Дзеянні Святых Апосталаў

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13   14   15   16   17   18   19   20   21   22   23   24   25   26   27   28

 

Раздзел 1

1. Пе́ршую кнігу, Фео́філе, напіса́ў я пра ўсё, што Іісус рабíў і чаму вучы́ў

2. ад пача́тку да таго́ дня, калі Ён ўзнёсся, да́ўшы праз Духа Свято́га настаўле́нні Апо́сталам, якіх Ён абра́ў,

3. пе́рад якíмі Ён і пасля́ паку́т Сваіх паказа́ў Сябе́ жывы́м у шматлíкіх до́казах, на праця́гу сарака́ дзён яўля́ючыся ім і гаво́рачы пра Царства Бо́жае;

4. і, сабра́ўшы іх, Ён загада́ў ім: з Іерусалíма не адлуча́йцеся, а чака́йце абяца́нага Айцо́м, пра што вы чу́лі ад Мяне́;

5. бо Іаа́н хрысцíў вадо́ю, а вы бу́дзеце хры́шчаны Ду́хам Святы́м праз не́калькі дзён.

6. Таму́ яны, сышо́ўшыся, пыта́ліся ў Яго́, ка́жучы: Го́спадзі, ці не ў гэты час аднаўля́еш Ты ца́рства Ізра́ілю́

7. Ён жа сказа́ў ім: не ва́ша спра́ва ве́даць часы́ і тэ́рміны, якíя Айце́ц устанавíў Сваёю ўла́даю;

8. але вы атрыма́еце сілу, калі сы́дзе Святы́ Дух на вас, і бу́дзеце Мне све́дкамі ў Іерусалíме, і ва ўсёй Іудзе́і і Самары́і, і аж да кра́ю зямлі.

9. І, сказа́ўшы гэта, Ён узня́ўся, паку́ль яны глядзе́лі, і во́блака схава́ла Яго ад вачэ́й іх.

10. І калі яны ўзіра́ліся ў не́ба, як Ён аддаля́ўся, ра́птам паўста́лі перад íмі два мужы́ ў бе́лым адзе́нні,

11. якія сказа́лі: мужы́ Галіле́йскія! чаго вы стаіце́, угляда́ючыся ў неба́ Гэты Іісус, Які ўзнёсся ад вас на неба, пры́йдзе такім са́мым чы́нам, як вы ба́чылі Яго, калі ўзыхо́дзіў на неба.

12. Тады вярну́ліся яны ў Іерусалíм з гары́, называ́най Елео́н, што непадалёку ад Іерусалíма, на адле́гласці хады́ субо́тняга дня.

13. I, увайшо́ўшы, паднялíся ў святлíцу, дзе і застава́ліся яны: Пётр і Іа́каў, Іаа́н і Андрэ́й, Філíп і Фама́, Варфаламе́й і Матфе́й, Іа́каў Алфе́еў і Сíман Зіло́т, ды Іу́да Іа́каўлеў;

14. усе яны аднаду́шна трыва́лі ў малíтве і мале́нні ра́зам з жанчы́­намі і Мары́яй, Маці Іісу́савай, і з брата́мі Яго.

15. I ў дні тыя Пётр, ста́ўшы пасяро́д ву́чняў, –

16.  а было́ сабра́ных каля́ ста двац­цацí асо́б, – сказаў: мужы́ браты́! нале́жала здзе́йсніцца таму́, што ў Піса́нні прадказа́ў Дух Святы́ ву́снамі Давíда пра Іу́ду, які стаў павадыро́м тых, што ўзялí Іісуса;

17. бо ён быў залíчаны да нас і атрыма́ў прызначэ́нне на служэ́нне гэ́тае;

18. але ён набы́ў зямлю́ за ўзнагаро́ду няпра́ведную і, нізры́нуўшыся, разадра́ўся пасярэ́дзіне, і вы́валілася ўсё нутро́ яго;

19. і гэта ста́ла вядо́ма ўсім жыхара́м Іерусалíма, так што была́ назва́на зямля́ та́я на іх ула́снай мо́ве Акелдама́, што зна́чыць "зямля́ крывí";

20. бо напíсана ў кнíзе псалмо́ў: "няха́й ста́не двор яго пусты́м, і няха́й ніхто́ не жыве́ ў ім", і: "паса́ду яго няха́й пры́ме íншы";

21. таму́ трэба, каб з тых мужо́ў, што хадзíлі з на́мі ўвесь час, – калі прыйшо́ў і знахо́дзіўся сяро́д нас Гаспо́дзь Іісус,

22. пачына́ючы ад хрышчэ́ння Іаа́навага і да таго́ дня, як Ён узнёсся ад нас, – адзін стаў ра́зам з намі све́дкам уваскрасе́ння Яго.

23. I паста́вілі дваіх: Іо́сіфа, назы­ва́нага Варса́вам, які быў празва́ны Іу́стам, і Матфíя;

24. і, памалíўшыся, сказалі: Ты, Го́спадзі, Сэрцаве́дзе ўсіх, пакажы́ аднаго́, якога Ты вы́браў з гэтых двух,

25. каб ён прыня́ў прызначэ́нне на служэ́нне гэтае і апо́стальства, ад якога адпа́ў Іу́да і пайшо́ў у сваё месца.

26. I далí жэ́рабі ім, і вы́пала жэ́рабя на Матфíя, і ён быў прылíчаны да адзіна́ццаці Апо́сталаў.

 

Раздзел 2

1. І калі наступíў дзень Пяцідзеся́тніцы, былí ўсе яны аднаду́шна ра́зам.

2. I ра́птам пачу́ўся з неба шум, бы́ццам ад пары́ву бу́йнага ве́тру, і напо́ўніў уве́сь дом, дзе яны сядзе́лі;

3. і явíліся ім падзе́леныя языкí, нíбы во́гненныя, і апусцíліся па адны́м на ко́жнага з іх.

4. I напо́ўніліся ўсе Ду́хам Святы́м, і пачалí гавары́ць на іншых мо́вах, як Дух дава́ў ім прамаўля́ць.

5. Знахо́дзіліся ў Іерусалíме Іудзе́і, мужы́ набо́жныя, з уся́кага наро́да, што пад не́бам.

6. Калі ж пачу́ўся шум гэты, сышо́ўся шматлíкі люд і збянтэ́жыўся, бо ко́жны чуў, што яны прамаўля́юць яго ўла́снай гаво́ркаю.

7. I былí ўра́жаны ўсе і здзіўля́ліся, ка́жучы адзін аднаму́: хіба́ ўсе яны, што прамаўля́юць, не Галіле́яне́

8. чаму ж мы чу́ем ко́жны сваю ўла́сную гаво́рку, у якой нарадзí­ліся, -

9. Парфя́не, і Мíдзяне, і Еламíты, і жыхары́ Месапата́міі, Іудзе́і і Ка­падакíі, По́нта і Асíі,

10. Фры́гіі і Памфíліі, Егіпта і ча́с­так Лíвіі, суме́жных з Кірыне́яй, і прыйшо́ўшыя з Ры́ма, Іудзе́і і пра­зелíты,

11. Кры́цяне і АравíцІяне, – чуем, што яны прамаўля́юць на нашых мо́вах пра ве́ліч Бо́жую?

12. I былí ўра́жаны ўсе і недаўмява́­лі, гаво́рачы адзін да аднаго́: што́ гэта можа быць?

13. Іншыя ж здзе́кліва каза́лі: яны напілíся сало́дкага віна́.

14. Тады Пётр, ста́ўшы з адзіна́ц­цаццю, узвы́сіў го́лас свой і прамо́віў да іх: мужы́ Іудзе́йскія і ўсе жыхары́ Іерусалíма! няха́й гэта вам ста́не вядо́ма, і ўслу́хайцеся ў сло́вы мае́:

15. яны не п'я́ныя, як ду́маеце вы, бо яшчэ то́лькі трэ́цяя гадзíна дня;

16. але гэта тое, што прадка́зана праро́кам Іаíлем:

17. "і бу́дзе ў апо́шнія дні, – ка́жа Гаспо́дзь, – вы́лію ад Духа Майго́ на ко́жную плоць, і бу́дуць праро́чыць сыны́ ва́шы і до́чкі ва́шы; і юнакí ва́шы відзе́нні бу́дуць ба́чыць, і ста́рцам ва́шым бу́дуць снíцца сны;

18. і на рабо́ў Маіх і на рабы́нь Маіх вы́лію ў тыя дні ад Духа Майго, і яны бу́дуць праро́чыць;

19. і дам цу́ды на небе ўгары́ і зна­ме́нні на зямлí ўнізе, кроў, і агонь, і куро́дым;

20. сонца ператво́рыцца ў цемру, і месяц – у кроў, перш чым наста́не дзень Гаспо́дні, вялíкі і сла́ўны;

21. і будзе: ко́жны, хто прызаве́ імя́ Гаспо́дняе, спасе́цца".

22. Мужы́ Ізра́ільскія! вы́слухайце сло́вы гэ́тыя: Іісуса Назарэ́я, Му́жа, засве́дчанага вам ад Бога сíламі, і цу́дамі, і знаме́ннямі, якія зрабіў праз Яго Бог сяро́д вас, як і са́мі вы ве́даеце,

23. Яго, вы́дадзенага па вы́значанай заду́ме і прадве́данню Бо́жаму, вы ўзялí і, рука́мі беззако́нных прыбíўшы цвіка́мі, забíлі;

24. але Бог уваскрасíў Яго, вы́зва­ліўшы з пу́таў сме́рці, таму што немагчы́ма было́ ёй утрыма́ць Яго.

25. Бо Давід ка́жа пра Яго: "ба́чыў я Госпада перад сабо́ю заўсёды, бо Ён правару́ч мяне́, каб я не пахісну́ўся;

26. таму ўзвесялíлася сэ́рца маё і ўзра́даваўся язык мой, ды і плоць мая́ супако́іцца ў надзе́і,

27. бо не пакíнеш Ты душы́ маёй у пе́кле і не дасí свято́му Твайму ўба́чыць тле́нне;

28. Ты даў мне спазна́ць шляхí жыцця́; Ты напо́ўніш мяне́ ра́дасцю перад аблíччам Тваім".

29. Мужы́ браты́!  дазво́льце мне сказа́ць вам адкры́та пра праайца́ Давíда, што ён і памёр, і пахава́ны, і магíла яго ў нас да гэ́тага дня;

30. бу́дучы ж праро́кам і ве́даючы, што Бог кля́тваю пакля́ўся яму́ з па­то́мства яго ўздзвíгнуць Хрыста́ ў пло́ці і пасадзíць на яго прасто́ле,

31. ён, прадба́чыўшы, сказа́ў пра ўваскрасе́нне Хрыста, што не пакíнута душа́ Яго ў пе́кле і це́ла Яго не ўбачыла тле́ння.

32. Гэ́тага Іісуса Бог уваскрасíў, і ўсе мы све́дкі таго́.

33. Дык вось, правíцаю Бо́жаю ўзне́сены і атрыма́ўшы ад Айца абя­ца́н­не Святога Духа,  Ён вы́ліў то́е, што вы цяпер ба́чыце і чу́еце.

34. Бо Давід не ўзышо́ў на нябёсы, але сам ён ка́жа: "сказа́ў Гаспо́дзь Го́спаду майму: сядзí правару́ч Мяне́,

35. паку́ль не пакладу́ во́рагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх".

36. Дык няхай жа цвёрда ве́дае ўве́сь дом Ізра́ілеў, што Го́спадам і Хрысто́м Бог зрабіў Яго, Таго́ Іісуса, Яко́га вы распя́лі.

37. Пачу́ўшы гэта, яны ўра́жаны былí сэ́рцам і сказа́лі Пятру́ і аста́тнім Апо́сталам: што́ нам рабíць, мужы́ браты́?

38. Пётр жа прамо́віў да іх: пака́й­цеся, і няха́й ахры́сціцца кожны з вас у імя́ Іісуса Хрыста  дзе́ля  адпушчэ́н­ня грахо́ў, і атрыма́еце дар Святога Духа;

39. бо вам нале́жыць абяца́нне і дзе́цям ва́шым, і ўсім да́льнім, колькі іх паклíча Гаспо́дзь Бог наш.

40. І шмат якíмі íншымі сло́вамі ён све́дчыў і перако́нваў іх, ка́жучы: рату́йцеся ад роду гэ́тага разбэ́­шчанага.

41. Тады́ ты́я, што ахво́тна пры­нялí сло́ва яго, былí ахры́шчаны; і далучы́лася ў той дзень каля трох ты́сяч душ;

42. і яны пастая́нна знахо́дзіліся ў вучэ́нні Апо́сталаў, і ў супо́льнасці, і пераламле́нні хле́ба, і ў малíтвах.

43. І з'явіўся страх ў кожнай душы́; і многа цу́даў ды знаме́нняў дзе́ялася праз Апо́сталаў у Іерусалíме.

44. Страх жа вялікі быў ва ўсіх. Усе ве́руючыя былí ра́зам, і ўсё ў іх было́ супо́льнае;

45. і прадава́лі ўла́снасць і маёмасць, і дзялíлі на ўсіх, колькі каму трэ́ба было́;

46. і кожны дзень яны аднаду́шна знахо́дзіліся ў хра́ме, і, пераламля́ючы хлеб па дама́х, прыма́лі ежу ў радасці і прастаце́ сэ́рца,

47. хва́лячы Бога і адчува́ючы добра­зычлíвасць усяго народа. Гасподзь жа штодзень далучаў да Царквы тых, што спаса́ліся.

 

Раздзел 3

1. Пётр з Іаа́нам узыхо́дзілі ра́зам у храм на малітву ў гадзíну дзевя́тую.

2. I быў нейкі чалаве́к, кульга́вы ад уло́ння ма́ці сваёй, якога насíлі і садзíлі кожны дзень перад дзвяры́ма хра́ма, што называ́ліся Прыго́жымі, прасíць мíласціну ў тых, хто ўвахо́дзіў у храм;

3. ён, уба́чыўшы Пятра і Іаана, якія наме́рваліся ўвайсцí ў храм, папрасíў у іх даць мíласціну.

4. Угле́дзеўся ў яго Пётр, сто́ячы з Іаа́нам, і сказаў: паглядзí на нас.

5. І той скірава́ў свой по́зірк на іх, спадзеючы́ся  нешта атрыма́ць ад іх.

6. Пётр жа сказаў: серабра́ ды зо́лата няма́ ў мяне́, а што ма́ю, тое даю́ табе́: у імя́ Іісуса Хрыста Назарэ́я ўста́нь і хадзí.

7. I, узя́ўшы яго за правую руку́, падня́ў; і адра́зу ж умацава́ліся яго ступнí і шчы́калаткі;

8. і, падско́чыўшы, стаў ён і пача́ў хадзíць, і ўвайшо́ў з імі ў храм,  хо́дзячы і  ска́чучы, і хва́лячы Бога.

9. I ба́чыў увесь народ, як ён хадзíў і хвалíў Бога;

10. і пазна́лі яго, што гэта быў той, які дзе́ля мíласціны сядзе́ў каля Прыго́жых дзвярэ́й храма; і напо́ўніліся жа́хам і здзіўле́ннем ад таго, што адбыло́ся з ім.

11. А пако́лькі ацалёны ад кульга́васці трыма́ўся Пятра́ і Іаа́на, то ўсе лю́дзі ў здзіўле́нні збе́гліся да іх у прытво́р, які называ́ўся Саламо́навым.

12. Уба́чыўшы гэ́та, Пётр прамо́віў да людзе́й: мужы́ Ізра́ільскія! чаму́ вы здзіўля́ецеся гэ́таму і чаму так ўгляда́ецеся ў нас, як бы́ццам мы ўла́снаю сíлаю альбо набо́жнасцю зрабілі, каб ён хадзіў?

13. Бог Аўраа́ма і Ісаа́ка і Іа́кава, Бог айцоў нашых, прасла́віў Сы́на Свайго Іісуса, Якога вы вы́далі і ад Якога адраклíся перад аблíччам Піла́та, калі той вы́рашыў адпусцíць Яго;

14. вы ж ад Святога і Пра́веднага адраклíся і вы́прасілі аддаць вам чалаве́ка-забо́йцу,

15. а Пачына́льніка жыцця́ забíлі; Бог уваскрасíў Яго з мёртвых, і мы све́дкі гэ́тага.

16. I па ве́ры ў імя́ Яго, імя́ Яго ўмацава́ла таго, каго вы ба́чыце і ве́даеце; і ве́ра, якая ад Яго, дала́ яму гэтае ацале́нне перад усімі вамі.

17. І цяпер, браты́, я ве́даю, што па няве́данню ўчынíлі вы гэта, як і нача́льнікі вашы;

18. Бог жа, як прадказа́ў ву́снамі ўсіх Сваіх праро́каў, што паку́таваць будзе Хрыстос, так і здзе́йсніў.

19. Дык пака́йцеся і навярнíцеся, каб былí сцёрты грахí вашы,

20. каб прыйшлí часы́ суцяшэ́ння ад аблíчча Гаспо́дняга і каб Ён па­сла́ў ране́й прызна́чанага вам Іісуса Хрыста́,

21. Якога нале́жала небу прыня́ць да часу аднаўле́ння ўсяго, пра што гаварыў Бог ву́снамі ўсіх святы́х Сваіх праро́каў адве́ку.

22. Бо Маісе́й сказаў айцам: Пра­ро́ка ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з брато́ў вашых, як мяне́; Яго слу́хайцеся ва ўсім, што Ён будзе гавары́ць вам;

23. і ста́не так, што кожная душа́, якая не паслу́хаецца Прарока Таго, будзе вы́нішчана з народа.

24. Ды і ўсе прарокі ад Самуíла і пасля́ яго, якія толькі прамаўля́лі, таксама прадвясцíлі гэтыя дні.

25. Вы – сыны́ тых праро́каў і запаве́ту, які Бог завяшча́ў айца́м нашым, ка́жучы Аўраа́му: "і ў се́мені тваім благаславя́цца ўсе плямёны зямны́я".

26. Бог, уздзвíгнуўшы Сы́на Свайго Іісуса, найпе́рш да вас паслаў Яго благаславíць вас, каб адвярну́ўся кожны з вас ад злых спраў вашых.

 

Раздзел 4

1. Калі ж яны прамаўля́лі да наро́ду, падступíлі да іх святары́, і нача́льнік хра́мавай ва́рты, і садуке́і,

2. раздражнёныя тым, што яны навуча́юць народ і абвяшча́юць у Іісусе ўваскрасе́нне з мёртвых;

3. і накла́лі на іх ру́кі, і ўзялí іх пад ва́рту да ра́ніцы, бо ўжо быў ве́чар.

4. Мно́гія ж з тых, што слу́халі сло́ва, уве́равалі; і ста́ла ко́лькасць мужо́ў такіх каля́ пяцí ты́сяч.

5. I ста́лася на насту́пны дзень, што былí сабра́ны ў Іерусалім нача́льнікі іх, і старэ́йшыны, і кнíжнікі,

6. і Анна першасвята́р, і Каіа́фа, і Іаан, і Аляксандр, і іншыя з ро́ду першасвята́рскага;

7. і, паста́віўшы іх пасярэ́дзіне, пыта́ліся: якою сілаю ці якім íмем зрабілі вы гэта?

8. Тады Пётр, напо́ўніўшыся Ду́хам Святы́м, прамовіў да іх: нача́льнікі народа і старэ́йшыны Ізра́ільскія!

9. калі нас сёння дапы́тваюць пра дабрадзе́йства хво́раму чалаве́ку, як ён быў ацалёны,

10. то няхай вядо́ма будзе ўсім вам і ўсяму народу Ізра́ільскаму, што íмем Іісуса Хрыста́ Назарэ́я, Якога вы распя́лі і Якога Бог уваскрасíў з мёртвых, – Ім паста́ўлены ён перад вамі здаро́вы;

11. Ён – ка́мень, якім вы, будаўнікí, пагрэ́бавалі, аднак ён стаў галаво́ю вугла́, і няма ні ў кім іншым спа­се́ння,

12. бо няма пад небам іншага імя́, да́дзенага лю́дзям, праз якое нале́жыць нам спасцíся.

13. Ба́чачы адва́гу Пятра і Іаана і разуме́ючы, што гэта людзі неву­чо́ныя і про́стыя, яны здзіўля́ліся, разам з тым і пазнава́лі іх, што тыя былí з Іісусам;

14. а ба́чачы ацалёнага чалавека, які стаяў з імі, не маглі нічога сказаць су́праць.

15. І, загада́ўшы ім вы́йсці з сіне­дрыёна, яны ра́іліся між сабою,

16. гаво́рачы: што нам рабіць з гэ­тымі людзьмí?  бо я́ўны цуд, учы́­нены імі, ўсім жыхара́м Іерусаліма вядо́мы, і мы не можам адмаўля́ць гэтага;

17. але каб гэта шырэ́й не рас­паўсю́дзілася ў народзе, дава́йце накладзём суро́вую забаро́ну, каб яны больш не прамаўля́лі ў імя́ гэтае ніко́му з людзе́й.

18. I, паклíкаўшы іх, яны загада́лі ім зусíм не абвяшча́ць і не навуча́ць у імя́ Іісуса.

19. Але Пётр і Іаан, сказалі ім у адказ: судзíце, ці пра́ведна перад Богам слу́хацца вас больш, чым Бога́

20. мы ж не можам не гаварыць пра тое, што ба́чылі і чу́лі.

21. І, зноў пагразíўшы ім і не знайшо́ўшы за што пакара́ць, адпусцілі іх з-за народу, бо ўсе праслаўля́лі Бога за тое, што адбыло́ся;

22. а было́ больш за сорак гадо́ў таму чалаве́ку, з якім адбы́ўся гэты цуд ацале́ння.

23. Калі ж іх адпусцíлі, яны прыйшлі да сваіх і паве́дамілі тое, што́ ім гаварылі першасвятары́ і старэ́й­шыны.

24. Тыя ж, пачуўшы, аднаду́шна ўзвы́сілі голас да Бога і сказалі: Уладару́! Ты Бог, Які ствары́ў неба, і зямлю́, і мора, і ўсё, што ў іх,

25. Які ву́снамі айца нашага Давіда, слугí Твайго, сказаў Ду́хам Святы́м: "чаму ўзбунтава́ліся язы́чнікі і народы заду́малі ма́рнае́

26. паўста́лі цары́ зямны́я, і князí сабра́ліся разам су́праць Госпада і су́праць Хрыста Яго".

27. Бо сапраўды́ сабра́ліся ў горадзе гэтым су́праць Святога Сы́на Твайго Іісуса, пама́занага Табою, і Ірад, і Понцій Пілат з язы́чнікамі і народам Ізра́ільскім,

28. каб зрабіць тое, чаму ста́цца прадвы́значыла рука́ Твая і заду́ма Твая;

29. і цяпер, Госпадзі, спагля́нь на пагро́зы іх і дай рабам Тваім з усёй адва́гай прамаўля́ць слова Тваё

30. ў той час, калі Ты прасціра́­еш руку́ Тваю для ацале́ння, каб знаме́нні і цу́ды здзяйсня́ліся ў імя́ Святога Сына Твайго Іісуса.

31. I калі памалíліся яны, здры­гану́лася месца тое, дзе яны былí сабра́ны, і напо́ўніліся ўсе Ду́хам Святы́м ды прамаўля́лі слова Божае з адва́гаю.

32. У мно́ства ж тых, што ўве́равалі, было́ адно сэ́рца і адна душа́, і ніхто нічога з маёмасці сваёй не называ́ў сваім, але ўсё ў іх было́ супо́льнае.

33. I з вялікай сілаю Апосталы све́дчылі пра ўваскрасе́нне Госпада Іісуса Хрыста, і благада́ць вялікая была́ на ўсіх іх.

34. Не было́ сярод іх ніко́га, хто цярпе́ў няста́чу, бо ўсе, хто меў зямлю́ ці дамы́, прада́ўшы, прыно́сілі гро́­шы за прада́дзенае

35. і кла́лі да ног Апосталаў; і да­ва́лася кожнаму, колькі яму было́ патрэ́бна.

36. Так, Іасíя, назва́ны Апосталамі Варна́вам, што ў перакла́дзе азнача́е "сын суцяшэ́ння", левіт, родам Кіпрыёт,

37. ме́ўшы поле, прада́ў яго, прынёс грошы і пакла́ў да ног Апосталаў.

 

Раздзел 5

1. А не́йкі муж, па íмені Ана́нія, з жонкаю сваёю Сапфíраю прада́ў маёмасць

2. і адкла́ў сабе ад прыбы́тку, з ве́дама жо́нкі сваёй, і, прынёсшы не́йкую ча́стку, пакла́ў да ног Апо́сталаў.

3. Пётр жа сказаў: Ана́нія! чаму напо́ўніў сатана́ сэ́рца тваё так, што ты салга́ў Ду́ху Свято́му і адкла́ў сабе ад прыбы́тку за зямлю́?

4. хіба́ не тваё было́ тое, што ты меў, і набы́тае ад про́дажу хіба́ ж не ў тваёй ўла́снасці было́? чаму ж ты заду́маў справу гэтую ў сэ́р­цы сваім? ты салга́ў не лю́дзям, а Богу.

5.   Пачу́ўшы сло́вы гэ́тыя, Ана́нія ўпаў і вы́пусціў дух; і страх вялікі ахапíў усіх, хто чуў пра гэта.

6. Юнакí ж уста́лі, абгарну́лі яго палатно́м і, вы́несшы, пахава́лі.

7. І ста́лася гадзíны праз тры пасля гэтага: прыйшла́ і жонка яго, не ве́даючы, што зда́рылася.

8. Звярну́ўся да яе Пётр: скажы мне, ці за столькі вы аддалí зямлю́? Яна ж адказа́ла: так, за столькі.

9. Пётр жа сказаў ёй: чаму́ вы змо́віліся вы́прабаваць Ду́ха Гаспо́д­няга́ вось, за дзвяры́ма крокі тых, што пахава́лі му́жа твайго; яны вы́несуць і цябе́.

10. І яна адразу ўпа́ла каля́ ног яго і вы́пусціла дух; а юнакі, увайшо́ўшы, знайшлí яе мёртвай і, вы́несшы, пахава́лі побач з му́жам яе.

11. I ахапíў страх вялікі ўсю царкву́ і ўсіх, хто чуў пра гэта.

12. Рука́мі ж Апосталаў рабíлася многа знаме́нняў і цу́даў у наро­дзе; і знахо́дзіліся аднаду́шна ўсе ў прытво́ры Саламо́навым,

13. з іншых жа ніхто не адва́жваўся далуча́цца да іх; але народ праслаўля́ў іх.

14. І ўсё больш станавíлася ве́ру­ючых у Госпада, мно́ства мужчы́н і жанчы́н;

15. так што і на ву́ліцы выно́сілі хворых і кла́лі на пасце́лях і ло́жках, каб, калі прахо́дзіў Пётр, хоць цень яго ўпаў на каго-не́будзь з іх.

16. Сыхо́дзіліся ў Іерусалім і многія з навако́льных гарадоў, несучы́ хворых і нячы́стымі ду́хамі апанава́ных, якія і ацаля́ліся ўсе.

17. Падня́ўся тады першасвята́р і ўсе, што з ім былí, якія нале́жалі да е́расі садуке́йскай, напо́ўніліся за́йздрасцю

18. і накла́лі ру́кі свае на Апо­сталаў, і пасадзíлі іх у грама́дскую цямнíцу.

19. Ангел жа Гасподні ўначы́ адчы­нíў дзве́ры цямнíцы і, вы́веўшы іх, сказаў:

20. ідзíце і, ста́ўшы ў хра́ме, пра­маўля́йце наро́ду ўсе сло́вы жыцця́ гэ́тага.

21. Вы́слухаўшы гэта, яны ўвай­шлí пад ра́ніцу ў храм і вучы́лі. А перша­свята́р і тыя, што былí з ім, прыйшо́ўшы, склíкалі сінедрыён ды ўсіх старэ́йшын з сыноў Ізра́ілевых і пасла́лі ў цямнíцу, каб прыве́сці іх.

22. Слугі ж, пайшо́ўшы, не знай­шлí іх у цямнíцы, вярну́ліся і паве́­дамілі,

23. ка́жучы: цямнíцу знайшлí мы замкнёнай вельмі надзе́йна і вар­тавы́х, якія стаялі перад дзвяры́ма; але, адчынíўшы, усярэ́дзіне ніко́га не знайшлі.

24. Калі ж пачу́лі тыя словы пер­шасвята́р, і нача́льнік хра́мавай ва́рты, і іншыя першасвятары́, то недаўмява́лі што б гэта магло быць?

25. I нехта, прыйшоўшы, паве́даміў ім, кажучы: вось, мужы́, якіх вы пасадзíлі ў цямнíцу, стая́ць у хра́ме і ву́чаць народ.

26. Тады пайшоў нача́льнік ва́рты са слу́гамі і прывёў іх без прыму́су, бо бая́ліся народу, каб не пабíлі іх каме́ннем;

27. і, прывёўшы, паста́вілі іх у сінедрыёне, і спыта́ў у іх перша­свята́р, ка́жучы:

28. хіба́ мы строга не забаранíлі вам навуча́ць у імя́ гэтае́ і вось, вы напо́ўнілі Іерусалім вучэ́ннем вашым ды хо́чаце наве́сці на нас кроў Таго Чалавека.

29. Але Пётр і Апосталы пра­мо́вілі ў адка́з: больш трэ́ба падпа­радко́ўвацца Богу, чым лю́дзям;

30. Бог айцо́ў нашых уваскрасíў Іісуса, Якога вы ўмярцвíлі, па­ве́сіўшы на дрэ́ве;

31. Яго як Правадыра́ і Спасіцеля ўзвы́сіў Бог правíцаю Сваёю, каб даць Ізра́ілю пакая́нне і адпушчэ́нне грахо́ў;

32. і све́дкі Яму́ ў спра́вах гэтых мы і Дух Святы́, Якога Бог даў тым, што падпарадко́ўваюцца Яму́.

33. Яны ж, вы́слухаўшы, раз'ю́шы­ліся і заду́малі забіць іх.

34. Але ўстаў у сінедрыёне адзін фарысе́й, па íмені Гамаліíл, зако­навучы́цель, паважа́ны ўсім народам, і загада́ў ненадо́ўга вы́весці Апосталаў,

35. а ім сказаў: мужы́ Ізра́ільскія! до́бра ўзва́жце са́мі сабе́ нако́нт гэтых людзе́й, што́ вы збіра́ецеся рабíць;

36. бо перад гэ́тымі дня́мі з'явíўся Фе́ўда, выдаючы́ сябе́ за каго́сьці зна́чнага, і да яго далучы́лася каля чатырохсо́т чалаве́к; але ён быў забíты, і ўсе, хто падпарадко́ўваўся яму́, паразыхо́дзіліся і знíклі;

37. пасля гэтага ў дні пе́рапісу з'явіўся Іуда Галіле́янін і павёў за сабою даво́лі шмат людзе́й; але і той загíнуў, і ўсе, хто падпарадко́ўваўся яму, рассе́яліся;

38. і цяпер, кажу́ вам, адступíцеся ад гэтых людзе́й і пакíньце іх; бо, калі ад людзе́й заду́ма гэтая ці спра́ва гэтая, то яна знíшчыцца,

39. а калі ад Бога, то не здо́лееце знíшчыць яе, каб самíм не аказа́цца багабо́рцамі.

40. Яны паслу́халіся яго, паклíкалі Апосталаў, і, пабíўшы, забаранілі ім прамаўля́ць у імя́ Іісуса, і адпусцíлі іх.

41. Яны ж пайшлі з сінедрыёна, ра́дуючыся, што за імя́ Госпада Іісуса ўдасто́іліся прыня́ць знява́гу;

42. і кожны дзень у хра́ме і до́ма яны не перастава́лі вучы́ць і дабра­ве́сціць пра Іісуса Хрыста́.

 

Раздзел 6

1. У гэ́тыя дні, калі памнажа́лася ко́лькасць ву́чняў, узнíкла нара­ка́нне Элінíстаў на Яўрэ́яў за тое, што былí занядба́ны ў штодзённым аб­слуго́ўванні ўдо́вы іх.

2. Тады двана́ццаць Апосталаў, склíкаўшы мно́ства ву́чняў, сказалі: няго́жа нам, пакíнуўшы сло́ва Бо́жае, абслуго́ўваць сталы́;

3. таму, браты́, вы́берыце са свайго асяро́ддзя сем мужоў паважа́ных, напо́ўненых Ду́хам Святы́м і му́д­расцю, якіх паста́вім на гэ́тую спра́ву,

4. а мы пастая́нна бу́дзем у малітве і служэ́нні сло́ва.

5. I спадаба́лася сло́ва гэтае ўсяму сходу; і вы́бралі Сцяфа́на, му́жа, напо́ўненага вераю і Ду́хам Святы́м, і Філіпа, і Про́хара, і Нікано́ра, і Цí­мана, і Парме́на, і Мікалая, празелíта з Антыяхíі,

6. якіх паста́вілі перад Апосталамі, і тыя, памаліўшыся, ускла́лі на іх ру́кі.

7. І сло́ва Божае ўзраста́ла, і значна памнажа́лася ко́лькасць вучняў у Іерусаліме, і вялікае мноства святаро́ў прыняло́ веру.

8. Сцяфан жа, напо́ўнены верай і сілай, твары́ў цу́ды і знаме́нні вялікія ў народзе.

9. I ўсталі некаторыя з сінагогі, называ́най сінагогай Ліберцíнцаў і Кірыне́йцаў і Александры́йцаў, і з тых, што былí з Кілікíі і Асíі, і спрача́ліся са Сцяфанам;

10. але не здо́лелі супрацьстая́ць му́драсці і Духу, Якім ён пра­маўля́ў.

11. Тады падасла́лі яны людзей, каб тыя казалі: мы чулі, як ён гаварыў блюзне́рскія словы на Маісея і на Бога.

12. I падбухто́рылі народ, і старэ́йшын, і кніжнікаў, і, напа́ўшы, схапілі яго і прывялі ў сінедрыён,

13.   і вы́ставілі лжы́вых све́дкаў, якія казалі: гэты чалавек не пе­растае́ гавары́ць блюзне́рскія сло́­вы су́праць святога месца гэтага і су́праць закону;

14. бо мы чулі, як ён каза́ў, што гэты Іісус Назарэй зруйну́е ме́сца гэтае і пераме́ніць звы́чаі, якія перада́ў нам Маісей.

15. I, угляда́ючыся ў яго, усе, хто сядзе́ў у сінедрыёне, уба́чылі аблічча яго, як аблічча Ангела.

 

Раздзел 7

1. І сказаў першасвята́р: ці так гэта?

2. Ён жа сказаў: мужы́ браты́ і айцы́! паслу́хайце. Бог сла́вы явíўся айцу нашаму Аўраа́му, калі ён быў у Месапата́міі, перад тым як пасяліўся ў Харра́не,

3. і сказаў яму: вы́йдзі з зямлі тваёй, і з раднí тваёй, і з до́му бацькі твайго, ды ідзі ў зямлю́, якую Я пакажу́ табе.

4. Тады, вы́йшаўшы з зямлі Халдзе́йскай, ён пасяліўся ў Харра́не; і адтуль, пасля смерці ба́цькі яго, Бог перасялíў яго ў гэтую зямлю́, у якой вы цяпер жывяце́,

5. і не даў яму спа́дчыны ў ёй ні на ступню́ нагі; але абяцаў даць яе ў вало́данне яму і патомству ягонаму пасля яго, хоць ён не меў тады дзіця́ці.

6. I казаў так Бог, што нашча́дкі яго будуць перасяле́нцамі ў зямлі чужой, і заняво́ляць іх, і будуць прыгнята́ць гадоў чаты́рыста.

7. Але народ, якому яны будуць падняво́льнымі, буду судзíць Я, - сказаў Бог, – і  пасля таго яны вы́йдуць і будуць служы́ць Мне на гэтым месцы.

8. I даў яму запаве́т абрэ́зання. I так нарадзíў ён Ісаа́ка і абрэ́заў яго ў во́сьмы дзень; а Ісаа́к – Іа́кава, а Іа́каў – двана́ццаць патрыя́рхаў.

9. І патрыя́рхі, пазайздро́сціўшы Іосіфу, прадалí яго ў Егіпет; але Бог быў з ім

10. і зба́віў яго ад усіх бед яго, і даў му́драсць яму́ і прыхíльнасць фараона, цара́ Егіпецкага; і той паста́віў яго нача́льнікам над Егіптам і над усім до́мам сваім.

11. I прыйшоў голад на ўсю зямлю́ Егіпецкую і Ханаа́нскую, і го́ра вялікае, і не знахо́дзілі е́жы айцы́ нашы.

12. Іакаў жа, пачуўшы, што ёсць збо́жжа ў Егіпце, паслаў туды айцоў нашых першы раз;

13. а на другі раз пазна́ны быў Іосіф брата́мі сваімі, і стаў вядомы фарао́ну род Іосіфа.

14. Іосіф жа, пасла́ўшы, паклíкаў ба́цьку свайго Іакава і ўсю радню́ сваю, се́мдзесят пяць душ.

15. І перайшоў Іакаў у Егіпет, і памёр сам і айцы нашы;

16. і перане́сены былí яны ў Сіхе́м, і пакла́дзены былí ў грабнíцу, якую купіў Аўраа́м за серабро́ ў сыно́ў Еммо́ра Сіхе́мавага.

17. Калі ж набліжа́ўся час здзе́йсніцца абяца́нню, якое Бог з кля́тваю даў Аўраа́му, узраста́ў народ і памнажа́ўся ў Егіпце

18. да таго часу, як паўста́ў іншы цар, які не ве́даў Іосіфа;

19. ён, ужыва́ючы хітрасць су́праць ро́ду нашага, чынíў зло айцам нашым, прымуша́ючы выкіда́ць немаўля́т, каб яны не застава́ліся жывы́мі.

20. У той час нарадзіўся Маісей, і быў ён мíлы Богу; яго гадава́лі тры месяцы ў доме ба́цькі яго;

21. а калі ён быў вы́кінуты, узяла́ яго дачка́ фараона і вы́гадавала яго як свайго сы́на;

22. і наву́чаны быў Маісей усёй мудрасці Егіпецкай, і быў моцны ў сло́вах і справах.

23. Калі ж спо́ўнілася яму сорак гадоў, прыйшло яму на сэ́рца праве́даць братоў сваіх, сыно́ў Ізра́ілевых;

24. і, уба́чыўшы, што аднаго з іх кры́ўдзяць, ён заступíўся і адпо́мсціў за пакры́ўджанага, забіўшы Егіпця́ніна.

25. Ён думаў, што зразуме́юць браты́ яго, што Бог руко́ю яго дае́ ім выратава́нне; але яны не зразуме́лі.

26. На насту́пны  дзень ён з'явіўся памíж імі, калі яны біліся, і схіля́ў іх да міру, ка́жучы: мужы́, вы ж – браты́! навошта кры́ўдзіце адзін аднаго́?

27. Але той, што кры́ўдзіў бліжняга, адштурхну́ў яго, ка́жучы: хто цябе паста́віў  нача́льнікам і суддзёю над намі?

28. ці не хочаш ты забіць мяне, як забіў учо́ра Егіпця́ніна?

29. I ўцёк Маісей з-за слоў гэтых, і стаў перасяле́нцам у зямлі Мадыя́мскай, дзе нарадзíў двух сыноў.

30. Калі ж міну́ла сорак гадоў, явіўся яму ў пусты́ні каля гары Сіна́й Ангел Гасподні ў по́лымі, якім гарэ́ў цярновы куст.

31. Маісей жа, уба́чыўшы, дзівíўся відзе́нню; а калі падыхо́дзіў ён, каб разгле́дзець, прагучаў голас Госпада да яго:

32. Я – Бог айцоў тваіх, Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава. Затрымце́ў Маісей і не смеў угляда́цца.

33. Сказаў жа яму Гасподзь: здымí абу́так з ног тваіх, бо ме́сца, на якім ты стаіш, гэта зямля свята́я;

34. ба́чыў Я, ба́чыў прыгнёт народа Майго, які ў Егіпце, і стогн іх пачуў, і сышоў, каб вы́зваліць іх; і цяпер ідзі сюды́, Я пашлю́ цябе ў Егіпет.

35. Гэтага Маісея, якога яны адве́рглі, сказаўшы: хто паста́віў цябе нача́льнікам і суддзёю́ – яго Бог як нача́льніка і збавíцеля пасла́ў руко́ю Ангела, які явіўся яму ў цярно́вым кусце́;

36. ён вы́веў іх, тво́рачы цу́ды і знаме́нні ў зямлі Егіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пусты́ні на праця́гу сарака́ гадоў.

37. Гэта той Маісей, што сказаў сына́м Ізра́ілевым: Прарока ўздзвíгне вам Гасподзь Бог ваш з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце.

38. Гэта той, што быў у пусты́ні ў супо́льнасці з Ангелам, які гаварыў яму на гары́ Сінай, і з айцамі нашымі; той, што прыня́ў сло́вы жывы́я, каб перада́ць нам;

39. той, якому не захаце́лі быць паслухмя́нымі айцы нашы, а адве́рглі яго і звярну́ліся сэ́рцамі сваімі да Егіпта,

40. сказаўшы Ааро́ну: зрабі нам багоў, якія по́йдуць папе́радзе нас, бо Маісей гэты, які вы́веў нас з зямлі Егіпецкай, – не ведаем, што ста́лася з ім.

41. І зрабілі цяльца́ ў тыя дні, і прыне́слі ахвя́ру ідалу, і ра́даваліся стварэ́нню рук сваіх.

42. Бог жа адвярну́ўся і адда́ў іх служы́ць во́інству нябе́снаму, як напíсана ў кнізе прарокаў: до́ме Ізра́ілеў! ці прыно́сілі вы Мне закла́нні і ахвяры на праця́гу сарака́ гадоў у пусты́ні?

43. вы прынялí скінію Мало́хаву і зорку бога вашага Рэмфа́на – выя́вы, якія вы зрабілі, каб пакланя́цца ім; і Я перасялю́ вас дале́й за Вавілон.

44. Скінія све́дчання была́ ў айцоў нашых у пусты́ні, як загада́ў Той, Хто казаў Маісею зрабіць яе паво́дле ўзо́ру, які ён уба́чыў;

45. яе і ўне́слі, атрыма́ўшы, айцы нашы з Іісусам ва ўлада́нні народаў, вы́гнаных Богам ад аблíчча айцоў нашых; так было́ да дзён Давіда,

46. які знайшоў благада́ць перад Богам і маліўся аб тым, каб яму знайсці жыллё для Бога Іа́кавага.

47. Саламон жа пабудава́ў Яму́ дом.

48. Але Усявы́шні не ў рукатво́рных хра́мах жыве́, як кажа прарок:

49. "неба – прасто́л Мой, а зямля – падно́жжа ног Маіх; які ж дом пабуду́еце Мне, – ка́жа Гасподзь, – ці якое ме́сца для спачы́ну Майго?

50. хіба́ не Мая́ рука́ ствары́ла ўсё гэта?"

51. Цвёрдашы́ія і неабрэ́заныя сэ́рцам і вуша́мі! вы заўсёды Ду́ху Свято́му працíвіцеся, як бацькí вашы, так і вы;

52. каго з прарокаў не гна́лі бацькí вашы́ яны пазабіва́лі прадве́снікаў прышэ́сця Пра́ведніка, здра́днікамі і забойцамі Якога цяпер сталі вы;

 53. вы, якія прынялí закон праз настаўле́нні Ангелаў, ды не захава́лі яго.

54. Чу́ючы гэта, яны раз'ю́шыліся ў сэ́рцах сваіх і скрыгата́лі зуба́мі на яго.

55. Сцяфан жа, напо́ўнены Ду́хам Святы́м, угле́дзеўшыся ў неба, уба́чыў сла́ву Божую і Іісуса, Які стаіць правару́ч Бога,

56. і сказаў: вось, бачу я нябёсы раскры́тыя і Сына Чалавечага, Які стаіць правару́ч Бога. 57. Яны ж, закрыча́ўшы моцным го́ласам, пазатыка́лі ву́шы свае і ўсе разам накíнуліся на яго,

58. і, вы́веўшы з горада, каме́ннем білі яго; а све́дкі пакла́лі адзе́нне сваё каля ног юнака́, якога зва́лі Саўл;

59. і білі каме́ннем Сцяфана, які маліўся і казаў: Госпадзі Іісусе! прымí дух мой.

60. I, стаўшы на калені, ён усклíкнуў моцным голасам: Госпадзі! не залічы́ ім граху́ гэтага. I, сказаўшы гэта, памёр.

 

Раздзел 8

1. Саўл жа згаджа́ўся з забо́йствам яго. I пачало́ся ў той дзень вялікае гане́нне на царкву ў Іерусаліме; і ўсе, акрамя́ Апосталаў, рассе́яліся па зе́млях Іудзеі і Самары́і;

2. а Сцяфана пахава́лі мужы́ бога­бая́зныя і спра́вілі вялікае галашэ́нне па ім.

3. Саўл жа нíшчыў царкву; увахо­дзячы ў дамы́ і выця́гваючы мужчын і жанчын, ён аддава́ў іх у цямніцу.

4. А тыя, што рассе́яліся, хадзілі і дабраве́сцілі слова.

5. Так, Філіп, прыйшоўшы ў горад Самары́йскі, прапаве́даваў там Хрыста;

6. натоўпы народу аднаду́шна ўспрыма́лі тое, што гаварыў Філіп, чу́ючы і ба́чачы знаме́нні, якія ён рабіў;

7. бо нячы́стыя ду́хі з многіх, хто меў іх, выхо́дзілі, ускліка́ючы моцным го́ласам, і многія спаралізава́ныя і кульга́выя ацалíліся;

8. і была́ радасць вялікая ў тым горадзе.  

9. Чалавек жа нейкі, па імені Сíман, быў у гэтым горадзе і займаўся раней чарадзе́йствам, здзіўля́ючы народ Самары́йскі і выдаючы́ сябе за кагосьці вялікага;

10. і слухалі яго ўсе ад малога да вялікага, ка́жучы: гэта сіла Божая вялікая.

11. А слухалі яго таму, што ён доўгі час чарадзе́йствам здзіўля́ў іх. 

12. Калі ж паве́рылі Філіпу, які дабраве́сціў пра Царства Божае і пра імя́ Іісуса Хрыста, то хрысцíліся мужчыны і жанчыны.

13. І сам Сíман уве́раваў і, ахрысцíў­шыся, застава́ўся пры Філіпе; і, ба́чачы тыя цу́ды і знаме́нні вялікія, што адбываліся, ён дзíву дава́ўся.

14. Апосталы ж, якія былí ў Іеру­саліме, пачуўшы, што Самара́не прынялí слова Божае, паслалі да іх Пятра і Іаана,

15. якія, прыйшо́ўшы, памалíліся за іх, каб тыя прынялí Духа Святога;

16. бо Ён ні на каго з іх яшчэ не сышоў, а толькі ахры́шчаны былí яны ў імя́ Госпада Іісуса;

17. тады яны ўскла́лі ру́кі на іх, і тыя прынялí Духа Святога.

18. Сіман жа, уба́чыўшы, што праз усклада́нне рук Апосталаў дае́цца Дух Святы́, прынёс ім грошы,

19. ка́жучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго я ўскладу ру́кі, атры́мліваў Духа Святога.

20. Але Пётр сказаў яму: серабро тваё няхай будзе з табою на пагíбель, бо ты заду́маў за грошы здабы́ць дар Божы;

21. няма табе ні часткі, ні ўдзелу ў справе гэтай, бо сэрца тваё няшчы́рае перад Богам;

22. таму пака́йся ў гэтым зле тваім і маліся Богу; можа, і будзе праба́чаны табе наме́р сэрца твайго;

23. бо я бачу, што ты ў горкай зло́бе і ў пу́тах няпра́ўды.

24. Сіман жа сказаў у адказ: па­малíцеся вы за мяне Госпаду, каб не спасцíгла мяне нішто з таго, аб чым вы сказалі.

25. Яны ж, засве́дчыўшы і прапаве́даўшы сло́ва Гасподняе, пайшлі назад у Іерусалім і ў многіх пасе́лішчах Самары́йскіх дабраве́сцілі.

26. Ангел жа Гасподні прамовіў да Філіпа, ка́жучы: устань і ідзі на по́ўдзень, на дарогу, што спуска́ецца з Іерусаліма ў Га́зу; яна пустэ́льная.

27. I, уста́ўшы, ён пайшоў. I вось, чалавек Эфіо́п, е́ўнух, вяльможа Кандакíі, цары́цы Эфіо́пскай, паста́ўлены над усімі ска́рбамі яе, які ездзіў у Іерусалім на паклане́нне,

28. вярта́ўся назад і, се́дзячы на каляснíцы сваёй, чытаў прарока Іса́ію.

29. I сказаў Дух Філіпу: падыдзí і будзь побач з каляснíцай гэтай.

30. Падбе́гшы, Філіп пачуў, што той чытае прарока Іса́ію, і сказаў: ці разуме́еш ты тое, што чытаеш?

31. Ён жа сказаў: як я магу разумець, калі хто не наста́віць мяне́ І папрасіў Філіпа падня́цца і се́сці з ім.

32. А месца Пісання, што ён чытаў, было́ такое: як авечка, на закла́нне Ён быў прыве́дзены, і як ягня́ маўчы́ць перад тым, хто стрыжэ́ яго, так і Ён не адкрыва́е ву́снаў Сваіх;

33. у прыніжэ́нні Яго быў Ён пазба́ўлены правасу́ддзя; род жа Яго хто вы́тлумачыць? бо забіра́ецца з зямлі жыццё Яго.

34. I, звярта́ючыся да Філіпа, е́ўнух сказаў: прашу цябе, патлумач, пра каго прарок гаво́рыць гэта́ пра сябе само́га ці пра каго іншага?

35. Філіп жа, адкрыўшы ву́сны свае і пача́ўшы ад гэтага месца Пісання, дабраве́сціў яму Іісуса.

36. Калі ж яны е́халі па дарозе, прые́халі да нейкай вады́, і е́ўнух сказаў: вось вада; што́ перашкаджа́е мне ахрысцíцца?

37. I сказаў яму Філіп: калі ве́руеш ад усяго сэ́рца свайго, то можна. I ў адказ той сказаў: ве́рую, што Іісус Хрыстос ёсць Сын Божы.

38. I загадаў спынíць каляснíцу; і сышлí або́два ў ваду́, Філіп і е́ўнух, і ён ахрысцíў яго.

39. Калі ж яны выйшлі з вады, Дух Святы́ сышо́ў на е́ўнуха; Ангел жа Гасподні забра́ў Філіпа, і больш не бачыў яго е́ўнух, і праця́гваў шлях свой, ра́дуючыся.

40. А Філіп апынуўся ў Азоце і, прахо́дзячы, дабраве́сціў усім гарадам, пакуль не прыйшоў у Кесары́ю.

 

Раздзел 9

1. А Саўл, усё яшчэ ды́хаючы пагро́заю і замышля́ючы забо́йства вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасвятара́

2. і вы́прасіў у яго лісты́ ў Дамаск да сінагог, каб, калі зно́йдзе каго з паслядо́ўнікаў гэтага вучэ́ння, і мужчы́н, і жанчы́н, звя́зваць і прыво́дзіць у Іерусалім.

3. Калі ж ён ішоў, ста́лася так, што пры набліжэ́нні да Дамаска раптам ахіну́ла яго святло з неба;

4. і ён, упа́ўшы на зямлю́, пачуў голас, які гаварыў яму: Саўл, Саўл, чаму ты Мяне гоніш?

5. Ён жа сказаў: хто Ты, Госпадзі? А Гасподзь сказаў: Я Іісус, Якога ты гоніш; цяжка табе су́праць ражна́ ісці.

6. І ён у трымце́нні і жа́ху сказаў: Госпадзі! што Ты хочаш, каб я рабіў? Гасподзь адказаў яму: устань і ўвайдзі ў горад, і ска́зана будзе табе, што нале́жыць табе рабіць.

7. Людзі ж, якія ішлі разам з ім, стаялі зняме́лыя, бо чулі голас, але ніко́га не бачылі.

8. Саўл устаў з зямлі і, хоць вочы яго былі расплю́шчаны, ніко́га не бачыў; і яго, узя́ўшы за руку́, прывялі ў Дамаск;

9. і тры дні ён быў невіду́шчым, і не еў, і не піў.

10. Быў жа ў Дамаску адзін вучань íмем Ана́нія; і сказаў яму Гасподзь у відзе́нні: Ана́нія! Ён жа сказаў: вось я, Госпадзі.

11. I Гасподзь кажа яму: устань і ідзі на вуліцу, што называ́ецца Про́стаю, і пашука́й у доме Іудавым Тарся́ніна па імені Саўл; ён цяпер мо́ліцца

12. і бачыў у відзе́нні му́жа, íмем Ана́нія, які ўвайшоў і ўсклаў руку́ на яго, каб ён стаў віду́шчым.

13. Ана́нія ж адказа́ў: Госпадзі! я чуў ад многіх пра чалавека гэтага, колькі зла ўчынíў ён святы́м Тваім у Іерусаліме;

14. і тут ён ма́е ўладу ад першасвята­ро́ў вяза́ць ўсіх, хто прызыва́е імя́ Тваё.

15. Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён – Мой абра́ны сасу́д, каб пране́сці імя́ Маё перад народамі, і цара́мі, і сына́мі Ізра́ілевымі;

16. і Я пакажу яму, колькі нале́жыць яму за імя́ Маё адпаку́таваць.

17. Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, ускла́ўшы ру́кі на яго, сказаў: брат Саўл! Гасподзь Іісус, Які явіўся табе на дарозе, па якой ты ішоў, пасла́ў мяне, каб ты стаў віду́шчым і напо́ўніўся Ду́хам Святы́м.

18. І раптам нíбы луска́ з вачэ́й яго апа́ла, і ён адразу стаў бачыць, і, уста́ўшы, ахрысцíўся,

19. і, пад'е́ўшы, набра́ўся сіл. І застава́ўся Саўл з тымі вучнямі, што былí ў Дамаску, некалькі дзён;

20. і адразу ў сінагогах пачаў прапаве́даваць Іісуса, што Ён – Сын Божы.

21. І ўсе, хто чуў, здзіўля́ліся і гаварылі: ці гэта не той, які гнаў у Іерусаліме тых, што прызыва́лі імя́ гэтае, ды і сюды прыйшоў дзе́ля таго, каб звя́зваць іх і прыво́дзіць да першасвятаро́ў?

22. А Саўл усё больш умацо́ўваўся і бянтэ́жыў Іудзеяў, якія жылí ў Дамаску, – ён перако́нваў, што гэта Хрыстос.

23. Калі ж прайшло даво́лі часу, змо́віліся Іудзеі забіць яго,

24. але Саўл даве́даўся пра змо́ву іх; яны ж пільнава́лі каля бра́мы дзень і ноч, каб забіць яго;

25. але вучні ўначы́ ўзялí яго і перапра́вілі праз сцяну, спусціўшы ў кашы́.

26. Саўл прыйшоў у Іерусалім і спрабава́ў далучы́цца да вучняў; але ўсе баяліся яго, не ве́рачы, што ён вучань.

27. Варна́ва ж падтрыма́ў яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як у дарозе ён ба́чыў Госпада, і што Гасподзь размаўляў з ім, і як у Дамаску ён адважна прапаве́даваў у імя́ Іісусава.

28. I быў ён разам з імі ў Іерусаліме, увахо́дзячы і выхо́дзячы ў імя́ Госпада Іісуса.

29. Ён гаварыў таксама і спрача́ўся з Элінíстамі; а яны імкну́ліся забіць яго.

30. Браты́ ж, даве́даўшыся пра гэта, адвялі яго ў Кесары́ю і вы́правілі яго ў Тарс.

31. Цэрквы ж па ўсёй Іудзеі, і Галілеі, і Самары́і былí ў спакоі, усталёўваючыся і хо́дзячы ў стра́ху Гасподнім, і праз суцяшэ́нне Духа Святога памнажа́ліся.

32. І давяло́ся Пятру, абыхо́дзячы ўсіх, прыйсці і да святых, што жылí ў Лíддзе;

33. знайшоў ён там чалавека нейкага па імені Эне́й, які восем гадоў ляжаў у ложку, бу́дучы спаралізава́ным.

34. I сказаў яму Пётр: Эне́й, ацаля́е цябе Іісус Хрыстос; устань з пасцелі тваёй. I той адразу ўстаў;

35. і бачылі яго ўсе, хто жыў у Лíддзе і ў Саро́не, якія і навярну́ліся да Госпада.

36. У Іаппíі была́ адна вучаніца па імені Тавíфа, што ў перакла́дзе азнача́е "са́рна". Жыццё яе было́ поўнае добрых учы́нкаў і спраў міласэ́рнасці, якія яна рабіла.

37. І ста́лася ў тыя дні, што яна захварэ́ла і паме́рла. Яе абмы́лі і пакла́лі ў ве́рхнім пакоі.

38. А пако́лькі Лíдда недалёка ад Іаппíі, то вучні, дачу́ўшыся, што Пётр там, пасла́лі да яго двух мужоў з просьбай, каб неадкла́дна прыйшоў да іх.

39. Пётр устаў і пайшоў з імі; і калі ён прыйшоў, завялі яго ў верхні пакой, і абступілі яго ўсе ўдовы, пла́чучы і пака́зваючы спо́дняе і ве́рхняе адзе́нне, якое рабіла Са́рна, пакуль была́ з імі.

40. Вы́правадзіўшы ўсіх адтуль, Пётр стаў на калені, памаліўся і, павярну́ўшыся да це́ла, сказаў: Тавíфа, устань! І яна расплю́шчыла вочы свае і, уба́чыўшы Пятра, се́ла.

41. I ён, пада́ўшы ёй руку́, падня́ў яе; і, паклíкаўшы святы́х і ўдоў, паставіў перад імі яе жыву́ю.

42. Гэта стала вядо́ма па ўсёй Іаппíі, і многія ўве́равалі ў Госпада.

43. А яму давяло́ся даволі доўга прабы́ць у Іаппíі ў нейкага Сíмана-гарбара́.

 

Раздзел 10

1. Быў у Кесары́і адзін чалавек па імені Карнíлій, со́тнік з палка́, называ́нага Італíйскім,

2. пабо́жны і богабая́зны з усім домам сваім, ён рабіў многія справы міласэ́рнасці лю́дзям і заўсёды маліўся Богу;

3. ён у відзе́нні ясна ўбачыў каля дзевятай гадзíны дня Ангела Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнíлій!

4. Ён жа, угле́дзеўшыся ў яго і спало́хаўшыся, сказаў: што, Госпадзí Ангел сказаў яму: твае малітвы і твае справы міласэ́рнасці ўзнялíся ва ўспамíн перад Богам;

5. і цяпер пашлі ў Іаппíю людзей і пакліч Сíмана, якога завуць Пятром;

6. ён гасцю́е ў нейкага Сíмана-гарбара́, дом якога каля мора; ён скажа табе тое, праз што спасе́шся ты і ўвесь дом твой.

7. І калі адышоў Ангел, які размаў­ляў з Карнíліем, ён паклíкаў дваіх са сваіх слуг і набо́жнага воіна з тых, што былí пры ім,

8. і, расказаўшы ім усё, паслаў іх у Іаппíю.

9. А на другі дзень, калі яны былí ў дарозе і набліжа́ліся да горада, Пётр каля шостай гадзíны ўзышоў на дах до́ма памалíцца.

10. Ён прагалада́ўся і хацеў паесці; пакуль жа гатава́лі яму, найшло́ на яго захапле́нне,

11. і бачыць ён неба адкры́тае, і сыхо́дзіць да яго нейкае ёмішча, нíбы вялікае палатно, прывя́занае за ча­тыры канцы, і апуска́ецца на зямлю́,

12. і былí ў ім усяля́кія чатырохно́гія зямны́я, і звяры́, і паўзуны́, і птушкі нябе́сныя.

13. І быў голас да яго: устань, Пётр, закалí і еж.

14. Але Пётр сказаў: ні ў якім ра́зе, Госпадзі, бо я ніко́лі не еў нічога пага́нага ці нячы́стага.

15. А голас зноў, другі раз, да яго: тое, што Бог ачы́сціў, ты не лічы́ пага́ным.

16. Так было́ тройчы; і зноў узя́та было́ ёмішча на неба.

17. Пакуль Пётр недаўмява́ў у сабе, што зна́чыла б відзе́нне, якое ён бачыў, – вось, людзі, пасла́ныя Карнíліем, распыта́ўшы пра дом Сíманаў, спыніліся каля варот

18. і го́ласна пыта́ліся: ці тут гасцю́е Сíман, называ́ны Пятром?

19. І ў той час, як Пётр разважа́ў пра відзе́нне, сказаў яму Дух: вось, тры чалавекі шукаюць цябе;

20. дык устань, спусціся і ідзі з імі, ні ў чым не сумнява́ючыся, бо гэта Я паслаў іх.

21. Пётр, спусціўшыся да людзей, пасла́ных да яго Карніліем, сказаў: вось, я той, каго вы шука́еце; што за прычына, дзе́ля якой вы прыйшлí

22. Яны ж адказалі: Карнілій сотнік, муж пра́ведны і богабая́зны, які ма́е добрае све́дчанне ад усяго народа Іудзейскага, атрыма́ў ад святога Ангела ўказа́нне паклíкаць цябе ў дом свой і паслу́хаць сло́вы твае.

23. Пётр, запрасіўшы, пачастава́ў іх, а на другі дзень, уста́ўшы, пайшоў з імі, і некато́рыя з братоў Іаппíйскіх пайшлі  з ім;

24. на насту́пны дзень прыйшлí яны ў Кесары́ю. Карнілій жа чакаў іх, склíкаўшы сваяко́ў сваіх і блізкіх сяброў.

25. Калі Пётр уваходзіў, Карнілій сустрэў яго і, упа́ўшы яму ў ногі, пакланіўся.

26. Але Пётр падня́ў яго, ка́жучы: устань, я таксама чалавек.

27. І, размаўля́ючы з ім, увайшоў і заста́ў многіх сабра́ных;

28. і сказа́ў ім: вы ве́даеце, што не дазваля́ецца Іудзею мець зносіны з іншапляме́ннікам альбо прыхо́дзіць да яго; а мне Бог адкрыў, каб я ніводнага чалавека не называў пага́ным або нячы́стым;

29. таму я і прыйшоў, не пярэ́чыўшы, калі мяне паклíкалі; дык пыта́юся: дзе́ля якой справы вы паслалі за мной?

30. І Карнíлій адказаў: пача́ўшы чатыры дні таму і да гэтай гадзíны я пасцíўся і ў дзевя́тую гадзíну маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у све́тлым адзе́нні

31. і сказаў: "Карнілій! пачу́та малітва твая, і мíласціны твае ўспамяну́ты перад Богам;

32. дык пашлі ў Іаппíю і пакліч Сíмана, якога завуць Пятром; ён гасцю́е ў доме Сíмана-гарбара́ каля мора; ён прыйдзе і будзе прамаўля́ць да цябе".

33. Я адразу ж паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў; дык вось, цяпер мы ўсе перад Богам стаім, каб вы́слухаць усё, што зага́дана табе Богам.

34. Пётр адкрыў вусны і прамовіў: я сапраўды́ ўпэ́ўніваюся, што ў Бога няма прадузя́тасці,

35. але ў кожным народзе той, хто баіцца Яго і жыве́ пра́ведна, даспадо́бы Яму;

36. Ён паслаў сло́ва сына́м Ізра́ілевым, дабраве́сцячы мір праз Іісуса Хрыста, Які ёсць Гасподзь усіх;

37. вы ведаеце пра тое, што адбыва́лася па ўсёй Іудзеі, пачына́ючы з Галілеі, пасля хрышчэ́ння, якое прапаве́даваў Іаан;

38. пра Іісуса з Назарэ́та, як Яго пама́заў Бог Ду́хам Святы́м і сілаю, і Ён хадзіў, тво́рачы дабро і ацаля́ючы ўсіх апанава́ных дыявалам, таму што Бог быў з Ім;

39. і мы све́дкі ўсяго, што зрабіў Ён у краіне Іудзейскай і ў Іерусаліме; Яго і забілі, паве́сіўшы на дрэ́ве.

40. Яго ўваскрасіў Бог на трэці дзень і даў Яму быць я́ўленым,

41. не ўсяму народу, а све́дкам, якіх раней абраў Бог, нам, якія з Ім елі і пілí пасля ўваскрасе́ння Яго з мёртвых; 

42. і Ён загада́ў нам прапаве́даваць лю́дзям і све́дчыць, што Ён – вы́значаны Богам суддзя́ жывы́х і мёртвых;

43. пра Яго ўсе прарокі све́дчаць, што кожны, хто веруе ў Яго, атрыма́е прабачэ́нне грахоў íмем Яго.

44. Яшчэ калі прамаўля́ў Пётр сло́вы гэтыя, сышоў Дух Святы на ўсіх, што слу́халі сло́ва.

45. І ве́руючыя з абрэ́заных, якія прыйшлі з Пятром, ура́зіліся, што і на язы́чнікаў вы́ліўся дар Святога Духа,

46. бо пачулі, як яны гаво́раць на іншых мо́вах і веліча́юць Бога. Тады Пётр сказаў:

47. хіба́ можа хто забаранíць хрысцíцца вадою тым, што атрыма́лі Духа Святога, як і мы?

48. І загадаў ім хрысцíцца ў імя́ Іісуса Хрыста. Тады яны папрасілі яго заста́цца на некалькі дзён.

 

Раздзел 11

1. Пачулі Апосталы і браты́, якія былí ў Іудзеі, што і язычнікі прынялí сло́ва Божае.

2. І калі Пётр прыйшоў у Іерусалім, абрэ́заныя папрака́лі яго,

3. ка́жучы: да людзей неабрэ́заных увахо́дзіў ты і еў з імі.

4. Тады пачаў Пётр апавяда́ць ім па пара́дку, ка́жучы:

5. у горадзе Іаппíі я маліўся і ў захапле́нні бачыў відзе́нне: сыхо́дзіць нейкае ёмішча, нíбы вялікае палатно́, за чатыры канцы́ апу́шчанае з неба, і наблíзілася яно да мяне; 6. узіра́ючыся ў яго, я разгле́дзеў і ўба́чыў чатырохно́гіх зямны́х, і звяро́ў, і паўзуно́ў, і птушак нябе́сных.

7. І пачуў я голас, які казаў мне: "устань, Пётр, закалí і еж".

8. Але я сказаў: "ні ў якім ра́зе, Госпадзі, бо нішто пага́нае ці нячы́стае ніколі не ўвахо́дзіла ў ву́сны мае́".

9. І адказаў мне голас з неба другі раз, ка́жучы: "тое, што Бог ачы́сціў, ты не лічы́ пага́ным".

10. Так было́ тройчы; і ўзя́та было́ ўсё зноў на неба.

11. І вось, у той самы час падышлí да до́ма, у якім я быў, тры чалавекі, пасла́ныя з Кесары́і да мяне.

12. І сказаў мне Дух пайсці з імі, ні ў чым не сумнява́ючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсць братоў, і мы ўвайшлі ў дом таго чалавека.

13. І ён паве́даміў нам, што бачыў у доме сваім Ангела, які стаў і сказаў яму: "пашлі ў Іаппíю людзей і паклíч Сімана, якога завуць Пятром,

14. ён скажа табе тое, праз што спасе́шся ты і ўвесь дом твой".

15. Калі я пачаў прамаўля́ць, сышоў Дух Святы́ на іх, як і на нас у пача́тку.

16. І ўспо́мніў я сло́вы Госпада, як Ён казаў: "Іаан хрысцíў вадою, а вы будзеце ахры́шчаны Ду́хам Святы́м".

17. Дык вось, калі такі са́мы дар даў ім Бог, як і нам, якія ўве́равалі ў Госпада нашага Іісуса Хрыста, то хто я такі, каб мог перашко́дзіць Богу?

18. Вы́слухаўшы гэта, яны супако́іліся і ўсла́вілі Бога, ка́жучы: зна́чыць, і язы́чнікам Бог даў пакая́нне дзе́ля жыцця́.

19. Між тым, рассе́яныя ў вы́ніку гане́ння, якое даты́чылася Сцяфана, прайшлі да Фінікíі, і Кіпра, і Антыяхíі, нікому не прапаве́дуючы сло́ва, акрамя́ Іудзеяў.

20. Былí ж некато́рыя з іх Кіпрыётамі і Кірыне́йцамі, якія, прыйшо́ўшы ў Антыяхíю, прамаўля́лі да Элінíстаў, прапаве́дуючы Госпада Іісуса.

21. І была́ рука Гаспо́дняя з імі; і вялікая ко́лькасць, уве́раваўшы, звярну́лася да Госпада.

22. І дайшла вестка пра іх да царквы ў Іерусаліме, і паслалі Варна́ву ісці ў Антыяхíю;

23. ён, прыйшоўшы і ўба́чыўшы блага́даць Божую, узра́даваўся і заахво́чваў усіх, каб застава́ліся з Госпадам шчы́рым сэ́рцам;

24. таму што ён быў чалавек добры і напо́ўнены Ду́хам Святы́м і вераю. І далучы́лася даволі многа наро́ду да Госпада.

25. Тады Варнава пайшоў у Тарс шука́ць Саўла, і, знайшо́ўшы яго, прывёў у Антыяхíю;

26. і ста́лася так, што яны цэлы год збіра́ліся ў царкве і навуча́лі даволі шмат людзей; і вучні ў Антыяхíі ўпершыню́ пачалí называ́цца Хрысція́намі.

27. У тыя дні прыйшлí з Іерусаліма ў Антыяхíю прарокі;

28. і адзін з іх, па імені Ага́ў, устаўшы, прадказа́ў праз Ду́ха, што па ўсім свеце наста́не голад вялікі, такі, як быў пры ке́сары Кла́ўдзіі;

29. тады вучні вы́значылі, каб кожны з іх, паводле даста́тку свайго, паслаў дапамогу брата́м, якія жылí ў Іудзеі,

30. так яны і зрабілі, паслаўшы сабра́нае да прасвітараў праз Варнаву і Саўла.

 

Раздзел 12

1. А ў той час цар Ірад узня́ў руку́, каб учынíць зло некато́рым з тых, што нале́жалі да царквы;

2. ён забіў мячом Іакава, брата Іаа́навага,

3. а ўбачыўшы, што гэта падаба́ецца Іудзеям, вы́рашыў яшчэ ўзяць і Пятра; тады былí дні праснако́ў;

4. і ўзяў ён яго, пасадзіў у цямніцу і даручы́ў чатыром чацвёркам воінаў сцерагчы́ яго, ма́ючы наме́р пасля Пасхі вы́весці яго да народу.

5. Такім чынам, Пятра сцераглі ў цямніцы; а царква стара́нна малілася за яго Богу.

6. Калі ж Ірад збіраўся вы́весці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двума́ во́інамі, звя́заны двума ланцуга́мі, і вартавы́я каля дзвярэ́й ахо́ўвалі цямніцу.

7. І вось, Ангел Гасподні з'явіўся, і святло заззяла ў памяшка́нні; штурх­ну́ўшы Пятра ў бок, ён разбудзіў яго, ка́жучы: уставай хутчэй. І апа́лі ланцугí з яго рук.

8. І сказаў яму Ангел: падперажы́ся і абу́й санда́лі свае. Ён зрабіў гэта. Тады кажа яму: надзень во́пратку сваю і ідзі за мною.

9. І, вы́йшаўшы, ён ішоў за ім, і не ведаў, што было́ ная́ве тое, што робіць Ангел, а думаў, што ба́чыць відзе́нне.

10. Прайшоўшы пе́ршую ва́рту і другу́ю, яны прыйшлі да жале́з­най бра́мы, якая вяла́ ў горад і якая сама сабою адчынíлася перад імі; і, вы́йшаўшы, яны прайшлі адну ву́ліцу, і адразу Ангел адышоў ад яго.

11. Тады Пётр, прыйшо́ўшы ў сябе, сказаў: цяпер ведаю сапраўды́, што паслаў Гасподзь Ангела Свайго і зба́віў мяне ад рукí Ірада і ад усяго, чаго чакаў народ Іудзейскі. 

12. Агле́дзеўшыся, ён прыйшоў да дома Марыі, маці Іаана, называ́­нага Маркам, дзе многія сабра́ліся і маліліся.

13. Калі Пётр пасту́каў у дзверы бра́мы, падышла паслухаць служа́нка, па імені Ро́да,

14. і, пазна́ўшы голас Пятра, яна ад радасці не адчынíла бра́мы, а, пабегшы, паве́даміла, што Пётр стаіць каля бра́мы.

15. Яны ж сказалі ёй: ты не ў сваім розуме. Але яна насто́йвала на сваім. Яны ж казалі: гэта Ангел яго.

16. А Пётр праця́гваў сту́кацца; яны, адчыніўшы, убачылі яго і дзіву далíся.

17. Даўшы ім знак рукою, каб маўчалі, ён расказаў ім, як Гасподзь вы́веў яго з цямніцы, потым сказаў: паве́даміце пра гэта Іакаву і брата́м. І, вы́йшаўшы, ён накірава́ўся ў іншае месца.

18. А калі настаў дзень, узнíк вялікі перапало́х сярод воінаў з-за таго, што зда́рылася з Пятром;

19. Ірад жа, пашука́ўшы яго і не знайшоўшы, засудзíў вартаўніко́ў і загада́ў вы́весці іх; і, адпра́віўшыся з Іудзеі ў Кесары́ю, застава́ўся там.

20. Ірад быў разгне́ваны на жыхароў Ты́ра і Сідо́на; а яны па агу́льнай зго́дзе прыбылí да яго і, схілíўшы на свой бок Ула́ста, пасце́льніка царскага, прасілі міру, таму што іх краіна кармíлася ад царскай.

21. У прызна́чаны дзень Ірад, апрану́ўшы адзе́нне царскае і сеўшы на ўзвышэ́нні, прамаўля́ў да іх;

22. а народ ускліка́ў: гэта голас Бога, а не чалавека.

23. І адразу паразíў яго Ангел Гасподні за тое, што ён не ўзнёс славы Богу; і ён, з'е́дзены чарвя́мі, спусцíў дух.

24. Слова ж Божае ўзраста́ла і мно́жылася.

25. А Варнава і Саўл вярнуліся з Іерусаліма, вы́канаўшы служэ́нне і ўзя́ўшы з сабою таксама Іаана, назва́нага Маркам.

 

Раздзел 13

1. Былí ж у Антыяхíі ў та́машняй царкве некато́рыя прарокі і вучы́целі: Варнава, і Сімяо́н, якога звалі Нíгер, і Лукíй Кірыне́янін, і Манаíн, які гадава́ўся разам з Ірадам тэтра́рхам, і Саўл.

2. Калі ж яны служы́лі Госпаду і пасцíлі, сказаў Дух Святы́: вы́лучыце Мне Варнаву і Саўла на справу, да якой Я паклíкаў іх.

3. Тады яны, папасцíўшы і памаліўшыся, ускла́лі на іх ру́кі і адпусцíлі іх.

4. І тыя, пасла́ныя Ду́хам Святы́м, прыйшлі ў Селеўкíю, а адтуль адплылí на Кіпр;

5. і, прыбы́ўшы ў Саламíн, прапаве́давалі слова Божае ў сінагогах Іудзейскіх; ме́лі яны таксама Іаана як памочніка.

6. Прайшоўшы ўвесь востраў аж да Па́фа, спатка́лі яны нейкага чалавека, чарадзе́я і лжэпраро́ка, Іудзея па íмені Варыісу́с,

7. які быў з прако́нсулам Се́ргіем Паўлам, чалавекам разумным. Гэты, паклíкаўшы Варнаву і Саўла, пажада́ў пачуць слова Божае;

8. але ім супрацьстая́ў чарадзе́й Элíма, – так пераклада́ецца імя́ яго, – намага́ючыся адвярну́ць прако́нсула ад веры.

9. А Саўл, ён жа Павел, напо́ўніўшыся Ду́хам Святы́м і пільна ўгляда́ючыся ў яго,

10. сказаў: о, по́ўны ўсякай хíтрасці і ўсякай зламы́снасці, сы́не дыя́вала, вораг усякай пра́веднасці! ці пераста́неш ты адво́дзіць ад прамы́х шляхо́ў Гасподніх?

11. і цяпер, вось, рука́ Госпада на цябе, і будзеш ты сляпы́м і не ўбачыш сонца да пары́. І адразу напа́лі на яго змрок і цемра, і ён, абаро́чваючыся, шукаў павадыро́ў.

12. Тады прако́нсул, убачыўшы тое, што адбыло́ся, уве́раваў, ура́жаны вучэ́ннем Гасподнім.

13. Адплыўшы з Па́фа, Павел і тыя, што знахо́дзіліся з ім, прыбылí ў Пе́ргію Памфілíйскую, а Іаан, пакінуўшы іх, вярнуўся ў Іерусалім.

14. Яны ж, пайшоўшы з Пе́ргіі, прыбылí ў Антыяхíю Пісіды́йскую і, увайшоўшы ў сінагогу ў дзень суботні, селі.

15. Пасля чыта́ння закона і прарокаў нача́льнікі сінагогі паслалі сказаць ім: мужы́ браты́! калі ў вас ёсць слова настаўле́ння да народу, то прамаўля́йце.

16. Павел, устаўшы і даўшы знак рукою, сказаў: мужы́ Ізра́ільскія і тыя, хто баіцца Бога, паслу́хайце!

17. Бог народа гэтага вы́браў айцоў нашых, і ўзвы́сіў народ гэты ў час пражыва́ння яго ў зямлі Егіпецкай, і руко́ю высо́каю вы́веў іх з яе,

18. і каля сарака́ гадоў ча́су карміў іх у пусты́ні;

19. і, знíшчыўшы сем народаў у зямлі Ханаа́нскай, даў ім у спа́дчыну зямлю́ тых;

20. і пасля гэтага, каля чатырохсо́т пяцíдзесяці гадоў, даваў ім су́ддзяў да Самуіла прарока;

21. і потым папрасілі яны цара, і даў ім Бог Сау́ла, сына Кíсавага, му́жа з кале́на Веніямíнавага, гадоў на сорак;

22. і, адхілíўшы яго, паставіў ім царом Давіда, пра якога і сказаў, засве́дчыўшы: Я знайшоў Давіда, сына Іесе́евага, му́жа, які Мне па сэ́рцы і які здзе́йсніць усе жада́нні Мае́.

23. З яго се́мені Бог паводле абяца́ння ўздзвíгнуў Ізра́ілю спасенне – Іісуса,

24. пасля таго, як Іаан прапаве́даваў, перад са́мым яўле́ннем Яго, хрышчэ́нне пакая́ння ўсяму народу Ізраільскаму.

25. Калі ж завярша́ў Іаан дзе́йнасць сваю, то гаварыў: за каго вы прыма́еце мяне́ я не той, але вось, ідзе за мною Той, у Каго я нява́рты развяза́ць абу́так на нагах.

26. Мужы́ браты́, сыны́ роду Аўраа́мавага, і тыя сярод вас, хто баіцца Бога! вам пасла́на сло́ва спасе́ння гэтага.

27. Бо жыхары́ Іерусаліма і нача́льнікі іх, не пазна́ўшы Яго і асудзíўшы, спо́ўнілі сло́вы прарокаў, што чыта́­юцца кожную суботу;

28. і, не знайшо́ўшы нія́кай віны́, ва́ртай смерці, прасілі Пілата забіць Яго;

29. калі ж вы́каналі ўсё, напíсанае пра Яго, то, зня́ўшы з дрэва, пакла́лі Яго ў магілу.

30. Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых;

31. Ён яўля́ўся на праця́гу многіх дзён тым, якія прыйшлі з Ім з Галілеі ў Іерусалім; яны цяпе́р све́дкі Яго перад народам.

32. І мы вам дабраве́сцім пра абяца́нне, да́дзенае айцам, што Бог вы́канаў яго для нас, дзяцей іхніх, уваскрасíўшы Іісуса,

33. як і напíсана ў псалме́ другім: "Ты Сын Мой, Я сёння нарадзíў Цябе".

34. А пра тое, што Ён уваскрасíў Яго з мёртвых, так што Ён ужо не абе́рнецца ў тле́нне, Ён сказаў так: "Я дам вам святое, абяца́нае Давіду, непару́шнае".

35. Таму і ў іншым месцы кажа: "не дасí Святому Твайму ўба́чыць тле́ння".

36. Давід жа, паслужы́ўшы ў пакале́нні сваім волі Божай, спачы́ў, і далучы́ўся да айцоў сваіх, і ўба́чыў тле́нне;

37. а Той, Якога Бог уваскрасíў, не ўба́чыў тле́ння.

38. Няхай жа будзе вам вядо́ма, мужы́ браты́, што дзе́ля Яго абвяшча́ецца Вам прабачэ́нне грахоў;

39. і ва ўсім, у чым вы не маглі апраўда́цца законам Маісе́евым, кожны ве́руючы апра́ўдваецца Ім.

40. Дык сцеражы́цеся, каб не прыйшло на вас тое, пра што ска́зана ў прарокаў: 

41. "глядзíце, пага́рдлівыя, падзіву́йцеся, і ўбачце, і згíньце; таму што Я здзяйсня́ю справу ў дні вашы, справу, якой вы ніяк не паверылі б, калі б хто-не́будзь расказаў вам".

42. І калі яны выхо́дзілі з сінагогі Іудзейскай, язычнікі прасілі іх у насту́пную суботу гаварыць ім пра тое ж самае;

43. калі ж сход быў распу́шчаны, то многія з Іудзеяў і набо́жных празелíтаў пайшлі за Паўлам і Варнавам, якія, размаўля́ючы з імі, перако́нвалі іх застава́цца ў благада́ці Божай.

44. У насту́пную суботу амаль увесь горад сабра́ўся, каб паслу́хаць сло́ва Божае;

45. але Іудзеі, уба́чыўшы народ, напо́ўніліся за́йздрасцю і, пярэ́чачы і блюзне́рачы, працíвіліся таму, што гаварыў Павел.

46. Тады Павел і Варнава адва́жна сказалі: вам першым павінна было́ быць прамо́ўлена сло́ва Божае, але паколькі вы адвярга́еце яго і са́мі сябе робіце нява́ртымі вечнага жыцця́, то вось, мы звярта́емся да язычнікаў;

47. бо так запаве́даў нам  Гасподзь: "Я паставіў Цябе быць святлом для язы́чнікаў, каб Ты быў спасе́ннем да кра́ю зямлі".

48. Слу́хаючы гэта, язычнікі рада­валіся і ўслаўля́лі сло́ва Гасподняе, і ўве́равалі ўсе, прызна́чаныя для вечнага жыцця́;

49. і слова Гасподняе распаў­сю́джвалася па ўсёй краіне.

50. Але Іудзеі, падмо́віўшы набо́жных і паважа́ных жанчын і першых сярод гараджа́н, учынíлі гане́нне на Паўла і Варнаву і вы́гналі іх з ме́жаў сваіх.

51. Яны ж, абтро́сшы на іх пыл з ног сваіх, пайшлі ў Іканíю.

52. А вучні напаўня́ліся радасцю і Ду́хам Святы́м.

 

Раздзел 14

1. І ста́лася ў Іканíі, што таксама ўвайшлі яны ў сінагогу Іудзейскую і прамаўля́лі так, што ўве́равала вялікае мноства і Іудзеяў, і Э́лінаў.

2. А няве́руючыя Іудзеі ўзбу́рылі і азло́білі ду́шы язычнікаў су́праць братоў.

3. Аднак тыя даволі доўга прабылí там, адважна прамаўля́ючы ў Госпа­дзе, Які све́дчыў сло́ва благада́ці Сваёй і здзяйсня́ў знаме́нні і цу́ды рукамі іх.

4. І насе́льніцтва горада падзялíлася: адны былí з Іудзеямі, а другія – з Апосталамі. 5. Калі ж у язычнікаў і Іудзеяў з іх начальнікамі ўзнік наме́р знява́жыць і пабіць іх каме́ннем,

6. то яны, даве́даўшыся, уцяклі ў Лікао́нскія гарады Лíстру і Дэ́рвію і ў навако́ллі іх,

7. і там дабраве́сцілі.

8. А ў Лíстры нейкі чалавек, хворы на ногі, сядзеў, бу́дучы кульга́вым ад уло́ння маці сваёй, і ніко́лі не хадзіў.

9. Ён слу́хаў прамову Паўла, які, угле́дзеўшыся ў яго і ўбачыўшы, што той ма́е веру, каб быць ацалёным, 

10. сказаў гу́чным голасам: табе кажу ў імя́ Госпада Іісуса Хрыста: стань на ногі свае прама. І той адразу ўско́чыў і стаў хадзіць.

11. Люд жа, уба́чыўшы, што зрабіў Павел, узвы́сіў свой голас, кажучы па-лікаонску: багí ў вобразе чалаве́чым сышлí да нас.

12. І называлі Варна́ву Зе́ўсам, а Паўла – Герме́сам, бо прамаўля́ў перава́жна ён.

13. І жрэц Зеўса, ідал якога знахо­дзіўся перад іх горадам, прывёўшы да брамы валоў і даста́віўшы вянкі, хацеў з народам прыне́сці ахвяру.

14. Пачуўшы пра гэта, Апосталы Варнава і Павел разадра́лі адзе́нне сваё і кінуліся ў натоўп з крыкам, ка́жучы:

15. мужы́! што вы робіце́ і мы – такія як вы людзі, і дабраве́сцім вам, каб вы ад гэтай ма́рнасці звярну́ліся да Бога Жывога, Які ствары́ў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх,

16. Які ў міну́лых пакале́ннях дазволіў, каб усе народы хадзілі сваімі шляха́мі, 

17. хоць і не перастава́ў све́дчыць пра Сябе, дзе́ючы дабро, даючы́ нам дажджы́ з неба і по́ры ўрадлíвыя, напаўня́ючы ежай і радасцю сэ́рцы нашы.

18. І, прамаўля́ючы так, яны ледзь прыму́сілі натоўп спынíцца і не прыно́сіць ахвяру ім, а каб кожны ішоў дадому. Калі ж яны, застаючы́ся там, вучылі,  

19. прыйшлі некато́рыя Іудзеі з Антыяхíі і Іканíі, і калі Апосталы адкрыта прапаве́давалі, тыя падмо́вілі народ адысцí ад іх, ка́жучы: яны не гавораць нічога ісціннага, а ўсё лгуць. І, падбухто́рыўшы народ, пабілі Паўла каме́ннем і вы́цягнулі за горад, думаючы, што ён мёртвы.  

20. Калі ж вучні сабра́ліся вакол яго, ён падняўся і пайшоў у горад, а на другі дзень адпра́віўся з Варнавам у Дэ́рвію.

21. Прапаве́даўшы Ева́нгелле ў гэтым горадзе і прыдба́ўшы нямала вучняў, яны вярнуліся ў Лíстру, Іканíю і Антыяхíю,

22. умацо́ўваючы ду́шы вучняў, закліка́ючы іх трыва́ць у веры і павуча́ючы што, праз многія пакуты нале́жыць нам увайсці ў Царства Божае.

23. Рукапалажы́ўшы ім прасвíтараў для кожнай царквы і памаліўшыся з по́стам, яны даручы́лі іх Госпаду, у Якога тыя ўве́равалі.

24. Потым, прайшоўшы праз Пісіды́ю, яны прыйшлі ў Памфілíю;

25. і, прапаве́даўшы сло́ва Гасподняе ў Пе́ргіі, прыйшлі ў Ата́лію

26. і адтуль адплылí ў Антыяхíю, адкуль яны былі адда́дзены па благадаці Божай на справу, якую і вы́каналі.

27. Прыбы́ўшы туды і сабраўшы царкву, яны расказалі пра ўсё, што зрабіў з імі Бог і як Ён адчынíў язычнікам дзверы веры;

28. і застава́ліся там доўгі час з вучнямі.

 

Раздзел 15

1. Некато́рыя, што прыйшлі з Іудзеі, вучы́лі братоў: калі не абрэ́жацеся паводле звы́чаю Маісеевага, то не можаце спасцíся.

2. Калі ж адбыло́ся сутыкне́нне і спрэ́чка немала́я ў Паўла і Варнавы з імі, то было́ вы́рашана, каб Павел з Варнавам ды некато́рыя іншыя з іх пайшлі да Апосталаў і прасвітараў у Іерусалім па гэтай справе.

3. І вось, яны, адпра́ўленыя царквою, праходзілі праз Фінікíю і Самары́ю, раска́зваючы пра навярта́нне язычнікаў, і прыно́сілі радасць вялікую ўсім брата́м.

4. Калі ж прыбылí яны ў Іерусалім, то былí прыня́ты царквою, Апосталамі і прасвітарамі і расказалі пра ўсё, што зрабіў з імі Бог і як Ён адчынíў язычнікам дзверы веры.

5. Тады ўсталі некато́рыя з фарысейскай е́расі, якія ўве́равалі, і яны казалі, што трэба абрэ́зваць язычнікаў і зага́дваць ім, каб выконвалі закон Маісееў.

6. Апосталы і прасвітары сабра́ліся, каб разгле́дзець гэтую справу.

7. Пасля доўгай спрэчкі ўстаў Пётр і сказаў ім: мужы́ браты́! вы ведаеце, што Бог ад дзён даўніх вы́браў з нас мяне, каб з маіх ву́снаў язычнікі пачулі слова Ева́нгелля і ўве́равалі;

8. і Сэрцаве́д Бог даў ім све́дчанне, пасла́ўшы ім Духа Святога, як і нам;

9. і не зрабіў нія́кай розніцы паміж намі і імі, вераю ачы́сціўшы сэ́рцы іх.

10. Чаму ж вы цяпер спакуша́еце Бога, каб ускла́сці на шы́і вучняў ярмо, якога ні айцы нашы, ні мы не змаглі пане́сці?

11. Але мы ве́руем, што благадаццю Госпада Іісуса Хрыста спасёмся, як і яны.

12. Тады замоўк увесь сход і слу́хаў Варнаву і Паўла, як яны раска́звалі, якія знаме́нні і цу́ды зрабіў Бог праз іх у язычнікаў.

13. Пасля таго, як яны змоўклі, прамовіў Іакаў, кажучы: мужы́ браты́! паслу́хайце мяне;

14. Сíман расказаў, як Бог ад пачатку скірава́ў по́гляд на язычнікаў, каб скла́сці з іх народ у імя́ Сваё;

15. і гэтаму адпавяда́юць словы прарокаў, як напíсана:

16. "потым вярну́ся і адбуду́ю скінію Давідаву заняпа́лую, і разбу́ранае ў ёй адбуду́ю, і ўзвяду́ яе, 

17. каб шукалі Госпада іншыя людзі і ўсе народы, для якіх абве́шчана імя́ Маё, – кажа Гасподзь, Які робіць усё гэта".

18. Вядо́мы Богу адве́ку ўсе справы Яго.

19. Таму я лічу́, што не трэба абцяжа́рваць тых з язычнікаў, якія навярта́юцца да Бога,

20. а напіса́ць ім, каб яны ўстры́мліваліся ад апага́ньвання ідаламі, і ад блу́ду, і ад заду́шанага, і ад крывí, і каб не рабілі іншым таго, чаго не жада́юць сабе.

21. Бо закон Маісе́еў ад старажы́тных ро́даў па ўсіх гарада́х ма́е тых, што прапаве́дуюць яго, і чытаецца ў сінагогах кожную суботу.

22. Тады Апосталы і прасвітары з усёй царквою вы́рашылі пасла́ць вы́браных ад іх мужо́ў у Антыяхíю з Паўлам і Варнавам: Іуду, называ́нага Варса́вам, і Сілу, – мужоў, якія ме́лі старшынство́ сярод братоў,

23. напіса́ўшы і перада́ўшы праз іх насту́пнае: "Апосталы, і прасвітары, і браты́ – брата́м з язычнікаў у Антыяхíі, Сíрыі і Кілікíі: ра́да­вацца.

24. Паколькі мы пачулі, што некато́рыя, прыйшоўшы ад нас, устрыво́жылі вас сваімі сло́вамі і збянтэ́жылы ду́шы вашы, ка́жучы, што трэба абрэ́звацца і выко́нваць закон, чаго мы ім не даруча́лі,

25. то мы, сабра́ўшыся, вы́рашылі пасла́ць да вас адзінаду́шна вы́браных мужоў з узлю́бленымі нашымі Варнавам і Паўлам,

26. людзьмí, якія аддалí ду́шы свае за імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста.

27. Дык вось, мы паслалі Іуду і Сілу, якія на сло́вах перададу́ць вам тое самае;

28. бо ўгодна Духу Святому і нам не ўсклада́ць на вас нія́кага бо́льшага цяжа́ру, акрамя́ гэтага неабходнага:

29. устры́млівацца ад ахвярава́нага ідалам, і ад крывí, і ад заду́шанага, і ад блу́ду, і не рабіць іншым таго, чаго не жада́еце сабе; выко́нваючы гэта, вы до́бра зро́біце. Быва́йце здаро́вы".

30. І вось, адпра́ўленыя прыйшлі ў Антыяхíю і, сабра́ўшы людзе́й, перадалí пасла́нне.

31. Тыя ж, прачытаўшы, узра́даваліся настаўле́нню.

32. А Іуда з Сілам, якія са́мі былí прарокамі, у многіх прамовах далí настаўле́нне брата́м і ўмацава́лі іх.

33. Прабы́ўшы там пэўны час, яны былí з мірам адпу́шчаны брата́мі да Апосталаў;

34. але Сіла вы́рашыў заста́цца там, а Іуда адзін вярну́ўся ў Іерусалім.

35. Павел жа і Варнава знахо́дзіліся ў Антыяхíі, навуча́ючы і прапаве́дуючы з многімі іншымі сло́ва Гасподняе.

36. Праз нейкі час Павел сказаў Варнаву: давай ве́рнемся і наве́даем братоў нашых ва ўсіх гарадах, дзе мы прапаве́давалі слова Гасподняе,  – як у іх справы.

37. Варнава хацеў узяць з сабою Іаана, называ́нага Маркам;

38. Павел жа лічы́ў, што не трэба браць з сабою яго, які пакінуў іх у Памфілíі і не пайшоў з імі на справу, на якую яны былí пасла́ны.

39. Адбыла́ся спрэчка, так што яны разлучы́ліся адзін з адным; і Варнава, узя́ўшы Марка, адплы́ў на Кіпр;

40. а Павел, вы́браўшы Сілу, пайшоў, бу́дучы дару́чаны брата́мі благада́ці Божай,

41. і праходзіў па Сíрыі і Кілікíі, умацо́ўваючы цэ́рквы.

 

Раздзел 16

1. Дайшоў ён да Дэ́рвіі і Лíстры. І вось, быў там адзін ву́чань па імені Цімафей, сын нейкай жанчыны Іудзейкі, што ўве́равала, ба́цька ж яго быў Э́лінам; 

2. пра яго све́дчылі браты́, якія былí ў Лíстры і Іканíі.

3. Павел пажада́ў узя́ць яго з сабою; і, ўзя́ўшы, абрэ́заў яго з-за Іудзеяў, якія былí ў тых мясцінах; бо ўсе ведалі, пра ба́цьку яго, што ён быў Э́лінам.

4. Калі ж прахо́дзілі яны па гарадах, то нака́звалі веруючым выко́нваць пастано́вы, прыня́тыя Апосталамі і прасвітарамі ў Іерусаліме.

5. І цэ́рквы ўмацо́ўваліся ў веры і ўзраста́лі колькасцю штодзе́нь.

6. Прайшоўшы праз Фрыгíю і Галацíйскую краíну, яны Ду́хам Святы́м не былí дапу́шчаны прапаве́даваць сло́ва ў Асíі.

7. Прыйшоўшы ў Місíю, яны спрабава́лі ісці ў Віфінíю, але Дух не дапусцíў іх.

8. Прайшоўшы Місíю, яны сышлі ў Траа́ду.

9. І было́ ўначы́ відзе́нне Паўлу: нейкі муж Македонец стаяў і прасіў яго, ка́жучы: перайдзі ў Македонію і дапамажы́ нам. 

10. Калі ён убачыў відзе́нне, то мы адразу пастара́ліся адпра́віцца ў Македонію, разуме́ючы, што паклíкаў нас Гасподзь дабраве́сціць ім.

11. І вось, адпра́віўшыся з Траа́ды, мы накірава́ліся проста ў Самафра́кію, а на другі дзень у Неа́паль

12. і адтуль у Філíпы – першы ў той ча́стцы Македоніі горад, кало́нію; у гэтым горадзе мы застава́ліся некалькі дзён.

13. А ў дзень суботні мы вы́йшлі за горад да ракí, дзе, як лічы́лася, было́ месца малітвы, і, сеўшы, размаўлялі з жанчынамі, якія сабра́ліся там.

14. І слу́хала адна жанчына па імені Лíдзія, прадаўшчыца пу́рпуру, з горада Фіяты́р, якая шанава́ла Бога; і Гасподзь адкрыў яе сэ́рца, каб успрыма́ць тое, што гаварыў Павел.

15. Калі ж ахрысцíлася яна і дом яе, то папрасіла, ка́жучы: калі вы палічы́лі мяне вернай Госпаду, дык увайдзíце ў мой дом і жывíце. І яна перакана́ла нас.

16. Ста́лася, што, калі мы ішлі да ме́сца малітвы, сустрэ́ла нас адна служа́нка, якая ме́ла ду́ха вяшчу́нства і якая прыно́сіла гаспадара́м сваім вялікі прыбы́так прадказа́льніцтвам.

17. Яна, ідучы́ за Паўлам і за намі, крычала, ка́жучы: гэтыя людзі – рабы́ Бога Усявы́шняга, яны абвяшча́юць нам шлях спасе́ння.

18. Так рабіла яна многа дзён. Павел жа, якому апры́крала гэта, звярнуўся да ду́ха і прамовіў: зага́дваю табе íмем Госпада Іісуса Хрыста вы́йсці з яе. І дух вы́йшаў у той жа час.

19. Гаспадары́ ж яе, уба́чыўшы, што знíкла надзея на прыбы́так іх, схапілі Паўла і Сілу і пацягну́лі на плошчу да нача́льнікаў;  

20. і, прывёўшы іх да правіцеляў, сказалі: гэтыя людзі, бу́дучы Іудзеямі, будара́жаць наш горад

21. і прапаве́дуюць звы́чаі, якіх нам, Ры́млянам, нельга ні прыма́ць, ні выко́нваць.

22. І паўстаў натоўп су́праць іх, а правіцелі, сарва́ўшы з іх вопратку, загада́лі біць іх кія́мі;

23. і, нанёсшы ім шмат удараў, кінулі іх у цямніцу і загадалі ахоўніку пільна сцерагчы́ іх;

24. атрыма́ўшы такі загад, ён кінуў іх ва ўну́траную цямніцу і ногі ім забíў у кало́дкі.

25. Каля по́ўначы Павел і Сіла, мо́лячыся, спе́вам услаўля́лі Бога; а вя́зні слу́халі іх.

26. Раптам зда́рылася вялікае землетрасе́нне, так што захіста́ліся падму́ркі цямнíцы; адразу паадчыня́ліся ўсе дзверы, і з усіх паспада́лі кайданы́.

27. Ахоўнік, прачну́ўшыся і ўбачыўшы, што адчы́нены дзверы цямніцы, вы́няў меч і хацеў забіць сябе, ду́маючы, што вя́зні ўцяклí.

28. Але Павел усклíкнуў моцным голасам, ка́жучы: не рабі сабе ніякага зла, бо ўсе мы тут.

29. Той, папрасіўшы агню́, убег і ў трымце́нні прыпа́ў да Паўла і Сілы,

30. і, вы́веўшы іх адтуль, сказаў: спадары́! што мне трэба рабіць, каб спасцíся? 

31. Яны ж адказа́лі: уве́руй у Госпада Іісуса Хрыста, і спасе́шся ты і ўвесь дом твой.

32. І прапаве́далі слова Гаспо́дняе яму і ўсім, што былí ў доме яго. 

33. І ён, забраўшы іх у той час ночы, абмы́ў раны іх, і адразу быў ахры́шчаны ён сам і ўсе дама́шнія яго;

34. і, прывёўшы іх у дом свой, ён прапанава́ў ім трапе́зу і з усім домам сваім узра́даваўся, што ўве́раваў у Бога.

35. Калі ж настаў дзень, правіцелі паслалі гарадскіх служы́целяў сказаць: вы́звалі тых людзей.

36. Ахоўнік паве́даміў пра гэта Паўлу: правіцелі прысла́лі зага́д вы́зваліць вас, так што цяпер выхо́дзьце і ідзіце з мірам.

37. Але Павел сказаў ім: нас, Ры́мскіх грамадзя́н, без суда́ прынаро́дна бíлі і кíнулі ў цямнíцу, а цяпер упо́тай выпуска́юць? не, няхай пры́йдуць і са́мі вы́ведуць нас.

38. Гарадскія служыцелі перадалí правіцелям гэтыя сло́вы; і тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта Ры́мскія грамадзя́не.

39. І, прыйшоўшы, яны папрасілі ў іх прабачэ́ння, потым вы́велі і прасілі пакінуць горад.

40. Яны ж, вы́йшаўшы з цямніцы, прыйшлі да Лíдзіі і, убачыўшы братоў, далí ім настаўле́нне і адпра́віліся.

 

Раздзел 17

1. Прайшоўшы праз Амфіпо́ль і Апало́нію, яны прыйшлі ў Фесало́ніку, дзе была́ Іудзейская сінагога. 

2. Паводле свайго звы́чаю, Павел увайшоў да іх і на праця́гу трох субот размаўляў з імі на падста́ве Піса́нняў,

3. тлума́чачы і даво́дзячы, што Хрысту нале́жала прыня́ць паку́ты і ўваскрэ́снуць з мёртвых і што: Гэты Хрыстос ёсць Іісус, Якога я прапаве́дую вам.

4. І некато́рыя з іх уве́равалі і далучы́ліся да Паўла і Сілы – і з набо́жных Э́лінаў вялікае мно́ст­­ва, і са зна́тных жанчын няма́ла.

5. А Іудзеі, якія не ўверавалі, пазайздро́сціўшы і назбіра́ўшы на плошчы нейкіх няго́дных людзей, учынíлі натоўп і пачалí бунтава́ць горад; падступіўшы да дому Іасо́на, яны намага́ліся вы́весці іх да народу.

6. Але, не знайшоўшы іх, яны пацягнулі Іасо́на і некато́рых братоў да гарадскіх начальнікаў, выкры́кваючы: тыя, што бунту́юць увесь свет, і сюды прыйшлі,

7. а Іасон іх прыня́ў; і яны ўсе су́праць зага́даў ке́сара выступа́юць, гаворачы, што ёсць іншы цар – Іісус.

8. І ўстрыво́жыўся народ і гарадскія нача́льнікі, чу́ючы гэта.

9. Але, атрыма́ўшы зало́г ад Іасо́на і ад іншых, яны адпусцíлі іх. 

10. Браты ж адразу ўначы́ адпра́вілі Паўла і Сілу ў Ве́рыю; яны, прыбы́ўшы туды, пайшлі ў сінагогу Іудзейскую.

11. Гэтыя былí больш высакаро́д­нымі за тых, што ў Фесало́ніцы, яны прынялí сло́ва з усёй шчы́расцю, штодзе́нь дасле́дуючы Піса́нні, ці так яно ёсць;

12. і многія з іх уве́равалі – і з паважа́ных Э́лінскіх жанчын, і з мужчын няма́ла.

13. Калі ж даведаліся Фесаланікíй­скія Іудзеі, што і ў Ве́рыі прапаве́дана Паўлам сло́ва Божае, то прыйшлі і туды, падбухто́рваючы і будара́жачы народ.

14. Тады браты́ адразу адпра́вілі Паўла ісці ў кіру́нку да мора, а Сіла і Цімафей засталíся там.

15. Суправаджа́льнікі Паўла правялí яго да Афін, і, атрымаўшы загад для Сілы і Цімафея, каб тыя як найхутчэ́й прыйшлі да яго, адпра́віліся назад.

16. У той час, як Павел чака́ў іх у Афінах, абура́ўся ў ім дух яго, калі ён бачыў гэты горад, поўны ідалаў.

17. І вось ён размаўляў у сінагозе з Іудзеямі, і з тымі, хто шанава́ў Бога, і на плошчы штодзе́нь з сустрэ́чнымі.

18. Некаторыя з філосафаў эпіку­рэ́йскіх і стаíчных спрача́ліся з ім; і адны гаварылі: "што́ хоча сказаць гэты пустасло́ў?", а другія: "здае́цца, ён прапаве́днік чужы́х багоў", – бо ён прапаве́даваў ім Іісуса і ўваскрасе́нне.

19. І, узяўшы яго, прывялі ў арэапа́г і казалі: ці можам мы даве́дацца, што́ гэта за новае вучэнне, якое ты абвяшча́еш?

20. бо ты нешта дзіўнае ўклада́еш у ву́шы нашы; таму мы хочам даве́дацца: што́ гэта такое?

21. А ўсе Афíняне і іншазе́мцы, якія жылí там, нічым так ахво́тна не займа́ліся, як тым, каб гаварыць або слу́хаць пра нешта новае.

22. І, стаўшы пасярод арэапа́га, Павел сказаў: мужы́ Афінскія! па ўсім бачу я, што вы асабліва набо́жныя;

23. бо, прахо́дзячы і агляда́ючы святыні вашы, я знайшоў і ахвя́рнік, на якім напíсана: "невядо́маму Богу". Вось Гэтага, Якога вы, не ве́даючы, шану́еце, я і прапаве́дую вам.

24. Бог, Які ствары́ў свет і ўсё, што ў ім, Ён, бу́дучы Госпадам не́ба і зямлі, не ў рукатво́рных хра́мах жыве́

25. і не патрабу́е паслуг рук чалавечых, як той, хто ма́е ў не́чым патрэ́бу, а Сам дае́ ўсяму жыццё, і дыха́нне, і ўсё;

26. Ён стварыў ад адной крывí ўвесь род чалаве́чы, каб жылí па ўсім аблíччы зямлі, устанавіўшы прадвы́значаныя тэ́рміны і ме́жы пражыва́ння іх,

27. каб яны шукалі Бога, ці не адчу́юць яны Яго і не зно́йдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас,

28. бо мы Ім жывём, і ру́хаемся, і існуём, як і некато́рыя з вашых паэтаў казалі: "бо мы ёсць і род Яго".

29. Таму, будучы ро́дам Божым, мы не павíнны лічы́ць, што Бажаство́ падобна да золата, альбо срэ́бра, альбо ка́меня, твора ўме́льства і заду́мы чалавека;

30. дык вось, не зважа́ючы на часы́ няве́дання, Бог цяпер зага́двае лю́дзям, каб усе ўсю́ды пака́яліся;

31. таму што Ён устанавіў дзень, у які будзе пра́ведна судзíць свет праз Му́жа, Якога Ён прызна́чыў, да́ў­шы ўсім доказ, уваскрасíўшы Яго з мёртвых.

32. Пачуўшы пра ўваскрасе́нне мёртвых, адны насміха́ліся, а другія казалі: пра гэта паслу́хаем цябе іншым разам.

33. Тады Павел пайшоў ад іх.

34. Некато́рыя ж мужы́, далучы́ў­шыся да яго, уве́равалі; сярод іх быў Дзіянíсій Арэапагіт і жанчына, якую звалі Да́мар, і іншыя з імі.

 

Раздзел 18

1. Пасля гэтага Павел, пакінуўшы Афіны, прыйшоў у Кары́нф; 

2. і, знайшоўшы нейкага Іудзея, па імені Акíла, родам Панцíйца, які нядаўна прыбы́ў з Італіі, і Прыскíлу, жонку яго, – таму што Кла́ўдзій загадаў усім Іудзеям пакінуць Рым, - ён прыйшоў да іх,

3. а паколькі ён вало́даў адно́лькавым з імі рамяство́м, то заста́ўся ў іх і працаваў; а рамяство́ іх было́ рабіць пала́ткі.

4. Кожную ж суботу ён прамаўля́ў у сінагозе і перако́нваў Іудзеяў і Э́лінаў.

5. А калі прыйшлі з Македоніі Сіла і Цімафей, то Павел быў натхнёны ду́хам све́дчыць Іудзеям, што Іісус гэта Хрыстос.

6. Паколькі ж яны працíвіліся і блюзне́рылі, то ён, абтро́сшы во́прат­ку сваю, сказаў ім: кроў ваша на гало́вах вашых; я чы́сты; цяпер іду да язычнікаў.

7. І, пайшоўшы адтуль, ён прыйшоў у дом аднаго чалавека, па імені Іу́ст, які шанава́ў Бога і дом якога быў каля сінагогі.

8. А Крысп, нача́льнік сінагогі, уве́раваў у Госпада з усім домам сваім, і многія з Кары́нфянаў, слу́хаючы, уве́равалі і ахрысцíліся.

9.  Сказаў Гасподзь у начны́м відзе́нні Паўлу: не бойся, а гавары́ і не змаўка́й,

10. таму што Я з табою, і ніхто не нападзе́ на цябе, каб зрабіць табе зло; бо ў Мяне многа людзей у горадзе гэтым.

11. І ён застава́ўся там год і шэсць месяцаў, навуча́ючы іх слову Божаму.

12. Калі ж Галіён быў прако́нсулам у Аха́іі, паўста́лі Іудзеі аднаду́шна су́праць Паўла і прывялі яго на судзíлішча,

13. ка́жучы: не па закону ён ву́чыць людзей шанава́ць Бога.

14. Калі ж Павел хацеў адкрыць ву́сны, Галіён сказаў Іудзеям: Іудзеі! калі б была́ якая несправядлíвасць або ўчы́нак ліхí, я меў бы падста́ву вы́слухаць вас;

15. але паколькі ідзе спрэ́чка пра ву­чэ́нне, і пра імёны, і пра закон ваш, то разбіра́йцеся самі; бо я не хачу быць суддзёю ў гэтым.

16. І прагна́ў іх з судзíлішча.

17.  А ўсе Э́ліны, схапíўшы Сасфе́на, нача́льніка сінагогі, бíлі яго перад судзíлішчам; але Галіёна гэта зусім не хвалява́ла.

18. Павел жа, пабы́ўшы яшчэ даво́лі многа дзён, развіта́ўся з брата́мі і адплы́ў у Сíрыю, і з ім Акíла і Прыскíла; ён абстры́г галаву́ ў Кенхрэ́ях, бо даваў абе́т.

19. Прыбы́ў ён у Эфе́с і пакінуў іх там, а сам пайшоў у сінагогу і вёў размову з Іудзеямі.

20. Калі ж яны прасілі прабы́ць у іх больш часу, ён не згадзíўся,

21. а развіта́ўся з імі, сказаўшы: мне трэба абавязкова праве́сці на­дыхо́дзячае свя́та ў Іерусаліме; да вас жа вярну́ся зноў, калі будзе воля Божая. І адправіўся з Эфе́са; Акíла ж застаўся ў Эфе́се. 

22. Прыбы́ўшы ў Кесары́ю, ён зайшоў ў Іерусалім, прывіта́ў царкву і пайшоў у Антыяхíю,

23. і, правёўшы там нейкі час, ён адышоў і прахо́дзіў паслядо́ўна Галацíйскую краіну і Фры́гію, умацо́ўваючы ўсіх вучняў.

24. Іудзей жа нейкі, па імені Апало́с, родам з Александры́і, чалавек красамо́ўны і добра дасве́дчаны ў Піса́ннях, прыйшоў у Эфе́с;

25. ён быў наста́ўлены на шлях Гасподні і, пала́ючы ду́хам, прамаў­ля́ў і вучы́ў пра Госпада правільна, зна́ючы толькі хрышчэ́нне Іаа́нава.

26. Ён пачаў смела прамаўля́ць у сінагозе. Пачуўшы яго, Акíла і Прыскíла прынялí яго і дакла́дней растлума́чылі яму шлях Гасподні.

27. Калі ж ён хацеў пайсці ў Аха́ію, то браты, спрыя́ючы, напіса́лі ву́чням, каб прынялí яго; прыбы́ўшы туды, ён шмат садзе́йнічаў тым, хто ўве́раваў па благада́ці,

28. бо ён рашу́ча выкрыва́ў Іудзеяў перад народам, дака́зваючы праз Пісанні, што Іісус гэта Хрыстос.

 

Раздзел 19

1. І ста́лася, калі Апало́с знахо́дзіўся ў Кары́нфе, Павел, прайшоўшы го́рныя вобласці, прыбы́ў у Эфе́с і, знайшоўшы некато́рых вучняў, 

2. спыта́ў іх: ці прынялí вы Духа Святога, калі ўве́равалí Яны ж адказа́лі яму́: мы нават і не чулі, што ёсць Дух Святы́.

3. Тады ён спытаў іх: у што ж вы хрысцíліся́ Яны адказалі: у Іаа́нава хрышчэ́нне.

4. Павел сказаў: Іаан хрысцíў хры­шчэ́ннем пакая́ння, ка́жучы лю́дзям, каб ве́равалі ў Таго, Хто пры́йдзе пасля яго, гэта значыць, у Хрыста Іісуса.

5. Пачуўшы гэта, яны ахрысцíліся ў імя́ Госпада Іісуса,

6. і калі Павел ускла́ў на іх ру́кі, сышоў на іх Дух Святы́, і яны сталі гавары́ць на іншых мовах і праро́чыць.

7. А было́ іх усіх каля двана́ццаці чалавек.

8. Прыйшоўшы ў сінагогу, Ён адважна прапаве́даваў тры месяцы, даво́дзячы і перако́нваючы пра Царства Божае.

9.  А калі некато́рыя ўпа́рціліся і не ве́равалі, зласло́вячы шлях Гасподні перад народам, то ён, пакíнуўшы іх, аддзялíў ву́чняў і штодзе́нь пра­паве́даваў у вучы́лішчы нейкага Тыра́на.

10. Гэта праця́гвалася два гады́, так што ўсе жыхары́ Асíі чу́лі про́паведзь пра Госпада Іісуса, як Іудзеі, так і Э́ліны.

11. І небыва́лыя цу́ды твары́ў Бог рукамі Паўла,

12. так што на хворых усклада́лі ху́сты і паясы́ ад це́ла яго, і адступа́лі ад іх хваро́бы, і ду́хі злыя выхо́дзілі з іх.

13. Спрабава́лі і некато́рыя з вандро́ўных Іудзейскіх закліна́ль­нікаў прамаўля́ць над тымі, хто меў злых ду́хаў, імя́ Госпада Іісуса, гаво́­рачы: закліна́ем вас Іісусам, Якога Павел прапаве́дуе.

14. І былí нейкія сем сыноў Ске́вы, Іудзейскага першасвятара́, якія гэта рабíлі.

15. Але злы дух сказаў у адказ: Іісуса зна́ю і Паўла ве́даю, а вы хто такія?

16. І накíнуўся на іх чалавек, у якім быў злы дух, і, адо́леўшы іх, узяў над імі такую сілу, што яны го́лыя і пара́неныя вы́беглі з дома таго.

17. Гэта стала вядо́ма ўсім Іудзеям і Э́лінам, якія жылí ў Эфе́се, і страх напаў на ўсіх іх, і ўзвялíчвалася імя́ Госпада Іісуса;

18. і многія з тых, што ўве́равалі, прыхо́дзілі, спавяда́ючыся і адкрыва́ючы ўчы́нкі свае;

19. а няма́ла з тых, што займа́ліся чарадзе́йствам, сабра́ўшы кнігі свае, спалíлі перад усімі; і падлічы́лі кошт іх, і атрыма́лася пяцьдзеся́т тысяч серабро́м.

20. З такою сілаю сло́ва Гасподняе ўзраста́ла і ўмацо́ўвалася.

21. Калі ж гэта адбыло́ся, вы́рашыў у ду́ху Павел прайсці праз Македо́нію і Аха́ію і адпра́віцца ў Іерусалім, і сказаў ён: пасля таго, як я пабу́ду там, трэба мне і Рым уба́чыць.

22. І, пасла́ўшы ў Македо́нію дваіх з тых, што служы́лі яму, Цімафе́я і Эра́ста, сам на нейкі час заста́ўся ў Асíі.

23. Узняло́ся ж у той час немало́е абурэ́нне су́праць шля́ху Гасподняга,

24. бо нейкі майстар па серабры́, íмем Дзімітрый, што рабіў сярэ́браныя храмы Артэмíды і даваў немалы́ заро́бак раме́снікам,

25. сабра́ўшы іх і іншых такіх работнікаў, сказаў: людзі, вы ве́даеце, што ад гэтага заро́бку зале́жыць наш дабрабы́т;

26. і вы бачыце і чуеце, што не толькі ў Эфе́се, але амаль ва ўсёй Асíі гэты Павел перакана́ў і адвярну́ў шмат людзей, ка́жучы, што зро́бленае рука́мі чалаве́чымі – не багí;

27. а гэта пагража́е нам, што не толь­кі рамяство́ гэтае будзе знясла́ўлена, але і храм вялікай багіні Артэмíды стане лічы́цца за нішто, і будзе зве́ргнута ве́ліч той, якую ўшано́ўвае ўся Асíя і ўвесь свет.

28. Пачуўшы гэта і напо́ўніўшыся лю́тасцю, яны закрыча́лі, ка́жучы: Артэмíда Эфе́ская – вялікая!

29. Увесь горад быў ахо́плены сму́таю; і яны кíнуліся аднаду́шна да тэа́тра, схапіўшы Га́ія і Арыста́рха Македо́нян, спадаро́жнікаў Паўла.

30. Калі ж Павел хацеў пайсці да народу, вучні не пуска́лі яго;

31. і некато́рыя з начальнікаў Асій­скіх, якія былí яму пры́яцелямі, паслаўшы да яго, прасілі не з'яўля́цца ў тэатры.

32. Тым часам адны крычалі адно, другія – другое, бо сход быў бязла́дны, і многія не ведалі, дзе́ля чаго сышлíся.

33. Тады з натоўпу вы́ставілі напе́рад Алякса́ндра, якога прапанава́лі Іудзеі. Аляксандр, да́ўшы знак рукою, хацеў апраўда́цца перад народам. 

34. Але, даве́даўшыся, што ён Іудзей, усе ў адзін голас амаль дзве гадзíны крычалі: Артэмíда Эфе́ская – вялікая!

35. Тады гарадскí сакрата́р, супако́іўшы натоўп, сказаў: мужы́ Эфескія! хто з людзей не ве́дае, што горад Эфес з'яўля́ецца захава́льнікам храма вялікай багíні Артэмíды і выя́вы, якая ўпала з неба?

36. дык вось, паколькі гэта бяс­спрэ́чна, то трэба вам захоўваць спакой і не рабіць нічога безразва́жна;

37. вы прывялі гэтых людзей, якія ні храм не рабава́лі, ні багíні вашай не зневажа́лі;

38. калі ж Дзімітрый і раме́снікі, што з ім, ма́юць ска́ргу на каго-не́будзь, то дзе́йнічаюць суды́ і ёсць прако́нсулы, няхай ска́рдзяцца адны на другіх;

39. а калі вы дамага́ецеся яшчэ нечага, то гэта вы́рашана будзе на законным сходзе; 

40. мы ж рызыку́ем быць абвіна­ва́чанымі ў бу́нце за сённяшняе, бо няма ніякай прычыны, каб апраўда́ць гэтае збо́рышча. Сказаўшы гэта, ён распусцíў сход.

 

Раздзел 20

1. Калі ж сму́та суняла́ся, Павел, склíкаўшы вучняў, даў ім настаў­ле́нні і, развіта́ўшыся з імі, вы́йшаў і накірава́ўся ў Македо́нію. 

2. Прайшоўшы тыя вобласці і да́ў­шы ве́руючым многія настаўле́нні, ён прыйшоў у Эла́ду;

3. пражы́ў ён там тры месяцы; а калі Іудзеі ўчынíлі су́праць яго змову, то ён, збіра́ючыся адпра́віцца ў Сíрыю, вы́рашыў вярну́цца праз Македо́нію.

4. Суправаджа́лі яго да Асíі Сасіпа́тр Пíрраў, Веры́янін, а з Фесаланікíйцаў Арыста́рх і Секу́нд, і Га́ій Дзе́рвянін, і Цімафе́й, і Асійцы Цíхік і Трафíм.

5. Яны, пайшоўшы ўперад, чакалі нас у Траа́дзе.

6. Мы ж адправіліся з Філíпаў пасля дзён праснако́ў і дабра́ліся да іх у Траа́ду за пяць дзён, і прабылí там сем дзён.

7. У першы ж дзень ты́дня, калі вучні сабра́ліся для пераламле́ння хле́ба, Павел, ма́ючы наме́р вы́правіцца на насту́пны дзень, гу́тарыў з імі і працягваў размаўляць да по́ўначы.

8. У верхнім пакоі, дзе мы сабра́ліся, было́ многа свяцíльнікаў.

9.  І сядзеў на акне нейкі юнак, па імені Яўцíх, ён пагрузíўся ў глыбо́кі сон у той час, як Павел доўга прамаўля́ў, і, пахіснуўшыся ў сне, упаў з трэцяга паверха ўніз, і паднялí яго мёртвым.

10. Сышоўшы, Павел прыпа́ў да яго і, абня́ўшы яго, сказаў: не трыво́жцеся, бо душа́ яго ў ім.

11. Падня́ўшыся наверх, перала­мíўшы хлеб і пае́ўшы, ён прамаўля́ў яшчэ доўга, да світа́ння, і потым пайшоў адтуль.

12. Між тым юнака́ прывялí жыво́га і вельмі ўсце́шыліся.

13. А мы, прыйшо́ўшы на карабе́ль, адпра́віліся ў Ас, каб узяць адтуль Паўла; бо ён так загадаў, пажада́ўшы сам ісці пехато́ю.

14. Калі ж ён сустрэ́ўся з намі ў А́се, мы, узя́ўшы яго, прыбылí ў Міцілíну;

15. І, адплы́ўшы адтуль, назаўтра апыну́ліся насу́праць Хіо́са, а на другі дзень дабра́ліся да Само́са і, пабыва́ўшы ў Трагілíі, насту́пнага дня прыбылí ў Мілíт;

16. бо Павел вы́рашыў абміну́ць Эфес, каб не затрыма́цца ў Асíі, бо ён спяша́ўся, каб, па магчы́масці, у дзень Пяцідзеся́тніцы быць у Іерусаліме.

17. Пасла́ўшы з Мілíта ў Эфес, ён паклíкаў прасвíтараў царквы́,

18. і калі яны прыйшлі да яго, то сказаў ім: вы ве́даеце, як я з першага дня, калі прыйшоў у Асíю, увесь час быў з вамі,

19. працу́ючы дзе́ля Госпада з усёй пакорнаму́драсцю і мно́гімі слязьмí, і сярод выпрабава́нняў, якія спасцíглі мяне па зламы́снасці Іудзеяў;

20. як я не прапусцíў нічога ка­ры́снага, пра што не сказаў бы вам і чаму не вучы́ў бы вас прылю́дна і па дама́х,

21. закліка́ючы Іудзеяў і Э́лінаў да пакая́ння перад Богам і веры ў Госпада нашага Іісуса Хрыста.

22. І вось цяпер я па пабуджэ́нню Ду́ха іду ў Іерусалім, не ве́даючы, што́ там адбу́дзецца са мною;

23. аднак Дух Святы́ па ўсіх гарадах све́дчыць, ка́жучы, што кайданы́ і паку́ты чака́юць мяне.

24. Але я ні на што не зважа́ю і не даражу́ сваім жыццём, толькі б з ра́дасцю завяршы́ць шлях мой і служэ́нне, якое прыня́ў я ад Госпада Іісуса: прапаве́даваць Ева́нгелле благада́ці Божай.

25. І вось цяпер я ведаю, што ўжо не ўба́чыце аблíчча майго ўсе вы, сярод якіх хадзіў я, прапаве́дуючы Царства Божае.

26. Таму я све́дчу вам сёння, што я чысты ад крывí ўсіх,

27. бо я не ўхіля́ўся ад таго, каб прапаве́даваць вам усю волю Божую.

28. Дык вось, дба́йце пра сябе і пра ўсё ста́да, у якім Дух Святы́ паставіў вас ахава́льнікамі, па́свіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабы́ў Крывёю Сваёю.

29. Бо я ведаю, што пасля́ адыхо́ду майго ўво́йдуць да вас ваўкí лю́тыя, якія не пашкаду́юць ста́да;

30. і сярод вас саміх паўста́нуць людзі, якія будуць прапаве́даваць скажо́на, каб пацягну́ць вучняў за сабою.

31. Таму будзьце пíльнымі, па́мятаючы, што я тры гады́ дзень і ноч няспы́нна са слязьмí вучыў кожнага з вас.

32. І цяпер даруча́ю вас, браты́, Богу і слову благада́ці Яго, якое можа наста́віць вас і даць вам спа́дчыну з усімі асвячо́нымі.

33. Ні серабра́, ні золата, ні адзе́ння я ні ад каго не пажада́ў;

34. вы самі ве́даеце, што патрэ́бам маім і тых, што былí са мною, паслужы́лі ру́кі гэтыя мае́.

35. Ва ўсім паказа́ў я вам, што, так працу́ючы, трэба падтры́мліваць сла́бых і па́мятаць словы Госпада Іісуса, бо Ён Сам сказаў: "блажэ́нней даваць, чым браць".

36. І, прамо́віўшы гэта, ён стаў на кале́ні свае і з усімі імі памалíўся.

37. Тады пача́ўся вялікі плач ва ўсіх, і, кíдаючыся на шы́ю Паўла, яны цалава́лі яго,

38. смутку́ючы найбольш з-за ска́занага ім сло́ва, што яны ўжо не ўба́чаць аблíчча яго. І право́дзілі яго на карабе́ль.

 

Раздзел 21

1. Пасля таго, як мы, расста́ўшыся з імі, адплылí, то прамы́м шля́хам прыбылí на Кос, а насту́пнага дня – на Ро́дас, і адтуль у Пата́ру; 

2. і, знайшо́ўшы карабе́ль, які накіро́ўваўся ў Фінікíю, мы ўзышлí на яго і адплылí.

3. Калі паказа́ўся Кіпр, мы, пакí­нуўшы яго зле́ва, паплылí ў Сíрыю і прыста́лі ў Ты́ры, бо там трэба было́ з карабля́ вы́грузіць тавар.

4. І, знайшо́ўшы ву́чняў, мы засталíся там на сем дзён; яны, па натхне́нню Ду́ха, каза́лі Паўлу не ісці ў Іерусалім.

5. Пасля таго, як мы правялí гэтыя дні, мы вы́йшлі і адпра́віліся ў дарогу, і праводзілі нас усе з жанчы́намі і дзе́цьмі аж за горад; а на бе́разе, стаўшы на кале́ні, мы памалíліся.

6. І, развіта́ўшыся адны з аднымі, мы ўзышлí на карабе́ль, а яны вярну́­ліся да сябе.

7. Мы, завяршы́ўшы пла́ванне з Ты́ра, прыбылí ў Пталемаíду і, пры­віта́ўшы брато́ў, засталíся на адзін дзень у іх.

8. Назаўтра ж мы, якія былí з Паўлам, адпра́віліся і прыйшлі ў Кесары́ю і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабраве́сніка, аднаго з сямі дыя́канаў, засталíся ў яго.

9. А ў яго былí чатыры дачкí, дзевы, якія праро́чылі.

10. У той час, як мы на праця́гу многіх дзён застава́ліся ў іх, прыбы́ў з Іудзеі нейкі прарок, па íмені Ага́ў,

11. і, прыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўла і, звяза́ўшы сабе но́гі і ру́кі, сказаў: так гаво́рыць Дух Святы́: "му́жа, якому нале́жыць гэты пояс, звя́жуць у Іерусаліме Іудзеі і аддаду́ць у ру́кі язы́чнікаў".

12. Калі мы пачулі гэта, то і мы, і та́машнія прасілі, каб ён не ішоў у Іерусалім.

13. Але Павел у адказ сказаў: што вы робіце, пла́чучы і разрыва́ючы маё сэ́рца?а́ я не толькі хачу быць вя́знем, але і паме́рці ў Іерусаліме гатовы за імя́ Госпада Іісуса.

14. І паколькі ён не паддава́ўся ўгаво́рам, мы супако́іліся і сказалі: няхай будзе воля Гасподняя!

15. Пасля гэтых дзён, пад­рыхтава́ўшыся, мы пайшлі ў Іерусалім;

16. ішлі з намі і некато́рыя вучні з Кесары́і, право́дзячы нас да нейкага Мна́сана Кіпрыёта, да́ўняга вучня, каб нам пажы́ць у яго.

17. Калі ж мы прыбылí ў Іерусалім, браты́ з радасцю прынялí нас.

18. На другі дзень Павел прыйшоў з намі да Іакава, прыйшлі і ўсе прасвітары.

19. І, павітаўшы іх, Павел стаў расказваць падрабя́зна, што́ зрабіў Бог у язычнікаў праз служэ́нне яго.

20. Вы́слухаўшы яго, яны сла́вілі Бога і казалі: бачыш, брат, колькі тысяч Іудзеяў уве́равалі, і ўсе яны руплíўцы закона;

21. а пра цябе яны чулі, бы́ццам ты ўсіх Іудзеяў, якія жыву́ць сярод язы́чнікаў, навуча́еш адсту́пніцтву ад Маісея, ка́жучы, каб яны не абрэ́звалі сваіх дзяцей і не трыма́ліся айцоўскіх звы́чаяў.

22. Дык што ж? Напэўна, збяру́ц­ца многія, бо пачу́юць, што ты прыйшоў.

23. Зрабі ж тое, што́ мы скажам табе: ёсць у нас чатыры мужы́, якія ма́юць на сабе абе́т;

24. вазьмі іх і ачы́сціся з імі, і прымí на сябе выда́ткі на ахвяру за іх, каб яны абстры́глі свае гало́вы; тады даве́даюцца ўсе, што пачу́тае імі пра цябе – няпраўда, а што і сам ты жыве́ш, захо́ўваючы закон.  

25. А пра язы́чнікаў, якія ўве́равалі, мы піса́лі пасла́нне, пастанавíўшы, каб яны нічога такога не прытры́мліваліся, а толькі асцерага́ліся ідалаахвя́рнага, крывí, заду́шанага і блу́ду.

26. Тады Павел, узя́ўшы тых мужо́ў і ачы́сціўшыся з імі, на другí дзень увайшоў у храм і абвясцíў пра заканчэ́нне дзён ачышчэ́ння, калі павінна быць прыне́сена за кожнага з іх прынашэ́нне.

27. Калі ж сем дзён завярша́ліся, Асійскія Іудзеі, уба́чыўшы яго ў храме, падбухто́рылі ўвесь народ і накла́лі на яго ру́кі,

28. закрыча́ўшы: мужы́ Ізра́ільскія, дапамажы́це! гэты чалавек усіх усю́ды навуча́е су́праць народа, і закона, і месца гэтага; а яшчэ і Э́лінаў увёў у храм і апага́ніў святое ме́сца  гэтае.

29. Бо яны перад тым бачылі з ім у горадзе Трафíма Эфе́сяніна і думалі, што Павел увёў яго ў храм.

30. Узру́шыўся ўвесь горад, і сышо́ўся народ; і, схапíўшы Паўла, яны пацягну́лі яго прэч з храма, і адразу зачы́нены былí дзверы.

31. Калі ж яны хацелі забіць яго, дайшла да тысячанача́льніка палка́ вестка, што ўвесь Іерусалім узбу́раны; 

32. той, адразу ўзя́ўшы воінаў і сотнікаў, пабег да іх; яны ж, уба́чыўшы тысячанача́льніка і воінаў, пераста́лі біць Паўла.

33. Тады тысячанача́льнік, наблí­зіўшыся, узяў яго і загада́ў звяза́ць яго двума́ ланцуга́мі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.

34. У натоўпе адны крыча́лі адно, а другія – другое; і ён, не здо́леўшы з-за шуму даве́дацца нічога пэ́ўнага, загада́ў ве́сці яго ў крэпасць.

35. Калі ж Павел апыну́ўся на прысту́пках, то воінам прыйшло́ся не́сці яго з прычыны на́ціску нато́ўпу,

36. бо мноства народу ішло ўслед і крыча́ла: смерць яму́!

37. Пры ўваходзе ў крэпасць Павел кажа тысячанача́льніку: можна мне сказа́ць нешта табе́ А той сказаў: дык ты ўме́еш па-грэчаску?

38. значыць, ты не той Егіпця́нін, які нядаўна ўчынíў бунт і вы́веў у пустыню чатыры тысячы чалавек сіка́рыяў?

39. Павел жа сказаў: я Іудзей, Тарся́нін, грамадзя́нін немалазна́ч­нага Кілікíйскага горада; прашу цябе, дазволь мне прамо́віць да народу.

40. Калі ж той дазволіў, Павел, сто́ячы на прысту́пках, даў народу знак рукой; і калі наста́ла глыбокае маўча́нне, ён пачаў гаварыць на яўрэйскай мове, ка́жучы:

 

Раздзел 22

1. Мужы́ браты́ і айцы́! вы́слухайце цяпер маё апраўда́нне перад вамі. 

2. Пачуўшы, што ён загавары́ў з імі на яўрэйскай мове, яны яшчэ больш сцíшыліся. І ён сказаў:

3. я Іудзей, наро́джаны ў Та́рсе Кілікíйскім, а ўзгадава́ны ў гэтым горадзе каля ног Гамаліíла, наву́чаны даскана́ла айцоўскаму закону, шчы́ра адда́ны Богу, як і ўсе вы сёння;

4. паслядо́ўнікаў гэтага вучэ́ння я перасле́даваў аж да смерці, звя́зваючы і кíдаючы ў цямнíцу мужчын і жанчын,

5. што засве́дчыць пра мяне першасвята́р і ўсе старэ́йшыны; ад іх узя́ўшы і лісты́ да братоў, я ішоў у Дама́ск, каб тых, што былí там, звяза́ць і прыве́сці ў Іерусалім для пакара́ння.

6. І ста́лася, калі я быў у дарозе і набліжа́ўся да Дама́ска, не́дзе апоўдні раптам заззя́ла вакол мяне з неба святло вялікае.

7. Я ўпаў на зямлю́ і пачуў голас, які гаварыў мне: Саўл, Саўл, чаму ты Мяне гоніш?

8. Я адказа́ў: хто Ты, Госпадзі? І Ён сказаў мне: Я Іісус Назарэй, Якога ты гоніш.

9. Тыя, што былí са мною, уба́чылі святло і спало́халіся, але го́ласу Таго, Хто гаварыў да мяне́, не чу́лі.

10. А я сказаў: што́ мне рабіць, Госпадзí Гасподзь жа сказаў мне: устань і ідзі ў Дама́ск, і там будзе табе ска́зана пра ўсё, што прызна́чана табе рабіць.

11. І паколькі я стаў невіду́шчым ад сла́вы святла́ гэтага, то павялí мяне за руку́ тыя, што былí са мною, і я прыйшоў у Дама́ск.

12. І нейкі Ана́нія, чалавек набо́жны па закону, што меў добрае све́дчанне ад усіх Іудзеяў, якія жылí ў Дама́ску,

13. прыйшоў да мяне і, стаўшы перада мною, сказаў мне: Саўл, брат, стань віду́шчым! І я ў той жа час уба́чыў яго.

14. Ён  жа сказаў мне: Бог айцоў нашых прадвы́браў цябе, каб ты спазна́ў волю Яго, убачыў Пра́ведніка і пачуў голас з ву́снаў Яго;

15. бо ты будзеш све́дкам Яго перад усімі людзьмí пра ўсё, што ты бачыў і чуў;

16. што ж ты цяпер мару́дзіш? устань, ахрысцíся і змый грахí свае, прызва́ўшы імя́ Госпада Іісуса.

17. І ста́лася, калі я вярну́ўся ў Іерусалім і маліўся ў храме, найшло́ на мяне захапле́нне,

18. і я ўба́чыў Яго, і Ён сказаў мне: паспяша́йся і вы́йдзі хутчэ́й з Іерусаліма, бо тут не пры́муць твайго све́дчання пра Мяне.

19. І я сказаў: Госпадзі! яны ведаюць, што я саджа́ў у цямніцу і біў у сінагогах тых, якія ве́руюць у Цябе́,

20. і калі праліва́лася кроў Сцяфа́на, све́дкі Твайго, я сам стаяў побач, і згаджа́ўся з забойствам яго, і сцярог адзе́нне тых, што забіва́лі яго.

21. І Ён сказаў мне: ідзі, бо Я пашлю́ цябе далёка да язы́чнікаў.

22. Да гэтага сло́ва слу́халі яго, а потым узнялí крык, ка́жучы: прэч з зямлі такога! бо ён не павíнен жыць.

23. Тым часам як яны крычалі, і рва́лі адзе́нне, і ўздыма́лі пыл у паветра, 

24. тысячанача́льнік загада́ў уве́сці яго ў крэпасць і наказа́ў бічава́ць яго, дазна́цца з якой прычы́ны так крычалі на яго.

25. Калі ж расцягну́лі яго рамяня́мі, Павел сказаў сотніку, які стаяў побач: хіба дазво́лена вам бічава́ць Ры́мскага грамадзя́ніна, прычы́м не асу́джанага?

26. Пачуўшы гэта, сотнік падышоў і паве́даміў тысячанача́льніку, ка́жучы: глядзі, што ты збіра́ешся рабіць? гэты ж чалавек – Ры́мскі  грамадзя́нін. 

27. Тады тысячанача́льнік, пады­шо́ўшы, прамо́віў да яго: скажы мне, ты Ры́мскі грамадзя́нін? Ён сказаў: так.

28. Тысячанача́льнік адказаў: я за вялікія грошы набы́ў гэтае грама­дзя́нства. Павел жа сказаў: а я і нарадзíўся з ім.

29. Тады адразу адступíлі ад яго тыя, што збіра́ліся катава́ць яго, а тысячанача́льнік, даве́даўшыся, што ён Ры́мскі грамадзя́нін, спало́хаўся, што звяза́ў яго.

30. На другі дзень, жада́ючы даве́дацца дакладна, у чым абвіна­ва́чваюць яго Іудзеі, ён вы́зваліў яго з кайдано́ў і загада́ў сабра́цца першасвятара́м і ўсяму сінедрыёну і, вы́веўшы Паўла, паставіў яго перад імі.

 

Раздзел 23

1. Пільна гле́дзячы на сінедрыён, Павел сказаў: мужы́ браты́! я з усёй добрасумле́ннасцю жыў перад Богам да гэтага дня. 

2. І тут першасвята́р Ана́нія зага­да́ў тым, якія стаялі по́бач з ім, біць яго па ву́снах.

3. Тады Павел сказаў яму́: Бог бу­дзе біць цябе, сцяна́ пабе́леная: ты сядзíш, каб судзíць мяне па закону, ды, паруша́ючы закон, зага́дваеш біць мяне.

4. Тыя, што стаялі побач, сказалі: першасвятара́ Божага зневажа́еш?

5. Павел сказаў: я не ведаў, браты́, што ён першасвята́р; бо напíсана: пра нача́льніка народа твайго не кажы́ ліхо́га.

6. Павел жа, даве́даўшыся, што тут адна частка садуке́яў, а другая фарысе́яў, усклíкнуў у сінедрыёне: мужы́ браты́! я фарысе́й, сын фары­се́я; за надзею і ўваскрасе́нне мёртвых мяне су́дзяць.

7. Калі ж ён сказаў гэта, узнікла сутыкне́нне паміж фарысе́ямі і саду­ке́ямі, і сход падзялíўся;

8. бо садуке́і кажуць, што няма ўваскрасе́ння, ні Ангела, ні ду́ха; а фарысе́і прызнаю́ць і тое, і другое.

9. Узня́ўся вялікі крык; і, уста́ўшы, кніжнікі з фарысе́йскага боку спра­ча́ліся, ка́жучы: нічога дрэ́ннага мы не знахо́дзім у чалавеку гэтым; калі ж дух ці Ангел прамаўля́ў да яго, давайце не будзем працíвіцца Богу.

10. Але паколькі сутыкне́нне ўзмацня́лася, то тысячанача́льнік, баючы́ся, каб яны не разарва́лі Паўла, загада́ў воінам спусцíцца, каб забраць яго ад іх і адве́сці ў крэ́пасць.

11. У насту́пную ноч Гасподзь, явíўшыся яму, сказаў: мацу́йся, Павел; бо як све́дчыў ты пра Мяне ў Іерусаліме, так нале́жыць табе све́дчыць і ў Ры́ме.

12. Калі ж настаў дзень, некато́рыя з Іудзеяў, учынíўшы змо́ву, далí сабе клятву не есці і не піць, пакуль не заб'юць Паўла;

13. а было́ больш за сорак тых, што ўчынíлі гэтую змо́ву;

14. яны, прыйшо́ўшы да перша­святаро́ў і старэ́йшын, сказалі: кля́т­ваю паклялíся мы самíм сабе не есці нічога, пакуль не заб'ём Паўла.

15. Дык цяпер вы з сінедрыёнам паве́даміце тысячанача́льніку, каб заўтра вы́веў яго да вас, як быццам вы збіра́ецеся дакла́дней дасле́даваць справу яго; а мы, перш чым ён на­блíзіцца, гатовы забіць яго.

16. Пачуўшы пра заса́ду, сын сястры́ Паўлавай прыйшоў і, увайшо́ўшы ў крэпасць, паве́даміў Паўлу.

17. Павел жа, паклíкаўшы аднаго з сотнікаў, сказаў: завядзí гэтага юнака́ да тысячанача́льніка, бо ён ма́е нешта паве́даміць яму.

18. Той, узя́ўшы яго, прывёў да тысячанача́льніка і сказаў: вя́зень Павел паклíкаў мяне і папрасіў прыве́сці да цябе гэтага юнака́, які ма́е нешта сказаць табе.

19. Тысячанача́льнік, узя́ўшы яго за руку́ і адышоўшы з ім убок, спытаў: што ж маеш ты паве́даміць мне?

20. І ён сказаў: Іудзеі дамо́віліся папрасíць цябе, каб заўтра ты прывёў Паўла ў сінедрыён, бы́ццам дзе́ля таго, каб дакла́дней пра яго распыта́ць;

21. але ты не давяра́й ім, бо на яго робяць заса́ду больш за сорак чалавек з іх, якія далí сабе кля́тву, што не будуць есці і піць, пакуль не заб'юць яго; і яны цяпер напагато́ве, чака́ючы твайго распараджэ́ння.

22. Тысячанача́льнік адпусцíў юна­ка́, загада́ўшы: нікому не кажы́, што ты паве́даміў мне гэта.

23. І, паклíкаўшы двух сотнікаў, ён сказаў: падрыхту́йце дзве́сце ўзбро́еных во́інаў, каб ішлі ў Кесары́ю, і се́мдзе­сят ко́ннікаў, і дзве́сце кап'яно́сцаў, на трэцюю гадзíну но́чы;

24. і ўю́чную жывёлу прывядзíце, каб, пасадзíўшы Паўла, даста́віць яго цэлым і здаровым да правíцеля Фе́лікса.

25. Напісаў ён і пасла́нне такога зместу:

26. Кла́ўдзій Лíсій – высокаша­но́ўнаму правíцелю Фе́ліксу:  ра́­давацца;

27. гэтага чалавека, якога Іудзеі сха­пілі і збіра́ліся забіць, я, прыйшо́ўшы з воінамі, адабра́ў, калі вы́светліў, што ён Ры́мскі грамадзя́нін;

28.  жада́ючы ж даве́дацца, на якой падста́ве абвінава́чвалі яго, я прывёў яго ў сінедрыён іхні

29. і вы́явіў, што яны абвінава́чваюць яго з-за спрэ́чных пытанняў закону іх, але няма на ім абвінава́чання ні ў чым, ва́ртым смерці або ако́ваў;

30. калі ж мне дане́слі, што Іудзеямі рыхту́ецца змова су́праць гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загада́ўшы і абвінава́ўцам гаварыць су́праць яго перад табою; быва́й здаро́вы.

31. Тады воіны, як было́ ім зага́да­на, узялí Паўла і павялí яго ўначы́ ў Антыпатры́ду,

32. а на другі дзень, пакíнуўшы ко́ннікаў ісці з ім, вярну́ліся ў крэпасць.

33. Тыя ж, прыйшоўшы ў Кеса­ры́ю і адда́ўшы пасла́нне правíцелю, паставілі перад ім і Паўла.

34. Правіцель прачытаў пасла́нне і запыта́ў, з якой ён вобласці, а, даве́даўшыся, што з Кілікíі, 

35. сказаў: я вы́слухаю цябе, калі прыбу́дуць і абвінава́ўцы твае. І загада́ў трыма́ць яго пад ва́ртаю ў Ірадавай прэто́рыі.

 

Раздзел 24

1. А праз пяць дзён прыйшоў перша­свята́р Ана́нія са старэ́йшынамі і з нейкім ры́тарам Тэрту́лам, якія зрабілі зая́ву правíцелю су́праць Паўла.

2. Калі ж яго паклíкалі, Тэрту́л пачаў абвінава́чваць, ка́жучы:

3. вялікага міру мы дасягну́лі дзя́куючы табе і паляпшэ́нняў, якія робяцца для народа гэтага дзя́куючы твайму клопату, і мы ва ўсім і ўсюды прыма́ем гэта, высокашано́ўны Фе́лікс, з усёй удзя́чнасцю;

4. але, каб моцна не дакуча́ць табе, прашу цябе вы́слухаць нас коратка з уласцíвай табе добразычлíвасцю;

5. вы́явіўшы, што чалавек гэты - зара́за, і ўздыма́е бунт сярод усіх Іудзеяў, якія жывуць у свеце, і з'яў­ля́ецца правадыро́м Назарэ́йскай е́расі,

6. які і храм нава́жыўся апага́ніць, мы затрыма́лі яго і хацелі судзíць паводле нашага закону;

7. але прыйшоў тысячанача́льнік Лíсій і з вялікай сілаю забраў яго з рук нашых,

8. загада́ўшы абвінава́ўцам яго ісці да цябе; ад яго ты можаш сам, распыта́ўшы, даве́дацца пра ўсё, у чым мы абвінава́чваем яго.

9. І Іудзеі згадзíліся і пацве́рдзілі, што гэта так.

10. Павел жа, калі правíцель даў яму знак гавары́ць, адказаў: ве́даючы, што ты многа гадоў з'яўля́ешся спра­вядлíвым суддзёй народа гэтага, я ахво́тней бу́ду гавары́ць у абаро́ну маёй справы;

11. ты можаш даве́дацца, што не больш як двана́ццаць дзён таму я прыйшоў у Іерусалім для пакла­не́ння;

12. і ні ў храме яны не знайшлі мяне, каб я з кім-небудзь спрача́ўся ці ўздыма́ў бунт нато́ўпу, ні ў сінагогах, ні ў горадзе,

13. і яны не могуць даказа́ць таго, у чым абвінава́чваюць мяне;

14. але прызнаю́ся табе ў тым, што паво́дле вучэ́ння, якое яны называ́юць е́рассю, я сапраўды́ служу́ Богу айцоў, ве́руючы ўсяму, напíсанаму ў законе і прароках,

15. ма́ючы надзе́ю на Бога, якую і са́мі яны падзяля́юць, што будзе ўваскрасе́нне мёртвых, пра́ведных і няпра́ведных;

16. таму і сам намага́юся заўсёды мець бездако́рнае сумле́нне перад Богам і людзьмí;

17. пасля многіх гадо́ў я прыйшоў, каб даста́віць мíласціну для народа майго і прынашэ́нні;

18. пры гэтым і знайшлí мяне, ачы́шчанага ў храме, без народу і без шу́му,

19. нейкія Асíйскія Іудзеі, якім трэба было́ б з'явíцца перад табою і абвінава́чваць мяне, калі б што ме́лі су́праць мяне;

20. альбо са́мі гэтыя няхай скажуць, якую яны знайшлі ўва мне няпра́веднасць, калі я стаяў перад сінедрыёнам,

21. хіба́ адны толькі словы, якія я гучна прамовіў, сто́ячы сярод іх, што за вучэнне пра ўваскрасе́нне мёртвых вы сёння су́дзіце мяне.

22. Вы́слухаўшы гэта, Фелікс адклаў іх справу, ве́даючы дакла́дней пра гэтае вучэ́нне, і сказаў: калі прыйдзе тысячанача́льнік Лíсій, я буду раз­гляда́ць вашу справу.

23. А сотніку загада́ў трыма́ць Паўла пад аховаю, але даваць паслабле́нне і не забараня́ць нікому з яго блізкіх служы́ць яму ці прыхо́дзіць да яго.

24. Праз некалькі дзён Фелікс, прыйшоўшы з Друзíлай, жонкаю сваёю, Іудзейкай, паклíкаў Паўла і слу́хаў яго пра веру ў Хрыста Іісуса.

25. Калі ж ён гаварыў аб пра́веднасці, устрыма́нні і бу́дучым судзе, Фелікс спало́хаўся і сказаў: цяпер ты ідзі, а калі будзе наго́да, то я паклíчу цябе.

26. Пры гэтым ён спадзява́ўся, што Павел дасць яму гро́шай, каб адпусцíў яго, таму ён часта пасыла́ў па яго і размаўля́ў з ім.

27. Калі ж прайшло два гады́, перае́мнікам Фелікса стаў По́рцый Фест; і, жада́ючы дагадзíць Іудзеям, Фелікс пакíнуў Паўла ў зняво́ленні.   

 

Раздзел 25

1. Фест, прыбы́ўшы ў правíнцыю, праз тры дні адправіўся з Кесары́і ў Іерусалім.

2. Тады першасвятары́ і зна́тныя Іудзеі зрабілі яму зая́ву су́праць Паўла і ўгаво́рвалі яго,

3. і прасілі зрабіць ла́ску і вы́клікаць яго ў Іерусалім, рыхту́ючы засаду, каб забіць яго ў дарозе.

4. Але Фест адказа́ў, што Паўла трыма́юць пад ва́ртаю ў Кесары́і і што сам ён ма́е наме́р неўзаба́ве адпра́віцца туды;

5. дык няхай тыя з вас, хто можа, – сказаў  ён, – по́йдуць са мною, і, калі ёсць што-небудзь зага́ннае ў гэтым чалавеку, няхай абвінава́чваюць яго.

6. І, правёўшы ў іх не больш дзесяці дзён, ён прыбы́ў у Кесары́ю; а на другі дзень, сеўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці Паўла.

7. Калі ён з'явіўся, Іудзеі, якія прыйшлі з Іерусаліма, сталі наво́кал і выка́звалі шмат ця́жкіх абвінава́чанняў су́праць Паўла, якіх не здо́лелі даказа́ць; 

8. ён жа ў сваю абаро́ну сказаў: ні су́праць закону Іудзейскага, ні су́праць храма, ні су́праць ке́сара нічым я не саграшы́ў.

9. А Фест, жада́ючы праявíць прыхíльнасць да Іудзеяў, прамо́віў Паўлу ў адказ: хочаш пайсцí ў Іерусалім, каб я там судзíў цябе за гэта?

10. Павел сказа́ў: я стаю́ перад судзíлішчам ке́саравым, дзе і нале́­жыць мяне судзíць; Іудзеяў я нічым не пакры́ўдзіў, як і табе добра вядо́ма;

11. калі ж я вінава́ты і нешта ва́р­тае смерці зрабіў, то не адмаўля́юся паме́рці; а калі нічога такога няма, у чым яны абвінава́чваюць мяне, то ніхто не можа вы́даць мяне ім. Патрабу́ю суда́ ў ке́сара.

12. Тады Фест, пагавары́ўшы з ра́даю, адказаў: ты патрабава́ў суда ў ке́сара, да ке́сара і по́йдзеш.

13. Праз некалькі дзён цар Агры́па і Вернíка прыбылí ў Кесары́ю, каб павіта́ць Феста.

14. І паколькі яны былí там многа дзён, Фест паве́даміў цару́ пра справу Паўлаву, ка́жучы: тут ёсць чалавек, пакíнуты Фе́ліксам пад ва́ртаю,

15. на якога, калі я быў у Іерусаліме, зрабілі зая́ву першасвятары́ і старэ́й­шыны Іудзейскія, патрабу́ючы яго асуджэ́ння.

16. Я адказаў ім, што ў Ры́млян няма звы́чаю аддаваць якога-небудзь чалавека на смерць, перш чым абвінава́­чаны не будзе мець перад сабою абвінава́ўцаў і не атрыма́е магчы́масці абараня́цца ад абвінава́чання.

17. Калі ж яны прыйшлі сюды, то я без усякага адкла́ду, на наступны дзень, се́ўшы на судзе́йскае ўзвышэ́нне, загада́ў прыве́сці гэтага чалавека.

18. Абступíўшы яго, абвінава́ўцы не назва́лі ніякай віны́ з тых, што я думаў;

19. але яны ме́лі з ім нейкія спрэ́чныя по́гляды нако́нт сваіх ве́раванняў і нейкага Іісуса паме́рлага, пра Якога Павел сцвярджа́ў, што Ён жывы́.

20. Не ве́даючы, што рабíць з гэтай справай, я сказаў, ці не хоча ён пайсці ў Іерусалім, каб там яго судзíлі за гэта?

21. Але, паколькі Павел патрабава́ў, каб яго пакінулі для прыня́цця рашэ́ння А́ўгустам, то я загада́ў трыма́ць яго пад ва́ртаю да таго часу, як я пашлю́ яго да ке́сара.

22. Агры́па сказаў Фесту: я хацеў бы і сам паслу́хаць гэтага чалавека. Заўтра, – адказаў той, – паслу́хаеш яго.

23. На другі дзень, калі Агры́па і Вернíка прыбылí з вялікай пы́шна­сцю і ўвайшлі ў судо́вую пала́ту з тысяча­нача́льнікамі і са́мымі зна́т­нымі мужа́мі горада, то па зага́ду Феста быў прыве́дзены Павел.

24. І сказаў Фест: цар Агры́па і ўсе прысу́тныя з намі мужы́! вы бачыце таго, з-за каго ўсё мноства Іудзеяў звярта́лася да мяне і ў Іерусаліме, і тут і крычала, што ён больш не павінен жыць;

25. але я перакана́ўся, што ён не зрабіў нічога ва́ртага смерці; паколькі ж ён сам патрабава́ў суда́ ў А́ўгуста, то я вы́рашыў паслаць яго туды;

26. я не магу нічога пэ́ўнага напі­са́ць пра яго ўладару́, таму я вы́веў яго да вас і перш за ўсё да цябе, цар Агры́па, каб пасля таго, як адбу́дзецца рассле́даванне, у мяне было́ што напіса́ць;

27. бо мне здае́цца, неразу́мна пасыла́ць вя́зня і не паказа́ць абвінава́чанняў су́праць яго.

 

Раздзел 26

1. Агры́па сказаў Паўлу: дазваля́ецца табе гаварыць за само́га сябе. Тады Павел, прасцёршы руку́, стаў гаварыць у сваю абаро́ну:

2. цар Агры́па! я лічу сябе шчаслí­вым, што магу сёння абараня́цца перад табою ад ўсяго, у чым абвінава́чваюць мяне Іудзеі,

3. асабліва таму, што ты ве́даеш усе звы́чаі і спрэ́чныя пытанні Іудзеяў. Так што прашу цябе вы́слухаць мяне велікаду́шна.

4. Дык вось, жыццё маё з ю́ных гадоў, якое прахо́дзіла ад пачатку сярод народа майго ў Іерусаліме, ве́­даюць усе Іудзеі;

5. яны здаўна́ зна́юць мяне і, ка­лі б захацелі, маглі б засве́дчыць, што я жыў фарысе́ем паводле сама­га стро́гага кіру́нку нашага вера­вызна́ння.

6. І цяпер я стаю́ перад судом за на­дзе́ю на Богам да́дзенае айцам нашым абяца́нне,

7. на здзяйсне́нне якога спадзяю́цца ўсе нашы двана́ццаць кален, стара́нна слу́жачы Богу дзень і ноч; за гэтую надзе́ю, цар Агрыпа, і абвінава́чваюць мяне Іудзеі.

8. Дык што́ Няўжо невераго́дным лíчыце вы тое, што Бог уваскраша́е мёртвых?

9. Праўда, і мне здава́лася, што я павінен ру́пна дзе́йнічаць су́праць íмені Іісуса Назарэ́я;

10. гэта я і рабіў у Іерусаліме: і многіх святы́х у цямніцы пасадзíў, атрыма́ўшы ўладу ад першасвятаро́ў, і калі забіва́лі іх, я даваў згоду;

11. і, ва ўсіх сінагогах часта кара́ю­чы іх, я прымуша́ў іх блюзне́рыць і, бязме́рна люту́ючы су́праць іх, перасле́даваў нават у чужых гарадах.

12. Дзе́ля гэтага ж ідучы́ ў Дама́ск з паўнамо́цтвамі і даручэ́ннем ад першасвятаро́ў,

13. апо́ўдні ў дарозе я ўбачыў, цар, з неба святло, ярчэ́йшае за сонечнае ззя́нне; яно азары́ла мяне і тых, што ішлі са мною. 

14. І калі ўсе мы папа́далі на зямлю́, я пачу́ў голас, які прамаўля́ў да мяне і казаў на яўрэ́йскай мове: Саўл, Саўл! чаму ты Мяне гоніш? цяжка табе су́праць ражна́ ісцí.

15. А я сказаў: хто Ты, Госпадзí Ён жа сказаў: Я Іісус, Якога ты гоніш;

16. але падымíся і стань на ногі твае; бо Я дзе́ля гэтага і явíўся табе, каб паста́віць цябе служы́целем і све́дкам таго, што ты бачыў і што Я адкры́ю табе,

17. збаўля́ючы цябе ад народа Іудзейскага і ад язычнікаў, да якіх Я пасыла́ю цябе

18. адкрыць вочы ім, каб яны павярну́ліся ад це́мры да святла́ і ад ула́ды сатаны да Бога, і каб яны атрыма́лі прабачэ́нне грахоў і до́лю між асвячо́ных праз веру ў Мяне.

19. Таму, цар Агрыпа, я не стаў працíвіцца нябе́снаму відзе́нню,

20. а спачатку жыхара́м Дама́ска і Іерусаліма, потым жа па ўсёй краíне Іудзейскай і язы́чнікам прапаве́даваў, каб яны пака́яліся і звярну́ліся да Бога, ро́бячы го́дныя справы пакая́ння.

21. За гэта Іудзеі схапілі мяне ў храме і імкну́ліся ўчынíць распра́ву.

22. Але я, атрыма́ўшы дапамогу ад Бога, да гэтага дня стаю́ і све́дчу і мало́му, і вялікаму, нічога не ка́жучы, акрамя́ таго, аб чым прарокі і Маісей гаварылі, што гэта будзе:

23. што Хрыстос павінен адпа­ку́таваць, першым уваскрэ́снуць з мёртвых і прапаве́даць святло народу гэтаму і язы́чнікам.

24. Калі ён так прамаўляў у сваю абарону, Фест гучным голасам сказаў: ты стра́ціў розум, Павел! вялікая вучо́насць даво́дзіць цябе да стра́ты розуму.

25. Ён жа кажа: я не стра́ціў розуму, высокашано́ўны Фест, а прамаўля́ю сло́вы ісціны і здаровага сэнсу; 

26. бо ведае пра гэта цар, перад якім я і прамаўля́ю ўпэ́ўнена; я не веру, каб утаíлася ад яго што-небудзь з гэтага, бо не ў заку́тку ж яно адбыва́лася;

27. ці ве́рыш ты, цар Агры́па, прарокам? ве́даю, што ве́рыш.

28. Агры́па ж сказаў Паўлу: ты мала што не ўгаво́рваеш мяне зрабíцца Хрысція́нінам.

29. А Павел сказаў: я б маліўся Богу, каб ці мала, ці многа, не толькі ты, але і ўсе, хто слу́хае мяне сёння, зрабіліся такімі, як я, аднак без гэтых ако́ваў.

30. І калі ён гэта сказаў, паднялíся цар, і правíцель, і Вернíка, і ўсе, хто сядзе́ў з імі;

31. і, адышо́ўшы ўбок, яны раз­маўля́лі паміж сабою, ка́жучы: нічога ва́ртага смерці або ако́ваў не робіць чалавек гэты.

32. І сказаў Агры́па Фесту: можна было́ б вы́зваліць гэтага чалавека, калі б ён не патрабава́ў суда́ ў ке́сара. Таму і вы́рашыў правíцель паслаць яго да ке́сара.

 

Раздзел 27

1. Калі ж было́ вы́рашана плыць нам у Італію, то перадалí Паўла і некато́рых іншых вя́зняў сотніку па íмені Юлій з палка́ А́ўгуста.

2. Узышо́ўшы на Адрамíцкі кара­бе́ль і сабра́ўшыся плыць праз асійскія мясціны, мы адпра́віліся; з намі быў Арыстарх Македо́нянін з Фесало́нікі.

3. На другі дзень мы прыплы­лí ў Сідон; і Юлій, абыхо́дзячыся з Паўлам чалавекалю́бна, дазволіў яму пайсцí да сяброў і атрыма́ць ад іх дапамо́гу.

4. Адпра́віўшыся адтуль, мы падплылí да Кіпра, бо вятры́ былí супрацíўныя;

5. і, пераплыўшы мора насу́праць Кілікíі і Памфілíі, мы прыбылí ў Мíры Лікíйскія.

6. Там сотнік, знайшо́ўшы Александры́йскі карабе́ль, які плыў у Італію, пасадзíў нас на яго.

7. Многія дні плывучы́ мару́дна і з цяжкасцю наблізіўшыся да Кнíда з-за неспрыя́льнага нам ветру, мы падплылí да Крыта каля Салмо́ны;

8. і, з ця́жкасцю міну́ўшы яго, мы прыбылí да нейкага месца, якое называ́лася Добрыя Пры́стані і непадалёку ад якога быў горад Ласе́я.

9. Калі ж прайшло многа часу і пла́ванне ўжо зрабілася небяспе́чным, бо ўжо і пост міну́ў, Павел перасцерага́ў,

10. ка́жучы ім: мужы́! я бачу, што пла́ванне пагража́е перашко́дамі і стра́тамі не толькі грузу і караблю́, але і жыццю́ нашаму.

11. Аднак сотнік больш давяра́ў стырнаво́му і ўлада́льніку карабля́, чым сло́вам Паўла.

12. Паколькі ж пры́стань была́ непрыда́тнай для зімоўкі, то большасць прапаноўвала адплыць адтуль, каб дабра́цца, калі будзе магчымасць, да Фінíка, га́вані Крыцкай, адкрытай на паўднёвы за́хад і паўно́чны за́хад, і перазімаваць.

13. Калі ж падзьму́ў паўднёвы вецер, яны, спадзеючы́ся, што дасягну́ць сваёй мэты, адпра́віліся і паплылí ўздоўж Кры́та.

14. Але неўзаба́ве пасля гэтага наляцеў з боку Крыта бу́рны вецер, які называецца эўраклідо́н.

15. Паколькі карабе́ль падхапíла і ён не мог працíвіцца ветру, мы паддалíся хвалям, і нас насíла.

16. Наблíзіўшыся да нейкага астраўка́ пад назвай Кла́ўда, мы ледзьве змаглі ўтрыма́ць лодку;

17. падня́ўшы яе, пачалí, выкарысто́ўваючы кана́ты, абвя́зваць карабе́ль; а баючы́ся, каб не сесці на мель, спусцілі ве́тразь, і так насíліся.

18. І паколькі нас моцна шпурля́ла бу́раю, то на другі дзень пачалí выкіда́ць груз,

19. а на трэці мы сваімі рукамі павыкіда́лі асна́стку карабля́.

20. Калі ж ні сонца, ні зоры не пака́зваліся многія дні, а моцная бура наляга́ла, то ўрэшце прапала ўсякая надзея, што мы вы́ратуемся.

21. І паколькі доўга не елі, то Павел, ста́ўшы пасяро́д іх, сказаў: мужы́! трэба было́ паслу́хацца мяне і не адплыва́ць ад Крыта, тады б мы пазбе́глі перашкод гэтых і страт;

22. а цяпер закліка́ю вас узбадзёрыцца, бо з вас ніводная душа́ не загíне, а толькі карабе́ль;

23. бо явіўся мне гэтай ноччу Ангел ад Бога, Якому я нале́жу і Якому служу́,

24. і сказаў: не бойся, Павел! табе нале́жыць з'явíцца перад ке́сарам, і вось, Бог падарава́ў табе ўсіх, хто плыве з табою.

25. Таму ўзбадзёрцеся, мужы́, бо я веру Богу, што будзе так, як ска́зана мне:

26. на нейкі востраў нале́жыць нам быць вы́кінутымі.

27. Калі ж настала чатырна́ццатая ноч, як нас насіла па Адрыяты́чным моры, каля по́ўначы маракі пачалí здага́двацца, што набліжа́юцца да нейкай зямлі,

28. і калі паме́ралі глыбіню́, атрыма́лася дваццаць са́жняў; пра­плы́ўшы невялікую адле́гласць, паме́ралі зноў і атрыма́лася пятнаццаць са́жняў. 

29. Баючы́ся, каб неяк не трапіць на камяністыя ме́сцы, кінулі з кармы́ чатыры я́кары, і маліліся, каб настаў дзень.

30. Калі ж маракí хаце́лі ўцячы́ з карабля́ і спуска́лі лодку ў мора, ро́бячы вы́гляд, што збіра́юцца кінуць з носа я́кары,

31. Павел сказаў сотніку і воінам: калі яны не застану́цца на караблí, то вы не зможаце вы́ратавацца.

32. Тады воіны абрэ́залі вяроўкі ў лодкі, і яна ўпала.

33. Перад надыходам дня Павел прасіў усіх прыня́ць ежу, ка́жучы: сёння чатырна́ццаты дзень, як вы ў чаканні застаяце́ся галоднымі, нічога не еўшы;

34. таму прашу вас прыня́ць ежу, бо гэта трэба для вашага выратава́ння; ні ў кога ж з вас волас з галавы не прападзе́.

35. Сказаўшы гэта і ўзя́ўшы хлеб, ён узнёс падзяку Богу перад усімі і, пераламíўшы, пачаў есці.

36. Тады ўсе ўзбадзёрыліся і таксама прынялí ежу;

37. было́ ж усіх нас на караблі дзве́сце семдзесят шэсць душ.

38. Насы́ціўшыся е́жаю, пачалí аблягча́ць карабе́ль і выкіда́ць пшаніцу ў мора.

39. Калі ж настаў дзень, зямлі не пазнава́лі, а заўва́жылі нейкі залíў, што меў пясчаны бераг, да якога, пара́іўшыся, вы́рашылі, калі змогуць, прыста́ць з караблём.

40. І, адрэ́заўшы я́кары, пакінулі іх у моры; пры гэтым, адвязаўшы вяроўкі рулёў і падня́ўшы пярэдні ве́тразь па ветры, накірава́ліся да берага.

41. Але, натра́пілі на касу́ і пасадзíлі карабе́ль на мель; нос карабля́ ўвяз і заста́ўся нерухо́мым, а карму́ разбіва́ла сілаю хваль.

42. Воіны мелі наме́р пазабіва́ць вязняў, каб хто-небудзь, вы́плыўшы, не ўцёк.

43. Але сотнік, жада́ючы вы́ратаваць Паўла, утрыма́ў іх ад гэтага наме́ру і загада́ў тым, хто ўмее плаваць, першымі кíнуцца і выхо́дзіць на бераг,

44. а аста́тнім ратава́цца – каму на дошках, каму яшчэ на якіх абло́мках карабля́. І так ста́лася, што ўсе цэ́лымі вы́браліся на зямлю́.

 

Раздзел 28

1. І, уратава́ўшыся, тыя, хто быў з Паўлам, даведаліся, што востраў называ́ецца Мелíт.

2. Тузе́мцы праявілі да нас надзвыча́йнае чалавекалю́бства, бо яны, раскла́ўшы вогнішча, прынялí ўсіх нас, паколькі быў дождж і холад.

3. Калі ж Павел сабраў мноства галля́ і паклаў на во́гнішча, тады змяя́, уцяка́ючы ад жа́ру, прычапíлася да яго рукí.

4. Тузе́мцы, уба́чыўшы га́да, што павіс на яго руцэ́, гаварылі паміж сабою: пэўна, чалавек гэты – забойца, калі яму, уратава́наму з мо́ра, багіня справядлíвасці не дазваля́е жыць.

5. Але ён, скíнуўшы га́да ў агонь, не зазна́ў нія́кай шко́ды.

6. Яны ж чака́лі, што ў яго будзе запале́нне ці ён раптоўна ўпадзе́ мёртвым; аднак, доўга чака́ючы і ба́чачы, што нічога кепскага з ім не зда́рылася, яны перамянілі меркава́нне і гавары́лі, што ён бог.

7. Навокал таго месца былí ўлада́нні нача́льніка вострава па íмені Пу́блій, які прыня́ў нас і тры дні прыя́зна частава́ў.

8. І сталася, што бацька Пу́блія ляжаў, хворы на гара́чку і дызентэ­ры́ю; Павел зайшоў да яго, памаліўся і, ускла́ўшы на яго ру́кі, ацалíў яго.

9. Калі гэта зда́рылася, тады і іншыя на востраве, хто меў хваробы, прыхо́дзілі і ацаля́ліся;

10. яны вы́явілі да нас вялікую паша́ну і, калі мы адпраўля́ліся, далí тое, што было́ патрэбна.

11. Праз тры месяцы мы адплылí на Александры́йскім караблí з выя́ваю Дыяску́раў, які зімаваў на гэтым востраве,

12. і, прыплы́ўшы ў Сіраку́зы, застава́ліся там тры дні; 

13. паплыўшы адтуль, дабра́ліся да Ры́гіі; і паколькі праз дзень падзьму́ў паўднёвы вецер, на другі дзень мы прыбылí ў Путэо́л,

14. дзе знайшлі братоў і былí ўпро́шаны пабыць у іх сем дзён; і так мы ішлі ў Рым.

15. І адтуль браты, пачуўшы пра нас, выйшлі насу́страч нам да А́піевай пло́шчы і Трох Гасцíніц; уба́чыўшы іх, Павел падзя́каваў Богу і ўзбадзёрыўся.

16. Калі ж мы прыйшлі ў Рым, то сотнік перада́ў вя́зняў военача́льніку, а Паўлу было́ дазво́лена жыць асо́бна, з воінам, які пільнава́ў яго.

17. І сталася, што праз тры дні Павел склíкаў знатне́йшых з Іудзеяў і, калі тыя сышлíся, казаў ім: мужы́ браты́! я, не зрабіўшы нічога су́праць народа ці айцоўскіх звы́чаяў, быў як вя́зень перада́дзены з Іерусаліма ў ру́кі Ры́млян,

18. якія, учынíўшы мне до́пыт, ха­целі адпусцíць, бо ніякай віны, ва́ртай смерці, не было́ на мне;

19. але паколькі Іудзеі пярэ́чылі, то я вы́мушаны быў патрабава́ць суда́ ў кесара, аднак не для таго, каб абвінава́ціць у чым-небудзь мой народ;

20. вось па гэтай прычыне я і паклíкаў вас, каб уба́чыцца і пагаварыць, бо за надзею Ізра́іля я закава́ны ў гэтыя кайданы́.

21. Яны ж сказалі яму: мы і лістоў пра цябе не атры́млівалі з Іудзеі, і ніхто з братоў, прыйшоўшы, не паве́даміў і не сказаў нічога ке́пскага;

22. але мы жада́ем пачуць ад цябе, што ты думаеш; бо нам вядома, што наконт вучэ́ння гэтага ўсюды спрача́юцца.

23. І, прызна́чыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў дом; і ён з ра́нку да вечара прамаўля́ў да іх, све́дчачы пра Царства Божае і даво́дзячы ім пра Іісуса на падставе закона Маісе́евага і прарокаў.

24. І адных перако́нвала ска́занае, а другія не ве́рылі.

25. Не ма́ючы згоды паміж сабою, яны сталі адыхо́дзіць пасля таго, як Павел сказаў наступныя словы: добра Дух Святы́ прамо́віў айцам нашым праз прарока Іса́ію,

26. ка́жучы: "ідзі да народа гэтага і скажы: слы́хам пачу́еце – і  не зразуме́еце, узіра́ючыся глядзе́ць будзеце – і не ўба́чыце;

27. бо агрубе́ла сэ́рца народа гэтага, і вуша́мі ледзь чу́юць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўба́чыць вачы́ма, і не пачу́ць вуша́мі, і не ўразуме́ць сэ́рцам, і не навярну́цца, каб Я ацалíў іх".

28. Дык вось, няхай вам будзе вядома, што язы́чнікам пасла́на спасе́нне Божае; яны і пачу́юць.

29. Калі ён гэта сказаў, Іудзеі пайшлі ад яго, моцна спрача́ючыся паміж сабою.

30. І жыў Павел цэлыя два гады́ на ўла́сным утрыма́нні і прыма́ў усіх, хто прыхо́дзіў да яго,

31. прапаве́дуючы Царства Божае і ву́чачы пра Госпада Іісуса Хрыста з усёю адва́гаю бесперашко́дна.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.