Святое Евангелле паводле Марка

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13   14   15   16

 

Раздзел 1

1. Пачатак Ева́нгелля Іісуса Хрыста, Сына Божага,

2. як напíсана ў прарокаў: “вось, Я пасылаю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”.

3. “Голас таго, хто кліча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабіце сце́жкі Яму”.

4. З’явіўся Іаан, хры́сцячы ў пусты́ні і прапаведуючы хрышчэнне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў.

5. І выхо́дзілі да яго ўся краіна Іудзейская ды Іерусалíмляне, і хрысцíліся ад яго ўсе ў рацэ́ Іардане, спавяда́ючыся ў грахах сваіх.

6. Іаан жа насіў вопратку з вярблю́джага воласу і скураны́ пояс на паяснíцы сваёй і еў акры́ды* і дзікі мёд.

7. І прапаве́даваў, ка́жучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты, нахілíўшыся, развязаць раме́нь абутку Яго;

8. я хрысцíў вас вадою, а Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым.

9. І было́ ў тыя дні, прыйшоў Іісус з Назарэта Галіле́йскага і хрысцíўся ад Іаана ў Іардане.

10. І калі выхо́дзіў з вады, убачыў адразу Іаан, што раскрываюцца нябёсы і Дух як голуб сыходзіць на Яго.

11. І голас быў з нябёсаў: Ты Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў.

12. І адразу Дух вядзе Яго ў пусты́ню.

13. І быў Ён там у пусты́ні сорак дзён, спакуша́ны сатаною, і быў са звярамі. І Ангелы служы́лі Яму.

14. Пасля ж таго, як узя́ты быў Іаан, прыйшоў Іісус у Галіле́ю, прапаве́дуючы Ева́нгелле Царства Божага

15. і ка́жучы, што споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пака́йцеся і веруйце ў Ева́нгелле.

16. А ідучы́ каля мора Галіле́йскага, убачыў Сíмана і Андрэя, брата Сíманавага, якія закідвалі мярэ́жы ў мора, бо яны былí рыбаловы.

17. І сказаў ім Іісус: ідзіце за Мною, і Я зраблю, што вы будзеце лаўца́мі людзе́й.

18. І яны адразу, пакінуўшы мярэ́жы свае, пайшлі ўслед за Ім.

19. І, прайшоўшы крыху́ адтуль, Ён убачыў Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата яго, як яны, таксама ў лодцы, ла́дзілі мярэ́жы;

20. і адразу паклíкаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзе́я ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.

21. І прыходзяць у Капернау́м; і неўзаба́ве ў суботу ўвайшоў Ён у сінагогу і вучыў.

22. І здзіўля́ліся вучэнню Яго; бо Ён вучыў іх, як той, хто ма́е ўла́ду, а не як кніжнікі.

23. І быў у сінагозе іхняй чалавек у духу нячыстым, і закрычаў ён,

24. ка́жучы: пакінь, што́ Табе да нас, Іісусе Назаранíне? Ты прыйшоў загубíць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.

25. Але Іісус забаранíў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго.

26. І дух нячысты, скалану́ўшы яго і ўскры́кнуўшы моцным голасам, выйшаў з яго.

27. І жахну́ліся ўсе, так што пыталіся адзін у аднаго, гаворачы: што гэта́ за новае вучэнне, што Ён з ула́даю і духам нячыстым зага́двае, і яны слухаюцца Яго?

28. І разне́слася чутка пра Яго адразу па ўсіх ваколіцах Галіле́і.

29. І адразу, вы́йшаўшы з сінагогі, яны прыйшлі ў дом Сíмана і Андрэя з Іакавам і Іаанам.

30. А це́шча Сíманава ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.

31. І, падышоўшы, Ён падняў яе, узяўшы за руку́; і гарачка адразу пакінула яе, і яна прыслу́жвала ім.

32. А як вечарэ́ла і сонца зайшло, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанава́ных дэманамі.

33. І ўвесь горад сабраўся да дзвярэй.

34. І Ён ацаліў многіх, якія пакутавалі ад розных хвароб, і дэманаў многіх вы́гнаў, і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

35. А раніцай, калі было яшчэ вельмі цёмна, Ён, устаўшы, выйшаў; і пайшоў у пустэ́льнае месца, і там маліўся.

36. І паспяша́ліся ўслед Яму Сíман і тыя, што былí з ім.

37. І, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.

38. І кажа Ён ім: хадзе́м у бліжэйшыя вёскі і гарады, каб Мне і там прапаве́даваць; бо на тое Я і выйшаў.

39. І Ён прапаве́даваў у сінагогах іхніх па ўсёй Галіле́і і дэманаў выганя́ў.

40. І прыхо́дзіць да Яго пракажоны, просячы Яго і на калені па́даючы перад Ім, кажа Яму: калі Ты хочаш, можаш ачы́сціць мяне.

41. Іісус жа, злíтаваўшыся над ім, працягнуў руку́, дакрану́ўся да яго і кажа яму: хачу, ачы́сціся.

42. І калі сказаў Ён, адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.

43. І, звярну́ўшыся да яго сурова, Ён адразу адаслаў яго,

44. і кажа яму: глядзі, нікому нічога не гавары; а ідзі, пакажы́ся святару і прынясі за ачышчэнне тваё, што загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.

45. А ён, выйшаўшы, пачаў шмат абвяшча́ць і распавяда́ць, так што Іісус ужо не мог адкрыта ўвайсці ў горад, а быў звонку, у пустэ́льных мясцінах. І прыхо́дзілі да Яго адусюль.

 

Раздзел 2

1. І прыйшоў Ён зноў у Капернау́м праз некалькі дзён, і чу́тна стала, што Ён у доме.

2. І адразу сабра́ліся многія, так што не ўмяшчаліся ўжо і пры дзвярах, і Ён казаў ім слова.

3. І прыйшлі, несучы́ да Яго спаралі­зава́нага, якога трымалі на руках чацвёра;

4. і, не ма́ючы як наблíзіцца да Яго з-за натоўпу, яны раскры́лі дах над тым месцам, дзе Ён быў, і, пракапа́ўшы, апусцíлі пасцель, на якой ляжаў спаралізава́ны.

5. І, убачыўшы веру іх, Іісус кажа спаралізава́наму: сы́не, адпускаюцца твае грахі.

6. Сядзелі ж тут некаторыя з кніжнікаў і разважа́лі ў сэ́рцах сваіх:

7. што́ Ён гэтак блюзне́рыць? хто можа адпускаць грахі, акрамя аднаго Бога?

8. І адразу Іісус, спазна́ўшы духам Сваім, што яны так разважа́юць у сабе, кажа ім: што́ гэта вы разважа́еце ў сэ́рцах вашых?

9. што лягчэй? сказаць спаралізава́наму: “адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “устань, і вазьмі пасцель тваю, і хадзі”?

10. Але каб вы ведалі, што ма́е ўла́ду Сын Чалавечы на зямлі адпуска́ць грахі, — кажа спаралізава́наму:

11. табе кажу: устань, і вазьмі пасцель тваю, і ідзі ў дом твой.

12. І адразу ўстаў той, і, узяўшы пасцель, выйшаў перад усімі, так што здзіўля́ліся ўсе і сла́вілі Бога, ка́жучы: ніколі такога мы не бачылі.

13. І выйшаў Іісус зноў да мора; і ўвесь народ ішоў да Яго, і Ён вучыў іх.

14. І, праходзячы, ўбачыў Ён  Левíя Алфе́евага, які сядзеў на мы́тні, і кажа яму: ідзі ўслед за Мною. І той, устаўшы, пайшоў услед за Ім.

15. І калі Іісус узляжа́ў у доме яго, многія мы́тнікі і грэшнікі ўзляжа́лі з Іісусам і з вучнямі Яго; бо многа было іх, якія ішлі ўслед за Ім.

16. І кніжнікі і фарысеі, убачыўшы, што Ён есць з мы́тнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Яго: як гэта з мы́тнікамі і грэшнікамі Ён есць і п’е?

17. І, пачуўшы, Іісус кажа ім: не здаровыя ма́юць патрэ́бу ў ле́кары, а хворыя; Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.

18. Вучні Іаанавы і фарысейскія пасцíлі. І прыходзяць і кажуць Яму: чаму вучні Іаанавы і фарысейскія по́сцяць, а Твае вучні не по́сцяць?

19. І сказаў ім Іісус: хіба́ могуць пасцíць сыны́ харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх? дакуль жаніх з імі, не могуць пасцíць;

20. але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, і тады будуць пасцíць у тыя дні;

21. ніхто латкі з тканіны суровай не прышывае да адзе́жыны старо́й, інакш прышы́тым парве́цца старо́е, і дзірка будзе яшчэ горшая;

22. і ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхí старыя: інакш прарве віно маладое мяхí, і віно вы́цеча, і мяхí прападу́ць; а віно малодае ў мяхí новыя ўліваць трэба.

23. І давяло́ся Яму ў суботу прахо́дзіць пасевамі, і пачалí вучні Яго дарогаю зрываць калоссе.

24. І фарысеі казалі Яму: паглядзі, чаму яны робяць у суботу, што не дазволена?

25. І Ён кажа ім: ці ж вы ніколі не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі патрэбу меў і згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?

26.  як ён увайшоў у дом Божы пры Авіяфа́ры-першасвятары́ і з’еў ахвя́рныя хлябы́, якіх не дазволена было́ есці нікому, акрамя святароў, і даў таксама тым, што былí з ім.

27. І казаў ім: субота ўзнікла дзе́ля чалавека, а не чалавек дзе́ля суботы.

28. Таму Сын Чалавечы ёсць гаспадар і суботы.

 

Раздзел 3

1. І прыйшоў зноў у сінагогу. І быў там чалавек, які меў усо́хлую руку́.

2. І сачы́лі за Ім, ці не ацалíць яго ў суботу, каб абвінава́ціць Яго.

3. І кажа Ён чалавеку, што меў усо́хлую руку́: стань пасярэ́дзіне.

4. А ім кажа: ці дазволена ў суботу дабро рабіць, альбо зло рабіць? душу́ ўратаваць альбо загубíць? Яны ж маўчалі.

5. І, паглядзеўшы на іх з гневам, засму́чаны жорсткасцю сэрцаў іх, кажа чалавеку: працягні руку́ тваю. І працягнуў ён, і стала рука яго здаровай, як другая.

6. І, вы́йшаўшы, фарысеі адразу ўчынíлі з ірадыянамі змову су́праць Яго, як Яго загубíць.

7. Іісус жа з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і мноства народу з Галіле́і пайшло за Ім, і з Іудзеі,

8. і з Іерусаліма, і з Ідуме́і, і з-за Іардана. І з навако́лляў Ты́ра і Сідо́на мноства вялікае, пачуўшы, што Ён рабіў, прыйшло да Яго.

9. І сказаў вучням Сваім, каб лодка была́ для Яго напагато́ве, каб натоўп не цясніў Яго.

10. Бо многіх Ён ацаліў, так што нядужныя кíдаліся да Яго, каб да Яго дакрану́цца.

11. І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, па́далі перад Ім і крычалі, ка́жучы: Ты — Сын Божы.

12. І Ён строга забараня́ў ім абвяшча́ць пра Яго.

13. І ўзышоў на гару, і паклíкаў, каго Сам хацеў; і прыйшлі да Яго.

14. І паставіў дванаццаць, каб былí з Ім і каб пасыла́ць іх прапаве́даваць,

15. і каб яны ме́лі ўладу ацаля́ць не́мачы і выганя́ць дэманаў.

16. Паставіў Сíмана, даўшы яму імя́ Пётр,

17. і Іакава Зевядзе́евага і Іаана, брата Іакава, да́ўшы ім імёны Ваане́ргес, што азначае “сыны́ громавы”;

18. і Андрэя, і Філіпа, і Варфаламе́я, і Матфея, і Фаму́, і Іакава Алфе́евага, і Фадзе́я, і Сíмана Кананíта,

19. і Іуду Іскарыёта, які і вы́даў Яго.

20. І прыйшлі ў дом, і сабраўся зноў народ, так што яны не маглі нават хле́ба паес­ці.

21. І, дачу́ўшыся, блізкія Яго вы́йшлі забраць Яго; бо казалі, што Ён не ў Сабе.

22. А кніжнікі, якія прыйшлі з Іерусаліма, казалі, што Ён ма́е ў Сабе веельзеву́ла і што сілай князя дэманскага выганя́е дэманаў.

23. І, паклíкаўшы іх, прытчамі казаў ім: як можа сатана сатану выганя́ць?

24. І калі царства раздзе́ліцца самое ў сабе, не можа ўстая́ць царства тое;

25. і калі дом раздзе́ліцца сам у сабе, не можа ўстая́ць дом той;

26. і калі сатана паўстаў сам на сябе і раздзялíўся, не можа ўстая́ць, але прыйшоў канец яму.

27. Ніхто не можа, увайшоўшы ў дом дужага, нарабава́ць дабра яго, калі перш не звя́жа дужага, і тады абрабу́е дом яго.

28. Праўду кажу вам: адпу́шчаны будуць сына́м чалавечым усе грахі і блюзне́рствы, якімі б ні блюзне́рылі,

29. але хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, не будзе мець адпушчэ́ння даве́ку, а падляга́е вечнаму асуджэ́нню.

30. Так казаў Ён, бо гаварылі: Ён духа нячыстага ма́е ў Сабе.

31. І прыйшлі Маці Яго і браты Яго і, сто́ячы на дварэ, паслалі да Яго паклíкаць Яго.

32. І сядзеў народ вакол Яго. і сказалі Яму: вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на дварэ, шукаюць Цябе.

33. І адказаў ім, гаворачы: хто Маці Мая́ і браты Мае́?

34. І агле́дзеўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая́ і браты Мае́;

35. бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці.

 

Раздзел 4

1. І зноў пачаў вучы́ць каля мора, і сабра́лася да Яго народу мноства, так што Ён увайшоў у лодку на моры і сядзеў, а ўвесь народ быў на зямлі пры моры.

2. І навучаў іх многа прытчамі, і гаварыў ім у павучэнні Сваім:

3. слухайце: вось, выйшаў се́йбіт сеяць.

4. І ста́лася, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі ды падзяўблí тое.

5. Іншае ўпала сярод каме́ння, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая;

6. калі ж сонца падняло́ся — завяла і, не ма́ючы ко́раня, засохла.

7. Іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго, і яно не дало́ плоду.

8. А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод, што падымаўся і ўзрастаў, і ўрадзíла па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.

9. І казаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

10. Калі ж Ён застаўся адзін, тыя, што былí пры Ім, разам з двана́ццаццю спыталі Яго аб прытчы.

11. І сказаў ім: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, хто звонку, у прытчах усё даецца;

12. каб яны, гле́дзячы, бачылі і не ўспрыма́лі, і, слу́хаючы, чулі і не разумелі, каб не звярну́ліся і не былí ім адпу́шчаны грахі.

13. І кажа ім: не разуме́еце прытчы гэтай? Як жа ўсе прытчы зразуме́еце?

14. Се́йбіт слова сее.

15. І вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова: калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і забірае пасе́янае ў сэ́рцах іх.

16. Таксама і пасе́янае сярод каме́ння — гэта тыя, якія, пачуўшы слова, адразу прыма́юць яго з радасцю,

17. але не маюць ко́раня ў сабе і нетрыва́лыя; калі настане ўціск або гане́нне з-за слова, адразу спакуша́юцца.

18. А ў це́рнях пасе́янае — гэта тыя, што чуюць слова,

19. але турбо́ты гэтага веку і спакуса багацця ды іншыя захапле́нні, увахо́дзячы ў іх, заглуша́юць слова, і яно застае́цца бясплодным.

20. А пасе́янае на добрай зямлі — гэта тыя, якія слухаюць слова і прыма́юць, і даюць плод па трыццаць, і па шэсцьдзеся́т, і па сто.

21. І  сказаў ім: хіба́ свечка прыно́сіцца, каб паставіць яе пад пасу́дзіну ці пад ло́жак? хіба́ не дзеля таго, каб паставіць яе на падсве́чнік?

22. Бо няма нічога тае́мнага, каб не стала я́ўным, і нішто не бывае схава́на, каб не адкрылася.

23. Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

24. І казаў ім: заўважа́йце, што чуеце. Якою мераю ме́раеце, такою і вам адме́раецца, і дада́дзена будзе вам, хто слухае.

25. Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў яго і тое, што ма́е.

26. І казаў: так і Царства Божае, як чалавек, калі кіне зе́рне ў зямлю;

27. і спіць, і ўстае́ ўно́чы і ўдзень, а як насенне ўзыхо́дзіць і расце́, не ведае ён.

28. Бо зямля сама па сабе ро́дзіць напачатку зелень, потым колас, тады напаўняе зе́рне ў коласе.

29. Калі ж вы́спее плод, адразу пасыла́е серп, бо надышло́ жніво́.

30. І казаў: з чым параўна́ем Царства Божае́ ці якою прытчаю вы́явім яго?

31. Яно як зе́рне гарчы́чнае, што, калі сеецца ў зямлю, то ме́ншае за ўсякае насенне на зямлі,

32. а калі пасеяна, вырастае і робіцца бо́льшым за ўсю зелянíну і пускае вялікае галлё, так што ў за́сені яго могуць пасялíцца птушкі нябесныя.

33. І многімі такімі прытчамі абвяшчаў ім слова, наколькі маглі яны слухаць.

34. Без прытчы не прамаўляў да іх, а вучням Сваім асобна тлумачыў усё. 

35. І кажа ім у той дзень з надыходам вечара: перапра́вімся на той бок.

36. І яны, адпусцíўшы людзей, бяруць Яго з сабою, як Ён быў у лодцы; і яшчэ лодкі былí з Ім.

37. І ўзняла́ся з ветру вялікая бура; хвалі захлíствалі лодку, так што яна ўжо напаўня́лася.

38. А Ён на карме́ спаў на ўзгало́ўі. І бу́дзяць Яго, і кажуць Яму: Настаўнік! хіба́ не хвалюе Цябе, што мы гíнем?

39. І, устаўшы, Ён забаранíў ветру і кажа мору: сціхні, перастань. І суня́ўся вецер і настала цíша вялікая.

40. І кажа ім: чаго вы такія баязлівыя? як гэта не маеце веры?

41. І напоўніліся страхам вялікім, і гаварылі між сабою: хто ж гэта Ён, калі і вецер, і мора слухаюцца Яго?

 

Раздзел 5

1. І прыплылí на другі бераг мора, у краіну Гадары́нскую.

2. І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячор у духу нячыстым,

3. які меў жытло́ ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звяза́ць яго;

4. бо шмат разоў яго звя́звалі аковамі і ланцугамі, але ён разрыва́ў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймава́ць;

5. і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гара́х крычаў ён і біўся аб каме́нне.

6. А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і пакланíўся Яму.

7. І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявы́шняга? закліна́ю Цябе Богам, не муч мяне!

8. Бо Іісус сказаў яму: вы́йдзі, дух нячысты, з чалавека.

9. І пытаўся ў яго: як імя́ тваё? і той адказаў: легіён маё імя́, бо многа нас.

10. І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.

11. А там пры гары́ пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.

12. І прасілі Яго ўсе дэманы, ка́жучы: пашлі нас у свіне́й, каб нам увайсці ў іх.

13.  І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патану́лі ў моры.

14. А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася.

15. Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апанта́ны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.

16. Тыя, хто бачыў, расказалі ім, як гэта адбыло́ся з апанта́ным, і пра свіне́й.

17. І пачалí прасіць Яго адысцí з межаў іх.

18. І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апанта́ны, прасіў Яго, каб быць з Ім.

19. А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што́ зрабіў табе Гасподзь і як памíлаваў цябе.

20. І пайшоў, і пачаў абвяшча́ць у Дзесяцігаро́ддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.

21. І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабра́лася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.

22. І вось прыхо́дзіць адзін са старэйшын сінагогі, íмем Іаíр, і, ўбачыўшы Яго, па́дае ў ногі Яму

23. і вельмі просіць Яго, ка́жучы: дачу́шка мая́ пры смерці, прыйдзі і ўскладзí на яе ру́кі, каб яна ўратавалася і жыла́.

24. І пайшоў за ім Іісус. І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп, і напіра́лі на Яго.

25. І жанчына нейкая, што мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў,

26. і шмат нацярпе́лася ад многіх ле́караў, і патра́ціла ўсё, што ме́ла, і ніякай палёгкі не атрыма́ла, а стала ёй яшчэ горш;

27. пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакрану́лася да вопраткі Яго;

28. бо казала: калі дакрану́ся хоць да вопраткі Яго, уратава́ная буду.

29. І адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе, і адчула яна целам, што вы́звалілася ад хваробы.

30. І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрану́ўся да вопраткі Маёй?

31. І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напіра́е на Цябе, а кажаш: хто дакрану́ўся да Мяне?

32. І агляда́ўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.

33. А жанчына спалохалася і дрыжа́ла, ве́даючы, што́ з ёю адбыло́ся, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.

34. Ён жа сказаў ёй: дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.

35. Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка́ твая паме́рла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?

36. Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.

37. І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.

38. Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню́ і тых, што плачуць і гало́сяць моцна.

39. І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалю́ецеся і пла́чаце. Дзяўчынка не паме́рла, а спіць.

40. І насміхаліся з Яго. Але Ён, вы́правадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былí з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.

41. І, узяўшы дзяўчынку за руку́, кажа ёй: “таліфа́ ку́мі”, што значыць: “дзяўчына, табе кажу, устань”.

42. І адразу падняла́ся дзяўчына і пачала́ хадзіць, а было́ ёй гадоў дванаццаць. І ўра́зіліся ўра́жаннем вялікім.

43. І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.

 

Раздзел 6

1. І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў на ба́цькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго.

2. І калі настала субота, пачаў Ён вучы́ць у сінагозе, і многія слухачы́ дзівіліся, ка́жучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць да́дзена Яму, і як такія цуды тво́рацца рукамі Яго?

3. Ці не цясля́р гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасíі, Іуды і Сíмана? і ці не сёстры Яго тут сярод нас? І сумнява́ліся ў Ім.

4. Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без паша́ны, хіба́ толькі на ба́цькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім.

5. І не мог там ніякага цу́ду ствары́ць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх ру́кі, ацалíў.

6. І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных се́лішчах, навучаючы.

7. І, паклíкаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім ула́ду над нячыстымі ду́хамі. 

8. І наказа́ў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хле́ба, ні медзі ў поясе;

9. але абува́цца ў санда́лі і не насіць дзвюх адзе́жын.

10. І казаў ім: калі дзе ўво́йдзеце ў дом, застава́йцеся ў ім, пакуль не по́йдзеце адтуль;

11. і калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца вас, то выхо́дзячы адтуль, абтрасíце пыл з ног вашых у све́дчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садо́му і Гамо́ры ў дзень су́дны, чым гораду таму.

12. І, пайшоўшы, яны прапаве́давалі пакая́нне,

13. і дэманаў многіх выганя́лі, і пама́звалі алеем многіх хворых, і ацаля́лі.

14. І дачу́ўся пра Іісуса цар Ірад, бо вядомым стала імя́ Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысцíцель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзе́юцца ім.

15. Іншыя казалі: гэта Ілія́, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.

16. А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсе́к галаву, ён паўстаў з мёртвых.

17. Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звяза́ў яго ў цямніцы з-за Ірадыя́ды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю.

18. Бо Іаан казаў Іраду: не нале́жыць табе мець жонку брата твайго.

19. А Ірадыя́да, гне́ваючыся на яго, жада́ла яго забіць, ды не магла.

20. Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў.

21. І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ла́дзіў пір вяльможам сваім, тысячанача́льнікам і старэйшынам Галілейскім,

22. і ўвайшла дачка́ Ірадыя́ды, і танцавала, і дагадзíла Іраду і тым, што ўзляжа́лі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.

23. І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго.

24. Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысцíцеля.

25. І яна адразу, паспе́шліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, ка́жучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блю́дзе галаву Іаана Хрысцíцеля.

26. І засмуціўся цар, але дзе́ля клятвы і тых, што ўзляжа́лі з ім, не захацеў адмовіць ёй.

27. І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прыне́сці галаву яго.

28. Той, пайшоўшы, адсе́к яму галаву ў цямніцы і прынёс на блю́дзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала́ яе маці сваёй.

29. І, дачу́ўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялí це́ла яго, і паклалі яго ў магілу.

30. І сабра́ліся апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.

31. І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэ́льнае месца і адпачнíце крыху́. Бо многія прыхо́дзілі і адыхо́дзілі, так што і паесці ім не было́ калі.

32. І адправіліся яны ў пустэ́льнае месца на лодцы асобна.

33. І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехато́ю з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэ́дзілі іх, і сышлíся да Яго.

34. І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былí як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучы́ць многа.

35. І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэ́льнае, і ўжо час позні,

36. адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды се́лішчы і купілі сабе хле́ба, бо не маюць чаго есці.

37. Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купíць хлябо́ў дына́рыяў на дзвесце і даць ім есці?

38. Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў ма́еце? ідзіце і паглядзíце. І, даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.

39. І загадаў ім рассадзíць усіх групамі на зялёнай траве.

40. І ўзляглí ў рады́ па сто і па пяцьдзесят.

41. І, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламíў хлябы́, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.

42. І елі ўсе і насы́ціліся.

43. І назбіралі кавалкаў хле́ба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы.

44. А было тых, што елі хлябы́, каля пяці тысяч мужчын.

45. І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаíды, пакуль Ён адпу́сціць людзей.

46. І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памалíцца.

47. І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.

48. І ўбачыў іх, знясíленых веслава́ннем, бо вецер дзьмуў насу́праць ім; і каля чацвёртай ва́рты ночы наблізіўся да іх, ідучы́ па моры, і хацеў абміну́ць іх.

49. Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта пры́від, і закрычалі.

50. Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. і адразу загаварыў з імі і сказаў ім: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.

51. І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суня́ўся. І яны надзвы́чай былі ўзру́шаныя ў сабе і здзіўляліся.

52. Бо не ўразуме́лі таго, што адбыло́ся з хляба́мі, бо сэрца ў іх было́ скамяне́лае.

53. І, перапра́віўшыся, прыбылí ў зямлю Генісарэ́цкую, і прысталі да берага.

54. І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазна́лі Яго,  

55. і, аббегшы ўсё наваколле тое, пачалí на пасцелях прыно́сіць хворых туды, дзе, па чу́тках, быў Ён.

56. І куды б ні прыхо́дзіў Ён, у пасе́лішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на лю́дных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да кра́ю адзе́ння Яго дакрану́цца; і тыя, што дакрана́ліся да Яго, уратоўваліся.

 

Раздзел 7

1. І сабра́ліся да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма;

2. і, бачыўшы некаторых з вучняў Яго, як яны елі хлеб нячыстымі, гэта значыць непамы́тымі, рукамі, дакара́лі.

3. Бо фарысеі і ўсе Іудзеі не яду́ць, пакуль не памыюць дбайна рук, трымаючыся пада́ння ста́рцаў;

4. і пасля рынку, пакуль не амы́юцца, не яду́ць. Ёсць і многае іншае, чаго яны прынялí трымацца: абмыва́ння чашаў, і кубкаў, і катлоў, і ла́ваў.

5. Потым пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: чаму вучні Твае не жывуць згодна з пада́ннем ста́рцаў, а непамы́тымі рукамі яду́ць хлеб?

6. А Ён у адказ гаворыць ім: добра прарочыў Іса́ія пра вас, крываду́шных, як напíсана: “людзі гэтыя ву́снамі ўшаноўваюць Мяне, а сэ́рца іх знахо́дзіцца далёка ад Мяне;

7. але ма́рна шануюць Мяне, навучаючы вучэнням, устанаўле́нням чалавечым”.

8. Бо, пакінуўшы за́паведзь Божую, трыма́ецеся вы пада́ння чалавечага, абмыва́ння кубкаў і чашаў ды многае іншае, падобнае да таго, робіце.

9. І казаў ім: хо́раша вы абыхо́дзіце за́паведзь Божую, каб сваё пада́нне захава́ць!

10. Бо Маісей сказаў: “шануй бацьку твайго і маці тваю”, і хто зласло́віць на бацьку альбо маці, няхай смерцю памрэ.

11. А вы гаворыце: калі скажа чалавек бацьку альбо маці: “тое, што ты ад мяне скарыстаў бы, гэта карва́н, што значыць дар Богу”,

12. тады ўжо дазваля́еце яму нічога не рабіць для бацькі альбо для маці сваёй,

13. паруша́ючы слова Божае пада́ннем вашым, якое вы перадаяце́; і многае падобнае да таго робіце.

14. І, паклíкаўшы ўсіх людзей, казаў ім: паслухайце Мяне ўсе і зразуме́йце.

15. Няма нічога, што, увахо́дзячы ў чалавека зво́нку, магло б апага́ніць яго; але што выходзіць з яго, тое апага́ньвае чалавека.

16. Калі хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

17. І калі ад людзей Ён увайшоў у дом, спыталіся ў Яго вучні Яго аб прытчы.

18. І сказаў ім: няўжо і вы такія неразумныя? Хіба́ не разумееце, што ўсё тое, што зво́нку ўваходзіць у чалавека, не можа апага́ніць яго?

19. Бо не ў сэ́рца яго ўваходзіць, а ў чэ́рава, і выходзіць прэч, таму ўсякая ежа чыстая.

20. І казаў: тое, што выходзіць з чалавека, апага́ньвае чалавека;

21. Бо знутры́, з сэ́рца чалавечага по́мыслы ліхíя выходзяць, пралюбадзе́йствы, блуд, забойствы,

22. крадзяжы́, ліхвя́рства, злоба, кава́рства, распу́снасць, вока зайздроснае, блюзне́рства, ганарлíвасць, шале́нства;

23. усё гэтае зло знутры́ выхо́дзіць і апага́ньвае чалавека.

24. І, ру́шыўшы адтуль, пайшоў у землі Ты́рскія і Сідо́нскія; і, увайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але не змог утаíцца.

25. Бо пачула пра Яго жанчына, дачка́ якой ме́ла ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упа́ла да ног Яго;

26. а жанчына тая была́ язычніца, Сірафінікія́нка родам; і прасіла Яго, каб вы́гнаў дэмана з яе дачкí.

27. Але Іісус сказаў ёй: дай перш насы́ціцца дзе́цям, бо нядобра ўзяць хлеб ад дзяцей і кінуць сабачаня́там.

28. Яна ж у адказ гаворыць Яму: так, Госпадзі! але і сабачаня́ты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.

29. І сказаў ёй: за гэтыя словы ідзі, выйшаў дэман з дачкí тваёй.

30. І, прыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка́ ляжы́ць на пасцелі.

31. І зноў, выйшаўшы з межаў Ты́рскіх і Сідо́нскіх, прыйшоў Іісус да мора Галіле́йскага ў землі Дзесяцігаро́ддзя.

32. І прыво́дзяць да Яго глухога коснаязы́кага і просяць, каб Ён усклаў руку́ на яго.

33. І, адвёўшы яго ад народу ўбок, улажы́ў пальцы Свае ў ву́шы яго і, плюнуўшы, дакрану́ўся да языка яго;

34. і, узвёўшы вочы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: “эффафа́”, што значыць: “адкры́йся”.

35. І адразу адкры́ліся вушы яго і развяза́ліся пу́ты яго языка́, і пачаў гаварыць выра́зна.

36. І загада́ў ім, каб не казалі нікому. Але чым больш Ён зага́дваў ім, тым больш абвяшчалі.

37. І надзвычай здзіўляліся, ка́жучы: добра ўсё зрабіў: і глухім дае чуць, і нямы́м гаварыць.

 

Раздзел 8

1. У тыя дні, калі сабра́лася многа народу і не ме́лі чаго есці, Іісус, паклíкаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:

2. шкада Мне людзей, што ўжо тры дні застаюцца са Мною, і не ма́юць чаго есці.

3. І калі адпушчу іх дадому галоднымі, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.

4. І адказалі Яму вучні Яго: адкуль можа хто накарміць іх хле́бам тут, у пусты́ні?

5. І спытаў у іх: колькі ў вас хлябо́ў? Яны адказалі: сем.

6. Тады загадаў лю́дзям узле́гчы на зямлі; і, ўзяўшы сем хлябо́ў, узнёсшы падзяку, пераламíў, і даў вучням Сваім, каб раздавалі; і яны раздалí лю́дзям.

7. І ме́лі некалькі ры́бінак: і блага­славіўшы, Ён загадаў і іх раздаць.

8. І елі, і насы́ціліся; і назбіралі рэ́шты кавалкаў сем кашоў.

9. А было́ тых, што елі, каля чатырох тысяч. І адпусцíў іх.

10. І адразу ўвайшоў у лодку і прыбы́ў з вучнямі Сваімі ў ме́жы Далману́фскія.

11. І выйшлі фарысеі і пачалí спрачацца з Ім, да­­ма­га́ючыся ад Яго знаме́ння з неба, спакуша́ючы Яго.

12. І Ён, уздыхну́ўшы духам Сваім, кажа: нашто род гэты знаме́ння патрабу́е? Праўду кажу вам: не будзе да́дзена роду гэтаму знаме́нне.

13. І, пакíнуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і адправіўся на той бок.

14. І забы́ліся вучні Яго ўзяць хлябо́ў, і акрамя аднаго хлеба не ме́лі з сабой у лодцы.

15. І Ён наказаў ім, гаворачы: глядзíце, сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і заква́скі Ірадавай.

16. І разважа́лі між сабой, ка́жучы: гэта значыць, што хлябоў у нас няма.

17. І, ве́даючы, Іісус кажа ім: чаму разважа́еце, што хлябоў няма ў вас? Няўжо яшчэ не адчуваеце і не разумееце? Няўжо дагэ́туль скамяне́лае сэ́рца ваша?

18. Вочы ма́ючы, не бачыце? ву́шы ма́ючы, не чуеце? і не па́мятаеце?

19. Калі пяць хлябоў пераламíў Я на пяць тысяч, колькі поўных кашоў кавалкаў назбіра́лі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.

20. А калі сем хлябоў на чатыры тысячы, колькі поўных кашоў кавалкаў вы набра́лі? Яны ж адказалі: сем.

21. І сказаў ім: як жа не разумееце?

22. І прыхо́дзіць у Віфсаíду. І прыводзяць да Яго сляпога і просяць, каб да яго дакрануўся.

23. І, узяўшы за руку́ сляпога, вы́веў яго за пасе́лішча і, плюнуўшы на вочы яму, усклаўшы ру́кі на яго, пытаўся ў яго, ці бачыць што.

24. Той, агле́дзеўшыся, сказаў: бачу людзей, нíбы дрэвы, што ходзяць.

25. Потым зноў усклаў ру́кі на вочы яго і зрабіў яго віду́шчым. І ацалíўся той, і стаў бачыць усё выра́зна.

26. І адаслаў яго ў дом, ка́жучы: у пасе́лішча не заходзь і не расказвай нікому ў пасе́лішчы.

27. І пайшоў Іісус з вучнямі Сваімі ў пасе́лішчы Кесары́і Філіпавай. І дарогаю пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы ім: за каго Мяне прыма́юць людзі?

28. А яны адказалі: за Іаана Хрысцíцеля, іншыя — за Ілію́, а іншыя — за аднаго з прарокаў.

29. Ён сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў Яму: Ты — Хрыстос.

30. І загадаў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.

31. І пачаў вучы́ць іх, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і забітым быць, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.

32. І казаў пра гэта адкрыта. І Пётр, адвёўшы Яго, пачаў адгаво́рваць Яго.

33. А Ён, абярну́ўшыся і паглядзе́ўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, ка́жучы: адыдзí ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.

34. І, паклíкаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой, і ўслед за Мной ідзе. 

35. Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне і Ева́нгелля, той урату́е яе.

36. Бо якую кары́сць будзе мець чалавек, калі ён здабу́дзе ўвесь свет, а пашко́дзіць душы́ сваёй?

37. Альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?

38. Бо хто пасаро́меецца Мяне і слоў Маіх перад родам гэтым пралюбадзе́йным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Айца Свайго з Ангеламі святымі.

 

Раздзел 9

1. І сказаў ім: праўду кажу вам, ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, хто не зазна́е смерці, пакуль не ўбачыць Царства Божага, якое пры́йдзе ў сіле.

2. І праз шэсць дзён узяў Іісус Пятра, Іакава ды Іаана і ўзвёў іх на гару́ высокую адных асобна, і перамянíўся перад імі.

3. І ўбра́нне Яго стала бліску́чым і надзвы́чай белым, як снег, такім, як бялíльшчык на зямлі не можа вы́беліць.

4. І явіўся ім Ілія́ з Маісе́ем; і размаўлялі з Іісусам.

5. І, азва́ўшыся, Пётр сказаў Іісусу: Раввí ! добра нам тут быць, зробім тры шатры́, Табе адзін, Маісе́ю адзін і адзін Іліí.

6. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны былí перапало́ханы.

7. І ўзнíкла во́блака, ахіна́ючы іх, і з во́блака пачуўся голас: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слухайце.

8. І нечакана, агле́дзеўшыся наво́кал, нікога больш не ўбачылі, толькі Іісуса аднаго каля сябе.

9. І калі яны сыходзілі з гары, загадаў ім нікому не казаць, што́ бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.

10. І захава́лі ў сабе гэтае сло́ва, разважа́ючы між сабой: што значыць “уваскрэ́снуць” з мёртвых?

11. І пыталіся ў Яго, ка́жучы: як гэта кніжнікі гавораць, што Ілія́ павінен прыйсцí ране́й?

12. А Ён сказаў ім у адказ: Ілія́ сапраўды́, прыйшоўшы ране́й, узно́віць усё; а як жа напíсана пра Сына Чалавечага, — што многа адпаку́туе і знява́жаны будзе?

13. Але кажу вам, што і Ілія́ прыйшоў, і ўчынíлі з ім, што хацелі, як напíсана пра яго.

14. І, прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат народу вакол іх і кніжнікаў, што спрача́ліся з імі.

15. І адразу ўвесь народ, убачыўшы Яго, ура́зіўся і, падбягаючы, віталі Яго.

16. І спытаўся Ён у кніжнікаў: пра што спрача́ецеся з імі?

17. Адзін з натоўпу сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сы́на майго, які ма́е ў сабе духа нямога;

18. і дзе ні схо́піць яго, кíдае яго, і ён пену пускае і скрыго́ча зубамі і дранцве́е; і прасіў я вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, ды яны не змаглі.

19. Адказваючы яму, Іісус кажа: о, родзе бязве́рны! даку́ль буду з вамі? даку́ль буду цярпець вас? прывядзіце яго да Мяне.

20. І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос таго, і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пуска́ючы пену.

21. І запытаўся Іісус у ба́цькі яго: як даўно гэта зда́рылася з ім. Той жа сказаў: з дзяцінства;

22. і часта дух і ў агонь кíдаў яго, і ў ваду, каб загубíць яго; але, як што можаш, дапамажы́ нам, зжа́ліўшыся над намі.

23. А Іісус сказаў яму: калі можаш ве́раваць, усё магчыма для таго, хто веруе.

24. І адразу, усклíкнуўшы, хло́пцаў бацька са слязьмí сказаў: верую, Госпадзі! памажы́ майму няве́р’ю!

25. Іісус, убачыўшы, што збягаецца народ, забаранíў духу нячыстаму, ка́жучы яму: дух нямы і глухі, Я зага́дваю табе, вы́йдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!

26. І, ускры́кнуўшы і моцна скалану́ўшы яго, той выйшаў; а ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі: ён памёр.

27. Але Іісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго; і ён устаў.

28. І калі ўвайшоў Іісус у дом, вучні Яго пыталіся ў Яго асобна: чаму мы не здо́лелі вы́гнаць яго?

29. І сказаў ім: гэты род ні ад чаго іншага не можа вы́йсці, толькі ад малітвы і по́сту.

30. І, вы́йшаўшы адтуль, прахо́дзілі праз Галіле́ю, і Ён не хацеў, каб хто даве́даўся.

31. Бо навуча́ў вучняў Сваіх і гаварыў ім, што Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя і заб’юць Яго, і, забіты, Ён на трэці дзень уваскрэ́сне.

32. Але яны не разумелі гэтага слова, і баяліся ў Яго спытацца.

33. І прыйшоў у Капернау́м; і калі ў доме быў, запытаўся ў іх: пра што дарогай вы разважа́лі між сабою?

34. Яны ж маўчалі, бо ў дарозе спрача́ліся адзін з адным, хто бо́льшы.

35. І, сеўшы, паклíкаў дванаццаць і сказаў ім: калі хто хоча першым быць, няхай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

36. І, узяўшы дзіця́, паставіў яго пасярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

37. хто пры́ме адно з такіх дзяце́й у імя́ Маё, той Мяне пры́ме, а хто Мяне пры́ме, той не Мяне прыма́е, але Таго, Хто паслаў Мяне.

38. Азва́ўся да Яго Іаан, гаворачы: Настаўнік! мы бачылі чалавека, што íмем Тваім выганяе дэманаў, але не хо́дзіць за намі, і мы забаранíлі яму, бо не хо́дзіць за намі.

39. Іісус жа сказаў: не забараня́йце яму, бо няма таго, хто стварыў бы цуд у імя́ Маё і мог бы неўзаба́ве знява́жыць Мяне.

40. Бо хто не су́праць вас, той за вас.

41. І хто напо́іць вас чашай вады ў імя́ таго, што вы Хрыстовы, праўду кажу вам, той не стра́ціць узнагароды сваёй.

42. А хто спаку́сіць аднаго з малы́х гэтых, што ве́руюць у Мяне, таму ле́пей было́ б, калі б павесілі жарнавы́ ка́мень на шыю яго і ўкінулі яго ў мора.

43. І калі спакуша́е цябе рука твая, адсячы́ яе: ле́пей табе кале́кам увайсці ў жыццё, чым, дзве рукí ма́ючы, пайсці ў гее́ну, у агонь незгаса́льны,

44. дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

45. І калі нага твая спакуша́е цябе, адсячы́ яе: ле́пей табе ўвайсці ў жыццё кульга́вым, чым, дзве нагі маючы, быць укінутым у гее́ну, у агонь незгаса́льны,

46. дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

47. І калі вока тваё спакуша́е цябе, вы́рві яго: ле́пей табе аднавокім увайсці ў Царства Божае, чым, два во́кі маючы, быць укíнутым у гее́ну вогненную,

48. дзе чарвяк іх не ўмірае і агонь не згаса́е.

49. Бо кожны агнём асо́ліцца і кожная ахвяра соллю асо́ліцца.

50. Добрая рэч — соль; але калі соль несалёнай стане, чым яе папра́віце? Ма́йце соль у сабе, і мір ма́йце між сабою.

 

Раздзел 10

1. І, вы́йшаўшы адтуль, прыхо́дзіць у ме́жы Іудзеі стараной заіарда́нскай. І збіраюцца зноў да Яго натоўпы, і, як звыча́йна, зноў вучыў іх.

2. І, падышоўшы, фарысеі спыталіся ў Яго, спакуша́ючы Яго: ці дазволена му́жу разво́дзіцца з жонкай?

3. Ён жа сказаў ім у адказ: што запаве́даў вам Маісей?

4. Яны сказалі: Маісей дазволіў напісаць разво́дны ліст і разво́дзіцца.

5. І, адка́зваючы, Іісус сказаў ім: з-за жорсткасці сэ́рца вашага ён напісаў вам гэтую за́паведзь;

6. але ад пачатку стварэння мужчынам і жанчынай ствары́ў іх Бог.

7. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці

8. і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое пло́ццю адною, так што яны ўжо не двое, а адна плоць.

9. Дык вось, што́ Бог злучы́ў, таго чалавек няхай не разлуча́е.

10. І ў доме вучні Яго зноў пра гэта спыталіся ў Яго.

11. І сказаў ім: хто  развядзе́цца з жонкаю сваёю і ажэ́ніцца з іншаю, той пралюбадзе́йнічае су́праць яе;

12. і калі жонка развядзе́цца з мужам сваім і выйдзе замуж за іншага, пралюбадзе́йнічае.

13. І прыно́сілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх, а вучні забаранялі тым, што прыносілі.

14. Убачыўшы, Іісус разгневаўся і сказаў ім: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім; бо такім нале́жыць Царства Божае.

15. Праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.

16. І, абняўшы іх, усклаў ру́кі на іх і благаславіў іх.

17. І калі выходзіў Ён у дарогу, падбе́г нехта і, упаўшы на калені перад Ім, спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?

18. Іісус жа сказаў яму: чаму ты называеш Мяне добрым? Ніхто не добры, толькі адзін Бог.

19. Ведаеш за́паведзі: “не пралюбадзе́йнічай; не забівай; не крадзь; не сведчы лжыва; не крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці”.

20. Ён жа сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! усё гэта захава́ў я з юнацтва майго.

21. Іісус жа, глянуўшы на яго, палюбíў яго і сказаў яму: аднаго табе не хапа́е: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь, і ідзі за Мною, узя́ўшы крыж.

22. А той, азмро́чаны гэтым словам, адышоў у сму́тку, бо меў вялікую маёмасць.

23. І, паглядзе́ўшы навокал, кажа Іісус вучням Сваім: як цяжка будзе тым, хто ма́е багацце, увайсці ў Царства Божае.

24. Вучні жаха́ліся ад слоў Яго. А Іісус зноў у адказ кажа ім: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяе́цца на багацце, увайсці ў Царства Божае.

25. Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Царства Божае.

26. Яны ж надзвы́чай здзіўляліся, гаворачы між сабою: хто ж тады можа спасцíся?

27. Паглядзеўшы на іх, Іісус сказаў: лю́дзям гэта немагчыма, але не Богу, бо ўсё магчыма Богу.

28. Пачаў Пётр гаварыць Яму: вось мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою.

29. Іісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў дом, ці братоў, ці сясцёр, ці бацьку, ці маці, ці жонку, ці дзяцей, ці палí, дзе́ля Мяне і дзе́ля Ева́нгелля,

30. і не атрымае цяпер, у час гэты, пры гане́ннях, у сто разоў больш дамоў і братоў, і сясцёр, і бацькоў, і маці, і дзяцей, і палёў, а ў веку наступным жыцця́ вечнага;

31. многія ж першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

32. Былí ж яны ў дарозе, узыходзячы ў Іерусалім, і папе́радзе іх ішоў Іісус, а яны жаха́ліся і, услед ідучы́, былí ў стра́ху. І узяўшы зноў  дванаццаць, пачаў ім гаварыць, што́ з Ім ма́е адбыцца:

33. вось мы ўзыходзім у Іерусалім, і Сын Чалавечы будзе вы́дадзены першасвятара́м і кніжнікам, і асу́дзяць Яго на смерць, і вы́дадуць Яго язычнікам;

34. і наглумя́цца над Ім, і будуць бічава́ць Яго і плява́ць на Яго, і заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.

35. І падышлі да Яго Іакаў і Іаан, сыны́ Зевядзе́евы, ка́жучы: Настаўнік! хочам, каб Ты зрабіў нам тое, што папросім.

36. А Ён сказаў ім: што хочаце, каб Я зрабіў вам?

37. Яны ж сказалі Яму: дай нам сесці аднаму спра́ва ад Цябе, а другому зле́ва ад Цябе, у славе Тваёй.

38. Іісус жа сказаў ім: не ведаеце, чаго про́сіце. Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, хрысцíцца?

39. Яны ж сказалі Яму: можам. А Іісус сказаў ім: чашу, якую Я п’ю, будзеце піць і хрышчэ́ннем, якім Я хрышчу́ся, будзеце хрысцíцца;

40. але сесці справа ад Мяне ці злева — не Я даю́, а гэта для тых, каму ўгатава́на.

41. І, пачуўшы, дзеся́цера пачалі гневацца на Іакава і Іаана.

42. А Іісус, паклíкаўшы іх, кажа ім: вы ведаеце, што тыя, хто лíчыцца на чале́ народаў, пану́юць над імі, і вяльможы іх улада́раць імі.

43. Але не так няхай будзе сярод вас: а хто хоча сярод вас бо́льшым быць, няхай будзе вам слуго́ю;

44. і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе ўсім рабом.

45. Бо і Сын Чалавечы не дзе́ля таго прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужы́ць і аддаць душу́ Сваю як вы́куп за многіх.

46. І прыходзяць у Іерыхо́н. І калі выходзіў Ён з Іерыхо́на з вучнямі Сваімі і мноствам народу, сын Ціме́еў, Варціме́й сляпы, сядзеў пры дарозе, жабру́ючы.

47. І, пачуўшы, што гэта Іісус Назарэ́й, пачаў крычаць і казаць: Сы́не Давідаў, Іісусе, памілуй мяне!

48. І многія патрабава́лі ад яго, каб замаўча́ў, але ён яшчэ мацней крычаў: Сы́не Давідаў, памілуй мяне!

49. І, спынíўшыся, Іісус сказаў паклíкаць яго. І паклíкалі сляпога, ка́жучы яму: мацу́йся, устань, кліча цябе.

50. Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і прыйшоў да Іісуса.

51. І ў адказ гаворыць яму Іісус: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Сляпы сказаў Яму: Раввунí ! каб мне бачыць.

52. Іісус жа сказаў яму: ідзі, вера твая ўратава́ла цябе. І адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Іісусам па дарозе.

 

Раздзел 11

1. І калі наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагíі і Віфа́ніі, да гары Елеонскай, Іісус  пасылае двух з вучняў Сваіх

2. і кажа ім: ідзіце ў се́лішча, што перад вамі, і, уваходзячы ў яго, адразу зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніхто з людзей не сядаў; адвяза́ўшы яго, прывядзíце.

3. І калі хто скажа вам: “што́ вы гэта робіце?”, скажы́це, што яно патрэбна Госпаду, і адразу пашле яго сюды.

4. Яны пайшлі і знайшлі асляня́, прывя́занае каля варот на вуліцы, і адвязалі яго.

5. І некаторыя з тых, што стаялі там, гаварылі: што вы робіце? навошта адвя́зваеце асляня́?

6. Яны ж адказвалі ім, як загадаў Іісус, і тыя адпусцілі іх.

7. І прывялі асляня́ да Іісуса, і пакла́лі на яго во́пратку сваю; і сеў Іісус на яго.

8. Многія ж во́пратку сваю пасціла́лі на дарогу, а іншыя зраза́лі галíны з дрэў і пасціла́лі на дарогу.

9. І тыя, што ішлі папе́радзе і следам, ускліка́лі: Аса́нна! благаславёны Той, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!

10. Благаславёна царства айца нашага Давіда, якое надыхо́дзіць у імя́ Гасподняе! Аса́нна ў вышніх!

11. І ўвайшоў Іісус у Іерусалім  і ў храм; і, агле́дзеўшы ўсё, паколькі час быў ужо позні, пайшоў у Віфа́нію з двана́ццаццю.

12. І на другі дзень, калі яны выйшлі з Віфа́ніі, Ён захацеў есці; 

13. і, уба́чыўшы здалёк смакоўніцу, пакрытую лíсцем, падышоў, ці не знойдзе чаго на ёй; і, прыйшоўшы да яе, нічога не знайшоў, акрамя лíсця, бо не пара́ была́ на смо́квы.

14. І, прамовіўшы, Іісус сказаў ёй: няхай больш ніхто не есць ад цябе плоду даве́ку! І чулі гэта вучні Яго.

15. І прыходзяць у Іерусалім. І, увайшоўшы ў храм, Іісус пачаў выганя́ць тых, якія прадавалі і куплялі ў храме, і перакулíў сталы́ мяня́лаў і ўсло́ны тых, што прадавалі галубоў;

16. і не дазваляў, каб хто пранёс якую-небудзь рэч праз храм.

17. І вучыў іх, ка́жучы: ці не напíсана: “дом Мой домам малітвы назаве́цца для ўсіх народаў”? а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.

18. І пачулі гэта кніжнікі і першасвятары́, і шукалі, як бы Яго загубíць, бо баяліся Яго, таму што ўвесь народ здзіўля́ўся вучэ́нню Яго.

19. І калі звечарэ́ла, Ён выйшаў за горад.

20. І ра́ніцаю, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да ко́раня.

21. І, успомніўшы, Пётр кажа Яму: Раввí! паглядзí, смакоўніца, якую Ты пракля́ў, усохла.

22. І, адказваючы, Іісус кажа ім:

23. ма́йце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары́ гэтай: “падымíся і ўве́ргніся ў мора”, і не засумнява́ецца ў сэ́рцы сваім, а верыць будзе, што збу́дзецца па сло́вах яго, — будзе яму, што́ б ні сказаў.

24. Таму кажу вам: усё, чаго ў малітве ні папро́сіце, верце, што атрыма́еце, і будзе вам.

25. І калі стаіце́ на малітве, дару́йце, як што ма́еце су́праць каго, каб і Айцец ваш, Які ў нябёсах, дарава́ў вам правíны вашы.

26. Калі ж вы не дару́еце, то і Айцец ваш, Які ў нябёсах, не дару́е вам правíнаў вашых.

27. І прыходзяць зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падыходзяць да Яго першасвятары́ і кніжнікі, і старэйшыны

28. і кажуць Яму: якою ўла́даю Ты гэта робіш? і хто Табе ўла́ду гэтую даў, каб Ты рабіў гэта?

29. Іісус жа ў адказ сказаў ім: спытаю ў вас і Я адну рэч, і адкажы́це Мне; і Я скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.

30. Хрышчэнне Іаанава з неба было́ ці ад людзей? адкажы́це Мне.

31. І разважа́лі яны між сабою, гаворачы: калі скажам: “з неба”, — Ён скажа: “чаму ж вы не паверылі яму?”

32. А сказаць: “ад людзей” — баяліся народа, бо ўсе лічылі, што Іаан сапраўды́ быў прарок.

33. І кажуць у адказ Іісусу: не ведаем. Тады Іісус, адказваючы, гаворыць ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.

 

Раздзел 12

1. І пачаў гаварыць ім прытчамі:  пасадзíў чалавек вінаграднік і абнёс агаро́джаю, і вы́капаў выціска́льню, і збудаваў ве́жу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.

2. І паслаў да вінагра́дараў у пэўны час раба́, каб узяць ад вінагра́дараў пладоў з вінаградніка.

3. А яны, схапіўшы яго, набілі і адасла́лі ні з чым.

4. І зноў паслаў да іх іншага раба́, і таго каме́ннем пабілі, разбілі галаву і адпусцілі знява́жанага.

5. І зноў іншага паслаў, і таго забілі; і многіх іншых каго білі, а каго забівалі.

6. Яшчэ аднаго меў ён, сына ўзлю́бленага свайго, паслаў і яго нарэшце да іх, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.

7. Тыя ж вінагра́дары, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.

8. І, схапіўшы яго, забілі і вы́кінулі прэч з вінагра́дніка.

9. Што ж зробіць гаспадар вінагра́дніка? Пры́йдзе і знíшчыць вінагра́дараў, і аддасць вінагра́днік іншым.

10. Няўжо не чыталі вы гэтага Пісання: ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́;

11. ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых.

12. І наме́рваліся схапіць Яго, ды пабаяліся народу; бо зразуме́лі, што пра іх сказаў прытчу; і, пакінуўшы Яго, адышлі.

13. І пасыла́юць да Яго некато́рых з фарысеяў і ірадыя́н, каб злавíць Яго на слове.

14. Яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: “Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзівы і нікому не дагаджа́еш, бо не глядзíш на аблічча людзей, а па праўдзе шля́ху Божаму вучыш. Дазволена даваць пада́так ке́сару ці не? даваць нам ці не даваць?

15. Ён жа, ве́даючы іх крываду́шнасць, сказаў ім: што́ Мяне спакуша́еце? прынясíце Мне дына́рый, каб Я пабачыў.

16. Яны прыне́слі. І кажа ім: чыя́ гэта выя́ва і на́дпіс? Яны сказалі Яму: ке́саравы.

17. І сказаў ім Іісус у адказ: аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу. І дзівіліся Яму.

18. І прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталіся ў Яго, ка́жучы:

19. Настаўнік! Маісей напісаў нам: “калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, то няхай брат яго возьме жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму”.

20. Было́ сем братоў; і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў се́мені.

21. І другі ўзяў яе, і памёр, і ён не пакінуў се́мені; і трэці таксама.

22. І бра́лі яе сямёра, і не пакінулі се́мені. Пасля ўсіх паме́рла і жонка.

23. Дык вось, ва ўваскрасе́нні, калі яны ўваскрэ́снуць, катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.

24. І сказаў ім Іісус у адказ: ці не таму вы памыля́ецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ні сілы Божае?

25. Бо калі з мёртвых уваскрэ́снуць, не будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як Ангелы на нябёсах.

26  Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэ́снуць, хіба́ не чыталі вы ў кнізе Маісея пра купіну́, як Бог гаварыў яму, ка́жучы: “Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава”?

27. Ён не ёсць Бог мёртвых, але Бог жывы́х. Таму вы вельмі памыля́ецеся.

28. І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрача́юцца,  і, ведаючы, што Іісус добра адказаў ім, спытаў у Яго: якая першая з усіх за́паведзяў?

29. Іісус адказаў яму: першая з усіх за́паведзяў: “слухай, Ізра́ілю! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзіны;

30. і ўзлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім, і ўсёй сілаю тваёю”; гэта першая за́паведзь.

31. І другая падобная да яе: “узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе”. Большай за гэтыя іншай за́паведзі няма.

32. І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! па праўдзе сказаў Ты, што адзіны ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго;

33. і любíць Яго ўсім сэ́рцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю сілаю, і любíць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш за ўсе ўсеспале́нні і ахвя́ры.

34. Іісус жа, убачыўшы, што той разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. І ніхто не адважваўся болей пытацца ў Яго.

35. І, праця́гваючы вучы́ць у храме, Іісус казаў: я́к гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — сын Давідаў?

36. Бо сам Давід сказаў Духам Святым: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх.”

37. Сам Давід называе Яго Госпадам: я́к жа Ён сын яму? І мноства народу слухала Яго з прыемнасцю.

38. І казаў ім у вучэнні Сваім: сцеражы́цеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх убо́рах і каб віталі іх на плошчах,

39. і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і ўзляжа́ць напе́радзе на гасцíнах.

40. Тыя, што паяда́юць дамы́ ўдоў і напака́з доўга моляцца, пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.

41. І сеў Іісус насу́праць ска́рбніцы, і глядзеў, як народ кладзе́ грошы ў ска́рбніцу, і многія багацеі кла́лі шмат.

42. І, прыйшоўшы, адна бедная ўдава́ пакла́ла дзве ле́пты, гэта значыць кадра́нт.

43. І, паклíкаўшы вучняў сваіх, Іісус гаворыць ім: праўду кажу вам, удава́ гэтая бедная пакла́ла больш за ўсіх, хто клаў у ска́рбніцу:

44. бо ўсе кла́лі ад дастатку свайго, а яна з няста́чы сваёй пакла́ла ўсё, што мела, увесь пражы́так свой.

 

Раздзел 13

1. І калі выходзіў Ён  з храма, кажа Яму адзін з вучняў Яго: Настаўнік! паглядзí, якое каме́нне і якія будынкі!

2. І сказаў Іісус яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? Не застане́цца тут ка́меня на ка́мені, які не будзе зруйнава́ны.

3. І калі сядзеў Ён на гары Елеонскай насу́праць храма, пыталіся асобна ў Яго Пётр, і Іакаў, і Іаан, і Андрэй:

4. скажы нам, калі гэта будзе, і якое знаме́нне, калі павінна ўсё гэта збы́цца?

5. Іісус жа, адказваючы ім, пачаў гаварыць: сцеражы́цеся, каб хто не ўвёў вас у зман.

6. Бо многія пры́дуць пад íмем Маім, ка́жучы, што гэта Я, і многіх увяду́ць у зман.

7. Калі ж пачуеце пра войны і чу́ткі аб войнах, не жаха́йцеся, бо павінна так быць, але гэта яшчэ не канец.

8. Бо паўста́не народ на народ, і царства на царства; і будуць землетрасе́нні ме́сцамі, і будзе голад і сму́ты. Гэта пачатак пакут.

9. Вы ж самі сцеражы́цеся, бо вас будуць аддава́ць на судзíлішчы, і біць у сінагогах, і перад правíцелямі і цара́мі паставяць вас за Мяне, дзе́ля све́дчання ім.

10. І ва ўсіх народах перш павінна быць прапаве́дана Ева́нгелле.

11. Калі ж павяду́ць вас, каб вы́даць, не турбуйцеся за́гадзя, што́ вам сказаць, і не абдумвайце; але што́ да́дзена будзе вам у тую гадзíну, то́е кажыце, бо не вы будзеце гаварыць, а Дух Святы.

12. І вы́дасць брат брата на смерць, і ба́цька — дзіця́, і паўста́нуць дзеці на бацькоў, і заб’юць іх.

13. І бу́дзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё; але хто вы́трывае да канца, той спасёны будзе.

14. Калі ж  убачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніíлам прарокам і якая паўста́не там, дзе не павінна быць, — хто чытае, няхай разумее, — тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцяка́юць у горы;

15. а хто на да́ху, няхай не спуска́ецца ў дом і не ўваходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;

16. і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.

17. Гора ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмí, у тыя дні!

18. Маліцеся ж, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою.

19. Бо тыя дні будуць лíхам, якога не было́ ад пачатку стварэ́ння, што стварыў Бог, аж да сёння, і не будзе.

20. І калі б Гасподзь не скарацíў тых дзён, то не ўратава́лася б нія́кая плоць; але дзе́ля абра́ных, якіх вы́браў Ён, скараціў тыя дні.

21. І тады, калі хто скажа вам: “вось, тут Хрыстос” альбо: “вось, там”, — не верце.

22. Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі, і даду́ць знаме́нні і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.

23. Вы ж сцеражы́цеся; вось, Я наперад сказаў вам ўсё.

24. Але  ў тыя дні, пасля лíха таго, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго,

25. і зоркі з неба будуць па́даць, і сілы, што ў нябёсах, пахісну́цца.

26. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які пры́йдзе на во́блаках з сілаю многаю і сла́ваю.

27. І тады пашле Ён Ангелаў Сваіх і збярэ абра́ных Сваіх ад чатырох вятроў, ад кра́ю зямлі да кра́ю неба.

28. Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўна́нне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лíсце, вы ведаеце, што блізка лета.

29. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збыва́ецца, ведайце, што блізка, пры дзвярах.

30. Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.

31. Неба і зямля міну́ць, а словы Мае́ не міну́ць.

32. Пра дзень жа той ці гадзíну ніхто не ведае, ні Ангелы на небе, ні Сын, — толькі Айцец.

33. Глядзíце, будзьце пíльныя і маліцеся, бо не ведаце, калі настане той час.

34. Падобна як чалавек, ад’язджа́ючы, пакінуў дом свой і даў слу́гам сваім ула́ду, і кожнаму сваю працу, а брамніку загадаў, каб быў пíльны.

35. Дык будзьце пíльныя; бо не ведаеце, калі пры́йдзе гаспадар дома: уве́чары, ці апоўначы, ці як запяю́ць пеўні, ці раніцаю;

36. каб, прыйшоўшы неспадзява́на, не заста́ў вас у сне.

37. А што вам кажу, усім кажу: будзьце пíльныя.

 

Раздзел 14

1. А праз два дні была́ Пасха і свята праснако́ў; і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як узяць Яго хітрасцю і забіць;

2. але казалі: толькі не ў свята, каб не было абурэ́ння ў народзе.

3. І калі быў Ён у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага, і ўзляжа́ў, — прыйшла жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра з на́рду чыстага і шматкашто́ўнага і, разбíўшы пасу́дзіну, узліва́ла Яму на галаву.

4. Былí ж некаторыя, што абу́рыліся і гаварылі паміж сабою: навошта гэтая тра́та мíра?

5. Бо можна было б прадаць яго больш чым за трыста дынарыяў і раздаць убогім. І папракалі яе.

6. Але Іісус сказаў: пакіньце яе, навошта яе бянтэ́жыце? Яна добрую справу зрабіла для Мяне.

7. Бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою і, калі хочаце, можаце дабро ім рабіць; а Мяне не заўсёды ма́еце.

8. Яна зрабіла, што магла: за́гадзя пама́зала Маё це́ла для пахава́ння.

9. Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, дык і пра тое, што́ зрабіла яна, ска́зана будзе ў памяць аб ёй.

10. І пайшоў Іуда Іскарыёт, адзін з двана́ццаці, да першасвятаро́ў, каб вы́даць Яго ім.

11. Яны ж, пачуўшы, узра́даваліся і абяцалі яму даць срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе вы́даць Яго.

12. І ў першы дзень праснако́ў, калі прыно́сілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Яго: дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці пасху?

13. І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзіце ў горад; і сустрэне вас чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце за ім.

14. І, куды ён увойдзе, скажы́це гаспадару́ таго дома: “Настаўнік кажа: дзе святлíца, у якой Мне есці пасху з вучнямі Маімі?”

15. І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, засла́ны, гатовы; там прыгату́йце нам.

16. І пайшлі вучні Яго, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.

17. І калі звечарэ́ла, прыходзіць Ён з двана́ццаццю.

18. І калі ўзляжа́лі яны і елі, сказаў Іісус: праўду кажу вам, адзін з вас, які есць са Мною, вы́дасць Мяне.

19. Яны ж засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму адзін за адным: ці не я? і другі: ці не я?

20. Ён жа сказаў ім у адказ: адзін з двана́ццаці, хто мача́е са Мною ў блю́да.

21. Зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.

22. І калі яны елі, Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і даў ім, і сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.

23. І, узяўшы чашу, узнёс падзяку і даў ім; і пілí з яе ўсе.

24. І сказаў ім: гэта Кроў Мая́ новага запаве́ту, якая за многіх праліва́ецца.

25. Праўду кажу вам, што больш не буду піць ад плоду вінагра́днага да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.

26. І, праспяваўшы хвалу́, яны пайшлі на гару́ Елео́нскую.

27. І кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: “паражу́ па́стыра і рассе́юцца авечкі”.

28. Але пасля ўваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галіле́і.

29. А Пётр сказаў Яму: хоць і ўсе ўсумня́цца, але не я.

30. І кажа яму Іісус: праўду кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.

31. А ён яшчэ насто́йлівей гаварыў: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Гэтаксама і ўсе гаварылі.

32. І прыйшлі ў мясціну пад назвай Гефсіма́нія, і кажа Ён вучням Сваім: пасядзíце тут, пакуль Я пайду памалю́ся.

33. І бярэ Пятра, Іакава і Іаана з Сабою; і пачаў журы́цца і тужы́ць.

34. І кажа ім: смутку́е душа́ Мая́ смяро́тна; пабу́дзьце тут і не спíце.

35. І, адышоўшы крыху́, упаў на зямлю́ і маліўся, каб, калі магчыма, абміну́ў Яго час гэты;

36. і гаварыў: Авва Ойча! усё магчыма Табе; пранясі чашу гэтую міма Мяне, але не чаго Я хачу, а чаго Ты.

37. І прыхо́дзіць, і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сíмане, ты спіш? не змог ты адной гадзíны не паспаць?

38. Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.

39. І зноў, адышоўшы, маліўся, ка́жучы тое ж слова.

40. І, вярнуўшыся, знайшоў, што зноў яны спяць; бо вочы ў іх ацяжэ́лі; і не ведалі яны, што Яму адказаць.

41. І прыхо́дзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце. Го́дзе, настаў час: вось, аддае́цца Сын Чалавечы ў ру́кі грэшнікаў.

42. Уставайце, хадзе́м; вось, наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.

43. І адразу, калі яшчэ Ён гаварыў,  прыхо́дзіць Іуда, адзін з двана́ццаці, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў, і кніжнікаў, і старэйшын.

44. А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго і вядзіце пíльна.

45. І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Раввí, Раввí! і пацалаваў Яго.

46. А яны ўскла́лі ру́кі свае на Яго і ўзялí Яго.

47. Адзін жа з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба́ першасвятаровага і адсе́к яму ву́ха.

48. І, звярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: бы́ццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?

49. Штодня́ бываў Я з вамі ў храме, навуча́ючы, і вы не ўзялí Мяне; але няхай збу́дуцца Пісанні.

50. І, пакінуўшы Яго, усе паўцяка́лі.

51. І адзін юнак, накінуўшы палатно на голае це́ла, ішоў за Ім; і юнакí хапа́юць яго.

52. Ён жа, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.

53. І прывялі Іісуса да першасвятара́; і збіраюцца да яго ўсе першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны.

54. І Пётр воддаль услед за Ім ішоў аж усярэ́дзіну двара́ першасвятаро́вага, і сядзеў са слу́гамі, і грэўся каля агню.

55. А першасвятары́ і ўвесь сінедрыён шукалі све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі.

56. Бо многія лжыва све́дчылі су́праць Яго, але све́дчанні іх не супада́лі.

57. І некаторыя, устаўшы, ілжыва све́дчылі су́праць Яго, ка́жучы:

58. мы чулі, як Ён казаў: “Я разбуру́ храм гэты рукатво́рны і праз тры дні ўзвяду́ іншы, нерукатворны”.

59. Але і так све́дчанне іх не супада́ла.

60. Тады першасвятар, стаўшы пасярэ́дзіне, спытаў Іісуса, ка́жучы: не адказваеш нічога? што́ яны су́праць Цябе све́дчаць?

61. Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Благаславёнага?

62. Іісус жа сказаў: Я. І вы ўбачыце Сы́на Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на во́блаках нябесных.

63. Першасвятар жа, разадра́ўшы адзе́нне сваё, кажа: якую яшчэ патрэбу мы ма́ем у све́дках?

64. Вы чулі блюзне́рства: як вам здае́цца́ Яны ж усе прысудзíлі, што Ён ва́рты смерці.

65. І пачалí некаторыя пляваць на Яго і, закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: прароч. І слу́гі білі Яго па шчоках.

66. І калі Пётр быў на двары ўнíзе, падыходзіць адна са служанак першасвятара́

67. і, убачыўшы, як Пётр грэ́ецца, углядзе́лася ў яго і кажа: і ты быў з Назаранíнам Іісусам.

68. Ён жа адрокся, ка́жучы: не ведаю і не разумею, што́ ты гаворыш. і выйшаў адтуль на пярэдні двор; і заспяваў певень.

69. І служанка, убачыўшы яго зноў, пачала́ казаць тым, што стаялі тут: гэты з іх.

70. Ён жа зноў адрака́ўся. І неўзаба́ве зноў тыя, што стаялі там, казалі Пятру: сапраўды́ ты з іх, бо ты галіле́янін, і гаворка твая падобная.

71. Ён жа пачаў кля́сціся і бажы́цца: не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце.

72. І  другі раз заспяваў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Іісус: перш чым певень двойчы заспявае, ты адрачэшся ад Мяне тройчы. І пачаў плакаць.

 

Раздзел 15

1. І адразу раніцай  зрабілі нара́ду першасвятары́ са старэйшынамі і кніжнікамі, і ўвесь сінедрыён, і, звяза́ўшы Іісуса, павялі і перадалí Пілату.

2. І запытаў Яго Пілат: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў яму ў адказ: ты кажаш.

3. І абвінава́чвалі Яго першасвятары́ ў многім.

4. Пілат жа зноў запытаў Яго, ка́жучы: Ты нічога не адказваеш? глядзі, колькі су́праць Цябе све́дчаць.

5. Іісус жа больш нічога не адка́зваў, так што Пілат здзіўляўся.

6. На свята ж ён адпускаў ім аднаго вя́зня, за якога прасілі.

7. Быў жа адзін нехта, зва́ны Вара́вва, зняво́лены з саўдзе́льнікамі сваімі, якія пад час бу́нту ўчынíлі забойства.

8. І натоўп пачаў крычаць і прасіць Пілата аб тым, што ён заўсёды рабіў для іх.

9. Пілат жа адказаў ім, гаворачы: хочаце, адпушчу вам Цара Іудзейскага?

10. Бо ведаў, што па за́йздрасці вы́далі Яго першасвятары́.

11. Але першасвятары́ падбухто́рылі натоўп прасіць, каб лепш адпусціў ім Вара́вву.

12. Пілат жа зноў сказаў ім у адказ: а што́ хочаце, каб я зрабіў з Тым, Каго вы называеце Царом Іудзейскім?

13. Яны ж зноў закрычалі: распнí Яго!

14. Пілат сказаў ім: якое ж зло Ён учыніў? А яны яшчэ мацней закрычалі: распнí Яго!

15. Тады Пілат, хочучы дагадзíць натоўпу, адпусціў ім Вара́вву, а Іісуса, пасля бічава́ння, аддаў на распя́цце.

16. Воіны ж адвялі Яго ўсярэ́дзіну двара, гэта значыць, у прэто́рыю, і скліка́юць увесь полк,

17. і апрана́юць Яго ў багранíцу, і, сплёўшы цярновы вяне́ц, усклада́юць на Яго;

18. і пачалí віта́ць Яго: радуйся, Цар Іудзейскі!

19. І білі Яго па галаве кíем, і плявалі на Яго, і, стано́вячыся на калені, кла́няліся Яму.

20. І калі наглумíліся з Яго, знялí з Яго багранíцу і апрану́лі Яго ў адзе́жу Ягоную; і выводзяць Яго, каб распя́ць Яго.

21. І прымушаюць прахо́жага нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, бацьку Аляксандра і Ру́фа, не́сці крыж Яго.

22. І прыводзяць Яго на месца Галгофу, што значыць: “месца чэ́рапа”.

23. І давалі Яму піць віно са смíрнаю, але Ён не ўзяў.

24. І тыя, што распіна́лі Яго, дзялíлі адзе́жу Яго, кíдаючы жэ́рабя на яе, каму што ўзяць.

25. Была́ ж трэцяя гадзíна, і распя́лі Яго.

26. І быў зроблены надпіс віны́ Яго: Цар Іудзейскі.

27. І з Ім распіна́юць двух разбойнікаў, аднаго справа, а другога злева ад Яго.

28. І збыло́ся Пісанне, якое кажа: “і да злачы́нцаў залíчаны”.

29. І тыя, што праходзілі міма, блюзне́рылі на Яго, ківа́ючы гало́вамі сваімі і ка́жучы: гэй! Ты, Які разбура́еш храм і за тры дні будуеш!

30. Уратуй Самога Сябе і сыдзí з крыжа́.

31. Гэтакса́ма і першасвятары́ з кніжнікамі, насміха́ючыся, адзін аднаму казалі: іншых ратава́ў, а Сябе не можа ўратава́ць.

32. Хрыстос, Цар Ізра́ілеў, няхай сы́дзе цяпер з крыжа́, каб мы ўбачылі, і ўве́равалі ў Яго. І распя́тыя з Ім га́ньбілі Яго.

33. Калі ж надышла шостая гадзíна, це́мра настала па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай.

34. І ў дзевятай гадзíне ўскрыкнуў Іісус моцным голасам, ка́жучы: “Элаí, Элаí! ламма́ савахфанí?” што азначае: ”Божа мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?”

35. І некато́рыя з тых, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: вось, Ілію́ кліча.

36. А адзін пабег, намачыў губку во́цатам і, насадзíўшы на кій, даваў Яму піць, ка́жучы: чакайце, пабачым, ці пры́йдзе Ілія́ зняць Яго.

37. Іісус жа, ускрыкнуўшы моцна, вы́пусціў дух.

38. І заве́са ў храме разадра́лася напала́м зве́рху данíзу.

39. Сотнік жа, які стаяў насу́праць Яго і бачыў, што Ён, так ускрыкнуўшы, вы́пусціў дух, сказаў: сапраўды́ Чалавек Гэты быў Сын Божы.

40. Былí і жанчыны, што глядзелі здалёк, сярод іх была́ Марыя Магдалíна, і Марыя, маці Іа́кава Меншага і Іасíі, і Саламíя,

41. якія і тады, калі Ён быў у Галіле́і, хадзілі за Ім і служылі Яму; і іншыя многія, што прыйшлі разам з Ім у Іерусалім.

42. І калі ўжо настаў вечар, — паколькі была́ пятніца, гэта значыць, пярэ́дадзень суботы, —

43. прыйшоў Іосіф, што з Арымафе́і, паважа́ны саветнік, які і сам чакаў Царства Божага, і, адва́жыўшыся, увайшоў да Пілата і папрасіў це́ла Іісусава.

44. Пілат жа здзівіўся, што Ён ужо памёр; і, паклікаўшы сотніка, спытаў яго: ці даўно памёр?

45. І, даве́даўшыся ад сотніка, аддаў це́ла Іосіфу.

46. Ён, купіўшы плашчанíцу і, зняўшы Яго, загарну́ў у плашчанíцу і паклаў Яго ў магілу, што была́ вы́сечана ў скале́, і прывалíў ка́мень да дзвярэй магілы.

47. Марыя ж Магдалíна і Марыя Іасíева глядзелі, дзе Яго пакла́лі.

 

Раздзел 16

1. І калі міну́ла субота, Марыя Магдалíна і Марыя Іа́кавава, і Саламíя купілі духмя́насцяў, каб, прыйшоўшы, пама́заць Яго.

2. І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыходзяць да магілы, калі ўзышло сонца,

3. і гаварылі між сабою: хто адва́ліць нам ка́мень ад увахода ў магілу?

4. І, паглядзе́ўшы, бачаць, што ка́мень адва́лены; а быў ён надта вялікі.

5. І, увайшоўшы ў магілу, яны ўбачылі юнака́, што сядзеў справа, апра́нуты ў белы ўбор; і жахну́ліся.

6. А ён кажа ім: не жаха́йцеся. Іісуса шукаеце Назаранíна, распя́тага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе паклалі Яго.

7. Але ідзіце, скажы́це вучням Яго і Пятру, што Ён будзе ране́й за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце, як Ён казаў вам.

8. І, выйшаўшы, пабеглі яны ад магілы; іх ахапíла трымце́нне і жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9. А Іісус, уваскрэсшы ў першы дзень тыдня, явіўся перш Марыі Магдалíне, з якой вы́гнаў быў сем дэманаў.

10. Яна, пайшоўшы, абвясцíла тым, што былí з Ім, якія смуткава́лі і плакалі;

11. і тыя, пачуўшы, што Ён жывы́ і што яна бачыла Яго, не паверылі.

12. Пасля ж гэтага явіўся Ён у іншым вобразе двум з іх дарогаю, калі яны ішлі ў сяло.

13. І тыя, пайшоўшы, абвясцíлі астатнім; але і ім не паверылі.

14. Нарэшце, явіўся Ён і самім адзіна́ццаці, калі яны ўзляжа́лі на вячэры, і дакара́ў іх за нявер’е і жорсткасць сэрца, што яны тым, хто бачыў Яго Уваскрэслага, не паверылі.

15. І сказаў ім: ідучы́ па ўсім свеце, прапаве́дуйце Ева́нгелле ўсяму стварэ́нню.

16. Хто ўверуе і ахры́сціцца, той спасёны будзе; а хто не ўверуе, асу́джаны будзе.

17. А тых, хто ўверуе, будуць суправаджа́ць знаме́нні такія: íмем Маім будуць яны выганя́ць дэманаў; будуць гаварыць новымі мовамі;

18. будуць браць змей; а калі што смяротнае вы́п’юць, не пашко́дзіць ім; на хворых ускладу́ць ру́кі, і тыя будуць здаровыя.

19. І вось, Гасподзь пасля таго, як гаварыў да іх, узнёсся на неба і сеў правару́ч Бога.

20. А яны, вы́йшаўшы, прапаве́давалі ўсюды, і Гасподзь садзе́йнічаў ім і пацвярджа́ў сло́ва знаме́ннямі ўслед. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.