РАЗДЗЕЛ 1
1 Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага, 2 як напі́сана ў прарокаў: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблі́ччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”. 3 “Голас таго, хто кліча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабіце сце́жкі Яму”. 4 З’явіўся Іаан, хры́сцячы ў пусты́ні і прапаведуючы хрышчэнне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў. 5 І выхо́дзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалі́мляне, і хрысці́ліся ад яго ўсе ў рацэ́ Іардане, спавяда́ючыся ў грахах сваіх. 6 Іаан жа насіў вопратку з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паясні́цы сваёй і еў акры́ды* і дзікі мёд. 7 І прапаве́даваў, ка́жучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты, нахілі́ўшыся, развязаць раме́нь абутку Яго; 8 я хрысці́ў вас вадою, а Ён будзе хрысці́ць вас Духам Святым. 9 І было́ ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галіле́йскага і хрысці́ўся ад Іаана ў Іардане. 10 І калі выхо́дзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.11 І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў. 12 І адразу Дух вядзе Яго ў пусты́ню. 13 І быў Ён там у пусты́ні сорак дзён, спакуша́ны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служы́лі Яму. 14 Пасля ж таго, як узя́ты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Ева́нгелле Царства Божага 15 і ка́жучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пака́йцеся і веруйце ў Ева́нгелле. 16 А ідучы́ каля мора Галіле́йскага, убачыў Сі́мана і Андрэя, брата Сі́манавага, якія закідвалі мярэ́жы ў мора, бо яны былі́ рыбаловы. 17 І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўца́мі людзе́й. 18 І яны адразу, пакінуўшы мярэ́жы свае, пайшлі ўслед за Ім.19 І, прайшоўшы крыху́ адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ла́дзілі мярэ́жы; 20 і адразу паклі́каў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзе́я ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім. 21 І прыходзяць у Капернау́м; і неўзаба́ве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў. 22 І здзіўля́ліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто ма́е ўла́ду, а не як кніжнікі. 23 І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён, 24 ка́жучы: пакінь, што́ Табе да нас, Іісусе Назарані́не? Ты прыйшоў загубі́ць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы. 25 Але Іісус забарані́ў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго. 26 І дух нячысты, скалану́ўшы яго і ўскры́кнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго. 27 І жахну́ліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта? што гэта за новае вучэнне, што Ён з ула́даю і духам нячыстым зага́двае, і яны слухаюцца Яго? 28 І разне́слася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галіле́і. 29 І адразу, вы́йшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сі́мана і Андрэя з Іакавам і Іаанам. 30 А це́шча Сі́манава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе. 31 І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку́; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслу́жвала ім. 32 А як вечарэ́ла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанава́ных дэманамі. 33 І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй. 34 І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хвароб, і дэманаў многіх вы́гнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос. 35 А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэ́льнае месца, і там маліўся. 36 І паспяша́ліся ўслед Яму Сі́ман і тыя, што былі́ з ім. 37 І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе. 38 І кажа Ён ім: хадзе́м у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаве́даваць; бо на тое Я і выйшаў. 39 І Ён прапаве́даваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галіле́і і дэманаў выганя́ў. 40 І прыхо́дзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені па́даючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачы́сціць мяне. 41 Іісус жа, злі́таваўшыся над ім, працягнуў руку́, дакрану́ўся да яго і кажа яму: хачу, ачы́сціся. 42 І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты. 43 І, звярну́ўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго, 44 і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажы́ся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім. 45 А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшча́ць і распавяда́ць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэ́льных мясцінах. І прыхо́дзілі да Яго адусюль.