Святое Евангелле паводле Матфея

РАЗДЗЕЛ 9

1 І Ён, увайшоўшы  ў лодку, пераправіўся назад і прыйшоў у Свой горад. 2 І вось, прыне́слі да Яго спаралізава́нага, які ляжаў на пасцелі. І, убачыўшы веру іх, Іісус сказаў спаралізава́наму: мацуйся, сы́не! дару́юцца табе грахі твае. 3 І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзне́рыць. 4 А Іісус, ведаючы думкі іх, сказаў: навошта вы думаеце ліхое ў сэ́рцах вашых? 5 Бо што лягчэй — сказаць: “адпускаюцца табе грахі” ці сказаць: “устань і хадзі”? 6 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўла́ду на зямлі адпускаць грахі, — тады кажа спаралізава́наму: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой. 7 І той устаў і пайшоў у дом свой. 8 Народ жа, убачыўшы гэта, дзіву даўся і прасла́віў Бога, Які даў такую ўла́ду лю́дзям.  9 Ідучы́ адтуль,   убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мы́тні, якога звалі Матфей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў услед за Ім. 10 І ста́лася, калі Іісус узляжа́ў у доме, тады многія мы́тнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзле́глі з Ім і вучнямі Яго. 11 І, убачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: чаму з мы́тнікамі і грэшнікамі есць і п’е Настаўнік ваш? 12 А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя; 13 ідзіце, навучы́цеся, што азначае: “міласці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклі́каць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння. 14 Тады прыходзяць да Яго  вучні Іаанавы і кажуць: чаму мы і фарысеі по́сцім многа, а Твае вучні не по́сцяць? 15 І сказаў ім Іісус: ці могуць смуткава́ць сыны́ харо́маў вясе́льных, пакуль з імі жаніх? Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасці́ць. 16 І ніхто не наклада́е латкі з тканіны суровай на адзе́жыну стару́ю; бо латка парве адзе́жыну, і дзірка будзе яшчэ горшая. 17 Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхі́ стары́я; а інакш прарыва́юцца мяхі́, і віно выцяка́е, і мяхі́ прапада́юць; а ўліваюць віно маладое ў мяхі́ новыя, і зберага́ецца тое і другое. 18 Калі Ён гэта гаварыў ім, вось, прыйшоў нейкі начальнік   і, кла́няючыся Яму, казаў: дачка мая́ толькі што паме́рла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку́ Тваю, і яна будзе жыць. 19 І, устаўшы, Іісус пайшоў за ім, і вучні Яго. 20 І вось, жанчына, якая мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў, падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго. 21 Бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрану́ся да вопраткі Яго, вы́здаравею. 22 Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе. І вы́здаравела жанчына з таго часу. 23 А калі прыйшоў Іісус у дом начальніка і ўбачыў музы́каў з жалейкамі і збянтэ́жаны люд, 24 то сказаў ім: вы́йдзіце; бо не паме́рла дзяўчына, а спіць. І насміха́ліся з Яго. 25 Калі ж людзі былі́ вы́праваджаны, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку́, і дзяўчына ўстала. 26 І разне́слася чутка пра гэта па ўсёй зямлі той. 27 І калі адыходзіў адтуль Іісус,  ішлі за Ім двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сы́не Давідаў! 28 Калі ж Ён прыйшоў у дом, прыступі́лі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі! 29 Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: па веры вашай няхай будзе вам. 30 І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даве́даўся. 31 А яны, выйшаўшы, разне́слі чутку пра Яго па ўсёй зямлі той. 32 Калі ж тыя выхо́дзілі, якраз прывялі да Яго чалавека нямога, апанава́нага дэманам. 33 І калі дэман быў вы́гнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючы́ся, казаў: ніколі такога не здара́лася ў Ізра́ілі. 34 А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганя́е Ён дэманаў. 35 І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і пасе́лішчах, ву́чачы ў сінагогах іх, прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у лю́дзях. 36 Убачыўшы   натоўпы людзей, Ён пашкадаваў іх, бо яны былі знясі́леныя і пакі́нутыя, як авечкі без пастуха. 37 Тады кажа вучням Сваім: жніва́ многа, а работнікаў мала. 38 Таму малі́це Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.

 

 

 

Комментирование закрыто.