Святое Евангелле паводле Лукі


РАЗДЗЕЛ 2

1 І ста́лася ў тыя дні: выйшаў указ ад ке́сара Аўгуста зрабіць пе́рапіс па ўсёй зямлі. 2 Гэта быў першы пе́рапіс, калі Сі́рыяй пра́віў Квіры́ній. 3 І ўсе ішлі запі́свацца, кожны ў свой горад. 4 Пайшоў таксама і Іосіф з Галіле́і, з горада Назарэ́та, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Віфлее́м, бо ён быў з дому і роду Давідавага, 5 запісацца з Марыяй, заручо́най з ім Жонкай, Якая была цяжа́рная. 6 І ста́лася: калі яны былі́ там, споўніліся дні, каб радзі́ць Ёй; 7 і нарадзі́ла Сына Свайго Першынца, і спавіла́ Яго, і пакла́ла Яго ў я́слях, бо не было ім ме́сца ў гасці́ніцы. 8 У той краіне былі́ пастухі, што пільнава́лі і не́слі начную ва́рту каля статку свайго. 9 І вось Ангел Гасподні стаў перад імі, і слава Гасподняя азары́ла іх; і напоўніліся страхам вялікім. 10 І сказаў ім Ангел: не бойцеся, бо вось абвяшча́ю вам радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу: 11 нарадзі́ўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь; 12 і вось вам знак: вы зно́йдзеце Дзіця́тка спаві́тае, што ляжы́ць у я́слях. 13 І раптам з’явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае, усхваля́ючы Госпада і прамаўля́ючы: 14 слава ў вы́шніх Богу і на зямлі мір, у лю́дзях добрая воля. 15 І ста́лася: калі адышлі́ ад іх Ангелы на неба, людзі-пастухі казалі адзін аднаму: по́йдзем у Віфлеем і паглядзі́м тое, што адбыло́ся, пра што Гасподзь абвясці́ў нам. 16 І, спяша́ючыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Іосіфа, і Дзіця́тка, што ляжала ў я́слях. 17 Убачыўшы ж, абвясці́лі тое, што было́ ска́зана ім пра гэтае Дзіця́. 18 І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што́ казалі ім пастухі. 19 А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя, склада́ючы ў сэрцы Сваім. 20 І вярнуліся пастухі, сла́вячы і хва́лячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было ска́зана ім. 21 І калі спо́ўнілася восем дзён, каб абрэ́заць Дзіця́, далі́ імя́ Яму Іісус, назва́нае Ангелам перш, чым Ён зача́ты быў ва ўлонні. 22 І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага, прыне́слі Яго  ў Іерусалім, каб прадста́віць Яго Госпаду, — 23 як напі́сана ў законе Гасподнім: каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрыва́е ўлонне, было́ пасвячо́на Госпаду, — 24 і каб прыне́сці ахвяру паводле ска́занага ў законе Гасподнім: па́ру го́рліц або дваіх птушаня́т галубі́ных. 25 І вось,    быў у Іерусаліме чалавек, імя́ якому Сімяо́н. І чалавек гэты, праведны і богабая́зны, чакаў суцяшэ́ння Ізра́іля, і Дух Святы быў на ім. 26 І было́ яму прадве́шчана Духам Святым, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга. 27 І прыйшоў ён па натхне́нню Духа ў храм. І калі бацькі́ прыне́слі Дзіця́ Іісуса, каб вы́канаць над Ім устано́ўленае па закону, 28 ён узяў Яго на ру́кі, благаславі́ў Бога і сказаў: 29 цяпер адпуска́еш раба́ Твайго, Уладыка, паводле сло́ва Твайго, з мірам; 30 бо бачылі вочы мае́ спасе́нне Тваё, 31 якое Ты ўгатава́ў перад аблі́ччам усіх народаў, 32 святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізра́іля. 33 Іосіф жа і Маці Яго здзіўля́ліся ска́занаму пра Яго. 34 І благаславі́ў іх Сімяо́н і сказаў Марыі, Маці Яго: вось, Ён ляжы́ць для падзе́ння і паўстання многіх у Ізра́ілі і на знаме́нне супярэ́чання, — 35 і Табе Самой душу́ пратне́ меч, — каб адкрыліся по́мыслы многіх сэ́рцаў. 36 І была́ Анна прарочыца, дачка Фану́ілава, з калена Асі́равага, якая дасягнула глыбокай старасці, пражы́ўшы з мужам сем год ад дзяво́цтва свайго, 37 удава́ гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, паста́мі і малітвамі слу́жачы Богу дзень і ноч. 38 І яна ў той самы час, падышоўшы, сла́віла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўле́ння ў Іерусаліме. 39 І калі вы́каналі яны ўсё паводле Закону Гасподняга, вярнуліся ў Галіле́ю, у горад свой Назарэ́т. 40 Дзіця́ ж расло́ і ўмацо́ўвалася духам, напаўня́ючыся мудрасцю, і благадаць Божая была́ на Ім. 41 І хадзілі бацькі́ Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі. 42 І калі Яму было́ дванаццаць гадоў, узышлі́ яны ў Іерусалім, паводле звы́чаю свя́та, 43 і правялі́ тыя дні; і калі вярта́ліся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме; і не ведалі Іосіф і Маці Яго; 44 думаючы, што Ён разам са спадаро́жнымі, прайшлі яны дзённы шлях; і сталі шукаць Яго сярод сваяко́ў і знаёмых; 45 і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Іерусалім, шука́ючы Яго. 46 І ста́лася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме, калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх; 47 і дзіві́ліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго. 48 І, убачыўшы Яго, яны вельмі здзіві́ліся, і Маці Яго сказала Яму: Дзіця́! чаму Ты зрабіў нам так? Вось, бацька Твой і Я, паку́туючы, шукалі Цябе. 49 І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне? хіба́ вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што нале́жыць Айцу Майму? 50 Але яны не зразуме́лі сло́ва, якое Ён казаў ім. 51 І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмя́ны ім. І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэ́рцы Сваім. 52 А Іісус узраста́ў у мудрасці і гада́х, і ў любві ў Бога і ў людзей.

 

Комментирование закрыто.