Дзеянні Святых Апосталаў

Раздзел 1

 

1. Пе́ршую кнігу, Фео́філе, напіса́ў я пра ўсё, што Іісус рабі́ў і чаму вучы́ў

2. ад пача́тку да таго́ дня, калі Ён ўзнёсся, да́ўшы праз Духа Свято́га настаўле́нні Апо́сталам, якіх Ён абра́ў,

3. пе́рад які́мі Ён і пасля́ паку́т Сваіх паказа́ў Сябе́ жывы́м у шматлі́кіх до́казах, на праця́гу сарака́ дзён яўля́ючыся ім і гаво́рачы пра Царства Бо́жае;

4. і, сабра́ўшы іх, Ён загада́ў ім: з Іерусалі́ма не адлуча́йцеся, а чака́йце абяца́нага Айцо́м, пра што вы чу́лі ад Мяне́;

5. бо Іаа́н хрысці́ў вадо́ю, а вы бу́дзеце хры́шчаны Ду́хам Святы́м праз не́калькі дзён.

6. Таму́ яны, сышо́ўшыся, пыта́ліся ў Яго́, ка́жучы: Го́спадзі, ці не ў гэты час аднаўля́еш Ты ца́рства Ізра́ілю?

7. Ён жа сказа́ў ім: не ва́ша спра́ва ве́даць часы́ і тэ́рміны, які́я Айце́ц устанаві́ў Сваёю ўла́даю;

8. але вы атрыма́еце сілу, калі сы́дзе Святы́ Дух на вас, і бу́дзеце Мне све́дкамі ў Іерусалі́ме, і ва ўсёй Іудзе́і і Самары́і, і аж да кра́ю зямлі.

9. І, сказа́ўшы гэта, Ён узня́ўся, паку́ль яны глядзе́лі, і во́блака схава́ла Яго ад вачэ́й іх.

10. І калі яны ўзіра́ліся ў не́ба, як Ён аддаля́ўся, ра́птам паўста́лі перад і́мі два мужы́ ў бе́лым адзе́нні,

11. якія сказа́лі: мужы́ Галіле́йскія! чаго вы стаіце́, угляда́ючыся ў неба? Гэты Іісус, Які ўзнёсся ад вас на неба, пры́йдзе такім са́мым чы́нам, як вы ба́чылі Яго, калі ўзыхо́дзіў на неба.

12. Тады вярну́ліся яны ў Іерусалі́м з гары́, называ́най Елео́н, што непадалёку ад Іерусалі́ма, на адле́гласці хады́ субо́тняга дня.

13. I, увайшо́ўшы, паднялі́ся ў святлі́цу, дзе і застава́ліся яны: Пётр і Іа́каў, Іаа́н і Андрэ́й, Філі́п і Фама́, Варфаламе́й і Матфе́й, Іа́каў Алфе́еў і Сі́ман Зіло́т, ды Іу́да Іа́каўлеў;

14. усе яны аднаду́шна трыва́лі ў малі́тве і мале́нні ра́зам з жанчы́­намі і Мары́яй, Маці Іісу́савай, і з брата́мі Яго.

15. I ў дні тыя Пётр, ста́ўшы пасяро́д ву́чняў, –

16. а было́ сабра́ных каля́ ста двац­цаці́ асо́б, – сказаў: мужы́ браты́! нале́жала здзе́йсніцца таму́, што ў Піса́нні прадказа́ў Дух Святы́ ву́снамі Даві́да пра Іу́ду, які стаў павадыро́м тых, што ўзялі́ Іісуса;

17. бо ён быў залі́чаны да нас і атрыма́ў прызначэ́нне на служэ́нне гэ́тае;

18. але ён набы́ў зямлю́ за ўзнагаро́ду няпра́ведную і, нізры́нуўшыся, разадра́ўся пасярэ́дзіне, і вы́валілася ўсё нутро́ яго;

19. і гэта ста́ла вядо́ма ўсім жыхара́м Іерусалі́ма, так што была́ назва́на зямля́ та́я на іх ула́снай мо́ве Акелдама́, што зна́чыць "зямля́ крыві́";

20. бо напі́сана ў кні́зе псалмо́ў: "няха́й ста́не двор яго пусты́м, і няха́й ніхто́ не жыве́ ў ім", і: "паса́ду яго няха́й пры́ме і́ншы";

21. таму́ трэба, каб з тых мужо́ў, што хадзі́лі з на́мі ўвесь час, – калі прыйшо́ў і знахо́дзіўся сяро́д нас Гаспо́дзь Іісус,

22. пачына́ючы ад хрышчэ́ння Іаа́навага і да таго́ дня, як Ён узнёсся ад нас, – адзін стаў ра́зам з намі све́дкам уваскрасе́ння Яго.

23. I паста́вілі дваіх: Іо́сіфа, назы­ва́нага Варса́вам, які быў празва́ны Іу́стам, і Матфі́я;

24. і, памалі́ўшыся, сказалі: Ты, Го́спадзі, Сэрцаве́дзе ўсіх, пакажы́ аднаго́, якога Ты вы́браў з гэтых двух,

25. каб ён прыня́ў прызначэ́нне на служэ́нне гэтае і апо́стальства, ад якога адпа́ў Іу́да і пайшо́ў у сваё месца.

26. I далі́ жэ́рабі ім, і вы́пала жэ́рабя на Матфі́я, і ён быў прылі́чаны да адзіна́ццаці Апо́сталаў.

 

Комментирование закрыто.