Раздзел 19
1 Тады ўзяў Пілат Іісуса і аддаў на бічава́нне; 2 і воіны, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, ускла́лі Яму на галаву́ і ў адзе́жу пурпуро́вую апрану́лі Яго, 3 і гаварылі: радуйся, Цар Іудзейскі! І білі Яго па шчо́ках. 4 Пілат выйшаў зноў і кажа ім: вось, я выво́джу Яго да вас, каб вы ведалі, што я нія́кай віны́ ў Ім не знахо́джу. 5 Тады вы́йшаў Іісус у цярно́вым вянцы́ і пурпуро́вай адзе́жы. І кажа ім Пілат: вось Чалавек! 6 Калі ж уба́чылі Яго першасвятары́ і служыцелі, то пачалі́ крычаць, ка́жучы: распні́, распні́ Яго! Кажа ім Пілат: вазьмі́це Яго вы і распні́це, бо я не знахо́джу ў Ім віны. 7 Адказа́лі яму Іудзеі: мы закон маем, і па закону нашаму Ён паві́нен паме́рці, таму што зрабіў Сябе Сы́нам Божым. 8 Калі пачуў Пілат гэтае слова, то яшчэ больш спало́хаўся, 9 і ўвайшоў у прэто́рыю зноў і кажа Іісусу: адкуль Ты? Іісус жа адка́зу не даў яму. 10 Тады кажа Яму Пілат: мне Ты не гаво́рыш? хіба́ не ведаеш, што я ма́ю ўла́ду распя́ць Цябе і ма́ю ўла́ду адпусці́ць Цябе? 11 Адказаў Іісус: ты не меў бы нія́кай ула́ды нада Мною, калі б табе не было да́дзена звыш; таму той, хто вы́даў Мяне табе, бо́льшы грэх ма́е. 12 З гэтага часу Пілат шука́ў, як адпусці́ць Яго. Іудзеі ж крычалі, ка́жучы: калі Яго адпу́сціш, ты не друг ке́сару; кожны, хто робіць сябе царом, праці́ўнік ке́сара. 13 Пілат, пачу́ўшы гэтае слова, вы́веў Іісуса і сеў на судзе́йскае ўзвышэ́нне на месцы, што называ́лася Ліфо́стратон , а па-яўрэйску Гаввафа́. 14 Была́ ж пятніца перад Пасхай, каля шостай гадзі́ны. І сказаў Пілат Іудзеям: вось Цар ваш! 15 Але яны закрыча́лі: вазьмі, вазьмі, распні́ Яго! Кажа ім Пілат: Цара вашага распя́ць? Адказа́лі першасвятары́: няма ў нас цара́, акрамя́ ке́сара. 16 Тады ён аддаў Яго ім на распя́цце. І ўзялі́ Іісуса і павялі; 17 і, несучы́ крыж Свой, Ён вы́йшаў на ме́сца, называ́нае Ло́бным, што па-яўрэйску называ́ецца Галго́фа, 18 дзе Яго распя́лі і з Ім двух іншых, з аднаго́ бо́ку і з другога, а пасярэ́дзіне Іісуса. 19 І зрабіў на́дпіс Пілат і змясці́ў на крыжы́. А было напі́сана: Іісус Назарані́н, Цар Іудзейскі. 20 Гэты на́дпіс чыталі многія з Іудзеяў, таму што блізка ад горада было́ тое месца, дзе быў распя́ты Іісус, а напі́сана было́ па-яўрэйску, па-грэчаску, па-рымску. 21 Казалі ж Пілату першасвятары́ Іудзейскія: не пішы: “Цар Іудзейскі”, а напішы, што Ён казаў: “Я цар Іудзейскі”. 22 Адказаў Пілат: што́ напіса́ў я, тое напіса́ў. 23 Воіны ж, калі распя́лі Іісуса, узялі́ адзе́нне Яго і раздзялі́лі на чаты́ры часткі, кожнаму воіну частка, і хіто́н; хіто́н жа быў не шы́ты, а суцэ́льна тка́ны ад верху; 24 тады сказалі яны адзін аднаму: не будзем разрыва́ць яго, а кі́нем на яго жэ́рабя, чый будзе. Так ме́ла спо́ўніцца Піса́нне, у якім ска́зана: “раздзялі́лі адзе́нне Маё між сабою і пра во́пратку Маџ кі́далі жэ́рабя”. Воіны так і зрабі́лі. 25 Стаялі ж каля крыжа́ Іісусавага Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Клео́пава, і Марыя Магдалі́на. 26 Іісус жа, уба́чыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любі́ў, кажа Маці Сваёй: Жанчына, вось сын твой. 27 Потым кажа вучню: вось Маці твая. І з таго часу вучань ўзяў Яе да сябе. 28 Пасля гэтага Іісус, ве́даючы, што ўсё ўжо здзе́йснілася, каб збыло́ся Пісанне, кажа: сма́гну. 29 Тут стаяла пасу́дзіна, по́ўная во́цату. І воіны, напо́ўніўшы гу́бку во́цатам і насадзі́ўшы яе на сцяблі́ну ісо́пу, падне́слі да Яго ву́снаў; 30 і калі паспыта́ў Іісус во́цату, Ён сказаў: здзе́йснілася! І, схілі́ўшы галаву́, аддаў дух. 31 А пако́лькі была́ пятніца, то Іудзеі, каб не засталі́ся це́лы на крыжы́ ў суботу, — бо вялікі дзень была́ та́я субота, — прасі́лі Пілата, каб перабі́ць у іх го́лені і зняць; 32 і вось прыйшлі воіны і ў першага перабі́лі го́лені, і ў другога, распя́тага з Ім; 33 прыйшо́ўшы ж да Іісуса, як уба́чылі, што Ён ужо памёр, то не перабіва́лі ў Яго голеняў; 34 але адзін з воінаў кап’ём праця́ў Яму бок, і адразу вы́цекла кроў і вада; 35 і той, хто бачыў, засве́дчыў, і све́дчанне яго праўдзі́вае; і ён ведае, што ісціну гаворыць, каб вы паверылі; 36 бо гэта ста́лася, каб спо́ўнілася Пісанне: “косць Яго не будзе палама́на”; 37 яшчэ і ў другім ме́сцы Пісанне гаворыць: “будуць глядзець на Таго, Каго праця́лі”. 38 Пасля гэтага Іосіф з Арымафе́і, які быў вучнем Іісуса, але та́йным з-за стра́ху перад Іудзеямі, папрасі́ў Пілата, каб узяць це́ла Іісусава; і Пілат дазво́ліў; тады прыйшоў ён і ўзяў це́ла Іісусава. 39 Прыйшоў і Нікадзім, які прыхо́дзіў ране́й да Іісуса ўначы́, і прынёс су́месь са смі́рны і ало́ю фу́нтаў каля ста. 40 Узялі́ яны це́ла Іісусава і абвілі́ Яго пало́тнамі з духмя́насцямі, як паво́дле звы́чаю хава́юць Іудзеі. 41 Быў жа на тым ме́сцы, дзе Ён быў распя́ты, сад, і ў са́дзе магіла новая, у якой ніколі яшчэ ніхто не быў пакла́дзены; 42 і там, з-за пятніцы Іудзейскай, пако́лькі блізка была́ магіла, пакла́лі Іісуса.