Святое Евангелле паводле Матфея

РАЗДЗЕЛ 19

1 І ста́лася, калі Іісус закончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў у ме́жы Іудзейскія, на той бок Іардана. 2 За Ім следам пайшло шмат людзей, і Ён ацалі́ў іх там. 3 І прыступі́лі да Яго фарысеі і, спакуша́ючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазво́лена чалавеку разво́дзіцца з жонкай сваёю? 4 Ён сказаў ім у адказ: хіба́ не чыталі вы, што Тварэц ад пачатку мужчынам і жанчынаю стварыў іх? 5 І сказаў: таму пакі́не чалавек бацьку і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною, 6 так што яны ўжо не двое, а адна плоць. Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е. 7 Яны кажуць Яму: чаму тады Маісей запаве́даў даваць разво́дны ліст і разво́дзіцца з ёю? 8 Ён кажа ім: Маісей з-за жорсткасці сэрца вашага дазволіў вам разво́дзіцца з жонкамі вашымі; але спачатку не было так. 9 А Я кажу вам: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю не з-за блу́ду і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае. 10 Ка́жуць Яму вучні Яго: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, то лепш не жаніцца. 11 Ён жа сказаў ім: не ўсе разумеюць слова гэтае, а тыя, каму да́дзена, 12 Бо ёсць скапцы́, якія з уло́ння ма́тчынага нарадзі́ліся так; і ёсць скапцы́, якія аско́плены людзьмі́; і ёсць скапцы́, якія аскапі́лі самі сябе дзе́ля Царства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай зразумее. 13 Тады прыве́дзены былі́ да Яго дзеці, каб Ён ускла́ў на іх ру́кі і памаліўся; а вучні забараня́лі ім. 14 Іісус жа сказаў: пусці́це дзяцей і не перашкаджа́йце ім прыхо́дзіць да Мяне, бо такім нале́жыць Царства Нябеснае. 15 І, ускла́ўшы на іх ру́кі, пайшоў адтуль. 16 І вось, нехта, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што́ добрае зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае? 17 А Ён сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсці ў жыццё, выконвай за́паведзі. 18 Кажа Яму: якія? Іісус сказаў: не забівай; не пралюбадзе́йнічай; не крадзь; не све́дчы лжы́ва; 19 шануй бацьку і маці; і: любі́ бліжняга твайго, як само́га сябе. 20 Кажа Яму юнак: усё гэта захава́ў я з юнацтва майго; чаго яшчэ не хапа́е мне? 21 Сказаў яму Іісус: калі хочаш даскана́лым быць, ідзі, прада́й маёмасць тваю і разда́й убо́гім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною. 22 Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў засму́чаны, бо ў яго была́ вялікая ўла́снасць. 23 Іісус жа сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсці́ ў Царства Нябеснае. 24 І яшчэ кажу вам: лягчэ́й вярблюду прайсці́ праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсці́ ў Царства Божае. 25 Пачу́ўшы гэта, вучні Яго вельмі здзіві́ліся і сказалі: хто ж тады можа спасці́ся? 26 А Іісус паглядзе́ў і сказаў ім: лю́дзям гэта немагчы́ма, а Богу ўсё магчы́ма. 27 Тады Пётр, адка́зваючы, сказаў Яму: вось, мы пакі́нулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам? 28 Іісус жа сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, якія пайшлі́ ўслед за Мною, — у новым жыцці́, калі ся́дзе Сын Чалавечы на прастоле сла́вы Сваёй, ся́дзеце і вы на двана́ццаці прастолах судзі́ць двана́ццаць кале́н Ізра́ілевых. 29 І кожны, хто пакі́не дамы́, альбо братоў, альбо сясцёр, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо палі́ дзеля імя́ Майго, атрыма́е ў сто разоў больш і ўнасле́дуе жыццё вечнае. 30 Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

 

 

 

 

Комментирование закрыто.