Раздзел 16
1. Прадстаўляю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу Царквы Кенхрэйскай, 2. каб вы прынялі́ яе дзеля Госпада, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсякай справе, калі яна будзе мець патрэбу ў вас, бо і яна была памочніцаю многім і мне самому. 3. Віта́йце Прыскілу і Акілу, сурабо́тнікаў маіх у Хрысце Іісусе, 4. якія галовы свае клалі за душу́ маю́, якім не адзін я ўдзячны, але і ўсе Цэрквы з язычнікаў, вітайце і дамашнюю іх Царкву*. 5. Вітайце ўзлю́бленага майго Эпенета, які стаў пе́ршынцам Ахаіі для Хрыста. 6. Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас. 7. Вітайце Андрані́ка і Ю́нію — сваякоў маіх, якія былі́ вязнямі разам са мною, яны добра вядомы сярод Апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста. 8. Вітайце Амплі́я, узлю́бленага майго ў Госпадзе. 9. Вітайце Урва́на, сурабо́тніка нашага ў Хрысце, і Стахі́я, узлю́бленага майго. 10. Вітайце Апе́лія, вы́прабаванага ў Хрысце. Вітайце веруючых з дому Арыставу́ла. 11. Вітайце Ірадыёна, сваяка майго. Вітайце дамашніх Наркі́са, якія ў Госпадзе. 12. Вітайце Трыфе́ну і Трыфо́су, што працуюць дзеля Госпада. Вітайце Персі́ду ўзлюбленую, якая шмат працавала дзеля Госпада. 13. Вітайце Руфа, абранага ў Госпадзе, і маці яго і маю́. 14. Вітайце Асінкры́та, Фле́ганта, Е́рма, Патро́ва, Ермі́я і іншых з імі братоў. 15. Вітайце Філало́га і Ю́лію, Нірэ́я і сястру яго, і Алімпа́на, і ўсіх з імі святых. 16. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Цэрквы Хрыстовы. 17. Сцеражы́цеся тых, што разлады і спакусы учыняюць, насуперак вучэнню, якое вы спазналі, і ўхіляйцеся ад іх; 18. бо яны служаць не Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды красамоўствам і салодкімі словамі падманваюць сэрцы прастадушных. 19. Ваша паслушэнства веры ўсім вядома; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі му́дрымі на дабро і бясхітраснымі на зло. 20. А Бог міру звергне сатану пад ногі вашы неўзабаве. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі! Амінь. 21. Вітаюць вас Цімафей, сурабо́тнік мой, і Лукі́й, і Іа́сан, і Сасіпа́тр, сваякі мае́. 22. Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэ́рцый, які запісаў гэтае пасланне. 23. Вітае вас Га́ій, гасцінны да мяне і да ўсёй Царквы. Вітае вас Эра́ст, гарадскі скарбнік, і брат Ква́рт. 24. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі! Амінь.