Да Фесаланікійцаў 2-е Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3

 

Раздзел 1

1. Павел, і Сілуан, і Цімафей — Царкве Фесаланікійкай ў Богу Айцу нашым і Госпадзе Іісусе Хрысце:

2. благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

3. Мы заўсёды павінны дзя́каваць Богу за вас, браты, як гэта нале́жыць, бо ўзраста́е вера ваша і памнажа́ецца ў кожнага з усіх вас любоў аднаго да другога,

4. так што мы самі хва́лімся вамі ў цэрквах Божых, цярплівасцю вашай і вераю ва ўсіх ганеннях і ўцісках, якія вы перано́сіце;

5. гэта знак таго, што будзе праведны суд Божы, каб вы ўдастоіліся Царства Божага, дзеля якога вы і паку́туеце.

6. Бо справядліва ў Бога — адплацíць прыгнётам тым, хто вас прыгнята́е,

7. а вам, прыгне́чаным, даць супакае́нне разам з намі ў час яўле́ння з неба Госпада Іісуса з ангеламі сілы Яго,

8. у полымі агню, Які дасць адплату тым, хто не знае Бога і не слухаецца дабраве́сця Госпада нашага Іісуса Хрыста;

9. яны ў пакара́нне пры́муць пагібель вечную ад аблічча Госпада і ад славы магутнасці Яго,

10. калі Ён прыйдзе прасла́віцца ў святых Сваіх і явíць Сябе дзівосным у дзень той ва ўсіх веруючых, бо вы паверылі нашаму све́дчанню.

11. Дзеля гэтага і молімся заўсёды за вас, каб удастоіў вас паклíкання Бог наш і усякае памкне́нне да дабра і справу веры напоўніў сілаю,

12. каб праславілася імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў вас, і вы ў Ім, па благадаці Бога нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

 

Раздзел 2

1. Молім жа вас, браты: адносна прышэсця Госпада нашага Іісуса Хрыста і нашай сустрэчы з Ім

2. не спяшайцеся вага́цца розумам і не бянтэ́жцеся ні ад духа, ні ад слова, ні ад паслання, нібыта намі пасла́нага, быццам ужо настаў дзень Хрыстоў.

3. Няхай ніхто не ўвядзе вас у зман ніякім чынам: бо спачатку прыйдзе адступле́нне і адкры́ецца чалавек беззаконня, сын пагібелі,

4. супраціўнік, які будзе ўзвыша́ць сябе над усім, што называецца Богам ці святыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы́ сябе за Бога.

5. Хіба́ не па́мятаеце, што, яшчэ будучы з вамі, я казаў вам пра гэта́

6. І цяпер тое, што стры́млівае, вы ведаеце, каб ён адкрыўся ў свой час.

7. Бо тайна беззаконня ўжо ў дзеянні, толькі ёсць той, хто стрымлівае цяпер, да таго часу, пакуль ён не будзе ўзяты з асяро́ддзя;

8. і тады адкры́ецца беззаконнік, якога Гасподзь Іісус заб’е по́дыхам ву́снаў Сваіх і знішчыць ззя́ннем прышэ́сця Свайго, —

9. той, чый прыход, праз дзе́янне сатаны, будзе з усёю сілаю, і знаме́ннямі, і цудамі лжывымі,

10. і з усякім падма́нам няправедным у дачыне́нні да тых, што гінуць, паколькі не прынялі яны любові да ісціны, каб спасціся.

11. І за гэта Бог пашле на іх уздзе́янне аблу́ды, так што яны будуць верыць хлусні,

12. каб асу́джаны былí ўсе тыя, што не паверылі ісціне, а ўпадаба́лі няпраўду.

13. А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, узлю́бленыя Госпадам браты, таму што Бог ад пачатку выбраў вас для спасення праз асвячэнне Духам і веру ў ісціну,

14. да чаго і паклікаў вас праз дабраве́сце наша, каб вы атрымалі славу Госпада нашага Іісуса Хрыста.

15. Так што, браты, стойце і трыма́йцеся пада́нняў, якім вы навучаны ці праз слова, ці праз пасланне наша.

16. А Сам Гасподзь наш Іісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў суцяшэнне вечнае і надзею добрую ў благадаці,

17. няхай суце́шыць вашы сэрцы і няхай умацуе вас ва ўсякім слове і справе добрай.

 

Раздзел 3

1. Дык вось, браты, маліцеся за нас, каб слова Гасподняе хутка распаўсю́джвалася і праслаўля́лася, як і ў вас,

2. і каб мы былі пазба́ўлены ад нягодных і злых людзей; бо не ва ўсіх ёсць вера.

3. Але верны Гасподзь, Які ўмацуе вас і захавае ад злога.

4. І мы ў Госпадзе ўпэўнены адносна вас, што вы робіце і будзеце рабіць тое, што мы наказваем вам.

5. А Гасподзь няхай скіруе сэрцы вашы да любові Божай і цярплівасці Хрыстовай.

6. Мы ж нака́зваем вам, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб вы аддаля́ліся ад кожнага брата, які жыве бясчы́нна, а не паводле пада́ння, прыня́тага ад нас,

7. бо вы самі ведаеце, як нале́жыць вам пераймаць нас; мы ж не рабілі бясчынства ў вас,

8. ні ў кога не елі хлеба дарма, а старанна і напружана працавалі ўночы і ўдзень, каб не стаць цяжа́рам каму-небудзь з вас,

9. не таму, што мы не ма́ем пра́ва, а каб праз саміх сябе пада́ць вам пры́клад для перайма́ння.

10. Бо і тады, як былі ў вас, мы нака́звалі вам вось што: калі хто не хоча працаваць, той няхай і не есць.

11. Але чуем пра некаторых, што жывуць сярод вас бясчы́нна, нічога не робяць, а ўме́шваюцца не ў свае справы;

12. такім нака́зваем і закліка́ем іх дзеля Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб яны, спакойна працу́ючы, елі свой хлеб.

13. А вы, браты, не па́дайце духам, робячы дабро.

14. Калі ж хто не паслу́хае ска́занага намі ў гэтым пасла́нні, таго майце на прыкме́це і не ўступа́йце ў зно́сіны з ім, каб пасароміць яго;

15. аднак не лічы́це яго ворагам, а настаўля́йце на розум, як брата.

16. Сам жа Гасподзь міру няхай дае вам мір заўсёды ва ўсім. Гасподзь з усімі вамі!

17. Вітанне маёю рукою, Паўлаваю, што слу́жыць зна́кам у кожным пасла́нні; пішу я так:

18. благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.