Да Карынфян 1-е Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13   14   15   16

 

Раздзел 1

1. Павел, воляю Божаю паклíканы Апостал Іісуса Хрыста, і Сасфе́н брат, —

2. Царкве Божай, якая ў Карынфе, асвячоным у Хрысце Іісусе, пакліканым святым, з усімі, хто прызывае імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста ў кожным месцы, у іх і ў нас:

3. благадаць вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Іісуса Хрыста.

4. Дзякую заўсёды Богу майму за вас, за благадаць Божую, дадзеную вам ў Хрысце Іісусе,

5. таму што ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім пазнаннем,

6. паколькі сведчанне Хрыстова ўмацавалася ў вас,

7. так што вы не маеце нястачы ні ў якім дары, чакаючы адкравення Госпада нашага Іісуса Хрыста,

8. Які і ўмацуе вас да канца, каб вы былí беззаганнымі ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.

9. Верны Бог, Якім вы пакліканы да супольнасці з Сынам Яго Іісусам Хрыстом, Госпадам нашым.

10. Малю́ вас, браты, імем Госпада нашага Іісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно і не было паміж вамі падзе́лаў, але каб вы былі злучаны адным разуменнем і адною думкаю.

11. Бо ад дамашніх Хлоі стала мне вядома пра вас, браты мае́, што паміж вамі ёсць

спрэчкі. 

12. Кажу я так, бо кожны з вас гаворыць: я Паўлаў; а я Апалосаў; а я Кіфаў; а я Хрыстоў.

13. Няўжо раздзяліўся Хрыстос? хіба́ Павел быў распя́ты за вас? ці ў імя Паўла вы хрысціліся?

14. Дзякую Богу, што я нікога з вас не хрысціў, акрамя Крыспа і Гаія,

15. каб хто не сказаў, што я хрысціў у сваё імя́.

16. Хрысціў я таксама дом Сцяфанаў; а больш не ведаю, ці хрысціў каго іншага.

17. Бо Хрыстос мяне паслаў не хрысцíць, а дабраве́сціць, і то не ў мудрасці слова, каб не зрабіць марным крыж Хрыстоў.

18. Бо слова пра крыж для тых, якія гінуць, — гэта неразумнасць, а для нас, якія спасаемся, — сіла Божая.  

19. Бо напісана: “загублю мудрасць мудрацоў, і розум разумных адкіну”.

20. Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе знаўца веку гэтага́ Ці не ператварыў Бог мудрасць свету гэтага ў неразумнасць?     

21. Паколькі ж свет сваёю мудрасцю не пазнаў Бога ў прамудрасці Божай, то пажадаў Бог праз “неразумнасць” пропаведзі спасці веруючых.

22. Бо і Іудзеі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасці;

23. а мы прапаведуем Хрыста распятага: для Іудзеяў спакусу, для Элінаў неразумнасць,

24. для саміх жа пакліканых — як Іудзеяў, так і Элінаў — Хрыста, Божую сілу і Божую прамудрасць;

25. таму што “неразумнае” Божае мудрэйшае за людзей і “слабае” Божае мацнейшае за людзей.

26. Паглядзіце ж, браты, хто вы, паклíканыя: не многа сярод вас мудрых па плоці, не многа магутных, не многа высакародных;

27. але Бог вы́браў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых, і слабае свету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;

28. і бязроднае свету, і прыніжанае, і нязначнае выбраў Бог, каб пазбавіць сілы значнае, —

29. каб ніякая плоць не хвалілася перад Богам.

30. Ад Яго ж і вы ў Хрысце Іісусе, Які стаў прамудрасцю для нас ад Бога, і праведнасцю, і асвячэннем, і адкупленнем,

31. каб было, як напісана: “хто хва́ліцца, няхай Госпадам хва́ліцца”.

 

Раздзел 2

1. І калі я прыходзіў да вас, браты, дык прыходзіў не з красамоўствам ці мудрасцю абвяшча́ць вам све́дчанне Божае,

2. таму што, будучы ў вас, вырашыў я нічога не ведаць, акрамя Іісуса Хрыста, і прытым распя́тага;

3. і быў я сярод вас у слабасці, і ў страху, і ў вялікім трымценні.

4. І слова маё, і пропаведзь мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасці, а ў выяўле́нні Духа і сілы,

5. каб вера ваша трывала не на мудрасці чалавечай, а на сіле Божай.

6. Аб мудрасці ж мы гаворым сярод дасканалых, але не аб мудрасці веку гэтага і князёў веку гэтага, якія знікаюць,

7. а гаворым аб прамудрасці Божай, у тайне скрытай, якую прадвы́значыў Бог перад вякамі для славы нашай

8. і якую ніхто з князёў веку гэтага не спазна́ў; бо калі б спазна́лі, то не распя́лі б Госпада славы.

9. Але як напíсана: “вока таго не бачыла, вуха не чула, і на сэрца чалавеку не прыходзіла тое, што ўгатаваў Бог тым, хто лю́біць Яго”.

10. А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім: бо Дух ва ўсё праніка́е, і ў глыбíні Божыя.

11. Бо хто́ з людзей ведае, што́ ў чалавеку́ толькі дух чалавечы, які ў ім. Так і Божага ніхто не ведае, толькі Дух Божы.  

12. Мы ж прынялí не духа свету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць падарава́нае нам Богам,

13. пра гэта і гаворым не ад чалавечай мудрасці вы́вучанымі сло́вамі, а вы́вучанымі ад Духа Святога, тлума́чачы духоўнае духоўным. 

14. Душэўны чалавек не прыма́е таго, што ад Духа Божага, бо гэта для яго неразумнасць, і не можа зразумець, паколькі пра гэта трэба судзíць духоўна.

15. Духоўны ж су́дзіць пра ўсё, а пра яго судзíць ніхто не можа.

16. Бо хто́ спазнаў розум Госпада, каб мог павуча́ць Яго́ А мы маем розум Хрыстоў.

 

Раздзел 3

1. І я, браты, не мог гаварыць з вамі, як з духоўнымі, а толькі як з плоцкімі, як з немаўлятамі ў Хрысце.

2. Я карміў вас малаком, а не цвёрдаю ежаю, бо вы яшчэ не маглі есці яе, ды і цяпер не можаце,

3. таму што вы яшчэ плоцкія. Бо калі паміж вамі зайздрасць, і спрэчкі, і разлады, то ці ж не плоцкія вы і ці не паводле чалавечага разумення жывяце́?

4. Бо калі адзін кажа: “я Паўлаў”, а другі: “я Апалосаў”, — то ці ж не плоцкія вы?

5. Бо хто такі Павел? хто такі Апалос? Яны толькі служыцелі, праз якіх вы ўверавалі, і кожны, як яму даў Гасподзь.

6. Я насадзіў, Апалос паліваў, але ўзрасціў Бог;

7. так што ні той, хто са́дзіць, не мае значэння, ні той, хто палівае, а толькі Бог, Які ўзрошчвае.

8. Той, хто са́дзіць, і той, хто палівае, — складаюць адно, але кожны атрымае сваю плату ў адпаведнасці са сваёй працай.

9. Бо мы суработнікі ў Бога; а вы — Божая ніва, Божая пабудова.

10. Я па благадаці, дадзенай мне Богам, як мудры дойлід, заклаў падмурак, а іншы будуе на ім; аднак кожны няхай глядзіць, як будуе.

11. Бо ніхто не можа закласці іншага падмурку, акрамя закладзенага, якім ёсць Іісус Хрыстос.

12. І хто я́к на гэтым падмурку будуе — з золата, серабра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, —

13. справа кожнага вы́явіцца; бо дзень пакажа, таму што ў агні адкрываецца, і агонь вы́прабуе справу кожнага, якая яна.

14. У каго збудаванне, якое ён узвёў, вы́стаіць, той атрымае плату;

15. у каго збудаванне згарыць, той панясе страту; сам жа будзе ўратаваны, але так, як бы з агню.

16. Хіба не ведаеце, што вы — храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?

17. Калі хто знішчыць храм Божы, таго знішчыць Бог; бо храм Божы святы, і гэты храм — вы.

18. Няхай ніхто сябе не падманвае: калі хто з вас лíчыць сябе мудрым у веку гэтым, той няхай неразумным стане, каб быць будрым.

19. Бо мудрасць свету гэтага ёсць неразумнасць перад Богам, як напісана: “ловіць мудрых у хітрасці іх”.

20. І яшчэ: “Гасподзь ведае разважанні мудрых, што яны марныя”.

21. Дык вось, няхай ніхто не хва́ліцца людзьмі, бо ўсё ваша:

22. ці Павел гэта, ці Апалос, ці Кіфа, ці свет, ці жыццё, ці смерць, ці цяперашняе, ці будучае, — усё ваша;

23. вы ж — Хрыстовы, а Хрыстос — Божы.

 

Раздзел 4

1. Дык вось, няхай людзі лíчаць нас служыцелямі Хрыстовымі і домаўпра́ўнікамі тайнаў Божых;

2. ад домаўпра́ўнікаў жа патрабу́ецца, каб кожны аказаўся верным.

3. Для мяне вельмі мала значыць, як су́дзіце пра мяне вы або іншыя людзі; я і сам пра сябе не суджу?.

4. Бо хоць я нічога за сабою не ведаю, але гэтым не апра́ўдваюся; суддзя ж мне Гасподзь.

5. Таму не судзíце зусім да часу, пакуль не прыйдзе Гасподзь, Які і асве́тліць скрытае ў цемры, і вы́явіць намеры сэрцаў, і тады кожнаму будзе пахвала ад Бога.

6. Гэта, браты, я вобразна паказаў на сабе і Апалосе дзеля вас, каб вы навучыліся ад нас не мудрава́ць звыш таго, што напíсана, і каб пыхліва не ўзносілі аднаго перад другім.

7. Бо хто вылуча́е цябе́ І што́ маеш ты, чаго не атрымаў? А калі атрымаў, то чаго хвалішся, быццам не атры́мліваў?

8. Вы ўжо насы́ціліся, вы ўжо разбагацелі, без нас вы сталі царава́ць; о, калі б вы сапраўды сталі царава́ць, каб і мы разам з вамі царава́лі!

9. Бо думаю, што Бог паставіў нас, апосталаў, апошнімі, як бы асу́джанымі на смерць; таму што мы сталі відовішчам для свету, для Ангелаў і для людзей.

10.  Мы неразумныя дзеля Хрыста, а вы разумныя ў Хрысце; мы сла́быя, а вы моцныя; вы ў славе, а мы ў пага́рдзе.

11. Да цяперашняга часу мы і голад, і смагу церпім, мы і голыя, і пабітыя, і бяздомныя,

12. і працуем, робячы ўсё сваімі рукамі. Нас абражаюць — мы благаслаўляем; нас гоняць — мы трываем;

13. нас зневажа́юць — мы суцяша́ем; мы сталі сме́ццем для свету, адкíдамі для ўсіх аж дагэтуль.

14. Не для таго, каб пасароміць вас, пішу гэта, а як дзяцей маіх узлюбленых настаўляю.

15. Бо хоць і тысячы настаўнікаў вы маеце ў Хрысце, але айцоў не многа; я нарадзіў вас у Хрысце Іісусе праз дабраве́сце.

16. Таму прашу вас, будзьце перайма́льнікамі маімі, як я — Хрыста.

17. Дзеля гэтага я паслаў да вас Цімафея, майго ўзлюбленага і вернага ў Госпадзе сына, які вам нагада́е пра шляхі мае́ ў Хрысце Іісусе, як я ўсюды, у кожнай царкве, вучу.

18. Паколькі я не іду да вас, то некаторыя з вас заганары́ліся;

19. але я неўзаба́ве прыйду да вас, калі Госпаду будзе ўгодна, і зведаю не словы ганарліўцаў, а сілу;

20. бо Царства Божае не ў слове, а ў сіле.

21. Чаго вы хочаце́ з розгаю мне прыйсці да вас ці з любоўю і духам лагоднасці?

 

Раздзел 5

1. Наогул, ходзяць чуткі пра блуд сярод вас, ды такі блуд, пра які не гавораць нават сярод язычнікаў: што нехта за жонку мае ба́цькаву жонку.

2. А вы заганары́ліся, хоць лепш было б вам плакаць, каб вы́кінуты быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такое.

3. Я ж, адсутны целам, але прысутны сярод вас духам, ужо вы́рашыў, як бы знахо́дзячыся з вамі, адносна таго, хто гэта ўчыніў,

4. каб на сходзе вашым у імя́ Госпада нашага Іісуса Хрыста, дзе і мой дух, сілаю Госпада нашага Іісуса Хрыста

5. аддаць яго сатане на загубу плоці, каб дух яго быў спасёны ў дзень Госпада нашага Іісуса Хрыста.

6. Нядобра вам пахваля́цца. Хіба́ вы не ведаеце вы, што мала́я заква́ска ўсё цеста ква́сіць?

7. Дык ачы́сціцеся ад старой заква́скі, каб сталі вы новым цестам, таму што вы бясква́сныя, бо Пасха наша, Хрыстос, быў ахвярава́ны за нас.

8. Таму давайце будзем святкава́ць не са старо́ю заква́скаю, не з заква́скаю зла і кава́рства, а з праснака́мі чысцінí і ісціны.

9. Я пісаў вам у пасла́нні не мець адносін з блуднікамі,

10. але не ўвогуле з блуднікамі свету гэтага, або хціўцамі, або рабаўнікамі, або ідалапаклоннікамі, бо тады вам належала б выйсці са свету;

11. а пісаў я вам не мець адносін з тым, хто, называ́ючыся бра́там, застане́цца блудніком, або хціўцам, або ідалапаклоннікам, або ліхасловам, або п’яніцам, або рабаўніком; з такім нават не есці разам.

12. Бо нашто мне і знешніх судзíць? Хіба́ не тых, што сярод вас, вы су́дзіце?

13. Знешніх жа су́дзіць Бог. Дык вы́кіньце ліхога з вашага асяроддзя.

 

Раздзел 6

1. Як сме́е хто з вас, маючы цяжбу з іншым бра́там,  судзíцца ў няпра́ведных, а не ў святых?

2. Хіба́ не ведаеце, што святыя будуць судзíць свет? Дык калі вы будзе судзíць свет, то няўжо вы не варты судзíць значна ме́ншае?

3. Хіба́ не ведаеце, што мы будзем судзíць ангелаў, то ці не тым больш нешта жыццёвае?

4. А вы, калі маеце суды жыццёвыя цяжбы, дык аддаяце́ іх на суд тым, якія нічога не значаць у царкве.

5. На сорам вам кажу: няўжо няма сярод вас ніводнага мудрага, які мог бы рассудзíць братоў сваіх?

6. А то брат з братам су́дзіцца, ды яшчэ ў няве́рных.

7. Ужо тое ўвогуле га́ньба для вас, што вы су́дзіцеся адзін з адным. Ці не лепш было б вам пацярпець крыўду́ ці не лепш было б пане́сці страту?

8. А вы самі крыўдзіце і адбіраеце, прычым у братоў.

9. Хіба́ не ведаеце, што няправедныя Царства Божага не ўнасле́дуюць? Не ашуквайце саміх сябе: ні блуднікí, ні ідалапаклоннікі, ні пралюбадзеі, ні рукаблу́днікі, ні мужаложнікі,

10. ні зладзеі, ні хціўцы, ні п’яніцы, ні ліхасловы, ні рабаўнікі не ўнасле́дуюць Царства Божага.

11. І такімі былі некаторыя з вас; але амыліся, але асвяціліся, але апраўдаліся імем Госпада нашага Іісуса Хрыста і Духам Бога нашага.

12. Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але нішто не павінна валодаць мною.

13. Ежа для чэрава, і чэрава для ежы; але Бог знішчыць і адно, і другое. Цела ж не для блуду, а для Госпада, і Гасподзь для цела.

14. Бог уваскрасіў Госпада, уваскрасіць і нас сілаю Сваёю.

15. Хіба́ вы не ведаеце, што целы вашы — гэта члены Хрыстовы? Дык што, забяру я члены ў Хрыста, каб зрабіць іх членамі блудніцы? Ні ў якім разе.

16. Хіба́ не ведаеце, што той, хто злучаецца з блудніцай, становіцца адным це́лам з ёю́ бо ска́зана: “двое будуць адной плоццю”.

17. А хто злучаецца з Госпадам, той — адзін дух з Госпадам.

18. Пазбягайце блуду; усякі грэх, які робіць чалавек, ёсць па-за целам, а блуднік грашыць супраць уласнага цела.

19. Хіба́ не ведаеце, што целы вашы — гэта храм Духа Святога, Які жыве ў вас, Якога маеце ад Бога, і вы не свае́

20. бо вы куплены дарагою цаною. Таму праслаўляйце Бога і ў це́лах вашых, і ў ду́шах вашых, якія належаць Богу.

 

Раздзел 7

1. Наконт таго, пра што вы пісалі мне: добра, каб чалавек не дакрана́ўся да жанчыны.

2. Але, каб пазбегнуць блуду, няхай кожны ма́е сваю жонку, і няхай кожная ма́е свайго мужа.

3. Муж няхай праяўля́е да жонкі нале́жную лю́басць; гэтаксама і жонка да мужа.

4. Жонка не ма́е ўлады над сваім целам, але муж; гэтаксама і муж не ма́е ўлады над сваім целам, але жонка.

5. Не ўхіляйцеся адзін ад аднаго, хіба́ што па згодзе, на час, каб аддацца посту і малітве, і зноў будзьце разам, каб не спакуша́ў вас сатана праз няўстры́манасць вашу.

6. Але кажу гэта, саступа́ючы, а не зага́дваючы.

7. Бо жадаю, каб усе людзі былí, як і я; але кожны ма́е свой дар ад Бога, адзін — так, другі — інакш.

8. Нежанатым і ўдовам кажу: добра, каб яны засталíся так, як і я;

9. але калі не могуць устрыма́цца, няхай уступа́юць у шлюб, бо лепш уступíць у шлюб, чым распаля́цца.

10. А тым, хто ў шлюбе, не я зага́дваю, а Гасподзь: жонцы не разво́дзіцца з мужам, —

11. калі ж развядзе́цца, няхай застае́цца незаму́жняю альбо няхай прымíрыцца з мужам, — і мужу не пакіда́ць жонкі.

12. Астатнім жа я кажу, а не Гасподзь: калі які брат ма́е жонку няверуючую і яна згодна жыць з ім, то няхай не пакіда́е яе;

13. і жонка, якая ма́е мужа няверуючага, і ён згодны жыць з ёю, няхай не пакіда́е яго;

14. бо няверуючы муж асвяча́ецца жонкаю веруючаю, і жонка няверуючая асвяча́ецца мужам веруючым; бо інакш дзеці вашы былí б нячыстыя, а цяпер яны святыя.

15. Калі ж няверуючы хоча разве́сціся, няхай разводзіцца; брат ці сястра ў такіх вы́падках не прыняво́лены; да міру заклíкаў нас Гасподзь.

16. Адкуль ты ведаеш, жонка, ці не спасеш мужа́ Альбо ты, муж, адкуль ведаеш, ці не спасеш жонку?

17. Толькі кожны, як вызначыў яму Бог, кожны, як паклікаў яго Гасподзь, — няхай так і жыве; і такі наказ я даю па ўсіх цэрквах.

18. Калі хто паклíканы, будучы абрэ́заным, няхай не хавае гэтага; калі хто паклíканы, будучы неабрэ́заным, няхай не абрэ́зваецца.

19. Абрэ́занне — нішто, і неабрэ́занне — нішто, а ўсё ў выкананні запаведзяў Божых.

20. Кожны няхай застае́цца ў тым званні, у якім быў паклíканы.

21. Ты паклíканы, будучы рабом? Не турбуйся. Але калі і можаш стаць вольным, то выберы лепшае.

22. Таму што раб, паклíканы ў Госпадзе, з’яўляецца вольным у Госпада; таксама і пакліканы вольны з’яўляецца рабом Хрыстовым.

23. Вы куплены дарагою цаною; не станавіцеся раба́мі людзей.

24. Кожны, у якім званні быў паклíканы, браты, у тым няхай і застае́цца перад Богам.

25. Наконт дзявоцтва я наказу Госпада не ма́ю, а даю пара́ду як той, хто па міласці Госпада варты даверу.

26. Дык вось, лічу, што з-за цяперашніх цяжкасцей добра заставацца так, што добра для чалавека жыць так.

27. Ты звязаны з жонкаю́ не шукай разводу. Ты застаўся без жонкí не шукай жонкі.

28. Аднак калі і ажэнішся, то не саграшы́ш; і калі дзяўчына выйдзе замуж, то не саграшы́ць. Але яны будуць цярпець нягоды цялесныя; а я шкадую вас.      

29. Вось што кажу вам, браты: час ужо кароткі, так што і тыя, хто ма́е жонку, павінны жыць, як тыя, хто не ма́е;

30. і хто плача — як тыя, хто не плача; і хто радуецца — як тыя, хто не радуецца; і хто купляе — як тыя, хто не набыва́е;

31. і хто карыстаецца светам гэтым — як тыя, хто не карыстаецца; бо міна́е аблічча свету гэтага.

32. А я хачу, каб вы не мелі клопату. Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе: як дагадзíць Госпаду;

33. а жанаты клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзíць жонцы. Ёсць розніца паміж замужняю жанчынаю і дзяўчынаю;

34. незамужняя клапо́ціцца пра Гасподняе: як дагадзíць Госпаду, каб быць святою і целам, і духам; а замужняя клапо́ціцца пра свецкае: як дагадзíць мужу.

35. Кажу гэта для вашай жа карысці: не для таго, каб накінуць на вас путы, а каб вы былі добрапрыстойнымі і заставаліся з Госпадам няўхільна.

36. Калі ж хто лíчыць непрыстойным для сваёй дзяўчыны, што яна, пераспе́ўшы, застане́цца так, той няхай робіць як хоча — ён не саграшыць; няхай такія выходзяць замуж.

37. Але хто непарушна цвёрды ў сэрцы сваім і не зму́шаны неабходнасцю, а ма́е ўладу рабіць па волі сваёй і ў сэрцы сваім вырашыў захаваць яе дзяўчынаю, той добра робіць.

38. Таму той, хто выдае́ замуж сваю дзяўчыну, робіць добра, а хто не выдае́, робіць лепш.

39. Жонка звя́зана законам, пакуль жывы муж яе; калі ж муж яе памрэ, яна вольная выйсці замуж за каго хоча, толькі ў Госпадзе.

40. Але блажэннейшая яна, калі застане́цца так, паводле майго меркавання; а думаю, што і я ма́ю Духа Божага.

 

Раздзел 8

1. Пра ідалаахвя́рнае ж нам вядома, бо ўсе мы маем веды. Але веды надзіма́юць, а любоў настаўля́е.

2. Хто думае, быццам ведае нешта, той яшчэ нічога не ведае так, як нале́жыць ведаць;

3. але хто лю́біць Бога, таму да́дзены веды ад Яго.

4. Дык вось, наконт спажыва́ння ідалаахвя́рнага мы ведаем, што ідал у свеце — нішто, і што няма іншага Бога, акрамя Адзінага.

5. Калі ж і ёсць так зва́ныя багí ці то на небе, ці на зямлі — бо шмат такіх багоў і шмат валадароў, —

6. але ў нас адзін Бог Айцец, ад Якога — ўсё, і мы — для Яго, і адзін Гасподзь Іісус Хрыстос, праз Якога — ўсё, і мы — праз Яго.

7. Але не ва ўсіх такія веды: некаторыя і дагэтуль з сумле́ннем, якое прызнае́ ідалаў, ядуць нешта як ідалаахвярнае, і сумле́нне іх, будучы сла́бым, апаганьваецца.

8. Ежа не набліжа́е нас да Бога, бо і калі ядзім, то нічога не набыва́ем, і калі не ядзім, то нічога не стра́чваем.

9. Але сцеражы́цеся, каб гэтая свабода ваша не стала спатыкне́ннем для сла́бых.

10. Бо калі нехта ўбачыць, што ты, маючы веды, сядзіш за сталом у ка́пішчы, то сумле́нне яго, як слабага, ці не схíліцца да таго, каб есці ідалаахвярнае?

11. І загіне з-за тваіх ведаў сла́бы брат, за якога памёр Хрыстос.

12. А саграша́ючы так су́праць братоў і ра́нячы сла́бае сумленне іх, вы саграшаеце су́праць Хрыста.

13. I таму, калі ежа спакуша́е брата майго, дык не буду есці мяса даве́ку, каб не спакусíць брата майго.

  

Раздзел 9

1. Хіба́ я не Апостал? Хіба́ я не свабодны? Хіба́ не бачыў я Іісуса Хрыста, Госпада нашага?  Хіба́ не мая праца — вы ў Госпадзе?

2. Калі для іншых я не Апостал, то для вас — Апостал; бо пячаць майго апостальства — вы ў Госпадзе.

3. Вось маё апраўданне перад тымі, хто асуджа́е мяне.

4. Ці ж не маем мы права есці і піць?

5. Ці ж не маем мы права мець спадарожніцаю сястру жонку*, як і астатнія Апосталы, і браты Гасподнія, і Кіфа.

6. Ці ж толькі я і Варнава не маем права не працаваць?

7. Хто і калі слу́жыць у войску на сваім утрыма́нні? Хто са́дзіць вінаграднік і не есць пладоў яго? Хто пасвіць статак і не п’е малака ад статку?

8. Ці толькі паводле чалавечага разумення я кажу гэта? Ці не гаворыць гэтага і закон?

9. Бо ў Маісеевым законе напісана: “не завязвай рот валу́, які малоціць”. Ці пра валоў клапоціцца Бог?

10. Ці, можа, дзеля нас гэта гаворыцца? Дзеля нас жа гэта напíсана; бо хто арэ, той павінен араць з надзеяй, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяй на сваю долю спадзяванага.

11. Калі мы пасеялі ў вас духоўнае, то ці вялікая рэч, калі пажнём у вас цялеснае?

12. Калі іншыя маюць гэтае права ў вас, то чаму тады не мы? Але мы не карысталіся гэтым пра́вам, а ўсё церпім, каб не зрабіць ніякай перашкоды дабравесцю Хрыстоваму. 

13. Хіба вы не ведаеце, што тыя, хто працуе ў свяцілішчы, кормяцца ад свяцілішча? што тыя, хто слу́жыць пры ахвярніку, маюць долю ад ахвярніка?

14. Гэтак і Гасподзь устанавіў, каб тыя, хто прапаведуе Евангелле, жылі ад дабравесця.

15. Але я не карыстаўся нічым такім. І напісаў я гэта не дзеля таго, каб так было для мяне, бо мне лепш памерці, чым каб хто пазбавіў мяне таго, чым я хвалю́ся.

16. Бо калі я дабраве́шчу, то мне няма чым хвалíцца, таму што гэта абавязак, які ляжы́ць на мне, і гора мне, калі не дабраве́шчу.

17. Бо калі я раблю гэта добраахвотна, то ма́ю ўзнагароду, а калі не добраахвотна, то выконваю толькі дару́чаную мне справу.

18. За што ж мне ўзнагарода? За тое, што, прапаведуючы Евангелле, я дабраве́шчу пра Хрыста да́рам, не карыстаючыся тым правам, якое дае мне дабравесце.

19. Таму, будучы свабодным ад усіх, я зрабіў сябе рабом усіх, каб больш іх прыдба́ць:

20. для Іудзеяў я быў як Іудзей, каб прыдба́ць Іудзеяў; для падзаконных быў як падзаконны, каб прыдба́ць падзаконных;

21. для тых, хто без закону, я быў як без закону, —  не будучы без закону перад Богам, а падзаконным Хрысту, — каб прыдба́ць тых, хто без закону;

22. для сла́бых быў як сла́бы, каб прыдба́ць сла́бых. Для ўсіх я стаў усім, каб спасці хаця б некаторых.

23. І гэта я раблю дзеля Евангелля, каб стаць удзельнікам яго.

24. Хіба вы не ведаеце, што на спаборніцтвах па бегу бягуць усе, а ўзнагароду атрымлівае адзін? Дык бяжыце так, каб атрымаць.

25. Кожны, хто спаборнічае, устрымліваецца ад усяго; аднак яны — каб атрымаць вянец тленны, а мы — нятленны. 

26. І таму я бягу не проста так, б’юся не так, быццам б’ю паветра;

27. але прыгнятаю і знявольваю цела маё, каб, прапаведуючы іншым, самому не аказацца недастойным.

 

Раздзел 10

1. Не хачу, браты, каб вы засталіся ў няве́данні, што айцы нашы ўсе былі пад воблакам, і ўсе прайшлі праз мора;

2. і ўсе хрысціліся ў Маісея ў воблаку і ў моры;

3. і ўсе елі тую самую духоўную ежу;

4. і ўсе пілí тое самае духоўнае пітво, бо пілí з духоўнай скалы, якая суправаджа́ла іх; а скалою быў Хрыстос.

5. Але не многіх з іх упадабаў Бог, таму яны пале́глі ў пустыні.

6. А гэта былі правобразы для нас, каб мы не былі ахвочымі да зла, як былі ахвочымі яны.

7. І не будзьце ідалапаклоннікамі, як некаторыя з іх, пра якіх напісана: “народ сеў есці і піць, і падняўся, каб забаўляцца”.

8. І не будзем блудадзейнічаць, як некаторыя з іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы.

9. І не будзем спакушаць Хрыста, як некторыя з іх спакушалі, і загінулі ад змей.

10. І не наракайце, як некаторыя з іх наракалі, і загінулі ад знішчальніка.

11. Усё гэта адбывалася з імі як правобразы; а напíсана было́ для настаўлення нам, якіх застала сканчэнне вякоў.

12. Дык вось, хто думае, што ён стаіць, няхай асцерагаецца, каб не ўпа́сці.

13. Вас спасцігла спакуса не яка́я іншая, як чалавечая; і верны Бог, Які не дапу́сціць, каб у вас былí спаку́сы звыш сіл, а пры спакушэ́нні дасць і выйсце, каб вы маглі вы́трываць.

14. Таму, узлюбленыя мае́, уцякайце ад ідалапаклонства.

15. Я кажу вам як разумным; самі разважце пра тое, што кажу:

16. чаша благаславення, якую мы благаслаўляем, — хіба гэта не далучэнне да Крыві Хрыстовай? хлеб, які мы пераламляем, — хіба гэта не далучэнне да Цела Хрыстовага?

17. Паколькі хлеб адзін, то мы многія — адно цела; бо ўсе прычашчаемся ад аднаго хлеба.

18. Глядзіце на Ізраіль па плоці: тыя, што ядуць ахвяры, — хіба не далучаюцца да ахвярніка?

19. Дык што я кажу́ ці тое, што ідал нешта значыць, альбо ідалаахвярнае нешта значыць? 

20. Не; а толькі тое, што язычнікі, прыносячы ахвяру, прыносяць яе дэманам, а не Богу; а я не хачу, каб вы былí ў лу́чнасці з дэманамі.

21. Не можаце піць чашу Гасподнюю і чашу дэманскую; не можаце быць удзельнікамі трапе́зы Гасподняй і трапе́зы дэманскай.

22. Няўжо мы хочам абудзíць рэўнасць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго?

23. Усё мне дазволена, але не ўсё карысна; усё мне дазволена, але не ўсё настаўляе.

24. Няхай ніхто не шукае карысці для сябе, але кожны — для іншага.

25. Усё, што прадаецца на рынку, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;

26. бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.

27. Калі хто з няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсці, дык усё, што прапануюць вам, ежце, нічога не даследуючы, са спакойным сумленнем;

28. Але калі хто скажа вам: “гэта ідалаахвярнае”, — дык не ежце дзеля таго, хто гэта паведаміў, і дзеля спакою сумлення; бо Гасподняя зямля і тое, што напаўняе яе.

29. Пра сумленне ж я кажу не сваё, а іншага; бо навошта, каб маю свабоду судзілі чужым сумленнем?

30. Калі я з падзя́каю прымаю ежу, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я ўзношу падзяку?

31. Дык вось, ці ясце́ вы, ці п’яце́, ці яшчэ што робіце, — усё рабіце на славу Божую.

32. Не будзьце прычынаю спакус ні для Іудзеяў, ні для Элінаў, ні для Царквы Божай,

33. як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы карысці не для сябе, а для многіх, каб яны спасліся.

 

Раздзел 11

1. Будзьце пераймальнікамі маімі, як я — Хрыста.

2. Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё па́мятаеце і трымаеце пада́нні так, як я перадаў вам.

3. Хачу таксама, каб вы ведалі, што кожнаму мужчыну галава Хрыстос, а жанчыне галава — муж, а Хрысту галава — Бог.

4. Кожны мужчына, які моліцца альбо прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю галаву;

5. і кожная жанчына, якая моліцца альбо прарочыць з непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, як бы яна была паголена;

6. бо калі жанчына не пакрываецца, то няхай і стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна быць астрыжанай альбо паголенай, то няхай пакрываецца.

7. Дык вось, мужчына не павінен пакрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Божая; а жанчына — слава мужа.

8. Бо не мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны;

9. і не мужчына створаны для жанчыны, а жанчына для мужчыны.

10. Таму жанчына і павінна мець на галаве знак улады над ёю, для Ангелаў.

11. Зрэшты, ні мужчына без жанчыны, ні жанчына без мужчыны, у Госпадзе.

12. Бо як жанчына ад мужчыны, так і мужчына праз жанчыну; а ўсё — ад Бога.

13. Судзíце самі, ці прыстойна жанчыне маліцца Богу з непакрытаю галавою?

14. І хіба́ не сама прырода ву́чыць вас, што калі мужчына адпускае доўгія валасы, то гэта га́ньба для яго,

15. а калі жанчына адпускае доўгія валасы, то гэта слава для яе, бо валасы да́дзены ёй замест пакрывала?

16. А калі б хто захацеў спрачацца, то ні мы такога звычаю не маем, ні Цэрквы Божыя.

17. Але, даючы́ гэтыя настаўле́нні, я не хвалю вас за тое, што вы збіраецеся не на лепшае, а на горшае.

18. Бо, па-першае, чую, што, калі вы збіраецеся разам як Царква, то паміж вамі бываюць падзелы, і гэтаму часткова я веру.

19. Бо павінна быць і разнамы́снасць паміж вамі, каб вы́явіліся сярод вас дасве́дчаныя.

20. Дык вось, калі вы і збіраецеся разам, то гэта не значыць, што вы спажыва́еце вячэру Гасподнюю;

21. бо кожны хутчэй бярэ і есць сваю ўласную вячэру, і тады адзін застае́цца галодным, а другі ўпіваецца.

22. Хіба́ ў вас няма дамоў, каб есці і піць? Альбо хочаце знява́жыць Царкву Божую і прынíзіць тых, хто нічога не ма́е? Што сказаць вам? пахвалíць вас за гэта? Не пахвалю́.

23. Бо я ад Госпада прыня́ў тое, што і вам перадаў: што Гасподзь Іісус у тую ноч, калі Ён вы́дадзены быў, узяў хлеб

24. і, узнёсшы падзяку, пераламіў і сказаў: прымíце, ежце, гэта Цела Маё, Якое за вас пераламля́ецца; рабіце гэта на ўспамін пра Мяне.

25. Таксама і чашу пасля вячэры, і сказаў: гэтая чаша — новы запавет у Маёй Крыві; рабіце гэта кожны раз, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне.

26. Бо кожны раз, калі вы ясце́ хлеб гэты і п’яце́ чашу гэтую, вы смерць Госпада абвяшчаеце — да таго часу, як Ён прыйдзе.

27. Дык вось, хто будзе есці хлеб гэты і піць чашу Гасподнюю недастойна, вінаваты будзе перад Целам і Крывёю Гасподнімі.

28. Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек, і тады няхай есць ад хлеба гэтага і п’е з чашы гэтай.

29. Бо хто есць і п’е недастойна, той есць і п’е асуджэ́нне сабе, не разважа́ючы пра Цела Гасподняе.

30. З-за гэтага многа сярод вас нядужых і хворых, і памірае нямала.

31. Бо калі б мы судзілі самі сябе, дык не падвярга́ліся б суду.

32. Але калі падвярга́емся суду, то атрымліваем пакара́нне ад Госпада, каб не быць асу́джанымі са светам.

33. Таму, браты мае́, збіраючыся разам, каб есці, адзін аднаго чакайце.

34. Калі ж хто галодны, няхай есць дома, каб збірацца вам разам не на асуджэнне. Астатняе ж уладку́ю, калі прыйду.

 

Раздзел 12

1. А што да духоўных дароў, браты, я не хачу, каб вы засталíся ў няве́данні.

2. Ведаеце, што, калі вы былі язычнікамі, то да ідалаў нямых хадзілі, быццам хто вёў вас.

3. Таму даво́джу вам, што ніхто, у Духу Божым гаворачы, не прамаўляе ана́фемы на Іісуса, і ніхто не можа назваць Іісуса Госпадам, як толькі ў Духу Святым.

4. Розныя ёсць дары́, а Дух — той самы;

5. і розныя служэ́нні, а Гасподзь — той самы;

6. і розныя дзе́янні, а Бог — той самы, Які здзяйсня́е ўсё ва ўсіх.

7. Але кожнаму даецца праяўле́нне Духа на карысць:

8. аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому — слова ведаў, тым самым Духам;

9. іншаму — вера, тым самым Духам; іншаму — дары ацаленняў, тым самым Духам;

10. іншаму — цудатварэ́нні, іншаму — прароцтва, іншаму — распазнаванне духаў, іншаму — розныя мовы, іншаму — тлумачэнне моў.

11. Усё гэта здзяйсня́е адзін і той самы Дух, раздаючы́ кожнаму асобна, як Ён жадае.

12. Бо як цела адно, але ма́е многа членаў, і ўсе члены аднаго цела, хоць іх і многа, з’яўляюцца адным целам, — так і Хрыстос.

13. Бо ўсе мы адным Духам ахры́шчаны ў адно цела: ці то Іудзеі, ці Эліны, ці рабы, ці свабодныя, і ўсе адным Духам напо́ены.

14. Цела ж не з аднаго члена, а з многіх.

15. Калі нага скажа: “я не належу да цела, бо я не рука”, то няўжо яна з-за гэтага не належыць да цела?

16. І калі вуха скажа: “я не належу да цела, бо я не вока”, то няўжо яно з-за гэтага не належыць да цела?

17. Калі ўсё цела — вока, то дзе слых? Калі ўсё — слых, то дзе нюх?

18. Але Бог змясціў члены, кожны з іх, у целе, як Ён пажадаў.

19. А калі б усе былі адным членам, то дзе цела?

20. Дык вось, членаў многа, а цела адно.

21. Не можа вока сказаць руцэ: “ты мне не патрэбна”; альбо таксама галава нагам: “вы мне не патрэбны”. 

22. Наадварот, члены цела, якія здаюцца слабейшымі, значна больш патрэбныя,

23. і тым, якія здаюцца нам менш пава́жнымі ў целе, мы ўдзяляем больш увагі;

24. і непрыстойным нашым больш добрапрыстойны выгляд надаём, а добрапрыстойныя нашы не маюць у гэтым патрэбы. Але Бог так склаў цела, што менш дасканаламу надаў больш увагі,

25. каб не было раздзялення ў целе, а члены аднолькава клапаціліся адзін пра аднаго.

26. Таму, калі пакутуе адзін член, то з ім пакутуюць усе члены; і калі славіцца адзін член, то з ім радуюцца ўсе члены.

27. І вы — цела Хрыстова, а паасобку — члены.

28. І адных Бог паставіў у Царкве, па-першае, Апосталамі, па-другое, прарокамі, па-трэцяе, настаўнікамі; затым, іншым даў сілы цудатварэння, затым, дары ацаленняў, дапамогі, кіравання, розныя мовы.

29. Хіба ўсе Апосталы? хіба ўсе прарокі? хіба ўсе цудатворцы?

30. хіба ўсе маюць дары ацаленняў? хіба ўсе гавораць мовамí хіба ўсе могуць тлумачыць іх?

31. Імкнíцеся да дароў бо́льшых, і я пакажу вам шлях яшчэ даскана́лейшы.

 

Раздзел 13

1. Калі я размяўляю мовамі чалавечымі і а́нгельскімі, а любові не ма́ю, то я — медзь, якая звініць, альбо кімвал, які гудзе.

2. Калі я маю дар прароцтва, і валодаю усімі тайнамі і ўсімі ведамі, і ма́ю ўсю веру, так што магу і горы перастаўляць, а любові не ма́ю, то я — нішто.

3. І калі я раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спале́нне, а любові не ма́ю, то няма мне ніякай карысці.

4. Любоў доўгацярплівая, міласэрная, любоў не зайздросціць, любоў не ўзвышае сябе, не ганарыцца,

5. не бясчынствуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не па́мятае зла,

6. не радуецца няпраўдзе, а радуецца ісціне;

7. ўсё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, ўсё пераносіць.

8. Любоў ніколі не перастае́, хоць і прароцтвы знікнуць, і мовы змоўкнуць, і веды знíкнуць.

9. Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым;

10. а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне.

11. Калі я быў дзіцём, то размаўляў па-дзіцячаму, думаў па-дзіцячаму, разважаў па-дзіцячаму; а калі стаў мужчынам, то пазбыўся дзіцячага.

12. Цяпер мы бачым у адлюстраванні, невыразна, а тады — твар у твар; цяпер я ведаю часткова, а тады спазна́ю так, як і я спазна́ны.

13. Цяпер жа застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але найбольшая з іх — любоў.

 

Раздзел 14

1. Дасягайце любові; імкніцеся да дароў духоўных, асабліва ж да таго, каб прарочыць.

2. Бо хто гаворыць мовамі, той гаворыць не людзям, а Богу; бо ніхто не разумее: ён у ду́ху гаворыць тайны;

3. а хто прарочыць, той лю́дзям гаворыць для ўмацава́ння, і падтрымкі, і суцяшэ́ння.

4. Хто гаворыць мовамі, той настаўляе сябе; а хто прарочыць, той настаўляе царкву.

5. Я хачу, каб усе вы гаварылі мовамі; аднак лепш, каб вы прарочылі; бо той, хто прарочыць, большы за таго, хто гаворыць мовамі, хіба што ён і тлумачыць будзе, каб царква атрымала настаўле́нне.

6. Цяпер жа, калі я прыйду да вас, браты, і буду гаварыць мовамі, то якую карысць прынясу вам, калі не прамоўлю вам або адкраве́ння, або ведаў, або прароцтва, або павучэ́ння?

7. Нават бяздушныя рэчы, якія маюць гуча́нне, — ці жалейка, ці гуслі — калі не пададу́ць выразных гукаў, то як даведацца, што́ іграюць на жалейцы ці на гуслях?

8. І калі труба падасць няя́сны гук, то хто стане рыхтавацца да бітвы?

9. Таксама і вы, калі языком будзеце прамаўляць незразумелыя словы, то як даведацца, што́ вы кажаце? Вы будзеце гаварыць на вецер.

10. Колькі ёсць розных гаворак на свеце, і ніводнай з іх няма без значэння;

11. але калі я не разумею гаворкі, то для таго, хто гаворыць, я — чужаземец, і той, хто гаворыць, — чужаземец для мяне. 

12. Так і вы, імкну́чыся да духоўнага, намагайцеся ўзбагаціцца ім дзеля ўмацавання царквы.

13. А таму той, хто гаворыць мовамі, няхай моліцца, каб мог тлумачыць.

14. Бо калі я малюся мовамі, то дух мой моліцца, але розум мой застаецца без плоду.

15. Што ж рабіць? Буду маліцца духам, буду маліцца і розумам; буду спяваць духам, буду спяваць і розумам.

16. Бо калі ты будзеш благаслаўляць духам, то я́к той, хто займае месца недасведчанага, скажа “амінь” на тваю падзяку́ Ён жа не разумее, што́ ты гаворыш.

17. Ты добра ўзносіш падзяку, але іншы не атрымлівае настаўлення.

18. Дзякую Богу майму: я больш за ўсіх вас гавару мовамі;

19. але ў царкве хачу лепш пяць слоў сказаць розумам маім, каб і іншых наставіць, чым дзесяткі тысяч слоў мовамі.

20. Браты! не будзьце дзе́цьмі розумам: на злое будзьце дзе́цьмі, а розумам будзьце сталымі.

21. У законе напісана: “іншымі мовамі і іншымі вуснамі буду гаварыць народу гэтаму, але і тады не паслухаюць Мяне, кажа Гасподзь”.

22. Дык вось, мовы — гэта знаме́нне не для веруючых, а для няверуючых; а прароцтва не для няверуючых, а для веруючых.

23. Калі ўся Царква збярэцца разам і ўсе будуць гаварыць мовамі, а ўвойдуць недасве́дчаныя альбо няверуючыя, то ці не скажуць, што вы звар’яцелí

24. Калі ж усе прарочаць, а ўвойдзе нехта няверуючы альбо недасве́дчаны, то яго ўсе выкрыва́юць, усе су́дзяць,

25. і гэтак тайны сэрца яго выяўля́юцца, і ён, упаўшы ніц, паклоніцца Богу і ўсклікне: “сапраўды, з вамі Бог”.

26. Дык што ж, браты́  Калі вы збіра́ецеся разам, і ў кожнага з вас ёсць псалом, ёсць павучэнне, ёсць мова, ёсць адкравенне, ёсць тлумачэнне, — усё няхай будзе дзеля ўмацавання.

27. Калі хто гаворыць мовамі, то няхай гавораць двое ці, самае большае, трое, і то па чарзе, а адзін няхай тлумачыць.

28. Калі ж не будзе тлумачальніка, то маўчы ў царкве, а гавары сабе і Богу.

29. І прарокі няхай гавораць двое ці трое, а іншыя няхай разважа́юць;

30. калі ж другому, які сядзіць, будзе адкравенне, то першы няхай замаўчыць.

31. Бо ўсе можаце адзін за адным прарочыць, каб усе навучаліся і ўсе атрымлівалі суцяшэнне.

32. І духі прарочыя падпарадкоўваюцца прарокам,

33. таму што Бог — не бязладдзя Бог, а міру. Так адбываецца ва ўсіх цэрквах у святых.

34. Жанчыны вашы ў цэрквах няхай маўчаць, бо не дазволена ім прамаўляць, а належыць падпарадкоўвацца, як і закон кажа.

35. Калі ж яны хочуць чаму навучы́цца, то няхай пытаюцца дома ў сваіх мужоў; бо непрыстойна жанчыне прамаўляць у царкве.

36. Хіба ад вас выйшла слова Божае? Ці да вас адных яно дайшло?

37. Калі хто лíчыць сябе прарокам альбо духоўным, няхай зразумее: тое, што́ я пішу вам, — гэта запаведзі Гасподнія;   

38. а хто не прызнае́, няхай не прызнае́.

39. Дык вось, браты мае́, дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце і гаварыць мовамі;

40. толькі ўсё павінна адбывацца добрапрыстойна і ў належным парадку.

 

Раздзел 15

1. Напамінаю вам, браты, тое Евангелле, якое я дабраве́сціў вам, якое і прынялí вы, у якім і ўмацаваліся,

2. праз якое і спаса́ецеся, калі трыма́ецеся таго, што я дабраве́сціў вам, калі толькі не марна ўверавалі.

3. Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыня́ў: што Хрыстос памёр за грахі нашы, паводле Пісанняў,

4. і што Ён пахаваны быў, і што ўваскрэс на трэці дзень, паводле Пісанняў,

5. і што Ён явіўся Кіфе, потым — дванаццаці;

6. затым явіўся больш як пяцістам братам адначасова, многія з якіх жывыя дагэтуль, а некаторыя спачы́лі;

7. затым явіўся Іакаву, потым — усім Апосталам; 

8. а пасля ўсіх явіўся і мне, як нейкаму неданоску.

9. Бо я найменшы з Апосталаў, і не варты называцца Апосталам, бо я гнаў Царкву Божую.

10. Але па благадаці Божай я ёсць тое, што ёсць; і благадаць Яго ўва мне не была ма́рнаю, яж болей за ўсіх іх папрацаваў; не я, аднак, а благадаць Божая, якая са мною.

11. Дык вось, ці я, ці яны, — та́к мы прапаведуем, і та́к вы ўверавалі.

12. Калі ж пра Хрыста прапаведуецца, што Ён уваскрэс з мёртвых, то як жа некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасення мёртвых?

13. Бо калі няма ўваскрасення мёртвых, то і Хрыстос не ўваскрэс;

14. а калі Хрыстос не ўваскрэс, то ма́рная і пропаведзь наша, ма́рная і вера ваша. 

15. Прытым мы аказваемся лжывымі сведкамі пра Бога, бо сведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрашаў, калі б было праўдай, што мёртвыя не ўваскрасаюць;

16. бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, то і Хрыстос не ўваскрэс;

17. а калі Хрыстос не ўваскрэс, то ма́рная вера ваша: вы яшчэ ў грахах вашых;

18. тады і памерлыя ў Хрысце загінулі.

19. Калі мы ў гэтым толькі жыцці спадзяёмся на Хрыста, то мы самыя няшчасныя з усіх людзей.

20. Але Хрыстос уваскрэс з мёртвых, пе́ршынец з паме́рлых.

21. Бо паколькі праз чалавека смерць, то праз чалавека і ўваскрасенне мёртвых.

22. Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажыву́ць,

23. але кожны сваёю чаргою: пе́ршынец Хрыстос, затым Хрыстовы,у прышэсце Яго.

24. А потым канец: калі Ён перадасць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу;

25. бо Яму належыць царстваваць, пакуль не пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае.

26. І апошні вораг будзе знішчаны — смерць,

27. таму што Ён усё пакары́ў пад ногі Яго; калі ж скажа, што ўсё пако́рана Яму, то ясна, што акрамя Таго, Хто пакары́ў Яму ўсё.          

28. Калі ж Яму будзе пако́рана ўсё, тады і Сам Сын пако́рыцца Таму, Хто пакары́ў Яму ўсё, каб быў Бог усё ва ўсім.

29. Бо, інакш, што будуць рабіць тыя, хто прымае хрышчэнне дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрасаюць, то навошта прымаюць хрышчэнне дзеля мёртвых?             

30. Чаму і мы ўвесь час падвярга́ем сябе небяспе́цы?                                  

31. Я кожны дзень паміраю: прысяга́ю ў гэтым, браты, пахвало́ю вашаю, якую ма́ю ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.          

32. Калі я з чалавечыхпамкненняў змагаўся са звярамі ў Эфесе, то якая мне карысць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Давайце будзем есці і піць, бо заўтра памром!

33. Не ашуквайце сябе: кепскае асяроддзе псуе́ добрыя звы́чаі.               

34. Ацверазіцеся як нале́жыць і не грашыце; бо некаторыя з вас не знаюць Бога,— на сорам вам кажу.

35. Але нехта скажа: як уваскрэснуць мёртвыя́ і ў якім целе прыйдуць?  

36. Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ;

37. і калі ты сееш, то сееш не цела будучае, а голае зерне, будзь гэта пшанічнае ці якое іншае;

38. Бог жа дае яму цела, як Ён хоча, і кожнаму насенню — сваё цела.

39. Не кожная плоць — такая самая плоць; але адна плоць у людзей, другая плоць у скаціны, іншая — у рыб, іншая — у птушак.              

40. Ёсць целы нябесныя і целы зямныя; але інакшая слава нябесных, інакшая — зямных;    

41. адна слава сонца, а другая слава месяца, а іншая слава зорак; і зорка ад зоркіадрозніваецца славаю.

42. Так і пры ўваскрасенні мёртвых: сеецца ў тленні — паўстае́ ў нятленні;

43. сеецца ў бясчэсці — паўстае́ ў славе; сеецца ў слабасці — паўстае́ ў сіле;

44. сеецца цела душэўнае — паўстае́ цела духоўнае. Ёсць цела душэўнае і ёсць целадухоўнае. 

45. Так і напісана: “першы чалавек Адам стаў душою жывою”, а апошні Адам — духам жыватворчым.

46. Але не духоўнае спачатку, а душэўнае, потым духоўнае.

47. Першы чалавек — з зямлі, зямны; другі чалавек — Гасподзь з неба.

48. Які зямны, такія і зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя;

49. і  я́к мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць вобраз і нябеснага.

50. Але тое скажу, браты, што плоць і кроў не могуць унаследаваць Царства Божага, і тленне не наследуе нятлення.

51. Кажу вам тайну: не ўсе мы памром, але ўсе пераменімся

52. раптам, у імгненне вока, пры гуку апошняй трубы: бо затру́біць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленнымі, а мы пераменімся;

53. бо тленнаму гэтаму належыць апрану́цца ў нятленне, і смяротнаму гэтаму — апрану́цца ў бессмяротнасць.

54. Калі ж тленнае гэтае апра́нецца ў нятленне і смяротнае гэтае апра́нецца ў бессмяротнасць, тады здзейсніцца слова напісанае: “паглыну́та смерць перамогаю”.

55. “Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?”

56. Джала смерці — грэх; а сіла граху — закон.

57. Але дзякуем Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Іісуса Хрыста!

58. Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, будзьце цвёрдымі, непахіснымі, цалкам адданымі справе Гасподняй заўсёды, ведаючы, што праца ваша не ма́рная перад Госпадам.

 

Раздзел 16

1. А што датычыць збору ахвяраванняў для святых, рабіце так, як устанавіў я ў Цэрквах Галатыйскіх:

2. у першы дзень тыдня кожны з вас няхай адкладае і зберагае столькі, колькі дазволіць  яго дастатак, каб не збіраць ахвяраванняў тады, калі я прыйду.

3. Калі ж прыбуду, то тых, каго вы палíчыце годнымі, я з пісьмамі адпраўлю, каб занесці ваш дар у Іерусалім.

4. А калі варта будзе і мне пайсці, то яны пойдуць са мною.

5. Я прыйду да вас, калі прайду Македонію; бо я іду праз Македонію.

6. У вас жа, магчыма, затрымаюся, а то і перазімую, каб вы правялі мяне туды, куды я пайду.

7. Бо я не хачу з вамі цяпер бачыцца мімаходзь, а спадзяюся застацца ў вас на нейкі час, калі Гасподзь дазволіць.

8. У Эфесе ж я застану́ся да Пяцідзесятніцы;

9. бо перада мною адчынены вялікія дзверы для дзейнасці, ды праціўнікаў многа.

10. Калі ж прыйдзе Цімафей, глядзіце, каб у бяспецы быў ён у вас, таму што ён робіць cправу Гасподнюю, як і я;

11. дык няхай ніхто не пагарджае ім, а правядзіце яго з мірам, каб ён прыйшоў да мяне, бо я чакаю яго з братамі.

12. А што датычыць брата Апалоса, то я вельмі прасіў яго, каб ён з братамі пайшоў да вас; але ён ніяк не жадаў ісці цяпер, а прыйдзе, калі будзе мець нагоду.   

13. Трывайце, стойце ў веры, будзьце мужнымі, мацуйцеся;

14. усё ў вас няхай будзе з любоўю.

15. Прашу вас, браты, — вы ведаеце сямейства Сцяфана, што яно стала пе́ршынцам Ахаіі і яны прысвяцілі сябе служэнню святым, —

16. каб і вы падпарадкоўваліся такім, і кожнаму, хто дапамагае і працуе.

17. Я рады прыбыццю́ Сцяфана, Фартуната і Ахаіка: таму што яны замянілі для мяне вашу адсутнасць,

18. бо яны супакоілі мой і ваш дух. Дык шануйце такіх.

19. Вітаюць вас Цэрквы Асійскія; вітаюць вас у Госпадзе шчыра Акіла і Прыскіла з іх дамашняю Царквою.

20. Вітаюць вас усе браты. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам.

21. Вітанне рукою маёю, Паўлаваю.

22. Хто не лю́біць Госпада Іісуса Хрыста, ана́фема, мара́н-афа́.

23. Благадаць Госпада Іісуса Хрыста з усімі вамі,

24.  і любоў мая́ з усімі вамі ў Хрысце Іісусе. Амінь.

 


* Г.зн. жонку, якая з’яўляецца сястрой па веры.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.