Святое Евангелле паводле Лукі

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13   14   15   16   17   18   19   20   21   22   23   24

 

РАЗДЗЕЛ 1

1. Паколькі ўжо многія ўзялíся склада́ць аповесць пра падзеі, якія сярод нас адбылíся,

2. як перадалí нам тыя, што ад пачатку былí відаво́чцамі і служы́целямі Слова,

3. прыйшло на думку і мне, дакладна дасле́даваўшы ўсё ад пачатку, паслядоўна апісаць табе, высокашаноўны Фео́філе,

4. каб ты спазна́ў цвёрдую аснову таго вучэ́ння, у якім быў наста́ўлены.

5. Быў у дні Ірада, цара Іудзейскага, адзін святар íмем Заха́рыя, з Авíевай чаргí; і жонка яго з роду Ааро́навага, імя́ ёй Елісавета.

6. Былí яны абое праведныя перад Богам, жывучы́ паводле ўсіх за́паведзяў і ўстанаўле́нняў Гасподніх беззага́нна.

7. І не ме́лі яны дзіця́ці, бо Елісавета была́ няплодная, і абое былí ўжо на схíле гадоў сваіх.

8. І ста́лася: калі ў парадку сваёй чаргí ён служыў перад Богам,

9. вы́пала яму, паводле звы́чаю святарскага, кадзíць, увайшоўшы ў храм Гасподні,

10. а ўсё мноства людзей малілася зво́нку ў час каджэ́ння;

11. і явіўся яму Ангел Гасподні, сто́ячы справа ад кадзíльнага ахвя́рніка;

12. і суме́ўся Заха́рыя, убачыўшы, і страх напаў на яго.

13. Але Ангел сказаў яму: не бойся, Заха́рыя, бо пачу́та малітва твая, і жонка твая Елісавета наро́дзіць табе сына, і назавеш яго íмем Іаан,

14. і будзе табе радасць і весялосць, і многія нараджэ́нню яго ўзрадуюцца;

15. бо ён будзе вялікі перад Госпадам; і не будзе піць віна́ і сíкеру; і Духам Святым напоўніцца яшчэ ва ўлонні маці сваёй;

16. і многіх з сыноў Ізра́ілевых зве́рне да Госпада Бога іх;

17. і будзе ісці перад Ім у духу і сіле Іліí, каб вярну́ць сэ́рцы бацькоў да дзяцей, і непакорлівых да мудрасці праведных, каб падрыхтава́ць Госпаду народ гатовы.

18. І сказаў Заха́рыя Ангелу: па чым я пазна́ю гэта? бо я стары́, і жонка мая́ на схíле гадоў сваіх.

19. І сказаў яму Ангел у адказ: я Гаўрыíл, што стаю перад Богам і пасла́ны гаварыць з табой і дабраве́сціць табе гэта;

20. і вось, будзеш маўчаць і не зможаш гаварыць да таго дня, калі збу́дзецца гэта, за тое, што ты не паверыў сло́вам маім, якія здзе́йсняцца ў свой час.

21. І чакаў народ Заха́рыю і здзіўляўся, што ён мару́дзіць у храме.

22. Ён жа, вы́йшаўшы, не мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў відзе́нне ў храме; а ён рабіў ім знакі, і заставаўся нямы́м.

23. І ста́лася: калі скончыліся дні служэ́ння яго, пайшоў ён у дом свой.

24. Пасля гэтых дзён зачала́ Елісавета, жонка яго, і таíлася пяць месяцаў, і гаварыла:

25. так зрабіў мне Гасподзь у дні, калі спагля́нуў, каб зняць з мяне́ га́ньбу сярод людзе́й.

26. А ў шосты месяц пасла́ны быў Ангел Гаўрыíл ад Бога ў горад Галіле́йскі пад назвай Назарэ́т

27. да Дзевы, зару́чанай з мужам, імя́ якому Іосіф, з дому Давíдавага; а імя́ Дзевы — Марыя.

28. І, увайшоўшы да Яе, Ангел сказаў: радуйся, Благадатная! Гасподзь з Табою; благаславёная Ты сярод жанчын.

29. Яна ж, убачыўшы яго, збянтэ́жылася ад слова яго і разважа́ла, што́ ж гэта за віта́нне.

30. І сказаў Ёй Ангел: не бойся, Марыя, бо Ты знайшла благадаць у Бога.

31. І вось, зачне́ш ва ўло́нні, і наро́дзіш Сы́на, і дасí Яму імя́: Іісус.

32. Ён будзе вялікі, і Сы́нам Усявышняга будзе назва́ны, і дасць Яму Гасподзь Бог прастол Давіда, бацькі Яго;

33. і будзе царстваваць над домам Іакава давеку, і Царству Яго не будзе канца.

34. І сказала Марыя Ангелу: як будзе гэта, калі Я мужа не знаю?

35. Сказаў Ёй Ангел у адказ: Дух Святы найдзе́ на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне́ Цябе; таму і Святое, што наро́дзіцца, Сы́нам Божым будзе назва́на;

36. і вось, Елісавета, сваячка Твая, і яна зачала́ сына ў старасці сваёй, і гэта ўжо шосты месяц у яе, якую называюць няплоднай;

37. бо не застане́цца бяссíльным у Бога ніводнае слова.

38. Тады сказала Марыя: вось, Я — раба Гасподняя; няхай будзе Мне па слову твайму. І адышоў ад Яе Ангел.

39. І ўстаўшы, Марыя ў тыя дні  пайшла з паспе́шнасцю ў горны край, у горад Іу́даў;

40. і ўвайшла ў дом Заха́рыі, і павіта́ла Елісавету.

41. І ста́лася: калі пачула Елісавета віта́нне Марыіна, устрапяну́лася дзіця́тка ва ўлонні яе; і напоўнілася Елісавета Духам Святым,

42. і ўсклíкнула моцным голасам і сказала: благаславёная Ты сярод жанчын і благаславёны плод уло́ння Твайго!

43. І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?

44. Бо, калі голас віта́ння Твайго дайшоў да вушэ́й маіх, устрапяну́лася дзіця́тка радасна ва ўлонні маім.

45. І блажэнная Тая, што паверыла, бо збу́дзецца ска́занае Ёй ад Госпада.

46. І сказала Марыя: веліча́е душа Мая Госпада,

47. і ўзра́даваўся дух Мой у Богу, Спасіцелі Маім,

48. што спагля́нуў Ён на пако́ру Рабы Сваёй; бо вось ад гэтага часу будуць зваць Мяне блажэ́ннай усе ро́ды;

49. бо ўчынíў Мне вялікае Моцны, і святое імя́ Яго;

50. і міласэрнасць Яго ў ро́ды ро́даў да тых, што баяцца Яго;

51. Ён праявíў сілу рукою Сваёю; рассе́яў ганарлíвых ду́мкамі сэ́рца іх;

52. скінуў моцных з прастолаў і ўзнёс пако́рлівых;

53. галодных здаво́ліў дабром, а багатых адпусціў ні з чым;

54. прыхіну́ў Ізра́іля, слугу́ Свайго, па́мятаючы пра міласць, —

55. як гаварыў бацька́м нашым, — да Аўраама і се́мені яго давеку.

56. Прабыла́ ж Марыя з ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.

57. А Елісавеце настаў час радзíць, і яна нарадзíла сы́на.

58. І пачулі суседзі і сваякі яе, што прымножыў Гасподзь міласць Сваю да яе і радаваліся з ёю.

59. І ста́лася: у восьмы дзень прыйшлі абрэ́заць дзіця́, і хацелі назваць яго íмем ба́цькі яго, Заха́рыем.

60. І, адказваючы, маці яго сказала: не, а назва́ны будзе Іаанам.

61. І сказалі ёй: няма нікога ў радні тваёй, хто б зваўся гэтым íмем.

62. І зна́камі пыталіся ў ба́цькі яго, я́к бы ён хацеў, каб назва́лі яго.

63. І, папрасіўшы дошчачку, ён напісаў: Іаан будзе імя́ яму. І здзівіліся ўсе.

64. І адразу адкры́ліся ву́сны яго і язык яго, і ён стаў гаварыць, благаслаўля́ючы Бога.

65. І быў страх ва ўсіх, хто жыў вакол іх; і па ўсім горным кра́і Іудзейскім расказвалі пра ўсё гэта.

66. І ўсе, хто чуў, паклалі гэта ў сэ́рцы сваім, ка́жучы: што́ будзе з дзіця́ці гэтага? І рука Гасподняя была́ з ім.

67. І Заха́рыя, бацька яго, напоўніўся Духам Святым і прарочыў, ка́жучы:

68. благаславёны Гасподзь Бог Ізра́ілеў, што наведаў народ Свой і вы́купіў яго;

69. І ўзняў нам рог спасення ў доме Давіда, слугí Свайго,

70. як сказаў ву́снамі святых Сваіх прарокаў адве́ку,

71. што ўрату́е нас ад ворагаў нашых і ад рукí ўсіх, хто ненавідзіць нас;

72. каб зрабіць міласць бацька́м нашым і ўспомніць запаве́т Свой святы́,

73. кля́тву, якой кля́ўся Ён Аўрааму, бацьку нашаму, каб даць нам,

74. вы́зваленым ад рукí ворагаў нашых, без бо́язі

75. служы́ць Яму ў свя́тасці і пра́веднасці перад Ім ва ўсе дні жыцця́ нашага.

76. І ты, дзіця́, прарокам Усявышняга будзеш назва́на, бо ты будзеш ісці перад аблíччам Госпада, каб падрыхтаваць шляхí Яму,

77. даць народу Яго спазна́ць спасе́нне ў адпушчэ́нні грахоў,

78. па сардэчнай міласці Бога нашага, якою наве́даў нас Усход з вышынí,

79. каб асвятлíць тых, што сядзяць у це́мры і це́ні смерці, скірава́ць ногі нашы на шлях міру.

80. Дзіця ж расло і ўмацоўвалася духам; і было́ ў пусты́нях да дня з‘яўле́ння свайго Ізра́ілю.

 

РАЗДЗЕЛ 2

1. І ста́лася ў тыя дні: выйшаў указ ад ке́сара Аўгуста зрабіць пе́рапіс па ўсёй зямлі.

2. Гэта быў першы пе́рапіс, калі Сíрыяй пра́віў Квіры́ній.

3. І ўсе ішлі запíсвацца, кожны ў свой горад.

4. Пайшоў таксама і Іосіф з Галіле́і, з горада Назарэ́та, у Іудзею, у горад Давідаў, які называецца Віфлее́м, бо ён быў з дому і роду Давідавага,

5. запісацца з Марыяй, заручо́най з ім Жонкай, Якая была цяжа́рная.

6. І ста́лася: калі яны былí там, споўніліся дні, каб радзíць Ёй;

7. і нарадзíла Сына Свайго Першынца, і спавіла́ Яго, і пакла́ла Яго ў я́слях, бо не было ім ме́сца ў гасцíніцы.

8. У той краіне былí пастухі, што пільнава́лі і не́слі начную ва́рту каля статку свайго.

9. І вось Ангел Гасподні стаў перад імі, і слава Гасподняя азары́ла іх; і напоўніліся страхам вялікім.

10. І сказаў ім Ангел: не бойцеся, бо вось абвяшча́ю вам радасць вялікую, якая будзе ўсяму народу:

11. нарадзíўся вам сёння ў горадзе Давідавым Спасіцель, Які ёсць Хрыстос Гасподзь;

12. і вось вам знак: вы зно́йдзеце Дзіця́тка спавíтае, што ляжы́ць у я́слях.

13. І раптам з’явілася з Ангелам шматлікае воінства нябеснае, усхваля́ючы Госпада і прамаўля́ючы:

14. слава ў вы́шніх Богу і на зямлі мір, у лю́дзях добрая воля.

15. І ста́лася: калі адышлí ад іх Ангелы на неба, людзі-пастухі казалі адзін аднаму: по́йдзем у Віфлеем і паглядзíм тое, што адбыло́ся, пра што Гасподзь абвясцíў нам.

16. І, спяша́ючыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Іосіфа, і Дзіця́тка, што ляжала ў я́слях.

17. Убачыўшы ж, абвясцíлі тое, што было́ ска́зана ім пра гэтае Дзіця́.

18. І ўсе, хто чуў, здзіўляліся таму, што́ казалі ім пастухі.

19. А Марыя захоўвала ўсе словы гэтыя, склада́ючы ў сэрцы Сваім.

20. І вярнуліся пастухі, сла́вячы і хва́лячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было ска́зана ім.

21. І калі спо́ўнілася восем дзён, каб абрэ́заць Дзіця́, далí імя́ Яму Іісус, назва́нае Ангелам перш, чым Ён зача́ты быў ва ўлонні.

22. І калі споўніліся дні ачышчэння іх паводле закону Маісеевага, прыне́слі Яго ў Іерусалім, каб прадста́віць Яго Госпаду, —

23. як напíсана ў законе Гасподнім: каб кожнае дзіця мужчынскага полу, што раскрыва́е ўлонне, было́ пасвячо́на Госпаду, —

24. і каб прыне́сці ахвяру паводле ска́занага ў законе Гасподнім: па́ру го́рліц або дваіх птушаня́т галубíных.

25. І вось, быў у Іерусаліме чалавек, імя́ якому Сімяо́н. І чалавек гэты, праведны і богабая́зны, чакаў суцяшэ́ння Ізра́іля, і Дух Святы быў на ім.

26. І было́ яму прадве́шчана Духам Святым, што ён не ўбачыць смерці, пакуль не ўбачыць Хрыста Гасподняга.

27. І прыйшоў ён па натхне́нню Духа ў храм. І калі бацькí прыне́слі Дзіця́ Іісуса, каб вы́канаць над Ім устано́ўленае па закону,

28. ён узяў Яго на ру́кі, благаславíў Бога і сказаў:

29. цяпер адпуска́еш раба́ Твайго, Уладыка, паводле сло́ва Твайго, з мірам;

30. бо бачылі вочы мае́ спасе́нне Тваё,

31. якое Ты ўгатава́ў перад аблíччам усіх народаў,

32. святло для асветы язычнікаў і славу народа Твайго Ізра́іля.

33. Іосіф жа і Маці Яго здзіўля́ліся ска́занаму пра Яго.

34. І благаславíў іх Сімяо́н і сказаў Марыі, Маці Яго: вось, Ён ляжы́ць для падзе́ння і паўстання многіх у Ізра́ілі і на знаме́нне супярэ́чання, —

35. і Табе Самой душу́ пратне́ меч, — каб адкрыліся по́мыслы многіх сэ́рцаў.

36. І была́ Анна прарочыца, дачка Фану́ілава, з калена Асíравага, якая дасягнула глыбокай старасці, пражы́ўшы з мужам сем год ад дзяво́цтва свайго,

37. удава́ гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, паста́мі і малітвамі слу́жачы Богу дзень і ноч.

38. І яна ў той самы час, падышоўшы, сла́віла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім, хто чакаў збаўле́ння ў Іерусаліме.

39. І калі вы́каналі яны ўсё паводле Закону Гасподняга, вярнуліся ў Галіле́ю, у горад свой Назарэ́т.

40. Дзіця́ ж расло́ і ўмацо́ўвалася духам, напаўня́ючыся мудрасцю, і благадаць Божая была́ на Ім.

41. І хадзілі бацькí Яго штогод у Іерусалім на свята Пасхі.

42. І калі Яму было́ дванаццаць гадоў, узышлí яны ў Іерусалім, паводле звы́чаю свя́та,

43. і правялí тыя дні; і калі вярта́ліся яны, застаўся Хлопчык Іісус у Іерусаліме; і не ведалі Іосіф і Маці Яго;

44. думаючы, што Ён разам са спадаро́жнымі, прайшлі яны дзённы шлях; і сталі шукаць Яго сярод сваяко́ў і знаёмых;

45. і, не знайшоўшы Яго, вярнуліся ў Іерусалім, шука́ючы Яго.

46. І ста́лася: праз тры дні знайшлі Яго ў храме, калі сядзеў Ён сярод настаўнікаў, слухаў іх і пытаўся ў іх;

47. і дзівíліся ўсе, хто слухаў Яго, розуму і адказам Яго.

48.  І, убачыўшы Яго, яны вельмі здзівíліся, і Маці Яго сказала Яму: Дзіця́! чаму Ты зрабіў нам так? Вось, бацька Твой і Я, паку́туючы, шукалі Цябе.

49. І сказаў Ён ім: чаго ж вы шукалі Мяне? хіба́ вы не ведалі, што Я павінен быць у тым, што нале́жыць Айцу Майму?

50. Але яны не зразуме́лі сло́ва, якое Ён казаў ім.

51. І Ён пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт; і быў паслухмя́ны ім. І Маці Яго захоўвала ўсе словы гэтыя ў сэ́рцы Сваім.

52. А Іісус узраста́ў у мудрасці і гада́х, і ў любві ў Бога і ў людзей.

 

РАЗДЗЕЛ 3

1. У пятнаццаты ж год праўле́ння ке́сара Тыве́рыя, калі Понцій Пілат быў правíцелем у Іудзеі, Ірад быў тэтра́рхам у Галіле́і, а Філіп, брат яго, тэтра́рхам у Ітурэ́і і Траханíцкай зямлі, а Ліса́ній тэтра́рхам у Авіліне́і,

2. пры першасвятарах Анне і Каіа́фе, было́ слова Божае да Іаана, сына Заха́рыі, у пусты́ні.

3. І прайшоў ён усё навако́лле Іарданскае, прапаве́дуючы хрышчэ́нне пакая́ння дзе́ля адпушчэ́ння грахоў,

4. як напíсана ў кнізе слоў Іса́іі прарока: “голас таго, хто клíча ў пусты́ні: падрыхту́йце шлях Госпаду, про́стымі зрабíце сце́жкі Яму;

5. кожны дол няхай напо́ўніцца, і кожная гара́ і ўзгорак няхай панíзяцца, і крывое няхай вы́прастаецца, і няроўныя дарогі стануць гла́дкімі,

6. і ўбачыць кожная плоць спасе́нне Божае”.

7. І вось сказаў народу, які прыходзіў хрысцíцца ад яго: адро́ддзе яхíдніна! хто намо́віў вас уцяка́ць ад будучага гневу?

8. Прынясíце ж годныя плады́ пакая́ння і не думайце гаварыць самі сабе: “айцец ў нас Аўраам”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узве́сці дзяцей Аўрааму.

9. Ужо і сяке́ра пры ко́рані дрэў ляжы́ць: бо ўсякае дрэва, якое не прыно́сіць добрага плоду, ссяка́юць і кíдаюць у агонь.

10. І пытаўся ў яго народ, ка́жучы: што ж рабіць нам?

11. Ён жа гаворыць ім у адказ: хто ма́е дзве кашу́лі, няхай дасць таму, хто не ма́е, і хто ма́е ежу, няхай зробіць гэтаксама.

12. Прыйшлі і мы́тнікі хрысцíцца ад яго і сказалі яму: настаўнік! што нам рабіць?

13. А ён сказаў ім: нічога больш за вы́значанае вам не спаганя́йце.

14. Пыталіся ў яго таксама і воіны, гаво́рачы: а нам што рабіць? І сказаў ім: не чынíце крыўды нікому, не даносьце і задавальня́йцеся пла́тай сваёй.

15. Калі ж народ быў у чака́нні і ўсе разважа́лі ў сэ́рцах сваіх пра Іаана, ці не Хрыстос ён, —

16. адказаў Іаан усім, гаворачы: я вадою хрышчу́ вас, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я нява́рты развяза́ць раме́нь абутку Яго; Ён будзе хрысцíць вас Духам Святым і агнём.

17. Лапа́та Яго ў руцэ́ Яго, і Ён ачы́сціць гумно́ Сваё, і збярэ́ пшаніцу ў жы́тніцу Сваю, а мякíну спа́ліць агнём непага́сным.

18. І многа ў чым іншым настаўля́ючы, дабраве́сціў ён народу.

19. А Ірад тэтра́рх, выкрыва́ны ім за Ірадыя́ду, жонку Філіпа, брата свайго, і за ўсё ліхое, што зрабіў Ірад,

20. дада́ў да ўсяго яшчэ і тое, што зачынíў Іаана ў цямнíцы.

21. І ста́лася: калі хрысцíўся ўвесь народ, і Іісус, ахрысцíўшыся, маліўся, раскры́лася неба,

22.  і сышоў на Яго Дух Святы́ ў цяле́сным вы́глядзе, як голуб, і голас быў з неба, які прамовіў: Ты Сын Мой Узлю́блены, Цябе Я ўпадаба́ў.

23. А Сам Іісус меў гадоў трыццаць, калі распачына́ў, і быў, як думалі, Сын Іо́сіфаў, Ілíеў,

24. Матфа́таў, Левíеў, Мелхíеў, Іана́еў, Іо́сіфаў,

25. Матафíеў, Амо́саў, Нау́маў, Еслíмаў, Нагге́еў,

26. Маа́фаў, Матафíеў, Семеíеў, Іо́сіфаў, Іу́даў,

27. Іаана́наў, Рыса́еў, Зарава́велеў, Салафіíлеў, Ніры́еў,

28. Мелхíеў, Аддзíеў, Каса́маў, Елмада́маў, Íраў,

29. Іасíеў, Еліезе́раў, Іары́маў, Матфа́таў, Левíеў,

30. Сімяо́наў, Іу́даў, Іосіфаў, Іана́наў, Еліакíмаў,

31. Мелеа́еў, Маіна́наў, Маттафа́еў, Нафа́наў, Давíдаў,

32. Іесе́еў, Авíдаў, Вао́заў, Салмо́наў, Наасо́наў,

33. Амінада́ваў, Ара́маў, Есро́маў, Фарэ́саў, Іу́даў,

34. Іа́каваў, Ісаа́каў, Аўраа́маў, Фа́раў, Нахо́раў,

35. Серу́хаў, Рага́ваў, Фале́каў, Еве́раў, Са́лаў,

36. Каіна́наў, Арфакса́даў, Сíмаў, Но́еў, Ла́мехаў,

37. Мафуса́лаў, Ено́хаў, Іарэ́даў, Малелеíлаў, Каіна́наў,

38. Ено́саў, Сíфаў, Ада́маў, Божы.

 

РАЗДЗЕЛ 4

1. Іісус жа, поўны Духа Святога, вярнуўся ад Іардана; і паве́дзены быў Духам у пусты́ню,

2. дзе сорак дзён спакуша́ў Яго дыявал; і не еў нічога ў тыя дні; а як скончыліся яны, урэ́шце адчуў голад.

3. І сказаў Яму дыявал: калі Ты Сын Божы, скажы ка́меню гэтаму, каб стаў хле́бам.

4. І сказаў Іісус яму ў адказ: напíсана, што “не хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам Божым”.

5. І, узвёўшы Яго на высокую гару́, паказаў Яму дыявал усе царствы све́ту ў імгне́нне часу,

6. і сказаў Яму дыявал: Табе дам усю ўла́ду гэтую і славу іх, бо мне яна перада́дзена, і я, каму хачу, даю́ яе;

7. і вось, калі Ты пакло́нішся перада мною, будзе ўсё Тваё.

8. І ў адказ Іісус сказаў яму: адыдзí ад Мяне, сатана; бо напíсана: “Госпаду Богу твайму пакланя́йся і Яму аднаму служы́”.

9. І павёў Яго ў Іерусалім, і паставіў Яго на крыле́ храма, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адсюль уніз;

10. бо напíсана: “Ангелам Сваім Ён нака́жа пра Цябе ахава́ць Цябе;

11. і на рука́х панясу́ць Цябе, каб не спатыкну́ўся Ты аб ка́мень нагою Тваёю”.

12. І ў адказ Іісус сказаў яму: ска́зана: “не спакуша́й Госпада Бога твайго”.

13. І, скончыўшы ўсё спакушэ́нне, дыявал адышоў ад Яго да пэўнага часу.

14. І вярнуўся Іісус у сіле Духа ў Галілею; і вестка пра Яго разышла́ся па ўсім навако́ллі.

15. І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсімі быў сла́ўлены.

16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадава́ны, і ўвайшоў, па звы́чаю Свайму, у дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць.

17. І падалí Яму кнігу Іса́іі прарока; і, разгарну́ўшы кнігу, Ён знайшоў ме́сца, дзе было напíсана:

18. “Дух Гасподні на Мне, бо Ён пама́заў Мяне дабраве́сціць убогім, паслаў Мяне ацалíць скру́шаных у сэрцы, абвясцíць палонным вызвале́нне і сляпым віду́шчасць, адпусцíць прыгне́чаных на волю,

19. абвясцíць год Гасподні спрыя́льны”.

20. І, згарну́ўшы кнігу, аддаў служыцелю і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі зве́рнуты да Яго.

21. І Ён пачаў гаварыць ім: сёння спо́ўнілася пісанне гэтае, пачутае вамі.

22. І ўсе засве́дчылі Яму гэта, і дзівíліся сло́вам благадаці, якія выхо́дзілі з вуснаў Яго, і гаварылі: ці не Іосіфаў гэта Сын?

23. Ён жа сказаў ім: вы, пэўна, скажаце Мне гэтае выслоўе: “ле́кару! ацалí само́га сябе”; тое, што, як мы чулі, адбыло́ся ў Капернау́ме, зрабі і тут, на ба́цькаўшчыне Тваёй.

24. І сказаў: праўду кажу вам, што ніякага прарока не прымаюць на ба́цькаўшчыне яго.

25. Па праўдзе кажу вам: многа было́ ўдоў у Ізраілі ў дні Іліí, калі зачы́нена было неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што настаў голад вялікі па ўсёй зямлі;

26. і ні адной з іх не быў пасла́ны Ілія́, толькі ў Сарэ́пту Сідо́нскую, да жанчыны-ўдавы́;

27. і шмат было пракажо́ных у Ізра́ілі пры Елісе́і прароку, і ніводзін з іх не быў ачы́шчаны, акрамя Неема́на Сірыянíна.

28. І напоўніліся я́расцю ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта;

29. і, падняўшыся, вы́гналі Яго прэч з горада, і павялі Яго на верх гары́, на якой горад іх быў пабудаваны, каб скíнуць Яго;

30. Ён жа, прайшоўшы паміж імі, адышоў.

31. І спусціўся ў Капернау́м, горад Галілейскі; і вучыў іх па суботах.  

32. І здзіўляліся вельмі вучэнню Яго, бо з ула́даю было́ слова Яго.

33. І быў у сінагозе чалавек, які меў духа дэмана нячыстага, і закрычаў моцным голасам,

34. ка́жучы: пакінь; што Табе да нас, Іісусе Назаранíне? Ты прыйшоў загубíць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Святы́ Божы.

35.  Але Іісус забаранíў яму, ка́жучы: змоўкні і выйдзі з яго. І дэман, кінуўшы яго на сярэ́дзіну, выйшаў з яго, зусім не пашкодзіўшы яму.

36.  І жах ахапíў усіх, і размаўлялі паміж сабою, гаворачы: што́ гэта за слова, што Ён з ула́даю і сілаю зага́двае духам нячыстым, і яны выхо́дзяць?

37. І разне́слася по́галаска пра Яго па ўсіх навако́льных мясцíнах.

38. Вы́йшаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сíмана; а це́шча Сíманава была́ ахо́плена моцнай гара́чкай; і прасілі Яго за яе.

39. І, стаўшы над ёю, Ён забаранíў гара́чцы; і пакінула яе; і адразу ўстаўшы, яна прыслу́жвала ім.

40. А як захо́дзіла сонца, усе, хто меў хворых на розныя хваробы, прыво́дзілі іх да Яго; Ён жа, усклада́ючы ру́кі на кожнага з іх, ацаля́ў іх.

41. Выходзілі таксама з многіх і дэманы, якія крычалі і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. І, забараня́ючы, не дазваля́ў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

42. А як настаў дзень, Ён, вы́йшаўшы, адправіўся ў пустэ́льнае ме́сца; і людзі шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затры́млівалі Яго, каб не адыходзіў ад іх.

43. Але Ён сказаў ім: і іншым гарадам павінен дабраве́сціць Я Царства Божае, бо на тое Я пасла́ны.

44. І прапаве́даваў у сінагогах Галілейскіх.

 

РАЗДЗЕЛ 5

1. І ста́лася: калі народ цíснуўся да Яго, каб пачуць слова Божае, а Ён стаяў каля возера Генісарэ́цкага;

2. убачыў Ён дзве лодкі, што стаялі пры возеры; а рыбакі, выйшаўшы з іх, прамыва́лі мярэ́жы.

3. Увайшоўшы ў адну з лодак, якая нале́жала Сíману, Ён прасіў яго адплыць крыху́ ад берага; і, сеўшы, з лодкі вучыў народ.

4. А калі скончыў гаварыць, сказаў Сíману: адплыві на глыбіню́, і закіньце мярэ́жы вашы для лову.

5. І сказаў Сíман у адказ Яму: Настаўнік! мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але па слову Твайму закіну мярэ́жу.

6. І зрабіўшы гэта, яны злавілі вялікае мноства рыбы, нават мярэ́жа іх прарыва́лася.

7. І далí знак супо́льнікам, якія былі ў другой лодцы, каб прыйшлі памагчы́ ім; і тыя прыйшлі, і напоўнілі абе́дзве лодкі, так што яны пачыналі тануць.

8. Убачыўшы ж гэта, Сíман Пётр прыпа́ў да каленяў Іісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне, бо я чалавек грэшны, Госпадзі.

9. Таму што жах ахапіў яго і ўсіх, хто быў з ім, ад такога ўлову рыбы, вы́цягнутай імі;

10. а таксама Іакава і Іаана, сыноў Зевядзе́евых, што былí тава́рышамі Сíмана. І сказаў Сíману Іісус: не бойся, з гэтага часу будзеш лавіць людзей.

11. І, вы́цягнуўшы лодкі на бераг, яны пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Ім.

12. І ста́лася: калі быў Іісус у адным з гарадоў, вось чалавек, увесь у прака́зе, убачыўшы Іісуса, упаў ніц, мо́лячы Яго і ка́жучы: Госпадзі! калі хочаш, можаш мяне ачы́сціць.

13. І, працягну́ўшы руку́, Іісус дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачы́сціся. І адразу прака́за сышла з яго.

14. І Ён загадаў яму нікому не расказваць: але ідзі, пакажы́ся святару́ і прынясі ахвяру за ачышчэ́нне тваё, як загадаў Маісей, дзе́ля све́дчання ім.

15. Але ўсё болей разыхо́дзіліся чу́ткі пра Яго; і збіралася мноства народу слухаць і ацаля́цца ў Яго ад не́мачаў сваіх.

16. Ён жа адыходзіў у пустэ́льныя месцы і маліўся.

17. І ста́лася аднаго дня: Ён вучыў; і сядзелі фарысеі і законавучы́целі, якія прыйшлі з усіх вёсак галіле́йскіх і іудзейскіх і з Іерусаліма; і сіла Гасподняя была́, каб ацаля́ць іх;

18. вось людзі прыне́слі на пасцелі чалавека, які быў спаралізава́ны, і спрабава́лі ўне́сці яго і пакла́сці перад Іісусам;

19. і, не знайшо́ўшы як пране́сці яго з-за натоўпу, яны, падня́ўшыся на дах, праз чарапіцу апусцілі яго з пасцеллю на сярэ́дзіну перад Іісусам.

20. І Ён, убачыўшы веру іх, сказаў яму: чалавеча, адпускаюцца табе грахі твае.

21. І пачалí разважа́ць кніжнікі і фарысеі, гаворачы: хто гэта такі, што блюзне́рыць? Хто можа адпускаць грахі акрамя аднаго Бога:

22. Іісус жа, зразумеўшы по́мыслы іх, сказаў ім у адказ: што́ разважа́еце ў сэ́рцах вашых?

23. Што лягчэй — сказаць: “адпускаюцца табе грахі твае” ці сказаць: “устань і хадзі”?

24. Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы ма́е ўладу на зямлі адпуска́ць грахі, — Ён сказаў спаралізава́наму: табе кажу: устань, вазьмі пасцель тваю і ідзі ў дом твой.

25. І адразу ўстаўшы перад імі і ўзяўшы тое, на чым ляжаў, ён пайшоў у дом свой, сла́вячы Бога.

26. І жах ахапіў усіх, і сла́вілі Бога, і, перапоўненыя страхам, гаварылі: дзíўнае бачылі мы сёння.

27. І пасля гэтага Іісус выйшаў і ўбачыў мы́тніка íмем Левíй, які сядзеў на мы́тні, і сказаў яму: ідзі ўслед за Мною.

28. І, пакінуўшы ўсё, той устаў і пайшоў услед за Ім.

29. І зрабіў Левíй для Яго вялікі пачастунак у доме сваім, і было́ там мноства мы́тнікаў і іншых, якія з імі ўзляжа́лі.

30. І наракалі кніжнікі іхнія і фарысеі на вучняў Яго, ка́жучы: навошта вы з мы́тнікамі і грэшнікамі ясце́ і п‘яце́?

31. І ў адказ Іісус сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў ле́кары, а хворыя;

32. Я прыйшоў заклíкаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакая́ння.

33. Яны ж сказалі Яму: чаму вучні Іаанавы по́сцяць часта і малітвы дзе́юць, гэтаксама і фарысейскія, а Твае яду́ць і п‘юць?

34. Ён жа сказаў ім: хіба́ можаце вы прымусіць пасцíць сыноў харо́маў вясе́льных, калі з імі жаніх?

35. Але пры́йдуць дні, калі будзе ўзя́ты ад іх жаніх, тады будуць пасцíць у тыя дні.

36. Сказаў жа і прытчу ім: ніхто латкі з адзе́жыны новай не наклада́е на адзе́жыну стару́ю; інакш і новую разарве́, і да старо́й не пады́дзе латка ад новай.

37. І ніхто не ўліва́е віно маладое ў мяхí стары́я; інакш прарве маладое віно мяхі, і само вы́цеча, і мяхí прападу́ць;

38. а віно маладое ў мяхí новыя ўліва́ць трэба: і зберага́ецца тое і другое.

39. І ніхто, піўшы старо́е, не захоча адразу маладога, бо кажа: старо́е лепшае.

 

РАЗДЗЕЛ 6

1. І давялося Яму ў суботу, першую па другім дні Пасхі, прахо́дзіць пасе́вамі, і вучні Яго зрыва́лі каласы і елі, расціра́ючы рука́мі.

2. Некато́рыя ж з фарысеяў сказалі ім: чаму вы робіце тое, што не дазво́лена рабіць па суботах?

3. І сказаў ім Іісус у адказ: хіба́ вы не чыталі, што́ зрабіў Давід, калі згалада́ўся сам і тыя, што былí з ім?

4. як увайшоў ён у дом Божы і ўзяў хлябы́ выстаўле́ння, якіх не дазво́лена было́ есці нікому, а толькі адным святарам, і еў, і даў тым, што з ім былí.

5. І казаў ім: Сын Чалавечы ёсць гаспада́р і суботы.

6. Давялося і ў другую суботу ўвайсці Яму ў сінагогу і вучы́ць; і быў там чалавек, і правая рука ў яго была́ сухая.

7. Кніжнікі і фарысеі сачылі за Ім, ці не ацалíць Ён у суботу, каб знайсці абвінава́чанне су́праць Яго.

8. Але Ён ведаў по́мыслы іх і сказаў чалавеку, які меў сухую руку́: падыміся і стань пасярэ́дзіне. І той, падняўшыся, стаў.

9. Іісус жа сказаў ім: спытаюся Я ў вас: што́ дазволена рабіць па суботах — дабро рабіць ці зло рабіць? душу́ ўратава́ць ці загубíць? Яны ж маўчалі.

10. І, паглядзе́ўшы на ўсіх іх, сказаў яму: працягнí руку́ тваю. І ён зрабіў так, і стала рука яго здаровай, як другая.

11. Яны ж перапоўніліся шале́нствам і гаварылі між сабою, што́ ім рабіць з Іісусам.

12. І сталася ў тыя дні: выйшаў Ён на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.

13. А калі настаў дзень, паклíкаў вучняў Сваіх і вы́браў з іх двана́ццаць, якіх і назваў Апосталамі:

14. Сíмана, якога і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Іакава і Іаана, Філіпа і Варфаламе́я,

15. Матфея і Фаму́, Іакава Алфе́евага і Сíмана, называнага Зіло́там,

16. Іуду Іа́кавага і Іуду Іскарыёта, які і стаў прада́жнікам.

17. І, спусцíўшыся з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы і многа вучняў Яго і вялікае мноства людзей з усёй Іудзеі і Іерусаліма, і ўзбярэ́жжа Ты́рскага і Сідонскага,

18. што прыйшлі паслухаць Яго і ацалíцца ад хвароб сваіх, таксама і тыя, што паку́тавалі ад духаў нячыстых; і ацаля́ліся.

19. І ўсе людзі імкну́ліся дакрану́цца да Яго, бо сіла ад Яго сыходзіла і ацаля́ла ўсіх.

20. І Ён, узвёўшы вочы Свае на вучняў Сваіх, гаварыў: блажэ́нныя ўбогія духам, бо ваша ёсць Царства Божае.

21. Блажэ́нныя галодныя цяпер, бо насы́ціцеся. Блажэ́нныя, хто плача цяпер, бо засмеяце́ся.

22. Блажэ́нныя вы, калі ўзненавíдзяць вас людзі і калі адлу́чаць вас, і зга́ньбяць, і вы́кінуць імя́ ваша як зло, за Сына Чалавечага.

23. Узрадуйцеся ў той дзень і ўзвесялíцеся, бо вось узнагарода ваша вялікая на небе. Таму што гэтак рабілі прарокам бацькí іх.

24. Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атры́мліваеце ўце́ху вашу.

25. Гора вам, перасы́чаныя цяпер, бо голад зазна́еце. Гора вам, хто смяе́цца цяпер, бо засмутку́еце і запла́чаце.

26. Гора вам, калі добра будуць гаварыць пра вас усе людзі. Бо так рабілі лжэпрарокам бацькí іх.

27. А вам, хто слухае, кажу: любíце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, што ненавíдзяць вас,

28. благаслаўля́йце тых, што пракліна́юць вас, і малíцеся за тых, што кры́ўдзяць вас.

29. Таму, хто б’е цябе па шчацэ́, падстаў і другую; а таму, хто забірае ў цябе вопратку, не перашкаджа́й узяць і сарочку.

30. Кожнаму, хто просіць у цябе, дай; і ў таго, хто забірае тваё, не патрабуй назад.  

31. І як вы хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце.

32. А калі вы лю́біце тых, што лю́бяць вас, якая вам за гэта падзяка́ бо і грэшнікі лю́бяць тых, хто іх лю́біць.

33. І калі робіце дабро тым, хто вам робіць дабро, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі тое самае робяць.

34. І калі пазыча́еце тым, ад каго спадзеяце́ся атрымаць назад, якая вам за гэта падзя́ка? бо і грэшнікі пазыча́юць грэшнікам, каб атрымаць назад столькі ж. 

35. Але вы любíце ворагаў вашых, і дабро рабíце, і пазыча́йце, ні на што не спадзеючы́ся; і будзе ўзнагаро́да ваша вялікай, і будзеце сына́мі Усявы́шняга; бо Ён добры і да няўдзя́чных і злых.

36. Дык вось, будзьце міласэ́рныя, як і Айцец ваш міласэ́рны.

37. Не судзíце, і вас не будуць судзíць; і не асуджа́йце, і не будзеце асу́джаны; прабача́йце, і вам праба́чаць;

38. давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую, шчы́льна накла́дзеную, утрэ́сеную, перапо́ўненую дадуць вам у прыпо́л; бо якою ме́раю ме́раеце, такою і вам адме́раецца.

39. Сказаў ім таксама прытчу: хіба́ можа сляпы сляпога вадзíць? ці не абодва ў яму ўпаду́ць?

40. Вучань не вышэйшы за настаўніка свайго, але, удаскана́ліўшыся, кожны будзе, як настаўнік яго.

41. Што ж ты глядзіш на парушы́нку ў воку брата твайго, а бервяна́ ў сваім воку не заўважа́еш?

42. Альбо, як можаш казаць брату твайму: бра́це, дай, я вы́му парушы́нку з вока твайго, — калі сам бервяна́ ў воку тваім не бачыш. Крываду́шнік, вы́мі перш бервяно з твайго вока, і тады ўбачыш, як вы́няць парушы́нку з вока брата твайго.

43. Бо няма добрага дрэва, якое б радзíла кепскі плод, няма і кепскага дрэва, якое б радзíла добры плод.

44. Бо ўсякае дрэва па сваім пло́дзе пазнае́цца: бо з калючых кустоў не збіраюць смокваў і з цярно́ўніку не здымаюць вінаграду.

45. Добры чалавек з добрай ска́рбніцы сэ́рца свайго выно́сіць добрае, а ліхí чалавек з ліхо́й ска́рбніцы сэрца свайго выно́сіць ліхо́е; бо ад перапо́ўненасці сэ́рца гавораць ву́сны яго.

46. Што́ ж клíчаце Мяне: “Госпадзі, Госпадзі!”, а не робіце таго, што Я кажу?

47. Кожны, хто прыхо́дзіць да Мяне і слухае словы Мае́ і выко́нвае іх, пакажу вам, да каго падо́бны.

48. Ён падо́бны да чалавека, які, буду́ючы дом, капа́ў і паглы́біўся і закла́ў падму́рак на ка́мені; калі ж зда́рылася разво́ддзе, нахлы́нула рака́ на дом той і не змагла́ пахісну́ць яго, бо ён быў закла́дзены на ка́мені.

49. А хто пачуў і не вы́канаў, той падо́бны да чалавека, які збудава́ў дом на зямлі без падму́рка; калі ж нахлы́нула на яго рака́, адразу ён абвалíўся і было разбурэ́нне дома таго вялікае.

 

РАЗДЗЕЛ 7

1. Калі ж Ён скончыў усе сло́вы Свае да народу, які слухаў, то ўвайшоў у Капернау́м.

2. У аднаго сотніка раб, якім ён даражы́ў, быў хворы пры смерці.

3. Пачуўшы ж пра Іісуса, ён паслаў да Яго старэйшын іудзейскіх, про́сячы Яго, каб прыйшоў ацалíць раба яго.

4. І яны, прыйшоўшы да Іісуса, настойліва прасілі Яго, гаворачы: ён ва́рты, каб Ты зрабіў для яго гэта,

5. бо ён лю́біць народ наш і сінагогу збудаваў для нас.

6. Іісус пайшоў з імі. І калі ўжо Ён быў недалёка ад дома, паслаў да Яго сотнік сяброў сказаць Яму: Госпадзі! не турбуйся, бо я не ва́рты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;

7. таму і сябе само́га я не палічыў годным, каб прыйсцí да Цябе; але скажы слова, і вы́здаравее слуга мой.

8. Бо і я, чалавек, падпарадкава́ны ўла́дзе, але, ма́ючы паднача́леных мне воінаў, кажу аднаму: “ідзі”, і ідзе; і другому: “прыйдзí”, і прыходзіць; і рабу майму: “зрабі гэта”, і робіць.

9. Пачуўшы гэта, Іісус здзівіўся яму і, павярну́ўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізра́ілі не знайшоў Я такой веры.

10. І, вярнуўшыся ў дом, пасла́ныя знайшлі хворага раба здаровым.

11. І ста́лася пасля гэтага: пайшоў Іісус у горад, які называўся Наíн; і з Ім ішлі многія вучні Яго і мноства народу.

12. Калі ж Ён наблізіўся да гарадской бра́мы, якраз выно́сілі паме́рлага, адзінага сы́на ў маці сваёй, а яна была́ ўдава; і шмат людзей з горада было з ёю.

13. Убачыўшы яе, Гасподзь злíтаваўся над ёю і сказаў ёй: не плач.

14. І, падышоўшы, дакрану́ўся да насілак; тыя, што не́слі, спынíліся; і сказаў: юнак! табе кажу, устань.

15. І сеў мёртвы, і пачаў гаварыць; і аддаў яго Іісус маці яго.

16. І ахапíў усіх страх, і сла́вілі Бога, ка́жучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і наведаў Бог народ Свой.

17. І гэтае слова пра Яго разышло́ся па ўсёй Іудзеі і па ўсім наваколлі.

18. І паве́дамілі Іаану вучні яго пра ўсё гэта.

19. І, паклíкаўшы дваіх з вучняў сваіх, Іаан паслаў іх да Іісуса спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?

20. Прыйшо́ўшы да Яго, гэтыя мужы́ сказалі: Іаан Хрысцíцель паслаў нас да Цябе спытаць: ці Той Ты, Які ма́е прыйсці, ці чакаць нам другога?

21. А ў гэты час Ён многіх ацалíў ад хвароб і не́мачаў і злых духаў і многім сляпым падарава́ў зрок.

22. І сказаў ім Іісус у адказ: пайдзíце, паве́даміце Іаану, што́ вы бачылі і чулі: як сляпыя робяцца віду́шчымі, кульга́выя ходзяць, пракажо́ныя ачышча́юцца, глухія чу́юць, мёртвыя ўваскраса́юць, убогія дабраве́сцяць;

23. і блажэ́нны, хто не ўсумнíцца ўва Мне.

24. А калі адышлі пасланцы́ Іаанавы, пачаў Ён гаварыць народу пра Іаана: што́ глядзець хадзілі вы ў пусты́ню? трысцíну, ве́трам калыха́ную?

25. Што́ ж глядзець хадзілі вы? чалавека, убра́нага ў мяккае адзе́нне? Але хто ў пышных уборах і ў раскошы жыве́, тыя ў царскіх палацах.

26. Што́ ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, і больш, чым прарока.

27. Гэта той, пра каго напíсана: “вось, Я пасыла́ю Ангела Майго перад аблíччам Тваім, які падрыхту́е шлях Твой перад Табою”.

28. Бо кажу вам: з наро́джаных жанчынамі няма ніводнага прарока, бо́льшага за Іаана Хрысцíцеля; але меншы ў Царстве Божым бо́льшы за яго.

29. І ўвесь народ, што слухаў, і мы́тнікі прызна́лі правату́ Бога, хрысцíўшыся хрышчэ́ннем Іаанавым;

30. а фарысеі і законнікі адкінулі волю Божую наконт сябе, не хрысцíўшыся ад яго.

31. І сказаў Гасподзь: з кім жа параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?

32. Яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку і акліка́юць адны другіх і гавораць: мы ігралі вам на дудцы, а вы не танцавалі, мы спявалі вам жало́бнае, а вы не плакалі.

33. Бо прыйшоў Іаан Хрысцíцель: ні хлеба не есць, ні віна не п’е; і вы ка́жаце: у ім дэман.

34. Прыйшоў Сын Чалавечы: есць і п’е; і вы ка́жаце: вось чалавек, які лю́біць есці і віно піць, пры́яцель мы́тнікам і грэшнікам.

35. І апраўда́на мудрасць усімі дзе́цьмі яе.

36. Нехта з фарысеяў прасіў Яго пае́сці ра́зам з ім, і Ён, увайшо́ўшы ў дом фарысея, узлёг.

37. І вось, жанчына з таго горада, якая была́ грэшніцай, даве́даўшыся, што Ён узляжы́ць у доме фарысея, прыне́сла алеба́стравую пасу́дзіну мíра

38. і, стаўшы ззаду каля́ ног Яго, пла́чучы, пачала́ абліва́ць слязьмí но́гі Яго і валаса́мі галавы сваёй выціра́ла, і цалава́ла но́гі Яго, і ма́зала мíрам.

39. Убачыўшы гэта, фарысей, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарокам, то ведаў бы, хто і якая гэта жанчына дакрана́ецца да Яго, бо яна грэшніца.

40. І, адка́зваючы, Іісус сказаў яму: Сíмане! Я ма́ю нешта сказаць табе. Той прамовіў: скажы, Настаўнік.

41. Іісус сказаў: у аднаго пазыкада́ўцы было́ два даўжнікі: адзін быў павінен пяцьсот дынарыяў, а другі — пяцьдзесят;

42. але, паколькі яны не ме́лі чым заплацíць, ён дарава́ў або́двум. Каторы з іх, скажы, больш узлю́біць яго?

43. І сказаў Сíман у адказ: думаю, той, якому больш дарава́ў. Ён жа сказаў яму: правільна ты рассудзíў.

44. І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сíману: бачыш гэтую жанчыну? Я ўвайшоў у дом твой, і ты вады́ Мне на но́гі не даў; а яна сляза́мі абліла́ Мне но́гі і валаса́мі галавы́ сваёй вы́церла.

45. Ты цалава́ння мне не даў; а яна з таго часу, як Я ўвайшоў, не перастава́ла цалава́ць Мне но́гі.

46. Ты галавы́ Маёй алеем не памазаў, яна ж мíрам пама́зала Мне но́гі.

47. А таму кажу табе: адпускаюцца грахі яе многія, бо яна ўзлюбíла многа; а каму ма́ла адпуска́ецца, той ма́ла лю́біць.

48. І ёй сказаў: адпуска́юцца табе грахі.

49. І пачалí тыя, што ўзляжа́лі з Ім, гаварыць самі сабе: хто Ён, што і грахі адпускае?

50. Ён жа сказаў жанчыне: вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мíрам.

 

РАЗДЗЕЛ 8

1. І ста́лася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаве́дуючы і дабраве́сцячы Царства Божае, і дванаццаць з Ім,

2. і некато́рыя жанчыны, што былí ацалёныя ад духаў злых і не́мачаў: Марыя, зва́ная Магдалíнаю, з якой выйшла сем дэманаў,

3. Іаанна, жонка Хузы́, домаўпра́ўніка Ірадавага, і Суса́нна, і многія іншыя, што служы́лі Яму маёмасцю сваёй.

4. Калі ж сабра́лася мноства народу і з усіх гарадоў папрыхо́дзілі да Яго, Ён сказаў прытчай:

5. выйшаў се́йбіт сеяць насе́нне сваё; і калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было́ патапта́на, і птушкі нябесныя падзяўблí яго;

6. а іншае ўпала на ка́мень і, узышоўшы, засохла, бо не ме́ла вíльгаці;

7. а іншае ўпала ў це́рні, і вы́раслі це́рні і заглушы́лі яго;

8. а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзíла плод у сто крат. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

9. Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, ка́жучы: што б зна́чыла прытча гэтая?

10.  Ён жа сказаў: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а аста́тнім — у прытчах, каб яны ба́чачы не бачылі і чу́ючы не разумелі.

11. Вось што значыць прытча гэтая: насе́нне ёсць сло́ва Божае;

12.  і якое пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, але потым прыхо́дзіць дыявал і забірае сло́ва з сэ́рцаў іх, каб не ўве́равалі яны і не спаслíся;

13. а якое на ка́мень ўпа́ла  — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцю прыма́юць сло́ва, але яны не ма́юць ко́раня і да часу веруюць, а ў час выпрабава́ння адпада́юць;

14. а што ўпала ў це́рні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багаццем і ўце́хамі жыццёвымі на шляху́ сваім заглуша́юцца і не даюць плёну;

15. а што на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчы́рым і добрым сэрцы і даюць плод у цярплíвасці. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

16. Ніхто, запалíўшы свечку, не пакрыва́е яе пасу́дзінай або не ставіць пад ложак, а ставіць яе на падсве́чнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.

17. Бо няма нічога тае́мнага, што́ не стала б я́ўным, ні схава́нага, што не стала б вядомым і не вы́явілася.

18. Так што сачы́це, як вы слухаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў таго і тое, што ён думае, нíбы ма́е.

19. І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго, і не маглі даступíцца да Яго з-за натоўпу.

20. І паве́дамілі Яму, ка́жучы: Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ і хочуць Цябе ўбачыць.

21. Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая? і браты Мае? — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выко́нваюць яго.

22. І ста́лася ў адзін з тых дзён: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі і сказаў ім: перапра́вімся на той бок возера. І яны адплылí.

23. Калі ж плылí, Ён заснуў. І наляцеў бу́рны вецер на возера, і пачало́ заліваць іх, і былí яны ў небяспе́цы.

24. І, падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем! Ён жа, устаўшы, забаранíў ветру і хва́лям вады, і яны супако́іліся і настала цíша.

25. Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны ж, спало́ханыя, дзівíліся і казалі адзін аднаму: хто ж гэта Ён, што і вятра́м загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго? 

26. І прыплылí ў зямлю Гадары́нскую, што насу́праць Галілеі.

27. Калі ж Ён выйшаў на зямлю, сустрэў Яго нейкі чалавек з горада, апанта́ны дэманамі з даўняга часу, і адзе́ння не насіў ён, і ў доме не жыў, а ў магíльных пячорах.

28. Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы, ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што́ Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявышняга? малю́ Цябе, не муч мяне.

29. Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму вы́йсці з чалавека; бо доўгі час той хапа́ў яго, і звя́звалі яго ланцуга́мі і ако́вамі, і сцераглí; але ён разрыва́ў пу́ты, і дэман гнаў яго ў пусты́ні.

30. І спытаўся ў яго Іісус, ка́жучы: як імя́ тваё? Той адказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.

31. І яны прасілі Іісуса, каб не загадаў ім ісці ў бе́здань.

32. Пасвіўся ж там вялікі ста́так свіне́й на гары; і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.

33. І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў возера і патану́ў.

34. Пастухі ж, убачыўшы, што зда́рылася, пабе́глі ды абвясцíлі ў горадзе і ў вёсках.

35. І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася; і прыйшлі да Іісуса і знайшлі, што чалавек, з якога вы́йшлі дэманы, сядзíць каля ног Іісуса адзе́ты і пры розуме; і спало́халіся.

36. А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў вы́ратаваны апанта́ны.

37. І прасіў Яго ўвесь люд кра́ю Гадары́нскага адысцí ад іх, бо стра́хам вялікім былí яны ахо́плены. І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.

38. А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Іісус адпусціў яго, ка́жучы:

39. вяртайся ў дом твой і расказвай, што́ зрабіў табе Бог. І ён пайшоў, абвяшча́ючы па ўсім горадзе, што́ зрабіў яму Іісус.

40. І ста́лася: калі вярнуўся Іісус, народ прыня́ў Яго, бо ўсе чакалі Яго.

41. І вось прыйшоў чалавек, íмем Іаíр, які быў старэйшынам сінагогі; і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,

42. бо ў яго была́ адзіная дачка́, гадоў двана́ццаці, і яна паміра́ла. Калі ж Ён ішоў, народ напіра́ў на Яго.

43. І жанчына, якая ме́ла кровацячэ́нне ўжо дванаццаць гадоў, і патра́ціла на ле́караў усю маёмасць ды ні ў аднаго не магла вы́лечыцца,

44. падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго; і адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе.

45. І сказаў Іісус: хто дакрану́ўся да Мяне? Калі ж адмаўляліся ўсе, казаў Пётр і тыя, што з ім: Настаўнік! народ абступіў Цябе і напіра́е, а Ты гаворыш: хто дакрану́ўся да Мяне?

46. Але Іісус сказаў: дакрану́ўся нехта да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.

47. Жанчына, убачыўшы, што не ўтаíлася, дрыжучы́, падышла і, упаўшы перад Ім, паве́даміла Яму перад усім народам, з якой прычыны дакрану́лася да Яго і як ацалíлася адразу.

48. Ён жа сказаў ёй: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам.

49. Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзіць нехта з дому старэ́йшыны сінагогі і кажа яму: паме́рла дачка́ твая, не турбуй ужо Настаўніка.

50. Іісус жа, пачуўшы гэта, сказаў, звярта́ючыся да яго: не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратава́на.

51. І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача́ Пятра, Іаана і Іакава, і ба́цькі дзяўчынкі і маці.

52. Усе пла́калі і рыда́лі па ёй. Ён жа сказаў: не пла́чце, яна не паме́рла, а спіць.

53. І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна паме́рла.

54. Ён жа, вы́правадзіўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, ка́жучы: дзяўчынка! устань.

55. І вярнуўся дух яе, і падняла́ся адразу; і Ён загадаў даць ёй есці.

56. І моцна ўра́зіліся бацькí яе. Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбыло́ся.

 

РАЗДЗЕЛ 9

1. Склíкаўшы ж дванаццаць, Ён даў ім сілу і ўладу над усімі дэманамі, і ацаля́ць ад хвароб;

2. і паслаў іх прапаведаваць Царства Божае і ацаля́ць хворых.

3. І сказаў ім: нічога не бяры́це ў дарогу: ні посаха, ні торбы, ні хле́ба, ні срэ́бра, і не ма́йце па дзве во́праткі;

4. і ў які дом уво́йдзеце, там застава́йцеся і адтуль выпраўля́йцеся дале́й;

5. а калі хто не пры́ме вас, то, выходзячы з горада таго, абтрасíце пыл з ног вашых у све́дчанне на іх.

6. І, пайшоўшы, яны праходзілі па се́лішчах, дабраве́сцячы і ацаля́ючы ўсюды.

7. І пачуў Ірад тэтра́рх пра ўсё, што рабіў Іісус, і недаўмява́ў, бо некаторыя казалі, што Іаан паўстаў з мёртвых,

8. а некаторыя, што Іса́ія явіўся, а іншыя, што адзін са старажытных прарокаў уваскрэс.

9. І сказаў Ірад: Іаану я адсе́к галаву; хто ж Гэты, пра Каго я чую такое? І імкну́ўся ўбачыць Яго.

10. І, вярну́ўшыся, апосталы расказа́лі Яму, што́ зрабілі; і ўзяўшы іх, пайшоў асобна ў пустэ́льнае ме́сца каля горада, які называ́ўся Віфсаíда.

11. Але людзі, даве́даўшыся, пайшлі за Ім; і Ён, прыня́ўшы іх, гаварыў ім пра Царства Божае, і тых, хто меў патрэ́бу ў ацале́нні, ацаля́ў.

12. Дзень жа пачаў хілíцца да вечара. І, падышоўшы, дванаццаць сказалі Яму: адпусці людзей, каб пайшлі ў навако́льныя се́лішчы і вёскі і знайшлі прыту́лак і ежу, бо мы тут у пустэ́льным ме́сцы.

13. Але Ён сказаў ім: вы ім дайце есці. Яны ж сказалі: няма ў нас больш нічога, акрамя́ пяці хлябо́ў і дзвюх ры́бін, хіба́ што пайсці нам купíць ежы для ўсіх гэтых людзей.

14. Бо іх было каля пяці тысяч мужчын. Але Ён сказаў вучням Сваім: рассадзíце іх групамі па пяцьдзесят.

15. І зрабілі так, і рассадзíлі ўсіх.

16. Ён жа, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, і ўзвёўшы вочы на неба, благаславíў іх і пераламíў, і даваў вучням, каб разне́слі народу.

17. І елі, і насы́ціліся ўсе; і сабра́на было ў іх рэ́шты кава́лкаў дванаццаць кашоў.

18. І ста́лася: калі Ён маліўся ў адзіно́це, з Ім былí вучні, і Ён спытаўся ў іх: за каго Мяне прыма́е народ?

19. Яны ж сказалі ў адказ: за Іаана Хрысцíцеля, іншыя ж за Ілію́, а іншыя кажуць, што нехта са старажы́тных прарокаў уваскрэ́с.

20. Ён жа сказаў ім: а вы за каго прыма́еце Мяне? І ў адказ Пётр сказаў: за Хрыста Божага.

21. Але Ён, забараня́ючы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,

22. сказаўшы, што Сыну Чалавечаму нале́жыць многа адпаку́таваць, і быць адры́нутым старэйшынамі, і першасвятара́мі, і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.

23. А да ўсіх казаў: хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і во́зьме крыж свой штодня́ і ідзе ўслед за Мною.

24. Бо хто хоча душу́ сваю ўратава́ць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той урату́е яе.

25. Бо якую карысць ма́е чалавек, здабы́ўшы ўвесь свет, а сябе загубíўшы ці сабе пашко́дзіўшы?

26. Бо хто пасаро́меецца Мяне і Маіх слоў, таго Сын Чалавечы пасаро́меецца, калі пры́йдзе ў славе Сваёй і Айца, і святых Ангелаў.

27. Кажу вам па праўдзе: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некато́рыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага.  

28. І ста́лася пасля гэтых слоў дзён праз восем: узяўшы Пятра, Іаана і Іакава, узышоў Ён на гару памаліцца.

29. І калі маліўся, выгляд твару Яго стаў іншым, і ўбра́нне Яго стала белым і зіхатлíвым.

30. І вось, два мужы́ размаўлялі з Ім, гэта былí Маісей і Ілія́;

31. явíўшыся ў сла́ве, яны гаварылі пра адыход Яго, які Ён меў здзе́йсніць у Іерусаліме.

32. А Пятра і тых, што былí з ім, змары́ў сон; прабудзíўшыся ж, яны ўбачылі сла́ву Яго, і двух мужоў, што стаялі з Ім.

33. І ста́лася: калі яны адыхо́дзілі ад Яго, сказаў Пётр да Іісуса: Настаўнік! добра нам тут быць; і зробім тры шатры́: адзін Табе, і адзін Маісею, і адзін Іліí, — не ве́даючы, што́ кажа.

34. Калі ж ён гаварыў гэта, узнíкла во́блака і ахіну́ла іх; і яны спало́халіся, калі ўвайшлí ў во́блака.

35. І быў з во́блака голас, які гаварыў: гэта Сын Мой Узлю́блены; Яго слу́хайце.

36. І калі быў голас гэты, апыну́ўся Іісус адзін. І яны маўчалі, і нікому не расказа́лі ў тыя дні нічога з таго, што бачылі.  

37. І ста́лася на другі дзень: калі яны сышлí з гары́, сустрэла Яго мноства народу.

38. І вось, нейкі чалавек з натоўпу ўскры́кнуў, гаворачы: Настаўнік! малю́ Цябе, узгля́нь на сына майго; бо ён адзіны ў мяне;

39. і вось, дух хапа́е яго, і ён раптам ускры́квае, і ку́рчыць яго, так што ён пену пуска́е; і ледзь адступа́е ад яго, зму́чыўшы яго;

40. я прасіў вучняў Тваіх, каб вы́гналі яго, і яны не змаглí.

41. Іісус жа сказаў у адказ: о, ро́дзе бязве́рны і разбэ́шчаны! даку́ль буду з вамі і буду цярпець вас? прывядзі сюды сы́на свайго.

42.  І калі той яшчэ падыходзіў, кінуў яго дэман і ску́рчыў. Але Іісус забараніў духу нячыстаму, і ацалíў хло́пца, і аддаў яго ба́цьку яго.

43. І ўсе дзівíліся ве́лічы Божай. Калі ўсе здзіўля́ліся ўсяму, што рабіў Іісус, Ён сказаў вучням Сваім:   

44. укладзíце вы ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы адда́дзены будзе ў ру́кі чалавечыя.

45. Яны ж не разумелі сло́ва гэтага, і было́ яно скры́та ад іх, так што яны не спасцíглі яго; і баяліся яны спытацца ў Яго пра слова гэтае.

46. І прыйшло ім на думку: хто быў бы з іх бо́льшы?

47. Іісус жа, ба́чачы по́мысел сэ́рца іх, узяў дзіця́, паставіў яго каля Сябе

48. і сказаў ім: хто пры́ме гэтае дзіця́ ў імя́ Маё, той Мяне прыма́е; а хто пры́ме Мяне, прыма́е Таго, Хто паслаў Мяне; бо хто меншы між усіх вас, той вялікі.

49. Іаан жа сказаў у адказ: Настаўнік! мы бачылі некага, хто íмем Тваім выганяў дэманаў, і забаранíлі яму, бо ён не сле́дуе за Табою з намі.

50. І сказаў яму Іісус: не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас.

51. І ста́лася: калі набліжа́ліся дні ўзя́цця Яго на неба, Ён цвёрда вы́рашыў ісці ў Іерусалім;

52. і паслаў вестуно́ў перад аблíччам Сваім; і яны пайшлі і ўвайшлі ў пасе́лішча самара́нскае, каб падрыхтава́ць для Яго;

53. але там не прынялí Яго, таму што Ён ішоў у Іерусалім.

54. Убачыўшы гэта, вучні Яго Іакаў і Іаан сказалі: Госпадзі! хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знíшчыў іх, як і Ілія́ зрабіў?

55. Але Ён, абярнуўшыся, забаранíў ім, ка́жучы: не ведаеце, якога вы духа;

56. бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубíць ду́шы чалавечыя, але ўратава́ць. І пайшлі ў другое пасе́лішча. 

57. І ста́лася: калі яны былí ў дарозе, сказаў нехта Яму: я пайду за Табою, куды б ты не ішоў, Госпадзі!

58. І сказаў яму Іісус: лíсы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не ма́е дзе галаву́ прытулíць.

59. Другому ж сказаў: ідзі ўслед за Мною. А той сказаў: Госпадзі! дазволь мне пайсці і перш пахава́ць бацьку майго.

60. Але Іісус сказаў яму: пакінь мёртвым хаваць сваіх паме́рлых; а ты ідзі абвяшча́й Царства Божае.

61. І сказаў яшчэ адзін: я пайду за Табою, Госпадзі, але перш дазволь мне развіта́цца з тымі, хто ў доме маім.

62. Іісус жа яму сказаў: ніхто з тых, хто кладзе́ руку́ сваю на плуг і азіра́ецца назад, не прыда́тны для Царства Божага.

 

РАЗДЗЕЛ 10

1. Пасля гэтага абра́ў Гасподзь і іншых семдзесят вучняў і паслаў іх па двое перад аблíччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам збіраўся ісці,

2. і казаў ім: жніва́ многа, а работнікаў ма́ла; таму малíце Гаспадара́ жніва́, каб вы́веў работнікаў на жніво́ Сваё.

3. Ідзíце! вось Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.

4. Не бярыце з сабой ні мяшка, ні торбы, ні абутку і нікога ў дарозе не віта́йце.

5. Калі ж у які дом уво́йдзеце, перш кажыце: мір дому гэтаму;

6. і калі там будзе сын міру, то спачне́ на ім мір ваш; а калі не, то да вас ве́рнецца;

7. і ў тым доме застава́йцеся, е́жце і пíце, што ў іх ёсць; бо працаўнíк ва́рты ўзнагароды сваёй. Не перахо́дзьце з дому ў дом.

8. І калі ў які горад пры́йдзеце і пры́муць вас, ежце, што вам пададу́ць;

9. і ацаля́йце хворых, якія ёсць там, і кажыце ім: наблíзілася да вас Царства Божае.

10. А калі ў які горад пры́йдзеце і не пры́муць вас, то, вы́йшаўшы на вуліцы яго, скажы́це:

11. і пыл, што прыстаў да нас з горада вашага, мы абтраса́ем вам; аднак тое ведайце, што наблíзілася да вас Царства Божае;

12. кажу вам, што Садому ў дзень той лягчэ́й будзе, чым гораду таму.

13. Го́ра табе, Харазíне! го́ра табе, Віфсаíда! бо калі б у Ты́ры і Сідо́не явíліся сілы, я́ўленыя ў вас, яны б даўно ўжо, се́дзячы ў валасянíцы і по́пеле, пака́яліся;

14. але Ты́ру і Сідо́ну лягчэ́й будзе на судзе́, чым вам.

15. І ты, Капернау́ме, што да неба ўзвы́сіўся, да пекла будзеш нізры́нуты.

16. Хто слу́хае вас, той Мяне слу́хае; і хто адвярга́е вас, той Мяне адвярга́е; а хто адвярга́е Мяне, адвярга́е Таго, Хто паслаў Мяне.

17. Вярнуліся ж семдзесят з радасцю, гаворачы: Госпадзі! і дэманы пакара́юцца нам у імя́ Тваё.

18. Ён жа сказаў ім: бачыў Я сатану, што як маланка з неба ўпаў;

19. вось Я даю вам ула́ду наступа́ць на зме́яў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашко́дзіць вам;

20. аднак таму не радуйцеся, што ду́хі вам пакара́юцца, а радуйцеся, што імёны вашы запíсаны на нябёсах.

21. У той час узра́даваўся духам Іісус і сказаў: сла́ўлю Цябе, Ойча, Госпадзі неба і зямлі, што Ты ўтаíў гэта ад му́дрых і разумных і адкрыў гэта малы́м дзе́цям. Так, Ойча! бо гэта было добраўго́дна перад Табою.

22. І, павярну́ўшыся да вучняў, сказаў: усё Мне перада́дзена Айцом Маім, і хто ёсць Сын, не знае ніхто, акрамя́ Айца, і хто ёсць Айцец, не знае ніхто, акрамя́ Сына, і каму Сын хоча адкры́ць.

23. І, павярну́ўшыся да вучняў, асобна сказаў: блажэ́нныя вочы, якія ба́чаць тое, што вы ба́чыце;

24. бо кажу вам, што многія прарокі і цары́ хацелі ба́чыць тое, што вы ба́чыце, і не ба́чылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.

25. І вось, устаў нейкі законнік і, спакуша́ючы Яго, сказаў: Настаўнік! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?

26. Ён жа сказаў яму: у законе што́ напíсана? я́к чытаеш?

27. Той жа сказаў у адказ: “узлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэ́рцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсёй сілаю тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім”, і “бліжняга твайго, як само́га сябе”.

28. Іісус сказаў яму: правільна ты адказаў; рабí гэта, і будзеш жыць.

29. Але той, хочучы апраўда́ць сябе, сказаў Іісусу: а хто мой бліжні?

30. На гэта Іісус сказаў: чалавек нейкі ішоў з Іерусаліма ў Іерыхо́н і тра́піў да разбойнікаў, якія раздзе́лі яго і пара́нілі, і пайшлі, пакíнуўшы ледзь жывога.

31. Выпадкова адзін свята́р ішоў тою дарогаю і, уба́чыўшы яго, прайшоў міма.

32. Таксама і левíт, бы́ўшы на тым месцы, падышоў і, уба́чыўшы, прайшоў міма.

33. А нейкі Самаранíн, што быў ў дарозе, натра́піў на яго і, ўбачыўшы яго, зжа́ліўся,

34.  і, падышо́ўшы, перавяза́ў раны яго, узліва́ючы але́й і віно; і, пасадзíўшы яго на сваю жывёліну, прывёз яго ў гасцініцу і паклапаціўся пра яго;

35. а на другі дзень, ад’язджа́ючы, дастаў два дына́рыі і даў гаспадару́ гасцíніцы, і сказаў яму: паклапацíся пра яго, а калі болей што патра́ціш, я, як вярнуся, адда́м табе.

36. Каторы з гэтых трох, здае́цца табе, быў блíжнім таму, хто тра́піў да разбойнікаў?

37. Ён сказаў: той, што ўчыніў міласць яму. Сказаў жа яму Іісус: ідзі, і ты рабі гэ́так.

38. І ста́лася: калі яны былí ў дарозе, зайшоў Ён у адно пасе́лішча; і жанчына нейкая, íмем Марфа, прыняла́ Яго ў дом свой;

39. і была́ ў яе сястра, што зва́лася Марыя, якая, се́ўшы каля ног Іісуса, слухала слова Яго.

40. Марфа ж клапацíлася, каб як найле́пш услужы́ць, і, падышоўшы, сказала: Го́спадзі! ці ж не абыя́кава Табе, што сястра мая́ адну мяне пакíнула ўслу́жваць? скажы ёй, каб дапамагла́ мне.

41. Іісус жа сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! ты клапо́цішся і турбу́ешся пра многае,

42. а толькі адно патрэ́бна; Марыя ж вы́брала добрую долю, якая не ады́мецца ў яе.

 

РАЗДЗЕЛ 11

1. І ста́лася: калі Ён маліўся ў адным ме́сцы, і як пераста́ў, нехта з вучняў Яго сказаў Яму: Госпадзі! навучы́ нас маліцца, як і Іаан навучы́ў вучняў сваіх.

2. Ён жа сказаў ім: калі моліцеся, гаварыце: Ойча наш, Які ў нябёсах! няха́й свяцíцца імя́ Тваё; няха́й пры́йдзе Царства Тваё; няха́й будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі;

3. хлеб наш надзённы дава́й нам кожны дзень;

4. і дару́й нам грахі нашы, бо і мы дару́ем кожнаму даўжніку́ нашаму; і не ўвядзі нас у спаку́су, але збаў нас ад злога.

5. І сказаў ім: хтосьці з вас, ма́ючы ся́бра, пры́йдзе да яго апо́ўначы і скажа яму: дру́жа! пазы́ч мне тры хлябы́,

6. бо ся́бар мой прыйшоў да мяне з дарогі, і не ма́ю чаго даць яму;

7. а той знутры́ скажа ў адказ: не турбу́й мяне, дзверы ўжо замкнёныя, і дзеці мае́ пры мне ў пасцелі; не магу я ўстаць і даць табе.

8. Кажу вам: калі ён не ўста́не і не дасць дзе́ля таго, што ён ся́бар яго, то з-за неадсту́пнасці яго ўста́не і дасць яму, колькі трэ́ба.

9. І Я вам кажу: прасíце, і да́дзена будзе вам; шука́йце, і зно́йдзеце; сту́кайцеся, і адчы́няць вам;

10. бо кожны, хто про́сіць, атры́млівае, і хто шукае, знахо́дзіць, і, хто сту́каецца, таму адчы́няць.

11. Хіба́ каторы бацька з вас, калі сын папро́сіць у яго хле́ба, пада́сць яму ка́мень? або папро́сіць рыбы, хіба́ заме́ст ры́біны пада́сць яму змяю?

12. або, калі папросіць яйка, хіба́ падасць яму скарпіёна?

13. Дык вось, калі вы, бу́дучы ліхíмі, уме́еце дары́ добрыя дава́ць дзе́цям вашым, тым бо́лей Айцец Нябесны дасць Духа Святога тым, хто про́сіць у Яго.

14. І выганя́ў Ён дэмана, які быў нямы́; і ста́лася: калі дэман выйшаў, нямы́ загаварыў, і здзівíліся людзі.

15. Некато́рыя ж з іх казалі: сілаю веельзеву́ла, кня́зя дэманскага, Ён выганя́е дэманаў.

16. А іншыя, спакуша́ючы, патрабава́лі ад Яго знаме́ння з неба.

17. Ён жа, ве́даючы думкі іх, сказаў ім: усякае царства, само́е ў сабе раздзе́ленае, запусце́е, і дом на дом па́дае;

18. калі ж і сатана сам у сабе раздзе́ліцца, то як устаíць царства яго? а вы ка́жаце, што Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў;

19. і калі Я сілаю веельзеву́ла выганя́ю дэманаў, то сыны́ вашы чыёю сілаю выганя́юць? Таму яны вам будуць су́ддзямі.

20. Калі ж Я пярсто́м Божым выганя́ю дэманаў, значыць, прыйшло да вас Царства Божае.

21. Калі ду́жы, узбро́іўшыся, ахо́ўвае свой двор, то ў бяспе́цы маёмасць яго;

22. калі ж дужэ́йшы за яго, напа́ўшы, перамо́жа яго, то забярэ́ ўсю зброю яго, на якую той спадзява́ўся, і здабы́тае ў яго разда́сць.

23. Хто не са Мною, той су́праць Мяне, і хто не збіра́е са Мною, той раскіда́е.

24. Калі нячысты дух вы́йдзе з чалавека, то блука́е па бязводных мясцíнах, шука́ючы спакою, і, не знахо́дзячы, кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я вы́йшаў;

25. і, прыйшоўшы, застае́ яго падме́ценым і прыбра́ным;

26. тады ідзе і бярэ сем іншых духаў, люце́йшых за сябе, і, увайшоўшы, яны жыву́ць там; і бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае.

27. І ста́лася: калі Ён гаварыў гэта, адна жанчына з натоўпу, узвы́сіўшы голас, сказала Яму: блажэ́ннае ўлонне, якое насіла Цябе, і гру́дзі, якія Ты ссаў.

28. А Ён сказаў: тым больш блажэ́нныя тыя, што слу́хаюць слова Божае і выко́нваюць яго.

29. Калі ж стала збірацца ўсё больш народу, Ён пачаў гаварыць: род гэты ліхí, ён шукае знаме́ння, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя́ знаме́ння Іо́ны прарока;

30. бо як Іо́на быў знаме́ннем для Ніневíцянаў, так будзе і Сын Чалавечы для роду гэтага.

31. Царыца Поўдня ўстане на судзе́ з людзьмí роду гэтага і асу́дзіць іх, бо яна прыхо́дзіла з кра́ю зямлі паслу́хаць му́драсці Саламонавай, і вось, тут большае за Саламона.

32. Людзі Ніневíйскія ўстануць на судзе́ з родам гэтым і асу́дзяць яго, бо яны пака́яліся праз пропаведзь Іо́наву; і вось, тут бо́льшае за Іо́ну.

33. Ніхто, запалíўшы све́чку, не ставіць яе ў патае́мным ме́сцы, ні пад пасу́дзінай, а на падсве́чніку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.

34. Свяцíльнік це́лу ёсць вока; калі вока тваё здаровае, то і ўсё це́ла тваё светлае; калі ж няго́днае, то і це́ла тваё цёмнае;

35. дык глядзі, каб святло, якое ў табе, не было́ це́мрай.

36. Калі ж усё це́ла тваё светлае, і не ма́е ніводнай цёмнай часткі, то будзе яно светлае ўсё так, як бы свяцíльнік ззя́ннем асвятля́ў цябе.

37. Калі Ён сказаў гэта, прасіў Яго адзін фарысей, каб Ён паабе́даў у яго; і Ён, увайшоўшы, узлёг.

38. Фарысей жа, уба́чыўшы, здзівіўся, што Ён перш за ўсё не ўмыўся перад абедам.

39. А Гасподзь сказаў яму: цяпер вы, фарысеі, зво́нку ча́шу і блю́да ачышча́еце, а нутро́ ваша поўнае хцíвасці і злобы.

40. Неразу́мныя! ці ж не Той, Хто ствары́ў во́нкавае, ствары́ў і ўну́транае?

41. Аднак падава́йце мíласціну з таго, што ўнутры́; тады ўсё для вас чы́стае будзе.

42. Але гора вам, фарысеям, што даяце́ дзесяцíну з мя́ты і ру́ты, і ўсяля́кай агаро́дніны, ды не дба́еце пра суд і любоў Божую; гэта трэба было́ рабіць, і таго не пакіда́ць.

43. Гора вам, фарысеям, што лю́біце напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і каб віта́лі вас на пло́шчах.

44. Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крываду́шнікі, што вы — як магíлы непрыкме́тныя, і людзі ходзяць зверху і не ведаюць.

45. У адказ нехта з законнікаў кажа Яму: Настаўнік! гаворачы гэта, Ты і нас зневажа́еш.

46. А Ён сказаў: і вам, законнікам, гора, што абцяжа́рваеце людзей цяжа́рамі невыно́снымі, а самі ніводным пальцам сваім не дакрана́ецеся да цяжа́раў тых.

47. Гора вам, што буду́еце грабнíцы прарокам, а бацькí вашы забілі іх;

48. значыць, вы све́дчыце пра ўчы́нкі бацькоў вашых і згаджа́ецеся з імі: бо яны забілі іх, а вы буду́еце ім грабнíцы.

49. Таму і мудрасць Божая сказала: пашлю да іх прарокаў і Апосталаў, і некато́рых з іх заб’юць, а некато́рых будуць гнаць,

50. каб была́ спагна́ная з роду гэтага кроў усіх прарокаў, пралíтая ад стварэ́ння свету,

51. ад крывí Авеля да крывí Заха́рыі, які загінуў паміж ахвя́рнікам і храмам. Так, кажу вам: яна будзе спагна́ная з роду гэтага.

52. Гора вам, законнікам, што вы ўзялí ключ пазна́ння: самі не ўвайшлі, і тым, хто ўваходзіў, перашко́дзілі.

53. Калі ж Ён гаварыў ім гэта, кніжнікі і фарысеі пачалí жорстка напада́ць на Яго і дапы́твацца ў Яго пра многае,

54. падсцерага́ючы Яго і стара́ючыся падлавíць на не́чым з ву́снаў Яго, каб абвінава́ціць Яго.

 

РАЗДЗЕЛ 12

1. Тым часам, калі сабра́ліся многія тысячы людзей, так што цíснулі адзін аднаго́, Ён пачаў гаварыць найпе́рш вучням Сваім: сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай, гэта значыць крываду́шнасці.

2. Няма нічога схава́нага, што не адкры́ецца, і тае́мнага, што не ста́не вядо́мым;

3. таму ўсё, што казалі вы ў це́мры, пры святле пачу́та будзе; і што́ вы прамо́вілі на вуха ў пакоі, будзе абве́шчана на да́хах.

4. Кажу ж вам, сябра́м Маім: не бойцеся тых, што забіва́юць це́ла і пасля́ гэтага нічога больш не могуць зрабіць;

5. але ўкажу́ вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, ма́е ўладу ўкíнуць у гее́ну; так, кажу вам, яго бойцеся.

6. Ці не пяць вераб’ёў прадаю́цца за два аса́рыí і ніводзін з іх не забы́ты перад Богам.

7. А ў вас і валасы́ на галаве ўсе палíчаны. Таму не бойцеся: вы больш ва́ртыя, чым мноства вераб’ёў.

8. Гавару ж вам: кожнага, хто вы́знае Мяне перад людзьмí, таго і Сын Чалавечы вы́знае перад Ангеламі Божымі;

9. а хто адрачэ́цца ад Мяне перад людзьмí, той адры́нуты будзе перад Ангеламі Божымі.

10.  І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, дарава́на будзе; а хто будзе блюзне́рыць на Духа Святога, таму не будзе дарава́на.

11. Калі ж прывяду́ць вас у сінагогі, і да начальства, і да ўлад, не турбуйцеся, я́к ці што́ адказа́ць, альбо што́ гаварыць;

12. бо Святы Дух наву́чыць вас у тую гадзíну, што́ трэба каза́ць.

13. І сказаў Яму нехта з народу: Настаўнік! скажы брату майму, каб ён раздзялíў са мною спа́дчыну.

14. Ён жа сказаў яму: чалавеча, хто Мяне паставіў судзíць або дзялíць вас?

15. І сказаў ім: глядзíце, захо́ўвайце сябе ад хцíвасці, бо нічыё жыццё не зале́жыць ад празме́рнай яго маёмасці.

16. І расказаў ім прытчу, гаворачы: у аднаго багатага чалавека добра ўрадзíла зямля;

17. і ён разважа́ў, сам сабе ка́жучы: што́ мне рабіць? не ма́ю куды сабраць свой ураджай.

18. І сказаў: вось што зраблю: разбяру́ свíрны мае́ і бо́льшыя збудую, і збяру́ туды ўсе плады́ свае і ўсё дабро сваё;

19. і скажу душы́ сваёй: душа́! маеш многа дабра́, на многія гады́ скла́дзенага — адпачыва́й, еж, пі, весяліся.

20. А Бог сказаў яму: неразу́мны! у гэтую ноч душу́ тваю забяру́ць ад цябе; а тое, што ты назапа́сіў, каму даста́нецца?

21. Так бывае з тым, хто збірае ска́рбы для сябе, а не ў Бога багаце́е.

22. І сказаў вучням Сваім: дзе́ля таго кажу вам: не турбу́йцеся для душы́ вашай, што будзеце есці, ні для це́ла, у што апра́нецеся;

23. душа́ больш значыць за ежу, а це́ла за адзе́нне.

24. Паглядзíце на воранаў: яны не сеюць, не жнуць, няма ў іх ні камо́ры, ні жы́тніцы, і Бог корміць іх. Наколькі ж вы ле́пшыя за птушак!

25. І хто з вас, турбу́ючыся, можа падо́ўжыць свой век хоць на адзін локаць?

26. Дык вось, калі і найме́ншага не мо́жаце, чаго пра іншае турбу́ецеся?

27. Паглядзíце на ліле́і, як яны расту́ць: не працу́юць, не праду́ць; але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй так не апрана́ўся, як кожная з іх.

28. Калі ж траву, якая сёння ў полі, а заўтра ў печ будзе ўкíнутая, Бог убірае так, то тым болей вас, малаве́ры!

29. І вы не шука́йце, што́ вам есці, ці што́ піць, і не клапацíцеся,

30. бо ўсяго гэтага шука́юць народы свету; Айцец жа ваш ведае, што вы ма́еце патрэ́бу ў гэтым;

31. шукайце толькі Царства Божага, і гэта ўсё дада́сца вам.

32. Не бойся, мало́е ста́да! бо Айцец ваш меў ласку даць вам Царства.

33. Прадайце маёмасць вашую і разда́йце як мíласціну. Рыхту́йце сабе мяхí, якія не зно́шваюцца, скарб невычэ́рпны на нябёсах, куды злодзей не набліжа́ецца і дзе моль не знішча́е;

34. бо дзе скарб ваш, там і сэ́рца ваша будзе.

35. Няхай будуць паяснíцы вашыя падпераза́нымі і свяцíльнікі запа́ленымі;

36. а вы — падобнымі да людзей, што чакаюць гаспадара́ свайго, калі ён ве́рнецца з вяселля, каб, як пры́йдзе і пасту́кае, адразу адчынíць яму.

37. Блажэ́нныя рабы́ тыя, якіх, прыйшо́ўшы, гаспадар заста́не нядрэ́мнымі; праўду кажу вам: падперажэ́цца ён і паса́дзіць іх за стол, і, падышо́ўшы, будзе прыслу́жваць ім.

38. І калі пры́йдзе ў другую ва́рту, і калі ў трэцюю ва́рту пры́йдзе, і заста́не іх такімі, то блажэ́нныя рабы́ тыя.

39. Вось што ведайце: калі б гаспадар дома ведаў, у які час пры́йдзе зло́дзей, то не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой;

40. будзьце ж і вы гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.

41. Тады сказаў Яму Пётр: Госпадзі! нам прытчу гэтую гаворыш, ці ўсім?

42. А Гасподзь сказаў: хто ж ёсць верны домаўпра́ўнік і му́дры, якога паставіць гаспадар над слу́гамі сваімі, каб даваў ім у свой час ме́ру хле́ба?

43. Блажэ́нны раб той, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так;

44. праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.

45. Калі ж скажа раб той у сэ́рцы сваім: “не хутка гаспадар мой пры́йдзе”, і пачне́ біць слуг і служанак, есці і піць, і напіва́цца, —

46. пры́йдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзíну, якой ён не ведае, і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з няве́рнымі.

47. Той раб, які ведаў волю гаспадара́ свайго і не падрыхтава́ўся і не зрабіў па волі яго, будзе бíты многа;

48. а той, які не ведаў, але зрабіў нешта ва́ртае пакара́ння, будзе бíты ма́ла. З кожнага, каму да́дзена многа, многа будзе спагна́на з яго, і каму дару́чана многае, бо́льшага будуць патрабава́ць ад яго.

49. Агонь прыйшоў Я зве́сці на зямлю́, і як хачу Я, каб ён ужо загарэ́ўся!

50. Хрышчэ́ннем ма́ю Я быць ахры́шчаны, і як Я тамлю́ся, пакуль гэта не здзе́йсніцца!

51. Вы думаеце, што Я прыйшоў даць мір на зямлí не, кажу вам, а хутчэй раздзяле́нне;

52. бо ад гэтага часу пяцёра ў адным доме будуць раздзе́леныя: трое су́праць двух і двое су́праць трох;

53. раздзе́ляцца: бацька су́праць сы́на, і сын су́праць ба́цькі; маці су́праць дачкí, і дачка́ су́праць маці; свякроў су́праць нявесткі сваёй, і нявестка су́праць свекрывí сваёй.

54. Гаварыў Ён і народу: калі вы бачыце, што хмара падыма́ецца з за́хаду, адразу ка́жаце: “будзе дождж”, і бывае так;

55. і калі дзьме паўднёвы вецер, ка́жаце: “будзе спёка”, і бывае.

56. Крываду́шнікі! аблíчча зямлí і неба распазнава́ць уме́еце, як жа часу гэтага не распазнаяце́?

57. Чаму ж вы і самі па сабе не су́дзіце, што́ правільнае?

58. Бо калі ты ідзеш з працíўнікам сваім да нача́льніка, то па дарозе пастарайся пазба́віцца ад яго, каб ён не пацягну́ў цябе да суддзí, а суддзя́ не аддаў цябе пры́ставу, а пры́стаў не кінуў цябе ў цямнíцу;

59. кажу табе: не вы́йдзеш адтуль, пакуль не аддасí і апошняга гро́ша.

 

РАЗДЗЕЛ 13

1. І ў гэты самы час прыйшлі некато́рыя і паве́дамілі Яму пра Галіле́ян, кроў якіх Пілат змяша́ў з ахвя́рамі іх.

2. І ў адказ Іісус сказаў ім: вы думаеце, што гэтыя Галіле́яне былí грэшныя больш за ўсіх Галіле́ян, калі яны так пацярпе́лі?

3. Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загíнеце.

4. Або тыя васемнаццаць, на якіх упа́ла ве́жа Сілаа́мская і пабіла іх, думаеце, што яны былí вінава́тыя больш за ўсіх людзей, якія жывуць у Іерусаліме?

5. Не, кажу вам; але калі не пака́ецеся, усе гэтакса́ма загінеце.

6. І казаў такую прытчу: нехта меў у вінагра́дніку сваім паса́джаную смако́ўніцу; і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;

7. і сказаў вінагра́дару: вось ужо трэці год я прыхо́джу шукаць пло́ду на гэтай смако́ўніцы і не знахо́джу; ссячы́ яе, нашто яна і зямлю́ марну́е?

8. Але той сказаў яму ў адказ: гаспадар! пакінь яе і на гэты год, пакуль я абкапа́ю яе і абкладу́ гноем,

9. і можа, яна дасць плод; калі ж не, то нале́та ссячэ́ш яе.

10. І вучыў Ён у адной з сінагог у суботу;

11. і вось, была́ там жанчына, што васемнаццаць гадоў ме́ла духа не́мачы; і была́ яна ску́рчаная і не магла вы́прастацца зусім.

12. Уба́чыўшы яе, Іісус падазва́ў і сказаў ёй: жанчына! ты вы́звалена ад не́мачы тваёй.

13. І ўскла́ў на яе ру́кі; і адразу яна вы́прасталася, і сла́віла Бога.

14. А старэйшына сінагогі, абу́рыўшыся, што Іісус ацалíў у суботу, сказаў на гэта народу: ёсць шэсць дзён, у якія нале́жыць працаваць; у тыя і прыходзьце ацаля́цца, а не ў дзень суботні.

15. Гасподзь жа сказаў яму ў адказ: крываду́шнік! ці ж не адвя́звае кожны з вас у суботу свайго вала́ або асла́ ад я́сляў і не вядзе паíць?

16. А гэтую дачку́ Аўраамаву, якую вось ужо васемнаццаць гадоў як звяза́ў сатана, ці не трэба было́ вы́зваліць ад пу́таў гэтых у дзень суботні?

17. І калі гаварыў ён гэта, засаромеліся ўсе працíўнікі Яго, і ўвесь народ радаваўся усім сла́ўным учы́нкам Яго.

18. Ён жа казаў: да чаго падо́бна Царства Божае, і з чым параўна́ю яго?

19. яно падо́бна да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзíў у са́дзе сваім; і яно вы́расла, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя сялíліся ў го́ллі яго.

20. Яшчэ сказаў: з чым параўна́ю Царства Божае?

21. яно падо́бна да заква́скі, якую жанчына, узя́ўшы, пакла́ла ў тры ме́ры мукí, пакуль не ўкíсла ўсё.

22. І прахо́дзіў Ён па гарадах і вёсках, навуча́ючы і трыма́ючы шлях у Іерусалім.

23. І сказаў Яму нехта: Госпадзі, ці ма́ла ёсць тых, якія спаса́юцца? Ён жа сказаў ім:

24. намага́йцеся ўвайсцí праз ву́зкія вароты; бо многія, кажу вам, будуць імкну́цца ўвайсцí, і не змогуць.

25. Калі ўста́не гаспадар до́ма і зачы́ніць дзверы, то вы, сто́ячы знадво́рку, пачняце́ сту́каць у дзверы і казаць: Госпадзі! Госпадзі! адчыні нам! І ў адказ Ён скажа вам: не ведаю вас, адкуль вы.

26. Тады пачняце́ каза́ць: мы елі перад Табою і пілí, і на вуліцах нашых вучыў Ты.

27. А Ён скажа: кажу вам: не ведаю вас, адкуль вы; адыдзíце ад Мяне ўсе, хто чы́ніць няпраўду.

28. Там будзе плач і скры́гат зубоў, калі ўбачыце Аўраа́ма, і Ісаа́ка, і Іа́кава, і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе вы́гнанымі вон.

29. І пры́йдуць з усхо́ду і за́хаду, і з по́ўначы і по́ўдня, і ўзля́гуць у Царстве Божым.

30. І вось, ёсць апошнія, якія будуць першымі, і ёсць першыя, якія будуць апошнімі.

31. У той дзень падышлí  некато́рыя з фарысеяў і казалі Яму: вы́йдзі і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць.

32. І сказаў ім: ідзіце, скажы́це гэтаму лíсу: вось, Я выганяю дэманаў і ацале́нні твару́ сёння і заўтра, а на трэці дзень ско́нчу;

33. аднак нале́жыць Мне сёння і заўтра, і ў насту́пны дзень хадзíць, бо не можа ста́цца, каб прарок загíнуў па-за Іерусалімам.

34. Іерусаліме, Іерусаліме, які забіва́еш прарокаў і каме́ннем пабіва́еш пасла́ных да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад кры́лы, і вы не захаце́лі!

35. Вось, пакіда́ецца вам дом ваш пусты́. І кажу вам: не ўбачыце Мяне, пакуль не пры́йдзе час, калі скажаце: “благаславёны, Хто прыхо́дзіць у імя́ Гасподняе!”

 

РАЗДЗЕЛ 14

1. І ста́лася: калі Ён у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысейскіх паесці хле́ба, і яны сачы́лі за Ім;

2. і вось, нейкі чалавек, хворы на вадзянку, быў перад Ім.

3. І, азваўшыся, Іісус прамовіў да законнікаў і фарысеяў, ка́жучы: ці дазваля́ецца ў суботу ацаля́ць?

4. Яны ж прамаўча́лі. І, дакрану́ўшыся, Ён ацалíў яго і адпусціў.

5. А звярну́ўшыся да іх, сказаў: калі ў каго з вас асёл або вол упадзе́ ў калодзеж, ці не адразу той вы́цягне яго ў дзень суботні?

6. І яны не змаглі адказа́ць Яму на гэта.

7. Казаў жа запро́шаным прытчу, убачыўшы, як яны выбіра́юць сабе першыя месцы, гаворачы да іх:

8. калі ты будзеш паклíканы кім-небудзь на вяселле, не ўзляга́й на першае месца, каб не аказаўся хто пачэ́снейшы за цябе запро́шаны ім,

9. і той, хто паклíкаў цябе і яго, каб не падышоў ды не сказаў табе: “дай яму месца”, і тады з со́рамам пачне́ш займа́ць апошняе месца.

10. Але калі будзеш паклíканы, прыйшоўшы, узляга́й на апошняе месца, каб той, хто паклíкаў цябе, падышоўшы, сказаў табе: “дру́жа, перайдзí вышэ́й”, тады будзе табе гонар перад тымі, хто ўзляжы́ць з табою;

11. бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прынíжаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе узвы́шаны.

12. Казаў жа і таму, хто Яго запрасíў: калі ты будзеш даваць абед ці вячэру, не кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні тваіх сваякоў, ні суседзяў багатых дзе́ля таго, каб і яны цябе таксама паклíкалі і была́ табе адпла́та.

13. Але калі робіш гасцíну, кліч убо́гіх, кале́к, кульга́вых, сляпы́х,

14. і блажэнны будзеш, бо яны не ма́юць, чым адплацíць табе, адпла́чана ж табе будзе пры ўваскрасе́нні праведных.

15. Пачуўшы гэта, нехта з тых, што ўзляжа́лі з Ім, сказаў Яму: блажэ́нны, хто будзе есці абед у Царстве Божым!

16. Ён жа сказаў яму: адзін чалавек рабіў вялікую вячэру і паклíкаў многіх;

17. і паслаў раба́ свайго ў час вячэры сказаць паклíканым: прыхо́дзьце, бо ўжо гатова ўсё.

18. І пачалí ўсе, як адзін, прасіць прабачэ́ння. Першы сказаў яму: я купіў поле, і мне трэба пайсці паглядзе́ць яго; прашу цябе, праба́ч мне.

19. І другі сказаў: я купіў пяць пар валоў, і іду выпрабо́ўваць іх; прашу цябе, праба́ч мне.

20. І іншы сказаў: я ажаніўся і таму не магу прыйсцí.

21. І, прыйшоўшы, раб той паве́даміў гаспадару́ свайму гэта. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дома сказаў рабу свайму: вы́йдзі хутчэй на вуліцы і заву́лкі горада і прывядзí сюды і ўбо́гіх, і кале́к, і сляпы́х, і кульга́вых.

22. І сказаў раб: гаспадар! зроблена, як ты загадаў, і яшчэ месца ёсць.

23. І сказаў гаспадар рабу: вы́йдзі да дарог і за́гарадзяў і ўгавары́ прыйсцí, каб напо́ўніўся дом мой.

24. Бо кажу вам, што ніхто з тых людзей паклíканых не пакашту́е маёй вячэ́ры, бо многа паклíканых, але мала вы́браных.

25. Ішло з Ім мноства людзей, і Ён, абярну́ўшыся, сказаў ім:

26. калі хто прыходзіць да Мяне, і не зненавíдзіць ба́цьку свайго і маці, і жонку і дзяцей, і братоў і сясцёр, а яшчэ і жыццё сваё, той не можа быць Маім ву́чнем;

27. і хто не нясе́ крыжа́ свайго і ідзе за Мною, не можа быць Маім ву́чнем.

28. Бо хто з вас, жада́ючы пабудава́ць ве́жу, перш не сядзе і не палíчыць выда́ткі, ці ма́е ён патрэ́бнае для завяршэ́ння,

29. каб, калі пакладзе́ падму́рак і не здо́лее дако́нчыць, усе, хто паба́чыць, не пачалí смяя́цца з яго,

30. ка́жучы: гэты чалавек пачаў будаваць і не здо́леў дако́нчыць?

31. Або які цар, ідучы́, каб з другім царом уступíць у вайну, не сядзе перш пара́іцца, ці зможа ён з дзесяццю́ ты́сячамі сустрэ́ць таго, хто ідзе на яго з дваццаццю́ тысячамі?

32. Бо калі не, то пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ пасо́льства да яго прасíць міру.

33. Гэтак і кожны з вас, хто не адрачэ́цца ад усяго, што ма́е, не можа быць Маім вучнем.

34. Добрая рэч — соль, але калі соль стра́ціць сілу, чым папра́віць яе?

35. Ні ў зямлю, ні ў гной яна непрыда́тная: вон выкіда́юць яе. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!

 

РАЗДЗЕЛ 15

1. Набліжа́ліся да Яго ўсе мы́тнікі і грэшнікі, каб слу́хаць Яго.

2. І нарака́лі фарысеі і кніжнікі, ка́жучы: Ён прыма́е грэшнікаў і есць з імі.

3. А Ён сказаў ім такую прытчу, гаворачы:

4. хто з вас, ма́ючы сто авечак і згубíўшы адну з іх, не пакіда́е дзевяно́ста дзевяцí ў пусты́ні і не ідзе па тую, што згубíлася, пакуль не зно́йдзе яе?

5. І, знайшо́ўшы, усклада́е на пле́чы свае, ра́дуючыся;

6. і, прыйшо́ўшы дадому, скліка́е сябро́ў і суседзяў, ка́жучы ім: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшоў сваю згу́бленую авечку.

7. Кажу вам, што гэтак бо́льшая радасць будзе на небе за аднаго грэшніка, які ка́ецца, чым за дзевяноста дзевяць пра́веднікаў, якія не ма́юць патрэ́бы ў пакая́нні.

8. Альбо якая жанчына, ма́ючы дзесяць дра́хмаў, калі згу́біць адну дра́хму, не запа́львае свяцíльнік і не мяце́ ха́ту, і не шука́е стара́нна, пакуль не зно́йдзе?

9. І, знайшо́ўшы, скліка́е сябро́вак і сусе́дак, ка́жучы: пара́дуйцеся са мною, бо я знайшла згу́бленую дра́хму.

10. Так, кажу вам, бывае радасць у Ангелаў Божых і за аднаго грэшніка, які ка́ецца.

11. І Ён сказаў: у аднаго чалавека было́ два сыны́;

12. і сказаў мало́дшы з іх бацьку: бацька, дай мне нале́жную частку маёмасці. І той падзялíў ім маёмасць.

13. І праз некалькі дзён, сабра́ўшы ўсё, малодшы сын адышоў у далёкую краíну і там растра́ціў маёмасць сваю, жывучы́ распу́сна.

14. Калі ж ён патра́ціў усё, настаў голад вялікі ў той краíне, і ён пачаў цярпе́ць няста́чу;

15. і, пайшоўшы, прыста́ў да аднаго з жыхароў той краíны, а той паслаў яго на свае палí па́свіць свіне́й;

16. і ён жада́ў напоўніць жывот свой ражка́мі , якія елі свíнні, але ніхто не даваў яму.

17. І, прыйшо́ўшы да розуму, сказаў: колькі на́ймітаў у ба́цькі майго ма́юць хле́ба ўдо́сталь, а я з голаду гíну;

18. устану, пайду да ба́цькі майго і скажу яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою,

19. і ўжо не ва́рты называ́цца сы́нам тваім; прымí мяне як аднаго з на́ймітаў тваіх.

20.  І, устаўшы, пайшоў да ба́цькі свайго. І калі ён яшчэ быў далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжа́ліўся; і, пабе́гшы, кінуўся на шы́ю яму і пацалава́ў яго.

21. Сын жа сказаў яму: бацька, я саграшы́ў су́праць неба і перад табою і ўжо не ва́рты называцца сы́нам тваім.

22. А бацька сказаў рабам сваім: прынясíце найлепшае адзе́нне і апранíце яго, і дайце пе́рсцень на руку́ яго і абу́так на но́гі;

23. і прывядзíце ўко́рмленае цяля́ і зарэ́жце, будзем есці і весяліцца,

24. бо сын мой гэты быў мёртвы і ажы́ў, прапада́ў і знайшоўся. І пачалí весяліцца.

25. А яго старэйшы сын быў на полі; і калі, вярта́ючыся, наблíзіўся да дому, пачуў му́зыку і танцы,

26. і, паклíкаўшы аднаго са слуг, пытаўся: што гэта такое?

27. Той жа сказаў яму: брат твой прыйшоў, і твой бацька зарэ́заў уко́рмленае цяля́, бо здаровым яго спатка́ў.

28. І ён разгневаўся і не хацеў увайсцí. Бацька ж яго вы́йшаў і прасіў яго.

29. А ён сказаў бацьку ў адказ: вось, я столькі гадоў служу́ табе і ніколі загаду твайго не пераступíў, а ты мне ніколі не даў казляня́ці, каб я з сябра́мі сваімі павесялíўся;

30. а калі прыйшоў гэты сын твой, што прае́ў тваю маёмасць з блуднíцамі, ты закалоў яму ўко́рмленае цяля́.

31. Ён жа сказаў яму: дзіця́, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — гэта тваё;

32. а ўзвесялíцца і ўзра́давацца трэ́ба было́, што гэты брат твой мёртвы быў і ажы́ў, прапада́ў і знайшо́ўся.

 

РАЗДЗЕЛ 16

1. Казаў жа Ён і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў домаўпра́ўніка, які быў абвінава́чаны перад ім, што растра́чвае маёмасць яго;

2. і, паклíкаўшы яго, сказаў яму: што́ гэта я чую пра цябе? дай адказ пра тваё ўпраўле́нне домам, бо ты не можаш больш упраўля́ць.

3. Сказаў жа домаўпра́ўнік сам сабе: што́ мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне ўпраўле́нне домам? капа́ць не зду́жаю, жабра́ваць саро́меюся;

4. ведаю, што́ зрабіць, каб мяне, калі адста́ўлены буду ад упраўле́ння, прынялí ў свае дамы́.

5. І, паклíкаўшы асобна кожнага з даўжніко́ў гаспадара́ свайго, казаў першаму: колькі ты вíнен гаспадару́ майму?

6.Той жа сказаў: сто мер але́ю. І сказаў яму: вазьмі сваю распíску і сядзь хутчэй напішы: пяцьдзесят.

7. Потым сказаў другому: а ты колькі вíнен? Той адказаў: сто мер пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі сваю распіску і напішы: восемдзесят.

8.  І пахваліў гаспадар няпра́веднага домаўпра́ўніка, што ён разумна зрабіў; бо сыны́ веку гэтага разумне́йшыя за сыноў святла ў родзе сваім.

9. І Я вам кажу: здабыва́йце сабе сябро́ў багаццем няпра́ведным, каб яны, калі збядне́еце, прынялí вас у вечныя сялíбы. 

10. Верны ў найме́ншым і ў многім верны, а няпра́ведны ў найме́ншым і ў многім няпра́ведны.

11. Таму калі ў няпра́ведным багацці вы не былí верныя, хто вам даве́рыць сапра́ўднае?

12. І калі ў чужы́м вы не былí верныя, хто вам дасць ваша?

13. Ніякі раб не можа служы́ць двум гаспадара́м, бо ці аднаго будзе ненавíдзець, а другога любíць, ці аднаго будзе трымацца, а другíм пагарджа́ць. Не мо́жаце Богу служы́ць і мамо́не.

14. Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія былí срэбралюбíвымі, і насміхаліся з Яго.

15. І Ён сказаў ім:  вы паказваеце сябе пра́веднымі перад людзьмí, але Бог ведае сэ́рцы вашы; бо што ў людзей высокае, тое мярзо́та перад Богам.

16. Закон і прарокі — да Іаана; з таго часу Царства Божае дабраве́сціцца, і кожны з намага́ннямі ўваходзіць у яго.

17. Ды лягчэй небу і зямлі прайсцí, чым адной ры́сцы ў законе прапа́сці.

18. Кожны, хто разво́дзіцца з жонкаю сваёю і бярэ іншую, той пралюбадзе́йнічае, і хто бярэ разве́дзеную з мужам, той пралюбадзе́йнічае.

19. Адзін чалавек быў багаты і апрана́ўся ў парфíру і вісо́н, і кожны дзень раско́шна банкетава́ў.

20. І быў адзін убо́гі, íмем Ла́зар, які ляжаў перад варотамі яго, пакры́ты я́звамі,

21. і хацеў насы́ціцца крошкамі, што па́далі са стала багача; а яшчэ і сабакі, прыхо́дзячы, ліза́лі я́звы яго.

22. І ста́лася, што памёр убо́гі і адне́сены быў Ангеламі на ло́на Аўраа́мава; памёр і багаты, і пахава́лі яго;

23. і ў пе́кле, бу́дучы ў му́ках, узня́ў вочы свае і ўба́чыў здалёк Аўраа́ма і Ла́зара на ло́не яго;

24.  і, ўсклíкнуўшы, сказаў: ойча Аўраа́ме, змíлуйся нада мною і пашлí Ла́зара, каб ён абмакну́ў канец пальца свайго ў ваду́ і астудзíў язык мой, бо я паку́тую ў полымі гэтым.

25. Аўраа́м жа сказаў: дзіця́! успомні, што ты атрыма́ў добрае сваё ў жыццí сваім, а Ла́зар гэтак жа ліхо́е; цяпер жа ён тут суцяша́ецца, а ты паку́туеш;

26. і звыш усяго гэтага паміж намі і вамі про́рва вялікая ўстано́ўлена, каб тыя, што хо́чуць перайсці адсюль да вас, не маглі, і каб адтуль да нас не перахо́дзілі.

27. Тады сказаў ён: прашу цябе, ойча, пашлí яго ў дом ба́цькі майго,

28. бо ў мяне пяць братоў, няхай ён засве́дчыць ім, каб і яны не прыйшлí ў гэтае месца мучэ́ння.

29. Кажа яму Аўраа́м: яны маюць Маісе́я і прарокаў; няхай слу́хаюць іх.

30. А той сказаў: не, ойча Аўраа́ме, але калі хто з мёртвых пры́йдзе да іх, пака́юцца.

31. Ён жа сказаў яму: калі Маісе́я і прарокаў не слу́хаюць, то, калі б хто і з мёртвых уваскрэ́с, не паве́раць.

 

РАЗДЗЕЛ 17

1. Сказаў жа Ён вучням Сваім: немагчы́ма, каб не прыйшлí спаку́сы, але гора таму, праз каго яны прыхо́дзяць;

2. лепш было б яму́, калі б жаро́н млынавы́ павесілі на шы́ю яму́ ды ўкíнулі ў мора, чым каб ён спакусíў аднаго з малы́х гэтых.

3. Будзьце ўва́жлівымі да сябе. Калі саграшы́ць су́праць цябе брат твой, вы́гавары яму, і калі пака́ецца, дару́й яму;

4. і калі сем разоў на дзень саграшы́ць су́праць цябе, і сем разоў на дзень зве́рнецца, ка́жучы: ка́юся, — дару́й яму.

5. І сказалі Апосталы Госпаду: прымно́ж нам веру.

6. Гасподзь жа сказаў: калі б вы ме́лі веру з гарчы́чнае зе́рне і сказалі шаўко́ўніцы гэтай: вы́рвіся з ко́ранем і перасадзíся ў мора, — і яна паслу́халася б вас.

7. Хто з вас, ма́ючы раба́, які арэ́ ці пасе́, пасля вярта́ння яго з поля, скажа яму: адразу ж ідзі за стол?

8. А хіба́ не скажа яму: прыгату́й мне павячэ́раць і, падпераза́ўшыся, служы́ мне, паку́ль буду есці і піць, а потым еж і пі сам?

9. Ці падзякуе ён рабу гэтаму, што зрабіў зага́данае? Не думаю.

10.Так і вы, калі зробіце ўсё зага́данае вам, кажыце: мы нічога не ва́ртыя рабы, бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.

11. І ста́лася: ідучы́ ў Іерусалім, Ён прахо́дзіў паміж Самары́яй і Галіле́яй.

12. І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся воддаль;

13. і яны голасна казалі: Іісусе Настаўнік, памілуй нас.

14. І, убачыўшы, Ён сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся святарам. І сталася: калі яны ішлі — ачы́сціліся.

15. Адзін жа з іх, убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся, голасна славячы Бога,

16. і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранíн.

17. І ў адказ Іісус сказаў: ці не дзесяць ачысціліся? а дзе ж дзевяць?

18. хіба́ не знайшлося з іх нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншародца?

19. І сказаў яму: устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе.

20. А як спыталіся фарысеі, калі пры́йдзе Царства Божае, Ён, адка́зваючы ім, сказаў: не пры́йдзе Царства Божае прыкме́тна,

21. і не скажуць: “вось, яно тут”, ці: “вось, там”. Бо вось, Царства Божае ўнутры́ вас.

22. Сказаў жа вучням Сваім: пры́йдуць дні, калі пажада́еце ўба́чыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце;

23. і скажуць вам: “вось, тут”, ці: “вось, там”, — не выходзьце і не ганяйцеся;

24. бо як маланка, блíскаючы, ад аднаго краю нябёс да другога свеціць, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.

25. Але перш нале́жыць Яму многа адпаку́таваць і быць адры́нутым родам гэтым.

26. І як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сы́на Чалавечага:

27. елі, пілí, жаніліся, выхо́дзілі за́муж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і прыйшоў патоп і вы́нішчыў усіх.

28. Таксама, як было і ў дні Лота: елі, пілí, купля́лі, прадава́лі, садзíлі, будава́лі;

29. а ў той дзень, калі вы́йшаў Лот з Садо́ма, пралілíся дажджом з неба агонь і се́ра і вы́нішчылі ўсіх;

30. так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы я́віцца.

31. У той дзень хто будзе на да́ху, а рэ́чы яго ў доме, няхай не сыхо́дзіць узяць іх; і хто будзе на полі, таксама няхай не вярта́ецца назад.

32. Па́мятайце пра жонку Лотаву.

33. Хто будзе старацца ўратава́ць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто загу́біць яе, той ажы́віць яе.

34. Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;

35. будуць дзве разам малоць: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута;

36. двое будуць на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты.

37. І ў адказ сказалі яму: дзе, Госпадзí Ён жа сказаў ім: дзе це́ла, там збяру́цца і арлы.

 

РАЗДЗЕЛ 18

1. Сказаў жа Ён ім і прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не па́даць духам,

2. ка́жучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя́, які Бога не баяўся і людзей не саро́меўся.

3. І была́ ў тым горадзе адна ўдава́; і яна прыхо́дзіла да яго і казала: абаранí мяне ад працíўніка майго.

4. А ён доўга не хацеў. Потым жа сказаў сам сабе: хоць я і Бога не баюся, і людзей не саро́меюся,

5. але паколькі ро́біць мне кло́пат гэтая ўдава́, абараню́ яе, каб яна не прыхо́дзіла бяско́нца і не дакуча́ла мне.

6. І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаво́рыць суддзя́ няпра́ведны?

7. А хіба́ Бог не ста́не на абарону абра́ннікаў Сваіх, якія клíчуць Яго дзень і ноч, і будзе мару́дзіць у дачыне́нні да іх?

8. Кажу вам, што Ён хутка ста́не на абаро́ну іх. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшо́ўшы, ці зно́йдзе веру на зямли?

9. Сказаў жа і да некато́рых, што былí ўпэ́ўнены ў сабе, бы́ццам яны пра́веднікі, а іншых прыніжа́лі, такую прытчу:

10. два чалавекі ўвайшлі ў храм памалíцца: адзін фарысей, а другі мы́тнік.

11. Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі — рабаўнікí, няпра́ведныя, распу́снікі, або як гэты мы́тнік:

12. пашчу́ два разы на тыдзень, даю́ дзесяцíну з усяго, што набыва́ю.

13. Мы́тнік жа, сто́ячы во́ддаль, не смеў і вачэй узня́ць да неба, а біў сябе ў грудзі, ка́жучы: Божа! будзь мíласцівы да мяне, грэшнага.

14. Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой больш апраўда́ны, чым той: бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прынíжаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.

15. Прыно́сілі да Яго і малы́х дзяцей, каб Ён дакрану́ўся да іх; убачыўшы гэта, вучні забараня́лі ім.

16. Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім, бо такім нале́жыць Царства Божае;

17. праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.

18. І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, ка́жучы: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?

19. Сказаў жа яму Іісус: чаму ты называеш Мяне добрым? ніхто не добры, толькі адзін Бог;

20. ведаеш за́паведзі: “не пралюбадзе́йнічай, не забіва́й, не крадзь, не све́дчы лжы́ва, шануй бацьку твайго і маці тваю”.

21. Ён жа сказаў: усё гэта захава́ў я з юна́цтва майго.

22. Пачуўшы гэта, Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапа́е: усё, што маеш, прада́й і разда́й убогім, і будзеш мець скарб на небе, і прыходзь, і ідзі за Мною.

23. Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуцíўся, таму што быў вельмі багаты.

24. Убачыўшы, што той моцна засмуцíўся, Іісус сказаў: як цяжка тым, хто ма́е багацце, увайсцí ў Царства Божае!

25. Бо лягчэ́й вярблюду прайсцí праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсцí ў Царства Божае.

26. І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа спасцíся?

27. Ён жа сказаў: немагчы́мае лю́дзям магчы́ма Богу.

28. І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакíнулі і пайшлі ўслед за Табою.

29. Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакíнуў дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей дзеля Царства Божага,

30. і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым жыцця́ вечнага.

31. І, узяўшы дванаццаць вучняў, сказаў ім: вось, мы ўзыхо́дзім у Іерусалім, і збу́дзецца ўсё напíсанае прарокамі пра Сына Чалавечага:

32. бо Ён вы́дадзены будзе язычнікам і абсмяя́ны, і знява́жаны, і аплява́ны,

33. і пасля бічава́ння заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.

34. Але яны нічога з гэтага не зразумелі; і было́ слова гэтае скры́та ад іх, і яны не ўсведамля́лі ска́занага.

35. І ста́лася: калі Ён набліжа́ўся да Іерыхо́на, нейкі сляпы́ сядзеў пры дарозе, жабру́ючы;

36. і пачуўшы, што міма прахо́дзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?

37. Паве́дамілі яму, што Іісус Назаранíн прахо́дзіць.

38. І закрычаў ён, ка́жучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памíлуй мяне!

39. І тыя, што ішлі спе́раду, патрабава́лі ад яго, каб замоўк, але ён яшчэ мацне́й крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!

40. Спынíўшыся, Іісус загадаў прыве́сці яго да Сябе. Калі ж той наблíзіўся да Яго, спытаў яго,

41. ка́жучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.

42. Іісус сказаў яму: стань віду́шчым! вера твая ўратава́ла цябе.

43. І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, сла́вячы Бога. І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узне́слі хвалу́ Богу.

 

РАЗДЗЕЛ 19

1. І ўвайшоўшы, Ён праходзіў праз Іерыхон.

2. І вось чалавек, зва́ны íмем Закхе́й, які быў начальнік мы́тнікаў і быў багаты,

3. імкну́ўся ўба́чыць Іісуса, хто Ён, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малы́ ростам;

4. і, забе́гшы наперад, узлез на смако́ўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там прахо́дзіць.

5. І калі прыйшоў Іісус на гэтае месца, то, паглядзе́ўшы, убачыў яго і сказаў яму: Закхей! хутчэй злазь, бо сёння ў доме тваім нале́жыць Мне быць.

6. І той паспе́шна злез і прыня́ў Яго з радасцю.

7. І ўсе, уба́чыўшы гэта, нарака́лі, ка́жучы: да грэшнага чалавека зайшоў Ён.

8. Закхей жа, устаўшы, сказаў Госпаду: вось, палову маёмасці маёй, Госпадзі, я дам убо́гім, і калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы́ больш.

9. Сказаў яму Іісус: сёння наста́ла спасе́нне дому гэтаму, таму што і ён — сын Аўраамаў;

10. бо Сын Чалавечы прыйшоў, каб знайсцí і спасцí тое, што загíнула.

11. Калі ж яны слухалі гэта, Ён дада́ў яшчэ прытчу, таму што быў блізка ад Іерусаліма, і яны думалі, што зараз жа Царства Божае ма́е явíцца.

12. Дык сказаў Ён:  нейкі чалавек знатнага роду пайшоў у далёкую краíну, каб атрыма́ць сабе царства і вярну́цца;

13. і, паклíкаўшы дзесяць рабоў сваіх, ён даў ім дзесяць мін  і сказаў ім: укладзíце ў справу, пакуль я вярну́ся.

14. Але яго грамадзя́не ненавíдзелі яго і пасла́лі ўслед за ім пасольства, ка́жучы: не хочам, каб ён царстваваў над намі.

15. І ста́лася: калі ён вярнуўся, атрыма́ўшы царства, то сказаў паклíкаць тых рабоў, якім даў срэ́бра, каб даведацца, хто што набы́ў.

16. І прыйшоў першы, ка́жучы: гаспадар, мíна твая прыне́сла дзесяць мін.

17. І ён сказаў яму: добра, раб добры; за тое, што ў найме́ншым ты быў верны, будзь уладаро́м над дзесяццю́ гарадамі.

18. І прыйшоў другі, ка́жучы: гаспадар, міна твая прыне́сла пяць мін.

19. Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяццю́ гарадамі.

20. І яшчэ адзін прыйшоў, ка́жучы: гаспадар, вось міна твая, якую я трымаў схава́ную ў ху́стцы,

21. таму што я баяўся цябе, бо ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не клаў, і жне́ш, чаго не сеяў.

22. А той кажа яму: ву́снамі тваімі буду судзíць цябе, ліхí раб: ты ведаў, што я чалавек жорсткі, які бярэ, чаго не клаў, і жне, чаго не сеяў;

23. чаму ж ты не аддаў маё срэ́бра ў абаро́т, каб я, прыйшо́ўшы, атрымаў яго з прыбы́ткам?

24. І сказаў прысутным: вазьміце ў яго міну і аддайце таму, хто ма́е дзесяць мін.

25. І сказалі яму: гаспадар, ён жа ма́е дзесяць мін.

26. Кажу вам, што кожнаму, хто ма́е, будзе да́дзена, а ў таго, хто не ма́е, ады́мецца і тое, што ма́е ён;

27. а тых ворагаў жа маіх, якія не хацелі, каб я стаў царом над імі, прывядзíце сюды і пазабіва́йце перада мною.

28. І, сказаўшы гэта, Ён пайшоў дале́й, узыхо́дзячы ў Іерусалім.

29. І ста́лася: калі Ён наблізіўся да Віфагíі і Віфа́ніі, да гары, што заве́цца Елеонскай, паслаў двух вучняў Сваіх,

30. сказаўшы: ідзіце ў се́лішча, што насу́праць; увайшо́ўшы ў яго, зно́йдзеце прывя́занае асляня́, на якое ніколі ніхто з людзей не сяда́ў; адвяжы́це яго і прывядзíце;

31. і калі хто спытае ў вас: “навошта адвя́зваеце?”, скажы́це яму так: “яно патрэбна Госпаду”.

32. Пасла́ныя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім.

33. Калі ж яны адвя́звалі асляня́, гаспадары́ яго сказалі ім: нашто вы адвя́зваеце асляня́?

34. Яны сказалі: яно патрэбна Госпаду.

35. І прывялí яго да Іісуса, і, накíнуўшы во́пратку сваю на асляня́, пасадзíлі на яго Іісуса.

36. І калі Ён ехаў, людзі пасціла́лі во́пратку сваю на дарогу.

37. А калі Ён набліжа́ўся ўжо да спу́ску з гары Елеонскай, усё мноства вучняў, ра́дуючыся, пачало́ моцным го́ласам хвалíць Бога за ўсе цуды, якія бачылі яны,

38. ка́жучы: благаславёны Цар, Які прыходзіць у імя́ Гасподняе! мір на нябёсах і слава ў вы́шніх!

39. І некато́рыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: Настаўнік! забаранí ву́чням Сваім.

40. А Ён прамовіў ім у адказ: кажу вам, што калі яны змо́ўкнуць, то камянí закрыча́ць.

41. І, калі Ён наблíзіўся, то, уба́чыўшы горад, заплакаў па ім,

42. ка́жучы: калі б і ты хоць у гэты дзень твой зразуме́ў, што́ трэба для міру твайго! але цяпер гэта скры́та ад вачэй тваіх;

43. бо пры́йдуць на цябе дні, і ўзвяду́ць ворагі твае вакол цябе вал, і акру́жаць цябе, і сцíснуць цябе адусю́ль,

44. і знíшчаць цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакíнуць ка́меня на ка́мені ў табе за тое, што не разуме́ў ты ча́су наве́дання цябе.

45. І, увайшоўшы ў храм, Ён пачаў выганя́ць тых, што прадава́лі ў ім і купля́лі,

46. ка́жучы ім: напíсана: “дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго логава разбойнікаў.

47. І Ён кожны дзень вучыў у храме. А першасвятары́ і кніжнікі шука́лі, як загубíць Яго, таксама і першыя людзі ў народзе,

48. і не знахо́дзілі, што зрабíць з Ім, бо ўвесь народ, слу́хаючы, абступа́ў Яго.

 

РАЗДЗЕЛ 20

1. І ста́лася ў адзін з тых дзён: калі Ён вучыў народ у храме і дабраве́сціў, прыйшлі першасвятары́ і кніжнікі са старэйшынамі

2. і сказалі Яму, гаво́рачы: скажы нам, якою ўла́даю Ты гэта робіш альбо хто даў Табе ўла́ду гэтую?

3. І, адка́зваючы, Ён сказаў ім: спыта́ю ў вас і Я адну рэч, і скажы́це Мне:

4. хрышчэ́нне Іаанава з неба было́ ці ад людзей?

5. Яны ж разважа́лі паміж сабою, гаворачы: калі скажам: “з неба”, то скажа: “чаму ж вы не паверылі яму?”

6. А калі ж скажам: “ад людзей”, то ўвесь народ каме́ннем паб’е нас, бо ён перакана́ны, што Іаан — гэта прарок.

7. І адказалі, што не ведаюць, адкуль.

8. Іісус жа сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўла́даю гэта раблю.

9. І пачаў Ён казаць народу прытчу гэтую: адзін чалавек пасадзíў вінаград і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся на доўгі час;

10. і ў пэўную пару́ паслаў да вінагра́дараў раба́, каб далí яму пладо́ў з вінагра́дніка; але вінагра́дары, набíўшы яго, адасла́лі ні з чым.

11. І паслаў яшчэ другога раба́; але яны і таго, набíўшы і знява́жыўшы, адасла́лі ні з чым.

12. І паслаў яшчэ трэцяга, але яны і таго, пара́ніўшы, прагна́лі.

13. Тады сказаў гаспадар вінагра́дніка: што́ мне рабіць? пашлю́ сы́на майго ўзлю́бленага, можа, яго ўбачыўшы, яны пасаро́меюцца.

14. Але, убачыўшы яго, вінагра́дары разважа́лі між сабою, ка́жучы: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.

15. І, вы́веўшы яго вон з вінагра́дніка, забілі. Што ж зробіць з імі гаспадар вінагра́дніка?

16. Пры́йдзе і знíшчыць вінагра́дараў гэтых, і адда́сць вінагра́днік іншым. Тыя, што слухалі, сказалі: няхай не будзе так!

17. Ён жа, паглядзе́ўшы на іх, сказаў: што значыць гэтае напíсанае: “камень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́”?

18. Усякі, хто ўпадзе́ на гэты ка́мень, разаб’е́цца, а на каго ён упадзе́, таго разду́шыць.

19.  І наме́рыліся першасвятары́ і кніжнікі накла́сці на Яго ру́кі ў тую ж гадзíну, але пабаяліся народу, бо зразуме́лі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.

20. І, пасачы́ўшы за Ім, падасла́лі выве́днікаў, якія, прыня́ўшы вы́гляд праведных, злавíлі б Яго на слове, каб вы́даць Яго начальству і ўла́дзе правíцеля.

21. І яны спыталі ў Яго, ка́жучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты правільна гаворыш і вучыш, і не глядзíш на абліччы, але па праўдзе шляху Божаму вучыш;

22. дазволена нам даваць пада́так ке́сару ці не?

23. Ён жа, зразуме́ўшы кава́рства іх, сказаў ім: што́ вы Мяне спакуша́еце?

24. пакажы́це Мне дына́рый: чыю выя́ву і на́дпіс ён ма́е? Яны сказалі ў адказ: ке́сара.

25. Ён сказаў ім: вось і аддава́йце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу.

26. І не змаглí яны злавíць Яго на слове перад народам, і, здзівíўшыся адказу Яго, замоўклі.

27. Тады падышлí да Яго некато́рыя з садукеяў, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталі Яго,

28. ка́жучы: Настаўнік! Маісей напісаў нам: “калі ў каго памрэ брат, што меў жонку, і памрэ бяздзе́тным, то няхай брат яго во́зьме жонку і адро́дзіць се́мя брату свайму”;

29. было сем братоў; і першы, узя́ўшы жонку, памёр бяздзе́тны;

30. і ўзяў другі тую жонку, і ён памёр бяздзе́тны;

31. і трэці ўзяў яе, і так усе сямёра; і не пакінулі дзяцей, і паме́рлі,

32. пасля ж усіх паме́рла і жонка;

33. дык вось, ва ўваскрасе́нні катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.

34. І сказаў ім Іісус у адказ: сыны́ веку гэтага жэ́няцца і выходзяць замуж,

35. а спадо́бленыя дасягну́ць таго веку і ўваскрасе́ння з мёртвых не жэ́няцца і замуж не выходзяць;

36. і паме́рці ўжо не могуць, бо яны роўныя Ангелам і сыны́ Божыя яны, бу́дучы сына́мі ўваскрасе́ння.

37. А што мёртвыя ўваскрэ́снуць, і Маісей паказаў у апо́ведзе пра купіну́, называючы Госпада Богам Аўраа́ма і Богам Ісаа́ка, і Богам Іакава.

38. Ён жа Бог не мёртвых, а жывы́х, бо ў Яго ўсе жывы́я.

39. У адказ некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.

40. І ўжо больш не асме́льваліся пыта́цца ў Яго ні пра што. Ён жа сказаў ім:

41. я́к гэта гаво́раць, што Хрыстос — сын Давідаў?

42. А сам Давід гаво́рыць у кнізе псалмоў: “сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі правару́ч Мяне,

43. пакуль пакладу́ ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх”.

44. Дык вось, Давід Госпадам Яго называе, і як жа Ён сын яму?

45. І калі слу́хаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:  

46.  сцеражы́цеся кніжнікаў, якім падаба́ецца хадзіць у доўгіх убо́рах і якія лю́бяць віта́нні на плошчах і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах, і ўзляжа́ць напе́радзе на гасцíнах,

47. і якія праяда́юць дамы́ ўдоў і напаказ доўга моляцца; яны пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.

 

РАЗДЗЕЛ 21

1. Глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары́ свае ў ска́рбніцу;

2. убачыў таксама і адну бедную ўдаву́, якая пакла́ла туды дзве ле́пты,

3. і сказаў: праўду кажу вам, што ўдава́ гэтая бедная больш за ўсіх пакла́ла;

4. бо ўсе гэтыя ад даста́тку свайго пакла́лі ў дар Богу, а яна з няста́чы сваёй увесь пражы́так, які ме́ла, пакла́ла.

5. І калі некато́рыя гаварылі пра храм, што ён каштоўнымі камяня́мі і дару́нкамі ўпрыго́жаны, Ён сказаў:

6. пры́йдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застане́цца ка́меня на ка́мені, які не будзе зруйнава́ны.

7. І спыталіся ў Яго, ка́жучы: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якое знаме́нне, калі павíнна гэта збы́цца?

8. Ён жа сказаў: сцеражы́цеся, каб не ўвялі вас у зман; бо многія пры́йдуць пад íмем Маім, ка́жучы, што гэта Я. І гэты час наблíзіўся; не ідзіце за імі.

9. Калі ж пачуеце пра войны і сму́ты, не жаха́йцеся, бо гэта павíнна быць спача́тку; але не адразу канец.

10. Тады сказаў ім: паўста́не народ на народ і царства на царства,

11. і будуць вялікія землятру́сы ме́сцамі, і голад, і мор, будуць і жахі, і знаме́нні вялікія з неба.

12. Але перад гэтым усім пакладу́ць на вас ру́кі свае і будуць гнаць, аддаючы́ ў сінагогі і ў цямніцы, і павядуць да цароў і да правíцеляў за імя́ Маё;

13. будзе ж гэта вам дзе́ля све́дчання.

14. Так што пакладзíце ў сэ́рцах сваіх не абду́мваць за́гадзя, што адка́зваць,

15. бо Я дам вам ву́сны і мудрасць, якой не змогуць супрацьстая́ць або пярэ́чыць усе працíўнікі вашы.

16. Вы́дадзены ж будзеце і бацька́мі, і брата́мі, і сваяка́мі, і сябра́мі; і заб’юць некаторых з вас;

17. і будзеце зненавíджаныя ўсімі за імя́ Маё;

18. але і волас з галавы вашай не прападзе́;

19. цярпе́ннем вашым здабу́дзьце ду́шы вашы.

20. Калі ж уба́чыце акру́жаны войскам Іерусалім, тады ведайце, што наблíзілася спусташэ́нне яго;

21. тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцяка́юць у горы, а хто ў горадзе, няхай выхо́дзяць, а хто ў вако́ліцах, няхай не ўвахо́дзяць у яго,

22. таму што гэта дні пакара́ння, каб спо́ўнілася ўсё напíсанае.

23. Гора ж цяжа́рным і тым, што ко́рмяць грудзьмí, у тыя дні, бо вялікае бе́дства будзе на зямлі і гнеў на народ гэты;

24. і ўпаду́ць ад вастрыя́ мяча́, і будуць адве́дзены ў пало́н ва ўсе народы, і Іерусалім будзе патапта́ны язычнікамі, пакуль не ско́нчацца часы́ язычнікаў.

25. І будуць знаме́нні на сонцы, і месяцы, і зорках, а на зямлі туга́ народаў у ро́спачы ад шуму марскога і хвалява́ння;

26. і людзі будуць мярцве́ць ад страху і чака́ння таго, што надыхо́дзіць на сусвет, бо сілы нябесныя зру́шацца,

27. і тады ўба́чаць Сына Чалавечага, Які прыйдзе на во́блаку з сілаю і славаю вялікаю.

28. Калі ж пачне гэта збыва́цца, то вы́прастайцеся і ўзнімíце гало́вы вашы, таму што набліжа́ецца адкупле́нне ваша.

29. І сказаў ім прытчу: паглядзíце на смако́ўніцу і на ўсе дрэвы:

30. калі яны ўжо распуска́юцца, вы, ба́чачы гэта, самі ведаеце, што блізка лета.

31. Так і вы, калі ўба́чыце, што гэта збыва́ецца, ве́дайце, што блізка Царства Божае.

32. Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе;

33. неба і зямля міну́ць, а словы Мае́ не міну́ць.

34. Сцеражы́цеся, каб сэ́рцы вашы не абцяжа́рваліся абжорствам і п’янствам, і клопатамі жыццёвымі, і каб не прыйшоў да вас неспадзява́на дзень той;

35. бо ён, як па́стка, пры́йдзе на ўсіх, што жывуць на аблíччы ўсёй зямлі;

36. дык будзьце пíльныя і ўвесь час маліцеся, каб спадо́біліся вы пазбе́гнуць усяго гэтага, што ма́е адбы́цца, і стаць перад Сы́нам Чалавечым.

37. Удзень Ён вучыў у храме, а ночы, выхо́дзячы, право́дзіў на гары́, называ́най Елеонскаю.

38. І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.

 

РАЗДЗЕЛ 22

1. Набліжа́лася свята праснако́ў, што называецца Пасхаю;

2. і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як забіць Яго, бо яны баяліся народу.

3. Увайшоў жа сатана ў Іуду, зва́нага Іскарыётам, аднаго з ліку двана́ццаці,

4. і ён, пайшоўшы, дамовіўся з першасвятара́мі і начальнікамі, як ён ім вы́дасць Яго.

5. І яны ўзра́даваліся і пагадзíліся даць яму срэ́бранікаў;

6. і ён абяцаў і шукаў наго́ды вы́даць Яго ім не пры народзе.

7. Надышо́ў жа дзень праснако́ў, у які нале́жала прыно́сіць пасхальную ахвя́ру;

8. і паслаў Ён Пятра і Іаана, сказаўшы: пайдзíце, прыгату́йце нам есці пасху.

9. Яны ж сказалі Яму: дзе хочаш, каб мы прыгатава́лі?

10. Ён сказаў ім: вось, калі вы будзеце ўвахо́дзіць у горад, то сустрэ́нецца вам чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце ўслед за ім у дом, у які ён уво́йдзе,

11. і скажы́це гаспадару́ дома: “Настаўнік кажа табе: дзе пакой, у якім Мне есці пасху з вучнямі Маімі?”

12. І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, усла́ны; там прыгату́йце.

13. Яны пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.

14. І, калі надышо́ў час, Ён узлёг, і дванаццаць апосталаў з Ім,

15. і сказаў ім: вельмі жада́ў Я гэтую пасху есці з вамі, перш чым му́кі прыму́,

16. бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, пакуль не здзе́йсніцца яна ў Царстве Божым.

17. І, узяўшы чашу, узнёс падзя́ку і сказаў: прымíце яе і падзялíце між сабою,

18. бо кажу вам, што не буду піць ад пло́ду вінагра́днага, пакуль не пры́йдзе Царства Божае.

19. І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, пераламíў і даў ім, ка́жучы: гэта це́ла Маё, якое за вас аддае́цца; рабіце гэта на ўспамíн пра Мяне.

20. Таксама і ча́шу пасля вячэ́ры, ка́жучы: гэтая чаша — новы запаве́т у Маёй крывí, якая за вас праліва́ецца.

21. Але вось рука таго, хто выдае́ Мяне, са Мною за сталом;

22. і ўсё ж Сын Чалавечы ідзе, як вы́значана, але го́ра таму чалавеку, які Яго выдае́.

23. І яны пачалí пыта́цца адзін у аднаго, хто б гэта з іх быў, што зро́біць такое?

24. Была́ ж і спрэ́чка паміж імі, хто з іх павінен лічы́цца бо́льшым.

25. А Ён сказаў ім: цары́ народаў пану́юць над імі, і ўладары́ іх дабрадзе́ямі называ́юцца;

26. вы ж не так: але бо́льшы сярод вас, няхай будзе як ме́ншы, а начальнік — як слуга́.

27. Бо хто бо́льшы: той, хто ўзляжы́ць, ці той, хто прыслу́жвае?е́ хіба́ не той, хто ўзляжы́ць? А Я пасярод вас як той, хто прыслу́жвае.

28. Вы ж ператрыва́лі са Мною ў выпрабава́ннях Маіх,

29. і Я завяшча́ю вам, як завяшча́ў Мне Айцец Мой, Царства,

30. каб вы елі і пілí за трапе́заю Маёю ў Царстве Маім, і будзеце сядзе́ць на прастолах і судзíць дванаццаць кале́н Ізра́ілевых.

31. І сказаў Гасподзь: Сíмане! Сíмане! вось, сатана прасіў, каб прасе́яць вас, як пшаніцу;

32. але Я маліўся за цябе, каб не знікла вера твая; і ты не́калі, вярну́ўшыся, умацу́й братоў тваіх.

33. Ён жа сказаў Яму: Госпадзі! з Табою я гатовы і ў цямнíцу, і на смерць ісці.

34. А Ён сказаў: кажу табе, Пётр, не прапяе́ сёння певень, як ты тройчы адрачэ́шся, сказаўшы, што не ведаеш Мяне.

35. І сказаў ім: калі Я пасыла́ў вас без мяшка, і без торбы, і без абу́тку, ці ме́лі вы ў чым няста́чу? Яны ж адказалі: ні ў чым.

36. Сказаў жа ім: але цяпер хто ма́е мяшок, няхай возьме яго, гэтакса́ма і торбу; а хто не ма́е, няхай прада́сць во́пратку сваю і ку́піць меч;

37. бо кажу вам, што павінна яшчэ спо́ўніцца на Мне гэта напíсанае: “і да злачы́нцаў залíчаны”. Бо тое, што пра Мяне, набліжа́ецца да канца.

38. Яны ж сказалі: Госпадзі! вось тут два мячы. Ён сказаў ім: даво́лі.

39. І, вы́йшаўшы, пайшоў, як звыча́йна, на гару́ Елеонскую; і следам за Ім пайшлі вучні Яго.

40. Прыйшоўшы на месца, Ён сказаў ім: малíцеся, каб не ўпа́сці вам у спаку́су.

41. І Сам адступіў ад іх на адле́гласць кíнутага ка́меня, і, стаўшы на кале́ні, маліўся,

42. ка́жучы: Ойча! калі хочаш, пранясí ча́шу гэтую міма Мяне! аднак не Мая воля, а Твая няхай будзе.

43. Явіўся ж Яму Ангел з неба і ўмацо́ўваў Яго.

44. І Ён, перажыва́ючы ўну́траную барацьбу́, стара́нней маліўся; і зрабіўся пот Яго, як кроплі крывí, што па́далі на зямлю́.

45. І, уста́ўшы з малітвы і прыйшо́ўшы да вучняў, Ён знайшо́ў, што яны спяць ад сму́тку,

46. і сказаў ім: што́ спіце́? уста́ньце і маліцеся, каб не ўпа́сці вам у спаку́су.

47. Яшчэ калі Ён гаварыў гэта, тады з’явіўся натоўп, і той, каго зва́лі Іуда, адзін з двана́ццаці, ішоў папе́радзе, і ён наблíзіўся да Іісуса, каб пацалава́ць Яго. Бо ён даў ім такі знак: Каго я пацалую, Той і ёсць.

48. Іісус жа сказаў яму: Іуда! пацалу́нкам Сына Чалавечага выдае́ш?

49. Тыя, што былі з Ім, ба́чачы, да чаго ідзе, сказалі: Госпадзі! ці не ўда́рыць нам мячом?

50. І адзін з іх ударыў першасвятаро́вага раба і адсе́к яму правае ву́ха.

51. На гэта Іісус сказаў: пакíньце, хопіць. І, дакрану́ўшыся да вуха яго, ацалíў яго.

52. Сказаў жа Іісус першасвятара́м, і начальнікам аховы храма, і старэйшынам, якія сабра́ліся су́праць Яго: бы́ццам на разбойніка вы́йшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?

53. штодня́ бываў Я з вамі ў храме, і вы не паднялí рук на Мяне; але гэта — ваша гадзíна і ўла́да це́мры.

54. І, узя́ўшы Яго, павялі і прывялі ў дом першасвятара́. Пётр жа ішоў следам воддаль.

55. Калі ж яны раскла́лі агонь пасярод двара́ і селі разам, сядзеў і Пётр паміж імі.

56. І адна служа́нка, уба́чыўшы яго, што сядзеў пры агні, і, прыгле́дзеўшыся да яго, сказала: і гэты з Ім быў.

57. Але ён адро́кся ад Яго, ка́жучы: жанчы́на, я не ведаю Яго.

58. І неўзаба́ве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: чалавеча, не.

59. І, як прайшло́ каля адной гадзíны, нехта іншы настойваў, ка́жучы: сапраўды́ і гэты з Ім быў, бо ён галіле́янін.

60. Але Пётр сказаў: чалаве́ча, я не ведаю, што́ ты гаворыш. І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.

61. І, абярнуўшыся, Гасподзь паглядзе́ў на Пятра; і ўспо́мніў Пётр сло́ва Гасподняе, як Ён сказаў яму: перш чым заспява́е певень, адрачэ́шся ад Мяне тройчы.

62. І, вы́йшаўшы вон, горка заплакаў.

63. А людзі, якія трыма́лі Іісуса, насміха́ліся з Яго і бíлі;

64. і, накры́ўшы Яго, бíлі Яго па тва́ры і пыта́ліся ў Яго, ка́жучы: прароч, хто ўдарыў Цябе?

65. І многа іншых блюзне́рстваў гаварылі су́праць Яго.

66. І калі настаў дзень, сабра́ліся старэйшыны народа, і першасвятары́, і кніжнікі, і прывялі Яго ў сінедрыён свой

67. і сказалі: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён жа сказаў ім: калі Я скажу вам, вы не паве́рыце;

68. а калі і спыта́юся ў вас, не адка́жаце Мне і не адпу́сціце;

69. адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець правару́ч сілы Божай.

70. І сказалі ўсе: дык Ты — Сын Божы? Ён жа сказаў ім: вы кажаце, што Я.

71. Яны ж сказалі: якое нам яшчэ трэ́ба све́дчанне? мы ж самі чулі з ву́снаў Яго!

 

РАЗДЗЕЛ 23

1. І ўстала ўсё мноства іх, і павялі Яго да Пілата,  

2.  і пачалí абвінава́чваць Яго, гаворачы: мы вы́явілі, што Ён падбухто́рвае народ наш і забараня́е даваць пада́так ке́сару, называ́ючы Сябе Хрыстом Царом.

3. Пілат запытаў Яго, ка́жучы: Ты Цар Іудзейскі? Ён жа сказаў Яму ў адказ: ты кажаш.

4. І Пілат сказаў першасвятара́м і народу: я не знахо́джу нія́кай віны́ ў Гэтым Чалавеку.

5. Але яны настойвалі, ка́жучы, што Ён бунту́е народ, навуча́ючы па ўсёй Іудзеі, пачаўшы з Галілеі аж дасю́ль.

6. Пілат жа, пачуўшы пра Галілею, спытаўся: хіба́ Гэты Чалавек Галіле́янін?

7. І, даве́даўшыся, што Ён з улада́нняў Ірадавых, паслаў Яго да Ірада, які таксама быў у Іерусаліме ў тыя дні.

8. Ірад жа, уба́чыўшы Іісуса, вельмі ўзра́даваўся, бо ён даўно ўжо хацеў бачыць Яго, паколькі чуў пра Яго многа і спадзява́ўся ўбачыць нейкае знаме́нне, Ім здзе́йсненае;

9. і задаваў Яму шмат пытанняў, але Ён нічога не адказваў яму.

10. І стаялі першасвятары́ і кніжнікі, і заця́та абвінава́чвалі Яго.

11. А Ірад са сваімі воінамі, знява́жыўшы Яго і наглумíўшыся, апрану́ў Яго ў светлую адзе́жу і адасла́ў Яго да Пілата.

12. І зрабіліся пры́яцелямі між сабою Пілат і Ірад у той дзень; ране́й жа мелі варо́жасць адзін да аднаго́.

13. Пілат жа, склíкаўшы першасвятаро́ў, і начальнікаў, і народ,

14. сказаў ім: вы прывялі да мяне Гэтага Чалавека, Які нібы́та бухто́рыць народ; і вось я перад вамі рассле́даваў і не знайшоў у Чалавеку Гэтым ніякай віны з таго, у чым вы Яго абвінава́чваеце;

15. і Ірад таксама, бо я пасылаў да яго , і вось нічога ва́ртага смерці не зро́блена Ім;

16. таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.

17. А яму трэба было́ дзе́ля свя́та адпусцíць ім аднаго вя́зня.

18. Але яны закрычалі ўсе разам, ка́жучы: смерць Яму! адпусці ж нам Вара́вву.

19. А той быў за нейкі бунт, учы́нены ў горадзе, і забойства паса́джаны ў цямнíцу.

20. І зноў Пілат узвы́сіў голас, хочучы адпусцíць Іісуса.

21. Але яны крычалі, ка́жучы: распнí, распнí Яго!

22. І трэці раз сказаў ім: якое ж зло ўчынíў Ён? нічога ва́ртага смерці я не знайшоў у Ім; таму, пакара́ўшы Яго, адпушчу́.

23. Яны ж настойвалі з моцнымі кры́камі, патрабу́ючы, каб Ён быў распя́ты; і перамаглí крыкі іх і першасвятаро́ў.

24. І Пілат вырашыў, каб было́ паводле патрабава́ння іх,

25. і адпусцíў паса́джанага за бунт і забойства ў цямнíцу, якога яны прасíлі, а Іісуса аддаў на іх волю.

26. І калі павялí Яго, то, забра́ўшы нейкага Сíмана Кірыне́яніна, які ішоў з поля, ускла́лі на яго крыж, каб нёс за Іісусам.

27. І ўслед за Ім ішло вялікае мноства народу і жанчын, якія рыда́лі і галасíлі па Ім.

28. Абярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: дочкі Іерусалімскія! не плачце па Мне, а плачце па сабе́ і дзе́цях вашых;

29. бо вось надыхо́дзяць дні, у якія скажуць: “блажэ́нныя няпло́дныя, і ўло́нні, якія не раджа́лі, і гру́дзі, якія не кармíлі”;

30. тады пачну́ць гаварыць гара́м: “упадзíце на нас”, і ўзгоркам: “пакры́йце нас”;

31. бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, то з сухім што́ будзе?

32. Вялі ж з Ім яшчэ і двух злачы́нцаў, каб пакара́ць смерцю.

33. І калі прыйшлі на месца, зва́нае Ло́бным, там распя́лі Яго і злачынцаў, аднаго справа, а другога злева.

34. Іісус жа казаў: Ойча! дару́й ім, бо яны не ведаюць, што робяць. І, дзе́лячы адзе́жу Яго, кíдалі жэ́рабя.

35.  І стаялі людзі і глядзелі. Насміха́ліся з імі разам і начальнікі, ка́жучы: іншых ратава́ў, няхай урату́е Само́га Сябе, калі Ён Хрыстос, Божы абраннік.

36. Глуміліся з Яго і воіны, падыхо́дзячы і падно́сячы Яму воцат,

37. і ка́жучы: калі Ты Цар Іудзейскі, то ўратуй Самога Сябе.

38. Быў жа і надпіс напíсаны над Ім літарамі грэчаскімі, і рымскімі, і яўрэйскімі: гэта Цар Іудзейскі.

39. І адзін з павешаных злачынцаў блюзне́рыў на Яго, ка́жучы: калі Ты Хрыстос, то ўрату́й Сябе і нас.

40. Другі ж у адказ, суніма́ючы яго, казаў: хіба́ ты не баішся Бога, бо сам на тое ж асу́джаны?

41. Але мы — справядліва, бо нале́жнае за ўчы́нкі нашы атры́мліваем, а Ён нічога дрэ́ннага не зрабіў.

42. І сказаў Іісусу: памянí мяне, Госпадзі, калі пры́йдзеш у Царства Тваё.

43. І сказаў яму Іісус: праўду кажу табе, сёння са Мною будзеш у ра́і.

44. Было́ ж каля шостай гадзíны, і цемра была́ па ўсёй зямлі да гадзíны дзевятай;

45. і паме́ркла сонца, і заве́са ў храме разадра́лася напала́м.

46. І, ускры́кнуўшы моцным голасам, Іісус сказаў: Ойча! у ру́кі Твае аддаю́ дух Мой! І, сказаўшы гэта, вы́пусціў дух.

47. Сотнік жа, убачыўшы, што адбыло́ся, прасла́віў Бога, ка́жучы: сапраўды́, Чалавек Гэты быў пра́ведны.

48. І ўсе людзі, якія сабра́ліся на гэтае відо́вішча, убачыўшы, што адбыло́ся, вярта́ліся, б’ючы́ сябе ў гру́дзі.

49. Усе ж знаёмыя Яго і жанчыны, якія прыйшлі следам за Ім з Галілеі, стаялі во́ддаль і глядзелі на гэта.

50. І вось муж па íмені Іосіф, саве́тнік, чалавек добры і пра́ведны,

51. які не далучы́ўся да рашэння і спра́вы іх, з Арымафе́і, горада Іудзейскага, і ён таксама чакаў Царства Божага;

52. прыйшоўшы да Пілата, ён папрасіў це́ла Іісусава;

53. і, зняўшы Яго, абгарну́ў плашчанíцаю і паклаў Яго ў магілу, вы́сечаную у скале́, дзе яшчэ ніхто не ляжаў.

54. А дзень той быў пятніца, і настава́ла субота.

55. І, пайшоўшы ўслед, жанчыны, што прыйшлі з Ім з Галілеі, ба́чылі магілу і як было пакла́дзена це́ла Яго;

56. вярнуўшыся, яны падрыхтава́лі духмя́насці і мíра; у суботу ж адпачыва́лі, паво́дле за́паведзі.

 

РАЗДЗЕЛ 24

1. А ў першы дзень тыдня, вельмі рана, несучы́ падрыхтава́ныя духмя́насці, яны прыйшлí да магілы,  і іншыя з імі;

2. але знайшлі, што ка́мень адва́лены ад магілы,

3. і, увайшо́ўшы, не знайшлі це́ла Госпада Іісуса.

4. І ста́лася: калі яны былí ў недаўме́нні ад гэтага, вось з’явіліся перад імі два мужы́ ў бліску́чым адзе́нні.

5. Калі ж яны спалохаліся і схілíлі тва́ры да зямлі, тыя сказалі ім: што́ вы шука́еце жывога сярод мёртвых?

6. Яго няма тут, Ён уваскрэс; успо́мніце, як Ён гаварыў вам, калі быў яшчэ ў Галіле́і,

7. ка́жучы, што Сын Чалавечы ма́е быць адда́дзены ў ру́кі людзей грэшных, і быць распя́ты, і на трэці дзень ўваскрэ́снуць.

8. І ўспомнілі яны словы Яго,

9. і, вярну́ўшыся ад магілы, паве́дамілі ўсё гэта адзіна́ццаці і ўсім іншым.

10. Былí ж гэта Магдалíна Марыя, і Іаанна, і Марыя, маці Іакава, і іншыя з імі, якія сказалі пра гэта Апосталам.

11. І здалíся ім пусты́мі сло́вы гэтыя, і не паве́рылі ім.

12. Але Пётр, устаўшы, пабег да магілы і, нахілíўшыся, убачыў, што толькі пало́тны ляжаць; і пайшоў назад, здзіўля́ючыся ў сабе таму, што адбыло́ся.

13. І вось двое з іх у той жа дзень ішлі ў пасе́лішча, якое знахо́дзілася ста́дыях  у шасцíдзесяці ад Іерусаліма і называ́лася Эмау́с;

14. і яны размаўля́лі між сабою пра ўсё тое, што адбылося.

15. І ста́лася: калі яны размаўлялі і разважа́лі, Сам Іісус, наблíзіўшыся, пайшоў з імі,

16. але вочы іх былí стры́маны, так што яны не пазналі Яго.

17. Ён жа сказаў ім: пра што гэта вы, ідучы́, разважа́еце між сабою і чаму такія засму́чаныя?

18. У адказ адзін, імя́ якога Клео́па, сказаў Яму: Ты адзíны з падаро́жных у Іерусаліме не ведаеш пра тое, што адбыло́ся ў ім у гэтыя дни?

19. І сказаў ім: пра што́ Яны ж сказалі Яму: пра тое, што адбыло́ся з Іісусам Назаранíнам, Які быў прарок, моцны ў справе і слове перад Богам і ўсім народам,

20. і як вы́далі Яго першасвятары́ і начальнікі нашы для асуджэ́ння на смерць і распя́лі Яго;

21. а мы спадзява́ліся, што Ён Той, Хто павíнен вы́бавіць Ізра́іля, але пры ўсім гэтым, сёння трэці дзень, як гэта ста́лася;

22. але і некаторыя жанчыны з нашых ура́зілі нас: пабыва́ўшы ра́на каля магілы

23. і не знайшо́ўшы це́ла Яго, яны прыйшлі і казалі, што бачылі і яўле́нне Ангелаў, якія кажуць, што Ён жывы́;

24. і пайшлі некаторыя з нашых да магілы і знайшлі ўсё так, як і жанчыны сказалі, але Яго не бачылі.

25. І Ён сказаў ім: о, неразва́жлівыя і мару́длівыя сэ́рцам, каб верыць усяму, што гаварылі прарокі!

26. ці не так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўвайсці ў славу Сваю?

27. І, пачаўшы ад Маісея і ад прарокаў, тлума́чыў ім ва ўсім Пісанні тое, што ска́зана пра Яго.

28. І наблíзіліся яны да пасе́лішча, у якое ішлі; і Ён рабіў вы́гляд, што пойдзе дале́й;

29. а яны затры́млівалі Яго, ка́жучы: заста́нься з намі, бо вечарэ́е і дзень на зыхо́дзе. І Ён увайшоў, каб застацца з імі.

30. І ста́лася: калі Ён узляжа́ў з імі, то, узяўшы хлеб, благаславíў і, пераламíўшы, даваў ім.

31. І адкры́ліся ў іх вочы, і яны пазна́лі Яго, ды Ён стаў няба́чны для іх.

32. І сказалі яны адзін аднаму: хіба́ не гарэ́ла наша сэрца ў нас, калі гаварыў Ён з намі па дарозе і калі тлума́чыў нам Пісанне?

33. І, уста́ўшы ў той жа час, яны вярну́ліся ў Іерусалім і знайшлí сабра́ных разам адзіна́ццаць і тых, што былí з імі,

34. якія гаварылі, што Гасподзь сапраўды́ ўваскрэ́с і явíўся Сíману.

35. А яны расказвалі, што́ было́ ў дарозе і як яны пазна́лі Яго пры пераламле́нні хле́ба.

36. Калі ж яны гаварылі пра гэта, Сам Іісус стаў пасяро́д іх і сказаў: мір вам.

37. Яны ж, суме́ўшыся і спало́хаўшыся, думалі, што бачаць духа;

38. а Ён сказаў ім: чаго вы збянтэ́жаныя і чаму сумне́нні ўвахо́дзяць у сэ́рцы вашы?

39. паглядзíце на рукі Мае́ і на ногі Мае́: гэта Я Сам; дакранíцеся да Мяне і паглядзíце: дух не ма́е пло́ці і касце́й, што, як бачыце, Я ма́ю.

40. І, сказаўшы гэта, паказаў ім ру́кі і ногі.

41. Калі ж яны яшчэ не верылі ад радасці і здзіўля́ліся, Ён сказаў ім: ці ёсць у вас тут якая ежа?

42. Яны ж падалí Яму кавалак пе́чанай рыбы і мёду ў сотах.

43. І, узяўшы, Ён перад імі з’еў

44.  і сказаў ім: вось словы, якія Я гаварыў вам, калі яшчэ быў з вамі, што павінна здзе́йсніцца ўсё, напíсанае ў законе Маісеевым і ў прарокаў, і ў псалма́х пра Мяне.

45. Тады Ён адкрыў ім розум для разуме́ння Пісанняў

46. і сказаў ім: так напíсана і так нале́жала адпаку́таваць Хрысту і ўваскрэ́снуць з мёртвых на трэці дзень,

47. і каб было прапаве́дана ў імя́ Яго пакая́нне і адпушчэ́нне грахоў ва ўсіх народах, пачына́ючы з Іерусаліма;

48. вы ж све́дкі гэтага;

49. і вось Я пашлю́ абяца́нае Айцом Маім на вас; а вы застава́йцеся ў горадзе Іерусаліме, пакуль не апра́нецеся сілаю з вышынí.

50. І Ён вы́веў іх да Віфа́ніі і, узня́ўшы ру́кі Свае, благаславíў іх.

51. І ста́лася: калі Ён благаслаўля́ў іх, то пачаў аддаля́цца ад іх і ўзно́сіцца на неба.

52. І яны пакланíліся Яму і вярну́ліся ў Іерусалім з радасцю вялікаю,

53. і былí заўсёды ў храме, хва́лячы і благаслаўля́ючы Бога. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.