Святое Евангелле паводле Матфея

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13   14   15   16   17   18   19   20   21   22   23   24   25   26   27   28

 

РАЗДЗЕЛ 1

1. Кніга радаводу Іісуса Хрыста, Сына Давідавага, Сына Аўраа́мавага.

2. Аўраа́м нарадзíў Ісаа́ка; Ісаа́к нарадзíў Іа́кава; Іа́каў нарадзíў Іу́ду і братоў яго;

3. Іу́да нарадзíў Фарэ́са і За́ру ад Фама́ры; Фарэ́с нарадзíў Есро́ма; Есро́м нарадзíў Ара́ма;

4. Ара́м нарадзíў Амінада́ва; Амінада́ў нарадзíў Наасо́на; Наасо́н нарадзíў Салмо́на;

5. Салмо́н нарадзíў Вао́за ад Раха́вы; Вао́з нарадзíў Авíда ад Ру́фі; Авíд нарадзíў Іесе́я;

6. Іесе́й нарадзíў Давіда цара; Давід цар нарадзíў Саламо́на ад былой жонкі Уры́евай;

7. Саламо́н нарадзíў Раваа́ма; Раваа́м нарадзíў Авíю; Авíя нарадзíў А́су;

8. А́са нарадзíў Іасафа́та; Іасафа́т нарадзíў Іара́ма; Іара́м нарадзíў Азíю;

9. Азíя нарадзíў Іаафа́ма; Іаафа́м нарадзíў Аха́за; Аха́з нарадзíў Езекíю;

10. Езекíя нарадзíў Манасíю; Манасíя нарадзíў Амо́на; Амо́н нарадзíў Іасíю;

11. Іасíя нарадзíў Іаакíма; Іаакíм нарадзíў Іеханíю і братоў яго, падчас перасялення вавілонскага.

12. Пасля ж перасялення вавілонскага Іеханíя нарадзíў Салафіíля; Салафіíль нарадзíў Зарава́веля;

13. Зарава́вель нарадзíў Авіу́да; Авіу́д нарадзíў Еліакíма; Еліакíм нарадзíў Азо́ра;

14. Азо́р нарадзíў Садо́ка; Садо́к нарадзíў Ахíма; Ахíм нарадзíў Еліу́да;

15. Еліу́д нарадзíў Елеаза́ра; Елеаза́р нарадзíў Матфа́на; Матфа́н нарадзíў Іа́кава;

16. Іа́каў нарадзíў Іо́сіфа, мужа Марыі, ад Якой нарадзíўся Іісус, Якога называюць Хрыстос.

17. І вось, усіх пакале́нняў ад Аўраа́ма да Давіда чатырна́ццаць пакале́нняў; і ад Давіда да перасяле́ння вавілонскага чатырна́ццаць пакале́нняў; і ад перасяле́ння вавілонскага да Хрыста чатырна́ццаць пакале́нняў.

18. Нараджэ́нне Іісуса Хрыста было́ так: пасля́ зару́чын Маці Яго Марыі з Іосіфам, перш чым сышлíся яны, вы́явілася, што Яна ма́е ва ўло́нні ад Духа Святога.

19. А Іосіф, муж Яе, бу́дучы праведным і не жада́ючы знясла́віць Яе, хацеў упо́тай адпусцíць Яе.

20. Калі ж задумаў ён гэта, — вось, Ангел Гасподні ў сне явíўся яму і сказаў: Іосіфе, сыне Давідаў! не бойся прыня́ць Марыю, жонку тваю; бо заро́джанае ў Ёй ёсць ад Духа Святога.

21. І наро́дзіць Сына, і дасí Яму імя́: Іісус; бо Ён зба́віць людзей Сваіх ад грахоў іх.

22. А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа:

23. “Вось, Дзева ва ўло́нні зачне́ і наро́дзіць Сына, і даду́ць Яму імя́: Эману́іл, што азнача́е: з намі Бог”.

24. Уста́ўшы ад сну, Іосіф зрабіў, як загада́ў яму Ангел Гасподні, і прыня́ў жонку сваю,

25. і не знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і ён даў Яму імя́: Іісус.

 

РАЗДЗЕЛ 2

1. Калі ж Іісус  нарадзíўся ў Віфлее́ме Іудзейскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы́ з усходу прыйшлí ў Іерусалім і кажуць:

2. дзе наро́джаны Цар Іудзейскí бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прыйшлí пакланíцца Яму.

3. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепако́іўся, і ўвесь Іерусалім з ім.

4. І, сабраўшы ўсіх першасвятаро́ў і кніжнікаў народных, пыта́ўся ў іх: дзе ма́е нарадзíцца Хрыстос?

5. Яны ж сказалі яму: у Віфлее́ме Іудзейскім, так бо напíсана прарокам:

6. “І ты, Віфлее́ме, зямля Іу́дава, нічым не ме́ншы сярод ваяво́дстваў Іу́давых; бо з цябе вы́йдзе Правады́р, Які будзе па́свіць народ мой Ізра́іля”.

7. Тады Ірад, упо́тай паклíкаўшы мудрацоў, дакла́дна вы́ведаў у іх час з’яўле́ння зоркі.

8. І, паслаўшы іх у Віфлее́м, ён сказаў: ідзіце, дакла́дна даве́дай­цеся пра Дзіця́ і, калі зно́йдзеце, паве́даміце мне, каб і я пайшоў і пакланíўся Яму.

9. Яны, вы́слухаўшы цара, пайшлі; і вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не стала над месцам, дзе было́ Дзіця́.

10. Убачыўшы зорку, яны ўзра́даваліся ра­дасцю вельмі вялікаю.

11. І, увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця́ з Марыяю, Маці Яго, і, па́ўшы, пакланíліся Яму; і, адкры́ўшы ска́рбніцы свае, прыне́слі Яму дары́: золата, ла́дан і смíрну.

12. І папярэ́джаныя ў сне, каб не вярта́ліся да Ірада, яны іншай дарогай адышлí ў краіну сваю.

13. Калі ж яны адышлі, —  вось, Ангел Гасподні яўля́ецца ў сне Іосіфу і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго, і ўцяка́й у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад хоча шукаць Дзіця́, каб загубíць Яго.

14. Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго, і адышоў у Егіпет.

15. І быў ён там да смерці Ірада, каб збыло́ся ска́занае Госпадам праз прарока, які кажа: “з Егіпта паклíкаў Я Сына Майго”.

16. Тады Ірад, убачыўшы, што ён ашука́ны мудрацамі, разгне́ваўся вельмі і паслаў пазабіва́ць усіх дзяцей у Віфлее́ме і ва ўсіх ме́жах яго, ад двух гадоў і ніжэ́й, паводле часу, які дакладна вы́ведаў у мудрацоў.

17. Тады збыло́ся ска́занае прарокам Іерамíем, які гаворыць:

18. “голас у Раме чу́тны, галашэнне, і плач, і ля́мант вялікі; Рахíль плача па дзе́цях сваіх і не хоча суце́шыцца; бо іх няма”.

19. А калі Ірад памёр, — вось, Ангел Гасподні ў сне яўля́ецца Іосіфу ў Егіпце

20. і кажа: устань, вазьмі Дзіця́ і Маці Яго і ідзі ў зямлю́ Ізра́ілеву, бо паме́рлі тыя, што шукалі душы́ Дзіцяці.

21. Ён устаў, узяў Дзіця́ і Маці Яго і прыйшоў у зямлю́ Ізра́ілеву.

22. Але пачуўшы, што Архела́й царствуе ў Іудзеі замест Ірада, ба́цькі свайго, ён пабаяўся туды ісці; і, атрыма́ўшы ў сне наказ, адышоў у ме́жы Галілейскія.

23. І, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэ́т, каб збыло́ся ска́занае прарокамі, што Ён Назарэ́ем назва́ны будзе.

 

РАЗДЗЕЛ 3

1. У тыя дні прыхо́дзіць Іаан Хрысцíцель і прапаве́дуе ў пусты́ні Іудзейскай,

2. і кажа: пака́йцеся, бо наблíзілася Царства Нябеснае.

3. Бо ён той, пра каго сказаў прарок Іса́ія: “голас таго, хто клíча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабíце сце́жкі Яму”.

4. А ў само́га Іаана была́ вопратка з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паяснíцы яго; а ежай яму былí акры́ды і дзікі мёд.

5. Тады выхо́дзілі да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўсё навако́лле Іарданскае

6. і хрысцíліся ў Іардане ад яго, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.

7. Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысцíцца, Іаан сказаў ім: адро́ддзе яхíдніна! хто вас намо́віў уцяка́ць ад бу́дучага гневу?

8. Прынясíце ж го́дны плод пакая́ння,

9. і не думайце гаварыць самі сабе: “айцец у нас Аўраам”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узве́сці дзяцей Аўрааму.

10. Ужо і сяке́ра пры ко́рані дрэў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое не прыно́сіць добрага пло́ду, ссяка́юць і кíдаюць у агонь.

11. Я хрышчу́ вас вадою дзе́ля пакая́ння; але Той, Хто ідзе за мною, мацне́йшы за мяне; я не ва́рты пане́сці абутак Яго; Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым і агнём.

12. Лапа́та Яго ў руцэ́ Яго, і Ён ачы́сціць гумно́ Сваё, і збярэ пшаніцу Сваю ў жы́тніцу, а мякíну спа́ліць агнём непага́сным.

13. Тады прыхо́дзіць Іісус з Галілеі на Іардан да Іаана хрысцíцца ад яго.

14. Іаан жа стры́мліваў Яго, ка́жучы: мне трэба ад Цябе хрысцíцца, а Ты прыходзіш да мяне?

15. Але Іісус сказаў у адказ яму: дапусцí цяпер, бо так нале́жыць нам здзе́йсніць усякую праўду. Тады Іаан дапуска́е Яго.

16. І, ахрысцíўшыся, Іісус вы́йшаў адразу з вады; і вось, раскры́ліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, Які сыхо́дзіў як голуб і апуска́ўся на Яго.

17. І вось, голас з нябёсаў прамо́віў: гэта Сын Мой Узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.

 

РАЗДЗЕЛ 4

1. Тады Іісус быў узве́дзены  Духам у пусты́ню, на спакушэ́нне ад дыявала.

2. І, пасцíўшы сорак дзён і сорак начэй, урэ́шце адчуў голад.

3. І прыступíў да Яго спаку́снік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камянí гэтыя сталі хляба́мі.

4. А Ён сказаў яму ў адказ: напíсана: “не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім сло́вам, якое зыхо́дзіць з ву́снаў Божых”.

5. Тады бярэ Яго дыявал у святы горад і ставіць Яго на крыле́ храма,

6. і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напíсана: “Ангелам Сваім Ён нака́жа пра Цябе, і на руках панясу́ць Цябе, каб не спатыкну́ўся Ты аб ка́мень нагою Тваёю”.

7. Казаў яму Іісус: напíсана яшчэ: “не спакуша́й Госпада Бога твайго”.

8. Зноў бярэ Яго дыявал на вельмі высокую гару́ і паказвае Яму ўсе царствы свету і славу іх,

9. і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі, па́ўшы, пакло́нішся мне.

10. Тады кажа яму Іісус: адыдзí ад Мяне, сатана; бо напíсана: “Госпаду Богу твайму пакланя́йся, і Яму аднаму служы́”.

11. Тады пакіда́е Яго дыявал, — і вось, Ангелы прыступíлі і служылі Яму.

12. Іісус, пачуўшы,  што Іаан адда́дзены пад ва́рту, адышоў у Галіле́ю.

13. І, пакíнуўшы Назарэ́т, Ён прыйшоў і пасялíўся ў Капернау́ме прыморскім, у ме́жах Завуло́навых і Нефалíмавых,

14. каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа:

15. “зямля Завуло́нава і зямля Нефалíмава, на дарозе прыморскай, за Іарданам, Галіле́я язычніцкая,

16. народ, што сядзíць у це́мры, убачыў святло вялікае, і ўсім, хто сядзíць у краіне і це́ні смерці, заззя́ла святло”.

17. З таго часу Іісус пачаў прапаведаваць і казаць: пака́йцеся, бо наблíзілася Царства Нябеснае.

18. А прахо́дзячы каля мора Галілейскага, убачыў Ён двух братоў: Сíмана, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата яго, якія закідвалі мярэ́жы ў мора; бо яны былí рыбакамі.

19. І кажа ім: ідзіце за Мною, і Я зраблю вас лаўца́мі людзей.

20. І яны адразу, пакíнуўшы мярэ́жы, пайшлі за Ім.

21. Адтуль прайшоўшы дале́й, убачыў Ён іншых двух братоў, Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, у лодцы з Зевядзе́ем, ба́цькам іх, якія ла́дзілі мярэ́жы свае, і паклíкаў іх.

22. І яны адразу, пакíнуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

23. І хадзіў Іісус па ўсёй Галіле́і, навуча́ючы ў сінагогах іхніх і прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства, і ацаля́ючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у народзе. 

24. І прайшоў пра Яго по́галас па ўсёй Сíрыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямо́глых, рознымі хваробамі і пакутамі ахо́пленых, і апанава́ных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізава́ных, і Ён ацаля́ў іх.

25. І за Ім  ішло мноства люду з Галіле́і і Дзесяцігаро́ддзя, і з Іерусаліма, і з Іудзеі, і з-за Іардана.

 

РАЗДЗЕЛ 5

1. Убачыўшы люд, Ён узышо́ў на гару; і калі сеў, прыступíлі да Яго вучні Яго.

2. І, адкрыўшы ву́сны Свае, Ён вучыў іх, ка́жучы:

3. блажэ́нныя ўбо́гія духам, бо іх ёсць Царства Нябеснае.

4. Блажэ́нныя тыя, што плачуць, бо яны суце́шацца.

5. Блажэ́нныя лаго́дныя, бо яны ўнасле́дуюць зямлю́.

6. Блажэ́нныя тыя, што жада́юць і пра́гнуць праўды, бо яны насы́цяцца.

7. Блажэ́нныя мíласцівыя, бо яны памíлаваны будуць.

8. Блажэ́нныя чыстыя сэ́рцам, бо яны Бога ўбачаць.

9. Блажэ́нныя міратво́рцы, бо яны сына́мі Божымі назаву́цца.

10. Блажэ́нныя гна́ныя за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае.

11. Блажэ́нныя вы, калі будуць вас га́ньбіць і гнаць, і ўсякім словам ліхíм несправядліва зневажа́ць за Мяне.

12. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гна́лі прарокаў, што былí перад вамі.

13. Вы — соль зямлі. Калі ж соль стра́ціць сілу, то чым папра́віць яе? Яна ўжо ні на што не прыда́тная, хіба́ што вы́кінуць яе прэч на патапта́нне лю́дзям.

14. Вы — святло свету. Не можа схава́цца горад, які стаіць на гары.

15. І, запалíўшы све́чку, не ставяць яе пад пасу́дзінаю, а на падсве́чніку, і све́ціць усім, хто ў доме.

16. Так няхай све́ціць святло ваша перад людзьмí, каб яны бачылі вашы добрыя ўчы́нкі і ўслаўля́лі Айца вашага, Які на нябёсах.

17. Не думайце, што Я прыйшоў пару́шыць закон, альбо прарокаў: не пару́шыць прыйшоў Я, а здзе́йсніць.

18. Бо праўду кажу вам: пакуль не знíкнуць неба і зямля, ані ёта адна, ані ры́ска адзіная не знíкне з закона, пакуль не збу́дзецца ўсё.

19. Дык вось, хто пару́шыць адну з за́паведзяў гэтых найме́ншых і наву́чыць так людзей, той найме́ншым назаве́цца ў Царстве Нябесным; а хто вы́канае і наву́чыць, той вялікім назаве́цца ў Царстве Нябесным.

20. Бо, кажу вам, калі пра́веднасць ваша не перавы́сіць пра́веднасці кніжнікаў і фарысеяў, то не ўво́йдзеце вы ў Царства Нябеснае.

21. Вы чулі, што ска́зана продкам: “не забівай; а хто заб’е, падляга́е суду́”.

22. А Я кажу вам, што кожны, хто гне́ваецца на брата свайго ма́рна, падляга́е суду; а хто скажа брату свайму: “рака́”, падляга́е сінедрыёну; а хто скажа: “неразумны”, падляга́е гее́не вогненнай.

23. Дык вось, калі ты прынясе́ш дар твой да ахвя́рніка і ўспо́мніш там, што брат твой ма́е нешта су́праць цябе,

24. пакінь там дар твой перад ахвя́рнікам, і ідзі перш паміры́ся з братам тваім, і тады прыйдзí і прынясі дар твой.

25. Міры́ся з працíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб не аддаў цябе працíўнік суддзí, а суддзя́ не аддаў цябе слузе́, і не кíнулі цябе ў цямнíцу.

26. Праўду кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасí апошняга кадра́нта.

27. Вы чулі, што ска́зана продкам: “не пралюбадзе́йнічай”.

28. А Я кажу вам, што кожны, хто глядзíць на жанчы́ну з пажа́длівасцю, ужо пралюбадзе́йнічаў з ёю ў сэ́рцы сваім.

29. Калі ж правае вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.

30. І калі правая твая рука спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе; бо ле́пей табе, каб загінуў адзін з членаў тваіх, а не ўсё це́ла тваё было ўкíнута ў гее́ну.

31. Ска́зана таксама, што, калі хто развядзе́цца з жонкаю сваёю, няхай дасць ёй разво́дны ліст.

32. А Я кажу вам: кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны блу́ду, той даво́дзіць яе да пралюбадзе́йства; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.

33. Яшчэ чулі вы, што ска́зана продкам: “не паруша́й кля́твы, а выко́нвай перад Госпадам кля́твы твае”.

34. А Я кажу вам: не клянíся зусім: ні небам, бо яно — Прастол Божы;

35. ні зямлёю, бо яна — падно́жжа нага́м Яго; ні Іерусалімам, бо ён — горад Вялікага Цара;

36. ні галавою тваёю не клянíся, бо не можаш ніводнага воласа зрабіць белым альбо чорным.

37. А няхай будзе слова ваша: “так — так”, “не — не”; а што звыш гэтага, тое ад злога.

38. Вы чулі, што ска́зана: “вока за вока, і зуб за зуб”.

39. А Я кажу вам не працíвіцца злому. А калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ́ тваёй, падстаў яму і другую;

40. і калі хто захоча судзíцца з табою і ўзяць у цябе сарочку, аддай яму і вопратку;

41. і калі хто цябе зму́сіць ісці з ім адно по́прышча, ідзі з ім два.

42. Таму, хто просіць у цябе, дай; і ад таго, хто хоча пазы́чыць у цябе, не адваро́чвайся.

43. Вы чулі, што ска́зана: “любí блíжняга твайго і ненавíдзь ворага твайго”.

44. А Я кажу вам: любíце ворагаў вашых, благаслаўля́йце тых, хто пракліна́е вас, рабíце дабро тым, што ненавíдзяць вас, і маліцеся за тых, што кры́ўдзяць вас і гоняць вас;

45. каб сталі вы сына́мі Айца вашага, Які на нябёсах; бо Ён зага́двае сонцу Свайму ўзыхо́дзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на пра́ведных і няпра́ведных.

46. Бо, калі вы будзеце любíць тых, што лю́бяць вас, якая вам узнагарода? Ці не тое ж самае робяць і мы́тнікі?

47. І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівага робіце? Ці ж не гэтак робяць і язычнікі?

48. Дык вось, будзьце даскана́лыя, як даскана́лы Айцец ваш Нябесны.

 

РАЗДЗЕЛ 6

1. Глядзíце, не давайце мíласціны вашай перад людзьмí, каб яны бачылі вас: інакш не будзе вам узнагаро́ды ад Айца вашага, Які на нябёсах.

2. Дык вось, калі дае́ш мíласціну, не трубі перад сабою, як робяць крываду́шнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўля́лі іх людзі. Праўду кажу вам: яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.

3. У цябе ж, калі дае́ш мíласціну, няхай не ведае левая рука твая, што робіць правая,

4. каб мíласціна твая была́ тайная, і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.

5. І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на скрыжава́ннях вуліц, сто́ячы, маліцца, каб вы́ставіцца перад людзьмí. Праўду кажу вам, што яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.

6. Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачынíўшы дзверы твае, памалíся Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.

7. А мо́лячыся, не гаварыце лішняга, як язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачу́тыя будуць.

8. Не будзьце ж падобнымі да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы ма́еце патрэ́бу, ране́й, чым вы папро́сіце ў Яго.

9. Вы ж малíцеся так: Ойча наш, Які на нябёсах! няхай свяцíцца імя́ Тваё;

10. няхай пры́йдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі.

11. Хлеб наш надзённы дай нам сёння;

12. і дару́й нам даўгі нашы, як і мы дару́ем даўжніка́м нашым;

13. і не ўвядзі нас у спаку́су, але збаў нас ад злога. Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава наве́кі. Амінь.

14. Бо калі  вы будзеце дарава́ць лю́дзям правíннасці іх, то дару́е і вам Айцец ваш Нябесны.

15. А калі не будзеце дарава́ць лю́дзям правíннасцей іх, то і Айцец ваш не дару́е вам правíннасцей вашых.

16. І калі по́сціце, не будзьце пану́рымі, як крываду́шнікі; бо яны робяць змро́чным аблíчча сваё, каб паказаць лю́дзям, што по́сцяць. Праўду кажу вам, што яны ўжо атры́мліваюць узнагароду сваю.

17. А ты, калі по́сціш, нама́ж галаву́ сваю і ўмый твар свой,

18. каб не лю́дзям паказаць, што ты по́сціш, а Айцу твайму, Які ў тайне; і Айцец твой, Які бачыць тайнае, адда́сць табе я́ўна.

19. Не збіра́йце сабе ска́рбаў на зямлі, дзе моль і ржа нíшчаць і дзе зладзе́і падко́пваюцца і кра́дуць;

20. а збірайце сабе ска́рбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не знішча́юць і дзе зладзе́і не падко́пваюцца і не кра́дуць.

21. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

22. Свяцíльнік целу ёсць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе здаровае, то ўсё цела тваё светлае будзе;

23. калі ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё цёмнае будзе. Дык вось, калі святло, якое ў табе, — цемра, тады якая ж сама цемра?

24. Ніхто не можа служы́ць двум гаспадара́м: бо ці аднаго будзе ненавíдзець, а другога любíць; ці аднаго будзе трыма́цца, а другім пагарджа́ць. Не можаце Богу служы́ць і мамо́не.

25. Таму кажу вам: не турбуйцеся для душы́ вашай, што́ вам есці і што́ піць, ні для це́ла вашага, у што апрану́цца. Ці ж душа не больш значыць за ежу, а це́ла за адзе́нне?

26. Зірнíце на птушак нябесных: яны не се́юць і не жнуць, і не збіра́юць у жы́тніцы; і Айцец ваш Нябесны ко́рміць іх. Хіба́ вы не намнога лепшыя за іх?

27. Хто ж з вас, турбу́ючыся, можа дада́ць сабе росту хоць на адзін ло́каць?

28. І пра вопратку чаго турбу́ецеся? Паглядзíце на ліле́і палявы́я, як яны расту́ць: не працуюць і не праду́ць.

29. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апрана́ўся так, як кожная з іх.

30. Калі ж траву паляву́ю, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кíнута ў печ, Бог так убірае, хіба́ не намнога лепш вас, малаверы?

31. Дык вось, не турбу́йцеся  і не кажы́це: “што нам есцí” альбо: “што піць?” альбо: “у што апрану́цца?”.

32. Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы ма́еце патрэ́бу ва ўсім гэтым.

33. Шукайце ж найперш Царства Божага і праўды Яго, і гэта ўсё дада́сца вам.

34. Дык вось, не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.

 

РАЗДЗЕЛ 7

1. Не судзíце, каб і вас не судзíлі.

2. Бо якім судом су́дзіце, такім вас судзíць будуць; і якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца.

3. Што ж ты глядзíш на парушы́нку ў во́ку брата твайго, а бервяна́ ў сваім во́ку не заўважа́еш?

4. Альбо, як скажаш брату свайму: “дай, я вы́му парушы́нку з вока твайго”; а вось у тваім воку бервяно́?

5. Крываду́шнік! вы́мі спачатку бервяно́ са свайго во́ка, і тады ўбачыш, як вы́няць парушы́нку з во́ка брата твайго.

6. Не давайце святога сабакам і не кíдайце пе́рлаў вашых перад свíннямі, каб яны не патапта́лі іх нагамі сваімі і, абярну́ўшыся, не разарва́лі вас.

7. Прасíце, і да́дзена будзе вам; шукайце, і зно́йдзеце; сту́кайцеся, і адчы́няць вам.

8. Бо кожны, хто про́сіць, атры́млівае, і хто шукае, знахо́дзіць, і, хто сту́каецца, таму адчы́няць.

9. Ці ёсць сярод вас такі чалавек, які, калі сын яго папро́сіць у яго хле́ба, ка́мень пада́сць яму?

10. І калі ры́бы папросіць, змяю́ пада́сць яму?

11. Дык вось, калі вы, бу́дучы ліхíмі, умееце дары́ добрыя даваць дзе́цям вашым, тым болей Айцец ваш, Які на нябёсах, дасць дабро́ты тым, хто про́сіць у Яго.

12. І вось, усё,  я́к хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы рабіце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.

13. Увахо́дзьце праз ву́зкія вароты; бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагíбель, і многія ідуць імі.

14. Бо ву́зкія вароты і це́сная дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.

15. Асцерага́йцеся лжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзе́жы, а ўнутры́ — ваўкí драпе́жныя.

16. Па плада́х іхніх пазна́еце іх. Хіба́ збіраюць з цярно́ўніку вінаград, альбо з дзядо́ўніку смо́квы?

17. Так усякае добрае дрэва ро́дзіць і плады́ добрыя, а кепскае дрэва ро́дзіць і плады кепскія.

18. Не можа добрае дрэва радзíць кепскія плады́, ні дрэва кепскае радзíць плады́ добрыя.

19. Усякае дрэва, якое не ро́дзіць плоду добрага, ссяка́юць і кíдаюць у агонь.

20. Дык вось, па плада́х іхніх пазна́еце іх.

21. Не кожны, хто кажа Мне: “Госпадзі! Госпадзі!” увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выко́нвае волю Айца Майго, Які на нябёсах.

22. Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзі! Госпадзі! ці не ад Твайго імя́ мы прарочылі? і ці не Тваім íмем дэманаў выганя́лі? і ці не Тваім íмем многія цу́ды рабілі?”

23. І тады абвяшчу́ ім: “Я ніколі не знаў вас; адыдзíце ад Мяне вы, якія чы́ніце беззаконне”.

24. Дык вось, кожнага,  хто слухае гэтыя словы Мае́ і выко́нвае іх, прыраўня́ю да му́жа разумнага, які збудаваў свой дом на ка́мені.

25. І пайшоў дождж, і разлілíся рэкі, і падзьму́лі вятры́, і ры́нуліся на той дом; і ён не ўпаў, бо закла́дзены быў на ка́мені.

26. А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае́ і не выко́нвае іх, падобны будзе да му́жа неразва́жлівага, які збудава́ў свой дом на пяску́.

27. І пайшоў дождж, і разлілíся рэкі, і падзьму́лі вятры, і нале́глі на дом той; і ён абваліўся, і было́ падзе́нне яго вялікае.

28. І ста́лася, калі Іісус скончыў гэтыя словы, вельмі здзіўля́ліся людзі вучэнню Яго,

29. бо Ён вучыў іх як той, хто ма́е ўладу, а не як кніжнікі і фарысеі.

 

РАЗДЗЕЛ 8

1. Калі ж Ён сышоў з гары, услед за Ім пайшло мноства лю́ду.

2. І вось, падышоў пракажоны і пакланіўся Яму, ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.

3. Іісус, працягну́ўшы руку́, дакрану́ўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу ачы́сціўся той ад праказы.

4. І кажа яму Іісус: глядзі, нікому не расказвай; а ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі дар, як загадаў Маісей, дзеля све́дчання ім.

5. Калі ж увайшоў Іісус у Капернау́м, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,

6. ка́жучы: Госпадзі! слуга мой ляжыць дома спаралізава́ны і моцна паку́туе.

7. Іісус кажа яму: Я прыйду і ацалю́ яго.

8. А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! я не варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і вы́здаравее слуга мой.

9. Бо і я чалавек падула́дны; але, ма́ючы ў сябе паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: “ідзі”, і ідзе; і другому: “прыйдзí”, і прыхо́дзіць; і рабу майму: “зрабі гэта”, і робіць.

10. Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такое веры.

11. Кажу ж вам, што многія з усходу і з за́хаду пры́йдуць і ўзля́гуць з Аўраа́мам, Ісаа́кам і Іа́кавам у Царстве Нябесным;

12. а сыны́ царства будуць вы́кінуты у цемру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.

13. І сказаў Іісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, няхай будзе табе. і вы́здаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзíну.

14. Прыйшоўшы  ў дом Пятра Іісус убачыў це́шчу яго, якая ляжала ў гара́чцы.

15. І Ён дакрану́ўся да рукí яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і прыслу́жвала ім.

16. Калі ж звечарэ́ла, прывялі да Яго многіх людзей, апанава́ных дэманамі; і Ён вы́гнаў духаў сло́вам і ўсіх нямо́глых ацалíў;

17. каб збыло́ся ска́занае праз прарока Іса́ію, які кажа: “Ён узяў на Сябе нашы не́мачы, і хваробы панёс”.

18. Калі ж Іісус убачыў вакол Сябе мноства люду, то загадаў вучням адплыць на другі бок.

19. І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

20. Кажа яму Іісус: лíсы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды; а Сын Чалавечы не ма́е, дзе галаву прытулíць.

21. А іншы, з вучняў Яго, сказаў Яму: Госпадзі! дазволь мне перш пайсці і пахава́ць бацьку майго.

22. Але Іісус сказаў Яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хава́ць сваіх паме́рлых.

23. І калі ўвайшоў Ён у лодку, за Ім увайшлі вучні Яго.

24. І вось, бура вялікая ўзняла́ся на моры, так што лодку захлíствалі хвалі; а Ён спаў.

25. І вучні Яго, падышоўшы, разбудзілі Яго, ка́жучы: Госпадзі! рату́й нас, гінем.

26. І Ён кажа ім: чаго вы такія баязлівыя, малаверы? Тады, устаўшы, забаранíў вятра́м і мору, і настала цíша вялікая.

27. А людзі, дзівíліся і казалі: хто Ён такі, што і вятры́, і мора слухаюцца Яго?

28. І калі прыплыў Ён на другі бераг, у краіну Гергесíнскую, сустрэлі Яго, вы́йшаўшы з магільных пячор, двое апанава́ных дэманамі, вельмі лю́тыя, так што ніхто не мог прахо́дзіць дарогаю тою.

29. І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Іісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дача́сна му́чыць нас.

30. А зводдаль ад іх пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.

31. І дэманы прасілі Яго, ка́жучы: калі выганіш нас, то дазволь нам увайсці ў ста́так свіне́й.

32. І Ён сказаў ім: ідзіце. І вы́йшлі яны, і пайшлі ў ста́так свіне́й. І вось, кінуўся ўвесь ста́так свіне́й з кру́чы ў мора і загінуў у вадзе.

33. А пастухі паўцяка́лі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра тое, што зда́рылася з апанава́нымі дэманамі.

34. І вось, увесь горад вы́йшаў насу́страч Іісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад межаў іх.

 

РАЗДЗЕЛ 9

1. І Ён, увайшоўшы  ў лодку, пераправіўся назад і прыйшоў у Свой горад.

2. І вось, прыне́слі да Яго спаралізава́нага, які ляжаў на пасцелі. І, убачыўшы веру іх, Іісус сказаў спаралізава́наму: мацуйся, сы́не! дару́юцца табе грахі твае.

3. І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзне́рыць.

4. А Іісус, ведаючы думкі іх, сказаў: навошта вы думаеце ліхое ў сэ́рцах вашых?

5. Бо што лягчэй — сказаць: “адпускаюцца табе грахі” ці сказаць: “устань і хадзі”?

6. Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўла́ду на зямлі адпускаць грахі, — тады кажа спаралізава́наму: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.

7. І той устаў і пайшоў у дом свой.

8. Народ жа, убачыўшы гэта, дзіву даўся і прасла́віў Бога, Які даў такую ўла́ду лю́дзям. 

9. Ідучы́ адтуль, убачыў Іісус чалавека, што сядзеў на мы́тні, якога звалі Матфей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў услед за Ім.

10. І ста́лася, калі Іісус узляжа́ў у доме, тады многія мы́тнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзле́глі з Ім і вучнямі Яго.

11. І, убачыўшы гэта, фарысеі сказалі вучням Яго: чаму з мы́тнікамі і грэшнікамі есць і п’е Настаўнік ваш?

12. А Іісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя;

13. ідзіце, навучы́цеся, што азначае: “міласці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.

14. Тады прыходзяць да Яго  вучні Іаанавы і кажуць: чаму мы і фарысеі по́сцім многа, а Твае вучні не по́сцяць?

15. І сказаў ім Іісус: ці могуць смуткава́ць сыны́ харо́маў вясе́льных, пакуль з імі жаніх? Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасцíць.

16. І ніхто не наклада́е латкі з тканіны суровай на адзе́жыну стару́ю; бо латка парве адзе́жыну, і дзірка будзе яшчэ горшая.

17. Не ўліваюць таксама віна і маладога ў мяхí стары́я; а інакш прарыва́юцца мяхí, і віно выцяка́е, і мяхí прапада́юць; а ўліваюць віно маладое ў мяхí новыя, і зберага́ецца тое і другое.

18. Калі Ён гэта гаварыў ім, вось, прыйшоў нейкі начальнік  і, кла́няючыся Яму, казаў: дачка мая́ толькі што паме́рла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку́ Тваю, і яна будзе жыць.

19. І, устаўшы, Іісус пайшоў за ім, і вучні Яго.

20. І вось, жанчына, якая мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў, падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго.

21. Бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрану́ся да вопраткі Яго, вы́здаравею.

22. Іісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе. І вы́здаравела жанчына з таго часу.

23. А калі прыйшоў Іісус у дом начальніка і ўбачыў музы́каў з жалейкамі і збянтэ́жаны люд,

24. то сказаў ім: вы́йдзіце; бо не паме́рла дзяўчына, а спіць. І насміха́ліся з Яго.

25. Калі ж людзі былí вы́праваджаны, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку́, і дзяўчына ўстала.

26. І разне́слася чутка пра гэта па ўсёй зямлі той.

27. І калі адыходзіў адтуль Іісус,  ішлі за Ім двое сляпых і крычалі: памілуй нас, Іісусе, Сы́не Давідаў!

28. Калі ж Ён прыйшоў у дом, прыступíлі да Яго сляпыя. І кажа ім Іісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!

29. Тады Ён дакрануўся да вачэй іх і сказаў: па веры вашай няхай будзе вам.

30. І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Іісус: глядзіце, каб ніхто не даве́даўся.

31. А яны, выйшаўшы, разне́слі чутку пра Яго па ўсёй зямлі той.

32. Калі ж тыя выхо́дзілі, якраз прывялі да Яго чалавека нямога, апанава́нага дэманам.

33. І калі дэман быў вы́гнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючы́ся, казаў: ніколі такога не здара́лася ў Ізра́ілі.

34. А фарысеі казалі: сілаю князя дэманскага выганя́е Ён дэманаў.

35. І хадзіў Іісус па ўсіх гарадах і пасе́лішчах, ву́чачы ў сінагогах іх, прапаве́дуючы Дабраве́сце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую не́мач у лю́дзях.

36. Убачыўшы натоўпы людзей, Ён пашкадаваў іх, бо яны былі знясíленыя і пакíнутыя, як авечкі без пастуха.

37. Тады кажа вучням Сваім: жніва́ многа, а работнікаў мала.

38. Таму малíце Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.

 

РАЗДЗЕЛ 10

1. І, паклíкаўшы двана́ццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі ду́хамі, каб выганя́ць іх, і ацаля́ць усякую хваробу і ўсякую не́мач.

2. А імёны двана́ццаці Апосталаў такія: першы Сíман, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат яго, Іакаў Зевядзе́еў і Іаан, брат яго,

3. Філіп і Варфаламей, Фама і Матфей мы́тнік, Іакаў Алфееў і Леўве́й, празва́ны Фадзе́ем,

4. Сíман Кананíт і Іуда Іскарыёт, які і здра́дзіў Яму.

5. Гэтых двана́ццаць паслаў Іісус і наказа́ў ім, гаворачы: на шлях язычнікаў не ідзіце і ў горад Самара́нскі не ўваходзьце;

6. А ідзіце найперш да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.

7. І ходзячы, прапаведуйце, што наблíзілася Царства Нябеснае.

8. Хворых ацаля́йце, пракажоных ачышча́йце, мёртвых уваскраша́йце, дэманаў выганя́йце. Да́рам атрыма́лі, да́рам дава́йце.

9. Не бярыце з сабою ні золата, ні срэ́бра, ні медзі ў паясы́ свае,

10. ні торбы ў дарогу, ні дзвюх адзежын, ні абутку, ні посаха. Бо працаўнíк ва́рты мець на пражы́так сабе.

11. У які б горад ці пасе́лішча вы ні ўвайшлі, даве́дайцеся, хто ў ім дастойны, і там застава́йцеся, пакуль не вы́йдзеце.

12. А ўваходзячы ў дом, віта́йце яго, ка́жучы: мір дому гэтаму.

13. І калі дом будзе дастойны, то сы́дзе мір ваш на яго; калі ж не будзе дастойны, то мір ваш да вас ве́рнецца.

14. А калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца слоў вашых, то, выходзячы з дому, альбо з горада таго, абтрасíце пыл з ног вашых.

15. Праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садо́мскай і Гамо́рскай у дзень су́дны, чым гораду таму.

16. Вось, я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце му́дрыя, як зме́і, і простыя, як галубы́.

17. Сцеражы́цеся ж людзей: бо яны будуць аддаваць вас на судзíлішчы і ў сінагогах сваіх будуць біць вас,

18. і павядуць вас да правíцеляў і да цароў за Мяне, на све́дчанне перад імі і язычнікамі.

19. Калі ж будуць выдава́ць вас, не турбу́йцеся, я́к ці што́ сказаць; бо да́дзена будзе вам у той час, што́ сказаць.

20. Бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

21. І вы́дасць брат брата на смерць, і бацька — дзіця; і паўста́нуць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.

22. І будзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.

23. Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцяка́йце ў другі. Бо праўду кажу вам: не паспееце абысцí гарадоў Ізра́ілевых, як пры́йдзе Сын Чалавечы.

24. Вучань не вышэйшы за настаўніка, і слуга не вышэйшы за гаспадара свайго.

25. Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік яго, і слузе — як гаспадар яго. Калі гаспадара дома назвалі веельзеву́лам, ці не тым больш дамашніх яго?

26. Дык вось, не бойцеся іх: бо няма нічога схава́нага, што не адкрылася б, і тае́мнага, што не стала б вядомым.

27. Што́ кажу вам у цемры, кажы́це пры святле́; і што́ на ву́ха чу́еце, прапаве́дуйце з дахаў.

28. І не бойцеся тых, што забіваюць це́ла, але ж душы́ забіць не могуць; бойцеся ж болей таго, хто можа і душу́, і це́ла загубíць у гее́не.

29. Ці ж не два вераб’і прадаюцца за аса́рый? І ніводны з іх не ўпадзе́ на зямлю́ без волі Айца вашага.

30. А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палíчаны.

31. Таму не бойцеся: вы больш ва́ртыя, чым мноства вераб’ёў.

32. Дык вось, кожнага, хто вы́знае Мяне перад людзьмí, таго вы́знаю і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.

33. А хто адрачэ́цца ад Мяне перад людзьмí, ад таго адраку́ся і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах.

34. Не думайце, што Я прыйшоў прыне́сці мір на зямлю; не мір прыйшоў Я прыне́сці, а меч.

35. Бо Я прыйшоў аддзялíць чалавека ад ба́цькі яго, і дачку́ ад маці яе, і нявестку ад свекрывí яе.

36. І ворагі чалавеку — дамашнія яго.

37. Хто лю́біць бацьку ці маці больш за Мяне, той не ва́рты Мяне; і хто лю́біць сы́на ці дачку́ больш за Мяне, той не ва́рты Мяне.

38. І хто не бярэ крыжа́ свайго і не ідзе следам за Мною, той не ва́рты Мяне.

39. Хто зберагае душу́ сваю, той загу́біць яе; а хто загубíў душу́ сваю дзе́ля Мяне, той зберажэ́ яе.

40. Хто прыма́е вас, той Мяне прыма́е; а хто прыма́е Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне.

41. Хто прыма́е прарока ў імя́ прарока, той узнагароду прарокаву атрыма́е; і хто прыма́е праведніка ў імя́ праведніка, той узнагароду праведнікаву атрыма́е.

42. І хто напо́іць аднаго з малы́х гэтых толькі чашай халоднай вады ў імя́ вучня, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.

 

РАЗДЗЕЛ 11

1. І ста́лася, калі закончыў Іісус настаўле́нні двана́ццаці вучням Сваім, Ён перайшоў адтуль вучы́ць і прапаве́даваць у гарадах іх.

2. А Іаан, пачуўшы ў цямнíцы пра дзе́і Хрыстовы, паслаў двух вучняў сваіх

3. сказаць Яму: ці Той Ты, Які ма́е прыйсцí, ці чакаць нам другога?

4. І сказаў ім Іісус у адказ: ідзіце, скажы́це Іаану, што́ вы чу́еце і ба́чыце:

5. сляпыя робяцца віду́шчымі і кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскраса́юць, і ўбогія дабраве́сцяць;

6. і блажэнны, хто не ўсумнíцца ўва Мне.

7. Калі ж пайшлі яны, Іісус пачаў гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? ці не трысцíну, ве́трам калыха́ную?

8. Што́ ж глядзець хадзілі вы́ чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але тыя, што носяць мяккае адзе́нне, жывуць у харо́мах царскіх.

9. Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.

10. Бо ён той, пра каго напíсана: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”.

11. Праўду кажу вам: сярод наро́джаных жанчынамі не паўстава́ў бо́льшы за Іаана Хрысцíцеля; але меншы ў Царстве Нябесным бо́льшы за яго.

12. Ад дзён жа Іаана Хрысцíцеля да сёння Царства Нябеснае дасяга́ецца сілаю, і тыя, што сілу ўжыва́юць, здабыва́юць яго.

13. Бо ўсе прарокі і закон да Іаана прарочылі.

14. І калі хочаце прыня́ць, ён ёсць Ілія́, які ма́е прыйсцí.

15. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе.

16. З кім жа  параўна́ю род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, звярта́ючыся да тава́рышаў сваіх,

17. кажуць: “мы ігралі вам на ду́дцы, а вы не танцава́лі; мы спявалі вам жало́бнае, а вы не рыда́лі”.

18. Бо прыйшоў Іаан, не есць, не п’е; і кажуць: “у ім дэман”.

19. Прыйшоў Сын Чалавечы, есць і п’е; і кажуць: “вось, чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам”. І апра́ўдана мудрасць дзе́цьмі яе.

20. Тады пачаў Іісус дакара́ць гарады, у якіх найбольш праявíліся сілы Яго, за тое, што яны не пака́яліся.

21. Гора табе, Харазíне! гора табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, то даўно б яны ў валасянíцы і ў по́пеле пака́яліся.

22. Але кажу вам: Ты́ру і Сідону лягчэй будзе ў дзень су́дны, чым вам.

23. І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пе́кла будзеш нізры́нуты; бо калі б у Садоме явíліся сілы, я́ўленыя ў табе, то ён бы застаўся па сённяшні дзень.

24. Але кажу вам, што зямлі Садо́мскай лягчэ́й будзе ў дзень су́дны, чым табе.

25. Тым часам, далей прамаўля́ючы, Іісус сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад мудрых і разумных і адкры́ў гэта дзе́цям.

26. Так, Ойча! бо такою было́ Твая добрая воля.

27. Усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і ніхто не знае Сына, акрамя Айца; і Айца не знае ніхто, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць.

28. Прыйдзíце да Мяне, усе стру́джаныя і абцяжа́раныя, і Я супакою вас.

29. Вазьмíце ярмо́ Маё на сябе і навучы́цеся ад Мяне, бо Я лагодны і пако́рлівы сэ́рцам; і зно́йдзеце спакой ду́шам вашым.

30. Бо ярмо́ Маё прые́мнае, і цяжа́р Мой лёгкі.

 

РАЗДЗЕЛ 12

1. У той час праходзіў Іісус у суботу праз пасе́вы, а вучні Яго згалада́ліся і пачалí зрываць каласы́ і есці.

2. Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць тое, што не дазволена рабіць у суботу.

3. А Ён сказаў ім: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?

4. Як ён увайшоў у дом Божы і еў хлябы́ выстаўле́ння, якіх нельга было́ есці ні яму, ні тым, што былí з ім, а толькі адным святара́м?

5. І хіба́ не чыталі вы ў законе, што па суботах святары́ ў храме паруша́юць суботу, аднак невінава́тыя?

6. Але кажу вам, што тут Той, Хто бо́льшы за храм.

7. Калі б ведалі вы, што́ азначае: “мíласці хачу, а не ахвяры”, то не асудзíлі б невінава́тых.

8. Бо Сын Чалавечы ёсць Гаспадар і суботы.

9. І, адышоўшы адтуль, увайшоў Ён у сінагогу іхнюю. 

10. І вось, там быў чалавек, які меў сухую руку́. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаля́ць у суботы? — каб абвінава́ціць Яго.

11. А Ён сказаў ім: ці ёсць сярод вас чалавек, які, ма́ючы адну авечку, калі яна ў суботу ўпадзе́ ў яму, не во́зьме і не вы́цягне яе?

12. Наколькі ж чалавек больш ва́рты за авечку! Так што можна ў суботы дабро рабіць.

13. Тады кажа чалавеку таму: працягні руку́ тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровай, як другая.

14. А фарысеі, выйшаўшы, учынíлі змову су́праць Яго, як  Яго загубíць. Але Іісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.

15. І пайшло ўслед за Ім мноства народу, і Ён ацалíў іх усіх,

16. і забараніў ім абвяшча́ць пра Яго;

17. каб збыло́ся ска́занае праз прарока Ісаію, які кажа:

18. “Вось, Слуга Мой, Якога Я вы́браў; Узлю́блены Мой, Якога ўпадаба́ла душа́ Мая. Ускладу́ Дух Мой на Яго, і Ён суд народам абве́сціць;

19. не будзе пярэ́чыць, і не будзе крычаць, і ніхто не пачуе на вуліцах голасу Яго;

20. трысцíны надлама́най не перало́міць, і кно́та, які тле́е, не пату́шыць, пакуль не давядзе правасу́ддзе да перамогі;

21. і на імя́ Яго будуць спадзява́цца народы”.

22. Тады прывялі да Яго апанава́нага дэманам сляпога і нямога; і Ён ацаліў яго, так што сляпы і нямы́ пачаў гаварыць і ба́чыць.

23. І здзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці не гэта Хрыстос, Сын Давідаў?

24. А фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганя́е дэманаў не інакш, як сілаю веельзеву́ла, князя дэманскага.

25. Але Іісус, ведаючы по́мыслы іх, сказаў ім: усякае царства, раздзе́ленае само́е су́праць сябе, запусце́е; і ўсякі горад або дом, раздзе́лены сам су́праць сябе, не ўстаíць.

26. І калі сатана сатану выганя́е, то ён раздзялíўся сам у сабе, як жа ўстаíць царства яго?

27. І калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.

28. Калі ж Я Духам Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.

29. Альбо, як можа хто ўвайсці ў дом дужага і нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады дом яго абрабу́е?

30. Хто не са Мною, той су́праць Мяне; і хто не збірае са Мною, той раскіда́е.

31.Таму кажу вам: усякі грэх і блюзне́рства дару́юцца лю́дзям; а супраць Духа блюзне́рства не дару́ецца лю́дзям.

32. Калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, дару́ецца яму; а калі хто скажа супраць Духа Святога, не дару́ецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.

33. Альбо прызна́йце дрэва добрым і плод яго добрым; альбо прызна́йце дрэва кепскім і плод яго кепскім, бо дрэва па плодзе пазнае́цца.

34. Адроддзе яхíдніна?! як вы можаце добрае казаць, бу́дучы ліхíмі? Бо ад перапоўненасці сэ́рца гавораць ву́сны.

35. Добры чалавек з добрай ска́рбніцы выносіць добрае; а ліхí чалавек з ліхо́й ска́рбніцы выно́сіць ліхо́е.

36. Кажу ж вам, што за кожнае ма́рнае слова, якое прамо́вяць людзі, дадуць яны адказ у дзень су́дны.

37. Бо з-за слоў сваіх будзеш апраўда́ны і з-за слоў сваіх будзеш асу́джаны.

38. Тады ў адказ  некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі: Настаўнік! мы хочам ад Цябе знаме́нне ўбачыць.

39. А Ён сказаў ім у адказ: род ліхí і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае; ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іоны прарока.

40. Бо як Іона быў у чэ́раве ў кіта́ тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэ́рцы зямлі тры дні і тры ночы.

41. Людзі Ніневíйскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іонаву; і вось, тут бо́льшае за Іону.

42. Царыца по́ўдня ўстане на судзе́ з родам гэтым і асу́дзіць яго, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.

43. Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць.

44. Тады ён кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І, прыйшоўшы, застае́ яго пустым, падме́ценым і прыбра́ным.

45. Тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, ўвайшоўшы, яны жывуць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхо́му.

46. Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці і браты Яго стаялі звонку, хочучы пагаварыць з Ім.

47. І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае на дварэ́ стаяць, хочучы пагаварыць з Табою.

48. Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая́? і хто браты Мае́?

49. І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая́ і браты Мае́.

50. Бо хто будзе выко́нваць волю Айца Майго, Які на нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.

 

РАЗДЗЕЛ 13

1. У той дзень Іісус, вы́йшаўшы з дома, сеў каля мора.

2. І сабра́лася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.

3. І гаварыў ім шмат прытчамі, ка́жучы:  вось, вы́йшаў се́йбіт сеяць.

4. І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблí яго.

5. А іншае ўпала на ме́сцы камянíстыя, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая.

6. А калі ўзышло́ сонца, завя́ла, і, паколькі не ме́ла карэння, засохла.

7. А іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго.

8. А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод: адно ў сто крат, другое ў шэсцьдзеся́т, а іншае ў трыццаць.

9. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

10. І, прыступíўшы, вучні сказалі Яму: чаму Ты прытчамі гаворыш ім?   

11. Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам да́дзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не да́дзена;

12. Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе і памножыцца; а хто не ма́е, у таго ады́мецца і тое, што ма́е.

13. Дзе́ля таго прытчамі гавару ім, што яны ба́чачы не бачаць, і чу́ючы не чуюць, і не разумеюць.

14. І збыва́ецца над імі прароцтва Іса́іі, якое кажа: “слы́хам пачуеце, і не зразуме́еце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.

15. Бо агрубе́ла сэ́рца ў людзей гэтых, і вуша́мі цяжка чуюць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўбачыць вачы́ма, і вуша́мі не пачуць, і сэ́рцам не зразумець, і не звярну́цца, каб Я ацаліў іх”.

16. А вашы вочы блажэ́нныя, таму што бачаць, і ву́шы вашы, таму што чуюць.

17. Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жада́лі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.

18. Вы ж паслухайце сэнс прытчы пра се́йбіта.

19. Да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхí і кра́дзе пасе́янае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасе́янае пры дарозе.

20. А пасе́янае на камянíстых месцах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прыма́е яго;

21. але не ма́е кораня ў сабе і нетрыва́лы: калі настане ўціск альбо гане́нне за слова, ён адразу спакуша́ецца.

22. А пасе́янае ў це́рнях азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і зма́нлівасць багацця заглуша́юць сло́ва, і яно становіцца бясплодным.

23. А пасе́янае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее; ён і плод прыно́сіць і дае́ адзін сто, другі шэсцьдзеся́т, а іншы трыццаць.

24. Другую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: Царства Нябеснае падобна да чалавека, які пасеяў добрае насе́нне на по́лі сваім.

25. Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў пустазелле сярод пшаніцы, і пайшоў.

26. Калі ўзышла́ збажына́ і завязала плод, тады з’явілася і пустазе́лле.

27. Прыйшлі рабы́ гаспадара́ дома і сказалі яму: гаспадар! хіба́ не добрае насе́нне пасеяў ты на по́лі сваім? адкуль жа на ім пустазе́лле?

28. Ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. а рабы́ сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, вы́палем яго?

29. Але ён сказаў: не, каб, выпо́лваючы пустазе́лле, вы не павырыва́лі разам з ім і пшаніцы.

30. Пакіньце расці разам тое і другое да жніва́; а ў час жніва́ я скажу жняца́м: вы́берыце перш пустазе́лле і звяжы́це яго ў снапы́, каб спалíць яго; а пшаніцу збяры́це ў жы́тніцу маю́.

31. Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: падобна Царства Нябеснае да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек узяў і пасеяў на по́лі сваім;

32. яно, хоць і меншае за ўсякае насе́нне, але, калі вы́расце, бывае бо́льшым за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылята́юць птушкі нябесныя і се́ляцца ў го́ллі яго.

33. Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобна Царства Нябеснае да заква́скі, якую жанчына, узяўшы, пакла́ла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.

34. Гэта ўсё сказаў Іісус прытчамі народу, і без прытчы нічога не гаварыў ім,

35. каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які кажа: “адкры́ю ў прытчах вусны Мае́; вы́кажу скры́тае ад стварэ́ння свету”.

36. Тады Іісус, адпусцíўшы народ, увайшоў у дом. і прыступілі да Яго вучні Яго, ка́жучы: растлума́ч нам прытчу пра пустазе́лле на полі.

37. Ён жа сказаў ім у адказ: Се́йбіт добрага насе́ння ёсць Сын Чалавечы;

38. поле ёсць свет; добрае насе́нне гэта — сыны́ Царства, а пустазе́лле — сыны́ ліхога;

39. вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво́ ёсць сканчэ́нне веку, а жняцы́ — Ангелы.

40. І вось, як збіраюць пустазе́лле і агнём па́ляць, гэтакса́ма будзе пры сканчэ́нні веку гэтага.

41. Пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спаку́сы і тых, што чы́няць беззаконне,

42. і ўкíнуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скры́гат зубоў.

43. Тады пра́веднікі заззя́юць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

44. Яшчэ падобна Царства Нябеснае да схава́нага на полі скарбу, знайшоўшы які, чалавек утаíў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае́ ўсё, што ма́е, і купля́е поле тое.

45. Яшчэ падобна Царства Нябеснае да купца, які шукае прыгожых жамчу́жын,

46. і, знайшоўшы адну шматкашто́ўную жамчу́жыну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.

47. Яшчэ падобна Царства Нябеснае да не́вада, які быў закíнуты ў мора і набраў усяго ўсялякага,

48. і калі ён напоўніўся, яго вы́цягнулі на бераг і, сеўшы, добрае скла́лі ў по́суд, а дрэннае выкінулі прэч.

49. Так будзе пры сканчэнні веку: вы́йдуць Ангелы і аддзе́ляць ліхíх з асяро́ддзя пра́ведных,

50. і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скры́гат зубоў.

51. Кажа ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!

52. А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, наву́чаны Царству Нябеснаму, падобны да гаспадара́ дома, які выносіць са ска́рбніцы сваёй новае і старо́е.

53. І ста́лася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, Ён пайшоў адтуль.

54. І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх  у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?

55. Ці не цесляро́ў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыя, і браты Яго — Іа́каў, і Іасíй, і Сíман, і Іуда?

56. І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57. І сумнява́ліся ў Ім. Іісус жа сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба́ толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім.

58. І не ўчынíў там многіх цудаў з-за няве́р’я іх.

 

РАЗДЗЕЛ 14

1. У той час пачуў Ірад тэтра́рх по́галас пра Іісуса

2. і сказаў слу́гам сваім: гэта Іаан Хрысцíцель; ён паўстаў з мёртвых, і таму цуды дзе́юцца праз яго.

3. Бо Ірад, узяўшы Іаана, звязаў яго і пасадзіў у цямнíцу з-за Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго;

4. таму што Іаан казаў яму: нельга табе мець яе.

5. І хацеў Ірад яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго лічылі прарокам.

6. А ў дзень нараджэ́ння Ірада танцавала дачка Ірадыяды перад гасцямі і дагадзíла Іраду.

7. Таму ён з кля́тваю абяцаў ёй даць, чаго б яна ні папрасіла.

8. А яна, падбухто́раная маці сваёю, сказала: дай мне тут на блю́дзе галаву́ Іаана Хрысцíцеля.

9. І засмуцíўся цар; але дзе́ля кля́твы і тых, што ўзляжа́лі з ім, загадаў даць.

10. І паслаў адсе́кчы Іаану галаву́ ў цямнíцы.

11. І прыне́слі галаву́ яго на блю́дзе, і далí дзяўчыне; а яна зане́сла маці сваёй.

12. А вучні яго, прыйшоўшы, узялí яго цела і пахавалі яго; ды пайшлі паве́дамілі Іісусу.

13. І, пачуўшы, Іісус адплыў адтуль на лодцы ў пустэ́льнае ме́сца адзін; а люд, прачуўшы, пайшоў за Ім пе́шшу з гарадоў.

14. І, выйшаўшы, Іісус убачыў  мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацалíў іхніх хворых.

15. Калі ж настаў вечар, прыступíлі да Яго вучні Яго і сказалі: пустэ́льная тут мясціна, і час ужо позні; адпусцí людзей, каб яны пайшлі ў пасе́лішчы і купілі сабе е́жы.

16. Але Іісус сказаў ім: яны не маюць патрэ́бы ісці; вы дайце ім есці.

17. Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.

18. Ён сказаў: прынясíце Мне іх сюды.

19. І загадаў народу ўзле́гчы на траву, і, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёў вочы на неба, благаславіў, пераламíў і даў хлябы́ вучням, а вучні — народу.

20. І елі ўсе, і насы́ціліся; і набра́лі рэ́шты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных.

21. А тых, што елі, было́ каля пяці тысяч чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.

22. І адразу прыму́сіў Іісус вучняў Сваіх увайсцí ў лодку і вы́правіцца ране́й за Яго на другі бок, пакуль Ён адпу́сціць народ.

23. І, адпусцíўшы народ, Ён узышо́ў на гару́ ў адзіно́це памаліцца; і калі звечарэ́ла, застава́ўся там адзін.

24. А лодка была́ ўжо пасяро́д мора, і яе бíла хва́лямі, бо вецер быў супрацíўны.

25. У чацвёртую ж ва́рту ночы пайшоў да іх Іісус, ідучы́ па моры.

26. І вучні, убачыўшы, што Ён ідзе па моры, жахну́ліся і казалі: гэта пры́від; і ад страху закрычалі.

27. Але Іісус адразу загаварыў з імі і сказаў: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.

28. Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзі! калі гэта Ты, загадай мне прыйсцí да Цябе па вадзе.

29. І Ён сказаў: ідзі. І, вы́йшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысцí да Іісуса.

30. Але, ба́чачы моцны вецер, ён спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзі! рату́й мяне.

31. І адразу Іісус, працягнуўшы руку, падхапíў яго і кажа яму: малаве́рны! навошта ты засумнява́ўся?

32. І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер суня́ўся.

33. А тыя, што былі ў лодцы, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: Ты сапраўды́ Сын Божы.

34. І, пераправіўшыся, прыбылí яны ў зямлю Генісарэ́цкую.

35. І, пазнаўшы Яго, жыхары́ той мясціны абвясцілі па ўсім навако́ллі тым, і прыне́слі да Яго ўсіх хворых,

36. і прасілі Яго, каб толькі дакрану́цца да кра́ю адзе́ння Яго; і тыя, што дакрану́ліся, ацалíліся.

 

РАЗДЗЕЛ 15

1. Тады прыходзяць да Іісуса іерусалімскія кніжнікі і фарысеі і кажуць:

2. чаму вучні Твае паруша́юць пада́нне ста́рцаў? бо не ўмываюць яны рук сваіх, калі ядуць хлеб.

3. А Ён сказаў ім у адказ: чаму і вы паруша́еце за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага?

4. Бо запаве́даў Бог, сказаўшы: “шануй бацьку і маці”; і: “хто зласло́віць на бацьку альбо маці, смерцю няхай памрэ”.

5. А вы ка́жаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: “дар Богу — тое, што ты ад мяне скарыста́ў бы”,

6. той можа і не ўшанаваць бацьку свайго альбо маці сваю; такім чы́нам вы скасава́лі за́паведзь Божую дзе́ля пада́ння вашага.

7. Крываду́шнікі! добра прарочыў пра вас Іса́ія, ка́жучы:

8. “набліжа́юцца да Мяне людзі гэтыя ву́снамі сваімі і ўшаноўваюць Мяне языком; а сэрца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;

9. але ма́рна шануюць Мяне, навуча́ючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым”.

10. І, паклíкаўшы народ, сказаў ім: слухайце і разумейце:

11. не тое, што ўваходзіць у ву́сны, апага́ньвае чалавека; а што выходзіць з ву́снаў, тое апага́ньвае чалавека.

12. Тады вучні Яго, прыступíўшы,  сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысеі, пачуўшы слова гэтае, спакусíліся?

13. А Ён сказаў у адказ: усякая расліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, будзе вы́каранена.

14. Пакіньце іх: яны — сляпыя павадыры́ сляпых; а калі сляпы сляпога вядзе, дык або́два ў яму ўпаду́ць.

15. А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.

16. Іісус жа сказаў: няўжо і вы яшчэ не ма́еце разуме́ння?

17. Хіба́ яшчэ не разуме́еце, што ўсё, што ўваходзіць у ву́сны, праходзіць у чэ́рава і выво́дзіцца прэч?

18. А тое, што выходзіць з ву́снаў, — з сэ́рца выхо́дзіць; і яно апаганьвае чалавека.

19. Бо з сэ́рца выхо́дзяць ліхíя по́мыслы, забойствы, пралюбадзе́йствы, блуд, крадзяжы́, ілжы́выя све́дчанні, блюзне́рствы —

20. гэта апага́ньвае чалавека. а есці няўмытымі рукамі — не апага́ньвае чалавека.

21. І, выйшаўшы адтуль, адышоў Іісус у ме́жы Ты́рскія і Сідо́нскія.

22. І вось, жанчына Ханане́янка, выйшаўшы з тых мясцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзі, Сыне Давідаў, дачка́ мая ця́жка паку́туе ад дэмана.

23. Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Яго, прыступíўшы, прасілі Яго, ка́жучы: адпусці яе, бо крычыць услед нам.

24. А Ён сказаў у адказ: Я пасла́ны толькі да загíнуўшых авечак дому Ізра́ілевага.

25. А яна, падышоўшы, кла́нялася Яму, ка́жучы: Госпадзі! памажы мне.

26. А Ён сказаў у адказ: нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.

27. Яна ж сказала: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты ядуць крошкі, якія па́даюць са стала гаспадаро́ў іх.

28. Тады Іісус сказаў ёй у адказ: о, жанчына! вялікая вера твая; няхай будзе табе, як ты хочаш. І ацалíлася яе дачка́ ў тую ж гадзíну.

29. І, адышоўшы адтуль, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага і, падняўшыся на гару, сеў там.

30. І прыступíла да Яго мноства людзей, ма́ючы з сабою кульга́вых, сляпых, нямы́х, зняве́чаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Іісусавых; і Ён ацалíў іх;

31. так што народ здзіўля́ўся, ба́чачы, як нямы́я гаво́раць, зняве́чаныя становяцца здаровымі, кульга́выя ходзяць і сляпы́я бачаць; і праслаўля́ў ён Бога Ізра́ілевага.

32. А Іісус, паклікаўшы  вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада́ Мне людзей, бо ўжо тры дні застаю́цца пры Мне, і няма чаго ім есці; і адпусцíць іх галоднымі не хачу, каб не аслабе́лі ў дарозе.

33. І кажуць Яму вучні Яго: адкуль нам узяць у пусты́ні столькі хлябо́ў, каб накармíць гэ́тулькі людзей?

34. І кажа ім Іісус: колькі ў вас хлябо́ў? А яны адказалі: сем, і некалькі ры́бінак.

35. І загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлю́.

36. І, узяўшы сем хлябо́ў і рыбу, узнёс падзяку, пераламíў і даў вучням Сваім, а вучні — лю́дзям.

37. І елі ўсе, і насы́ціліся; і назбіра́лі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных.

38. А тых, што елі, было́ чатыры тысячы чалавек, акрамя́ жанчын і дзяцей.

39. І, адпусціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбы́ў у ме́жы Магдалíнскія.

 

РАЗДЗЕЛ 16

1. І прыступíлі  фарысеі і садукеі, і, спакуша́ючы, прасілі Яго паказаць ім знаме́нне з неба.

2. А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе паго́да, бо неба агнíстае;

3. і раніцай: сёння няго́да, бо неба агнíста-хмарнае. Крываду́шнікі! аблíчча неба вы ўме́еце адро́зніваць, а знаме́нняў часу не можаце распазнава́ць?

4. Род ліхí і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя знаме́ння Іоны прарока. І, пакінуўшы іх, Ён адышоў.

5. І, перапра́віўшыся на другі бок, вучні Яго забы́ліся ўзяць хлябо́ў.

6. Іісус сказаў ім: глядзіце і сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукейскай.

7. Яны ж разважа́лі самі сабе, ка́жучы: гэта значыць, што хлябо́ў мы не ўзялí.

8. Ведаючы гэта, Іісус сказаў ім: чаму разважа́еце самі сабе, малаве́рныя, што вы хлябо́ў не ўзялí?

9. Няўжо яшчэ не разуме́еце і не па́мятаеце пра пяць хлябо́ў для пяці тысяч, і колькі кашоў вы набра́лі?

10. Ні пра сем хлябо́ў для чатырох тысяч, і колькі кошыкаў вы набра́лі?

11. Як вы не разумееце, што не пра хлябы́ Я казаў вам: “сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукей­скай”?

12. Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерага́цца не заква́скі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага.

13. Прыйшоўшы ў межы Кесары́і Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы: за каго людзі прыма́юць Мяне, Сына Чалавечага?

14. Яны сказалі: адны за Іаана Хрысцíцеля, а другія за Ілію́, а іншыя за Іерамíю або за аднаго з прарокаў.

15. Ён кажа ім: а вы за каго прыма́еце Мяне?

16. І Сíман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.

17. І ў адказ Іісус сказаў яму: блажэ́нны ты, Сíмане, сы́не Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які на нябёсах.

18. І Я кажу табе: ты Пётр, і на гэтай скале́ Я збуду́ю Царкву Маю, і вароты пяке́льныя не адо́леюць яе.

19.  І дам табе ключы́ Царства Нябеснага: і што́ звя́жаш на зямлі, тое будзе звя́зана на нябёсах; і што́ развя́жаш на зямлі, тое будзе развя́зана на нябёсах.

20. Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Іісус Хрыстос.

21. З таго часу Іісус пачаў адкрыва́ць ву́чням Сваім, што Яму нале́жыць ісці ў Іерусалім і шмат адпаку́таваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і быць забíтым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.

22. І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэ́чыць Яму, ка́жучы: Бог міласцівы да Цябе, Госпадзі! няхай не будзе гэтага з Табою!

23. А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзí ад Мяне, сатана! ты Мне спаку́са, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.

24. Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною.

25. Бо хто хоча душу́  сваю ўратаваць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той знойдзе яе.

26. Бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабу́дзе, а душы́ сваёй пашкодзіць? альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?

27. Бо пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады адда́сць кожнаму паводле спраў яго.

28. Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён прыхо́дзіць ў Царстве Сваім.

 

РАЗДЗЕЛ 17

1. І праз шэсць дзён ўзяў Іісус Пятра, Іакава і Іаана, брата яго, і ўзвёў іх на гару́ высокую адных,

2. і перамяніўся перад імі, і заззя́ла аблíчча Яго, як сонца, а ўбра́нне Яго стала белым, як святло.

3. І вось, явіліся ім Маісе́й і Ілія́, і з Ім размаўлялі.

4. Азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Госпадзі! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры шатры́: Табе адзін, і Маісею адзін, і адзін Іліí.

5. Пакуль ён яшчэ гаварыў, вось, воблака светлае ахіну́ла іх; і вось, голас з воблака прамовіў: гэта ёсць Сын Мой Узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў; Яго слухайце.

6. І, пачуўшы, вучні прыпа́лі тва́рамі сваімі да зямлі і вельмі спалохаліся.

7. І, прыступíўшы, Іісус дакрану́ўся да іх і сказаў: устаньце і не бойцеся.

8. Узвёўшы ж вочы свае, яны нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Іісуса.

9. І калі сыхо́дзілі яны з гары, Іісус загадаў ім, ка́жучы: нікому не расказвайце пра ба́чанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэ́сне з мёртвых.

10. І спыталіся ў Яго вучні Яго, ка́жучы: а чаму кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсцí раней?

11. Іісус сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́ пры́йдзе ране́й і адно́віць усё.

12. Але кажу вам, што Ілія́ ўжо прыйшоў, і не пазна́лі яго, а ўчынíлі з ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы ма́е паку́таваць ад іх.

13. Тады зразумелі вучні, што Ён пра Іаана Хрысцíцеля казаў ім.

14. І калі прыйшлі яны да народу, падышоў да Яго чалавек і, стаўшы перад Ім на калені,

15. сказаў: Госпадзі! памíлуй сына майго; ён луна́цік і цяжка паку́туе, бо часта па́дае ў агонь і часта ў ваду́.

16. Я прыво́дзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацалíць яго.

17. А Іісус сказаў у адказ: о, ро́дзе бязве́рны і разбэ́шчаны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? Прывядзíце яго да Мяне сюды.

18. І забаранíў яму Іісус; і вы́йшаў з яго дэман; і ацалíўся хлопец у тую ж хвіліну.

19. Тады вучні, прыступíўшы да Іісуса асобна, сказалі: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?

20. А Іісус сказаў ім: з-за нявер’я вашага; бо праўду кажу вам: калі вы бу́дзеце мець веру з гарчы́чнае зе́рне і ска́жаце гары́ гэтай: “перайдзі адсюль туды”, і яна пяро́йдзе; і нічога не будзе немагчы́мага для вас.

21. Гэты ж род выганя́ецца толькі малітваю і по́стам.

22. У той час, калі знахо́дзіліся яны ў Галілеі, сказаў ім Іісус: адда́дзены будзе Сын Чалавечы ў ру́кі чалавечыя,

23. і заб’юць Яго, і на трэці дзень уваскрэ́сне. І засмуцíліся яны вельмі.

24. Калі ж прыйшлі яны ў Капернау́м, то падышлí збо́ршчыкі дыдра́хмаў  да Пятра і сказалі: ці не дасць Настаўнік ваш дыдра́хмы?

25. Ён кажа: дасць. І калі ўвайшоў ён у дом, то Іісус, апярэ́дзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сíмане? цары зямныя з каго бяруць мы́та або пада́так? з сыноў сваіх, ці з чужых?

26. Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Іісус: значыць, сыны́ свабодныя.

27. Але каб нам не спакусíць іх, ідзі на мора, закінь ву́ду, і першую ры́біну, якая зло́віцца, вазьмі; і, адкры́ўшы рот яе, зно́йдзеш стацíр; вазьмі яго і дай ім за Мяне і за сябе.

 

РАЗДЗЕЛ 18

1. У той час прыступíлі вучні да Іісуса, ка́жучы: хто ж бо́льшы ў Царстве Нябесным?

2. Іісус жа, паклíкаўшы дзіця́, паставіў яго сярод іх

3. і сказаў: праўду кажу вам, калі не наве́рнецеся і не будзеце, як дзеці, не ўво́йдзеце ў Царства Нябеснае.

4. Дык вось, хто ўпако́рыцца і стане, як гэтае дзіця́, той бо́льшы ў Царстве Нябесным.

5. І хто пры́ме адно такое дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е.

6. А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жаро́н млынавы́ на шы́ю яму́ і ўтапілі ў глыбінí марской.

7. Гора свету ад спакус, бо павінны прыйсцí спаку́сы; але гора таму чалавеку, праз якога спаку́са прыхо́дзіць.

8. Калі ж рука твая альбо нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукí альбо без нагі, чым, дзве рукí і дзве нагі маючы, быць укíнутым у агонь вечны.

9. І  калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыццё ўвайсці, чым, два вокі маючы, быць укíнутым у гее́ну вогненную.

10. Глядзіце, не пагарджа́йце ніво́дным з малы́х гэтых; бо кажу вам, што Ангелы іх на нябёсах заўсёды ба́чаць аблíчча Айца Майго Нябеснага.

11. Бо прыйшоў Сын Чалавечы, каб спасцí тое, што загíнула.

12. Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзíлася адна з іх, то ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцí ў гара́х і не пойдзе шукаць тую, што заблудзíлася?

13. І калі ўдасца знайсці яе, праўду кажу вам, што ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, якія не заблудзíліся.

14. Гэтакса́ма няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малы́х гэтых.

15. Калі ж саграшы́ць су́праць цябе брат твой, ідзі і вы́крый яго сам-на́сам; калі паслу́хаецца цябе, то прыдба́ў ты брата твайго.

16. А калі не паслу́хаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб ву́снамі двух альбо трох све́дкаў пацве́рдзілася кожнае слова.

17. Калі ж не паслу́хаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслу́хаецца, то няхай будзе ён табе як язычнік і мы́тнік.

18. Праўду кажу вам: што́ вы звя́жаце на зямлі, тое будзе звя́зана на небе; і што́ развя́жаце на зямлі, тое будзе развя́зана на небе.

19. Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас паго́дзяцца на зямлі прасіць за любую справу, то, чаго б ні папрасíлі, будзе ім ад Айца Майго, Які на нябёсах.

20. Бо дзе двое альбо трое сабра́ліся ў імя́ Маё, там Я сярод іх.

21. Тады прыступіў да Яго Пётр і сказаў: Госпадзі! колькі разоў дарава́ць брату майму, які грашы́ць су́праць мяне́ ці да сямі разоў?

22. Кажа яму Іісус: не кажу табе: “да сямі”, а да сямíдзесяці разоў па сем.

23. Таму Царства Нябеснае падобна да цара, які захацеў праве́сці разлíкі з раба́мі сваімі.

24. Калі ён пачаў право́дзіць разлíкі, прывялі да яго кагосьці, хто быў вíнен яму дзесяць тысяч тала́нтаў.

25. А паколькі ён не меў чым аддаць, то яго ўлада́р загадаў прадаць яго, і жонку яго, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і адда́ць доўг.

26. Тады раб той упаў і, кла́няючыся яму, казаў: “уладару́! будзь цярплíвы да мяне, і ўсё табе заплачу́”.

27. І ўлада́р раба таго, злíтаваўшыся, адпусцíў яго і доўг дарава́ў яму.

28. А раб той, вы́йшаўшы, знайшоў аднаго з тава́рышаў сваіх, які вíнен яму быў сто дына́рыяў, і, схапіўшы яго, душы́ў, ка́жучы: “аддай мне, што вíнен”.

29. Тады тава́рыш яго ўпаў у ногі яму́, прасіў яго і казаў: “будзь цярплíвы да мяне, і ўсё аддам табе”.

30. Але той не захацеў, а пайшоў і кінуў яго ў цямнíцу, пакуль не адда́сць доўгу.

31. Тава́рышы яго, убачыўшы, што зда́рылася, засмуцíліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі ўладару́ свайму пра ўсё, што адбыло́ся.

32. Тады яго ўлада́р клíча яго і кажа: “ліхí раб! увесь доўг той я дарава́ў табе, бо ты ўпрасíў мяне;

33. ці не нале́жала і табе памíлаваць тава́рыша твайго, як і я цябе памíлаваў?”

34. І, разгне́ваўшыся, яго ўлада́р перадаў яго ка́там, пакуль не адда́сць усяго доўгу свайго.

35. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не дару́е ад сэрца свайго кожны з вас брату свайму правíн яго.

 

РАЗДЗЕЛ 19

1. І ста́лася, калі Іісус закончыў словы гэтыя, то выйшаў з Галілеі і прыйшоў у ме́жы Іудзейскія, на той бок Іардана.

2. За Ім следам пайшло шмат людзей, і Ён ацалíў іх там.

3. І прыступíлі да Яго фарысеі і, спакуша́ючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазво́лена чалавеку разво́дзіцца з жонкай сваёю?

4. Ён сказаў ім у адказ: хіба́ не чыталі вы, што Тварэц ад пачатку мужчынам і жанчынаю стварыў іх?

5. І сказаў: таму пакíне чалавек бацьку і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною,

6. так што яны ўжо не двое, а адна плоць. Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.

7. Яны кажуць Яму: чаму тады Маісей запаве́даў даваць разво́дны ліст і разво́дзіцца з ёю?

8. Ён кажа ім: Маісей з-за жорсткасці сэрца вашага дазволіў вам разво́дзіцца з жонкамі вашымі; але спачатку не было так.

9. А Я кажу вам: хто развядзе́цца з жонкаю сваёю не з-за блу́ду і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае; і хто ажэ́ніцца з разве́дзенай, той пралюбадзе́йнічае.

10. Ка́жуць Яму вучні Яго: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, то лепш не жаніцца.

11. Ён жа сказаў ім: не ўсе разумеюць слова гэтае, а тыя, каму да́дзена,

12. Бо ёсць скапцы́, якія з уло́ння ма́тчынага нарадзíліся так; і ёсць скапцы́, якія аско́плены людзьмí; і ёсць скапцы́, якія аскапíлі самі сябе дзе́ля Царства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай зразумее.

13. Тады прыве́дзены былí да Яго дзеці, каб Ён ускла́ў на іх ру́кі і памаліўся; а вучні забараня́лі ім.

14. Іісус жа сказаў: пусцíце дзяцей і не перашкаджа́йце ім прыхо́дзіць да Мяне, бо такім нале́жыць Царства Нябеснае.

15. І, ускла́ўшы на іх ру́кі, пайшоў адтуль.

16. І вось, нехта, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што́ добрае зрабіць мне, каб мець жыццё вечнае?

17. А Ён сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсці ў жыццё, выконвай за́паведзі.

18. Кажа Яму: якія? Іісус сказаў: не забівай; не пралюбадзе́йнічай; не крадзь; не све́дчы лжы́ва;

19. шануй бацьку і маці; і: любí бліжняга твайго, як само́га сябе.

20. Кажа Яму юнак: усё гэта захава́ў я з юнацтва майго; чаго яшчэ не хапа́е мне?

21. Сказаў яму Іісус: калі хочаш даскана́лым быць, ідзі, прада́й маёмасць тваю і разда́й убо́гім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною.

22. Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў засму́чаны, бо ў яго была́ вялікая ўла́снасць.

23. Іісус жа сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсцí ў Царства Нябеснае.

24. І яшчэ кажу вам: лягчэ́й вярблюду прайсцí праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсцí ў Царства Божае.

25. Пачу́ўшы гэта, вучні Яго вельмі здзівíліся і сказалі: хто ж тады можа спасцíся?

26. А Іісус паглядзе́ў і сказаў ім: лю́дзям гэта немагчы́ма, а Богу ўсё магчы́ма.

27. Тады Пётр, адка́зваючы, сказаў Яму: вось, мы пакíнулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам?

28. Іісус жа сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, якія пайшлí ўслед за Мною, — у новым жыццí, калі ся́дзе Сын Чалавечы на прастоле сла́вы Сваёй, ся́дзеце і вы на двана́ццаці прастолах судзíць двана́ццаць кале́н Ізра́ілевых.

29. І кожны, хто пакíне дамы́, альбо братоў, альбо сясцёр, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо палí дзеля імя́ Майго, атрыма́е ў сто разоў больш і ўнасле́дуе жыццё вечнае.

30. Многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

 

РАЗДЗЕЛ 20

1. Бо Царства Нябеснае падо́бна да гаспадара́ дома, які вы́йшаў на до́світку наня́ць работнікаў у вінагра́днік свой.

2. І, дамо́віўшыся з работнікамі па дына́рыю ў дзень, пасла́ў іх у вінагра́днік свой.

3. І, вы́йшаўшы каля трэцяй гадзíны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку без працы,

4. і ім сказаў: ідзíце і вы ў вінагра́днік мой, і што́ будзе нале́жным, дам вам. Яны пайшлі.

5. І зноў, вы́йшаўшы каля шостай і дзевятай гадзíны, ён зрабіў тое самае.

6. І, вы́йшаўшы каля адзіна́ццатай гадзíны, ён знайшоў іншых, якія стаялі без працы, і кажа ім: што́ вы тут стаіце́ цэлы дзень без працы?

7. Яны кажуць яму: ніхто нас не наня́ў. Ён кажа ім: ідзíце і вы ў вінагра́днік мой, і што́ будзе нале́жным, атрыма́еце.

8. Калі ж настаў вечар, кажа гаспада́р вінагра́дніка ўпра́ўніку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім пла́ту, пача́ўшы з апошніх да першых.

9. І тыя, што прыйшлі каля адзіна́ццатай гадзíны, атрымалі па дына́рыю.

10. А тыя, што прыйшлí першымі, думалі, што бо́лей атрыма́юць; але атрымалі і яны па дына́рыю.

11. І, атрыма́ўшы, яны пачалí нарака́ць на гаспадара́ дома

12. і казалі: гэтыя апошнія адну гадзíну працавалі, і ты прыраўня́ў іх да нас, якія перане́слі цяжа́р дня і спёку.

13. Ён жа ў адказ сказаў аднаму з іх: дру́жа! я не кры́ўджу цябе; хіба́ не за дына́рый ты дамовіўся са мною?

14. Вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць тое, што і табе.

15. Хіба́ нельга мне са сваім рабіць тое, што хачу́ ці вока тваё зайздро́снае з-за таго, што я добры?

16. Так будуць апошнія першымі і першыя апошнімі; бо шмат паклíканых, але ма́ла вы́браных.

17. І,  узыхо́дзячы ў Іерусалім, Іісус у дарозе адвёў двана́ццаць вучняў асобна і сказаў ім:

18. вось, мы ўзыхо́дзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць;

19. і вы́дадуць Яго язычнікам на глумле́нне, і біццё, і распя́цце; і на трэці дзень уваскрэ́сне.

20. Тады прыступíла да Яго маці сыноў Зевядзе́евых з сына́мі сваімі, кла́няючыся і нешта про́сячы ў Яго.

21. Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны́ мае́ адзін справа, а другі злева ад Цябе ў Царстве Тваім.

22. Іісус сказаў у адказ: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я буду піць, альбо хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысцíцца? Яны кажуць Яму: можам.

23. І кажа ім: чашу Маю́ будзеце піць, і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысцíцца; але сесці справа ад Мяне і злева ад Мяне — не Я даю, а гэта для тых, каму ўгатава́на Айцом Маім.

24. Пачуўшы гэта, дзеся́цера вучняў абу́рыліся на двух братоў.

25. Іісус жа, паклíкаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князí народаў пану́юць над імі, і вяльможы ўлада́раць імі.

26. Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слугою;

27. і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе вам рабом;

28. бо Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служы́лі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.

29. І калі выхо́дзілі яны з Іерыхо́на, за Ім сле́дам ішло мноства людзей.

30.  І вось, двое сляпых, якія сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Іісус прахо́дзіць, пачалí крычаць, ка́жучы: памілуй нас, Госпадзі, Сыне Давідаў!

31. Людзі ж патрабава́лі, каб яны замо́ўклі; але яны яшчэ мацней закрычалі: памілуй нас, Госпадзі, Сыне Давідаў!

32. Іісус, спынíўшыся, паклíкаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?

33. Яны кажуць Яму: Госпадзі! каб адкры́ліся нашы вочы.

34. Іісус жа, злíтаваўшыся, дакрану́ўся да вачэй іх; і адразу іх вочы пачалí бачыць, і яны пайшлі за Ім.

 

РАЗДЗЕЛ 21

1. І калі наблíзіліся да Іерусаліма і прыйшлі ў Віфагíю да гары Елеонскай, тады Іісус паслаў двух вучняў,

2. сказаўшы ім: ідзіце ў се́лішча, якое перад вамі; і адразу зно́йдзеце аслíцу прывя́заную і асляня́ з ёю; адвяза́ўшы, прывядзíце да Мяне.

3. І калі хто вам скажа што-небудзь, вы адка́жаце, што яны патрэбны Госпаду; і адразу пашле́ іх.

4. А ўсё гэта ста́лася, каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які гаворыць:

5. “скажы́це дачцэ́ Сіёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лаго́дны, се́дзячы на аслíцы і асляня́ці, сы́не пад’ярэмнай”.

6. Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Іісус:

7. прывялі аслíцу і асляня́; і пакла́лі на іх во́пратку сваю, і Ён сеў паве́рх яе.

8. Мноства людзей пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу, а іншыя зраза́лі галíны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.

9. А народ, які ішоў папе́радзе і следам, ускліка́ў: Аса́нна  Сыну Давíдаваму! благаславёны Той, Хто прыходзіць ў імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вы́шніх!

10. І калі ўвайшоў Ён у Іерусалім, узру́шыўся ўвесь горад, і казалі: хто гэта?

11. А народ казаў: гэта Іісус, Прарок з Назарэта Галіле́йскага.

12. І  ўвайшоў Іісус у храм Божы і павыганя́ў усіх тых, якія прадава́лі і купля́лі ў храме, і перакулíў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў.

13. І кажа ім: напíсана: “дом Мой домам малітвы назаве́цца”; а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.

14. І прыступíлі да Яго ў храме сляпыя і кульга́выя, і Ён ацаліў іх.

15. А першасвятары́ і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён зрабіў, і дзяцей, якія ўскліка́лі ў храме і казалі: “Аса́нна Сыну Давідаваму”, абу́рыліся

16. і сказалі Яму: чуеш, што яны кажуць? А Іісус кажа ім: так! хіба́ вы ніколі не чыталі: “з вуснаў дзетак і немаўля́т Ты ўчынíў хвалу́?”

17. І, пакінуўшы іх, Ён выйшаў з горада ў Віфа́нію і правёў там ноч.

18. А раніцай, вярта́ючыся ў горад, захацеў Ён есці.

19. І, убачыўшы пры дарозе адну смако́ўніцу, Ён падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лíсця, кажа ёй: няхай не будзе больш ад цябе пло́ду даве́ку. І адразу ўсохла смако́ўніца.

20. Убачыўшы гэта, вучні здзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смако́ўніца?

21. Іісус жа сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не засумнява́ецеся, то не толькі зробіце тое, што адбыло́ся са смако́ўніцай, але калі і гары́ гэтай ска́жаце: “падыміся і ўве́ргніся ў мора”, — будзе так.

22. І ўсё, чаго ні папро́сіце ў малітве з вераю, атрыма́еце.

23. І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, прыступíлі да Яго першасвятары́ і старэйшыны народу і сказалі: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе даў ула́ду такую?

24. Іісус сказаў ім у адказ: спытаю ў вас і Я адну рэч; калі гэта ска́жаце Мне, то і Я вам скажу, якою ўла́даю гэта раблю.

25. Хрышчэ́нне Іаанава адкуль было́: з неба ці ад людзей? Яны ж разважа́лі паміж сабою: калі скажам: “з неба”, то Ён скажа нам: “чаму ж вы не паве́рылі яму?”

26. А калі скажам: “ад людзей”, — баімся народу, бо ўсе лічаць Іаана прарокам.

27. І яны сказалі ў адказ Іісусу: не ведаем. Сказаў ім і Ён: і Я вам не скажу, якою ўла́даю гэта раблю.

28. А як вам здае́цца? У аднаго чалавека было́ два сыны́; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сы́не! ідзі, сёння папрацу́й у вінагра́дніку маім.

29. Але ён сказаў у адказ: “не хачу”; а потым, раска́яўшыся, пайшоў.

30. І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: “іду, гаспадар”; і не пайшоў.

31. Каторы з двух вы́канаў волю ба́цькі? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Іісус: праўду кажу вам, што мы́тнікі і блуднíцы папе́радзе вас ідуць у Царства Божае.

32. Бо прыйшоў да вас Іаан шляхам праведнасці, і вы не паверылі яму, а мы́тнікі і блуднíцы паверылі яму; вы ж, бачыўшы гэта, не раска́яліся і потым, каб паве́рыць яму.

33. Вы́слухайце іншую прытчу.  Быў адзін чалавек, гаспадар дома, які насадзíў вінагра́днік, і агаро́джаю абнёс яго, і вы́капаў у ім выціска́льню, і збудаваў вежу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.

34. А калі надышоў час збору пладоў, ён паслаў сваіх рабоў да вінагра́дараў узяць плады́ свае.

35. Вінагра́дары, схапіўшы рабоў яго, каго набілі, каго забілі, а каго каме́ннем пабілі.

36. Зноў паслаў ён іншых рабоў, больш чым ране́й; і з імі зрабілі тое самае.

37. Нарэшце паслаў ён да іх сы́на свайго, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.

38. Але вінагра́дары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго і завалодаем спа́дчынай яго.

39. І, схапіўшы яго, вы́велі вон з вінагра́дніка і забілі.

40. І вось, калі пры́йдзе гаспадар вінагра́дніка, што́ зробіць ён з гэтымі вінагра́дарамі?

41. Кажуць Яму: злачынцаў гэтых пакарае злой смерцю, а вінаграднік перада́сць іншым вінагра́дарам, якія аддава́ць будуць яму плады ў свой час.

42. Іісус кажа ім: няўжо вы ніколі не чыталі ў Пісанні: “ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́: ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых”?

43. Таму кажу вам, што будзе забра́на ў вас Царства Божае і да́дзена будзе народу, які прыно́сіць плады яго.

44. І той, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.

45. І, пачуўшы прытчы Яго, першасвятары́ і фарысеі зразуме́лі, што пра іх Ён гаворыць.

46. І наме́рваліся схапіць Яго, але пабаяліся народу, бо Яго лічы́лі прарокам.

 

РАЗДЗЕЛ 22

1. І ў адказ Іісус зноў гаварыў да іх прытчамі, ка́жучы:  

2. Царства Нябеснае падобна да чалавека-цара, які рабіў вяселле сыну свайму;

3. і паслаў ён рабоў сваіх клíкаць запро́шаных на вяселле; а тыя не хацелі прыйсці.

4. Яшчэ паслаў ён іншых рабоў, ка́жучы: скажыце запро́шаным: “вось я прыгатава́ў абед мой, быкі мае́ і іншае ўко́рмленае зарэзана, і ўсё гатова; прыходзьце на вяселле”.

5. Але яны, не нада́ўшы ўва́гі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да га́ндлю свайго.

6. Астатнія ж, схапіўшы рабоў яго, знява́жылі і забілі іх.

7. І, пачуўшы пра гэта, цар разгневаўся, і, паслаўшы войскі свае, знíшчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.

8. Тады кажа ён рабам сваім: вяселле гатова, а запро́шаныя не былí дастойнымі.

9. Дык ідзіце на скрыжава́нні дарог і ўсіх, каго зно́йдзеце, клічце на вяселле.

10. І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабра́лі ўсіх, каго толькі знайшлі: і ліхіх, і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.

11. Цар, увайшоўшы паглядзе́ць на гасцей, убачыў там чалавека, не ўбра́нага ў вясельнае адзе́нне,

12. і кажа яму: дру́жа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным адзе́нні? Той жа маўчаў.

13. Тады сказаў цар слу́гам: звяза́ўшы яму ру́кі і ногі, вазьмíце яго і вы́кіньце ў це́мру зне́шнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў.

14. Бо многа паклíканых, але ма́ла вы́браных.

15. Тады фарысеі пайшлі і ўчынíлі змову, каб падлавíць Яго на слове.

16. І пасыла́юць да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзíвы, і шля́ху Божаму па праўдзе ву́чыш, і не стараешся дагадзíць каму-небудзь, бо не глядзіш на аблíчча людзе́й.

17. Дык вось скажы нам: як Табе здае́цца? дазволена даваць пада́так ке́сару ці не?

18. Іісус жа, зразумеўшы зламы́снасць іх, сказаў: што́ спакуша́еце Мяне, крываду́шнікі?

19. Пакажы́це Мне манету, якою пла́ціцца пада́так. Яны прыне́слі Яму дына́рый.

20. І Ён кажа ім: чыя гэта выя́ва і на́дпіс?

21. Кажуць Яму: ке́сара. Тады кажа ім: дык вось, аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.

22. Пачуўшы гэта, яны здзівíліся і, пакінуўшы Яго, адышлí.

23. У той дзень падышлí да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго:

24. Настаўнік! Маісей сказаў: “калі хто памрэ, не ма́ючы дзяцей, то няхай возьме брат яго жонку яго і адро́дзіць се́мя  брату свайму”.

25. Было ў нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не ма́ючы се́мені, пакінуў жонку сваю брату свайму.

26. Гэтакса́ма і другі, і трэці, аж да сёмага.

27. А пасля ўсіх паме́рла і жонка.

28. Дык вось, ва ўваскрасе́нні, катораму з сямі будзе яна жонкаю? бо ўсе ме́лі яе.

29. Іісус сказаў ім у адказ: памыля́ецеся, не ве́даючы ні Пісанняў, ні сілы Божае.

30. Бо ва ўваскрасе́нні не жэняцца і не выходзяць замуж, а жывуць, як Ангелы Божыя на нябёсах.

31. А пра ўваскрасе́нне мёртвых хіба́ не чыталі вы ска́занага вам Богам:

32. “Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава”? Бог не ёсць Бог мёртвых, а жывых.

33. І, пачуўшы, народ здзіўляўся вучэнню Яго.

34. А фарысеі, пачуўшы, што Ён зму́сіў садукеяў замаўча́ць, сабра́ліся разам.

35. І спытаўся адзін з іх, законнік, спакуша́ючы Яго і ка́жучы:

36. Настаўнік! якая за́паведзь найбо́льшая ў законе?

37. Іісус жа сказаў яму: “узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім”.

38. Гэта першая і найбо́льшая за́паведзь.

39. А другая падо́бная да яе: “узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе”.

40. На гэтых дзвюх за́паведзях грунту́ецца ўвесь закон і прарокі.

41. Калі ж сабра́ліся фарысеі, запыта́ў у іх Іісус:

42. што вы ду́маеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43. Кажа ім: як жа Давід па натхне́нню Духа Госпадам Яго называе, калі кажа:

44. “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх”?

45. Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, я́к гэта Ён сын яму?

46. І ніхто не мог адказа́ць Яму ні слова; і не смеў ужо ніхто з таго дня задаваць Яму пытанні.

 

РАЗДЗЕЛ 23

1. Тады Іісус прамовіў да народу і да вучняў Сваіх,

2. ка́жучы: на Маісеевым паса́дзе селі кніжнікі і фарысеі.

3.  Дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце, бо яны гавораць, ды не робяць.

4. Яны звя́зваюць цяжа́ры вялікія і непасíльныя і ўсклада́юць на плечы лю́дзям, а самі не хочуць і пальцам зру́шыць іх.

5. Усе справы свае яны робяць дзе́ля таго, каб бачылі іх людзі; пашыра́юць філактэ́рыі  свае ды павялічваюць кутасы́ на адзенні сваім.

6. Лю́бяць таксама узляжа́ць напе́радзе на гасцінах, і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах,

7. і каб віталі іх на плошчах, і каб людзі клíкалі іх: “вучыцель! вучыцель!”

8. А вы не называйцеся вучы́целямі, бо адзін у вас Вучыцель — Хрыстос, а ўсе вы — браты́.

9. І айцом сваім не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах.

10. І не называ́йцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос.

11. Бо́льшы з вас няхай будзе вам слугою.

12. Бо хто ўзвыша́е сябе, той прынíжаны будзе; а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.

13. Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што зачыня́еце Царства Нябеснае перад людзьмí; бо самі не ўвахо́дзіце і тым, што ўвахо́дзяць, не даяце́ ўвайсцí.

14. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, што паяда́еце дамы́ ўдоў і напака́з доўга моліцеся: за тое пры́меце тым большае асуджэ́нне.

15. Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што прахо́дзіце мора і су́шу, каб прыдба́ць хоць аднаго новага верніка; і калі гэта адбываецца, вы ро́біце яго сы́нам гее́ны, удвая́ горшым за вас.

16. Го́ра вам, павадыры́ сляпыя, што кажаце: “калі хто пакляне́цца храмам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца золатам храма, то вінаваты”.

17. Неразумныя і сляпыя! што большае: золата ці храм, які асвячае золата?

18. І яшчэ ка́жаце: “калі хто пакляне́цца ахвя́рнікам, гэта нічога; а калі хто пакляне́цца да́рам, які на ім, то вінава́ты”.

19. Неразумныя і сляпыя! што бо́льшае: дар ці ахвя́рнік, які асвяча́е дар?

20. Дык вось, хто кляне́цца ахвя́рнікам, той кляне́цца ім і ўсім, што на ім;

21. і хто кляне́цца храмам, той кляне́цца ім і Тым, Хто жыве́ ў ім;

22. і хто кляне́цца небам, той кляне́цца Прастолам Божым і Тым, Хто сядзíць на ім.  

23.  Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што даяце́ дзесяціну з мя́ты, анíсу і кме́ну, і адкінулі больш важнае ў законе: суд, міласць і веру; і гэта трэба было рабіць, і таго не пакіда́ць.

24. Павадыры́ сляпыя, што адцэ́джваеце камара́, а вярблю́да праглына́еце!

25. Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што ачышча́еце зво́нку ча́шы і мíсы, а усярэ́дзіне яны поўныя хцíвасці і няўстры́манасці.

26. Фарысей сляпы! ачысці перш сярэ́дзіну ча́шы і мíсы, каб і звонку яны былí чыстымі.

27. Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што робіцеся падобнымі да пабе́леных магіл, якія зво́нку здаюцца прыгожымі, а ўсярэ́дзіне поўныя касцей мерцвякоў і ўсялякага бруду;

28. так і вы знешне здаяце́ся лю́дзям праведнымі, а ўсярэ́дзіне поўныя крываду́шнасці і беззаконня.

29. Го́ра вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што будуеце грабнíцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам,

30. і кажаце: “калі б мы жылí ў дні бацькоў нашых, то не былí б саўдзе́льнікамі іх у праліццí крыві прарокаў”;

31. гэтым вы самі све́дчыце су́праць сябе, што вы сыны́ тых, якія забілі прарокаў.

32. Дапаўняйце і вы меру бацькоў вашых.

33. Зме́і, адро́ддзе яхíдніна! як пазбе́гнеце вы асуджэ́ння на гее́ну?

34. Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрацоў, і кніжнікаў; і некаторых з іх вы заб’яце́ і распняце́, а некаторых будзеце біць у сінагогах вашых і гнаць з горада ў горад;

35. каб прыйшла на вас уся кроў праведная, пралíтая на зямлі, ад крывí Авеля праведнага да крывí Заха́рыі, сына Варахíевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.

36. Праўду кажу вам: усё гэта пры́йдзе на род гэты.

37. Іерусаліме, Іерусаліме, які забіваеш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захацелі!

38. Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты.

39. Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне з гэтага часу, пакуль не ўсклікнеце: “благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць ў імя́ Гасподняе!”

 

РАЗДЗЕЛ 24

1. І, выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму збудава́нні храма.

2. Іісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застане́цца тут ка́меня на ка́мені; усё будзе зруйнава́на.

3. Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай, падышлі да Яго вучні асобна, гаворачы: скажы нам, калі гэта будзе? і якое знаме́нне Твайго прышэ́сця і сканчэ́ння веку?

4. І ў адказ Іісус сказаў ім: сцеражы́цеся, каб хто вас не ўвёў у зман.

5. Бо многія пры́йдуць пад íмем Маім і будуць казаць: “я Хрыстос”, — і многіх увядуць у зман.

6. Пачуеце таксама пра войны і чуткі аб войнах. Глядзіце, не жаха́йцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец.

7. Бо паўста́не народ на народ і царства на царства; і будзе голад і мор, і землятру́сы ме́сцамі.

8. А ўсё гэта — пачатак пакут.

9. Тады будуць аддаваць вас на му́кі і забіваць вас; і вы будзеце зненавíджаныя ўсімі народамі за імя́ Маё.

10. І тады спаку́сяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і ўзненавíдзяць адзін аднаго.

11. І многія лжэпрарокі паўста́нуць і ўвядуць у зман многіх.

12. І з-за памнажэ́ння беззаконня астыне любоў у многіх.

13. А хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе.

14. І прапаве́дана будзе гэтае Ева́нгелле Царства па ўсім свеце, дзе́ля све́дчання ўсім народам; і тады пры́йдзе канец.

15. Дык вось, калі ўбачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніілам прарокам і якая паўста́не на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —

16. тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;

17. і хто на да́ху, няхай не спуска́ецца, каб узяць што-небудзь з дому свайго;

18. і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.

19. Го́ра ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмí, у тыя дні!

20. Маліцеся, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою, а таксама ў суботу.

21. Бо тады будзе вялікае лíха, якога не было́ ад пачатку свету да гэтага часу, і не будзе.

22. І калі б не былí скаро́чаны тыя дні, то не ўратава́лася б ніякая плоць; але дзе́ля абра́ных будуць скаро́чаны тыя дні.

23. Тады, калі хто скажа вам: “вось, тут Хрыстос” альбо: “там”, — не верце.

24. Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі і дадуць знаме́нні вялікія і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.

25. Вось, Я наперад сказаў вам.

26. Таму, калі скажуць вам: “вось Ён у пустыні”, — не выходзьце; “вось, Ён у патайны́х пакоях”, — не верце.

27. Бо, як маланка блíскае з усходу і відна́ бывае аж да за́хаду, такім будзе прышэ́сце Сына Чалавечага.

28. Бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.

29. І адразу, пасля лíха дзён тых, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі спаду́ць з неба, і сілы нябесныя пахісну́цца.

30. І тады я́віцца знаме́нне Сына Чалавечага на небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.

31. І пашле Ангелаў Сваіх з трубою гучнагало́саю, і збяруць абра́ных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.

32. Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўнанне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лíсце, вы ведаеце, што блізка лета;

33. так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

34. Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.

35. Неба і зямля міну́ць, а словы Мае не міну́ць.

36. А пра дзень той і гадзíну ніхто не ведае, нават Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін.

37. Але як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:

38. бо як у дні перад патопам елі, пілí, жаніліся і выхо́дзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39. і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.

40. Тады будуць двое на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;

41. дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута.

42. Дык будзьце пíльныя, бо не ведаеце, у якую гадзíну Гасподзь ваш пры́йдзе.

43. Але тое вы знайце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту пры́йдзе зло́дзей, дык не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой.

44. Таму і вы будзьце гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.

45. Хто ж ёсць верны і разумны раб, якога гаспадар яго паставіў над слу́гамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?

46. Блажэ́нны той раб, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так.

47. Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.

48. А калі скажа ліхí раб той у сэ́рцы сваім: “не хутка пры́йдзе гаспадар мой”,

49. і пачне біць тава́рышаў сваіх, і есці і піць з п’яніцамі, —

50. то пры́йдзе гаспадар раба́ таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзíну, якой ён не ведае,

51. і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з крываду́шнымі; там будзе плач і скры́гат зубоў.

 

РАЗДЗЕЛ 25

1.Тады падобна будзе Царства Нябеснае да дзесяці дзеў, якія, узя́ўшы свяцíльнікі свае, выйшлі насу́страч жаніху.

2. Пяць з іх было мудрых і пяць неразумных.

3. Неразумныя, узя́ўшы свяцíльнікі свае, не ўзялí з сабою алею;

4. а мудрыя ўзялí алею ў пасу́дзінах разам са свяцíльнікамі сваімі.

5. І паколькі жаніх затрымаўся, то задрама́лі ўсе і паснулі.

6. Але апо́ўначы крык пачуўся: “вось, жаніх ідзе, выходзьце насу́страч яму”.

7. Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі свяцíльнікі свае.

8. А неразумныя мудрым сказалі: “дайце нам алею вашага, бо свяцíльнікі нашы га́снуць”.

9. Мудрыя ж сказалі ў адказ: “каб не зда́рылася, што не хопіць і ў нас, і ў вас, ідзіце лепш да прадаўцоў і купíце сабе”.

10. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былí гатовы, увайшлі з ім на вяселле, і зачы́нены былí дзверы.

11. Пасля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: “гаспадар! гаспадар! адчыні нам”.

12. Ён жа сказаў ім у адказ: “праўду кажу вам: не ведаю вас”.

13. Дык вось, будзьце пíльныя; бо не ведаеце ні дня, ні гадзíны, калі пры́йдзе Сын Чалавечы.

14. Гэтак і чалавек нейкі, адыхо́дзячы, паклíкаў рабоў сваіх і даручы́ў ім маёмасць сваю:

15. і аднаму даў пяць тала́нтаў, другому два, іншаму адзін, кожнаму па сіле яго; і адразу адышоў.

16. Той, хто атрымаў пяць тала́нтаў, пайшоў, уклаў іх у справу і набыў другія пяць тала́нтаў.

17. Таксама і той, з двума, набыў другія два.

18. А той, хто атрымаў адзін тала́нт, пайшоў і закапа́ў яго ў зямлю́ і схаваў серабро гаспадара́ свайго.

19. Па доўгім часе прыхо́дзіць гаспадар рабоў тых і право́дзіць з імі разлíкі.

20. І той, хто атрымаў пяць талантаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талантаў і кажа: “Гаспадар! пяць тала́нтаў ты даў мне; вось, другія пяць тала́нтаў я набыў на іх”.

21. Сказаў жа яму гаспадар яго: “добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго”.

22. Падышоў таксама і той, што атрымаў два тала́нты, і сказаў: “гаспадар! два тала́нты ты даў мне; вось, другія два тала́нты я набыў на іх”.

23. Сказаў жа яму гаспадар яго: “добра, раб добры і верны! у малы́м ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасць гаспадара́ твайго”.

24. Падышоў і той, што атрымаў адзін тала́нт, і сказаў: “гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпа́ў;

25. і, пабая́ўшыся, я пайшоў і схаваў тала́нт твой у зямлí; вось табе тваё”.

26. Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “ліхí раб і лянівы! ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпа́ў;

27. таму трэба было табе аддаць серабро маё мяня́лам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.

28. Дык вось, вазьміце ў яго тала́нт і дайце таму, хто ма́е дзесяць тала́нтаў,

29. бо кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена і памно́жыцца, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е.

30. А нягоднага раба вы́кіньце ў це́мру знешнюю; там будзе плач і скры́гат зубоў”. (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!)

31. Калі ж пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе святыя Ангелы з Ім, тады сядзе на прастоле славы Сваёй,

32. і збяруцца перад Ім усе народы; і Ён аддзе́ліць адных ад другіх, як пастух аддзяля́е авечак ад казлоў;

33. і паставіць авечак па правы бок ад Сябе, а казлоў — па левы.

34. Тады скажа Цар тым, якія па правы бок ад Яго: “Прыйдзíце, благаславёныя Айца Майго, прымíце ў спа́дчыну Царства, угатава́нае вам ад стварэ́ння свету:

35. бо быў галодны Я, і вы далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялí Мяне;

36. быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адве́далі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.

37. Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: “Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілí альбо сасмя́глага і напаілі?

38. Калі ж мы бачылі Цябе пры́шлага і прынялí? альбо голага і адзелі?

39. Калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да Цябе?”

40. І Цар скажа ім у адказ: “праўду кажу вам: тое, што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх ме́ншых, Мне зрабілі“.

41. Тады скажа і тым, якія па левы бок: “ідзіце ад Мяне, пракля́тыя, у агонь вечны, угатава́ны дыявалу і ангелам яго:

42. бо быў галодны Я, і вы не далí Мне есці; быў сасмя́глы, і вы не напаілі Мяне;

43. быў прышлы, і не прынялí Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; быў хворы і быў у цямніцы, і вы не адве́далі Мяне”.

44. Тады і яны скажуць Яму ў адказ: “Госпадзі, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасмя́глага, альбо пры́шлага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?”

45. Тады скажа ім у адказ: “праўду кажу вам: таго, што вы не зрабілі аднаму з гэтых ме́ншых, Мне не зрабілі“.

46. І пойдуць гэтыя на му́ку вечную, а праведнікі ў жыццё вечнае.

 

 

РАЗДЗЕЛ 26

1. І ста́лася: калі скончыў Іісус усе словы гэтыя, то сказаў вучням Сваім:  

2. вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы вы́дадзены будзе на распя́цце.

3. Тады сабра́ліся першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны народа ў двор першасвятара́, якога звалі Каіа́фа,

4. і дамовіліся ўзяць Іісуса хітрасцю і забіць.

5. Але казалі: толькі не ў свята, каб не ўзнікла абурэ́нне ў народзе.

6. Калі ж Іісус быў у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага,

7. прыступíла да Яго жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра шматкашто́ўнага і ўзліва́ла Яму на галаву́, калі Ён узляжа́ў за сталом.

8. Убачыўшы, вучні Яго абу́рыліся і казалі: навошта такая тра́та?

9. Бо можна было́ б прадаць гэтае мíра за вялікія грошы і даць убогім.

10. Але Іісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: навошта бянтэ́жыце жанчыну? яна добрую справу зрабіла для Мяне;

11. бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне не заўсёды ма́еце.

12. Бо ўзліўшы гэтае мíра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахава́ння.

13. Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, ска́зана будзе і пра тое, што́ зрабіла яна, у памяць аб ёй.

14. Тады адзін з двана́ццаці, якога звалі Іуда Іскарыёт, пайшоўшы да першасвятароў,

15. сказаў: што вы дасце́ мне, і я вам вы́дам Яго? Яны прапанава́лі яму трыццаць срэ́бранікаў.

16. І з таго часу ён шукаў нагоды вы́даць Яго.

17. У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Іісуса і сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі Табе есці пасху?

18. Ён жа сказаў: ідзіце ў горад да такога і такога чалавека і скажыце яму: “Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе спра́ўлю пасху з вучнямі Маімі”.

19. І зрабілі вучні, як загадаў ім Іісус, і прыгатава́лі пасху.

20. Калі ж звечарэ́ла, Ён узлёг з двана́ццацю вучнямі.

21. І, калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас вы́дасць Мяне.

22. Яны вельмі засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму, кожны з іх: ці не я, Госпадзі?

23. А Ён сказаў у адказ: хто апусціў са Мною руку́ ў блю́да, той вы́дасць Мяне.

24. Зрэ́шты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.

25. У адказ жа Іуда, які меў вы́даць Яго, сказаў: ці не я, Раввí? Іісус кажа яму: ты сказаў.

26. А калі яны елі: Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і, раздаючы́ вучням, сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.

27. І, узяўшы чашу, узнёс падзяку, пада́ў ім і сказаў: пíце з яе ўсе,

28. бо гэта Кроў Мая́ новага запавету, якая за многіх праліва́ецца дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.

29. Кажу ж вам, што з гэтага часу не буду піць ад пло́ду гэтага вінагра́днага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

30. І, праспява́ўшы хвалу́, яны пайшлі на гару Елеонскую.

31. Тады кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: “паражу́ пастыра, і рассе́юцца авечкі ста́да”.

32. Пасля ж уваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галілеі.

33. У адказ Пётр сказаў Яму: калі і ўсе ўсумня́цца ў Табе, я не ўсумню́ся.

34. Сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, што ў гэтую ноч, перш чым заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.

35. Кажа Яму Пётр: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

36. Потым прыхо́дзіць з імі Іісус у мясціну, званую Гефсіма́нія, і кажа вучням: пасядзіце тут, пакуль Я пайду памалюся там.

37. І, узяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзе́евых, пачаў смуткава́ць і тужы́ць.

38. Тады кажа ім Іісус: душа Мая́ смуткуе смяротна; пабудзьце тут са Мною і не спíце.

39. І, адышоўшы крыху́, прыпаў тварам Сваім да зямлі, маліўся і казаў: Ойча Мой! калі магчыма, няхай абміне́ Мяне чаша гэтая; але не як Я хачу, а як Ты.

40. І прыхо́дзіць да вучняў і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: няўжо не маглі вы і адной гадзíны патрыва́ць са Мною?

41. Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.

42. І зноў, другі раз адышоўшы, маліўся, ка́жучы: Ойча Мой! калі не можа чаша гэтая абміну́ць Мяне, каб Мне не піць яе, няхай будзе воля Твая.

43. І, прыйшоўшы, знайшоў, што зноў яны спяць, бо ў іх вочы ацяжэ́лі.

44. І, пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэці раз, тое самае слова сказаўшы.

45. Тады прыхо́дзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце; вось, наблізілася гадзíна, і Сын Чалавечы аддае́цца ў ру́кі грэшнікаў.

46. Уставайце, хадзе́м; вось наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.

47. І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Іуда, адзін з двана́ццаці, прыйшоў, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў і старэйшын народа.

48. А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго.

49. І, адразу падышоўшы да Іісуса, сказаў: радуйся, Раввí! І пацалаваў Яго.

50. Іісус жа сказаў яму: дру́жа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлí, і ўскла́лі ру́кі на Іісуса, і ўзялí Яго.

51. І вось, адзін з тых, што былí з Іісусам, працягнуўшы руку́, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасвятаро́вага, адсе́к яму вуха.

52. Тады кажа яму Іісус: вярні меч твой у месца яго, бо ўсе, хто возьме меч, ад мяча і загíнуць.

53. Ці ты думаеш, што Я не магу цяпер упрасíць Айца Майго, каб Ён даў Мне больш за дванаццаць легіёнаў Ангелаў?

54. Як жа збудуцца Пісанні, што так павінна быць?

55. У той час сказаў Іісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне́ кожны дзень з вамі сядзеў Я, ву́чачы ў храме, і вы не ўзялí Мяне.

56. А ўсё гэта было́, каб збылíся пісанні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцяка́лі.

57. А тыя, што ўзялí Іісуса, прывялі Яго да Каіа́фы першасвятара́, куды сабра́ліся кніжнікі і старэйшыны.

58. Пётр жа ішоў следам за Ім воддаль, да двара першасвятаро́вага; і, увайшоўшы ўсярэ́дзіну, сеў са слу́гамі, каб бачыць канец.

59. Першасвятары́, і старэйшыны, і ўвесь сінедрыён шукалі лжывага све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць,

60. і не знахо́дзілі; і хоць шмат ілжы́вых све́дкаў прыхо́дзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжы́выя све́дкі

61. і сказалі: Ён гаварыў: “магу разбуры́ць храм Божы і за тры дні збудаваць яго”.

62. І, устаўшы, першасвятар сказаў Яму: нічога не адказваеш на тое, што яны су́праць Цябе све́дчаць?

63. Іісус жа маўчаў. І першасвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывы́м, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

64. Кажа яму Іісус: ты сказаў; нават кажу вам: з гэтага часу ўбачыце Сына Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на воблаках нябесных.

65. Тады першасвятар разадра́ў адзе́нне сваё і сказаў: Ён блюзне́рыць! якую яшчэ патрэ́бу мы маем у све́дках? вось, цяпер вы чулі блюзне́рства Яго!

66. як вам здаецца? Яны ж сказалі ў адказ: Ён ва́рты смерці.

67. Тады плявалі Яму ў твар і штурха́лі Яго; а некаторыя білі па шчо́ках

68. і казалі: скажы нам, Хрысце́, хто ўдарыў Цябе?

69. А Пётр сядзеў зво́нку на двары. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў з Іісусам Галіле́янінам.

70. Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: не ведаю, што́ ты кажаш.

71. А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, якія былí там: і гэты быў з Іісусам Назарэ́ем.

72. І зноў адрокся ён з клятвай: я не ведаю Гэтага Чалавека.

73. Крыху пазней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды́ і ты з іх, бо і гаворка твая выдае́ цябе.

74. Тады ён пачаў кля́сціся і бажы́цца: я не ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа заспяваў певень.

75.  І ўспомніў Пётр словы Іісуса, Які сказаў яму: перш чым заспявае певень, ты тройчы адрачэ́шся ад Мяне. І, выйшаўшы вон, заплакаў горка.

 

РАЗДЗЕЛ 27

1. Калі ж настала раніца, усе першасвятары́ і старэйшыны народа зрабілі нара́ду су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць;

2. і, звяза́ўшы Яго, павялі і перадалí Яго Понцію Пілату, правíцелю.

3. Тады Іуда, які выдаў Яго, убачыўшы, што асудзілі Яго, і раска́яўшыся, аддаў трыццаць срэ́бранікаў першасвятара́м і старэйшынам,

4. ка́жучы: саграшыў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што́ нам да таго? глядзі сам.

5. І, кінуўшы срэ́бранікі ў храме, ён выйшаў; і, пайшоўшы, павесіўся.

6. Першасвятары́, узяўшы срэ́бранікі, сказалі: не дазваляецца кла́сці іх у храмавую ска́рбніцу, бо гэта цана́ крывí.

7. І, зрабіўшы нара́ду, яны купілі на іх поле ганчара для пахава́ння чужы́нцаў.

8. Таму і называецца поле тое “полем крывí” па сённяшні дзень.

9. Тады збыло́ся ска́занае праз прарока Іерамíю, які кажа: “і ўзялí трыццаць срэ́бранікаў, цану́ Ацэ́ненага, Якога ацанíлі сыны́ Ізра́ілевы,

10. і далí іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь”.

11. Іісус жа стаў перад правíцелем. І запыта́ў у Яго правíцель, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Іісус жа сказаў яму: ты кажаш.

12. І калі абвінава́чвалі Яго першасвятары́ і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.

13. Тады кажа Яму Пілат: хіба́ не чуеш, колькі све́дчаць су́праць Цябе?

14. І Ён не адказваў яму ні на адно слова, так што правíцель вельмі здзіўляўся.

15. А на свята правíцель меў звы́чай адпуска́ць народу аднаго вя́зня, якога пажада́юць.

16. Быў тады ў іх вядомы вя́зень, званы Вара́вва.

17. І вось, калі сабра́ліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я адпусціў вам — Вара́вву ці Іісуса, якога завуць Хрыстом?

18. Бо ведаў, што з за́йдрасці вы́далі Яго.

19. Тым часам, як сядзеў ён на судзейскім узвышэ́нні, яго жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёння ў сне шмат паку́тавала з-за Яго.

20. Але першасвятары́ і старэйшыны падбухто́рылі натоўп прасіць за Вара́вву, а Іісуса загубíць.

21. Тады правíцель сказаў ім у адказ: каго з двух хочаце, каб я адпусціў вам? Яны сказалі: Вара́вву.

22. Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць з Іісусам, якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: няхай будзе распя́ты!

23. Правíцель жа сказаў: якое ж Ён зло ўчынíў? Але яны яшчэ мацней крычалі: няхай будзе распя́ты!

24. Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамага́е, а неспакой нараста́е, узяў вады і ўмыў рукі перад народам, ка́жучы: невінава́ты я ў крывí Праведніка Гэтага; глядзіце самі.

25. І, адказваючы, увесь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзецях нашых.

26. Тады адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.

27. Тады воіны правíцелевы, узяўшы Іісуса ў прэторыю, сабра́лі на Яго цэлы полк,

28. і, раздзеўшы Яго, надзелі на Яго багранíцу;

29. і, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, усклалі на галаву Яго і далí Яму ў правую руку́ кій, і, стаўшы перад Ім на калені, глумíліся з Яго, ка́жучы: радуйся, Цар Іудзейскі!

30. І плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі Яго па галаве.

31. І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго баграніцу і апранулі Яго ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на распя́цце.

32. Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірыне́яніна, па імені Сíман; таго і прыму́сілі не́сці крыж Яго.

33. І, прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае “месца чэ́рапа”,

34. далí Яму піць воцат, змяша́ны з жоўцю; і, пакаштава́ўшы, Ён не захацеў піць.

35. Тыя, што распя́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя;

36. і, се́дзячы, вартава́лі Яго там.

37. І змясцíлі над галавою Яго надпіс з указаннем віны́ Яго: гэта Іісус, Цар Іудзейскі.

38. Тады распя́лі з Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.

39. А тыя, што прахо́дзілі міма, зневажа́лі Яго, ківаючы гало́вамі сваімі

40. і ка́жучы: Ты, Які разбураеш храм і за тры дні будуеш! урату́й Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа́.

41. Гэтаксама і першасвятары́ з кніжнікамі, і старэйшынамі, і фарысеямі, насміхаючыся, казалі:

42. іншых ратава́ў, а Самога Сябе не можа ўратава́ць. Калі Ён Цар Ізра́ілеў, няхай цяпер сы́дзе з крыжа́, і ўверуем у Яго;

43. спадзяваўся на Бога: няхай цяпер збавіць Яго, калі Ён уго́дны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.

44. Таксама і разбойнікі, распя́тыя з Ім, га́ньбілі Яго.

45. Ад шостай жа гадзíны цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.

46. А каля дзевятай гадзíны ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: Ілí, Ілí! лама́ савахфанí? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?

47. Некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ілію́ кліча Ён.

48. І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе воцатам і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць.

49. Астатнія ж казалі: чакай, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ ратава́ць Яго.

50. Іісус жа, зноў ускры́кнуўшы моцным голасам, спусцíў дух.

51. І вось, заве́са храма разадра́лася напала́м, зверху данíзу; і зямля страсяну́лася; і ска́лы раскало́ліся;

52. і магілы адкрыліся; і многія це́лы спачы́лых святых уваскрэ́слі;

53. і, выйшаўшы з магіл пасля ўваскрасе́ння Яго, ўвайшлі ў святы́ горад і явíліся многім.

54. Сотнік жа і тыя, што з ім вартавалі Іісуса, ба́чачы землетрасе́нне і ўсё, што адбыло́ся, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды́ Ён быў Сын Божы.

55. Былí там і глядзелі здалёк многія жанчыны, тыя, што пайшлі за Іісусам з Галілеі і служы́лі Яму;

56. сярод іх былí Марыя Магдалíна і Марыя, маці Іакава і Іасíі, і маці сыноў Зевядзе́евых.

57. Калі ж звечарэ́ла, прыйшоў багаты чалавек з Арымафе́і, па імені Іосіф, які і сам быў вучнем Іісуса;

58. ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў це́ла Іісусава. Тады Пілат загадаў аддаць це́ла.

59. І, ўзяўшы це́ла, Іосіф абгарну́ў яго чыстаю плашчанíцаю  

60. і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую вы́сек у скале́; і, прывалíўшы вялікі ка́мень да дзвярэй магілы, адышоў.

61. Была́ ж там Марыя Магдалíна і другая Марыя, якія сядзелі насу́праць магілы.

62. На другі дзень, насту́пны пасля пятніцы, сабра́ліся першасвятары́ і фарысеі да Пілата

63. і казалі: спада́р! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы́, сказаў: “праз тры дні ўваскрэ́сну”.

64. Дык вось, загадай вартаваць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы́, не ўкралі Яго і не сказалі народу: “уваскрэс з мёртвых”. І будзе апошняе ашуканства горшым за першае.

65. Пілат жа сказаў ім: маеце ва́рту; ідзіце, ахоўвайце, як знаеце.

66. Яны пайшлі і сталі ахоўваць магілу, прыклаўшы да ка́меня пячаць і паставіўшы ва́рту.

 

РАЗДЗЕЛ 28

1. Калі ж міну́ла субота, на світа́нні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалíна і другая Марыя паглядзе́ць магілу.

2. І вось, адбыло́ся вялікае землетрасе́нне: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступíўшы, адваліў ка́мень ад увахода ў магілу і сядзеў на ім.

3. Выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбра́нне яго белае, як снег.

4. І ад страху перад ім затрымце́лі вартаўнікí і зрабіліся, як мёртвыя.

5. Ангел жа, прамаўля́ючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы Іісуса распя́тага шукаеце.

6. Яго няма тут; Ён уваскрэс, як і казаў. Падыдзíце, паба́чце месца, дзе ляжаў Гасподзь.

7. І хутка ідзіце, скажы́це вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і будзе раней за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам.

8. І, пайшоўшы хутка ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі абвясцíць вучням Яго.

9. Калі ж ішлі яны абвясцíць вучням Яго, то вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапíлі ногі Яго і пакланíліся Яму.

10. Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, абвясцíце брата́м Маім, каб пайшлі ў Галіле́ю, і там яны ўбачаць Мяне.

11. А пакуль яны ішлі, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, паве́дамілі першасвятара́м пра ўсё, што адбыло́ся.

12. І тыя, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нара́ду, няма́ла грошай далí воінам,

13. ка́жучы: скажы́це, што вучні Яго, уначы́ прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі.

14. І калі чуткі пра гэта дойдуць да правíцеля, мы перакана́ем яго, і вас ад непрые́мнасці пазба́вім.

15. Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як наву́чаны былí. І пране́слася слова гэтае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня.

16. Адзіна́ццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару́, куды загадаў ім Іісус.

17. І, убачыўшы Яго, пакланíліся Яму; а іншыя ўсумнíліся.

18. І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: да́дзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі:

19. дык ідзіце, навучы́це ўсе народы, хры́сцячы іх у імя́ Айца, і Сына, і Святога Духа,

20. ву́чачы іх выконваць усё, што Я запаве́даў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэ́ння веку. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.