Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла

Раздзел 9

1.  Ісціну кажу ў Хрысце, не лгу, све́дчыць мне сумле́нне маё ў Духу Святым, 2. што вялікі сму́так у мяне і няспы́нны боль у сэ́рцы маім: 3. бо я хацеў бы сам быць адлу́чаным ад Хрыста́ дзе́ля братоў маіх, ро́дных мне па плоці; 4. яны Ізраільця́не, ім нале́жаць усынаўле́нне, і слава, і запаве́ты, і законаўстанаўле́нне, і богаслужэ́нне, і абяца́нні; 5. іхнія і айцы, з іх і Хрыстос па плоці, Ён — над усімі Бог, благаславёны на векі, амінь. 6. Гэта не значыць, што слова Божае не здзе́йснілася. Бо не ўсе, хто пахо́дзіць ад Ізраіля, — Ізраільця́не, 7. і не ўсе, хто з пато́мства Аўраама, — дзеці яго; але ска́зана: “У Ісааку будзе назва́на тваё пато́мства”. 8. Гэта значыць, што не дзеці па плоці з’яўляюцца дзе́цьмі Божымі, а дзеці абяца́ння лі́чацца пато́мствам. 9. А сло́ва абяца́ння такое: “у гэты самы час Я прыду́, і будзе ў Са́рры сын “. 10. І не толькі гэта, а падобнае было́ і з Рэвекаю, якая зачала́ адначасова двух сыноў ад Ісаака, айца нашага, 11. бо калі яны яшчэ не нарадзі́ліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэ́ннага, — каб прадустанаўле́нне Божае ў абра́нні зале́жала 12. не ад спраў, а ад Таго, Хто паклі́каў, — ска́зана было́ ёй: “бо́льшы будзе служы́ць меншаму”, 13. як і напі́сана: “Іакава Я ўзлюбі́ў, а Ісава ўзненавідзеў”. 14. Дык што скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? — Ні ў якім разе. 15. Бо Ён кажа Маісею: “каго памі́лаваць — памі́лую; каго пашкадава́ць — пашкаду́ю”. 16. Дык вось, гэта зале́жыць не ад таго, хто хоча ці імкнецца, але ад Бога, Які мі́луе. 17. Бо ў Пісанні Бог кажа фараону: “дзе́ля таго Я і ўзвы́сіў цябе, каб паказа́ць на табе сілу Маю́ і каб прапаве́дана было́ імя́ Маё па ўсёй зямлі”. 18. Дык вось, Ён каго хоча — мі́луе, а каго хоча — робіць жорсткім. 19. Ты скажаш мне: ”за што ж яшчэ і дакара́е? бо хто супрацьста́не волі Яго?” 20. А ты, чалавек, хто такі, што спрача́ешся з Богам? Хіба́ гліняны вы́раб скажа таму, хто зляпіў яго: “чаму ты мяне зрабіў такім?” 21. Хіба́ ж ганчар не ма́е ўлады над глінаю, каб з таго самага ме́сіва зрабіць адну пасудзіну для пачэ́снага ўжы́тку, а другую для непачэ́снага? 22. Што ж, калі Бог, жада́ючы паказаць гнеў і яві́ць магутнасць Сваю, трываў з вялікай доўгацярплівасцю сасу́ды гневу, прызна́чаныя на пагібель, 23. каб яві́ць багацце славы Сваёй над сасу́дамі міласэ́рнасці, якія Ён за́гадзя прыгатава́ў да славы, — 24. над намі, якіх Ён паклі́каў не толькі з Іудзеяў, але і з язы́чнікаў? 25. як і ў кнізе Асі́і Ён кажа: “не Мой народ назаву Маім народам, і не ўзлю́бленую — узлю́бленай; 26. і на тым месцы, дзе было́ ска́зана ім: “вы не Мой народ”, — там яны будуць назва́ны сына́мі Бога жывога”. 27. А Ісаія абвяшча́е пра Ізра́іль: “хоць і будзе колькасць сыноў Ізра́іля, як пясок марскі, толькі аста́так спасе́цца; 28. бо слова Сваё заве́ршыць і хутка здзе́йсніць у пра́веднасці, слова Сваё рашуча здзе́йсніць Гасподзь на зямлі”. 29. І як прадказа́ў Ісаія: “калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам се́мені, то мы б сталі як Садом і былі б падобныя да Гаморы”. 30. Дык што скажам? Язычнікі, якія не імкну́ліся да пра́веднасці, атрыма́лі пра́веднасць — пра́веднасць праз веру; 31. а Ізра́іль, які імкну́ўся да закону пра́веднасці, не дасягну́ў закону пра́веднасці. 32. Чаму? Таму што яны шука́лі не ў веры, а ў справах закону; бо яны спатыкнуліся аб ка́мень спатыкне́ння, 33. як напі́сана: “вось, кладу ў Сіёне ка́мень спатыкне́ння і скалу́ спаку́сы; і кожны, хто веруе ў Яго, пасаро́млены не будзе”.

Комментирование закрыто.