Раздзел 2
1 А на трэці дзень было́ вясе́лле ў Ка́не Галіле́йскай, і Маці Іісусава была́ там. 2 Запро́шаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вясе́лле. 3 І калі не хапі́ла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць. 4 Кажа Ёй Іісус: што́ Мне і Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой. 5 Кажа Яго Маці слу́гам: што́ скажа Ён вам, зрабі́це. 6 Было ж там шэсць каме́нных пасу́дзін для вады, якія стаялі дзе́ля ачышчэ́ння Іудзейскага і змяшча́лі па дзве ці па тры ме́ры. 7 Кажа ім Іісус: напоўніце пасу́дзіны вадою. І напоўнілі іx да ве́рху. 8 І кажа ім: цяпер чэ́рпайце і нясіце да распара́дчыка засто́лля. І яны пане́слі. 9 Калі ж распара́дчык пакаштава́ў вады, што зрабі́лася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распара́дчык засто́лля 10 і кажа яму: кожны чалавек спача́тку добрае віно падае́, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль. 11 Так паклаў Іісус пачатак цу́дам у Ка́не Галілейскай і яві́ў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго. 12 Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернау́м, Сам і Маці Яго, і браты́ Яго, і вучні Яго, і там застава́ліся некалькі дзён. 13 І набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім 14 і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, і авечак, і галубоў, і сядзелі мяня́лы грошай; 15 і, зрабіўшы біч з вяровак, усіx вы́гнаў з храма, і авечак, і валоў, і парассыпа́ў грошы мяня́лаў і сталы́ перавярнуў; 16 і прадаўцам галубоў сказаў: забяры́це гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам га́ндлю. 17 І ўспомнілі вучні Яго, што напі́сана: “клопат пра дом Твой паглына́е Мяне”. 18 На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаме́ннем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць? 19 У адказ Іісус сказаў ім: разбуры́це храм гэты, і Я за тры дні ўзвяду́ яго. 20 І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзе́ш яго? 21 Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго. 22 Калі ж Ён уваскрэ́с з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паве́рылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус. 23 А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя́ Яго, бачачы цуды, якія Ён твары́ў. 24 Але Сам Іісус не давяра́ўся ім, таму што Сам ведаў усіx, 25 і не меў патрэ́бы, каб хто све́дчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што́ было́ ў чалавеку.