Раздзел 16
1 І калі міну́ла субота, Марыя Магдалі́на і Марыя Іа́кавава, і Саламі́я купілі духмя́насцяў, каб, прыйшоўшы, пама́заць Яго. 2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца, 3 і гаварылі між сабою: хто адва́ліць нам ка́мень ад увахода ў магілу? 4 І, паглядзе́ўшы, бачаць, што ка́мень адва́лены; а быў ён надта вялікі. 5 І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака́, што сядзеў справа, апра́нуты ў белы ўбор; і жахну́ліся. 6 А ён кажа ім: не жаха́йцеся. Іісуса шукаеце Назарані́на, распя́тага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго. 7 Але ідзіце, скажы́це вучням Яго і Пятру, што Ён будзе ране́й за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам. 8 І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапі́ла трымце́нне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. 9 А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдалі́не, з якой вы́гнаў быў сем дэманаў. 10 Яна, пайшоўшы, абвясці́ла тым, што былі́ з Ім, якія смуткава́лі і плакалі; 11 і тыя, пачуўшы, што Ён жывы́ і што яна бачыла Яго, не паверылі. 12 Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло. 13 І тыя, пайшоўшы, абвясці́лі астатнім; але і ім не паверылі. 14 Нарэшце, явіўся Ён і самім адзіна́ццаці, калі яны ўзляжа́лі на вячэры, і дакара́ў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі. 15 І сказаў ім: ідучы́ па ўсім свеце, прапаве́дуйце Ева́нгелле ўсяму стварэ́нню. 16 Хто ўверуе і ахры́сціцца, той спасёны будзе; а хто не ўверуе, асу́джаны будзе. 17 А тых, хто ўверуе, будуць суправаджа́ць знаме́нні такія: і́мем Маім будуць яны выганя́ць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі; 18 будуць браць змей; а калі што смяротнае вы́п’юць, не пашко́дзіць ім; на хворых ускладу́ць ру́кі, і тыя будуць здаровыя. 19 І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў правару́ч Бога. 20 А яны, вы́йшаўшы, прапаве́давалі ўсюды, і Гасподзь садзе́йнічаў ім і пацвярджа́ў сло́ва знаме́ннямі ўслед. Амінь.