Раздел 21
1 А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыхо́дзіць ра́на, калі было́ яшчэ цёмна, да магілы і бачыць, што ка́мень адва́лены ад магілы; 2 тады бяжы́ць яна і прыхо́дзіць да Сі́мана Пятра і да другога вучня, якога любі́ў Іісус, і кажа ім: узялі́ Госпада з магілы, і не ведаем, дзе пакла́лі Яго. 3 Вы́йшаў тады Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы; 4 яны бе́глі або́два разам, але другі вучань бег хутчэ́й за Пятра і прыйшоў першым да магілы, 5 і, нахілі́ўшыся, бачыць, што ляжаць пало́тны; аднак не ўвайшоў. 6 Прыхо́дзіць тады Сі́ман Пётр усле́д за ім і ўвахо́дзіць у магілу, і бачыць, што ляжа́ць пало́тны 7 і што ху́ста, якая была́ на галаве Яго, не з пало́тнамі ляжы́ць, а асо́бна скру́чаная на іншым ме́сцы. 8 Тады ўвайшоў і другі вучань, што першым прыйшо́ў да магілы, і ўбачыў ён, і ўве́раваў; 9 бо яны яшчэ не ведалі з Пісання, што нале́жыць Яму з мёртвых уваскрэ́снуць. 10 Тады пайшлі вучні зноў да сябе. 11 Марыя ж стаяла зво́нку каля магілы, пла́чучы; і калі плакала, яна нахілі́лася да магілы 12 і бачыць двух Ангелаў у белым адзе́нні, якія сядзя́ць адзін у галава́х, другі ў нага́х, дзе ляжа́ла было́ це́ла Іісусава. 13 І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты пла́чаш? Яна кажа ім: узялі́ Госпада майго, і не ведаю, дзе пакла́лі Яго. 14 Сказа́ўшы гэта, яна абярну́лася назад і ўба́чыла, што стаі́ць Іісус, але не пазна́ла, што гэта Іісус. 15 Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты пла́чаш? каго шука́еш? Яна, ду́маючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспада́р! калі ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты пакла́ў Яго, і я вазьму Яго. 16 Кажа ёй Іісус: Марыя! Яна, абярну́ўшыся, кажа Яму: Раввуні́! што значыць: Вучыцель! 17 Кажа ёй Іісус: не дакрана́йся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышо́ў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыхо́джу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага. 18 Прыхо́дзіць Марыя Магдалі́на і абвяшча́е ву́чням, што ба́чыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй. 19 І ўве́чары таго ж першага дня тыдня, калі дзве́ры там, дзе сабра́ліся вучні, былі́ замкнёныя з-за стра́ху перад Іудзеямі, прыйшо́ў Іісус і стаў пасярэ́дзіне, і кажа ім: мір вам! 20 І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і бок Свой. І ўзра́даваліся ву́чні, уба́чыўшы Госпада. 21 Іісус жа зноў сказаў ім: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасыла́ю вас. 22 Сказаўшы гэта, дзьму́хнуў і кажа ім: прымі́це Духа Святога; 23 каму адпу́сціце грахі́, таму будуць адпу́шчаны; на кім пакі́неце, на тым застану́цца. 24 А Фама́, адзін з двана́ццаці, называ́ны Блізнџк, не быў з імі, калі прыхо́дзіў Іісус; 25 казалі яму іншыя вучні: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі не ўбачу на рука́х Яго ран ад цвіко́ў і не ўкладу́ пальца майго ў ра́ны ад цвіко́ў, і не ўкладу́ рукі́ маёй у бок Яго, не паве́ру. 26 І праз восем дзён зноў былі́ ў доме вучні Яго і Фама́ з імі. Прыхо́дзіць Іісус, калі дзверы былі́ замкнёныя; стаў пасярэ́дзіне і сказаў: мір вам! 27 Потым кажа Фаме́: дай палец твой сюды́ і паглядзі́ на ру́кі Мае́; і дай руку́ тваю і ўкладзі́ ў бок Мой; і не будзь няве́руючым, а будзь ве́руючым. 28 У адказ Фама́ сказаў Яму: Гасподзь мой і Бог мой! 29 Кажа яму Іісус: ты ўве́раваў, таму што ўбачыў Мяне; блажэ́нныя тыя, якія не бачылі і ўве́равалі. 30 Многа яшчэ зрабіў Іісус перад вучнямі Сваімі і іншых цу́даў, пра якія не напі́сана ў кні́зе гэтай; 31 а гэта напі́сана, каб вы ўве́равалі, што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і каб, ве́руючы, жыццё ме́лі ў імя́ Яго. 1 Пасля гэтага яві́ўся зноў Іісус вучням на моры Тыверыя́дскім. Яві́ўся ж так: 2 былі́ разам Сі́ман Пётр і Фама́, зва́ны Блізнџк, і Нафана́іл з Ка́ны Галілейскай, і сыны́ Зевядзе́евы, і двое іншых з вучняў Яго; 3 кажа ім Сі́ман Пётр: іду рыбу лаві́ць. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Вы́йшлі яны і селі адразу ў лодку, і ў тую ноч не злаві́лі нічога. 4 Калі ж настала ўжо раніца, стаў Іісус на бе́разе, але не пазна́лі вучні, што гэта Іісус; 5 кажа ім Іісус: дзеці! ці ёсць у вас якая ежа? Яны адказалі Яму: няма. 6 Ён жа сказаў ім: закіньце мярэ́жу з правага боку лодкі, і зло́віце. Яны закінулі і ўжо не маглі вы́цягнуць яе з-за мноства рыбы. 7 Тады вучань, якога любіў Іісус, кажа Пятру: гэта Гасподзь. А Сі́ман Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апая́саўся во́праткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора; 8 іншыя ж вучні прыплылі́ ў лодцы, — бо яны былі́ не далёка ад зямлі́, а локцяў каля двухсот, — ця́гнучы мярэ́жу з рыбаю; 9 калі ж яны вы́йшлі на зямлю, бачаць раскла́дзенае во́гнішча, а на ім рыба ляжы́ць і хлеб; 10 кажа ім Іісус: прынясі́це той рыбы, што вы злаві́лі цяпер. 11 Пайшоў Сі́ман Пётр і вы́цягнуў на зямлю мярэ́жу, поўную вялікіх рыб, якіх было́ сто пяцьдзесят тры, і пры такой колькасці не парва́лася мярэжа. 12 Кажа ім Іісус: хадзі́це сюды́, сне́дайце. І ніхто з вучняў не пасмеў спыта́цца ў Яго: хто Ты? — ведаючы, што гэта Гасподзь. 13 Падыхо́дзіць Іісус, бярэ хлеб і дае́ ім; і рыбу таксама. 14 Гэта ўжо трэці раз явіўся Іісус вучням Сваім, уваскрэ́сшы з мёртвых. 15 Калі ж яны пасне́далі, кажа Сі́ману Пятру Іісус: Сі́мане Іонаў, ці лџбіш ты Мяне больш, чым яны? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ве́даеш, што я люблџ Цябе. Іісус кажа яму: пасі ягнят Маіх. 16 Кажа яму зноў, другі раз: Сі́мане Іонаў, ці лџбіш ты Мяне? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблџ Цябе. Іісус кажа яму: будзь пастухом аве́чак Маіх. 17 Кажа яму трэці раз: Сі́мане Іонаў, ці любіш ты Мяне? Засмуці́ўся Пётр, што Іісус трэці раз спытаўся ў Яго: ці любіш ты Мяне? — і сказаў Яму: Госпадзі! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблџ Цябе. Кажа яму Іісус: пасі авечак Маіх; 18 праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады́, то падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарэ́ешся, то вы́цягнеш ру́кі твае, і іншы падпяра́жа цябе і павядзе́, куды не хочаш. 19 А гэта Ён сказаў, даючы́ зразумець, якою смерцю Пётр прасла́віць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною. 20 Агляну́ўшыся, Пётр бачыць, што ўслед ідзе вучань, якога любіў Іісус і які на вячэ́ры, прыхілі́ўшыся да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзі! хто вы́дасць Цябе? 21 Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Іісусу: Госпадзі! а ён што? 22 Кажа яму Іісус: калі Я хачу, каб ён быў, паку́ль Я прыйду́, то што табе да гэтага? ты за Мною ідзі. 23 І разне́слася слова гэтае сярод братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Іісус, што той не памрэ, а сказаў: калі Я хачу, каб ён быў, пакуль Я прыйду́, то што табе да гэтага? 24 Гэта і ёсць той вучань, які све́дчыць пра гэта і напіса́ў гэта; і ведаем, што све́дчанне яго і́сціннае. 25 Ёсць і многае іншае, што зрабіў Іісус, але, калі б падрабя́зна апісаць гэта, думаю, што і сам свет не ўмясці́ў бы напі́саных кніг. Амінь.