Раздзел 9
1 І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, хто не зазна́е смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое пры́йдзе ў сіле. 2 І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару́ высокую адных асобна, і перамяні́ўся перад імі. 3 І ўбра́нне Яго стала бліску́чым і надзвы́чай белым, як снег, такім, як бялі́льшчык на зямлі не можа вы́беліць. 4 І явіўся ім Ілія́ з Маісе́ем; і размаўлялі з Іісусам. 5 І, азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Равві́ ! добра нам тут быць, зробім тры шатры́, Табе адзін, Маісе́ю адзін і адзін Іліі́. 6 Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былі́ перапало́ханы. 7 І ўзні́кла во́блака, ахіна́ючы іх, і з во́блака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слухайце. 8 І нечакана, агле́дзеўшыся наво́кал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе. 9 І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што́ бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. 10 І захава́лі ў сабе гэтае сло́ва, разважа́ючы між сабой: што значыць “уваскрэ́снуць” з мёртвых? 11 І пыталіся ў Яго, ка́жучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсці́ ране́й? 12 А Ён сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́, прыйшоўшы ране́й, узно́віць усё; а як жа напі́сана пра Сына Чалавечага, — што многа адпаку́туе і знява́жаны будзе? 13 Але кажу вам, што і Ілія́ прыйшоў, і ўчыні́лі з ім, што хацелі, як напі́сана пра яго. 14 І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрача́ліся з імі. 15 І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, ура́зіўся і, падбягаючы, віталі Яго. 16 І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрача́ецеся з імі? 17 Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сы́на майго, які ма́е ў сабе духа нямога; 18 і дзе ні схо́піць яго, кі́дае яго, і ён пену пускае і скрыго́ча зубамі і дранцве́е; і прасіў я вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, ды яны не змаглі. 19 Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязве́рны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне. 20 І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пуска́ючы пену. 21 І запытаўся Іісус у ба́цькі яго: як даўно гэта зда́рылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства; 22 і часта дух і ў агонь кі́даў яго, і ў ваду, каб загубі́ць яго; але, як што можаш, дапамажы́ нам, зжа́ліўшыся над намі. 23 А Іісус сказаў яму: калі можаш ве́раваць, усё магчыма для таго, хто веруе. 24 І адразу, усклі́кнуўшы, хло́пцаў бацька са слязьмі́ сказаў: верую, Госпадзі! памажы́ майму няве́р’ю! 25 Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забарані́ў духу нячыстаму, ка́жучы яму: дух нямы і глухі, Я зага́дваю табе, вы́йдзі з яго і больш не ўваходзь у яго! 26 І, ускры́кнуўшы і моцна скалану́ўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр. 27 Але Іісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго; і ён устаў. 28 І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго? 29 І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа вы́йсці, толькі ад малітвы і по́сту. 30 І, вы́йшаўшы адтуль, прахо́дзілі праз Галіле́ю, і Ён не хацеў, каб хто даве́даўся. 31 Бо навуча́ў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя і заб’юць Яго, і, забіты, Ён на трэці дзень уваскрэ́сне. 32 Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца. 33 І прыйшоў у Капернау́м; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважа́лі між сабою? 34 Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрача́ліся адзін з адным, хто бо́льшы. 35 І, сеўшы, паклі́каў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою. 36 І, узяўшы дзіця́, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім: 37 хто пры́ме адно з такіх дзяце́й у імя́ Маё, той Мяне пры́ме, а хто Мяне пры́ме, той не Мяне прыма́е, але Таго, Хто паслаў Мяне. 38 Азва́ўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што і́мем Тваім выганяе дэманаў, але не хо́дзіць за намі, і мы забарані́лі яму, бо не хо́дзіць за намі. 39 Іісус жа сказаў: не забараня́йце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя́ Маё і мог бы неўзаба́ве знява́жыць Мяне. 40 Бо хто не су́праць вас, той за вас. 41 І хто напо́іць вас чашай вады ў імя́ таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй. 42 А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што ве́руюць у Мяне, таму ле́пей было́ б, калі б павесілі жарнавы́ ка́мень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора. 43 І калі спакуша́е цябе рука твая, адсячы́ яе: ле́пей табе кале́кам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукі́ ма́ючы, пайсці ў гее́ну, у агонь незгаса́льны, 44 дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е. 45 І калі нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе: ле́пей табе ўвайсці ў жыццё кульга́вым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у гее́ну, у агонь незгаса́льны, 46 дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е. 47 І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго: ле́пей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым, два во́кі маючы, быць укі́нутым у гее́ну вогненную, 48 дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е. 49 Бо кожны агнём асо́ліцца і кожная ахвяра соллю асо́ліцца. 50 Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе папра́віце? Ма́йце соль у сабе, і мір ма́йце між сабою.