Раздзел 16
1. А што датычыць збору ахвяраванняў для святых, рабіце так, як устанавіў я ў Цэрквах Галатыйскіх:
2. у першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае і зберагае столькі, колькі дазволіць яго дастатак, каб не збіраць ахвяраванняў тады, калі я прыйду.
3. Калі ж прыбуду, то тых, каго вы палі́чыце годнымі, я з пісьмамі адпраўлю, каб занесці ваш дар у Іерусалім.
4. А калі варта будзе і мне пайсці, то яны пойдуць са мною.
5. Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду праз Македонію.
6. У вас жа, магчыма, затрымаюся, а то і перазімую, каб вы правялі мяне туды, куды я пайду.
7. Бо я не хачу з вамі цяпер бачыцца мімаходзь, а спадзяюся застацца ў вас на нейкі час, калі Гасподзь дазволіць.
8. У Эфесе ж я застану́ся да Пяцідзесятніцы;
9. бо перада мною адчынены вялікія дзверы для дзейнасці, ды праціўнікаў многа.
10. Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб у бяспецы быў ён у вас, таму што ён робіць cправу Гасподнюю, як і я;
11. дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.
12. А што датычыць брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не жадаў ісці цяпер, а прыйдзе, калі будзе мець нагоду.
13. Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся;
14. усё ў вас няхай будзе з любоўю.
15. Прашу вас, браты, — вы ведаеце сямейства Сцяфана, што яно стала пе́ршынцам Ахаіі і яны прысвяцілі сябе служэнню святым, —
16. каб і вы падпарадкоўваліся такім, і кожнаму, хто дапамагае і працуе.
17. Я рады прыбыццю́ Сцяфана, Фартуната і Ахаіка: таму што яны замянілі для мяне вашу адсутнасць,
18. бо яны супакоілі мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.
19. Вітаюць вас Цэрквы Асійскія; вітаюць вас у Госпадзе шчыра Акіла і Прыскіла з іх дамашняю Царквою.
20. Вітаюць вас усе браты. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам.
21. Вітанне рукою маёю, Паўлаваю.
22. Хто не лю́біць Госпада Іісуса Хрыста, ана́фема, мара́н-афа́.
23. Благадаць Госпада Іісуса Хрыста з усімі вамі,
24. і любоў мая́ з усімі вамі ў Хрысце Іісусе. Амінь.