Раздзел 9
1 І, прахо́дзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэ́ння. 2 І спыта́ліся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: Равві́! хто саграшы́ў: ён ці бацькі́ яго, што ён сляпы́м нарадзі́ўся? 3 Адказаў Іісус: ні ён не саграшы́ў, ні бацькі́ яго, але гэта дзеля таго, каб вы́явіліся дзе́і Божыя на ім; 4 Мне нале́жыць рабіць спра́вы Таго, Хто пасла́ў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыхо́дзіць ноч, калі ніхто не можа дзе́йнічаць; 5 паку́ль Я ў све́це, Я святло́ све́ту. 6 Сказа́ўшы гэта, Ён плџнуў на зямлџ і зрабіў глей са слі́ны, і пама́заў гле́ем вочы сляпому, 7 і сказаў яму: ідзі, умы́йся ў купа́льні Сілаа́м (што азначае: Пасла́ны). Той пайшоў і ўмы́ўся, і прыйшоў віду́шчым. 8 Суседзі ж і тыя, хто бачыў яго ране́й, што ён быў сляпы́, гаварылі: ці не той гэта, які сядзеў і жабрава́ў? 9 Адны казалі: гэта ён. А другія: падо́бны да яго. Ён жа казаў: гэта я. 10 Тады казалі яму: як у цябе адкры́ліся вочы? 11 І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабіў глей, пама́заў вочы мае́ і сказаў мне: “ідзі ў купа́льню Сілаа́м і ўмы́йся”. Я пайшоў, умы́ўся і стаў бачыць. 12 Тады сказалі яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю. 13 Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца́. 14 А была́ субота, калі Іісус зрабіў глей і адкрыў яму вочы. 15 Таксама пыта́ліся ў яго і фарысеі, я́к ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: глей паклаў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся, і бачу. 16 Гаварылі тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытры́мліваецца суботы. Іншыя казалі: я́к можа чалавек грэ́шны такія цу́ды рабіць? І была́ нязго́да паміж імі. 17 Кажуць сляпому зноў: а ты што ска́жаш пра Яго, бо Ён адкры́ў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок. 18 Не паве́рылі аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы́ і стаў ба́чыць, паку́ль не паклі́калі бацько́ў таго, хто стаў ба́чыць, 19 і спыталіся ў іх, ка́жучы: гэта сын ваш, пра якога вы ка́жаце, што ён нарадзі́ўся сляпы́м? як жа ён цяпер бачыць? 20 У адказ ім бацькі́ яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзі́ўся; 21 а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спыта́йцеся; сам пра сябе́ няхай скажа. 22 Так сказалі бацькі́ яго, таму што бая́ліся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо змо́віліся, каб таго, хто прызна́е Яго за Хрыста, адлучы́ць ад сінагогі; 23 таму бацькі́ яго і сказалі: ён даро́слы, у яго спыта́йцеся. 24 І вось паклі́калі другі раз чалавека, што быў сляпы́м, і сказалі яму: узнясі́ славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэ́шны. 25 Ён жа ў адказ ім сказаў: ці грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу. 26 І сказалі яму зноў: што́ Ён зрабіў табе? я́к Ён адкрыў твае вочы? 27 Той адказаў ім: я сказаў вам ужо, і вы не слу́халі; што́ яшчэ хо́чаце пачуць? хіба́ і вы хо́чаце стаць Яго вучнямі? 28 Яны ж зга́нілі яго, ка́жучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісе́евы вучні; 29 мы ведаем, што з Маісе́ем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён. 30 У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзіўна, што вы не ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае́ вочы; 31 мы ж ведаем, што грэ́шнікаў Бог не слухае; а хто шану́е Бога і выко́нвае волю Яго, таго слу́хае; 32 адве́ку не чува́ць было́, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэ́ння; 33 калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нічога зрабіць. 34 У адказ яны сказалі яму: у граха́х увесь ты нарадзі́ўся, і ты ву́чыш нас? І вы́гналі яго вон. 35 Пачуў Іісус, што вы́гналі яго вон, і, знайшо́ўшы яго, сказаў яму: ты ве́руеш у Сы́на Божага? 36 У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўве́раваў у Яго? 37 Сказаў яму Іісус: і бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён. 38 Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! І паклані́ўся Яму. 39 І сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невіду́шчыя бачылі, а віду́шчыя сляпы́мі сталі. 40 І пачулі гэта некато́рыя з фарысеяў, што былі́ з Ім, і сказалі Яму: няўжо і мы сляпы́я? 41 Сказаў ім Іісус: калі б вы сляпы́я былі́, то не ме́лі б граху́; але паколькі вы ка́жаце, што бачыце, то грэх ваш застае́цца.