Да Эфесян Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4   5   6

Раздзел 1

1. Павел, воляю Божаю апостал Іісуса Хрыста, святы́м, што ў Эфэсе, і ве́рным у Хрысце Іісусе:

2. благадаць вам і мір ад Бога, Айца нашага, і Госпада Іісуса Хрыста.

3. Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста, што благаславіў нас усякім духоўным благаславе́ннем на нябёсах у Хрысце,

4. бо Ён выбраў нас у Ім раней за стварэнне свету, каб мы былі святымі і беззага́ннымі перад Ім у любові,

5. прадвы́значыўшы нас для ўсынаўле́ння Сабе праз Іісуса Хрыста паводле жада́ння волі Сваёй,

6. дзеля ўсхвале́ння ве́лічы благадаці Сваёй, якою Ён адары́ў нас ва Узлю́бленым,

7. у Якім мы маем выкупле́нне Крывёю Яго, прабачэ́нне грахоў паводле багацця благадаці Яго,

8. якую Ён шчодра явіў нам ва ўсякай праму́драсці і разуме́нні,

9. адкрыўшы нам тайну волі Сваёй паводле жада́ння Свайго, якое Ён прадустанавíў у Ім,

10. на здзяйсне́нне паўнаты́ часоў, каб з’ядна́ць усё нябеснае і зямное ў Хрысце, пад Ім як галавою;

11. у Ім мы і сталі спадкае́мцамі, бу́дучы прадвы́значанымі згодна з прадустанаўле́ннем Таго, Хто ўсё здзяйсня́е паводле рашэння волі Сваёй,

12. каб паслужы́лі ўсхвале́нню ве́лічы Яго мы, якія і раней спадзява́ліся на Хрыста;

13. у Ім і вы, пачуўшы слова ісціны, дабравесце спасення вашага, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаццю абяцанага Духа Святога,

14. Які ёсць залог спадчыны нашай, дзеля выкупле́ння здабы́тку Яго, дзеля ўсхвале́ння ве́лічы Яго.

15. Таму і я, пачуўшы пра вашу веру ў Госпада Іісуса і пра любоў да ўсіх святых,

16. не перастаю дзякаваць за вас Богу, памінаючы вас у малітвах сваіх,

17. каб Бог Госпада нашага Іісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа прамудрасці і адкравення на спазнанне Яго,

18. і прасвятліў вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, у чым надзея паклікання Яго, і ў чым багацце славы спадчыны Яго для святых,

19. і ў чым бязмерная веліч сілы Яго для нас, якія веруем праз дзеянне ўладарнай магутнасці Яго,

20. якую Ён праявіў у Хрысце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,

21. вышэй за ўсякае начальства, і ўладу, і сілу, і валадарства, і за ўсякае імя, называнае не толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,

22. і усё пакары́ў пад ногі Яго, і паставіў Яго над усім, галавою Царквы,

23. якая ёсць Цела Яго, паўната Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.

 

Раздзел 2

1. І вас, мёртвых з-за злачы́нстваў і грахоў вашых,

2. у якіх вы не́калі жылі паводле звы́чаю свету гэтага, па волі князя, які ўлада́рыць у паветры, — духа, які дзейнічае цяпер у сынах праціўле́ння,

3. сярод якіх і мы ўсе не́калі жылí ў пажа́днасцях плоці нашай, выко́нваючы жаданні плоці і помыслаў, і былí па прыродзе дзе́цьмі гневу, як і астатнія,

4. Бог, багаты міласцю, па вялікай любові Сваёй, якою Ён нас узлюбіў,

5. і нас, мёртвых з-за злачы́нстваў, ажывіў разам з Хрыстом — благадаццю вы спасёныя —

6. і ўваскрасіў з Ім і пасадзіў на нябёсах у Хрысце Іісусе,

7. каб явіць у наступных вяках надзвыча́йнае багацце благадаці Сваёй добрасцю да нас у Хрысце Іісусе.

8. Бо благадаццю вы спасёныя праз веру, і гэта не ад вас, гэта Божы дар:

9. не за справы, каб ніхто не хваліўся.

10. Бо мы — стварэнне Яго, мы створаны ў Хрысце Іісусе на добрыя справы, якія прадвы́значыў нам Бог выконваць.

11. Таму па́мятайце, што вы, не́калі язычнікі па плоці, якіх называлі неабрэ́занымі так званыя абрэ́заныя на плоці рукатворна,

12. што вы былí ў той час без Хрыста, адчу́жаныя ад грамадства Ізраільскага і чужыя для запаветаў абяца́ння, не мелі надзеі і былí бязбожнікамі ў свеце;

13. цяпер жа ў Хрысце Іісусе вы, якія некалі былі далёка, сталі блізкімі праз Кроў Хрыстову.

14. Бо Ён — мір наш, Ён зрабіў з абодвух адно і зруйнава́ў сцяну́, якая падзяля́ла іх,

15. скасава́ўшы варожасць Плоццю Сваёю, а закон запаведзяў — вучэннем, каб з двух ствары́ць у Сабе Самім аднаго новага чалавека, усталёўваючы мір,

16. і ў адным целе прыміры́ць абодвух з Богам праз крыж, знішчыўшы варожасць на ім;

17. і, прыйшоўшы, дабраве́сціў мір вам, далёкім і блізкім,

18. таму што праз Яго мы, адны і другія, маем доступ у адным Духу да Айца.

19. Дык вось, вы ўжо не чужы́нцы і не пры́хадні, а суграмадзя́не святых і дамача́дцы Бога,

20. усталява́ныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы краевуго́льным каменем Самога Іісуса Хрыста,

21. на якім уся пабудова, зла́джана ўзво́дзячыся, выраста́е ў святы храм у Госпадзе,

22. на якім і вы разам выбудо́ўваецеся ў жытло Божае ў Духу.

 

Раздзел 3

1. Дзеля гэтага я, Павел, стаў вя́знем Хрыста Іісуса за вас, язычнікаў.

2. Вы, канешне, чулі пра дзе́янне благадаці Божай, дадзенай мне для вас,

3. што мне праз адкравенне была абве́шчана тайна, як я ўжо пісаў коратка,

4. з чаго вы, чытаючы, можаце даведацца пра маё разуменне тайны Хрыстовай,

5. якая не была абве́шчана ранейшым пакаленням сыноў чалавечых, як цяпер адкрыта святым Апосталам Яго і прарокам праз Духа Святога,

6. што язычнікі — сунаследнікі, і члены адзінага цела, і супольнікі абяцання Яго ў Хрысце Іісусе праз дабравесце,

7. служы́целем якога я стаў паводле дару благадаці Божай, дадзенай мне праз дзеянне сілы Яго.

8. Мне, найменшаму з усіх святых, была́ дадзена благадаць гэтая — дабравесціць язычнікам неспасціжнае багацце Хрыстова

9. і высветліць для ўсіх, у чым задума тайны, скрытай адвеку ў Богу, Які стварыў усё Іісусам Хрыстом,

10. каб цяпер начальствам і ўладам на нябёсах стала вядомай праз Царкву разнастайная прамудрасць Божая,

11. паводле спрадвечнага вызначэ́ння, якое Ён здзе́йсніў у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым,

12. у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ праз веру ў Яго.

13. Таму прашу не па́даць духам з-за маіх дзеля вас пакут, бо яны — слава ваша.

14. Дзеля гэтага схіля́ю калені мае́ перад Айцом Госпада нашага Іісуса Хрыста,

15. ад Якога ўсякі род на нябёсах і на зямлі ма́е найменне, —

16. каб Ён даў вам, паводле багацця славы Сваёй, трывала ўмацавацца Духам Яго ва ўну́траным чалавеку,

17. каб Хрыстос усяліўся праз веру ў сэ́рцы вашы; каб вы, укараніўшыся і ўмацава́ўшыся ў любові,

18. маглі з усімі святымі ўспрыня́ць, што́ ёсць шырыня, і даўжыня, і глыбіня, і вышыня,

19. і спазнаць вышэйшую за пазна́нне любоў Хрыстову, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю.

20. А Таму, Хто сілаю, якая дзейнічае ў нас, можа зрабіць непараўнальна больш за ўсё, чаго мы просім ці пра што думаем, —

21. Яму слава ў Царкве ў Хрысце Іісусе ва ўсе роды з веку ў век. Амінь.

 

Раздзел 4

1. Дык вось, я, вязень у Госпадзе, прашу вас жыць дастойна паклíкання, да якога вы заклíканы,

2. з усёй пакорнаму́драсцю і лаго́днасцю, з доўгацярплíвасцю, падтрымліваючы адзін аднаго з любоўю,

3. стараючыся захоўваць адзінства духу ў саюзе міру.

4. Адно цела і адзін дух, як вы і закліканы да адной надзеі вашага паклікання;

5. адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэнне,

6. адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.

7. А кожнаму з нас да́дзена благадаць ў меру дару Хрыстовага.

8. Таму сказана: "узышоўшы на вышыню, Ён паланіў палон і даў дары людзям".

9. А "узышоў" — што́ азначае, як не тое, што Ён і сышоў спачатку у прадонныя месцы зямлí

10. Той, Хто сышоў, Ён жа і ўзышоў вышэй за ўсе нябёсы, каб напоўніць усё.

11. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых дабравеснікамі, іншых пастырамі і настаўнікамі,

12. для ўдаскана́лення святых, дзеля справы служэння, дзеля будавання Цела Хрыстовага,

13. пакуль усе прыйдзем у адзінства веры і спазнання Сына Божага, у мужа дасканалага, у меру ўзросту паўнаты́ Хрыстовай;

14. каб мы больш не былі дзе́цьмі, якіх хістае і носіць усякі вецер вучэння праз падман людскі, праз хітрасць, уводзячы ў аблуду,

15. а каб, жывучы ў ісціне і любові, усе ўзрасталі ў Таго, Хто з’яўляецца галавою, — у Хрыста,

16. з Якога ўсё цела, склада́ючыся і злуча́ючыся усялякімі ўзмацня́льнымі сувязямі, пры дзеянні ў сваю меру кожнай асобнай часткі, расце для будавання самога сябе ў любові.

17. Таму я гэта кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы больш не рабілі, як робяць астатнія народы ў ма́рнасці розуму свайго,

18. маючы азмро́чанае разуме́нне, адчу́жаныя ад жыцця Божага з-за свайго няве́дання, з-за акамяне́ласці сэрца свайго;

19. яны, дайшоўшы да бясчуласці, аддалі сябе саміх распусце, каб ненасытна рабіць усякую брыдоту.

20. А вы не так спазналі Хрыста,

21. паколькі вы чулі пра Яго і ў Ім навучыліся — таму што ісціна ў Іісусе —

22. скінуць з сябе старога, паводле ранейшага ладу жыцця, чалавека, які згнівае ў падманных пажа́днасцях,

23. а абнавіцца духам розуму вашага

24. і апрану́цца ў новага чалавека, створанага па Богу, у праведнасці і святасці ісціны.

25. Таму, адкінуўшы хлусню, гаварыце праўду кожны бліжняму свайму, бо мы адзін аднаму члены.

26. Гневаючыся, не грашыце: сонца няхай не заходзіць пры гневе вашым;

27. і не давайце месца дыявалу.

28. Хто краў, больш няхай не кра́дзе, а лепш няхай працуе, ствараючы сваімі рукамі дабро, каб меў з чаго даць таму, хто ў нястачы.

29. Ніякае гнілое слова няхай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрае для настаўле́ння ў веры, каб яно прыносіла благадаць тым, хто слухае.

30. І не засмучайце Святога Духа Божага, пячаццю Якога вы былі пазначаны для дня выкуплення.

31. Усякае раздражне́нне, і ярасць, і гнеў, і крык, і блюзнерства няхай будуць вы́нішчаны сярод вас, разам з усякаю злобаю;

32. але будзьце адзін да аднаго добрымі, спага́длівымі, прабачайце адзін аднаму, як і Бог у Хрысце прабачыў вам.

 

Раздзел 5

1. Дык вось, будзьце перайма́льнікамі Бога, як дзеці ўзлю́бленыя,

2. і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і аддаў Сябе за нас у прынашэнне і ахвяру Богу як пах водарны.

3. А блуд і ўсялякая нечыстата́ або хцівасць не павінны нават зга́двацца сярод вас, як гэта ма́е быць у святых;

4. таксама бессаромнасць і бязглу́здыя размовы ці непрысто́йныя жарты — гэта нягожа, а лепш падзяка;

5. бо тое ведайце, што ніякі блуднік, альбо нячысты, альбо хцівец, гэта значыць ідаласлужыцель, не ма́е спадчыны ў Царстве Хрыста і Бога.

6. Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўлення:

7. дык не майце нічога супольнага з імі.

8. Вы калісьці былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе: паводзьце сябе, як дзеці святла,

9. бо плод Духа — ва ўсякай добрасці, праведнасці і ісціне;

10. распазнавайце, што́ даспадобы Богу,

11. і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а, наадварот, выкрывайце.

12. Бо пра тое, што яны тайна робяць, сорамна і гаварыць.

13. А ўсё вы́крытае робіцца яўным ад святла, бо ўсё, што робіцца яўным, — гэта святло;

14. таму ска́зана: "устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асве́тліць цябе Хрыстос".

15. Дык глядзіце, наколькі асцярожна вы паводзіце сябе, будзьце не як неразумныя, а як мудрыя,

16. даражыце часам, бо дні ліхія.

17. Таму не будзьце неразва́жнымі, а спасціга́йце, у чым воля Божая.

18. І не ўпівайцеся віном, ад якога бывае распуснасць; а напаўняйцеся Духам,

19. звяртаючыся адзін да аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, спяваючы і апяваючы ў сэрцах вашых Госпада,

20. дзякуючы заўжды за ўсё Богу і Айцу, у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста,

21. падпарадко́ўваючыся адзін аднаму ў страху Божым.

22. Жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, як Госпаду,

23. бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа Спасіцель цела.

24. Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі сваім мужам ва ўсім.

25. Мужы, любíце сваіх жонак, як і Хрыстос узлюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,

26. каб асвяціць яе, ачы́сціўшы ў купелі воднай праз слова;

27. каб паставіць яе перад Сабой як слаўную Царкву, якая не ма́е пля́мы, ці зага́ны, ці чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святой і бездакорнай.

28. Так павінны мужы любíць сваіх жонак, як свае целы: хто лю́біць сваю жонку, той лю́біць самога сябе.

29. Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да сваёй плоці, а корміць і грэе яе, як і Гасподзь Царкву,

30. таму што мы члены Цела Яго, ад плоці Яго і ад касцей Яго.

31. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці і прыле́піцца да жонкі сваёй, і будуць двое адной плоццю.

32. Тайна гэтая вялікая; а гавару я  ў адносінах да Хрыста і да Царквы.

33. Так кожны з вас няхай лю́біць сваю жонку, як самога сябе; а жонка няхай баіцца свайго мужа.

 

Раздзел 6

1. Дзеці, слухайцеся ў Госпадзе бацькоў вашых, бо гэта праведна.

2. "Шануй бацьку твайго і маці" — гэта першая запаведзь з абяцаннем:

3. "каб добра табе было і ты доўга жыў на зямлі".

4. І вы, бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, а выхоўвайце іх у вучэнні і настаўле́нні Гасподнім.

5. Рабы, слухайцеся гаспадароў сваіх па плоці са стра́хам і трымце́ннем, у прастаце́ сэрца вашага, як Хрыста,

6. слу́жачы не напака́з, як чалавекаўго́днікі, а як рабы́ Хрыста, выко́нваючы волю Божую ад душы,

7. шчыра слу́жачы, як Госпаду, а не як лю́дзям,

8. ведаючы, што кожны, ці то раб, ці свабодны, калі зробіць нешта добрае, тое ж атрымае ад Госпада.

9. І вы, гаспадары, рабіце ім тое самае, стрымлівайце суровасць, ведаючы, што і над вамі самімі, і над імі ёсць на нябёсах Гасподзь, Які не зважа́е на асобы.

10. Нарэшце, браты мае, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў магутнасці сілы Яго;

11. апранíцеся ва ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьстая́ць кава́рству дыявала;

12. бо змаганне наша не супраць крыві і плоці, а супраць начальстваў, супраць улад, супраць сусветных уладароў цемры веку гэтага, супраць злых духаў паднябесных.

13. Дзеля гэтага вазьміце ўсе даспехі Божыя, каб маглі вы супрацьста́ць у дзень ліхі і, усё адолеўшы, выстаяць.

14. Так што станьце, падпераза́ўшы сябе ісцінай і апрануўшы браню праведнасці,

15. і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабраве́сціць мір;

16. а перш за ўсё вазьміце шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе распа́леныя стрэлы злога;

17. і шлем спасення вазьміце, і меч духоўны, які ёсць слова Божае;

18. усякаю малітваю і прашэннем маліцеся ва ўсякую пару́ духам і пра гэта дбайце з усёй цярплівасцю і прашэннем за ўсіх святых

19. і за мяне, каб мне да́дзена было́ слова — вуснамі маімі з адвагаю не́сці тайну дабраве́сця,

20. паслом якога я з'яўляюся ў аковах, каб я адважна прапаведаваў, як мне і належыць.

21. А каб і вы ведалі, што́ са мною і што́ я раблю, усё паведаміць вам Ціхік, узлю́блены брат і верны ў Госпадзе служыцель,

22. якога я і паслаў да вас дзеля таго, каб вы даведаліся пра нас і каб ён суце́шыў сэ́рцы вашы.

23. Мір братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Іісуса Хрыста.

24. Благадаць з усімі, хто любіць Госпада нашага Іісуса Хрыста непарушна. Амінь.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.