Да Карынфян 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13

 

Раздзел 1

1. Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат, — Царкве Божай, якая ў Карынфе, з усімі святымі па ўсёй Ахаіі:

2. благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

3. Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог ўсякага суцяшэння,

4. Які суцяшае нас ва ўсякім горы нашым, каб мы маглі суцяшаць іншых ва ўсякім горы тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх.

5. Бо як памнажаюцца ў нас пакуты Хрыстовы, так праз Хрыста памнажаецца і суцяшэнне наша.

6. І калі мы церпім гора, дык гэта дзеля суцяшэння вашага і спасення, якое здзяйсняецца праз трыванне тых самых пакут, што і мы церпім;

7. і надзея наша адносна вас цвёрдая. І калі мы суцяшаемся, дык гэта дзеля вашага суцяшэння і спасення, паколькі ведаем, што вы супольнікі як пакут нашых, так і суцяшэння.

8. Бо мы не хочам пакінуць вас, браты, у няведанні пра гора наша, якое здарылася з намі у Асіі: было нам надзвычай цяжка, звыш нашых сіл, так што не спадзяваліся мы застацца жывымі.

9. Але самі ў сабе адчувалі прысу́д на смерць, каб спадзявацца нам не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых,

10. Які ад такой смерці збавіў нас і збаўляе, на Якога спадзяёмся, што і яшчэ збавіць,

11. пры садзейнічанні і вашай малітвы за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія.

12. Бо ў тым пахвала наша, сведчанне сумлення нашага, што мы ў прастаце і шчырасці перад Божай, не па плоцкай мудрасці, а па благадаці Божай паводзілі сябе ў свеце, асабліва ж у дачыненні да вас.

13. І мы пішам вам не іншае што, а тое, што вы чытаеце і разумееце; і спадзяюся, што да канца зразумееце,

14. як вы часткова і зразумелі нас, што мы будзем вашаю пахвалою, як і вы — нашаю, у дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.

15. І ў гэтай упэўненасці я хацеў прыйсці да вас раней, каб вы другі раз атрымалі благадаць,

16. і ад вас перайсці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсці да вас, і каб вы правялі мяне ў Іудзею.

17. Маючы такое жаданне, хіба я зрабіў легкадумна́ Альбо тое, што я вырашаю, хіба па плоці вырашаю, так што ў мяне то “так, так”, то “не, не”?

18. Верны ж Бог, што слова наша да вас не было то “так”, то “не”.

19. Бо Сын Божы Іісус Хрыстос, прапаведаны сярод вас намі — мною, і Сілуанам, і Цімафеем, — не быў то “так”, то “не”, а ў Ім было “так”,

20. бо ўсе абяцанні Божыя ў Ім — “так” і ў Ім — “амінь” Богу на славу праз нас.

21. А Той, Хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысце і Хто памазаў нас, — Бог,

22. Які і паклаў на нас пячаць, і даў залог Духа ў сэрцы нашы.

23. Бога заклікаю як сведку душы́ маёй, што, шкадуючы вас, я больш не прыходзіў у Карынф;

24. гэта не значыць, што мы ўладарым над вераю вашаю, а мы садзейнічаем радасці вашай; бо ў веры вы цвёрдыя.

 

Раздзел 2

1. Дык вось, я разва́жыў сам у сабе не прыходзіць зноў да вас у смутку.

2. Бо калі я засмуча́ю вас, то хто пара́дуе мяне, як не той, хто засму́чаны мною́

3. Гэта самае я і пісаў вам, каб, прыйшоўшы, не мець мне засмучэння ад тых, за каго належала мне радавацца, бо я ўпэўнены ва ўсіх вас, што мая радасць — гэта радасць для ўсіх вас.

4. З вялікага гора і тугі сэрца я пісаў вам, абліваючыся слязьмі, не дзеля таго, каб засмуцíць вас, а каб вы адчулі тую бязмерную любоў, якую я ма́ю да вас.

5. Калі ж хто засмуцíў, то не мяне засмуцíў, а часткова — каб не перабольшыць — усіх вас.

6. Такому дастаткова гэтага пакарання ад большасці,

7. так што вам лепш, наадварот, прабачыць і суце́шыць яго, каб не быў ён апанава́ны празмерным смуткам;

8. і таму прашу вас вы́казаць да яго любоў.

9. Бо я дзеля таго і пісаў, каб вы́прабаваць вас, ці ва ўсім вы паслухмяныя.

10. А каму вы нешта прабача́еце, таму і я прабача́ю; бо і я, калі нешта прабачыў каму, то прабачыў для вас перад абліччам Хрыста,

11. каб не ашукаў нас сатана, бо нам добра вядомы яго заду́мы.

12. Прыйшоўшы ж у Трааду дабраве́сціць Хрыста, хоць мне і адчынены былі дзверы Госпадам,

13. я не меў спакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта, так што, развітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію.

14. Але падзяку ўзносім Богу, Які заўжды пераможна вядзе нас у Хрысце і пах ведаў пра Сябе пашырае праз нас у кожным месцы.

15. Бо мы — Хрыстова духмянасць Богу ў тых, хто спасаецца, і ў тых, хто гіне:

16. для адных — пах смерці на смерць, а для другіх — пах жыцця на жыццё. І хто здольны да гэтага́

17. Бо мы не падрабляем, як многія, слова Божага, а прапаведуем шчыра, як ад Бога, перад Богам, у Хрысце.

 

Раздзел 3

1. Хіба мы зноў пачынаем прадстаўляць сябе́ Няўжо патрэбны нам, як некаторым, рэкамендацыйныя пасланні да вас ці ад вас?

2. Вы — наша пасланне, якое напісана ў сэрцах нашых, якое пазнаю́ць і чытаюць усе людзі;

3. вы паказваеце сабою, што вы — пасланне Хрыстова, якое з’явілася плёнам служэння нашага і напісана не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцевых скрыжалях сэрца.

4. Такую ўпэўненасць мы маем перад Богам праз Хрыста,

5. не таму, што мы здольны самі па сабе падумаць нешта, нібы́та самі ад сябе, але здольнасць наша ад Бога,

6. Які і зрабіў нас здольнымі быць служыцелямі Новага Запавету, не літары, а духу, бо літара забівае, а дух ажыўляе.

7. Калі ж служэнне смерці, літарамі высечанае на камянях, было такім слаўным, што сыны Ізраілевы не маглі глядзець на твар Маісея з-за славы твару яго мінучай,

8. то наколькі больш слаўным будзе служэнне духу?

9. Бо калі служэнне асуджэння слаўнае, то намнога больш напоўнена славаю служэнне апраўдання.

10. І вось, праслаўленае не з’яўляецца слаўным па гэтай прычыне, з-за славы, якая перавышае.

11. Бо калі мінучае ма́е славу, то тым большую славу ма́е тое, што застае́цца.

12. Маючы такую надзею, мы дзейнічаем з вялікай адвагай,

13. а не так, як Маісей, які накладаў покрыва на твар свой, каб сыны Ізраілевы не глядзелі на заканчэнне мінучага.

14. Але розум ў іх закамянеў: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязнятым пры чытанні Старога Запавету, паколькі яно здымаецца Хрыстом.

15. Дагэтуль, калі яны чытаюць Маісея, покрыва ляжыць на сэрцы іх;

16. але калі хто звяртаецца да Госпада, то покрыва здымаецца.

17. Гасподзь — гэта Дух, а дзе Дух Гасподні, там свабода.

18. Мы ж усе, з адкрытым тварам сузіраючы, як у люстэрку, славу Гасподнюю, перамяняемся ў той самы вобраз ад славы ў славу, паводле Гасподняга Духа.

 

Раздзел 4

1. І таму, маючы такое служэнне па ака́занай нам міласці, мы не па́даем духам;

2. але, адмовіўшыся ад тайных гане́бных спраў, не ўжыва́ючы хітрасці і не скажа́ючы слова Божага, а выяўля́ючы адкрыта ісціну, прадстаўляем сябе сумленню кожнага чалавека перад Богам.

3. Калі ж і закрыта дабравесце наша, то закрыта для тых, хто гіне,

4. для няверуючых, у якіх бог веку гэтага асляпіў розум, каб для іх не заззяла святло дабравесця славы Хрыста, Які з’яўляецца вобразам Бога нябачнага.

5. Бо мы не сябе саміх прапаведуем, а Хрыста Іісуса, Госпада; самі ж мы — рабы вашы дзеля Іісуса,

6. таму што Бог, Які загадаў, каб з цемры заззяла святло, Сам заззяў у сэ́рцах нашых для прасвятлення нашага праз пазнанне славы Божай у асобе Іісуса Хрыста.

7. Скарб жа гэты мы носім у гліня́ных сасудах, каб было бачна, што веліч сілы нале́жыць Богу, а не нам;

8. нас усюды ўціскаюць, але мы не прыгне́чаныя; мы ў роспачных абставінах, але не ўпада́ем у роспач;

9. нас пераследуюць, але мы не пакінутыя; нас збіваюць з ног, але мы не гінем;

10. мы заўсёды носім у целе мёртвасць Госпада Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкрылася ў целе нашым.

11. Бо мы, жывыя, заўсёды аддаём сябе на смерць дзеля Іісуса, каб і жыццё Іісуса адкрылася ў смяротнай плоці нашай, 

12. так што смерць дзейнічае ў нас, а жыццё — у вас.

13. Але, маючы той самы дух веры, пра які напíсана: “я вераваў і таму гаварыў”, і мы веруем, таму і гаворым,

14. ведаючы, што Той, Хто ўваскрасіў Госпада Іісуса, уваскрасíць і нас праз Іісуса і паставіць перад Сабою з вамі.

15. Бо ўсё дзеля вас, каб шчодра я́ўленая благадаць у многіх памнажала ўдзячнасць на славу Божую.

16. Таму мы не па́даем духам; а калі вонкавы наш чалавек і тле́е, то ўну́траны з дня ў дзень абнаўля́ецца.

17. Бо кароткачасовая лёгкая горасць наша стварае для нас звыш усякай меры вечнае багацце славы,

18. калі мы глядзім не на бачнае, а на нябачнае: таму што бачнае — часовае, а нябачнае — вечнае.

 

Раздзел 5

1. Бо ведаем, што калі зямны наш дом, гэтая хацíна, разбу́рыцца, то мы маем жыллё ад Бога: дом нерукатворны, вечны, на нябёсах. 

2. І таму тут мы стогнем, жада́ючы апрану́цца ў нябеснае наша жыллё;

3. толькі б нам і апра́нутым не апынуцца голымі.

4. Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, стогнем ад цяжа́ру, бо не хочам распрану́цца, а хочам апрану́цца, каб смяротнае было́ паглыну́та жыццём.

5. На гэта ж і стварыў нас Бог, і даў нам залог Духа.

6. Дык вось, мы заўсёды маем пэўнасць; і паколькі ведаем, што, жывучы ў целе, мы адда́лены ад Госпада, — 

7. бо мы жывём вераю, а не ба́чаннем, —

8. то маем пэўнасць і жадаем лепш вы́селіцца з цела і пасяліцца ў Госпада,

9. і таму старанна імкнёмся — ці пасяля́ючыся, ці высяля́ючыся — быць угоднымі Яму;

10. бо ўсім нам належыць з’явíцца на суд Хрыстоў, каб кожнаму атрымаць паводле таго, што ён рабіў, жывучы́ ў целе — ці добрае, ці дрэннае.

11. Дык вось, ведаючы страх Гасподні, мы пераконваем людзей, для Бога ж мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашаму сумленню.

12. Бо мы не зноў прадстаўляем сябе вам, а даём вам нагоду хвалíцца намі, каб мелі вы адказ для тых, якія хва́ляцца знешнім, а не тым, што ў сэрцы.

13. Бо калі мы бываем не ў сабе, то дзеля Бога; калі ж мы ў здаровым розуме, то дзеля вас.

14. Бо любоў Хрыстова прымушае нас разважа́ць так: калі адзін памёр за ўсіх, то ўсе памерлі.

15. А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, хто жыве, жылí ўжо не дзе́ля сябе, а дзе́ля Таго, Хто памёр за іх і ўваскрэс.

16. Так што мы з гэтага часу нікога не знаем па плоці; калі ж і зналі мы Хрыста па плоці, то цяпер ужо не знаем.

17. Дык вось, хто ў Хрысце, той — новае стварэнне; старое прайшло, цяпер настала ўсё новае.

18. А ўсё гэта — ад Бога, Які праз Іісуса Хрыста прымірыў нас з Сабою і даў нам служэнне прымірэння,

19. таму што Бог у Хрысце прымірыў з Сабою свет, не залічваючы лю́дзям правін іх, і даручыў нам слова прымірэння.

20. Дык вось, мы — пасланнікі ад імя́ Хрыста, нíбы Сам Бог просіць праз нас, ад імя́ Хрыста мы просім: прымірыцеся з Богам.

21. Бо Таго, Хто не спазнаў граху, Ён дзеля нас зрабіўся грахом, каб мы сталі ў Ім праведнасцю Божай.

 

Раздзел 6

1. Мы ж, як суработнікі Яго, просім вас, каб не марна прынялí вы благадаць Божую.  

2. Бо ска́зана: “у час спрыяльны Я пачуў цябе і ў дзень спасення дапамог табе”. Вось цяпер час добраспрыяльны, вось цяпер дзень спасення.

3. Мы нікому ні ў чым не даём нагоды спатыкне́ння, каб не выкліка́ць нараканняў на служэнне,

4. але ва ўсім праяўляем сябе як служыцелі Божыя: у вялікім цярпенні, у горасцях, у нястачах, у бедах, 

5. пад ударамі, у цямніцах, у сму́тах, у цяжкай працы, у няспа́нні, у паста́х, 

6. у чысціні, у разважлівасці, у доўгацярплівасці, у добрасці, у Духу Святым, у любові некрывадушнай,  

7. у слове ісціны, у сіле Божай, са зброяю праведнасці ў правай і ў левай руцэ,

8. у славе і ганьбе, пры знявагах і пахвала́х; нас лíчаць ашуканцамі — а мы праўдзівыя,

9. лічаць невядомымі — а нас ведаюць, лічаць памерлымі — а мы, вось, жывыя; нас караюць — а мы не паміраем;

10. нас засмуча́юць — а мы заўсёды радуемся, мы бедныя — а многіх узбагача́ем; мы нічога не маем — а ўсім валодаем.

11. Вусны нашы адкрыты да вас, Кары́нфяне, сэрца наша расшы́рана.

12. Вам не цесна ў нас, а цесна вам унутры вас.

13. Адкажыце нам узаемнасцю, — як дзецям кажу, — шырока адкрыйцеся і вы.

14. Не ўпрагайцеся ў чужое ярмо разам з нявернымі. Бо што супольнага ў праведнасці з беззаконнем? Або што агульнага ў святла з цемраю?

15. І якая згода паміж Хрыстом і Веліярам? Або які саўдзел вернага з няверным?

16. Якая сумяшчальнасць храма Божага з ідалам? Бо вы — храм Бога Жывога, як сказаў Бог: “усялюся і буду жыць у іх; і буду іх Богам, і яны будуць Маім народам.

17. Таму выйдзіце з асяроддзя іх і аддзяліцеся, кажа Гасподзь, і не дакранайцеся да нечыстаты́, і Я прыму вас;

18. і буду вам Айцом, і вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, кажа Гасподзь Уседзяржыцель”.

 

Раздзел 7

1. Дык вось, узлю́бленыя, маючы такія абяца́нні, давайце ачысцім сябе ад усялякай нечыстаты́ плоці і духу, удаскана́льваючыся ў святасці са страхам Божым.  

2. Умясціце нас: мы нікога не пакрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, ні ад каго не шукалі карысці.

3. Я не ў асуджэнне гавару; бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб і памерці разам, і жыць разам.

4. Вялікае ў мяне спадзява́нне на вас, вялікі ў мяне гонар за вас; я напоўнены суцяшэннем, перапоўнены радасцю пры ўсёй горасці нашай.

5. Бо калі мы прыйшлі ў Македонію, плоць наша не мела ніякага спакою, мы цярпелі ўціск з усіх бакоў: звонку — напа́ды, унутры — стра́хі.

6. Але Бог, Які суцяшае пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта,

7. і не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім ён быў суце́шаны за вас, расказваючы нам пра вашу тугу́, пра вашы слёзы, пра вашу адданасць мне, так што я яшчэ больш узрадаваўся.

8. Таму, калі я і засмуціў вас пасланнем, то не шкадую, а калі і шкадаваў, — бо я бачу, што пасланне тое, хоць і часова, засмуціла вас, —

9. то цяпер радуюся: не таму, што вы былі засму́чаны, а таму, што засму́чаны былі вы для пакая́ння, бо вы былі засму́чаны дзеля Бога, так што вы ні ў чым не зазна́лі шкоды ад нас.

10. Бо смутак дзеля Бога вядзе да неадме́ннага пакая́ння дзеля спасення, а смутак свету гэтага вядзе да смерці.

11. Бо якраз тое, што вы былі засму́чаны дзеля Бога, такую ў вас руплівасць абудзіла, а якое апраўданне, а якое абурэнне, а які страх, а якую тугу́, а якую стараннасць, а якое спагна́нне! Ва ўсім вы паказалі сябе чыстымі ў гэтай справе.

12. Дык вось, калі я і напісаў вам, то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, а дзеля таго, каб вам адкрылася наша рупнасць дзеля вас перад Богам.

13. Таму мы суце́шыліся суцяшэ́ннем вашым; а яшчэ больш мы ўзрадаваліся радасці Ціта, таму што вы ўсе супакоілі дух яго;

14. бо калі я ў чым-небудзь перад ім і пахваліўся вамі, то не аказаўся пасаромленым; але як усё ска́занае намі вам было ісцінаю, так і пахвала́ наша перад Цітам аказалася ісцінаю;

15. і сэрца яго вельмі прыхільнае да вас, калі ён успамінае паслухмянасць усіх вас і тое, як са страхам і трымце́ннем вы прынялí яго.

16. Таму я радуюся, што ва ўсім магу быць упэўненым у вас.

 

Раздзел 8

1. Паведамляем вам, браты, пра благадаць Божую, да́дзеную цэрквам Македонскім;

2. пра тое, што ў ця́жкім выпрабава́нні бе́дамі яны маюць вялікую радасць, і пры крайняй беднасці сваёй вы́явілі багацце сваёй шчырасці; 

3. бо яны па сілах, — сведчу я, — ды і звыш сіл, былí шчодрымі:

4. яны вельмі прасілі нас прыня́ць дар і дазволіць іх удзел у служэнні святым;

5. і нават не так было, як мы спадзяваліся, але яны саміх сябе аддалí найперш Госпаду, а потым і нам, па волі Божай;

6. таму мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і завяршы́ў у вас дабрадзе́янне гэтае.

7. А паколькі вы ўсім багатыя: вераю, і словам, і ведамі, і ўсёю руплíвасцю, і вашаю да нас любоўю, — то ўзбагача́йце сябе і гэтым дабрадзе́яннем.

8. Кажу гэта не як загад, але праз руплíвасць іншых выпрабоўваю шчырасць і вашай любові.

9. Бо вы ведаеце благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, што Ён, будучы багатым, зрабіўся бедным дзеля вас, каб вы праз Яго беднасць ўзбагаціліся.

10. І я выказваю меркаванне пра гэта, бо гэта на карысць вам, якія не толькі пачалі рабіць, але і жадалі гэтага яшчэ з мінулага года.

11. А цяпер завяршы́це справу, каб тое, чаго вы шчыра жадалі, і заве́ршана было зыходзячы з таго, што вы маеце.

12. Бо калі ёсць шчыры намер, то ён прымаецца паводле таго, што нехта ма́е, а не паводле таго, чаго не ма́е.

13. Ды не так, каб іншым была палёгка, а вам цяжар, але каб было́ пароўну.

14. У цяперашні час ваш дастатак пакрывае іх нястачу, каб потым і іх дастатак пакрыў вашу нястачу, каб было́ пароўну,

15. як напісана: “у каго было многа, той не меў лішняга, і ў каго мала, той не меў нястачы”.

16. Дзякуем Богу, Які ўклаў такі руплíвасць у адносінах да вас у сэрца Ціта;

17. бо ён і просьбу нашу прыняў, і, будучы вельмі руплівым, па сваёй волі адправіўся да вас.

18. Разам з ім мы паслалі таксама брата, якога ва ўсіх цэрквах хваляць за дабравесце,

19. які, акрамя таго, і быў упаўнаважаны цэрквамі спадарожнічаць нам дзеля справы дабрачыннасці гэтай, якой мы служым на славу Самога Госпада і дзякуючы шчырасці вашай;

20. зрабілі мы гэта, каб ніхто не нарака́ў на нас пры такім мностве ахвяраванняў, даве́раных нам;

21. бо мы дбаем пра добрае не толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.

22. Мы паслалі разам з імі таксама брата нашага, руплівасць якога мы шмат разоў вы́прабавалі ў многім, а цяпер ён яшчэ больш руплівы з-за вялікай упэўненасці ў вас.

23. Што датычыць Ціта, то ён — мой таварыш, і для вас — супрацоўнік, а што да братоў нашых, то яны — пасланцы́ цэркваў, слава Хрыстова.

24. Дык вось, перад абліччам цэркваў дайце ім доказ любові вашай і таго, што мы справядліва хва́лімся вамі.

 

Раздзел 9

1. А пра служэнне святым няма мне патрэбы пісаць вам,

2. бо ведаю шчыры намер ваш і таму хвалюся вамі перад Македонцамі, што Ахаія была гатова з мінулага года, і ваш запа́л натхніў многіх.

3. Братоў жа я паслаў для таго, каб наша пахвала вамі ў гэтай справе не аказалася марнай, а, як я казаў, каб вы былі гатовы,  

4. і калі прыйдуць са мною Македонцы і знойдуць вас негатовымі, каб не былі пасаромлены мы — не кажу “вы”, — пахваліўшыся з такой упэўненасцю.  

5. Таму я палічыў неабходным упрасіць братоў прыйсці да вас раней і за́гадзя паклапаціцца, каб абяца́нае ўжо авяраванне ваша было гатова як ахвяраванне, а не як пабо́р.

6. Але вось што: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне.

7. Кожны няхай робіць, як падказвае сэ́рца, не з жалем ці па прыму́су, бо хто з радасцю дае, таго лю́біць Бог.

8. А Бог мае сілу ўзбагаціць вас усялякай благадаццю, каб вы, заўсёды ва ўсім маючы ўсялякі дастатак, былі багатымі на ўсякую добрую справу, 

9. як напісана: “шчодра раздаў, надзяліў бедных; праведнасць яго застаецца давеку”.

10. А Хто дае насенне сейбіту і хлеб на ежу, Той дасць багаты плён пасе́янаму вамі і ўзросціць плады праведнасці вашай,

11. каб вы ўсім багатыя былі на ўсялякую шчодрасць, якая праз нас учыня́е падзяку Богу.

12. Бо справа служэння гэтага не толькі пакрыва́е няста́чу, якая ёсць у святых, але і выкліка́е ў многіх вялікую падзяку Богу;

13. у выніку служэння гэтага яны праслаўляюць Бога за вашу пакорнасць ў вызна́нні Евангелля Хрыстовага і за шчырае ядна́нне з імі і з усімі,

14. і ў сваёй малітве за вас яны зычлівыя да вас за шчодрую благадаць Божую ў вас.

15. Дзякуем Богу за невымоўны дар Яго.

 

Раздзел 10

1. Сам жа я, Павел, малю́ вас дзеля лагоднасці і спага́длівасці Хрыстовай, — я сціплы, калі знаходжуся сярод вас, і рашу́чы ў адносінах да вас, калі адсу́тнічаю.

2. Прашу, каб мне, прыйшоўшы, не давялося праявіць рашучасць з той упэўненасцю, з якой я збіраюся смела выступіць супраць некаторых, што лічаць, нібы́та мы жывём паводле плоці.

3. Бо хоць мы жывём у плоці, але не паводле плоці ваюем; 

4. зброя змагання нашага не плоцкая, а ма́е сілу ад Бога на руйнаванне цвярдынь: ёю мы разбураем на́мыслы

5. і ўсялякае высакамер’е, якое паўстае супраць пазнання Божага, і бяром у палон усякую думку на паслушэнства Хрысту,

6. і гатовы пакараць усякае непаслушэнства, калі стане поўным ваша паслушэнства.

7. На аблічча зважа́еце́ Калі нехта ўпэўнены ў сабе, што ён Хрыстоў, то няхай зноў жа па сабе мяркуе, што, як ён Хрыстоў, так і мы Хрыстовы.

8. Бо калі б я і больш стаў хвалíцца ўладаю нашаю, якую Гасподзь даў нам на ўмацаванне ваша, а не на разбурэнне, то не быў бы пасаромлены.

9. Няхай не здаецца, быццам я палохаю вас у пасланнях.

10. Бо нехта кажа: “пасланні ва́жкія і моцныя, а пры асабістай прысутнасці ён сла́бы і слова яго нязначнае”;  

11. няхай той мае на ўвазе, што якія мы ў словах пасланняў, калі адсутнічаем, такія і ў справах, калі прысутнічаем.

12. Мы ж не смеем станавіцца ўпоравень ці параўноўваць сябе з тымі, якія саміх сябе выстаўляюць; яны, ме́раючы сябе самімі сабою і параўноўваючы сябе з сабою, робяць неразумна.

13. Мы ж не праз меру будзем хвалíцца, а па меры ўдзелу, які вы́значыў для нас Бог такою мераю, каб дайсці і да вас.

14. Бо мы не перавыша́ем вы́значанага нам, як было б, калі б мы не дайшлі да вас, таму што і да вас мы дайшлі з дабравесцем Хрыстовым;

15. мы не праз меру хва́лімся, не чужою працаю, а спадзяёмся з узрастаннем веры вашай значна павялічыць сярод вас удзел наш,

16. каб і па-за вашым краем прапаведаваць Евангелле, не хва́лячыся тым, што ўжо здзе́йснена пры чужым удзеле.

17. Хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца.

18. Бо не той годны, хто сам сябе выстаўля́е, а той, каго Гасподзь вылуча́е.

 

Раздзел 11

1. О, калі б вы маглі сцярпець хоць трохі маю неразумнасць! Але вы і церпіце́ мяне.

2. Бо я раўную вас Божай раўнівасцю, таму што я заручы́ў вас адзінаму Мужу, каб паставіць перад Хрыстом як дзеву чыстую.

3. Але баюся, каб, як Еву ашукаў змей хітрасцю сваёю, так і розум ваш не быў спаку́шаны, адхілíўшыся ад прастаты́ ў Хрысце.

4. Бо калі б нехта прыйшоў і прапаведаваў іншага Іісуса, якога мы не прапаведавалі, альбо вы атрымалі іншага духа, якога не атрымлівалі, альбо іншае дабравесце, якога не прымалі, — то вы б гэта цярпліва зносілі.

5. Але я лічу, што ні ў чым не маю недахопу ў параўнанні з тымі вышэйшымі Апосталамі:

6. хоць я і няўмелы ў слове, але не ў пазнанні; зрэшты, мы ва ўсім цалкам вядомы вам.

7. Ці саграшы́ў я тым, што прыніжа́ў сябе, каб узвы́сіць вас, бо я да́рам прапаведаваў вам Евангелле Божае́

8. Іншыя Цэрквы я абабра́ў, прымаючы ад іх плату для служэння вам; і калі быў у вас, хоць і цярпеў нястачу, але нікому не дакучаў,

9. бо нястачу маю́ пакрылі браты, якія прыйшлі з Македоніі; ды і ва ўсім я стараўся і буду стара́цца не абцяжарваць вас.

10. Ісцінай Хрыстовай, якая ўва мне, скажу, што пахвала́ гэтая не адымецца ў мяне ў землях Ахаіі.

11. Чаму я так раблю́ Ці таму, што не люблю вас? Богу вядома! Але як раблю, так і буду рабіць,

12. каб не даць нагоды тым, хто шукае нагоды, каб у тым, чым яны хва́ляцца, яны аказаліся такімі, як і мы.

13. Бо такія лжэапосталы, дзеячы хітрыя, прымаюць выгляд Апосталаў Хрыстовых.

14. І не дзіўна: таму што сам сатана прымае выгляд Ангела святла,

15. а таму няма нічога надзвыча́йнага, калі і служыцелі яго прымаюць выгляд служыцеляў праведнасці; канец іх будзе паводле спраў іх.

16. Зноў кажу: няхай не палíчыць нехта мяне неразумным; а калі і палíчыце, то хоць як неразумнага прымíце мяне, каб і я крыху́ чым-небудзь пахвалíўся.

17. Што скажу, тое не ў Госпадзе скажу, а нíбы ў неразумнасці, з такою адвагаю на пахвалу́; 

18. паколькі многія хва́ляцца паводле плоці, то і я буду хвалíцца.

19. Бо вы ахвотна церпіце́ неразумных, будучы разумнымі:

20. вы церпіце́, калі вас хто заняво́львае, калі хто аб’яда́е, калі хто абіра́е, калі хто ўзвышаецца, калі хто б’е вас па твары.

21. На сорам кажу, што мы аказаліся сла́бымі. А калі хтосьці на нешта адва́жваецца, то — скажу па неразумнасці — адва́жваюся і я.  

22. Яны Яўрэí і я. Яны Ізраільцяне́ і я. Яны семя Аўраамава́ і я.

23. Яны служыцелі Хрыста́ у безразважнасці кажу: я тым больш. У працы — значна больш, у ранах — намнога больш, у турмах — значна больш, у смяротнай небяспецы — шматразова. 

24. Ад Іудзеяў атрымаў я пяць разоў па сорак удараў без аднаго;

25. тройчы мяне білі кія́мі, адзін раз білі камяня́мі, тройчы я цярпеў караблекрушэнне, ноч і дзень прабыў у адкрытым моры;

26. шмат разоў быў у падарожжах, у небяспецы на рэках, у небяспецы ад разбойнікаў, у небяспецы ад супляменнікаў, у небяспецы ад язычнікаў, у небяспецы ў горадзе, у небяспецы ў пустыні, у небяспецы на моры, у небяспецы сярод ілжэбратоў,

27. у працы і знясіленасці, часта без сну, у голадзе і сма́зе, часта у по́сце, у холадзе і галечы.

28. Акрамя ўсяго іншага, у мяне штодзень сходы, клопат пра ўсе цэрквы.

29. Хто́ знемага́е, з кім бы я не знемага́ў? Хто́ спакуша́ецца, за каго б я не згара́ў?

30. Калі трэба хвалíцца, то буду хвалíцца слабасцю сваёю.

31. Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, благаславёны навекі, ведае, што я не лгу.

32. У Дамаску намеснік цара Арэты ахоўваў горад Дамаскійцаў, каб схапіць мяне; і я ў кашы́ быў спу́шчаны праз акно па сцяне і пазбег рук яго.

 

Раздзел 12

1. Не карысна хвалíцца мне; бо я перайду да відзе́нняў і адкравенняў Гасподніх.

2. Ведаю чалавека ў Хрысце, што чатырна́ццаць гадоў назад — ці ў целе, не ведаю, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, — узя́ты быў да трэцяга неба.

3. І ведаю пра гэтага чалавека — ці ў целе, ці не ў целе, не ведаю, Бог ведае, —

4. што ён быў узяты ў рай і чуў невымоўныя словы, якія чалавеку немагчыма выказаць.

5. Такім чалавекам буду хвалíцца; сабою ж не буду хваліцца, хіба́ толькі немачамі маімі.

6. Калі ж захачу пахваліцца, то не буду неразумным, бо скажу ісціну; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне звыш таго, што бачыць ува мне ці чуе ад мяне.

7. І каб я не ўзвыша́ў сябе з-за велічы адкравенняў, да́дзена мне джала ў плоць, ангел сатаны, каб мучыць мяне, каб я не ўзвыша́ў сябе.

8. Тройчы прасіў я Госпада пра тое, каб забраў яго ад мяне,

9. але Ён сказаў мне: “дастаткова табе благадаці Маёй, бо сіла Мая ў немачы здзяйсняецца”. Дык вось, я больш ахвотна буду хвалíцца сваімі немачамі, каб жыла́ ўва мне сіла Хрыстова.

10. Таму я знаходжу задавальне́нне, будучы ў немачах, у крыўдах, у няста́чах, у гане́ннях, ва ўціску дзеля Хрыста, бо калі я нямоглы, тады я моцны. 

11. Я дайшоў да неразумнасці, хва́лячыся, — вы мяне прыму́сілі. Бо вам нале́жала хвалíць мяне, таму што я ні ў чым не маю недахопу ў параўнанні з тымі вышэйшымі Апосталамі, хоць я і нішто:

12. уласцівасці ж Апостала былí вы́яўлены перад вамі ва ўсёй цярплівасці, у знаме́ннях, і цудах, і сілах.

13. Дык чаго вам не хапа́ла ў параўнанні з астатнімі цэрквамі, хіба толькі таго, што сам я не стаў цяжа́рам для вас? Прабачце мне гэтую віну.

14. Вось, трэці раз я гатовы прыйсці да вас, і не буду цяжа́рам для вас, бо я шукаю не вашага, а вас. Таму што не дзеці павінны назапа́шваць маёмасць для бацькоў, а бацькі для дзяцей.

15. Я ж вельмі ахвотна буду траціць і буду сябе растра́чваць дзеля душ вашых, нягледзячы на тое, што, вельмі любячы вас, я менш любімы.

16. Дапусцім, было так: я не абцяжарваў вас, але, будучы хітрым, я падманам браў з вас.

17. Хіба праз каго-небудзь з тых, каго я пасылаў да вас, я нечым карыстаўся ад вас?

18. Я папрасіў Ціта і паслаў разам з ім брата: ці ж скарыстаўся чым ад вас Ціт? хіба не ў адным духу мы дзейнічалí хіба не аднымі шляхамі хадзілі?

19. Зноў думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся́ Мы перад Богам, у Хрысце гаворым, а ўсё, узлю́бленыя, дзеля вашага настаўлення.

20. Таму што баюся, каб, прыйшоўшы да вас, я не знайшоў вас такімі, якімі не хачу, таксама каб і вы не знайшлі мяне такім, якім не хочаце: каб не было спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, паклёпаў, нагавораў, пыхі, бязладдзяў,

21. каб зноў, калі прыйду, не прынізіў мяне Бог мой у вас і каб не аплакваць мне многіх, якія саграшылі раней і не пакаяліся ў нечыстаце, і блудзе, і распусце, што яны ўчынілі.

 

Раздзел 13

1. Вось ужо трэці раз я іду да вас: вуснамі двух ці трох сведкаў пацве́рдзіцца кожнае слова.

2. Я раней гаварыў і кажу на будучае, — як тады, калі быў прысутны другі раз, так і цяпер, будучы адсутным, — пішу тым, якія раней саграшылі, і астатнім усім, што, як зноў прыйду, то не дам літасці,

3. паколькі вы шукаеце доказу, што ўва мне гаворыць Хрыстос, Які не бяссільны ў адносінах да вас, а ма́е сілу ў вас.

4. Бо хоць Ён і быў распяты ў немачы, але жывы́ сілаю Божаю; таксама і мы, хоць і немачныя ў Ім, але будзем жывы́я з Ім сілаю Божаю ў вас.

5. Правярайце саміх сябе, ці ў веры вы; саміх сябе выпрабоўвайце. Няўжо вы не ведаеце саміх сябе, што Іісус Хрыстос — у вас? Хіба толькі вы — нявартыя.

6. Пра нас жа, спадзяюся, даведаецеся, што мы не нявартыя.

7. Молім Бога, каб вы не рабілі ніякага зла, не дзеля таго, каб нам паказацца вартымі, але каб вы рабілі дабро, а мы як нявартыя былі.

8. Бо мы не маем сілы супраць ісціны, а толькі за ісціну.

9. Мы радуемся, калі мы немачныя, а вы моцныя; за гэта і молімся, за ваша ўдасканаленне.

10. Дзеля таго я і пішу гэта, будучы адсутным, каб, прысутнічаючы, не дзейнічаць сурова сілаю ўлады, якую Гасподзь даў мне на стварэнне, а не на разбурэнне.

11. Дык вось, браты, радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, захоўвайце мір, — і Бог любові і міру будзе з вамі.

12. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе святыя.

13. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста, і любоў Бога Айца, і супольнасць Святога Духа з усімі вамі. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.