РАЗДЗЕЛ 9
1 Склі́каўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і ацаля́ць ад хвароб; 2 і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае і ацаля́ць хворых. 3 І сказаў ім: нічога не бяры́це ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хле́ба, ні срэ́бра, і не ма́йце па дзве во́праткі; 4 і ў які дом уво́йдзеце, там застава́йцеся і адтуль выпраўля́йцеся дале́й; 5 а калі хто не пры́ме вас, то, выходзячы з горада таго, абтрасі́це пыл з ног вашых у све́дчанне на іх. 6 І, пайшоўшы, яны праходзілі па се́лішчах, дабраве́сцячы і ацаля́ючы ўсюды. 7 І пачуў Ірад тэтра́рх пра ўсё, што рабіў Іісус, і недаўмява́ў, бо некаторыя казалі, што Іаан паўстаў з мёртвых, 8 а некаторыя, што Іса́ія явіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс. 9 І сказаў Ірад: Іаану я адсе́к галаву; хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? І імкну́ўся ўбачыць Яго. 10 І, вярну́ўшыся, апосталы расказа́лі Яму, што́ зрабілі; і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэ́льнае ме́сца каля горада, які называ́ўся Віфсаі́да. 11 Але людзі, даве́даўшыся, пайшлі за Ім; і Ён, прыня́ўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае, і тых, хто меў патрэ́бу ў ацале́нні, ацаля́ў. 12 Дзень жа пачаў хілі́цца да вечара. І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: адпусці людзей, каб пайшлі ў навако́льныя се́лішчы і вёскі і знайшлі прыту́лак і ежу, бо мы тут у пустэ́льным ме́сцы. 13 Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога, акрамя́ пяці хлябо́ў і дзвюх ры́бін, хіба́ што пайсці нам купі́ць ежы для ўсіх гэтых людзей. 14 Бо іх было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзі́це іх групамі па пяцьдзесят. 15 І зрабілі так, і рассадзі́лі ўсіх. 16 Ён жа, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, і ўзвёўшы вочы на неба, благаславі́ў іх і пераламі́ў, і даваў вучням, каб разне́слі народу. 17 І елі, і насы́ціліся ўсе; і сабра́на было ў іх рэ́шты кава́лкаў дванаццаць кашоў. 18 І ста́лася: калі Ён маліўся ў адзіно́це, з Ім былі́ вучні, і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прыма́е народ? 19 Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысці́целя, іншыя ж за Ілію́, а іншыя кажуць, што нехта са старажы́тных прарокаў уваскрэ́с. 20 Ён жа сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага. 21 Але Ён, забараня́ючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта, 22 сказаўшы, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, і быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць. 23 А да ўсіх казаў: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой штодня́ і ідзе ўслед за Мною. 24 Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той урату́е яе. 25 Бо якую карысць ма́е чалавек, здабы́ўшы ўвесь свет, а сябе загубі́ўшы ці сабе пашко́дзіўшы? 26 Бо хто пасаро́меецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў. 27 Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага. 28 І ста́лася пасля гэтых слоў дзён праз восем: узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца. 29 І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым, і ўбра́нне Яго стала белым і зіхатлі́вым. 30 І вось, два мужы́ размаўлялі з Ім, гэта былі́ Маісей і Ілія́; 31 яві́ўшыся ў сла́ве, яны гаварылі пра адыход Яго, які Ён меў здзе́йсніць у Іерусаліме. 32 А Пятра і тых, што былі́ з ім, змары́ў сон; прабудзі́ўшыся ж, яны ўбачылі сла́ву Яго, і двух мужоў, што стаялі з Ім. 33 І ста́лася: калі яны адыхо́дзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры шатры́: адзін Табе, і адзін Маісею, і адзін Іліі́, — не ве́даючы, што́ кажа. 34 Калі ж ён гаварыў гэта, узні́кла во́блака і ахіну́ла іх; і яны спало́халіся, калі ўвайшлі́ ў во́блака. 35 І быў з во́блака голас, які гаварыў: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слу́хайце. 36 І калі быў голас гэты, апыну́ўся Іісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказа́лі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі. 37 І ста́лася на другі дзень: калі яны сышлі́ з гары́, сустрэла Яго мноства народу. 38 І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскры́кнуў, гаворачы: Настаўнік! малю́ Цябе, узгля́нь на сына майго; бо ён адзіны ў мяне; 39 і вось, дух хапа́е яго, і ён раптам ускры́квае, і ку́рчыць яго, так што ён пену пуска́е; і ледзь адступа́е ад яго, зму́чыўшы яго; 40 я прасіў вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, і яны не змаглі́. 41 Іісус жа сказаў у адказ: о, ро́дзе бязве́рны і разбэ́шчаны! даку́ль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сы́на свайго. 42 І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і ску́рчыў. Але Іісус забараніў духу нячыстаму, і ацалі́ў хло́пца, і аддаў яго ба́цьку яго. 43 І ўсе дзіві́ліся ве́лічы Божай. Калі ўсе здзіўля́ліся ўсяму, што рабіў Іісус, Ён сказаў вучням Сваім: 44 укладзі́це вы ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя. 45 Яны ж не разумелі сло́ва гэтага, і было́ яно скры́та ад іх, так што яны не спасці́глі яго; і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае. 46 І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх бо́льшы? 47 Іісус жа, ба́чачы по́мысел сэ́рца іх, узяў дзіця́, паставіў яго каля Сябе 48 і сказаў ім: хто пры́ме гэтае дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е; а хто пры́ме Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі. 49 Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік! мы бачылі некага, хто і́мем Тваім выганяў дэманаў, і забарані́лі яму, бо ён не сле́дуе за Табою з намі. 50 І сказаў яму Іісус: не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас. 51 І ста́лася: калі набліжа́ліся дні ўзя́цця Яго на неба, Ён цвёрда вы́рашыў ісці ў Іерусалім; 52 і паслаў вестуно́ў перад аблі́ччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў пасе́лішча самара́нскае, каб падрыхтава́ць для Яго; 53 але там не прынялі́ Яго, таму што Ён ішоў у Іерусалім. 54 Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан сказалі: Госпадзі! хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і зні́шчыў іх, як і Ілія́ зрабіў? 55 Але Ён, абярнуўшыся, забарані́ў ім, ка́жучы: не ведаеце, якога вы духа; 56 бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубі́ць ду́шы чалавечыя, але ўратава́ць. І пайшлі ў другое пасе́лішча. 57 І ста́лася: калі яны былі́ ў дарозе, сказаў нехта Яму: я пайду за Табою, куды б ты не ішоў, Госпадзі! 58 І сказаў яму Іісус: лі́сы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не ма́е дзе галаву́ прытулі́ць. 59 Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною. А той сказаў: Госпадзі! дазволь мне пайсці і перш пахава́ць бацьку майго. 60 Але Іісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх паме́рлых; а ты ідзі абвяшча́й Царства Божае. 61 І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі, але перш дазволь мне развіта́цца з тымі, хто ў доме маім. 62 Іісус жа яму сказаў: ніхто з тых, хто кладзе́ руку́ сваю на плуг і азіра́ецца назад, не прыда́тны для Царства Божага.