Святое Евангелле паводле Лукі

РАЗДЗЕЛ 19

1 І ўвайшоўшы, Ён праходзіўпраз Іерыхон. 2І вось чалавек, зва́ны і́мем Закхе́й, які быў начальнік мы́тнікаў і быў багаты, 3 імкну́ўся ўба́чыць Іісуса, хто Ён, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малы́ ростам; 4 і, забе́гшы наперад, узлез на смако́ўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там прахо́дзіць. 5 І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца, то, паглядзе́ўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь, бо сёння ў доме тваім нале́жыць Мне быць. 6 І той паспе́шна злез і прыня́ў Яго з радасцю. 7 І ўсе, уба́чыўшы гэта, нарака́лі, ка́жучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён. 8 Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду: вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убо́гім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы́ больш. 9 Сказаў яму Іісус: сёння наста́ла спасе́нне дому гэтаму, таму што і ён — сын Аўраамаў; 10 бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб знайсці́ і спасці́ тое, што загі́нула. 11 Калі ж яны слухалі гэта, Ён дада́ў яшчэ прытчу, таму што быў блізка ад Іерусаліма, і яны думалі, што зараз жа Царства Божае ма́е яві́цца. 12 Дык сказаў Ён:  нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краі́ну, каб атрыма́ць сабе царства і вярну́цца; 13 і, паклі́каўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін  і сказаў ім: укладзі́це ў справу, пакуль я вярну́ся. 14 Але яго грамадзя́не ненаві́дзелі яго і пасла́лі ўслед за ім пасольства, ка́жучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі. 15 І ста́лася: калі ён вярнуўся, атрыма́ўшы царства, то сказаў паклі́каць тых рабоў, якім даў срэ́бра, каб даведацца, хто што набы́ў. 16І прыйшоў першы, ка́жучы: гаспадар, мі́на твая прыне́сла дзесяць мін. 17 І ён сказаў яму: добра, раб добры; за тое, што ў найме́ншым ты быў верны, будзь уладаро́м над дзесяццю́ гарадамі. 18 І прыйшоў другі, ка́жучы: гаспадар, міна твая прыне́сла пяць мін. 19 Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю́ гарадамі. 20 І яшчэ адзін прыйшоў, ка́жучы: гаспадар, вось міна твая, якую я трымаў схава́ную ў ху́стцы, 21 таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не клаў, і жне́ш, чаго не сеяў. 22 А той кажа яму: ву́снамі тваімі буду судзі́ць цябе, ліхі́ раб: ты ведаў, што я чалавек жорсткі, які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў; 23 чаму ж ты не аддаў маё срэ́бра ў абаро́т, каб я, прыйшо́ўшы, атрымаў яго з прыбы́ткам? 24 І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, хто ма́е дзесяць мін. 25 І сказалі яму: гаспадар, ён жа ма́е дзесяць мін. 26 Кажу вам, што кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е ён; 27 а тых ворагаў жа маіх, якія не хацелі, каб я стаў царом над імі, прывядзі́це сюды і пазабіва́йце перада мною. 28 І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў дале́й, узыхо́дзячы ў Іерусалім. 29 І ста́лася: калі Ён наблізіўся  да Віфагі́і і Віфа́ніі, да гары, што заве́цца Елеонскай, паслаў двух вучняў Сваіх, 30 сказаўшы: ідзіце ў се́лішча, што насу́праць; увайшо́ўшы ў яго, зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніколі ніхто з людзей не сяда́ў; адвяжы́це яго і прывядзі́це; 31 і калі хто спытае ў вас: “навошта адвя́зваеце?”, скажы́це яму так: “яно патрэбна Госпаду”. 32 Пасла́ныя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім. 33 Калі ж яны адвя́звалі асляня́, гаспадары́ яго сказалі ім: нашто вы адвя́зваеце асляня́? 34 Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду. 35 І прывялі́ яго да Іісуса, і, накі́нуўшы во́пратку сваю на асляня́, пасадзі́лі на яго Іісуса. 36 І калі Ён ехаў, людзі пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу. 37 А калі Ён набліжа́ўся   ўжо да спу́ску з гары Елеонскай, усё мноства вучняў, ра́дуючыся, пачало́ моцным го́ласам хвалі́ць Бога за ўсе цуды, якія бачылі яны, 38 ка́жучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя́ Гасподняе! мір на нябёсах і слава ў вы́шніх! 39 І некато́рыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забарані́ ву́чням Сваім. 40 А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам, што калі яны змо́ўкнуць, то камяні́ закрыча́ць. 41 І, калі Ён наблі́зіўся, то, уба́чыўшы горад, заплакаў па ім, 42 ка́жучы: калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразуме́ў, што́ трэба для міру твайго! але цяпер гэта скры́та ад вачэй тваіх; 43 бо пры́йдуць на цябе дні, і ўзвяду́ць ворагі твае вакол цябе вал, і акру́жаць цябе, і сці́снуць цябе адусю́ль, 44 і зні́шчаць цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакі́нуць ка́меня на ка́мені ў табе за тое, што не разуме́ў ты ча́су наве́дання цябе. 45 І, увайшоўшы ў храм, Ён пачаў выганя́ць тых, што прадава́лі ў ім і купля́лі, 46 ка́жучы ім: напі́сана: “дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў. 47 І Ён кожны дзень вучыў у храме. А першасвятары́ і кніжнікі шука́лі, як загубі́ць Яго, таксама і першыя людзі ў народзе, 48 і не знахо́дзілі, што зрабі́ць з Ім, бо ўвесь народ, слу́хаючы, абступа́ў Яго.

 

Комментирование закрыто.