Святое Евангелле паводле Матфея

РАЗДЗЕЛ 2

1 Калі ж Іісус  нарадзі́ўся ў Віфлее́ме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы́ з усходу прыйшлі́ ў Іерусалім і кажуць: 2 дзе наро́джаны Цар Іудзейскі? бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі́ паклані́цца Яму. 3 Пачуўшы гэта, цар Ірад занепако́іўся, і ўвесь Іерусалім з ім. 4 І, сабраўшы ўсіх першасвятаро́ў і кніжнікаў народных, пыта́ўся ў іх: дзе ма́е нарадзі́цца Хрыстос? 5 Яны ж сказалі яму: у Віфлее́ме Іудзейскім, так бо напі́сана прарокам: 6 “І ты, Віфлее́ме, зямля Іу́дава, нічым не ме́ншы сярод ваяво́дстваў Іу́давых; бо з цябе вы́йдзе Правады́р, Які будзе па́свіць народ мой Ізра́іля”. 7 Тады Ірад, упо́тай паклі́каўшы мудрацоў, дакла́дна вы́ведаў у іх час з’яўле́ння зоркі. 8 І, паслаўшы іх у Віфлее́м, ён сказаў: ідзіце, дакла́дна даве́дай­цеся пра Дзіця́ і, калі зно́йдзеце, паве́даміце мне, каб і я пайшоў і паклані́ўся Яму. 9 Яны, вы́слухаўшы цара, пайшлі; і вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было́ Дзіця́. 10 Убачыўшы зорку, яны ўзра́даваліся ра­дасцю вельмі вялікаю. 11 І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця́ з Марыяю, Маці Яго, і, па́ўшы, паклані́ліся Яму; і, адкры́ўшы ска́рбніцы свае, прыне́слі Яму дары́: золата, ла́дан і смі́рну. 12 І папярэ́джаныя ў сне, каб не вярта́ліся да Ірада, яны іншай дарогай адышлі́ ў краіну сваю. 13 Калі ж яны адышлі, —  вось, Ангел Гасподні яўля́ецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго, і ўцяка́й у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіця́, каб загубі́ць Яго. 14 Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго, і адышоў у Егіпет. 15 І быў ён там да смерці Ірада, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа: “з Егіпта паклі́каў Я Сына Майго”. 16 Тады Ірад, убачыўшы, што ён ашука́ны мудрацамі, разгне́ваўся вельмі і паслаў пазабіва́ць усіх дзяцей у Віфлее́ме і ва ўсіх ме́жах яго, ад двух гадоў і ніжэ́й, паводле часу, які дакладна вы́ведаў у мудрацоў. 17 Тады збыло́ся ска́занае прарокам Іерамі́ем, які гаворыць: 18 “голас у Раме чу́тны, галашэнне, і плач, і ля́мант вялікі; Рахі́ль плача па дзе́цях сваіх і не хоча суце́шыцца; бо іх няма”. 19 А калі Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўля́ецца Іосіфу ў Егіпце 20 і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго і ідзі ў зямлю́ Ізра́ілеву, бо паме́рлі тыя, што шукалі душы́ Дзіцяці. 21 Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго і прыйшоў у зямлю́ Ізра́ілеву. 22 Але пачуўшы, што Архела́й царствуе ў Іудзеі замест Ірада, ба́цькі свайго, ён пабаяўся туды ісці; і, атрыма́ўшы ў сне наказ, адышоў у ме́жы Галілейскія. 23 І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэ́т, каб збыло́ся ска́занае прарокамі, што Ён Назарэ́ем назва́ны будзе.

 

 

 

Комментирование закрыто.