Да Фесаланікійцаў 1-е Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4   5

 

Раздзел 1

1. Павел, і Сілуан, і Цімафей Царкве Фесаланікійскай у Богу Айцу і Госпадзе Іісусе Хрысце: благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

2. Дзякуем Богу заўсёды за ўсіх вас, паміна́ючы вас у малітвах нашых,

3. пастаянна па́мятаючы вашу справу веры, і працу любові, і трыва́ласць надзеі на Госпада нашага Іісуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым,

4. ведаючы, узлю́бленыя Богам браты, абра́насць вашу;

5. бо наша дабраве́сце ў вас адбыва́лася не толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакана́насці; вы самі ведаеце, якімі мы былí для вас сярод вас.

6. І вы сталі перайма́льнікамі нашымі і Госпада, прыня́ўшы слова ў горасцях многіх з радасцю Духа Святога,

7. так што вы сталі ўзорам для ўсіх веруючых у Македоніі і Ахаіі.

8. Бо ад вас разне́слася слова Гасподняе не толькі па Македоніі і Ахаіі, але і ва ўсіх краях вера ваша ў Бога стала вядомай, так што ў нас няма патрэбы пра гэта гаварыць.

9. Бо самі яны пра нас расказваюць, якім быў наш прыход да вас і як вы павярнуліся да Бога ад ідалаў, каб служы́ць Богу жывому і ісціннаму

10. і чакаць з нябёс Сына Яго, Якога Ён уваскрасіў з мёртвых, Іісуса, Які збаўляе нас ад надыхо́дзячага гневу.

 

Раздзел 2

1. Вы ж самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што не ма́рны ён быў;

2. але, перацярпеўшы пакуты і знявагі ў Філіпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам дабравесце Божае пры моцным супрацьстая́нні.

3. Бо навуча́нне наша не выніка́е ні з памы́лкі, ні з нечыстаты́, ні з падма́ну;

4. але паколькі Бог вы́прабаваў нас і даверыў нам дабраве́сце, то мы і гаворым, дагаджаючы не людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашы.

5. Бо ніколі не было ў нас ні слоў ліслíвасці, як вы ведаеце, ні кары́слівага наме́ру, — Бог сведка! —

6. і не шукаем людской славы ні ад вас, ні ад іншых:

7. мы маглі паказаць сваю вагу́ як Апосталы Хрыстовы, але былí лагоднымі сярод вас, як кармíцелька, што пе́сціць сваіх дзяцей.

8. Так мы, у шчырым памкне́нні да вас, жадаем перадаць вам не толькі дабравесце Божае, але і душы нашы, бо вы сталі для нас узлю́бленымі.

9. Вы ж па́мятаеце, браты, цяжкую працу нашу і намага́нні: бо ўночы і ўдзень мы працавалі, каб не абцяжарыць каго з вас, і прапаведавалі вам дабравесце Божае.

10. Вы і Бог — сведкі таго, як свята, і праведна, і бездакорна ставіліся мы да вас, веруючых,

11. бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, падобна як бацька дзяцей сваіх,

12. прасілі, і заахвочвалі, і пераконвалі, каб выпаводзілі сябе дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.

13. Таму мы і дзякуем Богу пастаянна за тое, што, прыняўшы ад нас пачутае слова Божае, вы ўспрынялí яго не як слова чалавечае, але як слова Божае, якім яно сапраўды́ з’яўля́ецца і дзейнічае ў вас, веруючых.

14. Бо вы, браты, сталі пераймальнікамі цэркваў Божых у Хрысце Іісусе, тых, што ў Іудзеі, бо вы перацярпелі ад сваіх супляме́ннікаў тое самае, што і яны ад Іудзеяў,

15. якія забілі і Госпада Іісуса, і Яго прарокаў, і нас выгналі, і Богу не дагаджаюць, і ўсім лю́дзям працíвяцца;

16. яны перашкаджа́юць нам прапаве́даваць язычнікам, каб тыя спаслíся, і гэтым памнажаюць грахі свае заўсёды; але гнеў насцíгнуў іх урэшце.

17. Мы ж, браты, асірацелі без вас, разлу́чаныя на нейкі час знешне, але не ў сэрцы, з яшчэ большым жаданнем імкнуліся ўбачыць аблічча ваша.

18. Таму мы хацелі прыйсці да вас, а я, Павел, — дык і раз, і другі, але перашкодзіў нам сатана.

19. Бо хто наша надзея ці радасць, ці вянок пахвалы́? Хіба́ ж і не вы, перад Госпадам нашым Іісусам Хрыстом у час прышэ́сця Яго́

20. Бо вы — слава наша і радасць.

 

Раздзел 3

1. І таму, не вы́трываўшы ўжо, мы вы́рашылі лепш заста́цца ў Афінах адны,

2. і паслалі Цімафея, брата нашага і служы́целя Божага і супрацоўніка нашага ў дабравесці Хрыстовым, каб умацава́ць вас і суце́шыць у веры вашай,

3. каб ніхто не пахіснуўся ў го́расцях гэтых; бо вы самі ведаеце, што так нам вы́значана.

4. Бо мы і тады, калі былí ў вас, прадказвалі вам, што будзем паку́таваць, як і здарылася, і вы гэта ведаеце.

5. Таму і я, не вы́трываўшы ўжо, паслаў даведацца пра веру вашу, ці не спакусíў ча́сам вас спакуснік і не стала марнаю праца наша.

6. А цяпер, калі да нас прыйшоў ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашу, і пра тое, што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, пра́гнучы нас убачыць, як і мы вас,  

7. то мы, пры ўсім горы і нястачы нашай, суце́шаны вамі, браты, вераю вашай;

8. бо цяпер мы ажыва́ем, калі вы стаіце́ ў Госпадзе.

9. Якую ж падзяку можам мы ўзне́сці Богу за вас, за ўсю радасць, якою мы радуемся з-за вас перад Богам нашым,

10. ноч і дзень найшчырэ́й молячыся пра тое, каб убачыць аблічча ваша і дапоўніць тое, чаго не хапа́е веры вашай?

11. Няхай жа Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Іісус Хрыстос вы́раўнуе шлях наш да вас.

12. А вас Гасподзь няхай напоўніць і ўзбагацíць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, такою самаю, як мы маем яе да вас,

13. каб умацаваць сэрцы вашы і зрабіць іх бездакорнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі святымі Яго. Амінь.

 

Раздзел 4

1. Нарэшце, браты, просім вас і молім Госпадам Іісусам, каб вы, пераня́ўшы ад нас тое як нале́жыць вам жыць і дагаджа́ць Богу, — што вы і робіце, — у гэтым яшчэ больш удаскана́льваліся,

2. вы ж ведаеце, якія наказы мы далі вам ад Госпада Іісуса.

3. Бо воля Божая — асвячэ́нне ваша, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;

4. каб ведаў кожны з вас, як захоўваць свой сасуд* у святасці і годнасці,

5. а не ў запа́ле пажа́длівасці, падобна язы́чнікам, якія не ведаюць Бога;

6. каб вы не парушалі закону і не падма́нвалі ў гэтым брата свайго, бо кара́е Гасподзь за ўсё гэта, як і казалі мы вам раней і сведчылі.

7. Таму што паклікаў нас Бог не да нечыстаты́, а да святасці.

8. Дык вось, хто не прызнае́ гэтага, той не чалавека не прызнае́, а Бога, Які і даў нам Духа Свайго Святога.

9. Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, таму што вы самі наву́чаны Богам любíць адно аднаго;

10. бо вы так і ста́віцеся да усіх братоў ва ўсёй Македоніі. Закліка́ем жа вас, браты, яшчэ больш удаскана́львацца

11. і намага́цца жыць спакойна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;

12. каб вы паводзілі сябе добрапрысто́йна перад зне́шнімі і ні ў чым не мелі нястачы.

13. Не хачу ж, браты, пакінуць вас у няве́данні пра паме́рлых, каб вы не смуткава́лі, як іншыя, якія не маюць надзеі.

14. Бо калі мы веруем, што Іісус памёр і ўваскрэс, то і памерлых у Іісусе Бог прывядзе з Ім.

15. Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія засталіся да прышэ́сця Гасподняга, не апярэ́дзім памерлых,

16. таму што Сам Гасподзь пры за́кліку, пры голасе Архангела і гу́ку трубы́ Божай, сы́дзе з неба, і мёртвыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі;

17. потым мы, хто застане́цца жывы, разам з імі ўзяты будзем на воблакі на сустрэчу Госпада ў паветры, і так заўсёды з Госпадам будзем.

18. Дык вось, суцяша́йце адно аднаго гэтымі словамі.

 

Раздзел 5

1. А пра часы і тэрміны няма патрэбы пісаць вам, браты,

2. бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні прыйдзе так, як злодзей уначы́.

3. Бо калі будуць казаць: “мір і бяспека”, тады раптам іх насцігне пагібель, як му́ка ў родах насцігае цяжарную, і не пазбе́гнуць.

4. Але вы, браты, не ў цемры, каб дзень той застаў вас, як злодзей;

5. бо ўсе вы — сыны святла і сыны дня: мы — не сыны ні ночы, ні цемры.

6. Дык вось, не будзем спаць, як іншыя, а будзем пільнымі і цвярозымі.

7. Бо, тыя, што спяць, уначы́ спяць, і тыя, што ўпіва́юцца, уначы́ упіва́юцца.

8. Мы ж, як сыны дня, будзем цвярозымі, апрану́ўшы браню́ веры і любові і шлем надзеі на спасенне,

9. таму што Бог прызна́чыў нас не на гнеў, а на тое, каб мы атрымалі спасенне праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,

10. Які памёр за нас, каб мы, ці не спім, ці спім, жылí з Ім разам.

11. Таму суцяша́йце адно аднаго і настаўля́йце адно аднаго, як вы і робіце.

12. Просім жа вас, браты, паважаць тых, хто працуе ў вас, і хто ўзнача́львае вас ў Госпадзе, і хто настаўля́е вас,

13. і шанаваць іх асабоіва, з любоўю, за справу іх; жывіце ў міры паміж сабою.

14. Закліка́ем вас таксама, браты, абразумля́йце бясчы́нцаў, суцяшайце маладушных, падтры́млівайце сла́бых, будзьце доўгацярплíвымі да ўсіх.

15. Глядзіце, каб ніхто нікому не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адзін аднаму, і ўсім.

16. Заўсёды радуйцеся.

17. Няспы́нна маліцеся.

18. За ўсё дзякуйце: бо такая для вас воля Божая ў Хрысце Іісусе.

19. Духа не гасíце.

20. Прароцтвамі не пагарджа́йце.

21. Усё выпрабо́ўвайце, добрага трыма́йцеся.

22. Ад усякага роду зла ўстры́млівайцеся.

23. Сам жа Бог міру няхай асвяцíць вас ва ўсёй паўнаце, і няхай ваш дух, і душа, і цела ва ўсёй іх цэласці захаваюцца беззага́ннымі ў прышэсце Госпада нашага Іісуса Хрыста.

24. Верны Той, Хто закліка́е вас, Які і здзе́йсніць гэта.

25. Браты! маліцеся за нас.

26. Вітайце ўсіх братоў пацалу́нкам святы́м.

27. Заклінаю вас Госпадам прачытаць гэтае пасла́нне ўсім святы́м брата́м.

28. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі. Амінь.

 


* Г. зн. сваё цела; іншае значэнне: сваю жонку.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.