РАЗДЗЕЛ 1
1 Паколькі ўжо многія ўзялі́ся склада́ць аповесць пра падзеі, якія сярод нас адбылі́ся, 2 як перадалі́ нам тыя, што ад пачатку былі́ відаво́чцамі і служы́целямі Слова, 3 прыйшло на думку і мне, дакладна дасле́даваўшы ўсё ад пачатку, паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Фео́філе, 4 каб ты спазна́ў цвёрдую аснову таго вучэ́ння, у якім быў наста́ўлены. 5 Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага, адзін святар і́мем Заха́рыя, з Аві́евай чаргі́; і жонка яго з роду Ааро́навага, імя́ ёй Елісавета. 6 Былі́ яны абое праведныя перад Богам, жывучы́ паводле ўсіх за́паведзяў і ўстанаўле́нняў Гасподніх беззага́нна. 7 І не ме́лі яны дзіця́ці, бо Елісавета была́ няплодная, і абое былі́ ўжо на схі́ле гадоў сваіх. 8 І ста́лася: калі ў парадку сваёй чаргі́ ён служыў перад Богам, 9 вы́пала яму, паводле звы́чаю святарскага, кадзі́ць, увайшоўшы ў храм Гасподні, 10 а ўсё мноства людзей малілася зво́нку ў час каджэ́ння; 11 і явіўся яму Ангел Гасподні, сто́ячы справа ад кадзі́льнага ахвя́рніка; 12 і суме́ўся Заха́рыя, убачыўшы, і страх напаў на яго. 13 Але Ангел сказаў яму: не бойся, Заха́рыя, бо пачу́та малітва твая, і жонка твая Елісавета наро́дзіць табе сына, і назавеш яго і́мем Іаан, 14 і будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэ́нню яго ўзрадуюцца; 15 бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і не будзе піць віна́ і сі́керу ; і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй; 16 і многіх з сыноў Ізра́ілевых зве́рне да Госпада Бога іх; 17 і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліі́, каб вярну́ць сэ́рцы бацькоў да дзяцей, і непакорлівых да мудрасці праведных, каб падрыхтава́ць Госпаду народ гатовы. 18 І сказаў Заха́рыя Ангелу: па чым я пазна́ю гэта? бо я стары́, і жонка мая́ на схі́ле гадоў сваіх. 19 І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыі́л, што стаю перад Богам і пасла́ны гаварыць з табой і дабраве́сціць табе гэта; 20 і вось, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да таго дня, калі збу́дзецца гэта, за тое, што ты не паверыў сло́вам маім, якія здзе́йсняцца ў свой час. 21 І чакаў народ Заха́рыю і здзіўляўся, што ён мару́дзіць у храме. 22 Ён жа, вы́йшаўшы, не мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў відзе́нне ў храме; а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямы́м. 23 І ста́лася: калі скончыліся дні служэ́ння яго, пайшоў ён у дом свой. 24 Пасля гэтых дзён зачала́ Елісавета, жонка яго, і таі́лася пяць месяцаў, і гаварыла: 25 так зрабіў мне Гасподзь у дні, калі спагля́нуў, каб зняць з мяне́ га́ньбу сярод людзе́й. 26 А ў шосты месяц пасла́ны быў Ангел Гаўрыі́л ад Бога ў горад Галіле́йскі пад назвай Назарэ́т 27 да Дзевы, зару́чанай з мужам, імя́ якому Іосіф, з дому Даві́давага; а імя́ Дзевы — Марыя. 28 І, увайшоўшы да Яе, Ангел сказаў: радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын. 29 Яна ж, убачыўшы яго, збянтэ́жылася ад слова яго і разважа́ла, што́ ж гэта за віта́нне. 30 І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога. 31 І вось, зачне́ш ва ўло́нні, і наро́дзіш Сы́на, і дасі́ Яму імя́: Іісус. 32 Ён будзе вялікі, і Сы́нам Усявышняга будзе назва́ны, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго; 33 і будзе царстваваць над домам Іакава давеку, і Царству Яго не будзе канца. 34 І сказала Марыя Ангелу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю? 35 Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе́ на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне́ Цябе; таму і Святое, што наро́дзіцца, Сы́нам Божым будзе назва́на; 36 і вось, Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала́ сына ў старасці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай; 37 бо не застане́цца бяссі́льным у Бога ніводнае слова. 38 Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне па слову твайму. І адышоў ад Яе Ангел. 39 І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні пайшла з паспе́шнасцю ў горны край, у горад Іу́даў; 40 і ўвайшла ў дом Заха́рыі, і павіта́ла Елісавету. 41 І ста́лася: калі пачула Елісавета віта́нне Марыіна, устрапяну́лася дзіця́тка ва ўлонні яе; і напоўнілася Елісавета Духам Святым, 42 і ўсклі́кнула моцным голасам і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод уло́ння Твайго! 43 І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? 44 Бо, калі голас віта́ння Твайго дайшоў да вушэ́й маіх, устрапяну́лася дзіця́тка радасна ва ўлонні маім. 45 І блажэнная Тая, што паверыла, бо збу́дзецца ска́занае Ёй ад Госпада. 46 І сказала Марыя: веліча́е душа Мая Госпада, 47 і ўзра́даваўся дух Мой у Богу, Спасіцелі Маім, 48 што спагля́нуў Ён на пако́ру Рабы Сваёй; бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэ́ннай усе ро́ды; 49 бо ўчыні́ў Мне вялікае Моцны, і святое імя́ Яго; 50 і міласэрнасць Яго ў ро́ды ро́даў да тых, што баяцца Яго; 51 Ён праяві́ў сілу рукою Сваёю; рассе́яў ганарлі́вых ду́мкамі сэ́рца іх; 52 скінуў моцных з прастолаў і ўзнёс пако́рлівых; 53 галодных здаво́ліў дабром, а багатых адпусціў ні з чым; 54 прыхіну́ў Ізра́іля, слугу́ Свайго, па́мятаючы пра міласць, — 55 як гаварыў бацька́м нашым, — да Аўраама і се́мені яго давеку. 56 Прабыла́ ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой. 57 А Елісавеце настаў час радзі́ць, і яна нарадзі́ла сы́на. 58 І пачулі суседзі і сваякі яе, што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе і радаваліся з ёю. 59 І ста́лася: у восьмы дзень прыйшлі абрэ́заць дзіця́, і хацелі назваць яго і́мем ба́цькі яго, Заха́рыем. 60 І, адказваючы, маці яго сказала: не, а назва́ны будзе Іаанам. 61 І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй, хто б зваўся гэтым і́мем. 62 І зна́камі пыталіся ў ба́цькі яго, я́к бы ён хацеў, каб назва́лі яго. 63 І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя́ яму. І здзівіліся ўсе. 64 І адразу адкры́ліся ву́сны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, благаслаўля́ючы Бога. 65 І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх; і па ўсім горным кра́і Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта. 66 І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэ́рцы сваім, ка́жучы: што́ будзе з дзіця́ці гэтага? І рука Гасподняя была́ з ім. 67 І Заха́рыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, ка́жучы: 68 благаславёны Гасподзь Бог Ізра́ілеў, што наведаў народ Свой і вы́купіў яго; 69 І ўзняў нам рог спасення ў доме Давіда, слугі́ Свайго, 70 як сказаў ву́снамі святых Сваіх прарокаў адве́ку, 71 што ўрату́е нас ад ворагаў нашых і ад рукі́ ўсіх, хто ненавідзіць нас; 72 каб зрабіць міласць бацька́м нашым і ўспомніць запаве́т Свой святы́, 73 кля́тву, якой кля́ўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам, 74 вы́зваленым ад рукі́ ворагаў нашых, без бо́язі 75 служы́ць Яму ў свя́тасці і пра́веднасці перад Ім ва ўсе дні жыцця́ нашага. 76 І ты, дзіця́, прарокам Усявышняга будзеш назва́на, бо ты будзеш ісці перад аблі́ччам Госпада, каб падрыхтаваць шляхі́ Яму, 77 даць народу Яго спазна́ць спасе́нне ў адпушчэ́нні грахоў, 78 па сардэчнай міласці Бога нашага, якою наве́даў нас Усход з вышыні́, 79 каб асвятлі́ць тых, што сядзяць у це́мры і це́ні смерці, скірава́ць ногі нашы на шлях міру. 80 Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам; і было́ ў пусты́нях да дня з‘яўле́ння свайго Ізра́ілю.