Святое Евангелле паводле Іаана

Раздзел 1

 

 

1 У пачатку было́ Слова, і Слова было́ ў Бога, і Богам было́ Слова. 2 Яно было ў пачатку ў Бога; 3 усё праз Яго пачало́ быць, і без Яго нішто не пачало́ быць, што пачало́ быць. 4 У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзе́й; 5 і святло ў це́мры све́ціць, і це́мра не агарну́ла яго. 6 Быў чалавек, пасла́ны ад Бога; імя́ яму Іаан; 7 ён прыйшоў для све́дчання, каб све́дчыць пра Святло, каб усе ўве́равалі праз яго. 8 Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб све́дчыць пра Святло; 9 было́ Святло і́сціннае, Якое прасвятля́е ўсякага чалавека, што прыхо́дзіць у свет; 10 у свеце быў, і свет праз Яго пача́ў быць, і свет Яго не пазнаў; 11 да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялі́. 12 А тым, што прынялі́ Яго, даў ула́ду стаць дзе́цьмі Божымі, тым, што ве́руюць у імя́ Яго, 13 якія не ад крыві́, і не ад жада́ння пло́ці, і не ад жада́ння му́жа, а ад Бога нарадзі́ліся. 14 І Слова стала пло́ццю, і жыло́ сярод нас, і мы ба́чылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благада́ці і і́сціны. 15 Іаан све́дчыць пра Яго і, ўскліка́ючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў; 16 і ад паўнаты́ Яго мы ўсе прынялі́ і благада́ць на благада́ць; 17 бо закон праз Маісея да́дзены, а благада́ць і і́сціна праз Іісуса Хрыста ста́ліся. 18 Бога ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўло́нні Айца, Ён яві́ў. 19 І вось све́дчанне Іаана, калі Іудзеі пасла́лі з Іерусаліма святароў і леві́таў, каб спыта́лі яго: хто ты? 20 І ён вы́знаў і не адро́кся; і вы́знаў: я не Хрыстос. 21 І спыталі яго: дык што? ты Ілія́? І ён сказаў: не. Ты прарок? І адказаў: не. 22 Сказалі яму: хто ж ты? каб даць адказ тым, хто паслаў нас; што́ ты скажаш пра само́га сябе? 23 Ён сказаў: я голас таго, хто клі́ча ў пусты́ні: вы́прамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Іса́ія. 24 А пасла́ныя былі́ з фарысеяў; 25 і яны пыталіся ў яго і казалі яму: чаго ж ты хры́сціш, калі ты не Хрыстос, ні Ілія́, ні прарок? 26 Адказаў ім Іаан, ка́жучы: я хрышчу́ вадою; але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце; 27 гэта Той, Хто ідзе за мною, Які напе́радзе мяне стаў, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абу́тку Яго. 28 Гэта было ў Віфава́ры за Іарданам, дзе хрысці́ў Іаан. 29 На другі дзень бачыць Іаан Іісуса, Які ідзе да яго, і кажа: вось Агнец Божы , што бярэ́ на Сябе граxі́ свету; 30 гэта Той, пра Якога я сказаў: “за мною ідзе Муж, Які напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў”; 31 і я не ведаў Яго; але, каб Ён быў я́ўлены Ізра́ілю, дзе́ля гэтага прыйшоў я хрысці́ць вадою. 32 І све́дчыў Іаан, ка́жучы: я бачыў Духа, Які сыхо́дзіў як голуб з неба, і Ён заста́ўся на Ім; 33 і я не ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысці́ць вадою, сказаў мне: “над Кім убачыш Духа, Які сыхо́дзіць і застае́цца на Ім, Той і ёсць, што хры́сціць Духам Святым”; 34 і я бачыў і засве́дчыў, што Ён — Сын Божы.  35 На другі дзень зноў   стаяў Іаан і двое з вучняў яго. 36 І, убачыўшы Іісуса, Які ішоў, ён сказаў: вось Агнец Божы. 37 І пачулі або́два вучні, як ён казаў гэта, і пайшлі за Іісусам. 38 Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: чаго вы шука́еце? Яны сказалі Яму: Равві́ (што азначае: Вучыцель), дзе Ты жыве́ш? 39 Ён кажа ім: ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі́ ў Яго дзень той. Было ж каля дзесятай гадзі́ны. 40 Адзін з дваіх, што пачулі ад Іаана пра Іісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сі́мана Пятра. 41 Ён першы знахо́дзіць брата свайго Сі́мана і кажа яму: мы знайшлі Месі́ю (што ў перакладзе азначае: Хрыстос). 42 І прывёў яго да Іісуса. Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сі́ман, сын Іоны; ты будзеш звацца Кі́фа (што азначае: ка́мень). 43 На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею; і знахо́дзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною. 44 Філіп жа быў з Віфсаі́ды, з горада Андрэя і Пятра. 45 Знаходзіць Філіп Нафана́іла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Каго пісалі Маісей у законе і прарокі, Іісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэ́та. 46 І сказаў яму Нафана́іл: ці можа з Назарэ́та быць што добрае? Філіп кажа яму: ідзі і паглядзі́. 47 Убачыў Іісус Нафана́іла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: вось, сапраўды́, Ізраільця́нін, у якім няма крываду́шнасці. 48 Кажа Яму Нафана́іл: адкуль Ты мяне ведаеш? У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклі́каў цябе Філіп, калі ты быў пад смако́ўніцаю, Я бачыў цябе. 49 Нафана́іл адказаў Яму: Равві́! Ты Сын Божы, Ты Цар Ізра́ілеў. 50 У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш, бо Я сказаў табе: “Я бачыў цябе пад смако́ўніцаю”; убачыш бо́льшае за гэта. 51 І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: з гэтага часу ўба́чыце неба раскры́тае і ангелаў Божых, што ўзыхо́дзяць і сыхо́дзяць да Сы́на Чалавечага.

 

 

 

Комментирование закрыто.