Да Калосян Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4

 

Раздзел 1

1. Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, і Цімафей брат,

2. тым, што ў Калосах, святым і верным братам у Хрысце Іісусе:

3. благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста. Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Іісуса Хрыста, заўсёды молячыся за вас,

4. дачуўшыся пра веру вашу ў Хрыста Іісуса і пра любоў, якую вы маеце да ўсіх святых,

5. у надзеі на ўгатава́нае вам на нябёсах, пра што вы раней чулі ў слове ісціны, у дабравесці,

6. якое прыйшло да вас; як і ва ўсім свеце яно і пладаносіць, і ўзрастае, так і сярод вас ад таго дня, як вы пачулі і спазналі благадаць Божую ў ісціне,

7. як і навучыліся ад Эпафраса, узлюбленага суработніка нашага, вернага дзеля вас служыцеля Хрыстовага,

8. які і паведаміў нам пра вашу любоў у духу.

9. Таму і мы з таго дня, як гэта пачулі, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся спазнаннем волі Яго ва ўсякай мудрасці і разуменні духоўным,

10. каб жылі дастойна Госпада, ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод ва ўсякай справе добрай і ўзрастаючы ў спазнанні Бога,

11. умацоўваючыся ўсякаю сілаю паводле магутнасці славы Яго, на трываласць ва ўсім і доўгацярплівасць з радасцю,

12. узносячы падзяку Богу і Айцу, Які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле,

13. Які вызваліў нас з-пад улады цемры і ўвёў у Царства ўзлюбленага Сына Свайго,

14. у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго і прабачэнне грахоў,

15. Які ёсць вобраз Бога нябачнага, першанароджаны раней за ўсякае стварэнне;

16. бо Ім створана ўсё, што на нябёсах і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то прастолы, ці дзяржавы, ці начальствы, ці ўлады, — усё праз Яго і для Яго створана;

17. і Ён існуе раней за ўсё, і ўсё ў Ім знаходзіцца.

18. І Ён — галава цела Царквы; Ён — пачатак, першынец з мёртвых, каб ва ўсім Ён меў пе́ршынства:

19. бо ўгодна было Айцу, каб у Ім заключалася ўся паўната,

20. і каб праз Яго прымірыць з Сабою, устанавіўшы мір праз Яго, Крывёю крыжа Яго, усё — і зямное, і нябеснае.

21. І вас, якія калісьці былі чужымі і варожымі Богу ў думках і ліхіх справах,

22. цяпер Ён прымірыў у целе Плоці Яго, смерцю Яго, каб паставіць вас святымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою,

23. калі толькі вы застаяце́ся цвёрдымі і непахіснымі ў веры і не адпада́еце ад надзеі дабравесця, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэнню паднябеснаму і якому я, Павел, стаў служыцелем.

24. Цяпер я радуюся ў пакутах маіх за вас і дапаўняю нястачу ў плоці маёй мук Хрыстовых за Цела Яго, якім з’яўляецца Царква,

25. служыцелем якой я стаў паводле даручэння Божага, дадзенага мне дзеля вас, каб у паўнаце абве́сціць слова Божае,

26. тайну, схаваную ад вякоў і ад родаў, а цяпер адкрытую святым Яго,

27. якім пажадаў Бог паказаць, у чым багацце славы для язычнікаў тайны гэтай, якая ёсць Хрыстос у вас — надзея славы,

28. Якога мы прапаведуем, настаўляючы кожнага чалавека і навучаючы кожнага чалавека ўсёй мудрасці, каб паказаць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце Іісусе,

29. дзеля чаго я і працую, змагаючыся сілаю Яго, якая дзейнічае ўва мне магутна.

 

Раздзел 2

1. Я хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я вяду за вас і за тых, што ў Лаадыкíі і ў Іера́палі, і за ўсіх, хто не бачыў аблічча майго ў плоці,

2. каб усце́шыліся сэрцы іх, злучаныя ў любові і дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля спазна́ння тайны Бога і Айца і Хрыста,

3. у Якім скрыты ўсе скарбы мудрасці і ве́дання.

4. Гэта кажу я, каб хто-небудзь не ўвёў вас у зман праўдападобнымі довадамі;

5. бо я, хоць і адсутнічаю плоццю, але духам з вамі, радуючыся і бачачы ў вас лад і цвёрдасць вашай веры ў Хрыста.

6. Дык вось, як прынялí вы Хрыста Іісуса Госпада, так і хадзіце ў Ім,

7. укаранёныя і ўсталява́ныя ў Ім і ўмацава́ныя ў веры, як вы былі наву́чаны, узбагача́ючыся ў ёй з удзячнасцю.

8. Глядзіце, каб хто-небудзь не захапіў вас філасофіяй і пустым падманам паводле пада́ння чалавечага, паводле стыхій свету, а не паводле Хрыста,

9. бо ў Ім прысутнічае ўся паўната Бажаства цялесна,

10. і вы маеце паўнату ў Ім, Які з’яўляецца галавою ўсякага начальства і ўлады;

11. у Ім вы і абрэзаны былí абрэзаннем нерукатворным, скіда́ннем грахоўнага цела плоці, абрэзаннем Хрыстовым;

12. пахаваныя разам з Ім у хрышчэнні, у Ім вы разам і ўваскрэслі праз веру ў сілу Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,

13. і вас, якія былі мёртвымі ў грахах і ў неабрэзанні плоці вашай, ажывіў разам з Ім, прабачыўшы нам усе грахі,

14. сцёршы прад’яўлены нам спісак даўгоў, што быў супраць нас; Ён скасаваў яго, прыбіўшы цвікамі да крыжа;

15. абяззброіўшы начальствы і ўлады*, Ён выставіў іх на ганьбу, перамогшы іх Сабою.

16. Дык вось, няхай ніхто не асуджа́е вас за ежу, ці за пітво, ці за тое, што даты́чыць свята, ці маладзіка́, ці суботы:

17. гэта — цень бу́дучыні, це́ла ж — Хрыстос.

18. Ніхто няхай не ўвядзе вас у зман праз самавольную пакорнаму́драсць і паклане́нне ангелам, удаючы́ся ў тое, чаго не бачыў, марна надзіма́ючыся плоцкім сваім розумам

19. і не трыма́ючыся галавы, ад якой ўсё цела, сувязямі і злучэннямі змацава́нае і з’ядна́нае, расце ўзраста́ннем Божым.

20. Дык вось, калі вы з Хрыстом памерлі для стыхій свету, то чаму вы, як быццам жывучы́ ў свеце, падпарадкоўваецеся ўстанаўленням:

21. “не дакранайся”, “не еж”, “не чапа́й” —

22. усё гэта знішчаецца пры ўжыванні — паводле запаведзяў і вучэння чалавечага́

23. гэта мае толькі выгляд мудрасці ў самавольным пакланенні, пакорнамудрасці і знясільва́нні цела, у пэўным занядба́нні насычэ́ння плоці.

 

Раздзел 3

1. Дык вось, калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, то шукайце вы́шняга, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;

2. пра вы́шняе думайце, а не пра зямное.

3. Бо вы памерлі, і жыццё ваша схавана з Хрыстом у Богу;

4. калі я́віцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы будзеце я́ўлены з Ім у славе.

5. Дык умярцвіце зямныя члены вашы: блуд, нечыстату, страсць, ліхую пажадлівасць і хцівасць, якая з’яўля́ецца ідаласлужэ́ннем, —

6. за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўле́ння;

7. гэта і вы не́калі рабілі, калі жылí сярод іх.

8. Цяпер жа вы адкíньце ўсё: гнеў, ярасць, злосць, блюзнерства, брыдкаслоўе вуснаў вашых;

9. не лжы́це адно аднаму, бо вы знялí з сябе старога чалавека з учы́нкамі яго

10. і апрану́ліся ў новага, які абнаўляецца дзеля пазнання паводле вобраза Стваральніка яго,

11. дзе няма ні Эліна, ні Іудзея, ні абрэ́зання, ні неабрэ́зання, ні ва́рвара, ні Скіфа, ні раба, ні свабоднага, а ўсё і ва ўсім — Хрыстос.

12. Дык апранíцеся як абра́ннікі Божыя, святы́я і ўзлю́бленыя, у сардэчную спага́длівасць, добрасць, пакорнаму́драсць, лагоднасць, доўгацярплíвасць,

13. ста́вячыся цярпліва адно да аднаго і прабача́ючы ўзаемна, калі хто на каго ма́е кры́ўду: як Хрыстос праба́чыў вам, так і вы.

14. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая з’яўляецца суку́пнасцю даскана́ласці;

15. і няхай валада́рыць у сэ́рцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце ўдзячнымі.

16. Слова Хрыстова няхай жыве ў вас ва ўсім яго багацці, з усякаю мудрасцю; навучайце і настаўляйце на розум адно аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Госпаду.

17. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Госпада Іісуса Хрыста, дзя́куючы Богу і Айцу праз Яго.

18. Жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужам, як нале́жыць у Госпадзе.

19. Мужы́, любíце жонак вашых і не будзьце жорсткімі да іх.

20. Дзеці, слухайцеся бацькоў ва ўсім, бо гэта ўгодна Госпаду.

21. Бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, каб яны не па́далі духам.

22. Рабы, ва ўсім слу́хайцеся гаспадароў вашых па плоці, не напаказ слу́жачы, як чалавекаўго́днікі, а ў шчы́расці сэ́рца, баючы́ся Бога.

23. І ўсё, што б ні рабілі вы, рабіце ад душы́, як для Госпада, а не як для людзей,

24. ведаючы, што ад Госпада ва ўзнагароду атрыма́еце спадчыну, бо вы слу́жыце Госпаду Хрысту.

25. А хто няпра́веднае чы́ніць, той атрыма́е паводле сваёй няпра́веднасці, без зважа́ння на асобу.

 

Раздзел 4

1. Гаспадары́, абыхо́дзьцеся з рабамі па праўдзе і справядлівасці, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.

2. Будзьце пастаяннымі ў малітве, трыва́ючы ў ёй з удзячнасцю;

3. маліцеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы для слова — абвяшча́ць тайну Хрыстову, за якую я і зняво́лены,

4. каб я вы́казаў яе ясна, як нале́жыць мне абвяшчаць.

5. Са зне́шнімі абыхо́дзьцеся мудра, суадно́сячыся з ча́сам.

6. Слова ваша няхай будзе заўсёды з благадаццю, прыпра́ўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба адказваць кожнаму.

7. Пра мяне ўсё раскажа вам Ціхік, узлюблены брат і верны служыцель і супрацоўнік у Госпадзе;

8. яго я паслаў да вас для таго, уласна, каб ён даведаўся пра вашы справы і суце́шыў сэрцы вашы,

9. разам з Анісімам, верным і ўзлю́бленым бра́там, які ад вас: яны раскажуць вам пра ўсё што тут робіцца.

10. Вітае вас Арыстарх, зняво́лены разам са мною, і Марк, родзіч Варнавы, — наконт якога вы атрыма́лі наказы: калі прыйдзе да вас, прымíце яго, —

11. таксама Іісус, называ́ны Іустам, якія паходзяць з абрэ́заных; гэта адзіныя супрацоўнікі для Царства Божага, якія былí мне суцяшэ́ннем.

12. Вітае вас Эпафрас, які з вашых, раб Іісуса Хрыста, які заўсёды падзвіза́ецца ў малітвах за вас, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу.

13. Све́дчу пра яго, што ён праяўляе вялікую руплíвасць за вас і за тых, хто ў Лаадыкіі і ў Іерапалі.

14. Вітае вас Лука, лекар узлю́блены, і Дзімас.

15. Вітайце братоў у Лаадыкіі, і Німфана, і дамашнюю царкву яго.

16. І калі гэтае пасланне будзе прачы́тана ў вас, зрабіце так, каб яно было прачы́тана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, што з Лаадыкіі, каб і вы прачыталі.

17. І скажыце Архіпу: будзь уважлівы да служэння, якое ты прыня́ў у Госпадзе, каб табе вы́канаць яго.

18. Прывітанне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра мае аковы. Благадаць з усімі вамі. Амінь.


* Тут маюцца на ўвазе злыя духі.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.