Святое Евангелле паводле Іаана

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13   14   15   16   17   18   19   20   21

 

Раздзел 1

1. У пачатку было́ Слова, і Слова было́ ў Бога, і Богам было́ Слова.

2. Яно было ў пачатку ў Бога;

3. усё праз Яго пачало́ быць, і без Яго нішто не пачало́ быць, што пачало́ быць.

4. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзе́й;

5. і святло ў це́мры све́ціць, і це́мра не агарну́ла яго.

6. Быў чалавек, пасла́ны ад Бога; імя́ яму Іаан;

7. ён прыйшоў для све́дчання, каб све́дчыць пра Святло, каб усе ўве́равалі праз яго.

8. Ён не быў святлом, але прыйшоў, каб све́дчыць пра Святло;

9. было́ Святло íсціннае, Якое прасвятля́е ўсякага чалавека, што прыхо́дзіць у свет;

10. у свеце быў, і свет праз Яго пача́ў быць, і свет Яго не пазнаў;

11. да сваіх прыйшоў, і свае Яго не прынялí.

12. А тым, што прынялí Яго, даў ула́ду стаць дзе́цьмі Божымі, тым, што ве́руюць у імя́ Яго,

13. якія не ад крывí, і не ад жада́ння пло́ці, і не ад жада́ння му́жа, а ад Бога нарадзíліся.

14. І Слова стала пло́ццю, і жыло́ сярод нас, і мы ба́чылі славу Яго ад Айца, славу як Адзінароднага, поўнага благада́ці і íсціны.

15. Іаан све́дчыць пра Яго і, ўскліка́ючы, гаворыць: гэта быў Той, пра Каго я сказаў: Той, Хто ідзе за мною, напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў;

16. і ад паўнаты́ Яго мы ўсе прынялí і благада́ць на благада́ць;

17. бо закон праз Маісея да́дзены, а благада́ць і íсціна праз Іісуса Хрыста ста́ліся.

18. Бога  ніхто не бачыў ніколі; Адзінародны Сын, Які ва ўло́нні Айца, Ён явíў.

19. І вось све́дчанне Іаана, калі Іудзеі пасла́лі з Іерусаліма святароў і левíтаў, каб спыта́лі яго: хто ты́

20. І ён вы́знаў і не адро́кся; і вы́знаў: я не Хрыстос.

21. І спыталі яго: дык што́ ты Ілія́? І ён сказаў: не. Ты прарок? І адказаў: не.

22. Сказалі яму: хто ж ты́ каб даць адказ тым, хто паслаў нас; што́ ты скажаш пра само́га сябе́

23. Ён сказаў: я голас таго, хто клíча ў пусты́ні: вы́прамце шлях Госпаду, як сказаў прарок Іса́ія.

24. А пасла́ныя былí з фарысеяў;

25. і яны пыталіся ў яго і казалі яму: чаго ж ты хры́сціш, калі ты не Хрыстос, ні Ілія́, ні прарок?

26. Адказаў ім Іаан, ка́жучы: я хрышчу́ вадою; але сярод вас стаіць Той, Каго вы не ведаеце;

27. гэта Той, Хто ідзе за мною, Які напе́радзе мяне стаў, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абу́тку Яго.

28. Гэта было ў Віфава́ры за Іарданам, дзе хрысцíў Іаан.

29. На другі дзень бачыць Іаан Іісуса, Які ідзе да яго, і кажа: вось Агнец Божы , што бярэ́ на Сябе граxí свету;

30. гэта Той, пра Якога я сказаў: “за мною ідзе Муж, Які напе́радзе мяне стаў, бо ране́й за мяне быў”;

31. і я не ведаў Яго; але, каб Ён быў я́ўлены Ізра́ілю, дзе́ля гэтага прыйшоў я хрысцíць вадою.

32. І све́дчыў Іаан, ка́жучы: я бачыў Духа, Які сыхо́дзіў як голуб з неба, і Ён заста́ўся на Ім;

33. і я не ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысцíць вадою, сказаў мне: “над Кім убачыш Духа, Які сыхо́дзіць і застае́цца на Ім, Той і ёсць, што хры́сціць Духам Святым”;

34. і я бачыў і засве́дчыў, што Ён — Сын Божы. 

35. На другі дзень зноў стаяў Іаан і двое з вучняў яго.

36. І, убачыўшы Іісуса, Які ішоў, ён сказаў: вось Агнец Божы.

37. І пачулі або́два вучні, як ён казаў гэта, і пайшлі за Іісусам.

38. Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа ім: чаго вы шука́еце? Яны сказалі Яму: Раввí (што азначае: Вучыцель), дзе Ты жыве́ш?

39. Ён кажа ім: ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылí ў Яго дзень той. Было ж каля дзесятай гадзíны.

40. Адзін з дваіх, што пачулі ад Іаана пра Іісуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сíмана Пятра.

41. Ён першы знахо́дзіць брата свайго Сíмана і кажа яму: мы знайшлі Месíю (што ў перакладзе азначае: Хрыстос).

42. І прывёў яго да Іісуса. Глянуўшы на яго, Іісус сказаў: ты Сíман, сын Іоны; ты будзеш звацца Кíфа (што азначае: ка́мень).

43. На другі дзень захацеў Ён ісці ў Галілею; і знахо́дзіць Філіпа і кажа яму: ідзі за Мною.

44. Філіп жа быў з Віфсаíды, з горада Андрэя і Пятра.

45. Знаходзіць Філіп Нафана́іла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Каго пісалі Маісей у законе і прарокі, Іісуса, Сына Іосіфавага, з Назарэ́та.

46. І сказаў яму Нафана́іл: ці можа з Назарэ́та быць што добрае? Філіп кажа яму: ідзі і паглядзí.

47. Убачыў Іісус Нафана́іла, які ішоў да Яго, і кажа пра яго: вось, сапраўды́, Ізраільця́нін, у якім няма крываду́шнасці.

48. Кажа Яму Нафана́іл: адкуль Ты мяне ведаеш? У адказ Іісус сказаў яму: перш, чым паклíкаў цябе Філіп, калі ты быў пад смако́ўніцаю, Я бачыў цябе.

49. Нафана́іл адказаў Яму: Раввí! Ты Сын Божы, Ты Цар Ізра́ілеў.

50. У адказ Іісус сказаў яму: ты верыш, бо Я сказаў табе: “Я бачыў цябе пад смако́ўніцаю”; убачыш бо́льшае за гэта.

51. І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: з гэтага часу ўба́чыце неба раскры́тае і ангелаў Божых, што ўзыхо́дзяць і сыхо́дзяць да Сы́на Чалавечага.

 

Раздзел 2 

1. А на трэці дзень было́ вясе́лле ў Ка́не Галіле́йскай, і Маці Іісусава была́ там.

2. Запро́шаны таксама быў Іісус і вучні Яго на вясе́лле.

3. І калі не хапíла віна, Маці Іісусава кажа Яму: віна не маюць.

4. Кажа Ёй Іісус: што́ Мне і Табе, Жанчына? яшчэ не прыйшоў час Мой.

5. Кажа Яго Маці слу́гам: што́ скажа Ён вам, зрабíце.

6. Было ж там шэсць каме́нных пасу́дзін для вады, якія стаялі дзе́ля ачышчэ́ння Іудзейскага і змяшча́лі па дзве ці па тры ме́ры.

7. Кажа ім Іісус: напоўніце пасу́дзіны вадою. І напоўнілі іx да ве́рху.

8. І кажа ім: цяпер чэ́рпайце і нясіце да распара́дчыка засто́лля. І яны пане́слі.

9. Калі ж распара́дчык пакаштава́ў вады, што зрабíлася віном, — а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія налівалі ваду, — кліча жаніха распара́дчык засто́лля

10. і кажа яму: кожны чалавек спача́тку добрае віно падае́, а калі нап’юцца, тады горшае; ты ж добрае віно захаваў дагэтуль.

11. Так паклаў Іісус пачатак цу́дам у Ка́не Галілейскай і явíў славу Сваю, і ўве́равалі ў Яго вучні Яго.

12. Пасля гэтага прыйшоў Ён у Капернау́м, Сам і Маці Яго, і браты́ Яго, і вучні Яго, і там застава́ліся некалькі дзён.

13. І набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшоў Іісус у Іерусалім

14. і знайшоў, што ў храме прадавалі валоў, і авечак, і галубоў, і сядзелі мяня́лы грошай;

15. і, зрабіўшы біч з вяровак, усіx вы́гнаў з храма, і авечак, і валоў, і парассыпа́ў грошы мяня́лаў і сталы́ перавярнуў;

16. і прадаўцам галубоў сказаў: забяры́це гэта адсюль, не рабіце дом Айца Майго домам га́ндлю.

17. І ўспомнілі вучні Яго, што напíсана: “клопат пра дом Твой паглына́е Мяне”.

18. На гэта Іудзеі сказалі Яму: якім знаме́ннем Ты пакажаш нам, што маеш права гэта рабіць?

19. У адказ Іісус сказаў ім: разбуры́це храм гэты, і Я за тры дні ўзвяду́ яго.

20. І сказалі Іудзеі: сорак шэсць гадоў будаваўся храм гэты, а Ты за тры дні ўзвядзе́ш яго?

21. Ён жа гаварыў пра храм цела Свайго.

22. Калі ж Ён уваскрэ́с з мёртвых, успомнілі вучні Яго, што Ён гэта казаў, і паве́рылі Пісанню і слову, якое сказаў Іісус.

23. А калі Ён быў у Іерусаліме на свята Пасхі, многія ўверавалі ў імя́ Яго, бачачы цуды, якія Ён твары́ў.

24. Але Сам Іісус не давяра́ўся ім, таму што Сам ведаў усіx,

25. і не меў патрэ́бы, каб хто све́дчыў пра чалавека, бо Сам ведаў, што́ было́ ў чалавеку.

 

Раздзел 3

1. Быў жа чалавек з фарысеяў, імя́ яму Нікадзíм, начальнік Іудзейскі;

2. ён прыйшоў да Іісуса ўначы́ і сказаў Яму: Раввí! мы ведаем, што Ты Вучыцель, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто не можа твары́ць такіх цу́даў, якія Ты тво́рыш, калі Бог не будзе з ім.

3. У адказ Іісус сказаў яму: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца звыш, не можа ўба́чыць Царства Божага.

4. Кажа Яму Нікадзíм: як можа чалавек нарадзíцца, калі ён стары́? хіба́ можа ён другі раз увайсці ва ўло́нне маці сваёй і нарадзíцца?

5. Адказаў Іісус: праўду, праўду кажу табе: калі хто не наро́дзіцца ад вады і Духа, не можа ўвайсці ў Царства Божае:

6. наро́джанае ад плоці ёсць плоць, а наро́джанае ад Духа ёсць дух.

7. Не здзіўля́йся, што Я сказаў табе: “трэба вам нарадзíцца звыш”.

8. Вецер вее, дзе хоча , і голас яго чуеш, а не ведаеш, адкуль прыхо́дзіць і куды адыхо́дзіць; так і з кожным наро́джаным ад Духа.

9. Тады Нікадзíм сказаў Яму: як гэта можа быць?

10. У адказ Іісус сказаў яму: ты вучыцель Ізра́ілеў, і гэтага не ведаеш?

11. Праўду, праўду кажу табе: што́ Мы ведаем, пра тое гаворым, і што́ бачылі, пра тое све́дчым, і вы све́дчання Нашага не прыма́еце;

12. калі Я пра зямное сказаў вам, і вы не верыце, як паверыце, калі скажу вам пра нябеснае?

13. Ніxто не ўзыхо́дзіў на неба, толькі Сын Чалавечы, Які, бу́дучы на небе, сышоў з неба;

14. і, як Маісей узняў зме́я ў пустыні, так нале́жыць быць узня́тым Сыну Чалавечаму,

15. каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае.

16. Бо так узлюбíў Бог свет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто ве́руе ў Яго, не загíнуў, але меў жыццё вечнае;

17. бо не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзíць свет, але каб свет быў спасёны праз Яго;

18. хто ве́руе ў Яго, не будзе асу́джаны, а хто не ве́руе, той ужо асу́джаны, бо не ўве́раваў у імя́ Адзінароднага Сына Божага.

19. А суд у тым, што святло прыйшло ў свет, але палюбíлі людзі це́мру больш за святло, бо ўчынкі іx былí ліхíя;

20. бо кожны, хто робіць зло, той ненавíдзіць святло і не ідзе да святла, каб не былí вы́крыты ўчы́нкі яго, бо яны ліхíя;

21. а хто робіць па праўдзе, той ідзе да святла, каб вы́явіліся ўчы́нкі яго, бо яны ў Богу зро́блены.

22. Пасля гэтага прыйшоў Іісус і вучні Яго ў Іудзейскую зямлю́; і там Ён жыў з імі і хрысцíў.

23. Іаан жа таксама хрысцíў у Эно́не, недалёка ад Салíма, бо там было́ многа вады, і прыхо́дзілі туды і хрысцíліся;

24. таму што не быў яшчэ паса́джаны ў цямнíцу Іаан.

25. І ўзнíкла спрэ́чка ў вучняў Іаанавых з Іудзеямі пра ачышчэ́нне;

26. і прыйшлі да Іаана і сказалі яму: раввí! Той, Хто быў з табою на тым баку́ Іардана і пра Каго ты све́дчыў, вось, Ён хры́сціць, і ўсе ідуць да Яго.

27. У адказ Іаан сказаў: не можа чалавек нічога браць на сябе, калі не будзе да́дзена яму з неба.

28. Вы самі мне све́дчыце, што я сказаў: “я не Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім”.

29. Хто ма́е нявесту, той жаніx, а друг жаніха, які стаіць і слухае яго, ра́дасцю ра́дуецца, чу́ючы голас жаніxа; гэтая вось ра́дасць мая спо́ўнілася;

30. Яму нале́жыць узраста́ць, а мне ме́ншаць.

31. Хто прыхо́дзіць з вышынí, Той над усімі, а хто ад зямлí, той зямны́ і па-зямному гаво́рыць; Хто прыхо́дзіць з неба, Той над усімі,

32. і што Ён бачыў і чуў, пра тое све́дчыць, ды све́дчання Яго ніхто не прыма́е;

33. хто прыня́ў Яго све́дчанне, той сцве́рдзіў, што Бог íсцінны.

34. Бо Той, Каго паслаў Бог, словы Божыя гаворыць, таму што не ме́раю дае Бог Духа.

35. Бо Айцец лю́біць Сына і ўсё даў у руку́ Яго.

36. Хто ве́руе ў Сына, той ма́е жыццё вечнае, а хто не ве́руе ў Сына, той не ўбачыць жыцця́, але гнеў Божы застае́цца на ім.  

 

Раздзел 4 

1. Калі ж даве́даўся Іісус, што пачулі фарысеі пра тое, што Іісус больш вучняў набыва́е і хры́сціць, чым Іаан, —

2. хоць Сам Іісус не хрысцíў, а вучні Яго, —

3. пакінуў Ён Іудзею і пайшоў зноў у Галіле́ю.

4. А трэба было́ Яму прахо́дзіць праз Самары́ю.

5. Вось, прыхо́дзіць Ён у горад Самары́йскі пад назвай Сіxа́р, паблíзу зямлí, якую даў Іакаў Іосіфу, сыну свайму;

6. і быў там кало́дзеж Іакава. Іісус, стамíўшыся ад дарогі, сеў ля кало́дзежа; было́ каля шостай гадзíны.

7. Прыхо́дзіць жанчына з Самары́і набраць вады. Кажа ёй Іісус: дай Мне піць.

8. Бо вучні Яго адышлí ў горад, каб купíць ежы.

9. Кажа Яму жанчына Самара́нка: я́к Ты, Іудзей, просіш піць у мяне, жанчыны Самара́нскай? бо Іудзеі ж не маюць зно́сін з Самара́намі.

10. У адказ Іісус сказаў ёй: калі б ты ведала дар Божы, і Хто Той, што кажа табе: “дай мне піць”, то ты сама прасіла б у Яго, і Ён даў бы табе ваду́ жыву́ю.

11. Кажа Яму жанчына: Гаспадар! у Цябе і зачарпну́ць няма чым, а кало́дзеж глыбо́кі; адкуль жа ў Цябе вада жыва́я?

12. хіба́ Ты большы за айца нашага Іакава, які даў нам гэты кало́дзеж і сам з яго піў, і сыны́ яго, і ста́так яго?

13. У адказ Іісус сказаў ёй: кожны, хто п’е гэтую ваду, будзе адчува́ць пра́гу зноў;

14. а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не сасма́гне ніколі; але вада, якую Я дам яму, стане ў ім крынíцаю вады, што цячэ́ ў жыццё вечнае.

15. Кажа Яму жанчына: Гаспадар! дай мне гэтай вады, каб мне не мець сма́гі і не прыхо́дзіць сюды́ чэ́рпаць.

16. Кажа ёй Іісус: ідзі, пакліч мужа свайго і прыхо́дзь сюды.

17. У адказ жанчына сказала Яму: у мяне няма мужа. Кажа ёй Іісус: добра ты сказала, што ў цябе мужа няма;

18. бо пяць мужоў у цябе было́, і той, якога цяпер маеш, не муж табе; гэта праўдзіва сказала ты.

19. Кажа Яму жанчына: Гаспадар! бачу, што Ты прарок;

20. айцы нашы на гары́ гэтай пакланя́ліся, а вы ка́жаце, што ў Іерусаліме тое месца, дзе нале́жыць пакланя́цца.

21. Кажа ёй Іісус: жанчына, павер Мне, што настае́ час, калі не на гары́ гэтай і не ў Іерусаліме будзеце пакланя́цца Айцу;

22. вы пакланя́ецеся таму, чаго не ведаеце; мы пакланя́емся таму, што ведаем, бо спасе́нне ад Іудзеяў;

23. але настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі íсцінныя пакло́ннікі будуць пакланя́цца Айцу ў ду́ху і ісціне, бо такіх пакло́ннікаў Айцец і шукае Сабе;

24. Бог ёсць дух, і тыя, што пакланя́юцца Яму, павінны пакланя́цца ў ду́ху і ісціне.

25. Кажа Яму жанчына: ведаю, што пры́йдзе Месíя, Якога называ́юць Хрыстос; калі Ён пры́йдзе, то абве́сціць нам усё.

26. Кажа ёй Іісус: гэта Я, што размаўляю з табою.

27. У гэты час прыйшлí вучні Яго і здзівíліся, што Ён размаўля́е з жанчынаю, але ні адзін не сказаў: што Табе трэба? ці: пра што Ты размаўля́еш з ёю?

28. Пакíнула тады жанчына сваю пасу́дзіну для вады і пайшла ў горад, і кажа лю́дзям:

29. ідзіце і паба́чце Чалавека, Які сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла: ці не Хрыстос Ён?

30. Яны выйшлі з горада і пайшлі да Яго.

31. Між тым прасілі Яго вучні, ка́жучы: Раввí! еж.

32. Ён жа сказаў ім: у Мяне ёсць ежа, каб есці, якой вы не ведаеце.

33. Тады вучні гаварылі паміж сабою: хіба́ нехта прынёс Яму есці?

34. Кажа ім Іісус: Мая ежа — тое, каб здзяйсня́ць волю Таго, Хто паслаў Мяне і завяршы́ць справу Яго.

35. Ці не ка́жаце вы, што яшчэ чатыры месяцы, і наста́не жніво́? Дык вось, кажу вам: узвядзíце вочы вашы і паглядзíце на нíвы, як яны ўжо пабяле́лі для жніва́;

36. і хто жне, той атры́млівае ўзнагароду і збірае плён у жыццё вечнае, каб і той, хто сее, і той, хто жне, разам радаваліся;

37. бо тут апра́ўдваецца высло́ўе: адзін сее, а другі жне;

38. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не працавалі: іншыя працавалі, а вы ўвайшлі ў працу іx.

39. З горада таго многія Самара́не ўве́равалі ў Яго па слову жанчыны, якая све́дчыла: Ён сказаў мне пра ўсё, што я зрабіла.

40. Таму, калі прыйшлі да Яго Самара́не, то прасілі Яго пабы́ць у іx, і Ён прабы́ў там два дні,

41. і намнога больш людзей уве́равалі па слову Яго;

42. а жанчыне казалі: ужо не па твайму апавяда́нню веруем, бо самі чулі і ведаем, што гэта сапраўды́ Спасіцель свету, Хрыстос.  

43. А праз два дні Ён адышоў адтуль і пайшоў у Галіле́ю;

44. бо Сам Іісус сведчыў, што прарок на сваёй бацькаўшчыне паша́ны не ма́е.

45. Калі ж Ён прыйшоў у Галіле́ю, то Галіле́яне прынялí Яго, бачыўшы ўсё, што зрабіў Ён у Іерусаліме на свята; бо і яны хадзілі на свята.

46. Дык вось, прыйшоў зноў Іісус у Ка́ну Галіле́йскую, дзе ператвары́ў ваду ў віно. І быў адзін царадво́рац, сын якога быў хворы ў Капернау́ме.

47. Ён, пачуўшы, што Іісус прыйшоў з Іудзеі ў Галіле́ю, пайшоў да Яго і прасіў Яго прыйсці і ацалíць сына яго, бо той быў пры смерці.

48. І сказаў яму Іісус: калі знаме́нняў і цудаў не ўбачыце, вы не ўверуеце.

49. Кажа Яму царадво́рац: Госпадзі! прыйдзí, пакуль не паме́рла дзіця́ маё.

50. Іісус кажа яму: ідзі, сын твой жывы́. І паверыў чалавек слову, якое сказаў яму Іісус, і пайшоў.

51. І ўжо калі ён ішоў, рабы яго сустрэлі яго і абве́сцілі: сын твой жывы́.

52. Тады ён спытаўся ў іх, у каторай гадзíне стала яму лягчэ́й; і сказалі яму: учора ў сем гадзíн гара́чка пакíнула яго.

53. Зразуме́ў тады бацька, што гэта было́ ў тую гадзíну, калі Іісус сказаў яму: ідзі, сын твой жывы́. І ўвераваў сам і ўвесь дом яго.

54. Гэта ўжо другі цуд сатвары́ў Іісус, прыйшо́ўшы з Іудзеі ў Галіле́ю.

 

Раздзел 5

1. Пасля гэтага было́ свята Іудзейскае, і прыйшоў Іісус у Іерусалім.

2. Ёсць жа ў Іерусаліме каля́ Аве́чых варот купа́льня, што называ́ецца па-яўрэйску Віфезда́, і ма́е пяць кры́тых хадоў;

3. у іх ляжала вялікае мноства хворых, сляпых, кульга́вых, ссо́хлых, што чакалі ру́ху вады;

4. бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купа́льню і ўзруша́ў ваду́; і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэ́ння вады, той выздара́ўліваў, якой бы хваробай ні быў апанава́ны.

5. Быў жа тут нейкі чалавек, што трыццаць восем гадоў паку́таваў ад хваробы сваёй.

6. Іісус, уба́чыўшы яго ляжа́чым і даве́даўшыся, што ўжо доўгі час ён хварэ́е, кажа яму: хочаш стаць здаровым?

7. Адказаў Яму хворы: так, Гаспадар, але не ма́ю чалавека, які апусцíў бы мяне ў купа́льню, калі ўзру́шыцца вада; а пакуль я прыхо́джу, іншы сыхо́дзіць ране́й за мяне.

8. Кажа яму Іісус: устань, вазьмі пасце́ль тваю і хадзі.

9. І адразу вы́здаравеў чалавек; і ўзяў пасце́ль сваю і пайшоў. Была́ ж субота ў той дзень.

10. Таму казалі Іудзеі ацалёнаму: сёння субота, і нельга табе браць пасце́лі тваёй.

11. Ён адказаў ім: Той, Хто мяне ацалíў, сказаў мне: “вазьмі пасце́ль тваю і хадзі”.

12. Тады спыта́ліся ў яго: хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “вазьмі пасце́ль тваю і хадзі”?

13. Ацалёны ж не ведаў, хто Ён, таму што Іісус скры́ўся, бо натоўп быў на тым месцы.

14. Пасля таго Іісус сустрэў яго ў храме і сказаў яму: вось, ты стаў здаровым; больш не грашы́, каб не зда́рылася з табою чаго го́ршага.

15. Пайшоў чалавек гэты і паве́даміў Іудзеям: гэта Іісус ацалíў мяне.

16. І таму Іудзеі ста́лі гнаць Іісуса і імкну́ліся забіць Яго, што Ён рабіў гэта ў суботу.

17. Іісус жа казаў ім: Айцец Мой дагэ́туль дзе́е, і Я дзе́ю.

18. І з-за таго яшчэ больш імкну́ліся Іудзеі забіць Яго, што Ён не толькі паруша́ў суботу, але і Айцом Сваім называ́ў Бога, ро́бячы Сябе ро́ўным Богу.

19. На гэта Іісус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: не можа Сын рабíць Сам ад Сябе нічога, калі не будзе ба́чыць, што́ Айцец робіць, бо што́ Ён робіць, тое і Сын робіць таксама;

20. бо Айцец лю́біць Сына і пака́звае Яму ўсё, што Сам робіць; і бо́льшыя за гэтыя пака́жа Яму спра́вы, так што вы дзівíцца бу́дзеце;

21. бо як Айцец уваскраша́е мёртвых і ажыўля́е, так і Сын ажыўля́е, каго хоча;

22. бо Айцец і не су́дзіць нікога, але суд увесь аддаў Сыну,

23. каб усе шанава́лі Сына, як шану́юць Айца; хто не шану́е Сына, той не шану́е і Айца, Які пасла́ў Яго.

24. Праўду, праўду кажу вам: хто слухае слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, ма́е жыццё вечнае і на суд не прыходзіць, але перайшоў ад смерці ў жыццё.

25. Праўду, праўду кажу вам: настае́ час, ды і цяпер ёсць, калі мёртвыя пачу́юць голас Сына Божага і, пачу́ўшы, ажыву́ць,

26. бо як Айцец ма́е жыццё ў Самíм Сабе, так даў і Сыну жыццё мець у Сабе,

27. і ўла́ду даў Яму суд чынíць, бо Ён ёсць Сын Чалавечы.

28. Не здзіўля́йцеся гэтаму: бо настае́ час, калі ўсе, што ў магілах, пачу́юць голас Сына Божага,

29. і вы́йдуць тыя, што рабíлі дабро, ва ўваскрасе́нне жыцця́, а тыя, што рабíлі зло, ва ўваскрасе́нне суду́.

30. Не магу Я рабíць Сам ад Сябе нічога. Як чу́ю, так суджу́, і суд Мой пра́ведны, бо не шука́ю волі Маёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне.

31. Калі б Я све́дчыў пра Сябе, то све́дчанне Маё непраўдзíвае;

32. іншы ёсць, які све́дчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзíвае тое све́дчанне, якім Ён све́дчыць пра Мяне;

33. вы пасылалі да Іаана, і ён засве́дчыў пра ісціну.

34. Я не ад чалавека све́дчанне прыма́ю, але кажу гэта, каб вы спаслíся;

35. ён быў свяцíльнікам, які гарэў і свяцíў, а вы хацелі паце́шыцца нейкі час пры святле́ яго.

36. Але Я ма́ю све́дчанне, бо́льшае за Іаанава: бо справы, што даў Мне Айцец, каб здзе́йсніць, са́мі справы, якія Я раблю́, све́дчаць пра Мяне, што Айцец паслаў Мяне,

37. і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засве́дчыў пра Мяне. Вы ні голасу Яго ніколі не чулі, ні аблíчча Яго не бачылі,

38. і не ма́еце сло́ва Яго, якое было́ б у вас, бо Таму, Каго Ён паслаў, вы не ве́рыце.

39. Дасле́дуйце Пісанні, бо вы думаеце праз іх мець жыццё ве́чнае, а яны све́дчаць пра Мяне.

40. Але вы не хочаце прыйсцí да Мяне, каб мець жыццё.

41. Сла́вы ад людзей Я не прыма́ю,

42. але ведаю вас, што любо́ві да Бога вы не ма́еце ў сабе.

43. Я прыйшоў у імя́ Айца Майго, і вы не прыма́еце Мяне; а калі іншы пры́йдзе ў імя́ сваё, яго пры́меце.

44. Як вы можаце вераваць, калі славу адзін ад аднаго прыма́еце, а славы, якая ад Адзінага Бога, не шука́еце?

45. Не думайце, што Я буду абвінава́чваць вас перад Айцом; ёсць той, хто абвінава́чвае вас, Маісей, на якога вы спадзеяце́ся.

46. Бо калі б верылі вы Маісею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне.

47. Калі ж вы яго піса́нням не верыце, я́к Маім сло́вам паве́рыце?

 

Раздзел 6

1. Пасля гэтага пайшоў Іісус на той бок мора Галіле́йскага, Тыверыя́дскага;

2. і за Ім ішло мноства народу, таму што бачылі цу́ды Яго, якія Ён рабіў над хворымі.

3. І ўзышоў на гару Іісус і там сядзе́ў з вучнямі Сваімі.

4. А набліжа́лася Пасха, свята Іудзейскае.

5. Іісус, узвёўшы вочы і ўбачыўшы, што мноства народу ідзе да Яго, кажа Філіпу: дзе нам купíць хле́ба, каб яны паелí

6. Казаў жа Ён гэта, выпрабо́ўваючы яго, бо Сам ведаў, што́ ме́ўся зрабіць.

7. Адказаў Яму Філіп: на дзвесце дына́рыяў не хопіць ім хлеба, каб кожны з іх хоць трохі атрыма́ў.

8. Кажа Яму адзін з вучняў Яго, Андрэй, брат Сíмана Пятра:

9. ёсць тут адзін хлопчык, які ма́е пяць хлябо́ў ячме́нных і дзве ры́біны; але што́ гэта для такога мноства?

10. І сказаў Іісус: загада́йце лю́дзям узле́гчы. Было́ ж многа травы на тым месцы. І вось узляглí людзі ў колькасці каля пяці тысяч.

11. Узяў жа хлябы́ Іісус і, узнёсшы падзя́ку, разда́ў вучням, а вучні — тым, што ўзляжа́лі; таксама і рыбы, колькі хто хацеў;

12. і калі насы́ціліся, сказаў вучням Сваім: збяры́це кавалкі, якія засталíся, каб нічога не прапа́ла.

13. І сабра́лі яны і напо́ўнілі дванаццаць кашо́ў кава́лкамі ад пяці хлябо́ў ячме́нных, якія засталíся ў тых, што елі.

14. Тады людзі, якія бачылі цуд, зро́блены Іісусам, сказалі: Ён сапраўды́ Той Прарок, што павíнен прыйсцí ў свет.

15. Іісус жа, даве́даўшыся, што хо́чуць прыйсцí, каб сілаю ўзяць Яго і зрабіць царом, адышоў ізноў на гару́ адзін.

16. Калі ж настаў вечар, спусціліся вучні Яго да мора

17. і, увайшоўшы ў лодку, паплылí на той бок мора ў Капернау́м. І ўжо сцямне́ла, а Іісус не прыхо́дзіў да іх;

18. і мора з-за таго, што дзьмуў моцны вецер, хвалява́лася.

19. Праплы́ўшы каля дваццацí пяці ці трыццацí ста́дый, яны ўбачылі Іісуса, Які ішоў па моры і набліжа́ўся да лодкі, і спало́халіся;

20. але Ён сказаў ім: гэта Я, не бойцеся.

21. Яны хацелі ўзяць Яго ў лодку; і адразу лодка прыста́ла да берага, куды яны плылí.

22. На другі дзень народ, які стаяў па той бок мора, убачыў, што там не было́ іншай лодкі, апрача́ адной той, у якую ўвайшлі вучні Яго, і што Іісус не ўвахо́дзіў з вучнямі Сваімі ў лодку, але вучні Яго адплылí адны;

23. і іншыя лодкі прыплылí з Тыверыя́ды блізка да таго месца, дзе елі хлеб, калі Гасподзь узнёс быў падзя́ку;

24. калі ўбачылі людзі, што там няма ні Іісуса, ні вучняў Яго, то ўвайшлі самі ў лодкі і паплылí ў Капернау́м, шука́ючы Іісуса,

25. і, знайшо́ўшы Яго на тым баку мора, сказалі Яму: Раввí! калі Ты сюды прыбы́ў?

26. У адказ ім Іісус сказаў: праўду, праўду кажу вам: вы шукаеце Мяне не таму, што бачылі цуды, а таму, што елі хлеб і насы́ціліся;

27. дба́йце не пра ежу тле́нную, а пра ежу, што застае́цца на жыццё вечнае, якое дасць вам Сын Чалавечы, бо Айцец вы́значыў Яго пяча́ццю Сваёю, Бог.

28. Яны ж сказалі Яму: што́ нам рабіць, каб здзяйсня́ць спра́вы Божыя?

29. У адказ Іісус сказаў ім: вось спра́ва Божая: каб вы веравалі ў Таго, Каго паслаў Ён.

30. Яны ж сказалі Яму: якое Ты зробіш знаме́нне, каб мы ўбачылі і паверылі Табе? што́ Ты здзе́йсніш?

31. айцы нашы елі ма́нну ў пусты́ні, як напíсана: “хлеб з неба даў ім есці”.

32. Сказаў жа ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: не Маісей даў вам хлеб з неба, а Айцец Мой дае вам з неба хлеб íсцінны;

33. бо хлеб Божы — гэта Той, Хто сыхо́дзіць з неба і дае́ жыццё свету.

34. Яны ж сказалі Яму: Госпадзі! заўсёды давай нам хлеб гэты.

35. І сказаў ім Іісус: Я — хлеб жыцця́; хто прыхо́дзіць да Мяне, не зве́дае голаду, і хто веруе ў Мяне, не будзе мець сма́гі ніколі;

36. але Я сказаў вам, што і бачылі вы Мяне, і не веруеце;

37. усё, што дае Мне Айцец, да Мяне пры́йдзе, і таго, хто прыхо́дзіць да Мяне, Я не вы́ганю вон,

38. бо Я сышоў з неба не дзе́ля таго, каб чынíць волю Сваю, але волю Айца, Які паслаў Мяне;

39. а воля Айца, Які паслаў Мяне, у тым, каб з усяго, што Ён даў Мне, Я нічога не загубíў, але ўваскрасíў гэта ў апошні дзень;

40. воля Таго, Хто паслаў Мяне, у тым, каб кожны, хто бачыць Сы́на і веруе ў Яго, меў жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень.

41. Абу́рыліся тады Іудзеі на Яго за тое, што Ён сказаў: “Я ёсць хлеб, які сышоў з неба”,

42. і гаварылі: ці не Іісус гэта, сын Іосіфаў, бацьку і Маці Якога мы ведаем? як жа Ён кажа: “з неба Я сышоў”?

43. На гэта Іісус сказаў ім: не абура́йцеся паміж сабою;

44. ніхто не можа прыйсцí да Мяне, калі Айцец, Які паслаў Мяне, не прывядзе́ яго, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;

45. напíсана ў прарокаў: і будуць усе наву́чаны Богам. Кожны, хто пачуў ад Айца і навучы́ўся, прыхо́дзіць да Мяне;

46. гэта не значыць, што Айца бачыў нехта, апрача́ Таго, Хто ад Бога: Ён бачыў Айца.

47. Праўду, праўду кажу вам: хто веруе ў Мяне, ма́е жыццё вечнае.

48. Я — хлеб жыцця́;

49. айцы вашы елі ма́нну ў пусты́ні і паме́рлі;

50. а хлеб, які сыхо́дзіць з неба, такі, што той, хто яго есць, не памрэ;

51. Я — хлеб жывы́, які сышоў з неба; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна; і хлеб, які Я дам, ёсць Плоць Мая, якую Я аддам за жыццё свету.

52. І спрача́ліся між сабою Іудзеі, гаво́рачы: як можа Ён даць нам Плоць Сваю есці?

53. Іісус жа сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: калі не будзеце есці Пло́ці Сына Чалавечага і піць Крывí Яго, то жыцця́ не будзеце мець у сабе;

54. хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той мaе жыццё вечнае, і Я ўваскрашу́ яго ў апошні дзень;

55. бо Плоць Мая́ сапраўды́ ёсць ежа, і Кроў Мая́ сапраўды́ ёсць пітво;

56. хто есць Маю́ Плоць і п’е Маю́ Кроў, той ува Мне застае́цца і Я ў ім;

57. як пасла́ў Мяне жывы́ Айцец і Я жыву́ Айцом, так і той, хто есць Мяне, жыць будзе Мною;

58. гэта і ёсць хлеб, які сышоў з неба; не так, як айцы вашы елі ма́нну і паме́рлі; хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна.

59. Гэта сказаў Ён у сінагозе, навучаючы ў Капернау́ме.

60. І многія з вучняў Яго, пачуўшы гэта, сказалі: жу́дасныя гэта словы; хто можа іх слухаць?

61. Іісус жа, ве́даючы ў Сабе, што абура́юцца гэтым вучні Яго, сказаў ім: хіба́ гэ́та вас спакуша́е?

62. А што, калі ўбачыце Сына Чалавечага, Які ўзыхо́дзіць туды, дзе быў ране́й?

63. дух дае жыццё, плоць не прыно́сіць нія́кай кары́сці; словы, якія Я кажу́ вам, ёсць дух і жыццё;

64. але ёсць сяро́д вас некато́рыя, што не веруюць. Бо ведаў ад пачатку Іісус, хто няве́руючыя і хто вы́дасць Яго,

65. і сказаў: дзе́ля таго Я і гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсцí да Мяне, калі не будзе яму да́дзена Айцом Маім.

66. З таго часу многія з вучняў Яго адышлí і ўжо не хадзíлі з Ім.

67. Сказаў тады Іісус двана́ццаці: ці не хочаце і вы адысцí?

68. Адказаў Яму Сíман Пётр: Госпадзі! да каго мы по́йдзем? Ты ма́еш сло́вы жыцця́ вечнага,

69. і мы ўве́равалі і спазна́лі, што Ты Хрыстос, Сын Бога жывога.

70. Адказаў ім Іісус: ці не Я вас дванаццаць абра́ў? але адзін з вас — дыявал.

71. Гаварыў жа Ён пра Іуду Сíманавага Іскарыёта, бо той меўся вы́даць Яго, бу́дучы адным з двана́ццаці.

 

Раздзел 7 

1. І хадзіў Іісус пасля гэтага па Галіле́і, бо не хацеў па Іудзеі хадзіць, таму што Іудзеі шука́лі, як забіць Яго.

2. А было́ блізка свята Іудзейскае — пастаўле́нне ку́шчаў.

3. Сказалі тады Яму браты́ Яго: пайдзі адсюль і ідзі ў Іудзею, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш;

4. бо ніхто ўпо́тай не робіць нічога і стара́ецца сам навідаво́ку быць; калі Ты такое робіш, пакажы́ Сябе свету.

5. Бо і браты Яго не ве́равалі ў Яго.

6. Сказаў жа ім Іісус: час Мой яшчэ не прыйшоў, а ваш час заўсёды ная́ўны;

7. не можа свет ненавíдзець вас, Мяне ж ён ненавíдзіць, бо Я сведчу пра яго, што справы яго ліхíя;

8. вы пайдзíце на гэтае свя́та, а Я яшчэ не пайду на свя́та гэтае, таму што час Мой яшчэ не наста́ў.

9. І, сказаўшы гэта ім, Ён застаўся ў Галілеі.

10. Калі ж пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшоў на свя́та, не адкрыта, а нíбы ўпо́тай.

11. А Іудзеі шука́лі Яго на свяце і гаварылі: дзе Ён?

12. І многа спрэ́чак было́ пра Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а іншыя казалі: не, Ён жа ўво́дзіць у зман народ.

13. Ніхто, аднак, адкрыта не гаварыў пра Яго з-за страху перад Іудзеямі.

14. Калі ж свята дайшло ўжо да паловы, увайшоў Іісус у храм і вучыў;

15. і здзіўляліся Іудзеі, гаво́рачы: як Ён ведае Пісанні, не вучы́ўшыся?

16. У адказ ім Іісус сказаў: Маё вучэ́нне — не Маё, а Таго, Хто паслаў Мяне;

17. калі хто хоча волю Яго выко́нваць, то даве́даецца пра гэтае вучэ́нне, ці ад Бога яно, ці Я Сам ад Сябе гавару;

18. хто гаво́рыць сам ад сябе, той ула́снай сла́вы шука́е, а Хто шукае сла́вы Таму, Хто пасла́ў Яго, Той праўдзíвы, і няма няпра́ўды ў Ім;

19. ці не даў Маісей вам закон? і ніхто з вас не выко́нвае закону. Чаму вы хочаце забíць Мяне?

20 Народ адказаў: дэман у Табе; хто хоча забіць Цябе?

21. У адказ Іісус сказаў ім: адну справу зрабіў Я, і вы ўсе здзіўля́ецеся;

22. вось Маісей даў вам абрэ́занне, — хоць яно і не ад Маісея, але ад айцоў, — і ў суботу вы абраза́еце чалавека;

23. калі абрэ́занне прыма́е чалавек у суботу, каб не быў пару́шаны закон Маісееў, — чаму на Мяне вы гне́ваецеся, што ўсяго чалавека Я ацалíў у суботу?

24. Не судзíце па вы́гляду, а пра́ведным судо́м судзíце.

25. Гаварылі тады некато́рыя з Іерусалíмлян: ці не Той гэта, Якога шукаюць, каб забіць?

26. І вось, Ён адкрыта гаворыць, і нічога Яму не кажуць; няўжо на самай справе дазна́ліся нача́льнікі, што Ён сапраўды́ Хрыстос?

27. Але Гэтага мы ведаем, адкуль Ён; калі ж Хрыстос пры́йдзе, ніхто не будзе ведаць, адкуль Ён.

28. Прамо́віў го́ласна тады Іісус у храме, ву́чачы і гаворачы: і Мяне ве́даеце, і ве́даеце, адкуль Я; і не Сам ад Сябе Я прыйшоў, але íсцінны Той, Хто паслаў Мяне, Якога вы не ве́даеце;

29. Я ведаю Яго, таму што Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне.

30. Тады шукалі, як схапíць Яго, але ніхто не падня́ў на Яго рукí, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.

31. А многія з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, хіба́ Ён больш цудаў зробіць, чым Гэты зрабіў?

32. Пачулі фарысеі, што народ так спрача́ецца пра Яго; і паслалі фарысеі і першасвятары́ слуг, каб схапілі Яго.

33. Сказаў тады ім Іісус: яшчэ нядоўга Я бу́ду з вамі, і пайду да Таго, Хто паслаў Мяне;

34. бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсцí.

35. І гаварылі Іудзеі паміж сабою: куды Ён збіра́ецца ісці, што мы не зно́йдзем Яго? ці не да рассе́леных між Грэкамі збіра́ецца Ён ісці і навуча́ць Грэкаў?

36. што зна́чаць гэтыя словы, якія Ён сказаў: “бу́дзеце шука́ць Мяне, і не зно́йдзеце, і дзе буду Я, туды вы не можаце прыйсцí”?

37. У апошні ж вялікі дзень свята стаяў Іісус і ўсклíкнуў, ка́жучы: калі хто ма́е смагу, няхай прыхо́дзіць да Мяне і п’е;

38. хто веруе ў Мяне, як ска́зана ў Пісанні, у таго з нутра́ пацяку́ць рэ́кі вады жывой.

39. А сказаў Ён гэта пра Духа, Якога ме́ліся прыня́ць ве́руючыя ў Яго; бо не было́ яшчэ на іх Духа Святога, таму што Іісус яшчэ не быў прасла́ўлены.

40. Многія з народу, пачуўшы гэтыя словы, казалі: Ён сапраўды́ прарок.

41. Іншыя казалі: гэта Хрыстос. А другія казалі: хіба́ ж з Галіле́і Хрыстос пры́йдзе?

42. ці ж не ска́зана ў Пісанні, што з се́мені Давідавага і з Віфлее́ма, таго пасе́лішча, адкуль быў Давід, Хрыстос пры́йдзе?

43. Дык вось нязго́да ўзнíкла ў наро́дзе з-за Яго.

44. Некато́рыя ж з іх хацелі схапíць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукí.

45. І вось прыйшлі слу́гі да першасвятароў і фарысеяў, і тыя сказалі ім: чаму вы не прывялí Яго?

46. Слу́гі адказалі: ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек.

47. На гэта фарысеі сказалі ім: няўжо і вас увялі ў зман?

48. хіба́ хто з начальнікаў уве́раваў у Яго, ці з фарысеяў?

49. А народ гэты, што не ведае закону, — пракля́ты ён.

50. Кажа ім Нікадзім, які прыходзіў да Яго ўначы́ і быў адзін з іх:

51. хіба́ закон наш су́дзіць чалавека, не вы́слухаўшы яго спача́тку і не даве́даўшыся, што ён робіць?

52. У адказ сказалі яму: ці не з Галіле́і і ты? даследуй і пабач, што з Галіле́і прарок не прыхо́дзіць.

53. І пайшлі кожны ў свой дом. 

 

Раздзел 8

1. Іісус жа пайшоў на гару Елео́нскую;

2. а раніцаю зноў прыйшоў у храм, і ўсе людзі ішлі да Яго; і Ён сеў і вучыў іх.

3. І прывялí кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую заста́лі за пралюбадзе́йствам, і, паста́віўшы яе пасярэ́дзіне,

4. кажуць Яму: Настаўнік, гэтую жанчыну заста́лі падча́с пралюбадзе́йства;

5. у законе Маісей загада́ў нам такіх пабіва́ць камяня́мі, а Ты што скажаш?

6. Гаварылі ж яны гэта, спакуша́ючы Яго, каб было́ ў чым абвінава́ціць Яго. Але Іісус, нізка нагну́ўшыся, па́льцам піса́ў на зямлі, не зважа́ючы на іх.

7. Калі ж яны праця́гвалі пыта́цца ў Яго, Ён, разагну́ўшыся, сказаў ім: хто з вас без граху́, няхай першы кíне ка́мень у яе.

8. І зноў, нізка нагну́ўшыся, піса́ў на зямлі.

9. Яны ж, пачу́ўшы гэта і адчува́ючы дако́ры сумле́ння, сталі выхо́дзіць адзін за адным, пачына́ючы ад старэ́йшых і да апошніх; і заста́ўся адзін Іісус і жанчына, што стаяла пасярэ́дзіне.

10. Іісус, разагну́ўшыся і не ўба́чыўшы нікога, акрамя́ жанчыны, сказаў ёй: жанчына! дзе абвінава́ўцы твае? ніхто цябе не асудзíў?

11. Яна адказала: ніхто, Госпадзі! Сказаў ёй Іісус: і Я не асуджа́ю цябе; ідзі і больш не грашы́.

12. І зноў прамо́віў да іх Іісус, ка́жучы: Я святло́ све́ту; хто по́йдзе за Мною, той не будзе хадзіць у це́мры, а бу́дзе мець святло́ жыцця́.

13. Тады сказалі Яму фарысеі: Ты Сам пра Сябе све́дчыш; све́дчанне Тваё непраўдзíвае.

14. На гэта Іісус сказаў ім: калі Я і Сам све́дчу пра Сябе, то све́дчанне Маё праўдзíвае, бо Я ведаю, адкуль Я прыйшоў і куды іду; а вы не ве́даеце, адкуль Я прыхо́джу і куды іду.

15. Вы па пло́ці су́дзіце; Я не суджу́ нікога;

16. а калі і суджу́ Я, то суд Мой праўдзíвы, бо Я не адзін, а Я і Айцец, Які пасла́ў Мяне;

17. і ў законе ж вашым напíсана, што све́дчанне двух чалавек праўдзíвае;

18. Я Сам сведчу пра Сябе, і све́дчыць пра Мяне Айцец, Які пасла́ў Мяне.

19. Тады сказалі Яму: дзе Айцец Твой? Адказаў Іісус: вы не ве́даеце ні Мяне, ні Айца Майго; калі б вы Мяне ве́далі, то ведалі б і Айца Майго.

20. Гэтыя словы гаварыў Іісус каля ска́рбніцы, ву́чачы ў храме; і ніхто не схапіў Яго, бо яшчэ не прыйшоў час Яго.

21. І зноў сказаў ім Іісус: Я адыхо́джу, і бу́дзеце шукаць Мяне, і памраце́ ў граху́ сваім; куды Я іду, вы не можаце прыйсцí.

22. Іудзеі тады гаварылі: ці не заб’е Ён Сам Сябе, калі кажа: “куды Я іду, вы не можаце прыйсцí”?

23. Ён сказаў ім: вы ад нíзу, а Я з вышынí; вы з гэтага све́ту, Я не з гэтага све́ту;

24. таму і сказаў Я вам, што памраце́ ў граха́х сваіх; бо калі не ўве́руеце, што гэта Я, то памраце́ ў граха́х сваіх.

25. Тады сказалі Яму: хто Ты? І сказаў ім Іісус: Той, Хто ад пача́тку, як і кажу вам;

26. многа ма́ю Я пра вас гавары́ць і судзíць; але Той, Хто паслаў Мяне, íсцінны, і што́ Я чуў ад Яго, тое і кажу свету.

27. Не зразуме́лі яны, што Ён гаварыў ім пра Айца.

28. І сказаў ім Іісус: калі ўзды́меце Сына Чалавечага, тады даве́даецеся, што гэта Я і што ад Сябе Я нічога не раблю́, але як навучы́ў Мяне Айцец Мой, так і гавару;

29. і Той, Хто пасла́ў Мяне, са Мною ёсць; Айцец не пакінуў Мяне аднаго, бо Я заўсёды раблю ўго́днае Яму.

30. Калі Ён гаварыў гэта, многія ўве́равалі ў Яго.

31. Казаў тады Іісус Іудзеям, якія ўве́равалі ў Яго: калі застаняце́ся ў слове Маім, то вы сапраўды́ вучні Мае́,

32. і спазна́еце ісціну, і ісціна вы́зваліць вас.

33. Яны адказалі Яму: мы се́мя Аўраа́мава і нікому не былí раба́мі ніколі; як жа Ты кажаш: “ста́неце вольнымі”?

34. Адказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: кожны, хто грашы́ць, ёсць раб граху;

35. але раб не застае́цца ў доме ве́чна — сын застае́цца вечна;

36. дык вось, калі Сын вы́зваліць вас, то сапраўды́ вольнымі будзеце;

37. ведаю, што вы се́мя Аўраа́мава; аднак вы шука́еце, як забіць Мяне, бо слова Маё не ўмяшча́ецца ў вас;

38. Я кажу тое, што бачыў у Айца Майго; а вы робіце тое, што бачылі ў айца вашага.

39. Яны сказалі Яму ў адказ: айцец наш — Аўраа́м. Кажа ім Іісус: калі б вы былí дзе́цьмі Аўраа́ма, то рабілі б учы́нкі Аўраа́мавы;

40. а цяпер шука́еце, як забіць Мяне, Чалавека, што сказаў вам ісціну, якую чуў ад Бога; Аўраа́м гэтага не рабіў;

41. вы робіце ўчы́нкі айца вашага. На гэта сказалі Яму: мы не ад блу́ду наро́джаныя; адзін Айцец у нас — Бог.

42. Сказаў жа ім Іісус: калі б Бог быў Айцом вашым, то вы любíлі б Мяне, бо Я ад Бога вы́йшаў і прыйшо́ў; бо не Сам ад Сябе Я прыйшоў, а Ён паслаў Мяне;

43. чаму вы не разуме́еце мовы Маёй? бо не можаце чуць слова Майго;

44. вы — ад айца вашага дыявала, і хочаце выко́нваць жада́нні айца вашага; ён быў чалавеказабо́йцам ад пача́тку і не ўстая́ў у íсціне, таму што няма íсціны ў ім; калі ён ілжэ́, то сваё гаворыць, бо ён ілгу́н і айцец ілжы́;

45. а паколькі Я íсціну гавару, то не ве́рыце Мне;

46. хто з вас вы́крые Мяне ў няпра́ўдзе? калі ж Я ісціну гавару, чаму вы не верыце Мне? 47 хто ад Бога, той словы Божыя слу́хае; вы таму не слу́хаеце, што вы не ад Бога.

48. Адказа́лі на гэта Іудзеі і сказалі Яму: хіба́ не пра́вільна мы кажам, што Ты Самаранíн і дэман у Табе?

49. Адказаў Іісус: ува Мне дэмана няма, але Я шану́ю Айца Майго, а вы зневажа́еце Мяне;

50. Я ж не шука́ю сла́вы Сваёй; ёсць Той, Хто шука́е і су́дзіць;

51. праўду, праўду кажу вам: хто захава́е слова Маё, той не ўбачыць смерці даве́ку.

52. Тады сказалі Яму Іудзеі: цяпер даве́даліся мы, што ў Табе дэман: Аўраа́м памёр і прарокі, а Ты кажаш: “хто захава́е слова Маё, той не спазна́е смерці даве́ку”;

53. няўжо Ты бо́льшы за айца нашага Аўраа́ма, які памёр? і прарокі паме́рлі; каго Ты з Сябе робіш?

54. Адказаў Іісус: калі Я праслаўля́ю Сам Сябе, то слава Мая нішто; ёсць Айцец Мой, Які праслаўля́е Мяне, Той, пра Каго вы гаво́рыце, што Ён Бог ваш;

55. і вы не пазналі Яго, а Я знаю Яго; і калі Я скажу, што не знаю Яго, то буду падо́бны да вас ілгун; але Я знаю Яго і захо́ўваю слова Яго;

56. Аўраа́м, айцец ваш, ра́ды быў, што ўба́чыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзра́даваўся.

57. На гэта сказалі Яму Іудзеі: Табе няма яшчэ пяцíдзесяці гадоў, і Ты бачыў Аўраама?

58 Сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: перш чым быў Аўраам, Я ёсць.

59. Тады ўзялí яны камянí, каб кíнуць у Яго, але Іісус знік і вы́йшаў з храма, прайшо́ўшы між імі; і пайшо́ў так. 

 

Раздзел 9

1. І, прахо́дзячы, убачыў Ён чалавека сляпога ад нараджэ́ння.

2. І спыта́ліся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: Раввí! хто саграшы́ў: ён ці бацькí яго, што ён сляпы́м нарадзíўся?

3. Адказаў Іісус: ні ён не саграшы́ў, ні бацькí яго, але гэта дзеля таго, каб вы́явіліся дзе́і Божыя на ім;

4. Мне нале́жыць рабіць спра́вы Таго, Хто пасла́ў Мяне, пакуль яшчэ дзень; надыхо́дзіць ноч, калі ніхто не можа дзе́йнічаць;

5. паку́ль Я ў све́це, Я святло́ све́ту.

6. Сказа́ўшы гэта, Ён плю́нуў на зямлю́ і зрабіў глей са слíны, і пама́заў гле́ем вочы сляпому,

7. і сказаў яму: ідзі, умы́йся ў купа́льні Сілаа́м (што азначае: Пасла́ны). Той пайшоў і ўмы́ўся, і прыйшоў віду́шчым.

8. Суседзі ж і тыя, хто бачыў яго ране́й, што ён быў сляпы́, гаварылі: ці не той гэта, які сядзеў і жабрава́ў?

9. Адны казалі: гэта ён. А другія: падо́бны да яго. Ён жа казаў: гэта я.

10. Тады казалі яму: як у цябе адкры́ліся вочы?

11. І сказаў ён у адказ: Чалавек, Якога завуць Іісус, зрабіў глей, пама́заў вочы мае́ і сказаў мне: “ідзі ў купа́льню Сілаа́м і ўмы́йся”. Я пайшоў, умы́ўся і стаў бачыць.

12. Тады сказалі яму: дзе Ён? Той кажа: не ведаю.

13. Вядуць яго да фарысеяў, таго былога сляпца́.

14. А была́ субота, калі Іісус зрабіў глей і адкрыў яму вочы.

15. Таксама пыта́ліся ў яго і фарысеі, я́к ён стаў бачыць. Ён жа сказаў ім: глей паклаў Ён на вочы мае́, і я ўмыўся, і бачу.

16. Гаварылі тады некаторыя з фарысеяў: не ад Бога Гэты Чалавек, бо не прытры́мліваецца суботы. Іншыя казалі: я́к можа чалавек грэ́шны такія цу́ды рабіць? І была́ нязго́да паміж імі.

17. Кажуць сляпому зноў: а ты што ска́жаш пра Яго, бо Ён адкры́ў твае вочы? І той сказаў: гэта прарок.

18. Не паве́рылі аднак Іудзеі ў тое, што ён быў сляпы́ і стаў ба́чыць, паку́ль не паклíкалі бацько́ў таго, хто стаў ба́чыць,

19. і спыталіся ў іх, ка́жучы: гэта сын ваш, пра якога вы ка́жаце, што ён нарадзíўся сляпы́м? як жа ён цяпер бачыць?

20. У адказ ім бацькí яго сказалі: мы ведаем, што гэта сын наш, і што ён сляпым нарадзíўся;

21. а як ён цяпер бачыць, не ведаем, і хто адкрыў яму вочы, мы не ведаем; сам ён дарослы, у яго спыта́йцеся; сам пра сябе́ няхай скажа.

22. Так сказалі бацькí яго, таму што бая́ліся Іудзеяў, бо Іудзеі ўжо змо́віліся, каб таго, хто прызна́е Яго за Хрыста, адлучы́ць ад сінагогі;

23. таму бацькí яго і сказалі: ён даро́слы, у яго спыта́йцеся.

24. І вось паклíкалі другі раз чалавека, што быў сляпы́м, і сказалі яму: узнясí славу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэ́шны.

25. Ён жа ў адказ ім сказаў: ці грэшны Ён, не ведаю; адно ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу.

26. І сказалі яму зноў: што́ Ён зрабіў табе? я́к Ён адкрыў твае вочы?

27. Той адказаў ім: я сказаў вам ужо, і вы не слу́халі; што́ яшчэ хо́чаце пачуць? хіба́ і вы хо́чаце стаць Яго вучнямі?

28. Яны ж зга́нілі яго, ка́жучы: гэта ты вучань Яго, а мы Маісе́евы вучні;

29. мы ведаем, што з Маісе́ем гаварыў Бог; а пра Яго не ведаем, адкуль Ён.

30. У адказ чалавек той сказаў ім: гэта і дзіўна, што вы не ве́даеце, адкуль Ён, а Ён адкрыў мае́ вочы;

31. мы ж ведаем, што грэ́шнікаў Бог не слухае; а хто шану́е Бога і выко́нвае волю Яго, таго слу́хае;

32. адве́ку не чува́ць было́, каб хто адкрыў вочы сляпому ад нараджэ́ння;

33. калі б не быў Ён ад Бога, не мог бы нічога зрабіць.

34. У адказ яны сказалі яму: у граха́х увесь ты нарадзíўся, і ты ву́чыш нас? І вы́гналі яго вон.

35. Пачуў Іісус, што вы́гналі яго вон, і, знайшо́ўшы яго, сказаў яму: ты ве́руеш у Сы́на Божага?

36. У адказ той сказаў: а хто Ён, Госпадзі, каб я ўве́раваў у Яго?

37. Сказаў яму Іісус: і бачыў ты Яго, і Той, Хто гаворыць з табою, — гэта Ён.

38. Ён жа сказаў: ве́рую, Госпадзі! І пакланíўся Яму.

39. І сказаў Іісус: на суд Я ў свет гэты прыйшоў, каб невіду́шчыя бачылі, а віду́шчыя сляпы́мі сталі.

40. І пачулі гэта некато́рыя з фарысеяў, што былí з Ім, і сказалі Яму: няўжо і мы сляпы́я?

41. Сказаў ім Іісус: калі б вы сляпы́я былí, то не ме́лі б граху́; але паколькі вы ка́жаце, што бачыце, то грэх ваш застае́цца. 

 

Раздзел 10

1. Праўду, праўду кажу вам: хто не праз дзверы ўвахо́дзіць у двор аве́чы, а ўла́зіць інакш, той зло́дзей і разбойнік;

2. а хто ўвахо́дзіць праз дзве́ры, той пастух авечак;

3. яму прыдзве́рнік адчыня́е, і авечкі голасу яго слу́хаюцца, і сваіх авечак ён клíча па імёнах і выво́дзіць іх;

4. і калі сваіх авечак вы́пусціць, ідзе перад імі, і авечкі за ім ідуць, бо ве́даюць голас яго;

5. за чужы́м жа не по́йдуць, а бу́дуць уцяка́ць ад яго, бо не ве́даюць чужога голасу.

6. Гэтую пры́тчу сказаў ім Іісус. Яны ж не зразуме́лі значэ́ння таго, што́ Ён гаварыў ім.

7. Тады зноў сказаў ім Іісус: праўду, праўду кажу вам: Я — дзве́ры для авечак;

8. усе, колькі іх ні прыхо́дзіла перада Мною, былí зладзе́і ды разбо́йнікі; але авечкі не паслу́халіся іх;

9. Я — дзверы; хто ўво́йдзе праз Мяне, спасёны будзе; і ўво́йдзе, і вы́йдзе, і па́шу зно́йдзе;

10. зло́дзей прыхо́дзіць толькі каб укра́сці, і забíць, і загубíць; Я прыйшоў, каб жыццё ме́лі, і ўдо́сталь ме́лі;

11. Я — Пастыр добры; пастыр добры жыццё сваё аддае́ за авечак,

12. а на́йміт, які не пастыр і якому авечкі не свае́, бачыць, як прыхо́дзіць воўк, і пакіда́е авечак і ўцяка́е, і воўк хапа́е авечак і разганя́е іх;

13. а на́йміт уцяка́е, бо ён на́йміт і не дба́е пра авечак.

14. Я — Пастыр добры і ведаю Маіх, і Мае́ ведаюць Мяне;

15. як ведае Мяне Айцец, так і Я ведаю Айца, і жыццё Маё аддаю́ за авечак;

16. ёсць у Мяне і іншыя авечкі, якія не з гэтага двара́, і тых Мне трэба прыве́сці; і голас Мой яны пачу́юць, і будзе адно ста́да і адзін Пастыр.

17. За тое Айцец Мяне лю́біць, што Я аддаю́ жыццё Маё, каб зноў прыня́ць яго;

18. ніхто не адбіра́е яго ў Мяне, а Я аддаю́ яго Сам; ула́ду ма́ю аддаць яго і ўла́ду ма́ю зноў прыня́ць яго; гэтую за́паведзь атрыма́ў Я ад Айца Майго.

19. І нязго́да зноў узнíкла паміж Іудзеямі з-за гэтых слоў;

20. гавары́лі многія з іх: Ён ма́е ў Сабе дэмана і шале́е; чаго вы Яго слу́хаеце?

21. Іншыя гаварылі: гэта словы не апанта́нага, хіба́ можа дэман адкрыва́ць вочы сляпы́м?

22. І наста́ла ў Іерусаліме свята аднаўле́ння, і была́ зіма;

23. і хадзіў Іісус у хра́ме, у прытво́ры Саламонавым.

24. Абступíлі Яго Іудзеі і казалі Яму: даку́ль Ты будзеш тамíць ду́шы нашы? калі Ты Хрыстос, скажы нам адкры́та.

25. Адказаў ім Іісус: Я сказаў вам, і вы не ве́рыце; справы, якія Я раблю ў імя́ Айца Майго, яны све́дчаць пра Мяне;

26. але вы не ве́рыце, бо вы не з авечак Маіх, як Я сказаў вам;

27. авечкі Мае́ голасу Майго слу́хаюцца, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною,

28. і Я жыццё вечнае даю́ ім, і не загíнуць даве́ку, і не вы́рве іх ніхто з рукí Маёй;

29. Айцец Мой, Які даў Мне іх, бо́льшы за ўсіх, і ніхто не можа вы́рваць іх з рукí Айца Майго;

30. Я і Айцец — адно.

31. І ўзялí зноў камянí Іудзеі, каб пабíць Яго.

32. Сказаў ім Іісус: многа добрых спраў паказаў Я вам ад Айца Майго; за якую з гэтых спраў вы хочаце пабíць Мяне камяня́мі?

33. Адказалі Яму Іудзеі, гаво́рачы: не за добрую справу мы хочам пабíць Цябе камяня́мі, а за блюзне́рства і за тое, што Ты, бу́дучы чалавекам, робіш Сябе Богам.

34. Адказаў ім Іісус: хіба́ не напíсана ў законе вашым: “Я сказаў: вы багі”.

35. Калі Ён назваў бага́мі тых, да каго было зве́рнута слова Божае, а Піса́нне не можа быць пару́шана,

36. тады як жа Таму, Каго Айцец асвяцíў і паслаў у свет, вы ка́жаце: “блюзне́рыш”, пако́лькі Я сказаў: “Я Сын Божы”?

37. калі Я не раблю спраў Айца Майго, то не ве́рце Мне;

38. а калі раблю, то, калі Мне не ве́рыце, дык справам ве́рце, каб вы спазна́лі і ўве́равалі, што Айцец ува Мне і Я ў Ім.

39. Тады шукалі зноў, як схапíць Яго, але Ён унíк рук іх

40. і пайшоў зноў за Іардан, на тое месца, дзе ране́й хрысцíў Іаан, і застаўся там.

41. І многія прыйшлí да Яго і гаварылі, што Іаан не зрабіў ніякага цу́ду; але ўсё, што сказаў Іаан пра Яго, праўдзíвае было́.

42. І многія там уве́равалі ў Яго. 

 

Раздзел 11 

1. Быў жа хворы нейкі Лазар з Віфа́ніі, з пасе́лішча Марыі і Марфы, сястры яе.

2. Марыя ж была́ тая, што пама́зала Госпада мíрам і абце́рла Яго ногі валаса́мі сваімі; яе брат Лазар быў хворы.

3. Тады пасла́лі сёстры сказаць Яму: Госпадзі! вось, той, каго Ты лю́біш, хворы.

4. Пачуўшы гэта, Іісус сказаў: гэтая хвароба не на смерць, а дзе́ля сла́вы Божай, каб прасла́ўлены быў Сын Божы праз яе.

5. А Іісус любіў Марфу, і сястру яе, і Лазара;

6. калі ж пачуў, што той хворы, тады прабы́ў у тым месцы, дзе знаходзіўся, два дні;

7. пасля гэтага кажа вучням: пойдзем у Іудзею зноў.

8. Кажуць Яму вучні: Раввí! нядаўна Іудзеі шука́лі пабіць Цябе камяня́мі, і Ты зноў ідзе́ш туды?

9. Адказаў Іісус: хіба́ не дванаццаць гадзíн у дні? хто ходзіць удзе́нь, той не спатыка́ецца, бо святло свету гэтага бачыць;

10. а хто ходзіць уначы́, той спатыка́ецца, бо няма святла ў ім.

11. Сказаў Ён гэта і потым гаворыць ім: Лазар, друг наш, засну́ў, але Я іду, каб разбудзíць яго.

12. Сказалі тады вучні Яго: Госпадзі! калі засну́ў, то вы́здаравее.

13. Гаварыў Іісус пра смерць яго; а яны думалі, што Ён гаворыць пра спачы́нак у сне.

14. Тады сказаў ім Іісус адкрыта: Лазар памёр;

15. і Я рады за вас, што Мяне там не было́, каб вы ўве́равалі; але пойдзем да яго.

16. Тады Фама, якога называлі Блізню́к, сказаў іншым вучням: пойдзем і мы, каб паме́рці з Ім.

17. Прыйшо́ўшы, Іісус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

18. Віфа́нія ж была́ блізка ад Іерусаліма, ста́дыяў за пятнаццаць,

19. і многія з Іудзеяў папрыхо́дзілі да Марфы і Марыі, каб суце́шыць іх у сму́тку па браце іх.

20. Марфа, калі пачула, што Іісус ідзе, пайшла насу́страч Яму; Марыя ж дома сядзела.

21. Сказала тады Марфа Іісусу: Госпадзі! калі б Ты быў тут, брат мой не памёр бы;

22. але я і цяпер ведаю, што ўсё, чаго Ты папросіш у Бога, дасць Табе Бог.

23. Кажа ёй Іісус: уваскрэ́сне брат твой.

24. Кажа Яму Марфа: ведаю, што ўваскрэ́сне ў час уваскрасе́ння, у апошні дзень.

25. Сказаў ёй Іісус: Я — уваскрасе́нне і жыццё; хто ве́руе ў Мяне, калі і памрэ́, будзе жыць;

26. і кожны, хто жыве́ і веруе ў Мяне, не памрэ́ даве́ку. Ты верыш у гэта?

27. Яна кажа Яму: так, Госпадзі! я ўве́равала, што Ты Хрыстос, Сын Божы, Які прыхо́дзіць у свет.

28. І, сказаўшы гэта, яна пайшла і ўпо́тай паклíкала Марыю, сястру сваю, ка́жучы: Настаўнік тут і клíча цябе.

29. Та́я, як толькі пачу́ла, устала спе́шна і пайшла да Яго.

30. Іісус яшчэ не ўвайшоў у пасе́лішча, а быў на тым месцы, дзе сустрэ́ла Яго Марфа.

31. Іудзеі ж, якія былí з ёю ў доме і суцяша́лі яе, убачыўшы, як Марыя ўстала спе́шна і выйшла, пайшлі за ёю, ка́жучы, што яна ідзе на магілу, каб плакаць там.

32. А Марыя, калі прыйшла туды, дзе быў Іісус, уба́чыўшы Яго, упа́ла Яму ў ногі і сказала Яму: Госпадзі! калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

33. Іісус жа, калі ўбачыў, што яна пла́ча і пла́чуць Іудзеі, якія прыйшлі з ёю, Сам узру́шыўся духам і расхвалява́ўся,

34. і сказаў: дзе вы пакла́лі яго? Кажуць Яму: Госпадзі! пайдзí і паглядзí.

35. Праслязíўся Іісус;

36. гаварылі тады Іудзеі: бач, як Ён любіў яго!

37. А некато́рыя з іх казалі: хіба́ не мог Ён, Які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

38. Іісус жа, зноў узру́шаны ў Сабе, падыхо́дзіць да магілы. Гэта была пячора, і ка́мень ляжаў на ёй.

39. Кажа Іісус: адымíце ка́мень. Кажа Яму сястра паме́рлага, Марфа: Госпадзі, ужо смярдзíць, бо чацвёрты дзень ляжы́ць.

40. Кажа ёй Іісус: ці не гаварыў Я табе, што, калі ўверуеш, то ўбачыш славу Божую?

41. Тады аднялí ка́мень ад пячоры, дзе ляжаў паме́рлы. Іісус жа ўзвёў вочы ўгару́ і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне;

42. Я і ведаў, што Ты заўсёды Мяне чуеш, але сказаў гэта дзе́ля людзей, якія стаяць вако́л, каб яны ўве́равалі, што Ты Мяне паслаў.

43. І, сказаўшы гэта, Ён моцным голасам усклíкнуў: Лазар! вы́йдзі сюды́.

44. І вы́йшаў паме́рлы, абвíты па нагах і руках пахава́льным палатно́м, і твар яго быў абвя́заны ху́стаю. Кажа ім Іісус: развяжы́це яго і пусцíце, няхай ідзе.

45. Тады многія з Іудзеяў, якія прыйшлі да Марыі і ўбачылі, што́ зрабіў Іісус, уве́равалі ў Яго;

46. А некато́рыя з іх пайшлі да фарысеяў і сказалі ім, што́ зрабіў Іісус.

47. Сабра́лі тады першасвятары́ і фарысеі ра́ду і гаварылі: што́ нам рабіць? Чалавек Гэты многа цу́даў робіць;

48. калі пакíнем Яго так, то ўсе ўве́руюць у Яго; і пры́йдуць Ры́мляне і захопяць месца наша і народ.

49. Адзін жа з іх, нехта Каіа́фа, які быў першасвятаро́м у той год, сказаў ім: вы не ве́даеце нічога

50. і не разуме́еце, што лепш нам, каб адзін чалавек памёр за людзей, а не ўвесь народ загíнуў.

51. Гэта ж ён не ад сябе сказаў, а, пако́лькі быў першасвятаро́м у той год, прарочыў, што Іісусу нале́жала памерці за народ,

52. і не толькі за народ, але каб і параскіда́ных дзяце́й Божых сабра́ць у адно.

53. З таго дня яны пастанавíлі забіць Яго.

54. Таму Іісус ужо не хадзіў адкрыта сярод Іудзеяў, а пайшоў адтуль у краіну каля пусты́ні, у горад, называ́ны Ефраíм, і там заста́ўся з вучнямі Сваімі.

55. А набліжа́лася Пасха Іудзейская, і прыйшлі многія ў Іерусалім з усёй краіны перад Пасхаю, каб ачы́сціцца.

56. Шукалі тады Іісуса і гаварылі паміж сабою, стоячы ў храме: як вы думаеце, ці не пры́йдзе Ён на свята?

57. А першасвятары́ і фарысеі далí загад: калі хто даве́даецца, дзе Ён, няхай данясе́, каб схапíць Яго. 

 

Раздел 12

1. Іісус жа за шэсць дзён да Пасхі прыйшоў у Віфа́нію, дзе быў Лазар паме́рлы, якога Ён уваскрасíў з мёртвых.

2. І прыгатава́лі Яму вячэ́ру там, і Марфа прыслуго́ўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзляжа́лі з Ім.

3. Марыя ж, узяўшы фунт мíра з на́рду чыстага, шматкашто́ўнага, пама́зала ногі Іісусавы і вы́церла валаса́мі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся духмя́насцю мíра.

4. Тады кажа адзін з вучняў Яго, Іуда Сíманаў Іскарыёт, які меўся вы́даць Яго:

5. чаму гэтае мíра не прадалí за трыста дына́рыяў і не разда́лі ўбо́гім?

6. Сказаў жа ён гэта не таму, што клапацíўся пра ўбогіх, а таму, што быў зло́дзеем і, ма́ючы скарбо́нку, краў тое, што туды кла́лі.

7. Сказаў тады Іісус: пакінь яе, каб на дзень пахава́ння Майго яна захава́ла гэта,

8. таму што ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.

9. Даве́далася ж мноства народу з Іудзеяў, што Ён там, і папрыхо́дзілі не толькі дзе́ля Іісуса, але і каб паба́чыць Лазара, якога Ён уваскрасíў з мёртвых.

10. А першасвятары́ пастанавíлі і Лазара забіць,

11. бо многія з Іудзеяў дзе́ля яго прыхо́дзілі і ве́равалі ў Іісуса.

12. На другí дзень мноства людзей, якія прыйшлі на свята, пачуўшы, што Іісус ідзе ў Іерусалім,

13. узялí па́льмавыя галíны і вы́йшлі насу́страч Яму, і ўскліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе, Цар Ізра́ілеў!

14. Іісус жа, знайшо́ўшы асляня́, сеў на яго, як напíсана:

15. “не бойся, дачка́ Сіёнава! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на малады́м асле́”.

16. Гэтага спача́тку не зразуме́лі вучні Яго, а калі прасла́ўлены быў Іісус, тады яны ўспо́мнілі, што гэта было́ пра Яго напíсана і гэта зрабíлі Яму.

17. Народ жа, які быў з Ім раней, све́дчыў, што Ён вы́клікаў Лазара з магíлы і ўваскрасíў Яго з мёртвых;

18. таму і вы́йшаў насу́страч Яму народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.

19. А фарысеі гаварылі між сабою: бачыце, што нічога не дапамага́е? вось, увесь свет за Ім пайшоў.

20. Былí і некато́рыя э́ліны сярод тых, што прыйшлі, каб пакланíцца ў свята;

21. яны падышлí да Філіпа, які быў з Віфсаíды Галіле́йскай, і прасілі яго, ка́жучы: спада́р, мы хочам Іісуса бачыць.

22. Прыхо́дзіць Філіп і кажа пра гэта Андрэю; а потым Андрэй і Філіп кажуць Іісусу.

23. Іісус жа сказаў ім у адказ: надышо́ў час быць прасла́ўленым Сыну Чалавечаму;

24. праўду, праўду кажу вам: калі зерне пшанічнае, упа́ўшы ў зямлю́, не памрэ́, то яно застане́цца адно, а калі памрэ́, то бага́ты плён дасць;

25. хто лю́біць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто ненавíдзіць душу́ сваю ў све́це гэтым, той для жыцця́ ве́чнага захава́е яе;

26. калі хто Мне слу́жыць, няха́й ідзе́ ўслед за Мною; і дзе Я, там і слуга́ Мой будзе; і калі хто Мне слу́жыць, ушану́е яго Айцец Мой;

27. цяпер душа́ Мая ўстрыво́жана; і што́ Мне сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гадзíны гэтай! але дзе́ля гэтага Я прыйшо́ў, на гадзíну гэтую;

28. Ойча, прасла́ў імя́ Тваё! Прыйшо́ў тады голас з неба: і прасла́віў, і яшчэ прасла́ўлю.

29. Народ жа, які стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. Іншыя казалі: Ангел прамаўля́ў да Яго.

30. На гэта Іісус сказаў: не дзе́ля Мяне быў голас гэты, а дзе́ля вас;

31. цяпер суд све́ту гэтаму; цяпер князь свету гэтага вы́гнаны будзе вон;

32. і калі Я буду ўзне́сены ад зямлí, усіх прыцягну́ да Сябе.

33. Гэта Ён гаварыў, ука́зваючы, якою сме́рцю Ён ма́е паме́рці.

34. Адказаў Яму народ: мы чулі з закону, што Хрыстос застае́цца на ве́кі; дык як жа Ты кажаш, што ўзне́сены павíнен быць Сын Чалавечы? хто Гэты Сын Чалавечы?

35. Сказаў ім тады Іісус: яшчэ на малы́ час святло з вамі; хадзíце, паку́ль святло ма́еце, каб це́мра вас не агарну́ла; а хто ходзіць у це́мры, той не ведае, куды ідзе;

36. пакуль святло ма́еце, ве́руйце ў святло, каб стаць сына́мі святла. Прамовіў гэта Іісус і, адышоўшы, скры́ўся ад іх.

37. І хоць гэ́тулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны не ве́равалі ў Яго,

38. каб збыло́ся слова Іса́іі прарока, які казаў: Госпадзі! хто паве́рыў пачу́таму ад нас, і рука Гасподняя каму адкры́лася?

39. З-за таго не маглі яны ве́раваць, што, як яшчэ сказаў Іса́ія:

40. Ён асляпíў вочы іх і скамянíў сэ́рцы іх, каб не бачылі вачы́ма і не разуме́лі сэ́рцам, і не звярну́ліся, каб Я ацалíў іх.

41. Гэта сказаў Іса́ія, калі бачыў славу Яго і гаварыў пра Яго.

42. Аднак жа і з начальнікаў многія ўве́равалі ў Яго, але з-за фарысеяў не прызнава́ліся, каб іх не адлучы́лі ад сінагогі,

43. бо яны ўзлюбíлі больш славу чалавечую, чым славу Божую.

44. Іісус жа ўсклíкнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне, не ў Мяне ве́руе, а ў Таго, Хто пасла́ў Мяне;

45. і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто пасла́ў Мяне;

46. Я — святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне, не заста́ўся ў це́мры;

47. і калі хто пачу́е словы Мае́ і не паве́рыць, Я не суджу́ яго, бо Я прыйшоў не судзíць свет, а спасцí свет;

48. хто адвярга́е Мяне і не прыма́е слоў Маіх, ма́е суддзю́ сабе: слова, якое Я прамаўля́ў, яно будзе судзíць яго ў апошні дзень;

49. бо Я не ад Сябе прамаўля́ў, а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён Мне за́паведзь даў, што́ казаць і што́ прамаўля́ць;

50. і Я ведаю, што за́паведзь Яго ёсць жыццё вечнае; таму тое, што Я кажу, як сказаў Мне Айцец, так і кажу.

 

Раздзел 13

1. А перад свя́там Пасхі, ве́даючы, што прыйшоў Яго час перайсцí з гэтага све́ту да Айца, Іісус, узлюбíўшы Сваіх, якія ў све́це, да канца ўзлюбíў іх.

2. І падчас вячэ́ры, калі дыявал ужо ўклаў у сэ́рца Іуды Сíманавага Іскарыёта наме́р вы́даць Яго,

3. Іісус, ве́даючы, што Айцец усё адда́ў у ру́кі Яго, і што Ён ад Бога вы́йшаў і да Бога ідзе́,

4. устае́ ад вячэ́ры і здыма́е во́пратку, і, узя́ўшы ручнíк, падпяра́зваецца;

5. потым наліва́е ваду́ ва ўмыва́льніцу і пачына́е абмыва́ць ногі ву́чням і выціра́ць ручніко́м, якім быў падпяра́заны.

6. Падыхо́дзіць Ён да Сíмана Пятра, і той кажа Яму: Госпадзі! няўжо Ты будзеш мыць мае́ ногі?

7. У адказ Іісус сказаў яму: што́ Я раблю, ты цяпер не ве́даеш, а зразуме́еш по́тым.

8. Кажа Яму Пётр: не будзеш мыць ног маіх даве́ку. Адказаў яму Іісус: калі не абмы́ю цябе, не будзеш мець супо́льнасці са Мною.

9. Кажа Яму Сíман Пётр: Госпадзі! не толькі ногі мае́, але і ру́кі, і галаву.

10. Кажа яму Іісус: абмы́тага няма патрэ́бы мыць, хіба́ толькі ногі, а ўвесь ён чысты, і вы чыстыя, але не ўсе.

11. Ён ведаў, хто вы́дасць Яго, таму і сказаў: не ўсе вы чыстыя.

12. Калі ж абмы́ў ногі ім і ўзяў вопратку Сваю, узлёг Ён зноў і сказаў ім: ці ведаеце, што́ Я зрабіў вам?

13. Вы называ́еце Мяне Вучы́целем і Госпадам, і пра́вільна ка́жаце, бо так і ёсць;

14. дык вось, калі Я, Гасподзь і Вучы́цель, абмы́ў вам ногі, то і вы павíнны адзін аднаму абмыва́ць ногі,

15. бо Я даў вам пры́клад, каб так, як Я зрабіў вам, рабілі і вы;

16. праўду, праўду кажу вам: раб не бо́льшы за гаспадара́ свайго, і паслане́ц не бо́льшы за таго, хто пасла́ў яго;

17. ве́даючы гэта, блажэ́нныя вы, калі робіце гэта;

18. не пра ўсіх вас кажу, бо Я ведаю, каго вы́браў; але няхай спра́ўдзіцца Пісанне: “той, хто есць са Мною хлеб, падня́ў на Мяне пяту́ сваю”;

19. кажу вам гэта цяпер, раней, чым яно збыло́ся, каб, калі збу́дзецца, вы ўве́равалі, што гэта Я;

20. праўду, праўду кажу вам: хто прыма́е таго, каго Я пашлю, той Мяне прыма́е, а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто пасла́ў Мяне.

21. Сказаўшы гэта, Іісус узру́шыўся духам, і засве́дчыў, і сказаў: праўду, праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне!

22. Глядзе́лі тады адзін на аднаго вучні, недаўмява́ючы, пра каго Ён гаво́рыць.

23. Адзін жа з вучняў Яго, якога любіў Іісус, узляжа́ў каля Іісуса;

24. тады ківа́е яму Сíман Пётр, каб спыта́ўся, хто той, пра якога Ён гаворыць.

25. І ён, прыхілíўшыся да грудзе́й Іісуса, кажа Яму: Госпадзі! хто гэта?

26. Адка́звае Іісус: гэта той, каму Я, абмакну́ўшы, кава́лак хле́ба пада́м. І, абмакну́ўшы хлеб, дае́ Іудзе Сíманаву Іскарыёту.

27. І тады, пасля гэтага кава́лка, увайшо́ў у яго сатана. І кажа яму Іісус: што́ робіш, рабі хутчэй.

28. Але ніхто з тых, што ўзляжа́лі, не зразуме́ў, пра што Ён сказаў яму.

29. Бо некато́рыя думалі, што, пако́лькі ў Іуды была́ скарбо́нка, то Іісус кажа яму: купі, што нам трэба на свята; альбо, каб убо́гім нешта даў.

30. Ён жа, узя́ўшы той кава́лак хле́ба, адразу вы́йшаў; а была́ ноч. Калі ён выйшаў,

31. кажа Іісус: цяпер прасла́віўся Сын Чалавечы, і Бог прасла́віўся ў Ім;

32. калі Бог прасла́віўся ў Ім, то і Бог прасла́віць Яго ў Сабе, і неўзаба́ве прасла́віць Яго;

33. дзеткі! ужо нядо́ўга Мне быць з вамі; бу́дзеце шукаць Мяне, і як Я сказаў Іудзеям: “куды Я іду, вы не можаце прыйсцí”, так і вам кажу цяпер;

34. за́паведзь новую даю́ вам: каб вы любíлі адзін аднаго́; як Я ўзлюбíў вас, так і вы любíце адзін аднаго́;

35. па тым пазна́юць усе, што вы Мае́ вучні, калі любоў будзеце мець памíж сабою.

36. Кажа Яму Сíман Пётр: Госпадзі! куды Ты ідзе́ш? Адказаў яму Іісус: куды Я іду, ты не можаш за Мною цяпер ісцí; але потым по́йдзеш за Мною.

37. Кажа Яму Пётр: Госпадзі! чаму я не магу за Табою ісцí цяпер? я душу́ маю́ за Цябе палажу́.

38. Адказаў яму Іісус: душу́ тваю за Мяне пало́жыш? праўду, праўду кажу табе: не прапяе́ певень, як ты адрачэ́шся ад Мяне тройчы.

 

Раздзел 14

1. Няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша; ве́руйце ў Бога, і ў Мяне ве́руйце;

2. у доме Айца Майго абíцеляў многа; а калі б не так, Я сказаў бы вам: іду падрыхтава́ць ме́сца вам;

3. і калі пайду́ і падрыхту́ю ме́сца вам, зноў прыйду́ і вазьму́ вас да Сябе, каб там, дзе Я, былí і вы;

4. а куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце.

5. Кажа Яму Фама: Госпадзі! мы не ведаем, куды Ты ідзе́ш; і як мы можам шлях ведаць?

6. Кажа яму Іісус: Я — шлях і íсціна, і жыццё: ніхто не прыхо́дзіць да Айца інакш, як праз Мяне;

7. калі б ведалі вы Мяне, то і Айца Майго ве́далі б; і з гэтага часу ве́даеце Яго і ба́чылі вы Яго.

8. Кажа яму Філіп: Госпадзі! пакажы́ нам Айца, і дастатко́ва для нас.

9. Кажа яму Іісус: гэ́тулькі ча́су Я з вамі, і ты не пазна́ў Мяне, Філіп? хто бачыў Мяне, той бачыў Айца; як жа ты кажаш: “пакажы́ нам Айца”?

10. ці не верыш, што Я ў Айцу́ і Айцец ува Мне? словы, якія Я гавару вам, Я не ад Сябе гавару; Айцец, які ўва Мне, Ён здзяйсня́е спра́вы;

11. ве́рце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне; а калі не, то з-за самы́х спраў ве́рце Мне;

12. праўду, праўду кажу вам: хто ве́руе ў Мяне, той здзе́йсніць спра́вы, якія Я здзяйсня́ю, і бо́льшыя за іх здзе́йсніць; таму што Я да Айца Майго іду;

13. і чаго ні папро́сіце ў імя́ Маё, тое зраблю́, каб прасла́віўся Айцец у Сыне;

14. калі чаго папро́сіце ў імя́ Маё, Я зраблю́;

15. калі лю́біце Мяне, то за́паведзі Мае вы́канайце,

16. і Я ўмалю́ Айца, і другога Уцяшы́целя Ён дасць вам, каб быў з вамі даве́ку,

17. Духа íсціны, Якога свет не можа прыня́ць, бо не бачыць Яго і не ве́дае Яго; а вы ве́даеце Яго, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе;

18. не пакíну вас сіро́тамі, прыйду́ да вас;

19. яшчэ трохі, і свет ужо не ўба́чыць Мяне, а вы ўба́чыце Мяне, бо Я жыву́, і вы жыць будзеце;

20. у той дзень даве́даецеся вы, што Я у Айцу Маім, і вы ўва Мне, і Я ў вас;

21. хто ма́е за́паведзі Мае́ і выко́нвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто лю́біць Мяне, таго будзе любíць Айцец Мой, і Я ўзлюблю яго і яўлю́ яму Сябе.

22. Кажа Яму Іуда, не Іскарыёт: Госпадзі! што́ ста́лася, што Ты хочаш явíць Сябе нам, а не свету?

23. У адказ Іісус сказаў яму: хто лю́біць Мяне, той вы́канае слова Маё; і Айцец Мой узлю́біць яго, і Мы пры́йдзем да яго і абíцель у яго ство́рым;

24. хто не лю́біць Мяне, той не выко́нвае слоў Маіх; слова ж, якое вы чу́еце, не Маё, а Айца, Які пасла́ў Мяне;

25. гэта сказаў Я вам, бу́дучы з вамі;

26. Уцяшы́цель жа, Дух Святы́, Якога пашле́ Айцец у імя́ Маё, наву́чыць вас усяму і напо́мніць вам усё, што Я казаў вам;

27. мір пакіда́ю вам, мір Мой даю вам; не так, як свет дае́, Я даю́ вам; няхай не трыво́жыцца сэ́рца ваша і не баіцца;

28. вы чулі, што Я сказаў вам: адыхо́джу і прыйду́ да вас; калі б вы любíлі Мяне, то ўзра́даваліся б, што Я сказаў: іду да Айца, бо Айцец Мой бо́льшы за Мяне;

29. і Я сказаў вам цяпер, перш, чым збыло́ся, каб вы паве́рылі, калі збу́дзецца.

30. Ужо няшма́т Я буду гаварыць з вамі; бо ідзе князь свету гэтага і ўва Мне не ма́е нічога;

31. але каб ведаў свет, што Я люблю́ Айца і, як запаве́даў Мне Айцец, так раблю, — уста́ньце, по́йдзем адгэ́туль.

 

Раздзел 15

1. Я — сапра́ўдная вінагра́дная Лаза́, а Айцец Мой — Вінагра́дар;

2. усякую галíну на Мне, якая не прыно́сіць пло́ду, Ён адсяка́е; і ўсякую, што прыно́сіць плод, ачышча́е, каб бо́льшы плод прыно́сіла.

3. Вы ўжо ачы́шчаны праз слова, якое Я гаварыў вам.

4. Бу́дзьце ўва Мне, і Я ў вас. Як галíна не можа прыно́сіць пло́ду сама па сабе, калі не будзе на лазе́, так і вы, калі ўва Мне не будзеце.

5. Я — вінагра́дная Лаза́, вы — галíны; хто знахо́дзіцца ўва Мне, а Я ў ім, той прыно́сіць многа пло́ду, бо без Мяне не мо́жаце рабіць нічога;

6. хто не будзе ўва Мне, той будзе вы́кінуты вон, як галíна, і засохне; і збіра́юць іх, і кíдаюць у агонь, і яны згара́юць;

7. калі будзеце ўва Мне і сло́вы Мае́ ў вас будуць, тады чаго хочаце прасíце, і будзе вам;

8. тым прасла́віцца Айцец Мой, калі вы многа пло́ду прынесяце́ і будзеце Маімі ву́чнямі.

9. Як узлюбíў Мяне Айцец, так і Я ўзлюбíў вас; бу́дзьце ў любо́ві Маёй;

10. калі вы за́паведзі Мае́ вы́канаеце, то бу́дзеце ў любо́ві Маёй, як і Я за́паведзі Айца Майго вы́канаў і знахо́джуся ў Яго любо́ві;

11. гэта сказаў Я вам, каб ра́дасць Мая́ ў вас была́ і каб радасць ваша была́ по́ўная;

12. вось за́паведзь Мая́: каб вы любíлі адзін аднаго́, як Я ўзлюбíў вас;

13. бо́льшай любо́ві ні ў кога няма, як тая, калі хто душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх.

14. Вы сябры́ Мае́, калі ро́біце тое, што Я запаве́дую вам;

15. Я ўжо не называ́ю вас раба́мі, бо раб не ведае, што робіць гаспада́р яго; а Я назва́ў вас сябра́мі, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я паве́даў вам;

16. не вы Мяне вы́бралі, а Я вас вы́браў і паста́віў вас, каб вы ішлі і плод прыно́сілі, і плод ваш застава́ўся; каб, чаго ні папро́сіце ў Айца ў імя́ Маё, Ён даў вам.

17. Гэта запаве́дую вам: каб любíлі адзін аднаго;

18. калі свет вас ненавíдзіць, ве́дайце, што Мяне ён перш чым вас узненавíдзеў;

19. калі б вы ад свету былí, то свет любíў бы сваё; але пако́лькі вы не ад свету, а Я вы́браў вас ад свету, таму ненавíдзіць вас свет.

20. Па́мятайце слова, якое Я сказаў вам: раб не бо́льшы за гаспадара свайго; калі Мяне гна́лі, і вас будуць гнаць; калі Маё слова выко́нвалі, і ваша будуць выко́нваць;

21. але ўсё гэта будуць рабíць вам за імя́ Маё, бо не ве́даюць Таго, Хто паслаў Мяне;

22. калі б Я не прыйшоў і не гаварыў ім, то не ме́лі б граху́; а цяпер не ма́юць апраўда́ння за грэх свой;

23. хто ненавíдзіць Мяне, той і Айца Майго ненавíдзіць;

24. калі б Я сярод іх не зрабіў спраў, якіх ніхто іншы не рабіў, то граху́ не ме́лі б яны; цяпер жа і бачылі, і ўзненавíдзелі Мяне і Айца Майго;

25. але няхай збу́дзецца слова, напíсанае ў законе іх: “узненавíдзелі Мяне без прычы́ны”.

26. Калі ж пры́йдзе Уцяшы́цель, Якога Я пашлю вам ад Айца, Дух íсціны, Які ад Айца зыхо́дзіць, Ён будзе све́дчыць пра Мяне,

27. і вы све́дчыце, таму што вы ад пача́тку са Мною.

 

Раздзел 16

1. Гэта сказаў Я вам, каб вы не спакусíліся;

2. адлу́чаць вас ад сінагог; надыхо́дзіць нават час, калі кожны, хто будзе забіва́ць вас, будзе думаць, што ён слу́жыць Богу;

3. і так будуць рабіць, бо не спазна́лі ні Айца, ні Мяне.

4. Але гэта сказаў Я вам, каб вы, калі пры́йдзе час, згада́лі тое, што Я гаварыў вам; спача́тку ж гэтага Я вам не гаварыў, бо з вамі быў;

5. а цяпер іду да Таго, Хто пасла́ў Мяне, і ніхто з вас не пыта́ецца ў Мяне: куды ідзе́ш?

6. Але ад таго, што Я сказаў вам гэта, сму́так напоўніў сэ́рцы вашы.

7. Але Я íсціну кажу́ вам: лепш для вас, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Уцяшы́цель не пры́йдзе да вас; калі ж пайду, то пашлю Яго да вас,

8. і, прыйшо́ўшы, Ён пака́жа свету, у чым грэх, і праўда, і суд:

9. грэх жа ў тым, што не ве́руюць у Мяне;

10. а праўда ў тым, што Я іду́ да Айца Майго, і ўжо не ўба́чыце Мяне;

11. а суд у тым, што князь свету гэтага асу́джаны.

12. Яшчэ многае ма́ю сказаць вам, але вы не здо́лееце ўспрыня́ць цяпер;

13. калі ж пры́йдзе Ён, Дух ісціны, то наста́віць вас на ўсю íсціну, бо Ён не ад Сябе гавары́ць будзе, а тое, што пачуе, будзе гавары́ць, і будучыню абве́сціць вам;

14. Ён Мяне прасла́віць, бо з Майго во́зьме і абве́сціць вам;

15. усё, што ма́е Айцец, — Маё; таму Я сказаў, што з Майго во́зьме і абве́сціць вам;

16. яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне, бо Я іду да Айца.

17. Гаварылі ж некато́рыя з вучняў Яго між сабою: што́ гэта Ён кажа нам: “яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне; і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне” і “Я іду да Айца”?

18. І гаварылі: што́ гэта значыць, што Ён кажа: “яшчэ трохі”? не ведаем, што́ Ён гаво́рыць.

19. Ведаў Іісус, што хочуць спыта́цца ў Яго, і сказаў ім: вы пра тое пыта́ецеся адзін у аднаго́, што Я сказаў: “яшчэ трохі, і не ўба́чыце Мяне, і зноў трохі, і ўба́чыце Мяне”?

20. праўду, праўду кажу вам, што бу́дзеце плакаць і галасíць вы, а свет будзе ра́давацца; вы смуткава́ць бу́дзеце, але сму́так ваш у радасць абе́рнецца;

21. жанчына, калі нараджа́е, гару́е, бо прыйшла́ гадзíна яе, а калі наро́дзіць дзіця́, то ўжо не па́мятае го́ра ад радасці, бо нарадзíўся чалавек на свет;

22. так і вы сму́так цяпер ма́еце, але Я зноў убачу вас, і ўзра́дуецца сэ́рца ваша, і радасці вашай ніхто не ады́ме ў вас;

23. і ў той дзень не будзеце пыта́цца ў Мяне ні пра што; праўду, праўду кажу вам: чаго ні папро́сіце Айца ў імя́ Маё, Ён дасць вам;

24. дагэ́туль вы не прасілі нічога ў імя́ Маё; прасíце і атрыма́еце, каб радасць ваша была поўная;

25. гэта ў прытчах Я гаварыў вам; але надыхо́дзіць час, калі ўжо не ў прытчах буду гавары́ць, а адкры́та пра Айца абвяшчу́ вам;

26. у той дзень у імя́ Маё будзеце прасіць, і не кажу вам, што Я буду малíць Айца за вас,

27. бо Сам Айцец лю́біць вас, таму што вы Мяне ўзлюбíлі і ўве́равалі, што Я ад Бога вы́йшаў;

28. Я вы́йшаў ад Айца і прыйшо́ў у свет; і зноў пакіда́ю свет і іду да Айца.

29. Кажуць Яму вучні Яго: вось цяпер Ты адкры́та гаворыш і прытчы ніякай не раска́зваеш;

30. цяпер ведаем, што Ты ведаеш усё і не маеш патрэ́бы, каб хто ў Цябе пыта́ўся; таму ве́руем, што Ты ад Бога вы́йшаў.

31. Адказаў ім Іісус: цяпер ве́руеце?

32. вось надыхо́дзіць час, і ўжо наста́ў, калі вы рассе́ецеся кожны ў свой бок і Мяне пакíнеце аднаго́; але Я не адзін, бо Айцец са Мною;

33. гэта сказаў Я вам, каб вы ўва Мне мір мелі; у свеце го́ра зазна́еце, але мужа́йцеся: Я перамо́г свет.

 

Раздзел 17

1. Прамо́віўшы гэта, Іісус узвёў вочы Свае да неба і сказаў: Ойча! прыйшоў час: прасла́ў Сы́на Твайго, каб і Сын Твой прасла́віў Цябе,

2. бо Ты даў Яму ўла́ду над усякай пло́ццю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыццё вечнае;

3. а жыццё вечнае ў тым, каб зна́лі Цябе, адзíнага íсціннага Бога, і Таго, Каго Ты пасла́ў: Іісуса Хрыста.

4. Я прасла́віў Цябе на зямлí: завяршы́ў спра́ву, якую Ты даў Мне зрабіць;

5. і цяпер прасла́ў Мяне Ты, Ойча, у Цябе Само́га той сла́ваю, якую Я меў у Цябе ране́й, чым стаў існава́ць свет.

6. Я адкрыў імя́ Тваё лю́дзям, якіх Ты даў Мне ад свету; яны былí Твае, і Ты даў іх Мне, і яны захава́лі слова Тваё;

7. цяпер зразуме́лі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, гэта ад Цябе;

8. бо сло́вы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялí і сапраўды́ зразуме́лі, што Я ад Цябе вы́йшаў, і ўве́равалі, што Ты паслаў Мяне.

9. Я за іх малю́, не за ўвесь свет малю́, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае;

10. і ўсё Маё — Тваё, і Тваё — Маё; і Я прасла́віўся ў іх;

11. і Я ўжо не ў свеце, а яны ў свеце, Я ж да Цябе іду́. Ойча Святы́! захава́й іх у імя́ Тваё, тых, каго Ты даў Мне, каб яны былí адно, як і Мы.

12. Калі Я быў з імі ў свеце, Я захо́ўваў іх у імя́ Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я збяро́г, і ніхто з іх не загíнуў, толькі сын пагíбелі, каб збыло́ся Пісанне;

13. цяпер жа Я да Цябе іду́ і гавару гэта ў свеце, каб яны ме́лі ў сабе радасць Маю́ по́ўную.

14. Я даў ім сло́ва Тваё, і свет узненавíдзеў іх, бо яны не ад свету, як і Я не ад свету;

15. Я не малю́, каб Ты ўзяў іх са све́ту, але каб захава́ў іх ад зла;

16. яны не ад све́ту, як і Я не ад све́ту;

17. асвяцí іх íсцінаю Тваёю: сло́ва Тваё ёсць íсціна.

18. Як Ты пасла́ў Мяне ў свет, так і Я пасла́ў іх у свет,

19. і за іх Я прысвяча́ю Сябе́, каб і яны былí асвячо́ныя íсцінай.

20. Не за іх жа толькі малю́, але і за тых, што ве́руюць у Мяне дзя́куючы слову іх,

21. няхай усе будуць адно: як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, так няхай і яны ў Нас будуць адно, каб уве́раваў свет, што Ты пасла́ў Мяне;

22. і славу, якую Ты даў Мне, Я даў ім; каб яны былí адно, як Мы адно:

23. Я ў іх, і Ты ўва Мне; няхай будуць яны ў даскана́лым адзíнстве, і няхай спазна́е свет, што Ты пасла́ў Мяне і ўзлюбíў іх, як узлюбíў Мяне.

24. Ойча! хачу, каб ты́я, каго Ты даў Мне, там, дзе і Я, былí са Мною, каб яны бачылі славу Маю́, якую Ты даў Мне, бо ўзлюбíў Мяне ране́й заснава́ння све́ту.

25. Ойча Пра́ведны! і свет Цябе не спазна́ў; а Я Цябе спазна́ў, і яны спазна́лі, што Ты пасла́ў Мяне;

26. і Я паве́даў ім імя́ Тваё і паве́даю, каб любоў, якою Ты ўзлюбíў Мяне, у іх была́, і Я ў іх.

 

Раздзел 18

1. Сказаўшы гэта, Іісус вы́йшаў з вучнямі Сваімі на той бок пато́ку Кедро́н, дзе быў сад, у які ўвайшоў Ён Сам і вучні Яго;

2. ве́даў жа гэтае месца і Іуда, які вы́даў Яго, бо там часта збіра́ўся Іісус з вучнямі Сваімі;

3. і вось Іуда, узя́ўшы атрад воінаў і служы́целяў ад першасвятаро́ў і фарысеяў, прыхо́дзіць туды з фа́келамі, і ліхтара́мі, і збро́яй.

4. Іісус жа, ве́даючы ўсё, што з Ім будзе, вы́йшаў і сказаў ім: каго шука́еце?

5. Адказалі Яму: Іісуса Назарэ́я. Кажа ім Іісус: гэта Я. Стаяў жа з імі і Іуда, які вы́даў Яго;

6. і калі Іісус сказаў ім: “гэта Я”, яны адступíлі назад і ўпа́лі на зямлю́.

7. Ён зноў спыта́ўся ў іх: каго шука́еце? Яны сказалі: Іісуса Назарэ́я.

8. Адказаў Іісус: Я сказаў вам, што гэта Я; дык вось, калі Мяне шука́еце, пакіньце іх, няхай ідуць, —

9. каб спо́ўнілася слова, якое Ён сказаў: з тых, каго Ты даў Мне, Я не загубíў нікога.

10. Тады Сíман Пётр, ма́ючы меч, вы́няў яго і ўдарыў першасвятаро́вага раба́ і адсе́к яму правае ву́ха; імя́ раба́ было́ Малх;

11. але Іісус сказаў Пятру: укладзí меч у но́жны; чашу, якую даў Мне Айцец, няўжо́ Я не буду піць яе?

12. Тады атрад воінаў і тысячанача́льнік, і служы́целі Іудзейскія ўзялí Іісуса і звяза́лі Яго,

13. і павялí Яго спачатку да Анны, бо ён быў це́сцем Каіа́фы, які быў першасвятаро́м у той год;

14. гэта быў той Каіа́фа, які даў пара́ду Іудзеям, што лепш, каб адзін чалавек памёр за народ.

15. За Іісусам ішоў Сíман Пётр і другі вучань; вучань жа той быў знаёмы першасвятару́ і ён увайшоў з Іісусам у двор першасвятара́,

16. а Пётр стаяў каля дзвярэ́й зво́нку. Вы́йшаў тады вучань той, які быў знаёмы першасвятару́, і сказаў прыдзве́рніцы, і ўвёў Пятра.

17. Кажа тут служанка-прыдзве́рніца Пятру: і ты ці не з вучняў Гэтага Чалавека? Ён сказаў: не.

18. І стаялі рабы́ і служы́целі, раскла́ўшы во́гнішча, таму што было́ хо́ладна, і грэ́ліся; з імі Пётр таксама стаяў і грэ́ўся.

19. Першасвята́р жа спыта́ўся ў Іісуса пра вучняў Яго і пра вучэ́нне Яго.

20. Адказаў яму Іісус: Я адкрыта гаварыў свету; Я заўсёды навуча́ў у сінагогах і ў храме, дзе заўсёды збіра́юцца Іудзеі, і тайна не гаварыў нічога;

21. чаму ты ў Мяне пыта́ешся? спыта́йся ў тых, якія чулі, што́ Я гаварыў ім; вось яны ведаюць, што́ Я казаў.

22. Калі Ён сказаў гэта, адзін са служы́целяў, што блізка стаяў, ударыў Іісуса па шчацэ і сказаў: так Ты адказваеш першасвятару́?

23. Адказаў яму Іісус: калі Я дрэ́нна сказаў, засве́дчы, што дрэ́нна; а калі добра, чаму ты б’еш Мяне?

24. Тады Анна паслаў Яго, звя́занага, да першасвятара́ Каіа́фы.

25. А Сíман Пётр стаяў і грэ́ўся. Сказалі тады яму: і ты ці не з вучняў Яго? Ён адро́кся і сказаў: не.

26. Кажа адзін з рабоў першасвятара́, свая́к таго, якому Пётр адсе́к ву́ха: хіба́ я не бачыў цябе з Ім у садзе?

27. Пётр ізноў адро́кся; і адразу пе́вень заспява́ў.

28. Тады вядуць Іісуса ад Каіа́фы ў прэто́рыю. Была́ раніца, і яны не ўвайшлі ў прэто́рыю, каб не апага́ніцца, але каб можна было́ есці пасху.

29. Вы́йшаў Пілат да іх і сказаў: якое абвінава́чанне выстаўля́еце вы су́праць Гэтага Чалавека?

30. У адказ яны сказалі яму: калі б Ён не быў злачы́нцам, мы не вы́далі б Яго табе.

31. Тады сказаў ім Пілат: вазьмíце Яго вы і па закону вашаму судзíце Яго. Сказалі яму Іудзеі: нам не дазваля́ецца кара́ць смерцю нікога, —

32. каб спо́ўнілася слова Іісуса, якое Ён сказаў, ука́зваючы, якою смерцю Ён ма́е памерці.

33. Увайшоў тады зноў Пілат у прэто́рыю, і паклíкаў Іісуса, і сказаў Яму: Ты Цар Іудзейскі?

34. Адказаў яму Іісус: ты ад сябе гэта гаво́рыш, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?

35. Адказаў Пілат: хіба́ я Іудзей? народ Твой і першасвятары́ вы́далі Цябе мне; што́ Ты зрабіў?

36. Адказаў Іісус: Царства Маё не ад гэтага свету; калі б ад гэтага свету было́ Царства Маё, то слу́гі Мае́ змага́ліся б за тое, каб Мяне не вы́далі Іудзеям. Але цяпер Царства Маё не адгэ́туль.

37. Тады сказаў Яму Пілат: дык Ты Цар? Адказаў Іісус: ты кажаш, што Я Цар; Я на тое нарадзíўся і на тое прыйшоў у свет, каб све́дчыць пра ісціну; і кожны, хто ад ісціны, слу́хаецца голасу Майго.

38. Кажа Яму Пілат: што ёсць ісціна? І, прамовіўшы гэта, ён зноў вы́йшаў да Іудзеяў і кажа ім: я нія́кай віны не знахо́джу ў Ім;

39. ёсць жа звы́чай у вас, каб каго́сьці аднаго́ я адпуска́ў вам на Пасху; хочаце, адпушчу́ вам Цара Іудзейскага?

40. Тады зноў закрычалі ўсе, ка́жучы: не Яго, а Вара́вву. А Вара́вва быў разбойнік.

 

Раздзел 19

1. Тады ўзяў Пілат Іісуса і аддаў на бічава́нне;

2. і воіны, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, ускла́лі Яму на галаву́ і ў адзе́жу пурпуро́вую апрану́лі Яго,

3. і гаварылі: радуйся, Цар Іудзейскі! І білі Яго па шчо́ках.

4. Пілат выйшаў зноў і кажа ім: вось, я выво́джу Яго да вас, каб вы ведалі, што я нія́кай віны́ ў Ім не знахо́джу.

5. Тады вы́йшаў Іісус у цярно́вым вянцы́ і пурпуро́вай адзе́жы. І кажа ім Пілат: вось Чалавек!

6. Калі ж уба́чылі Яго першасвятары́ і служыцелі, то пачалí крычаць, ка́жучы: распнí, распнí Яго! Кажа ім Пілат: вазьмíце Яго вы і распнíце, бо я не знахо́джу ў Ім віны.

7. Адказа́лі яму Іудзеі: мы закон маем, і па закону нашаму Ён павíнен паме́рці, таму што зрабіў Сябе Сы́нам Божым.

8. Калі пачуў Пілат гэтае слова, то яшчэ больш спало́хаўся,

9. і ўвайшоў у прэто́рыю зноў і кажа Іісусу: адкуль Ты? Іісус жа адка́зу не даў яму.

10. Тады кажа Яму Пілат: мне Ты не гаво́рыш? хіба́ не ведаеш, што я ма́ю ўла́ду распя́ць Цябе і ма́ю ўла́ду адпусцíць Цябе?

11. Адказаў Іісус: ты не меў бы нія́кай ула́ды нада Мною, калі б табе не было да́дзена звыш; таму той, хто вы́даў Мяне табе, бо́льшы грэх ма́е.

12. З гэтага часу Пілат шука́ў, як адпусцíць Яго. Іудзеі ж крычалі, ка́жучы: калі Яго адпу́сціш, ты не друг ке́сару; кожны, хто робіць сябе царом, працíўнік ке́сара.

13. Пілат, пачу́ўшы гэтае слова, вы́веў Іісуса і сеў на судзе́йскае ўзвышэ́нне на месцы, што называ́лася Ліфо́стратон , а па-яўрэйску Гаввафа́.

14. Была́ ж пятніца перад Пасхай, каля шостай гадзíны. І сказаў Пілат Іудзеям: вось Цар ваш!

15. Але яны закрыча́лі: вазьмі, вазьмі, распнí Яго! Кажа ім Пілат: Цара вашага распя́ць? Адказа́лі першасвятары́: няма ў нас цара́, акрамя́ ке́сара.

16. Тады ён аддаў Яго ім на распя́цце. І ўзялí Іісуса і павялі;

17. і, несучы́ крыж Свой, Ён вы́йшаў на ме́сца, называ́нае Ло́бным, што па-яўрэйску называ́ецца Галго́фа,

18. дзе Яго распя́лі і з Ім двух іншых, з аднаго́ бо́ку і з другога, а пасярэ́дзіне Іісуса.

19. І зрабіў на́дпіс Пілат і змясцíў на крыжы́. А было напíсана: Іісус Назаранíн, Цар Іудзейскі.

20. Гэты на́дпіс чыталі многія з Іудзеяў, таму што блізка ад горада было́ тое месца, дзе быў распя́ты Іісус, а напíсана было́ па-яўрэйску, па-грэчаску, па-рымску.

21. Казалі ж Пілату першасвятары́ Іудзейскія: не пішы: “Цар Іудзейскі”, а напішы, што Ён казаў: “Я цар Іудзейскі”.

22. Адказаў Пілат: што́ напіса́ў я, тое напіса́ў.

23. Воіны ж, калі распя́лі Іісуса, узялí адзе́нне Яго і раздзялíлі на чаты́ры часткі, кожнаму воіну частка, і хіто́н; хіто́н жа быў не шы́ты, а суцэ́льна тка́ны ад верху;

24. тады сказалі яны адзін аднаму: не будзем разрыва́ць яго, а кíнем на яго жэ́рабя, чый будзе. Так ме́ла спо́ўніцца Піса́нне, у якім ска́зана: “раздзялíлі адзе́нне Маё між сабою і пра во́пратку Маю́ кíдалі жэ́рабя”. Воіны так і зрабíлі.

25. Стаялі ж каля крыжа́ Іісусавага Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Клео́пава, і Марыя Магдалíна.

26. Іісус жа, уба́чыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любíў, кажа Маці Сваёй: Жанчына, вось сын твой.

27. Потым кажа вучню: вось Маці твая. І з таго часу вучань ўзяў Яе да сябе.

28. Пасля гэтага Іісус, ве́даючы, што ўсё ўжо здзе́йснілася, каб збыло́ся Пісанне, кажа: сма́гну.

29. Тут стаяла пасу́дзіна, по́ўная во́цату. І воіны, напо́ўніўшы гу́бку во́цатам і насадзíўшы яе на сцяблíну ісо́пу, падне́слі да Яго ву́снаў;

30. і калі паспыта́ў Іісус во́цату, Ён сказаў: здзе́йснілася! І, схілíўшы галаву́, аддаў дух.

31. А пако́лькі была́ пятніца, то Іудзеі, каб не засталíся це́лы на крыжы́ ў суботу, — бо вялікі дзень была́ та́я субота, — прасíлі Пілата, каб перабíць у іх го́лені і зняць;

32. і вось прыйшлі воіны і ў першага перабíлі го́лені, і ў другога, распя́тага з Ім;

33. прыйшо́ўшы ж да Іісуса, як уба́чылі, што Ён ужо памёр, то не перабіва́лі ў Яго голеняў;

34. але адзін з воінаў кап’ём праця́ў Яму бок, і адразу вы́цекла кроў і вада;

35. і той, хто бачыў, засве́дчыў, і све́дчанне яго праўдзíвае; і ён ведае, што ісціну гаворыць, каб вы паверылі;

36. бо гэта ста́лася, каб спо́ўнілася Пісанне: “косць Яго не будзе палама́на”;

37. яшчэ і ў другім ме́сцы Пісанне гаворыць: “будуць глядзець на Таго, Каго праця́лі”.

38. Пасля гэтага Іосіф з Арымафе́і, які быў вучнем Іісуса, але та́йным з-за стра́ху перад Іудзеямі, папрасíў Пілата, каб узяць це́ла Іісусава; і Пілат дазво́ліў; тады прыйшоў ён і ўзяў це́ла Іісусава.

39. Прыйшоў і Нікадзім, які прыхо́дзіў ране́й да Іісуса ўначы́, і прынёс су́месь са смíрны і ало́ю фу́нтаў каля ста.

40. Узялí яны це́ла Іісусава і абвілí Яго пало́тнамі з духмя́насцямі, як паво́дле звы́чаю хава́юць Іудзеі.

41. Быў жа на тым ме́сцы, дзе Ён быў распя́ты, сад, і ў са́дзе магіла новая, у якой ніколі яшчэ ніхто не быў пакла́дзены;

42. і там, з-за пятніцы Іудзейскай, пако́лькі блізка была́ магіла, пакла́лі Іісуса.

 

Раздел 20

1. А ў першы дзень тыдня Марыя Магдаліна прыхо́дзіць ра́на, калі было́ яшчэ цёмна, да магілы і бачыць, што ка́мень адва́лены ад магілы;

2. тады бяжы́ць яна і прыхо́дзіць да Сíмана Пятра і да другога вучня, якога любíў Іісус, і кажа ім: узялí Госпада з магілы, і не ведаем, дзе пакла́лі Яго.

3. Вы́йшаў тады Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы;

4. яны бе́глі або́два разам, але другі вучань бег хутчэ́й за Пятра і прыйшоў першым да магілы,

5. і, нахілíўшыся, бачыць, што ляжаць пало́тны; аднак не ўвайшоў.

6. Прыхо́дзіць тады Сíман Пётр усле́д за ім і ўвахо́дзіць у магілу, і бачыць, што ляжа́ць пало́тны

7. і што ху́ста, якая была́ на галаве Яго, не з пало́тнамі ляжы́ць, а асо́бна скру́чаная на іншым ме́сцы.

8. Тады ўвайшоў і другі вучань, што першым прыйшо́ў да магілы, і ўбачыў ён, і ўве́раваў;

9. бо яны яшчэ не ведалі з Пісання, што нале́жыць Яму з мёртвых уваскрэ́снуць.

10. Тады пайшлі вучні зноў да сябе.

11. Марыя ж стаяла зво́нку каля магілы, пла́чучы; і калі плакала, яна нахілíлася да магілы

12. і бачыць двух Ангелаў у белым адзе́нні, якія сядзя́ць адзін у галава́х, другі ў нага́х, дзе ляжа́ла было́ це́ла Іісусава.

13. І яны кажуць ёй: жанчына! чаго ты пла́чаш? Яна кажа ім: узялí Госпада майго, і не ведаю, дзе пакла́лі Яго.

14. Сказа́ўшы гэта, яна абярну́лася назад і ўба́чыла, што стаíць Іісус, але не пазна́ла, што гэта Іісус.

15. Кажа ёй Іісус: жанчына! чаго ты пла́чаш? каго шука́еш? Яна, ду́маючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: гаспада́р! калі ты ўзяў Яго, скажы мне, дзе ты пакла́ў Яго, і я вазьму Яго.

16. Кажа ёй Іісус: Марыя! Яна, абярну́ўшыся, кажа Яму: Раввунí! што значыць: Вучыцель!

17. Кажа ёй Іісус: не дакрана́йся да Мяне, бо Я яшчэ не ўзышо́ў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: узыхо́джу да Айца Майго і Айца вашага, і Бога Майго і Бога вашага.

18. Прыхо́дзіць Марыя Магдалíна і абвяшча́е ву́чням, што ба́чыла Госпада і што Ён гэта сказаў ёй.

19. І ўве́чары таго ж першага дня тыдня, калі дзве́ры там, дзе сабра́ліся вучні, былí замкнёныя з-за стра́ху перад Іудзеямі, прыйшо́ў Іісус і стаў пасярэ́дзіне, і кажа ім: мір вам!

20. І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і бок Свой. І ўзра́даваліся ву́чні, уба́чыўшы Госпада.

21. Іісус жа зноў сказаў ім: мір вам! як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасыла́ю вас.

22. Сказаўшы гэта, дзьму́хнуў і кажа ім: прымíце Духа Святога;

23. каму адпу́сціце грахí, таму будуць адпу́шчаны; на кім пакíнеце, на тым застану́цца.

24. А Фама́, адзін з двана́ццаці, называ́ны Блізню́к, не быў з імі, калі прыхо́дзіў Іісус;

25. казалі яму іншыя вучні: мы бачылі Госпада. Але ён сказаў ім: калі не ўбачу на рука́х Яго ран ад цвіко́ў і не ўкладу́ пальца майго ў ра́ны ад цвіко́ў, і не ўкладу́ рукí маёй у бок Яго, не паве́ру.

26. І праз восем дзён зноў былí ў доме вучні Яго і Фама́ з імі. Прыхо́дзіць Іісус, калі дзверы былí замкнёныя; стаў пасярэ́дзіне і сказаў: мір вам!

27. Потым кажа Фаме́: дай палец твой сюды́ і паглядзí на ру́кі Мае́; і дай руку́ тваю і ўкладзí ў бок Мой; і не будзь няве́руючым, а будзь ве́руючым.

28. У адказ Фама́ сказаў Яму: Гасподзь мой і Бог мой!

29. Кажа яму Іісус: ты ўве́раваў, таму што ўбачыў Мяне; блажэ́нныя тыя, якія не бачылі і ўве́равалі.

30. Многа яшчэ зрабіў Іісус перад вучнямі Сваімі і іншых цу́даў, пра якія не напíсана ў кнíзе гэтай;

31. а гэта напíсана, каб вы ўве́равалі, што Іісус ёсць Хрыстос, Сын Божы, і каб, ве́руючы, жыццё ме́лі ў імя́ Яго.

 

Раздел 21

1. Пасля гэтага явíўся зноў Іісус вучням на моры Тыверыя́дскім. Явíўся ж так:

2. былí разам Сíман Пётр і Фама́, зва́ны Блізню́к, і Нафана́іл з Ка́ны Галілейскай, і сыны́ Зевядзе́евы, і двое іншых з вучняў Яго;

3. кажа ім Сíман Пётр: іду рыбу лавíць. Кажуць яму: ідзём і мы з табою. Вы́йшлі яны і селі адразу ў лодку, і ў тую ноч не злавíлі нічога.

4. Калі ж настала ўжо раніца, стаў Іісус на бе́разе, але не пазна́лі вучні, што гэта Іісус;

5. кажа ім Іісус: дзеці! ці ёсць у вас якая ежа? Яны адказалі Яму: няма.

6. Ён жа сказаў ім: закіньце мярэ́жу з правага боку лодкі, і зло́віце. Яны закінулі і ўжо не маглі вы́цягнуць яе з-за мноства рыбы.

7. Тады вучань, якога любіў Іісус, кажа Пятру: гэта Гасподзь. А Сíман Пётр, пачуўшы, што гэта Гасподзь, апая́саўся во́праткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора;

8. іншыя ж вучні прыплылí ў лодцы, — бо яны былí не далёка ад зямлí, а локцяў каля двухсот, — ця́гнучы мярэ́жу з рыбаю;

9. калі ж яны вы́йшлі на зямлю, бачаць раскла́дзенае во́гнішча, а на ім рыба ляжы́ць і хлеб;

10. кажа ім Іісус: прынясíце той рыбы, што вы злавíлі цяпер.

11. Пайшоў Сíман Пётр і вы́цягнуў на зямлю мярэ́жу, поўную вялікіх рыб, якіх было́ сто пяцьдзесят тры, і пры такой колькасці не парва́лася мярэжа.

12. Кажа ім Іісус: хадзíце сюды́, сне́дайце. І ніхто з вучняў не пасмеў спыта́цца ў Яго: хто Ты́ — ведаючы, што гэта Гасподзь.

13. Падыхо́дзіць Іісус, бярэ хлеб і дае́ ім; і рыбу таксама.

14. Гэта ўжо трэці раз явіўся Іісус вучням Сваім, уваскрэ́сшы з мёртвых.

15. Калі ж яны пасне́далі, кажа Сíману Пятру Іісус: Сíмане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне больш, чым яны? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ве́даеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: пасі ягнят Маіх.

16. Кажа яму зноў, другі раз: Сíмане Іонаў, ці лю́біш ты Мяне? Той кажа Яму: так, Госпадзі! Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Іісус кажа яму: будзь пастухом аве́чак Маіх.

17. Кажа яму трэці раз: Сíмане Іонаў, ці любіш ты Мяне? Засмуцíўся Пётр, што Іісус трэці раз спытаўся ў Яго: ці любіш ты Мяне? — і сказаў Яму: Госпадзі! Ты ўсё ведаеш; Ты ведаеш, што я люблю́ Цябе. Кажа яму Іісус: пасі авечак Маіх;

18. праўду, праўду кажу табе: калі ты быў малады́, то падпяра́зваўся сам і хадзіў, куды хацеў; а калі састарэ́ешся, то вы́цягнеш ру́кі твае, і іншы падпяра́жа цябе і павядзе́, куды не хочаш.

19. А гэта Ён сказаў, даючы́ зразумець, якою смерцю Пётр прасла́віць Бога. І, сказаўшы гэта, кажа яму: ідзі за Мною.

20. Агляну́ўшыся, Пётр бачыць, што ўслед ідзе вучань, якога любіў Іісус і які на вячэ́ры, прыхілíўшыся да грудзе́й Яго, сказаў: Госпадзі! хто вы́дасць Цябе?

21. Яго ўбачыўшы, Пётр кажа Іісусу: Госпадзі! а ён што?

22. Кажа яму Іісус: калі Я хачу, каб ён быў, паку́ль Я прыйду́, то што табе да гэтага? ты за Мною ідзі.

23. І разне́слася слова гэтае сярод братоў, што вучань той не памрэ. Але не сказаў яму Іісус, што той не памрэ, а сказаў: калі Я хачу, каб ён быў, пакуль Я прыйду́, то што табе да гэтага?

24. Гэта і ёсць той вучань, які све́дчыць пра гэта і напіса́ў гэта; і ведаем, што све́дчанне яго íсціннае.

25. Ёсць і многае іншае, што зрабіў Іісус, але, калі б падрабя́зна апісаць гэта, думаю, што і сам свет не ўмясцíў бы напíсаных кніг. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.