Да Галатаў Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4   5   6

 

Раздзел 1

1. Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Іісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,

2. і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыйскім:

3. благадаць вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Іісуса Хрыста,

4. Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вызваліць нас з цяперашняга веку злога, па волі Бога і Айца нашага;

5. Яму слава на векі вякоў. Амінь.

6. Здзіўляюся, што вы ад Таго, Хто паклікаў вас благадаццю Хрыстовай, так хутка пераходзіце да іншага дабравесця,

7. якое і не з’яўляецца іншым, але ёсць некаторыя, што сеюць смуту сярод вас і хочуць сказіць дабравесце Хрыстова.

8. Калі б нават мы альбо Ангел з неба стаў дабраве́сціць вам не тое, што мы дабраве́сцілі вам, — няхай будзе анафема.

9. Як раней мы сказалі, так і цяпер зноў кажу: калі хто дабраве́сціць вам не тое, што вы прынялí, — няхай будзе анафема.  

10. Ці ў людзей я цяпер шукаю прыхільнасці, ці ў Бога́ хіба лю́дзям намагаюся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ лю́дзям дагаджаў, то не быў бы рабом Хрыстовым.

11. Абвяшчаю вам, браты, што Евангелле, якое я дабраве́сціў, не ёсць нешта чалавечае;

12. бо і я не ад чалавека прыняў яго і быў наву́чаны, а праз адкравенне Іісуса Хрыста.

13. Вы ж чулі пра маё ранейшае жыццё ў Іудзействе, пра тое, што я жорстка пераследаваў Царкву Божую і вынішчаў яе, 

14. і пераўзыходзіў у Іудзействе многіх равеснікаў з роду майго, будучы заўзя́тым паборнікам бацькоўскіх паданняў маіх.

15. Калі ж Бог, Які вы́браў мяне ад улоння маці маёй і паклікаў благадаццю Сваёю, пажада́ў

16. адкрыць Сына Свайго ўва мне, каб я дабраве́сціў Яго сярод язычнікаў, то я адразу не стаў раіцца з плоццю і крывёю

17. і не пайшоў у Іерусалім да тых, якія раней за мяне сталі Апосталамі, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.

18. Потым, праз тры гады, хадзіў я ў Іерусалім пазнаёміцца з Пятром і прабыў у яго пятнаццаць дзён.

19. Іншага ж з Апосталаў я не бачыў нікога, акрамя Іакава, брата Гасподняга.

20. А тое, што пішу вам, — вось, перад Богам, — не лгу.

21. Потым пайшоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.

22. Цэрквам Хрыстовым у Іудзеі я асабіста не быў вядомы,

23. а толькі чулі яны, што той, хто некалі пераследаваў іх, цяпер дабраве́сціць веру, якую тады вынішчаў, —

24. і праслаўлялі за мяне Бога.

 

Раздзел 2

1. Потым, праз чатырна́ццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Іерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.

2. Хадзіў жа паводле адкравення і тое дабравесце, якое прапаведую язычнікам, вы́клаў ім, а асобна — самым шанаваным, каб вы́значылі, ці не марна я прыклада́ю і прыклада́ў свае сілы.

3. Але і Ціта, які быў са мною, не прымушалі абрэзацца, хоць ён і Элін.

4. А што да лжэбратоў, якія скрытна праніклі, каб падгле́дзець свабоду нашу, якую мы маем у Хрысце Іісусе, і каб паняволіць нас,

5. то мы не саступілі і не падпарадкава́ліся ім ні на хвіліну, каб ісціна дабравесця захавалася ў вас.

6. І ў шанаваных за нешта, якімі б яны калісьці ні былі, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І шанаваныя не ўсклалі на мяне нічога больш;

7. наадварот, убачыўшы, што мне даверана дабравесце для неабрэзаных, як Пятру для  абрэзаных, —

8. бо Той, Хто садзейнічаў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, садзейнічаў і мне сярод язычнікаў, —

9. і даведаўшыся пра благадаць, дадзеную мне, Іакаў, і Кіфа, і Іаан, якіх шанавалі як стаўпоў, падалí мне і Варнаву руку́ адзінства, каб нам ісці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,

10. толькі каб мы памяталі пра ўбогіх, што якраз стараўся я выконваць.

11. Калі ж Пётр прыйшоў у Антыяхію, то я адкрыта выступіў супраць яго, таму што ён быў варты дакору:

12. бо да прыходу некаторых ад Іакава ён еў разам з язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў ухіляцца і трымацца асобна, баючы́ся абрэзаных.

13. Крывадушнічалі разам з ім і іншыя Іудзеі, так што нават Варнава паддаўся іх крывадушнасці.

14. Але калі я ўбачыў, што яны не ідуць прама паводле ісціны Дабравесця, то сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты, будучы Іудзеем, жывеш па-язычніцку, а не па-іудзейску, то навошта язычнікаў прымушаеш жыць па-іудзейску́

15. Мы па прыродзе Іудзеі, а не з язычнікаў грэшнікі;

16. аднак, даведаўшыся, што чалавек атрымлівае апраўданне не паводле спраў закона, а толькі праз веру ў Іісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Іісуса, каб быць апраўда́нымі вераю ў Хрыста, а не справамі закона; бо справамі закона не будзе апраўда́на ніякая плоць.

17. Калі ж, шукаючы апраўдання ў Хрысце, мы і самі аказаліся грэшнікамі, то няўжо Хрыстос — слуга граху́ Ні ў якім разе!

18. Бо калі я зноў будую тое, што разбуры́ў, тады сам сябе раблю злачынцам.

19. Я ж праз закон памёр для закона, каб жыць для Бога. Я — распя́ты з Хрыстом,

20. і ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў плоці, то жыву вераю ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.

21. Не адкіда́ю благадаці Божай. Бо калі апраўданне дасягаецца праз закон, то Хрыстос памёр марна.

 

Раздзел 3

1. О, неразумныя Галаты! хто вас так зачараваў, каб не скара́ліся ісціне, вас, перад вачыма якіх апíсаны быў Іісус Хрыстос, нíбы сярод вас распя́ты́

2. Толькі адно хачу ведаць ад вас: праз справы закона вы атрымалі Духа ці праз пропаведзь веры́

3. Хіба́ вы такія неразумныя, што, пачаўшы Духам, цяпер завяршаеце плоццю́

4. Няўжо вы столькі перацярпелі марна́ Калі б толькі марна!

5. Той, Хто дае вам Духа і здзяйсняе сярод вас цуды, робіць гэта праз справы закона ці праз пропаведзь веры́

6. Так, як Аўраам паверыў Богу, і гэта залічылася яму як праведнасць.

7. Дык ведайце, што веруючыя — гэта сыны Аўраамавы.

8. І Пісанне, прадбачачы, што Бог па веры апраўдае язычнікаў, прадвясціла Аўрааму: "у табе благаславёныя будуць усе народы".

9. Так што веруючыя благаслаўляюцца з верным Аўраамам,

10. а ўсе, хто спадзяецца ад справы закона, тыя пад пракляццем. Бо напісана: "пракляты кожны, хто не трымаецца ўсяго, што напíсана ў кнізе закона, каб вы́канаць гэта".

11. А што законам ніхто не атрымлівае апраўдання перад Богам, гэта ясна, бо праведны вераю жывы будзе.

12. Закон жа не ад веры; наадварот, у ім ска́зана: хто выконвае яго, той жывы́ будзе ім.

13. Хрыстос выкупіў нас ад пракляцця закона, зрабіўшыся за нас пракляццем, — бо напісана: "пракляты кожны, хто вісіць на дрэве", —

14. каб благаславенне Аўраамава было́ праз Хрыста Іісуса на язычніках, каб абяцанага Духа мы атрымалі па веры.

15. Браты! я кажу́, разважа́ючы як чалаве́к: нават чалавекам зацверджанага завяшчання ніхто не адмяня́е і не дапаўня́е.

16. Аўрааму ж дадзены былі абяцанні і се́мені яго. Не сказана: "і насе́нню", як пра многіх, а як пра аднаго: "і се́мені твайму", якое ёсць Хрыстос.

17. Вось што я кажу: раней зацверджанага Богам запавету пра Хрыста закон, які з’явіўся на чатырыста трыццаць гадоў пазней, не адмяняе і не скасоўвае абяцання.

18. Бо калі паводле закона спадчына, то ўжо не паводле абяцання; але Аўрааму Бог даў гэта паводле абяцання.

19. Навошта ж закон? Ён быў дададзены пазней з-за злачынстваў, — да часу прышэсця семені, якому дадзена абяцанне, — і перададзены праз ангелаў, рукою пасрэдніка.

20. Але пасрэдніка пры адным не бывае, а Бог адзін.

21. Дык што, закон супраць абяцанняў Божых? Ні ў якім разе! Бо калі б дадзены быў закон, які можа даваць жыццё, то сапраўды праведнасць была б ад закона;

22. але Пісанне ўсё замкнула пад грахом, каб абяцанне дадзена было па веры ў Іісуса Хрыста веруючым.

23. Але да таго як прыйшла вера, мы былі замкнёнымі пад вартаю закона ў чаканні адкрыцця веры.

24. Так што закон стаў для нас выхавацелем, які вёў да Хрыста, каб мы былі апраўда́ны вераю;

25. калі ж прыйшла вера, то мы ўжо не пад апекай выхавацеля.

26. Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Іісуса;

27. усе вы, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.

28. Няма ўжо ні Іудзея, ні язычніка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы — адно ў Хрысце Іісусе.

29. Калі ж вы Хрыстовы, то вы — семя Аўраамава і паводле абяцання спадкаемцы.

 

Раздзел 4

1. Яшчэ скажу: спадкае́мец у той час, пакуль ён дзіця, нічым не адрозніваецца ад раба, хоць ён і гаспадар усяго:

2. ён пад апекунамі і домаўпра́ўнікамі да часу, прызна́чанага ба́цькам.

3. Гэтак і мы, калі былí дзе́цьмі, то былí ў рабстве ў стыхій свету;

4. а калі прыйшла паўната́ часу, Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам,

5. каб выкупіць падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўле́нне.

6. А паколькі вы — сыны, то паслаў Бог у сэрцы вашы Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: Авва, Ойча!

7. Таму ты ўжо не раб, а сын; калі ж сын, то і спадкае́мец Божы праз Іісуса Хрыста.

8. Але тады, не ведаючы Бога, вы былі рабамі тых, што па прыродзе не багі;

9. цяпер жа, спазна́ўшы Бога, а лепш сказаць, спазна́ныя Богам, навошта вы вярта́ецеся зноў да сла́бых і нікчэмных стыхій, у якіх хочаце зноў, як раней, стаць рабамí

10. Вы зважа́еце на дні, месяцы, поры і гады.

11. Баюся за вас, ці не ма́рна я працаваў для вас.

12. Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:

13. вы ведаеце, што я ў немачы плоці дабраве́сціў вам першы раз,

14. але вы да спакушэння майго ў плоці маёй не аднесліся з пага́рдай і не пагрэбавалі, а прынялí мяне як Ангела Божага, як Хрыста Іісуса.

15. Якімі ж вы былі блажэннымі! Сведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вочы свае вырвалі і аддалí мне.

16. Дык што, няўжо я стаў ворагам вашым, гаворачы вам праўду́

17. Ру́пяцца пра вас не на дабро, а хочуць вас адасо́біць, каб вы ру́піліся пра іх.

18. Добра б ру́піцца пра добрае заўсёды, а не толькі тады, калі я прысу́тны сярод вас.

19. Дзеткі мае́, якіх я зноў у пакутах нараджа́ю, пакуль вобраз Хрыста не вы́явіцца ў вас!

20. Хацеў бы я цяпер быць у вас і па-іншаму ве́сці размову, бо я ў недаўме́нні адносна вас.

21. Скажыце мне вы, якія хочаце быць пад законам: хіба вы не слухаеце закона́

22. Бо напісана: "Аўраам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад свабоднай".

23. Але той, што ад рабыні, нарадзіўся па плоці, а той, што ад свабоднай, — паводле абяцання.

24. Тут ёсць іншасказа́нне. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінай, які нараджае для рабства, гэта Агар,

25. бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавяда́е цяперашняму Іерусаліму, бо ён з дзе́цьмі сваімі ў рабстве;

26. а вышні Іерусалім свабодны: ён — маці ўсім нам.

27. Бо напісана: "узвесяліся, няплодная, якая не нараджа́ла; усклікні і вы́гукні, ты, якая не паку́тавала ў родах; бо намнога больш дзяцей у пакінутай, чым у той, якая ма́е мужа".

28. Мы, браты, — дзеці абяцання, як Ісаак.

29. Але як тады народжаны па плоці гнаў народжанага па духу, гэтак і цяпер.

30. Што ж кажа Пісанне́ "Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыні не будзе спадкае́мцам разам з сынам свабоднай".

31. Дык вось, браты, мы дзеці не рабыні, а свабоднай.

 

Раздзел 5

1. Дык стойце ж у свабодзе, дзеля якой Хрыстос вы́зваліў нас, і не аддавайце сябе зноў у ярмо рабства.

2. Вось, я, Павел, кажу вам: калі вы будзеце абрэ́звацца, то не будзе вам ніякае карысці ад Хрыста.

3. Яшчэ све́дчу кожнаму чалавеку, які абрэ́зваецца, што ён павінен вы́канаць увесь закон.

4. Вы, якія апра́ўдваеце сябе законам, засталíся без Хрыста, адпа́лі ад благадаці,

5. а мы духам з надзеяй чакаем праведнасці ад веры.

6. Бо ў Хрысце Іісусе не мае сілы ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а вера, якая дзейнічае праз любоў.

7. Вы беглі[*] добра: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісціне́

8. Гэтае ўздзеянне не ад Таго, Хто закліка́е вас.

9. Мала́я закваска ўсё цеста заквашвае.

10. адносна вас я ўпэўнены ў Госпадзе, што вы не будзеце думаць інакш; а той, хто сее смуту сярод вас, панясе асуджэнне, хто б ён ні быў.

11. Я ж, браты, калі б усё яшчэ прапаведаваў абрэзанне, то за што б мяне гналі яшчэ́ тады б знікла спакуса крыжа.

12. Няхай аско́пяць сябе тыя, што сеюць смуту сярод вас!

13. Вы ж да свабоды заклíканы, браты, каб толькі свабода тая не была́ дагаджа́ннем плоці; а вы любоўю служы́це адзін аднаму.

14. Бо ўвесь закон у адным выслоўі змяшчаецца: "любі бліжняга твайго, як самога сябе".

15. Калі ж вы адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, то глядзіце, каб адзін адным не былі вы знíшчаны.

16. Я кажу: жывіце паводле духу, і вы не будзеце выконваць пажа́днасцей плоці;

17. бо плоць жадае таго, што супраціўнае духу, а дух — тыго, што супраціўнае плоці: яны адно аднаму супрацьстая́ць, каб вы не тое рабілі, чаго хацелі б.

18. Калі ж вы духам кіруецеся, то вы не пад законам.

19. Учынкі плоці вядомы, вось яны: пралюбадзе́йства, блуд, нечыстата́, разбэ́шчанасць,

20. ідаласлужэнне, чарадзейства, варожасць, сваркі, за́йздрасць, гнеў, зва́ды, раздоры, спакусы, ерасі,

21. нянавісць, забойствы, п'янства, бясчынствы і таму падобнае; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўнаследуюць.

22. Плод жа духу: любоў, радасць, мір, доўгацярплівасць, добрасць, міласэрнасць, вера,

23. лагоднасць, устры́манасць. На такіх няма закону.

24. Тыя ж, якія належаць Хрысту, распялі цела са страсцямі і пажаднасцямі.

25. Калі мы жывём духам, то паводле духу і ўчынкі рабіць павінны.

26. Не будзем ганарыцца сабою, адзін аднаго раздражня́ць, адзін аднаму зайздросціць.

 

Раздзел 6

1. Браты! калі і ўпадзе чалавек у нейкае саграшэнне, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, пільнуючы кожны сябе, каб не быць спаку́шаным.

2. Насіце цяжа́ры адзін аднаго, і гэтак вы́канаеце закон Хрыстоў.

3. Бо хто лічыць сябе не́чым, будучы нічы́м, той ашуквае самога сябе.

4. Кожны няхай вывярае свае дзе́янні, і тады будзе мець падставу для пахвалы́ толькі ў самім сабе, а не ў іншым,

5. бо кожны панясе сваю но́шу.

6. Той, каго настаўляюць словам, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.

7. Не ашуквайце сябе: Бог асмяя́ны быць не можа. Што пасее чалавек, тое і пажне́:

8. хто сее ў плоць сваю, той ад плоці пажне́ тленнасць; а хто сее ў дух, той ад духа пажне́ жыццё вечнае.

9. Робячы дабро, не будзем падаць духам, бо ў свой час пажнём, калі не аслабе́ем.

10. Дык вось, пакуль ёсць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.

11. Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.

12. Тыя, што хочуць падаба́цца паводле плоці[**], прымуша́юць вас абрэ́звацца толькі дзеля таго, каб ім пазбе́гнуць ганенняў за крыж Хрыстоў,

13. бо і самі абрэ́заныя не выконваюць закону, але хочуць, каб вы абрэ́зваліся, каб пахвалíцца ў вашай плоці;

14. а я не хачу хваліцца нічым, толькі крыжам Госпада нашага Іісуса Хрыста, Якім для мяне свет распяты, і я для свету.

15. Бо ў Хрысце Іісусе не ма́е значэння ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а новае стварэ́нне.

16. І усім, хто трыма́ецца гэтага правіла, мір ім і міласць, і Ізраілю Божаму.

17. У астатнім няхай ніхто не турбуе мяне, бо я нашу́ раны Госпада Іісуса на целе маім.

18. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амінь.

 

______________________________________________

[*] Апостал параўноўвае хрысціянскае жыццё са спартыўным бегам дзеля атрымання ўзнагароды.

[**] Выкліка́ць да сябе прыхільнасць за выкананне абраду абрэзання крайняй плоці.

 

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.