Раздзел 1
1. Павел, воляю Божаю паклі́каны Апостал Іісуса Хрыста, і Сасфе́н брат, —
2. Царкве Божай, якая ў Карынфе, асвячоным у Хрысце Іісусе, пакліканым святым, з усімі, хто прызывае імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх і ў нас:
3. благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.
4. Дзякую заўсёды Богу майму за вас, за благадаць Божую, дадзеную вам ў Хрысце Іісусе,
5. таму што ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім пазнаннем,
6. паколькі сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,
7. так што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы адкравення Госпада нашага Іісуса Хрыста,
8. Які і ўмацуе вас да канца, каб вы былі́ беззаганнымі ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.
9. Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Іісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
10. Малю́ вас, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і не было паміж вамі падзе́лаў, але каб вы былі злучаны адным разуменнем і адною думкаю.
11. Бо ад дамашніх Хлоі стала мне вядома пра вас, браты мае́, што паміж вамі ёсць
спрэчкі.
12. Кажу я так, бо кожны з вас гаворыць: я Паўлаў; а я Апалосаў; а я Кіфаў; а я Хрыстоў.
13. Няўжо раздзяліўся Хрыстос? хіба́ Павел быў распя́ты за вас? ці ў імя Паўла вы хрысціліся?
14. Дзякую Богу, што я нікога з вас не хрысціў, акрамя Крыспа і Гаія,
15. каб хто не сказаў, што я хрысціў у сваё імя́.
16. Хрысціў я таксама дом Сцяфанаў; а больш не ведаю, ці хрысціў каго іншага.
17. Бо Хрыстос мяне паслаў не хрысці́ць, а дабраве́сціць, і то не ў мудрасці слова, каб не зрабіць марным крыж Хрыстоў.
18. Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, — гэта неразумнасць, а для нас, якія спасаемся, — сіла Божая.
19. Бо напісана: “загублю мудрасць мудрацоў, і розум разумных адкіну”.
20. Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе знаўца веку гэтага? Ці не ператварыў Бог мудрасць свету гэтага ў неразумнасць?
21. Паколькі ж свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў прамудрасці Божай, то пажадаў Бог праз “неразумнасць” пропаведзі спасці веруючых.
22. Бо і Іудзеі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасці;
23. а мы прапаведуем Хрыста распятага: для Іудзеяў спакусу, для Элінаў неразумнасць,
24. для саміх жа пакліканых — як Іудзеяў, так і Элінаў — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасць;
25. таму што “неразумнае” Божае мудрэйшае за людзей і “слабае” Божае мацнейшае за людзей.
26. Паглядзіце ж, браты, хто вы, паклі́каныя: не многа сярод вас мудрых па плоці, не многа магутных, не многа высакародных;
27. але Бог вы́браў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і слабае свету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
28. і бязроднае свету, і прыніжанае, і нязначнае выбраў Бог, каб пазбавіць сілы значнае, —
29. каб ніякая плоць не хвалілася перад Богам.
30. Ад Яго ж і вы ў Хрысце Іісусе, Які стаў прамудрасцю для нас ад Бога, і праведнасцю, і асвячэннем, і адкупленнем,
31. каб было, як напісана: “хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца”.