Святое Евангелле паводле Матфея

РАЗДЗЕЛ 28

1 Калі ж міну́ла субота, на світа́нні   першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалі́на і другая Марыя паглядзе́ць магілу. 2 І вось, адбыло́ся вялікае землетрасе́нне: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступі́ўшы, адваліў ка́мень ад увахода ў магілу і сядзеў на ім. 3 Выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбра́нне яго белае, як снег. 4 І ад страху перад ім затрымце́лі вартаўнікі́ і зрабіліся, як мёртвыя. 5 Ангел жа, прамаўля́ючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы Іісуса распя́тага шукаеце. 6 Яго няма тут; Ён уваскрэс, як і казаў. Падыдзі́це, паба́чце месца, дзе ляжаў Гасподзь. 7 І хутка ідзіце, скажы́це вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і будзе раней за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам. 8 І, пайшоўшы хутка ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі абвясці́ць вучням Яго. 9 Калі ж ішлі яны абвясці́ць вучням Яго, то вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапі́лі ногі Яго і паклані́ліся Яму. 10 Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, абвясці́це брата́м Маім, каб пайшлі ў Галіле́ю, і там яны ўбачаць Мяне. 11 А пакуль яны ішлі, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, паве́дамілі першасвятара́м пра ўсё, што адбыло́ся. 12 І тыя, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нара́ду, няма́ла грошай далі́ воінам, 13 ка́жучы: скажы́це, што вучні Яго, уначы́ прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі. 14 І калі чуткі пра гэта дойдуць да праві́целя, мы перакана́ем яго, і вас ад непрые́мнасці пазба́вім. 15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як наву́чаны былі́. І пране́слася слова гэтае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня. 16 Адзіна́ццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару́, куды загадаў ім Іісус. 17 І, убачыўшы Яго, паклані́ліся Яму; а іншыя ўсумні́ліся. 18 І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: да́дзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі: 19 дык ідзіце, навучы́це ўсе народы, хры́сцячы іх у імя́ Айца, і Сына, і Святога Духа, 20 ву́чачы іх выконваць усё, што Я запаве́даў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэ́ння веку. Амінь.

 


Комментирование закрыто.