2-е Саборнае Пасланне святога Апостала Іаана Багаслова

Раздзел 1

 

1. Ста́рац – абра́най спада́рыні і дзе́цям яе, якіх я люблю́ ў і́сціне, і не толькі я, але і ўсе, хто спазна́ў і́сціну, 

2. дзе́ля і́сціны, якая знахо́дзіцца ў нас і будзе з намі ве́чна;

3. няхай будзе з вамі благада́ць, мі́ласць, мір ад Бога Айца і ад Госпада Іісуса Хрыста, Сына Айцовага, у і́сціне і любо́ві.

4. Я вельмі ўзра́даваўся, бо сярод дзяце́й тваіх знайшоў тыіх, што хо́дзяць у і́сціне паво́дле за́паведзі, якую мы атрыма́лі ад Айца.

5. І цяпер прашу цябе, спада́рыня, не як новую за́паведзь пі́шучы табе, а як тую, што ма́ем ад пачатку: каб мы любі́лі адзін аднаго́.

6. Любоў жа ў тым, каб мы жылі́ паво́дле за́паведзяў Яго. Вось за́паведзь, якую вы чулі ад пачатку, каб паво́дле яе жылі́.

7. Бо ў свет увайшло́ многа ашука́нцаў, якія не прызнаю́ць Іісуса Хрыста, што прыйшо́ў у плоці: такі чалавек – ашука́нец і анты́хрыст.

8. Сцеражы́цеся, каб вы* не страцілі таго, над чым працава́лі, а каб атрыма́лі поўную ўзнагаро́ду.

9. Кожны, хто паруша́е вучэ́нне Хрыстова і не застае́цца ў ім, той не ма́е Бога; а хто застае́цца ў вучэ́нні Хрысто́вым, той і Айца, і Сына ма́е.

10. Калі хто прыхо́дзіць да вас і не прыно́сіць гэтага вучэ́ння, не прыма́йце яго ў дом і не віта́йце яго;

11. бо хто віта́е яго, той саўдзе́льнічае ў злых спра́вах яго.

12. Многае меў я напіса́ць вам, але не захацеў я на папе́ры чарні́лам, а спадзяю́ся прыйсці́ да вас і ву́сна пагавары́ць, каб ра́дасць ваша была поўнай.  

13. Віта́юць цябе дзеці сястры тваёй абра́най. Амінь.





* У некаторых грэчаскіх тэкстах: "каб мы не страцілі таго, над чым працавалі, а каб атрымалі поўную ўзнагароду".

 

Комментирование закрыто.