Святое Евангелле паводле Лукі


РАЗДЗЕЛ 24

1 А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, несучы́ падрыхтава́ныя духмя́насці, яны прыйшлі́ да магілы,  і іншыя з імі; 2 але знайшлі, што ка́мень адва́лены ад магілы, 3 і, увайшо́ўшы, не знайшлі це́ла Госпада Іісуса. 4 І ста́лася: калі яны былі́ ў недаўме́нні ад гэтага, вось з’явіліся перад імі два мужы́ ў бліску́чым адзе́нні. 5 Калі ж яны спалохаліся і схілі́лі тва́ры да зямлі, тыя сказалі ім: што́ вы шука́еце жывога сярод мёртвых? 6 Яго няма тут, Ён уваскрэс; успо́мніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і, 7 ка́жучы, што Сын Чалавечы ма́е быць адда́дзены ў ру́кі людзей грэшных, і быць распя́ты, і на трэці дзень ўваскрэ́снуць. 8 І ўспомнілі яны словы Яго, 9 і, вярну́ўшыся ад магілы, паве́дамілі ўсё гэта адзіна́ццаці і ўсім іншым. 10 Былі́ ж гэта Магдалі́на Марыя, і Іаанна, і Марыя, маці Іакава, і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам. 11 І здалі́ся ім пусты́мі сло́вы гэтыя, і не паве́рылі ім. 12 Але Пётр,   устаўшы, пабег да магілы і, нахілі́ўшыся, убачыў, што толькі пало́тны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўля́ючыся ў сабе таму, што адбыло́ся. 13 І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў пасе́лішча, якое знахо́дзілася ста́дыях  у шасці́дзесяці ад Іерусаліма і называ́лася Эмау́с; 14 і яны размаўля́лі між сабою пра ўсё тое, што адбылося. 15 І ста́лася: калі яны размаўлялі і разважа́лі, Сам Іісус, наблі́зіўшыся, пайшоў з імі, 16 але вочы іх былі́ стры́маны, так што яны не пазналі Яго. 17 Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы́, разважа́еце між сабою і чаму такія засму́чаныя? 18 У адказ адзін, імя́ якога Клео́па, сказаў Яму: Ты адзі́ны з падаро́жных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбыло́ся ў ім у гэтыя дні? 19 І сказаў ім: пра што? Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбыло́ся з Іісусам Назарані́нам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам, 20 і як вы́далі Яго першасвятары́ і начальнікі нашы для асуджэ́ння на смерць і распя́лі Яго; 21 а мы спадзява́ліся, што Ён Той, Хто паві́нен вы́бавіць Ізра́іля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта ста́лася; 22 але і некаторыя жанчыны з нашых ура́зілі нас: пабыва́ўшы ра́на каля магілы 23 і не знайшо́ўшы це́ла Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўле́нне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы́; 24 і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі. 25 І Ён сказаў ім: о, неразва́жлівыя і мару́длівыя сэ́рцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі! 26 ці не так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю? 27 І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлума́чыў ім ва ўсім Пісанні тое, што ска́зана пра Яго. 28 І наблі́зіліся яны да пасе́лішча, у якое ішлі; і Ён рабіў вы́гляд, што пойдзе дале́й; 29 а яны затры́млівалі Яго, ка́жучы: заста́нься з намі, бо вечарэ́е і дзень на зыхо́дзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі. 30 І ста́лася: калі Ён узляжа́ў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславі́ў і, пераламі́ўшы, даваў ім. 31 І адкры́ліся ў іх вочы, і яны пазна́лі Яго, ды Ён стаў няба́чны для іх. 32 І сказалі яны адзін аднаму: хіба́ не гарэ́ла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлума́чыў нам Пісанне? 33 І, уста́ўшы ў той жа час, яны вярну́ліся ў Іерусалім і знайшлі́ сабра́ных разам адзіна́ццаць і тых, што былі́ з імі, 34 якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды́ ўваскрэ́с і яві́ўся Сі́ману. 35 А яны расказвалі, што́ было́ ў дарозе і як яны пазна́лі Яго пры пераламле́нні хле́ба. 36 Калі ж яны гаварылі пра гэта, Сам Іісус стаў пасяро́д іх і сказаў: мір вам. 37 Яны ж, суме́ўшыся і спало́хаўшыся, думалі, што бачаць духа; 38 а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэ́жаныя і чаму сумне́нні ўвахо́дзяць у сэ́рцы вашы? 39 паглядзі́це на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; дакрані́цеся да Мяне і паглядзі́це: дух не ма́е пло́ці і касце́й, што, як бачыце, Я ма́ю. 40 І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і ногі. 41 Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўля́ліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа? 42 Яны ж падалі́ Яму кавалак пе́чанай рыбы і мёду ў сотах. 43 І, узяўшы, Ён перад імі з’еў 44 і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што павінна здзе́йсніцца ўсё, напі́санае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалма́х пра Мяне. 45 Тады Ён адкрыў ім розум для разуме́ння Пісанняў 46 і сказаў ім: так напі́сана і так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўваскрэ́снуць з мёртвых на трэці дзень, 47 і каб было прапаве́дана ў імя́ Яго пакая́нне і адпушчэ́нне грахоў ва ўсіх народах, пачына́ючы з Іерусаліма; 48 вы ж све́дкі гэтага; 49 і вось Я пашлю́ абяца́нае Айцом Маім на вас; а вы застава́йцеся ў горадзе Іерусаліме, пакуль не апра́нецеся сілаю з вышыні́. 50 І Ён вы́веў іх да Віфа́ніі і, узня́ўшы ру́кі Свае, благаславі́ў іх. 51 І ста́лася: калі Ён благаслаўля́ў іх, то пачаў аддаля́цца ад іх і ўзно́сіцца на неба. 52 І яны паклані́ліся Яму і вярну́ліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю, 53 і былі́ заўсёды ў храме, хва́лячы і благаслаўля́ючы Бога. Амінь.


Комментирование закрыто.