі мы, кара́ныя бацька́мі нашымі па плоці, шанавалі іх, то хіба́ ж не намнога больш мы павінны быць пакорнымі Айцу духаў, каб жыць?

10. Бо яны каралі нас паводле свайго разумення на нямногія дні; а Ён — на карысць нам, каб мы сталі супольнікамі святасці Яго.

11. Усякае пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам, але пазней тым, хто праз яго наву́чаны, яно дае мірны плод праведнасці.

12. Таму ўмацу́йце апу́шчаныя рукі і аслабе́лыя калені

13. і прамыя сцежкі рабіце нагам вашым, каб кульгавае не вывіхнулася, а лепш ацалілася.

14. Імкнíцеся да міру з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Госпада;

15. будзьце пільнымі, каб хто не страціў благадаці Божай; каб які горкі корань, выраста́ючы, не нарабіў шкоды і каб праз яго не апаганіліся многія;

16. каб не было сярод вас такога блудніка́ альбо бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў першародства сваё.

17. Бо вы ведаеце, што і пасля таго ён, жада́ючы ўнасле́даваць благаславенне, быў адве́ргнуты, таму што не знайшоў  магчымасці перамяніць рашэнне бацькі, хоць і шукаў гэтага са слязьмі.

18. Вы ж наблізіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, не да агню палаючага, і змроку, і цемры, і буры,

19. не да трубнага гуку і гучання слоў, пачуўшы якія, усе прасілі, каб нічога больш да іх не прамаўлялася,

20. бо яны не маглі вы́трываць таго, што было́ зага́дана: “нават калі звер дакранецца да гары, ён будзе пабіты камянямі (альбо працяты стралою);

21. і такім страшным было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: “я ў страху і трымценні”.

22. А наблізіліся вы да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Іерусаліма і да незлічонага мноства ангелаў,

23. да ўрачыстага сабору і Царквы першынцаў, запісаных на нябёсах, і да Суддзі ўсіх — Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласці,

24. і да Пасрэдніка новага запавету — Іісуса, і да Крыві акрапле́ння, якая прамаўляе лепш, чым Авелева.

25. Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць. Бо калі не пазбеглі пакарання тыя, што адмовіліся слухаць таго, хто прамаўляў на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адве́рнемся ад Таго, Хто прамаўляе з нябёс,

26. Таго, Чый голас тады пахіснуў зямлю, і Хто цяпер паабяцаў, кажучы: “яшчэ раз пахісну́ не толькі зямлю, але і неба”.

27. А словы “яшчэ раз” азначаюць перамяне́нне таго, што будзе пахíснута, як створанае, каб засталося непахіснае.

28. Дык вось, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць благадаць і ёю служы́ць Богу так, як Яму даспадобы, з набо́жнасцю і страхам,

29. таму што Бог наш — гэта агонь знішча́льны.

 

Раздзел 13

1.  Браталюбства між вамі няхай трыва́е.

2. Пра гасціннасць не забывайце; бо дзякуючы ёй некаторыя, самі таго не ведаючы, гасцінна прынялі Ангелаў.

3. Па́мятайце пра вязняў, нíбы і вы ў няволі разам з імі, і пра тых, што пакуты церпяць, бо і самі вы знаходзіцеся ў целе.

4. Шлюб няхай будзе ва ўсіх у пашане і ложа неапага́ненае; а блуднікоў і пралюбадзеяў будзе судзíць Бог.

5. Не будзьце срэбралюбнымі, будзьце задаволены тым, што ёсць. Бо Сам Ён сказаў: “не пакіну цябе і не адступлюся ад цябе”,

6. таму мы смела гаворым: “Гасподзь мне Памочнік, і я не буду баяцца: што́ зробіць мне чалавек?”

7. Па́мятайце настаўнікаў вашых, якія абвяшча́лі вам слова Божае, і, гледзячы на завяршэнне іх жыццёвага шляху, пераймайце веру іх.

8. Іісус Хрыстос учора, і сёння, і навекі — той самы.

9. Вучэннямі рознымі і чужароднымі не захапляйцеся; бо добра благадаццю ўмацоўваць сэрцы, а не стравамі, ад якіх не атрымалі карысці тыя, што рабілі так.

10. Мы маем ахвярнік, ад якога не маюць права есці служы́целі скініі.

11. Паколькі целы жывёл, кроў якіх дзеля ачышчэння граху ўносіцца першасвяшчэннікам у свяцілішча, спальваюцца па-за ста́нам,

12. то і Іісус, каб асвяціць людзей Сваёю Крывёю, прыня́ў пакуты па-за брамай.

13. Дык выйдзем жа да Яго за стан, несучы́ на сабе Яго ганьбу;

14. бо мы не маем тут пастаяннага горада, а шукаем таго, які будзе.

15. Будзем жа праз Яго няспынна ўзносіць Богу ахвяру хвалы, гэта значыць, плод вуснаў, якія праслаўляюць імя́ Яго.

16. Не забывайце таксама пра дабрачыннасць і ўзаемную дапамогу, бо такія ахвяры даспадобы Богу.

17. Слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівымі, бо яны нядрэмна дбаюць пра ду́шы вашы, будучы абавязанымі даць за іх адказ; няхай яны робяць гэта з радасцю, а не ўздыхаючы, бо гэта вам не на карысць.

18. Маліцеся за нас, бо мы ўпэўнены, што маем добрае сумленне, жадаючы ва ўсім паводзіць сябе добра.

19. Асабліва ж прашу рабіць гэта, каб я хутчэй быў вернуты вам.

20. А Бог міру, Які ўзняў з мёртвых вялікага Пастыра авечак, Крывёю запавету вечнага, Госпада нашага Іісуса Хрыста,

21. няхай удаскана́ліць вас ва ўсякай добрай справе, дзеля выканання волі Яго, творачы ў вас добраўго́днае Яму праз Іісуса Хрыста, Якому слава на векі вякоў. Амінь.

22. Прашу вас, браты, трымайцеся гэтага слова настаўлення; я ж і напісаў вам коратка.

23. Ведайце, што брат наш Цімафей вы́звалены; калі ён неўзабаве прыйдзе, я разам з ім пабачу вас.

24. Вітайце ўсіх настаўнікаў вашых і ўсіх святых. Вітаюць вас тыя, што з Італіі.

25. Благадаць з усімі вамі. Амінь.

 

 

 


[1] Адно і тое ж грэчаскае слова азначае “завяшчанне” і “запавет”.

 

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.