Да Рымлян Пасланне святога Апостала Паўла

Разделы: 1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11   12   13   14   15   16

 

Раздзел 1

1. Павел, раб Іісуса Хрыста, паклíканы Апостал, абра́ны для дабраве́сця Бо́жага,

2. якое Бог раней абяца́ў праз праро́каў Сваіх у святы́х піса́ннях

3. пра Сына Свайго, Які нарадзíўся з се́мені Давíдавага па пло́ці

4. і адкрыўся як Сын Божы ў сіле, па духу свя́тасці, праз уваскрасе́нне з мёртвых, — пра Іісуса Хрыста, Госпада нашага,

5. праз Якога мы атрыма́лі благада́ць і апо́стальства, каб дзе́ля імя́ Яго прыво́дзіць да паслушэ́нства ве́ры ўсе наро́ды,

6. сярод якіх і вы, паклíканыя Іісу́сам Хрысто́м, —

7. усім, хто ў Рыме, узлю́бленым Божым, паклíканым святы́м: благада́ць вам і мір ад Бо́га, Айца́ на́шага, і Го́спада Іісу́са Хрыста́.

8. Найпе́рш я дзя́кую Богу майму́ праз Іісу́са Хрыста́ за ўсіх вас, што вера ваша абвяшча́ецца ва ўсім све́це;

9. све́дка мне Бог, Яко́му я служу́ ду́хам маім у дабраве́сці Сы́на Яго, што я беспераста́нна зга́дваю вас,

10. заўсёды про́сячы ў малíтвах маіх, каб воля Бо́жая не́калі паспрыя́ла мне прыйсцí да вас.

11. Бо я пра́гну ўба́чыць вас, каб перада́ць вам нейкі дар духо́ўны для ўмацава́ння ва́шага,

12. гэта зна́чыць, суце́шыцца з вамі ве́раю супо́льнаю, ва́шаю і маёю.

13. Не хачу ўто́йваць ад вас, браты́, што мно́га разо́ў збіра́ўся я прыйсцí да вас, — але сустрака́ў перашко́ды дагэ́туль, — каб мець нейкі плён і ў вас, як і ў íншых наро́дах.

14. Я даўжнíк і Э́лінам і ва́рварам, і му́дрым і неразу́мным;

15. дык вось, што даты́чыцца мяне́, то я гато́вы дабраве́сціць і вам, якія ў Ры́ме.

16. Бо я не саро́меюся дабраве́сця Хрысто́вага, таму́ што яно́ — сíла Бо́жая для спасе́ння ко́жнаму ве́руючаму: найпе́рш Іудзе́ю, а потым і Э́ліну.

17. Бо пра́веднасць Бо́жая ў ім адкрыва́ецца ад ве́ры да ве́ры, як напíсана: “пра́ведны ве́раю жывы́ бу́дзе”.

18. Бо адкрыва́ецца гнеў Бо́жы з не́ба на ўсяля́кую бязбо́жнасць і няпра́веднасць людзе́й, якія ісціну заціска́юць няпра́веднасцю.

19. Бо тое, што мо́жна ве́даць пра Бо́га, я́ўнае для іх, пако́лькі Бог явíў ім;

20. бо тое, што няба́чнае ў Ім, ба́чыцца ад стварэ́ння свету праз пазна́нне ство́ранага: і ве́чная Яго сіла, і Бажаство́, — так што няма́ ім апраўда́ння.

21. Пако́лькі яны, спазна́ўшы Бо́га, не прасла́вілі Яго як Бо́га і не падзя́кавалі Яму, а аддалíся ма́рным мудрава́нням, і це́мра агарну́ла неразу́мнае сэ́рца іх:  

22. называ́ючы сябе му́дрымі, яны стра́цілі розум

23. і сла́ву нятле́ннага Бо́га замянілі падабе́нствам во́браза тле́ннага чалаве́ка, і пту́шак, і чацверано́гіх, і паўзуно́ў, —

24. таму і адда́ў іх Бог у пажа́днасцях сэ́рцаў іх нечыстаце́, так што яны самі га́ньбілі це́лы свае́;

25. яны падмянілі íсціну Бо́жую хлуснёю і пакланя́ліся і служылі стварэ́нню замест Тварца́, Які благаславёны на ве́кі, амíнь.

26. Таму адда́ў іх Бог гане́бным страсця́м: жанчы́ны іх замянíлі прыро́дныя зно́сіны на супрацьпрыро́дныя;

27. падо́бна і мужчы́ны, пакíнуўшы прыро́дныя зно́сіны з жанчы́наю, распа́льваліся пажа́днасцю сваёю адзін да аднаго́, мужчы́ны з мужчы́намі ўчыня́ючы со́рам і атры́мліваючы ў саміх сабе́ нале́жную распла́ту за сваю́ аблу́ду.

28. І пако́лькі яны не палічы́лі патрэ́бным мець пазна́нне Бога, то адда́ў іх Бог разбэ́шчанаму ро́зуму — рабіць няго́днае,

29. так што яны напо́ўненыя ўся́кай няпра́ўдай, блу́дам, хíтрасцю, кары́слівасцю, зло́сцю, поўныя за́йздрасці, забо́йства, зва́ды, падма́ну, ліхадзе́йства,

30. яны плеткары́, паклёпнікі, боганенавíснікі, крыўдзíцелі, самахва́лы, ганарлíўцы, вынахо́днікі ліхо́га, непаслухмя́ныя бацька́м,

31. наразва́жлівыя, здра́длівыя, бессардэ́чныя, бязлíтасныя, нямíласцівыя.

32. Яны ве́даюць пра́ведны прысу́д Божы, што тыя, хто ро́біць такія спра́вы, ва́ртыя сме́рці, аднак не толькі ро́бяць гэта, але і тых, хто робіць, падтры́мліваюць.

 

Раздзел 2

1. Таму няма́ апраўда́ння табе, хто б ты ні быў, чалавек, калі су́дзіш іншага, бо тым, што су́дзіш іншага, ты само́га сябе асуджа́еш; бо, су́дзячы, робіш тое са́мае.

2. А мы ве́даем, што здзяйсня́ецца паво́дле íсціны суд Божы на тых, хто тако́е ро́біць.

3. Няўжо́ ты, чалаве́к, су́дзячы тых, хто ро́біць такое, і сам ро́бячы тое ж, разлíчваеш пазбе́гнуць суда́ Бо́жага?

4. Альбо пагарджа́еш бага́ццем до́брасці, спага́длівасці і доўгацярплíвасці Божай, не разуме́ючы, што до́брасць Божая вядзе цябе да пакая́ння?

5. Аднак з-за ўпа́ртасці сваёй і нераска́янага сэ́рца ты сам сабе́ збіра́еш гнеў на дзень гне́ву і адкрыцця́ пра́веднага суда́ Бо́га,

6. Які ко́жнаму дасць паво́дле спраў яго:

7. тым, якія праз трыва́ласць у добрай спра́ве шука́юць сла́вы, паша́ны і несмяро́тнасці, — жыццё ве́чнае;

8. тым жа, якія з-за самаво́льства не скара́юцца íсціне, а аддаю́цца няпра́ўдзе, — я́расць і гнеў.

9. Го́ра і паку́ты на ко́жную душу́ чалаве́ка, які ро́біць зло: найпе́рш Іудзея, а потым і Э́ліна;

10. сла́ва ж, паша́на і мір ко́жнаму, хто ро́біць дабро́: найпе́рш Іудзе́ю, а потым і Э́ліну.

11. Бо няма́ прадузя́тасці ў Бо́га.

12. Тыя, што без зако́ну саграшы́лі, без зако́ну і загíнуць; а тыя, што пад зако́нам саграшы́лі, паво́дле закону асу́джаны бу́дуць,

13. бо не слухачы́ зако́ну пра́ведныя пе́рад Бо́гам, а выкана́ўцы зако́ну апраўда́ны бу́дуць;

14. бо калі язычнікі, не ма́ючы зако́ну, па прыро́дзе зако́ннае ро́бяць, то, не ма́ючы зако́ну, яны са́мі сабе́ зако́н:

15. яны пака́зваюць, што спра́ва зако́ну напíсана ў іх сэ́рцах, пра што све́дчыць сумле́нне іх, а такса́ма ду́мкі, якія то абвінава́чваюць, то апра́ўдваюць адна́ адну́.

16. Гэта адбу́дзецца ў дзень, калі, паво́дле дабраве́сця майго́, Бог бу́дзе судзíць та́йныя ўчы́нкі людзе́й праз Іісу́са Хрыста́.

17. Вось, ты называ́ешся Іудзе́ем, і спадзяе́шся на зако́н, і хва́лішся Бо́гам,

18. і ве́даеш во́лю Яго, і разуме́еш, што́ пра́вільна, бу́дучы наву́чаны зако́нам,

19. і ўпэ́ўнены ў сабе́, што ты — павады́р сляпы́х, святло́ для тых, хто ў це́мры,

20. выхава́льнік неразу́мных, наста́ўнік не́вукаў, які ма́е ў зако́не ўзор ве́даў і íсціны;

21. як жа ты, навуча́ючы іншага, сябе́ само́га не навуча́еш?

22. прапаве́дуючы не кра́сці — кра́дзеш? ка́жучы не пралюбадзе́йнічаць — пралюбадзе́йнічаеш? пагарджа́ючы íдаламі — рабу́еш ка́пішчы?

23. ты, які хва́лішся зако́нам, парушэ́ннем зако́на га́ньбіш Бо́га?

24. Бо з-за вас, як напíсана, імя́ Бо́жае зневажа́ецца ў язы́чнікаў.

25. Абрэ́занне тады́ кары́снае, калі выко́нваеш зако́н; а калі ты паруша́льнік зако́ну, то абрэ́занне тваё ста́ла неабрэ́заннем.

26. Дык вось, калі неабрэ́заны захо́ўвае патрабава́нні зако́ну, то яго неабрэ́занне хіба́ не залíчыцца за абрэ́занне?

27. і неабрэ́заны па прыро́дзе, які выко́нвае зако́н, хіба́ не асу́дзіць цябе, які, не зважа́ючы на Піса́нне і абрэ́занне, паруша́еш зако́н?

28. Бо Іудзе́й — не той, хто зне́шне такі, і абрэ́занне — не тое, якое зне́шняе, па пло́ці;

29. а Іудзей — той, хто ўну́трана такі, і абрэ́занне — тое, якое ў сэ́рцы, па ду́ху, а не па лíтары; яму і пахвала́ не ад людзе́й, а ад Бога.

 

Раздзел 3

1. Дык у чым перава́га Іудзея, альбо якая кары́сць ад абрэ́зання?

2. Вялікая, ва ўсіх адно́сінах, а найпе́рш у тым, што ім даве́рана сло́ва Бо́жае.

3. Бо што ж? калі некато́рыя і не ўве́равалі, то хіба́ іх няве́р’е знíшчыць ве́рнасць Бо́жую?

4. Ні ў якім ра́зе. Бог íсцінны, а ко́жны чалаве́к ілжы́вы, як напíсана: “Каб Ты апраўда́ны быў у сло́вах Тваіх і перамо́г у судзе́ Тваім”.

5. Калі ж на́ша няпра́веднасць выяўля́е пра́веднасць Бо́жую, то што ска́жам? Бог несправядлíвы, калі праяўля́е гнеў? — я кажу́, па-чалаве́чы разважа́ючы.

6. Ні ў якім разе. Бо як тады Бог бу́дзе судзíць свет?

7. Але калі íсціна Бо́жая праз маю лжы́васць выяўля́ецца на сла́ву Яго, то нашто́ мяне́ ж яшчэ́ судзíць, як грэ́шніка?

8. І ці не рабíць нам зло, каб атрыма́лася дабро́, як некато́рыя га́няць нас і ка́жуць, бы́ццам мы так гаво́рым? Асуджэ́нне на такіх справядлíвае.

9. Дык што ж? ці ёсць у нас перава́га? Ніякай; бо мы ўжо вы́казалі абвінава́чанне, што і Іудзе́і, і Э́ліны — усе пад грахо́м,

10. як напíсана: “няма пра́веднага ніво́днага;

11. няма таго, хто разуме́е; няма таго, хто шука́е Бо́га;

12. усе збíліся з дарогі, разам ста́лі няго́днымі; няма таго, хто ро́біць дабро́, няма ніво́днага.

13. Го́рла іх — магіла адкры́тая; языко́м сваім падма́нваюць; атру́та змяíная на ву́снах іх;

14. рот іх по́ўны праклёну і го́рычы.

15. Ногі іх ско́рыя на праліццё крывí;

16. разбурэ́нне і го́ра на шляха́х іх;

17. і шлях міру невядо́мы ім.

18. Няма стра́ху Бо́жага перад вачы́ма іх”.

19. А мы ве́даем, што ўсё, што гаво́рыць закон, ён гаво́рыць для тых, хто пад зако́нам, каб замкну́ліся любы́я ву́сны і ўвесь свет прызна́ў сябе́ вінава́тым пе́рад Бо́гам,

20. таму што спра́вамі зако́ну не апраўда́ецца перад Ім нія́кая плоць; бо праз закон пазнае́цца грэх.

21. Але цяпер, незале́жна ад зако́ну, з’явíлася пра́веднасць Бо́жая, пра якую све́дчаць зако́н і праро́кі,

22. пра́веднасць Бо́жая праз ве́ру ў Іісу́са Хрыста́ для ўсіх і на ўсіх ве́руючых; бо няма́ ро́зніцы,

23. таму што ўсе саграшы́лі і пазба́ўлены сла́вы Бо́жай,

24. атры́мліваючы апраўда́нне да́рам, па благада́ці Яго, адкупле́ннем у Хрысце́ Іісу́се,

25. Якога Бог прадвы́значыў як ахвя́ру ўміласціўле́ння ў Крывí Яго праз ве́ру, каб паказа́ць пра́веднасць Яго праз прабачэ́нне грахо́ў, учы́неных  ране́й,

26. у час доўгацярпе́ння Бо́жага, каб паказа́ць пра́веднасць Яго ў цяпе́рашні час, каб вы́явіць, што Ён пра́ведны і апра́ўдвае таго, хто ве́руе ў Іісу́са.

27. Дзе ж тое, чым хвалíцца́ Яно скасава́на. Якім зако́нам? зако́нам спраў? Не, зако́нам ве́ры.

28. Бо мы прызнаём, што чалавек апра́ўдваецца ве́раю, незале́жна ад спраў зако́ну.

29. Ці Бог — толькі Бог Іудзе́яў? хіба́ і не язы́чнікаў такса́ма? Так, і язы́чнікаў,

30. таму што Бог адзін, і Ён апра́ўдвае абрэ́заных па ве́ры і неабрэ́заных праз ве́ру.

31. Дык мы знішча́ем зако́н ве́раю? Ні ў якім ра́зе; мы зако́н сцвярджа́ем.

 

Раздзел 4

1. Што ж, ска́жам, Аўраам, айцец наш, набы́ў па плоці?

2. Бо калі Аўраам быў апраўда́ны спра́вамі, ён ма́е чым хвалíцца, але не перад Богам.

3. Бо што гаво́рыць Пісанне? “Паве́рыў Аўраам Богу, і гэта залічы́лася яму як пра́веднасць”.

4. Таму, хто выко́нвае працу, аплата налíчваецца не па мíласці, а па абавя́зку;

5. а таму, хто не выко́нвае, але ве́руе ў Таго, Хто апра́ўдвае грэ́шніка, вера яго залíчваецца як пра́веднасць.

6. Так і Давід называ́е блажэ́нным чалавека, якому Бог залíчвае пра́веднасць незале́жна ад спраў:

7. “блажэ́нныя тыя, чые беззако́нні праба́чаны і чые грахí пакры́ты;

8. блажэ́нны чалавек, якому Гасподзь не залíчыць граху́”.

9. Дык блажэ́нства гэтае даты́чыцца абрэ́заных ці і неабрэ́заных? Мы ка́жам, што Аўрааму вера залічы́лася як пра́веднасць.

10. Калі залічы́лася? пасля абрэ́зання ці да абрэ́зання? Не пасля абрэ́зання, а да абрэ́зання.

11. І знак абрэ́зання ён атрымаў як пяча́ць пра́веднасці па веры, якую меў у неабрэ́занні, так што ён стаў айцом усіх ве́руючых у неабрэ́занні, каб і ім залічы́лася пра́веднасць,

12. і айцом абрэ́заных, якія не толькі абрэ́заны, але і ідуць сляда́мі веры айца нашага Аўраама, якую меў ён у неабрэ́занні.

13. Бо не праз закон Аўрааму, ці пато́мству яго, да́дзена абяца́нне быць спадкае́мцам свету, а праз пра́веднасць веры.

14. Бо калі тыя, што выко́нваюць закон, — спадкае́мцы, то вера ма́рная, абяца́нне бяздзе́йнае;

15. бо закон спараджа́е гнеў, а дзе няма закону, няма і парушэ́ння.

16. Таму спадкае́мства — па веры, каб было́ па благада́ці, каб абяца́нне было́ неадме́нным для ўсяго, не толькі па закону, але і па веры, пато́мства Аўраама, які з’яўля́ецца айцом для ўсіх нас, —

17. як напíсана: “Я паста́віў цябе айцом многіх народаў”, — перад Богам, Якому ён паве́рыў, Які ажыўля́е мёртвых і выкліка́е не існу́ючае да існава́ння.

18. Ён, насу́перак надзе́і, паве́рыў з надзе́яй, што ста́не айцом многіх народаў, паво́дле ска́занага: “такім будзе пато́мства тваё”.

19. І, не аслабе́ўшы ў веры, не зважа́ў на цела сваё, амярцве́лае ўжо, бо яму было́ каля ста гадоў, і на амярцве́нне ўло́ння Са́ррынага;

20. і ў абяца́нні Божым не ўсумнíўся няве́р’ем, а ўмацава́ўся ў веры, узнёсшы славу Богу

21. і бу́дучы по́ўнасцю ўпэ́ўненым, што Ён мае сілу вы́канаць абяца́нае.

22. Таму і залічы́лася яму гэта за пра́веднасць.

23. Аднак не толькі ў адносінах да яго напíсана, што залічы́лася яму,

24. але і адно́сна нас: залíчыцца і нам, ве́руючым у Таго, Хто ўваскрасíў з мёртвых Іісуса, Госпада нашага,

25. Які адда́дзены быў за грахí нашы і ўваскрэ́с для апраўда́ння нашага.

 

Раздзел 5

1. Дык вось, бу́дучы апраўда́нымі па веры, мы ма́ем мір з Богам праз Госпада нашага Іісуса Хрыста,

2. праз Якога вераю і атрыма́лі мы до́ступ да той благада́ці, у якой стаíм і хва́лімся надзе́яй на сла́ву Божую.

3. І не толькі гэтым, але хва́лімся і бе́дами, ве́даючы, што бяда́ спараджа́е цярплíвасць,

4. а цярплíвасць — во́пытнасць, а во́пытнасць — надзе́ю,

5. надзе́я ж не саро́міць, таму што любоў Божая вы́лілася ў сэ́рцы на́шы Ду́хам Святы́м, да́дзеным нам.

6. Бо Хрыстос, калі мы былí яшчэ нямо́глымі, у вы́значаны час памёр за грэ́шнікаў.

7. Нават за пра́ведніка наўра́д ці хто памрэ́; хоць за дабрадзе́я, магчы́ма, хто і адва́жыцца паме́рці.

8. А Бог Сваю любоў да нас праяўля́е ў тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы былí яшчэ грэ́шнікамі.

9. Дык тым больш цяпер, апраўда́ныя Крывёю Яго, мы ўратава́ны будзем праз Яго ад гневу.

10. Бо калі, бу́дучы ворагамі, мы прыміры́ліся з Богам праз смерць Сына Яго, то тым больш, прыміры́ўшыся, спасёмся жыццём Яго;

11. больш таго, мы яшчэ і хвалімся Богам праз Госпада нашага Іісуса Хрыста, праз Якога мы цяпер атрыма́лі прымірэ́нне.

12. Таму як праз аднаго́ чалавека грэх увайшо́ў у свет, а праз грэх — смерць, так і смерць перайшла́ на ўсіх людзе́й, паколькі ўсе саграшылі.

13. Бо і да закону грэх быў у све́це; але грэх не залíчваецца, калі няма закону.

14. Аднак жа смерць панава́ла ад Адама да Маісея і над тымі, што не саграшы́лі падобна правíннасці Адама, які з’яўля́ецца право́бразам Таго, Хто меў прыйсцí.

15. Але з да́рам благада́ці не так, як з саграшэннем. Бо калі праз саграшэнне аднаго многія памерлі, то тым больш благада́ць Божая і дар па благада́ці аднаго Чалавека, Іісуса Хрыста, для многіх былі шчо́дра я́ўлены.

16. І з да́рам не так, як з правíнаю аднаго грэшніка; бо суд за адно саграшэ́нне — да асуджэ́ння, а дар благада́ці — да апраўда́ння ад многіх саграшэ́нняў.

17. Бо калі саграшэ́ннем аднаго смерць запанава́ла праз яго аднаго, то тым больш тыя, што прыма́юць мноства благада́ці і дар пра́веднасці, будуць панава́ць у жыццí праз аднаго́ Іісуса Хрыста.

18. Таму, як праз саграшэ́нне аднаго́ — ўсім лю́дзям асуджэ́нне, так і праз пра́веднасць аднаго́ — ўсім лю́дзям апраўда́нне жыцця́.

19. Бо як праз непаслушэ́нства аднаго́ чалавека многія сталі грэ́шнымі, так і праз паслушэ́нства аднаго стануць пра́веднымі многія.

20. Закон жа прыйшоў потым, і такім чы́нам памно́жылася саграшэ́нне. А калі памножыўся грэх, была шчо́дра я́ўлена благада́ць,

21. каб як грэх панава́ў на смерць, так і благада́ць запанава́ла праз пра́веднасць дзе́ля жыцця́ ве́чнага, праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага.

 

Раздзел 6

1. Дык што скажам? застава́цца нам у граху́, каб прымно́жылася благада́ць? Ні ў якім разе.

2. Як жа мы, памёршы для граху, будзем далей жыць у ім?

3. Хіба́ не ведаеце, што ўсе мы, ахры́шчаныя ў Хрыста Іісуса, у смерць Яго ахры́шчаны?

4. Дык вось, мы былі пахава́ны разам з Ім хрышчэ́ннем у смерць, каб, як Хрыстос уваскрэс з мёртвых славаю Айца, так і нам жыць новым жыццём.

5. Бо калі мы з’ядна́ліся з Ім падабе́нствам смерці Яго, то будзем з’ядна́ны і падабе́нствам уваскрасе́ння,

6. ве́даючы тое, што даўне́йшы наш чалавек быў распяты з Ім, каб знішчана было цела грахоўнае, каб нам ужо не быць раба́мі граху́;

7.  бо хто памёр, той вы́звалены ад граху.

8. Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то веруем, што і жыць будзем з Ім,

9.  ве́даючы, што Хрыстос, уваскрэ́слы з мёртвых, ужо не паміра́е: смерць ужо не ма́е над Ім улады.

10.  Бо, што Ён памёр, то для граху́ памёр раз назаўсёды, а што жыве́, то жыве́ для Бога.

11. Так і вы лічы́це сябе мёртвымі для граху́, а жывы́мі для Бога ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.

12.  Дык няхай не пану́е грэх у смяро́тным ва́шым це́ле і не падпарадко́ўвае вас пажа́днасцям яго;

13.  і не аддава́йце граху́ чле́наў вашых, робячы іх прыла́дамі няпра́веднасці, а адда́йце сябе Богу як тых, што ажылí з мёртвых,  і чле́ны вашы — Богу, робячы іх прыла́дамі пра́веднасці.

14.  Грэх жа не павінен над вамі ўлада́рыць, бо вы не пад законам, а пад благадаццю.

15.  Дык што́ ці будзем грашы́ць, паколькі мы не пад законам, а пад благада́ццю?  Ні ў якім разе.

16.  Хіба́ не ведаеце, што каму вы аддаяце́ сябе ў рабы́ на паслухмя́насць,  то вы і рабы́ таго, каго слу́хаецеся: ці рабы граху на смерць, ці рабы паслухмянасці на пра́веднасць.

17. Дзякуй Богу, што вы, якія былí раба́мі граху, сталі ўсім сэ́рцам паслухмя́нымі таму роду вучэ́ння, ў якім вы былі наста́ўлены.

18. А вы́зваліўшыся ад граху́, вы сталі раба́мі пра́веднасці.

19. Я кажу, разважа́ючы па-чалаве́чы, з-за не́мачы плоці вашай. Як вы аддава́лі чле́ны вашы ў рабы́ нечыстаце́ і беззако́нню дзе́ля беззако́ння, так цяпер адда́йце чле́ны вашы ў рабы́ пра́веднасці дзе́ля асвячэ́ння.

20. Бо калі вы былí раба́мі граху, тады былі свабоднымі ад праведнасці.

21. Які ж плод вы ме́лі тады́ Тое, за што цяпер со́рамна вам, бо канец яго — смерць.

22. Цяпер жа, вы́зваліўшыся ад граху́ і стаўшы рабамі Богу, вы маеце плод ваш — асвячэ́нне, а канец — жыццё вечнае.

23. Бо пла́та за грэх — смерць, а дар Божы — жыццё вечнае ў Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.

 

Раздзел 7

1. Хіба́ вы не ведаеце, браты, — бо я кажу тым, хто ведае закон, — што закон ма́е ўладу над чалавекам, пакуль ён жывы́?

2. Замужняя жанчына да жывога мужа прывя́зана законам; калі ж памрэ муж, яна вызваля́ецца ад закону заму́жжа.

3. Таму пры жывым мужу яна будзе называцца пралюбадзейкаю, калі выйдзе замуж за другога; калі ж памрэ муж, яна свабодная ад закону і не будзе пралюбадзейкаю, выйшаўшы замуж за другога.

4. Так і вы, браты мае́, памерлі для закону Целам Хрыстовым, каб нале́жаць другому, Уваскрэсламу з мёртвых, каб мы прыносілі плод Богу.

5. Бо калі мы жылí паводле плоці, тады стра́сці грахоўныя, якія выяўля́е закон, дзейнічалі ў членах нашых, каб плод прыно́сіць смерці;

6. але цяпер, памёршы для закону, якім былí звя́заны,  мы вы́зваліліся ад яго, каб нам служы́ць Богу ў новым духу, а не паводле старой літары.

7. Дык што скажам? што закон — грэх? Ні ў якім разе; але я пазнаў грэх не інакш, як праз закон, бо я не разумеў бы і пажа́днасці, калі б закон не казаў: “не пажада́й”.

8. Але грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, вы́клікаў ува мне ўсякую пажа́днасць; бо без закону грэх мёртвы.

9. Я жыў не́калі без закону; але калі прыйшла запаведзь, то грэх ажыў,

10. а я памёр; такім чынам, запаведзь, да́дзеная для жыцця, прывяла мяне да смерці,

11. бо грэх, знайшоўшы падставу ў запаведзі, увёў мяне ў зман і праз яе ўмярцвіў.

12. Так што закон святы́ і запаведзь святая, і праведная, і добрая.

13. Дык няўжо добрае стала для мяне смерцю? Ні ў якім разе; але стаў ёю грэх, каб быць вы́яўленым як грэх, які праз добрае нясе мне смерць, каб грэх стаў непамерна грэшным праз запаведзь.

14. Мы ж ведаем, што закон — духоўны, а я — цялесны, перада́дзены граху.

15. Бо не разумею, што раблю: паколькі не тое раблю, што хачу, а што ненавіджу, тое раблю.

16. Калі ж я раблю тое, чаго не хачу, то пагаджа́юся з законам, што ён добры,

17. і таму ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.

18. Бо я ведаю, што не жыве ўва мне, гэта значыць у плоці маёй, добрае; таму што жаданне дабра ёсць ува мне, але каб зрабіць дабро — таго няма.

19. Дабра, якога хачу, я не раблю, а зло, якога не хачу, раблю.

20. Калі ж раблю тое, чаго не хачу, то ўжо не я раблю гэта, а грэх, які жыве ўва мне.

21. Дык вось, я знаходжу закон: калі хачу рабіць добрае, то ўва мне прысутнічае злое.

22. Бо паводле ўнутранага чалавека я ма́ю асалоду ў законе Божым;

23. але ў членах маіх бачу іншы закон, які змагаецца су́праць закону розуму майго і бярэ мяне ў палон закону грахоўнага, які знаходзіцца ў членах маіх.

24. Няшчасны я чалавек! хто збавіць мяне ад гэтага цела смерці?

25. Дзякую Богу праз Іісуса Хрыста, Госпада нашага. Дык вось, сам я розумам служу закону Божаму, а плоццю — закону грахоўнаму.

 

Раздзел 8

1.  Дык вось, цяпер няма ніякага асуджэння тым, хто ў Хрысце Іісусе жыве́ не паводле плоці, а паводле духу,

2. таму што закон духу жыцця ў Хрысце Іісусе вы́зваліў мяне ад закону граху і смерці.

3. Паколькі закон, асла́блены плоццю, быў бяссільны, то Бог Сына Свайго паслаў у падабенстве плоці грахоўнай  як ахвяру за грэх і асудзíў грэх у плоці,

4. каб праведнасць, прадпíсаная законам, здзе́йснілася ў нас, якія жывём не паводле плоці,  а паводле духу.

5. Бо тыя, што жывуць паводле плоці, думаюць пра плоцкае, а тыя, што паводле духу, — пра духоўнае.

6. Думкі плоцкія — гэта смерць, а думкі духоўныя — гэта жыццё і мір,

7. таму што думкі плоцкія — гэта варожасць супраць Бога, паколькі закону Божаму яны не падпарадко́ўваюцца, ды і не могуць.

8. Таму тыя, што жывуць паводле плоці, Богу дагадзíць не могуць.

9. Але вы не паводле плоці жывяце́, а паводле духу, калі толькі Дух Божы жыве ў вас. А калі хто Духа Хрыстовага не ма́е, той і не Ягоны.

10. Калі ж Хрыстос у вас, то цела мёртвае праз грэх, а дух жывы праз праведнасць.

11. Калі ж Дух Таго, Хто ўваскрасіў з мёртвых Іісуса, жыве ў вас, дык Той, Хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажы́віць і вашы смяротныя целы Духам Сваім, Які жыве ў вас.

12. Такім чынам, браты, мы не даўжнікі плоці, каб жыць паводле плоці;

13. бо, калі жывяце́ паводле плоці, то ма́еце паме́рці, а калі духам умярцвя́еце дзе́янні плоцкія, то будзеце жыць.

14. Таму што ўсе тыя, каго вядзе Дух Божы, гэта сыны Божыя;

15. бо вы не прынялí духу рабства, пры якім жылі б зноў у страху, а прынялí Духа ўсынаўле́ння, у Якім усклікаем: “Авва, Ойча!”

16. Сам гэты Дух сведчыць духу нашаму, што мы — дзеці Божыя.

17. А калі дзеці, то і наследнікі: наследнікі Божыя, сунаследнікі ж Хрыстовы, калі толькі разам з Ім пакутуем, каб разам з Ім і прасла́ўленымі быць.

18. Бо я лічу, што цяперашнія часовыя пакуты нічога не ва́рты ў параўнанні з тою славаю, якая адкрыецца ў нас.

19. Бо стварэнне з надзеяй чакае выяўле́ння сыноў Божых, —

20. таму што стварэнне падпарадкавалася марнасці не па сваёй волі, а па волі Таго, Хто падпарадкаваў яго, — у надзеі,

21. што і само стварэнне будзе вы́звалена з рабства тлення на свабоду славы дзяцей Божых.

22. Бо мы ведаем, што ўсё стварэнне разам стогне і пакутуе дагэтуль;

23. ды не толькі яно, але і мы самі, маючы пачатак Духа, і мы самі стогнем у сабе, чакаючы ўсынаўле́ння, выкупле́ння це́ла нашага.

24. Бо мы спасёны ў надзеі. Надзея ж, калі яна ба́чная, гэта не надзея, бо калі хто бачыць, то на што яму і спадзява́цца?

25. А калі спадзяёмся на тое, чаго не бачым, тады цярпліва чакаем.

26. Таксама і Дух дапамага́е нам пры не́мачах нашых; бо мы не ведаем, аб чым маліцца так, як нале́жыць, а Сам Дух хада́йнічае за нас уздыха́ннямі невымо́ўнымі.

27. Той жа, Хто дасле́дуе сэ́рцы, ведае, якая думка ў Духа, таму што Ён па волі Божай, хадайнічае за святых.

28. А мы ведаем, што тым, хто лю́біць Бога, хто паклíканы паводле Яго прадустанаўле́ння, усё садзе́йнічае на дабро;

29. бо каго Ён прадуве́даў, тым і прадвы́значыў быць падобнымі да вобраза Сына Свайго, каб Ён быў першародным сярод многіх братоў;

30. а каго Ён прадвы́значыў, тых і паклíкаў; а каго паклíкаў, тых і апраўда́ў; а каго апраўда́ў, тых і праславіў.

31. Што ж мы скажам на гэта? Калі Бог за нас, то хто су́праць нас?

32. Той, Хто нават Сына Свайго не пашкадаваў, а аддаў Яго за ўсіх нас, як жа з Ім не дасць нам і ўсяго?

33. Хто стане абвінава́чваць абра́ных Божых? Бог апра́ўдвае іх.

34. Хто асу́дзіць? Хрыстос Іісус памёр, але і ўваскрэс: Ён і знахо́дзіцца правару́ч Бога, Ён і хадайнічае за нас.

35. Хто адлу́чыць нас ад любові Хрыстовай*: гора, ці ўціск, ці ганенне, ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч? як напісана:

36. “за Цябе нас умярцвя́юць кожны дзень; лічаць нас авечкамі для закла́ння”.

37. Але ўсё гэта мы поўнасцю перамагаем сілаю Таго, Хто ўзлюбіў нас.

38. Бо я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, ні Ангелы, ні Пачаткі, ні Сілы, ні цяперашняе, ні будучае,

39. ні вышыня́, ні глыбіня́, ні якое стварэ́нне іншае не зможа адлучы́ць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым.  

 

Раздзел 9

1.  Ісціну кажу ў Хрысце, не лгу, све́дчыць мне сумле́нне маё ў Духу Святым,

2. што вялікі сму́так у мяне і няспы́нны боль у сэ́рцы маім:

3. бо я хацеў бы сам быць адлу́чаным ад Хрыста́ дзе́ля братоў маіх, ро́дных мне па плоці;

4. яны Ізраільця́не, ім нале́жаць усынаўле́нне, і слава, і запаве́ты, і законаўстанаўле́нне, і богаслужэ́нне, і абяца́нні;

5. іхнія і айцы, з іх і Хрыстос па плоці, Ён — над усімі Бог, благаславёны на векі, амінь.

6. Гэта не значыць, што слова Божае не здзе́йснілася. Бо не ўсе, хто пахо́дзіць ад Ізраіля, — Ізраільця́не,

7. і не ўсе, хто з пато́мства Аўраама, — дзеці яго; але ска́зана: “У Ісааку будзе назва́на тваё пато́мства”.

8. Гэта значыць, што не дзеці па плоці з’яўляюцца дзе́цьмі Божымі, а дзеці абяца́ння лíчацца пато́мствам.

9. А сло́ва абяца́ння такое: “у гэты самы час Я прыду́, і будзе ў Са́рры сын “.

10. І не толькі гэта, а падобнае было́ і з Рэвекаю, якая зачала́ адначасова двух сыноў ад Ісаака, айца нашага,

11. бо калі яны яшчэ не нарадзíліся і не зрабілі нічога добрага ці дрэ́ннага, — каб прадустанаўле́нне Божае ў абра́нні зале́жала

12. не ад спраў, а ад Таго, Хто паклíкаў, — ска́зана было́ ёй: “бо́льшы будзе служы́ць меншаму”,

13. як і напíсана: “Іакава Я ўзлюбíў, а Ісава ўзненавідзеў”.

14. Дык што скажам? Няўжо няпраўда ў Бога? — Ні ў якім разе.

15. Бо Ён кажа Маісею: “каго памíлаваць — памíлую; каго пашкадава́ць — пашкаду́ю”.

16. Дык вось, гэта зале́жыць не ад таго, хто хоча ці імкнецца, але ад Бога, Які мíлуе.

17. Бо ў Пісанні Бог кажа фараону: “дзе́ля таго Я і ўзвы́сіў цябе, каб паказа́ць на табе сілу Маю́ і каб прапаве́дана было́ імя́ Маё па ўсёй зямлі”.

18. Дык вось, Ён каго хоча — мíлуе, а каго хоча — робіць жорсткім.

19. Ты скажаш мне: ”за што ж яшчэ і дакара́е? бо хто супрацьста́не волі Яго?”

20. А ты, чалавек, хто такі, што спрача́ешся з Богам? Хіба́ гліняны вы́раб скажа таму, хто зляпіў яго: “чаму ты мяне зрабіў такім?”

21. Хіба́ ж ганчар не ма́е ўлады над глінаю, каб з таго самага ме́сіва зрабіць адну пасудзіну для пачэ́снага ўжы́тку, а другую для непачэ́снага?

22. Што ж, калі Бог, жада́ючы паказаць гнеў і явíць магутнасць Сваю, трываў з вялікай доўгацярплівасцю сасу́ды гневу, прызна́чаныя на пагібель,

23. каб явíць багацце славы Сваёй над сасу́дамі міласэ́рнасці, якія Ён за́гадзя прыгатава́ў да славы, —

24. над намі, якіх Ён паклíкаў не толькі з Іудзеяў, але і з язы́чнікаў?

25. як і ў кнізе Асíі Ён кажа: “не Мой народ назаву Маім народам, і не ўзлю́бленую — узлю́бленай;

26. і на тым месцы, дзе было́ ска́зана ім: “вы не Мой народ”, — там яны будуць назва́ны сына́мі Бога жывога”.

27. А Ісаія абвяшча́е пра Ізра́іль: “хоць і будзе колькасць сыноў Ізра́іля, як пясок марскі, толькі аста́так спасе́цца;

28. бо слова Сваё заве́ршыць і хутка здзе́йсніць у пра́веднасці, слова Сваё рашуча здзе́йсніць Гасподзь на зямлі”.

29. І як прадказа́ў Ісаія: “калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам се́мені, то мы б сталі як Садом і былі б падобныя да Гаморы”.

30. Дык што скажам? Язычнікі, якія не імкну́ліся да пра́веднасці, атрыма́лі пра́веднасць — пра́веднасць праз веру;

31. а Ізра́іль, які імкну́ўся да закону пра́веднасці, не дасягну́ў закону пра́веднасці.

32. Чаму́ Таму што яны шука́лі не ў веры, а ў справах закону; бо яны спатыкнуліся аб ка́мень спатыкне́ння,

33. як напíсана: “вось, кладу ў Сіёне ка́мень спатыкне́ння і скалу́ спаку́сы; і кожны, хто веруе ў Яго, пасаро́млены не будзе”.

 

Раздзел 10

1.  Браты́! жада́нне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраільця́н — каб яны спасліся.

2. Бо я све́дчу ім, што яны ма́юць руплíвасць да Бога, аднак не па розуму.

3. Бо, не разуме́ючы Божай пра́веднасці і намага́ючыся сцве́рдзіць сваю пра́веднасць, яны не скары́ліся пра́веднасці Божай;

4. таму што завяршэ́нне закона — Хрыстос, дзеля пра́веднасці кожнага ве́руючага.

5. бо Маісей піша аб пра́веднасці, якая паводле закону: “чалавек, які вы́канаў гэта, жывы́ будзе праз гэта”.

6. А пра́веднасць, якая паводле веры, гаво́рыць так: “не кажы́ ў сэ́рцы сваім: хто ўзы́дзе на неба?” — для таго, каб Хрыста́ зве́сці ўніз;

7. альбо: “хто сы́дзе ў бе́здань?” — для таго, каб Хрыста́ з мёртвых узве́сці.

8. А што гаво́рыць Піса́нне?е́ — “Блізка да цябе слова, яно ў ву́снах тваіх і ў сэ́рцы тваім”, — гэта значыць сло́ва веры, якое мы прапаве́дуем.

9. Бо калі ву́снамі тваімі ты будзеш вызнава́ць Іісуса Госпадам і ве́раваць сэ́рцам тваім, што Бог уваскрасіў яго з мёртвых, то спасёны будзеш,

10. таму што сэ́рцам ве́руюць дзе́ля пра́веднасці, а ву́снамі вызнаю́ць дзе́ля спасе́ння.

11. Бо Пісанне кажа: “кожны, хто веруе ў Яго, не будзе пасаро́млены”.

12. Тут няма ро́зніцы паміж Іудзеем і Элінам, таму што адзін Гасподзь для ўсіх, шчо́дры да ўсіх, хто прызыва́е Яго”.

13. Бо “кожны, хто прызаве́ імя́ Гасподняе, спасёны будзе”.

14. Але як яны будуць прызыва́ць Таго, у Каго не ўве́равалі? Як будуць ве́раваць у Таго, пра Каго не чулі? Як пачу́юць без прапаве́дніка?

15. І як будуць прапаве́даваць, калі не будуць пасла́ны́ бо напíсана: “якія го́жыя но́гі ў тых, хто дабраве́сціць мір, хто дабраве́сціць добрае!”

16. Але не ўсе паслу́халіся дабраве́сця. Бо кажа Ісаія: “Госпадзі! хто паверыў пачу́таму ад нас?”

17. Дык вось, вера — ад пачу́тага, а пачу́тае — ад сло́ва Божага.

18. Але я кажу: хіба́ яны не чулі? Наадварот, “па ўсёй зямлі прайшоў голас іх, і да кра́ю сусве́ту — словы іх”.

19. Яшчэ кажу: хіба́ Ізраіль не ведаў? Першы Маісей гаво́рыць: “Я абуджу́ вашу раўнівасць праз не-народ, праз народ неразумны раздражню́ вас”.

20. А Ісаія смела кажа: “Мяне знайшлі тыя, што не шукалі Мяне, Я адкрыўся тым, што не пыта́ліся пра Мяне”.

21. Пра Ізра́іль жа ён кажа: “цэлы дзень Я праця́гваў ру́кі Мае́ да народа непакорнага і ўпартага”.

 

Раздзел 11

1.  Дык я кажу́: хіба́ адмо́віўся Бог ад народа Свайго? — Ні ў якім разе. Бо і я Ізраільця́нін, з се́мені Аўраа́мавага, з кале́на Веніямінавага.

2. Не адмо́віўся Бог ад народа Свайго, які Ён наперад знаў. Ці ж вы не ве́даеце, што́ гаворыць Пісанне пра Ілію́ як ён скардзіцца Богу на Ізраіль, кажучы:

3. “Госпадзі! прарокаў Тваіх пазабівалі, ахвярнікі Твае паразбуралі; я застаўся адзін, і шукаюць душу́ маю́”.

4. Што ж гаворыць яму Божы адказ? — “Я пакінуў Сабе сем тысяч чалавек, якія не схілілі каленяў перад Ваалам”.

5. Так і ў цяперашні час, паводле абрання благадаці, захаваўся астатак.

6. А калі паводле благадаці, то не паводле спраў; інакш благадаць не была б ужо благадаццю. Калі ж паводле спраў, то гэта ўжо не благадаць; інакш справа — гэта ўжо не справа.

7. Дык што ж? Ізраіль чаго шукаў, таго не атрымаў; абраныя ж атрымалі, а астатнія зрабіліся бясчу́лымі,

8. як напíсана: “Бог даў ім дух здранцве́ласці, вочы, якімі не бачаць, і вушы, якімі не чуюць, аж па сённяшні дзень”.

9. І Давід кажа: “няхай будзе трапе́за іх па́сткаю, і сіло́м, і капка́нам, і адпла́таю ім;

10. няхай зацьмя́цца вочы іх, каб не бачылі, і спіна іх няхай сагне́цца назаўжды́”.

11. Дык я пытаюся: няўжо яны спатыкнуліся, каб зусім упасці? — Ні ў якім разе. Але ад іх падзення — спасенне язычнікам, каб абудзіць у іх раўнівасць.

12. Калі ж іх падзенне — багацце для свету, і іх заняпа́д — багацце для язычнікаў, дык наколькі ж большая паўната іх!

13. Вам кажу, язычнікам: будучы Апосталам язычнікаў, я праслаўляю служэнне маё;

14. можа не́як абуджу́ я раўнівасць у суродзічах маіх і спасу некаторых з іх?

15. Бо калі адвяржэнне іх — прымірэнне свету, дык чым будзе прыняцце, калі не жыццём з мёртвых?

16. Калі рошчына святая, такое ж і цеста;  і калі корань святы, такія ж і галіны.

17. Калі ж некаторыя з галін адламаліся, а ты, будучы дзікай аліваю, быў прышчэплены замест іх і стаў супольнікам кораня і соку алівы,

18. то не ганарыся перад галінамі; а калі ганарышся, дык па́мятай, што не ты корань трымаеш, а корань — цябе.

19. Ты скажаш: галіны адламаліся, каб мне быць прышчэпленым.

20. Добра. Яны адламаліся з-за нявер’я, а ты трымаешся вераю: не ганарыся, а бойся.

21. Бо калі Бог не пашкадаваў прыродных галін, то можа і цябе не пашкадаваць.

22. Дык убач добрасць і строгасць Божую: строгасць да тых, якія адпа́лі, а добрасць Божую да цябе, калі застане́шся ў Яго добрасці; інакш і ты будзеш адсе́чаны.

23. Але і тыя, калі не застану́цца ў нявер’і, будуць прышчэ́плены, таму што Бог ма́е сілу зноў прышчапіць іх.

24. Бо калі ты быў адсе́чаны ад дзікай па прыродзе алівы і, насуперак прыродзе, прышчэплены да добрай алівы, дык тым больш гэтыя прыродныя будуць прышчэплены да сваёй алівы.

25. Не хачу я, браты, пакінуць вас у няведанні пра тайну гэтую, каб вы не лічылі самі сябе мудрымі: ажарсцвенне сталася з часткаю Ізраіля да таго, пакуль не ўвойдзе паўната язычнікаў,

26. і тады ўвесь Ізраіль спасёны будзе, як напíсана: “прыйдзе з Сіёна Збавіцель і адверне бязбожнасць ад Іакава;

27. і гэта ім ад Мяне запавет, калі здыму грахі іх”. 28. Адносна дабравесця — яны ворагі Богу дзеля вас, але адносна абра́ння — яны ўзлюбленыя Богам дзеля айцоў.

29. Бо дары́ і паклíканне Божае неадме́нныя.

30. Бо як і вы калісьці былí непаслухмянымі Богу, а цяпер памілаваны праз іх непаслухмянасць,

31. так і яны цяпер непаслухмяныя дзеля вашага памілавання, каб і самім ім быць памíлаванымі.

32. Бо ўсіх замкнуў Бог у непаслухмянасць, каб усіх памілаваць.

33. О, бяздонне багацця, і прамудрасці, і ведання Божага! Якія неспасціжныя суды́ Яго і нязве́даныя шляхí Яго!

34. Бо хто спазна́ў розум Гасподні? Альбо хто быў дара́дцам Яго?

35. Альбо хто папярэдне даў Яму, каб атрымаць адпла́ту?

36. Таму што ўсё — з Яго, і праз Яго, і дзеля Яго. Яму і слава на ве́кі. Амінь.

 

Раздзел 12

1.  Дык я прашу вас, браты, міласэрнасцю Божаю аддаць целы вашы ў ахвяру жывую, святую, угодную Богу, на разумнае служэнне ваша;

2. і не прыстасоўвайцеся да веку гэтага, а пераўтвара́йцеся абнаўле́ннем розуму вашага, каб распазнава́ць вам, у чым воля Божая добрая, і ўгодная, і дасканалая.

3. Па благадаці, да́дзенай мне, кажу кожнаму з вас: не думайце пра сябе вышэй, чым нале́жыць думаць, а, думайце са сціпласцю, у адпаведнасці з тою мераю веры, якую кожнаму вызначыў Бог.

4. Бо, як у адным целе ў нас многа членаў, але не ўсе члены выконваюць аднолькавае дзе́янне,

5. так і мы многія — адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго — члены.

6. І паколькі па благадаці, да́дзенай нам, мы маем розныя дары, то калі маеш прароцтва, дык прароч згодна з вераю;

7. калі маеш служэнне, дык будзь у служэнні; калі навучаеш — дык у навучанні;

8. калі суцяшаеш — дык у суцяшэнні; калі даеш — дык шчыра; калі начальствуеш — дык дбайна; калі мíлуеш — дык з радасцю.

9. Любоў няхай будзе некрываду́шнаю; ухіля́йцеся ад зла, імкніцеся да дабра;

10. любíце адзін аднаго братняю любоўю; пашанаю адзін аднаго апярэ́джвайце;

11. у руплівасці не спыняйцеся; духам палымнейце; Госпаду служы́це;

12. у надзеі радуйцеся; у прыгнечанасці будзьце стойкімі; у малітве — пастаяннымі;

13. дапамагайце святым** у іх патрэбах; пра гасціннасць дбайце;

14. благаслаўляйце ганіцеляў вашых; благаслаўляйце, а не праклінайце.

15. Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.

16. Будзьце аднадумнымі паміж сабою; не ўзносьце сябе ў думках, а імкніцеся за пакорлівымі; не лічы́це самі сябе мудрымі;

17. нікому не плацíце злом за зло, а клапаціцеся пра дабро для ўсіх людзей.

18.  Калі магчыма, наколькі гэта ад вас залежыць, з усімі людзьмі будзьце ў міры.

19. Не помсціце за сябе, узлю́бленыя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напíсана: “Мая помста, Я адплачу́, — кажа Гасподзь”.

20. Дык вось, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі сма́гне, напаí яго; бо, робячы гэта, ты збярэш гара́чае вуголле на галаву яго.

21. Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром.  

 

Раздзел 13

1. Кожная душа няхай падпарадко́ўваецца вышэ́йшым ула́дам, бо няма ўлады не ад Бога; а існу́ючыя ўлады Богам устаноўлены.

2. Бо хто працівіцца ўладзе, той супрацьстаíць Божаму ўстанаўле́нню; а хто супрацьстаіць, той сам на сябе накліча асуджэ́нне.

3. Таму што начальнікі стра́шныя не для добрых спраў, а для злых. Хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і будзеш мець пахвалу ад яе;

4. бо яна — слуга Божы, табе на дабро. Калі ж будзеш рабіць зло, то бойся, бо яна не дарэмна носіць меч: яна — слуга Божы, які помсціць і карае таго, хто робіць зло.

5. Так што трэба падпарадко́ўвацца не толькі з-за страху пакарання, але і па сумле́нню.

6. Дзеля таго вы і падаткі пла́ціце; бо начальнікі — служы́целі Божыя, якія іменна гэтым пастаянна займаюцца.

7. Дык вось, аддавайце кожнаму нале́жнае: каму пада́так — пада́так; каму пошліну — пошліну; каму страх — страх; каму пашану — пашану.

8. Нікому нічым не будзьце ў даўгу, акрамя доўгу ўзаемнай любові; бо хто лю́біць іншага, той вы́канаў закон.

9. Таму што за́паведзі: “не пралюбадзейнічай”, “не забівай”, “не крадзь”, “не све́дчы лжыва”, “не пажадай чужога” і любая іншая — усе яны заключаюцца ў гэтым выслоўі: “узлюбі бліжняга твайго, як самога сябе”.

10. Любоў не чы́ніць бліжняму зла; так што любоў ёсць выкананне закону.

11. Тым болей, што вы ведаеце час: пара́ ўжо нам абудзíцца ад сну. Бо цяпер спасенне да нас бліжэй, чым тады, калі мы ўве́равалі.

12. Ноч мінае, а дзень наблізіўся: дык адкінем справы цемры і надзе́нем зброю святла.

13. Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: не ў гульбе́ і п’янстве, не ў распу́сце і разбэшчанасці, не ў зва́дах і за́йздрасці;

14. але апранíцеся ў Госпада Іісуса Хрыста, і клопат пра плоць не ператвара́йце ў пажа́днасць.

 

Раздзел 14

1. Сла́бага ў веры прымайце без спрэчак пра яго меркаванні.

2. Бо адзін верыць, што можна есці ўсё, а другі, сла́бы, есць гародніну.

3. Хто есць, няхай не прыніжа́е таго, хто не есць; і хто не есць, няхай не асуджа́е таго, хто есць; таму што Бог прыня́ў яго.

4. Хто ты такі, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім Госпадам ён стаіць альбо па́дае; і будзе стаяць, бо ма́е Бог сілу падняць яго.

5. Адзін адрознівае дзень ад дня, а другі ставіцца аднолькава да ўсякага дня. Няхай кожны трымаецца свайго меркавання.

6. Хто вылуча́е дні — дзеля Госпада вылуча́е; і хто не вылуча́е дзён — дзеля Госпада не вылуча́е. Хто есць — дзеля Госпада есць, бо дзякуе Богу. І хто не есць — дзеля Госпада не есць і дзякуе Богу.

7. Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе,

8. а калі жывём — дзеля Госпада жывём, калі паміраем — дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывём мы, ці паміраем — мы Гасподнія.

9. Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрэс, і ажыў, каб быць Госпадам і для мёртвых, і для жывых.

10. А ты чаму асуджаеш брата свайго? Альбо і ты, чаму прыніжаеш брата свайго? Усе ж мы будзем стаяць на судзе Хрыстовым.

11. Бо напісана: “жыву Я, — кажа Гасподзь, — перада Мною схíліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнава́ць Бога”.

12. Дык вось, кожны з нас за сябе дасць адказ перад Богам.

13. Давайце ж не будзем больш судзíць адзін аднаго, а лепей судзíце пра тое, як не даць брату спатыкну́цца альбо спакусíцца.

14. Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Іісусе, што няма нічога ў сабе самім нячыстага; толькі калі хто лíчыць нешта нячыстым, то для яго гэта нячыстае.

15. Калі ж з-за ежы засмучаецца брат твой, то ты ўжо не па любові жывеш; не губі сваёю ежаю таго, за каго Хрыстос памёр.

16. Няхай не будзе знява́жана ваша дабро.

17. Бо Царства Божае — не ежа і пітво, а праведнасць, і мір, і радасць у Духу Святым.

18. Хто гэтым слу́жыць Хрысту, той угодны Богу і паважа́ны людзьмі.

19. Дык будзем імкнуцца да таго, што слу́жыць міру і ўзае́мнаму ўмацава́нню.

20. З-за ежы не разбура́й справы Божай: бо ўсё — чыстае, але кепска робіць чалавек, які есць на спакусу.

21. Лепш не есці мяса, не піць віна і не рабіць таго, з-за чаго брат твой спатыка́ецца, ці спакуша́ецца, ці знемага́е.

22. Ты маеш веру́ дык май яе сам у сабе, перад Богам. Блажэнны, хто не асуджа́е сябе за рашэнне, якое прымае.

23. Калі ж хто есць сумняваючыся, дык ён асу́джаны, бо не па веры; а ўсё, што не па веры, — грэх.

24. А Таму, Хто можа вас умацаваць, паводле дабраве́сця майго і пропаведзі Іісуса Хрыста, паводле адкрыцця́ тайны, з адвечных часоў пакрытай маўчаннем,

25. але цяпер я́ўленай і праз пісанні прарокаў, па загаду вечнага Бога, абве́шчанай усім народам для паслушэнства іх у веры,

26. адзінаму прамудраму Богу, праз Іісуса Хрыста, слава навекі. Амінь.

 

Раздзел 15

1. Мы, моцныя, павінны немачы сла́бых насіць, а не сабе дагаджа́ць:

2. кожны з нас павінен дагаджаць бліжняму на дабро, для ўмацавання.

3. Бо і Хрыстос не Сабе дагаджа́ў, а як напісана: “знявагі тых, што зневажа́юць Цябе, па́лі на Мяне”.

4. А ўсё, што было напíсана раней, для нашага настаўлення напíсана, каб мы праз цярпенне і суцяшэнне з Пісанняў захоўвалі надзею.

5. Бог жа цярпення і суцяшэння няхай дасць вам быць у аднадумстве паміж сабою па Хрысту Іісусу,

6. каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Іісуса Хрыста.

7. Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас у славу Божую.

8. Бо кажу я, што Іісус Хрыстос стаў служыцелем для абрэзаных — дзеля ісціны Божай, каб сцве́рдзіць абяцанае айцам,

9. а для язычнікаў — па міласці, каб яны славілі Бога, як напісана: “за гэта буду славіць Цябе сярод язычнікаў і буду спяваць íмені Твайму”.

10. І яшчэ ска́зана: “узвесяліцеся, язычнікі, з народам Яго”.

11. І яшчэ: “хваліце Госпада, усе язычнікі, і ўсхваляйце Яго, усе народы”.

12. І яшчэ Ісаія кажа: “будзе корань Іесе́еў і Той, Хто ўздымецца, каб валодаць язычнікамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць”.

13. Бог жа надзеі няхай напоўніць вас ўсякаю радасцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Святога, узбагаціліся надзеяй.

14. Я і сам упэўнены ў вас, браты мае́, што і вы поўныя добрасці, напоўненыя ўсякімі ведамі і можаце настаўляць адзін аднаго;

15. але напісаў я вам, браты, з некато́рай смеласцю, як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне Богам благадаці

16. быць служыцелем Іісуса Хрыста сярод язычнікаў, свяшчэннадзе́ючы дабравесце Божае, каб язычнікі сталі прынашэннем, угодным Богу, асвячонае Духам Святым.

17. Дык я магу пахвалíцца ў Хрысце Іісусе сваім служэннем Богу,

18. бо не адважуся гаварыць ні пра што такое, чаго не здзейсніў Хрыстос праз мяне для паслушэнства язычнікаў, словам і справаю,

19. сілаю знаме́нняў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што ад Іерусаліма і яго наваколляў да Іліры́ка я распаўсюдзіў дабравесце Хрыстова.

20. Прытым я лічы́ў за гонар дабраве́сціць не там, дзе ўжо было вядома імя́ Хрыстова, каб не будаваць на чужым падмурку,

21. а як напісана: “каму не было абвешчана пра Яго, тыя ўбачаць, і хто не чуў, тыя зразумеюць”.

22. Гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсці да вас.

23. Цяпер жа, не маючы больш поля дзейнасці ў тых краях, а многія гады жадаючы прыйсці да вас,

24. як толькі вы́праўлюся ў Іспанію, прыду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі і што вы праведзяце́ мяне туды, пасля таго як я нацешуся вамі, хоць трохі.

25. А цяпер я іду ў Іерусалім, каб паслужы́ць святым,

26. бо Македонія і Ахаія пажадалі сабраць нейкія сродкі для дапамогі бедным сярод святых у Іерусаліме.

27. Пажадалі, аднак яны і даўжнікі перад імі. Бо калі язычнікі сталі іх супольнікамі ў духоўным, то павінны і ў цялесным паслужы́ць ім.

28. Вы́канаўшы гэта і ў цэласці перадаўшы ім сабра́нае, я пайду праз вашы мясціны ў Іспанію,

29. і ведаю, што калі прыйду да вас, дык прыйду з паўнатою благаславення дабраве́сця Хрыстовага.

30. Але прашу вас, браты, дзеля Госпада нашага Іісуса Хрыста і дзеля любові Духа, аказаць мне падтрымку ў малітвах Богу за мяне,

31. каб мне быць збаўленым ад няверуючых у Іудзеі, і каб служэнне маё ў Іерусаліме было добра прыня́та святымі,

32. каб я з радасцю прыйшоў да вас, калі на гэта воля Божая, і адпачыў разам з вамі.

33. Бог жа міру няхай будзе з усімі вамі. Амінь.

 

Раздзел 16

1. Прадстаўляю вам Фіву, сястру нашу, дыяканісу Царквы Кенхрэйскай,

2. каб вы прынялí яе дзеля Госпада, як належыць святым, і дапамаглі ёй ва ўсякай справе, калі яна будзе мець патрэбу ў вас, бо і яна была памочніцаю многім і мне самому.

3. Віта́йце Прыскілу і Акілу, сурабо́тнікаў маіх у Хрысце Іісусе,

4. якія галовы свае клалі за душу́ маю́, якім не адзін я ўдзячны, але і ўсе Цэрквы з язычнікаў, вітайце і дамашнюю іх Царкву***.

5. Вітайце ўзлю́бленага майго Эпенета, які стаў пе́ршынцам Ахаіі для Хрыста.

6. Вітайце Марыям, якая шмат працавала для нас.

7. Вітайце Андранíка і Ю́нію — сваякоў маіх, якія былí вязнямі разам са мною, яны добра вядомы сярод Апосталаў і яшчэ раней за мяне ўверавалі ў Хрыста.

8. Вітайце Амплíя, узлю́бленага майго ў Госпадзе.

9. Вітайце Урва́на, сурабо́тніка нашага ў Хрысце, і Стахíя, узлю́бленага майго.

10. Вітайце Апе́лія, вы́прабаванага ў Хрысце. Вітайце веруючых з дому Арыставу́ла.

11. Вітайце Ірадыёна, сваяка майго. Вітайце дамашніх Наркíса, якія ў Госпадзе.

12. Вітайце Трыфе́ну і Трыфо́су, што працуюць дзеля Госпада. Вітайце Персíду ўзлюбленую, якая шмат працавала дзеля Госпада.

13. Вітайце Руфа, абранага ў Госпадзе, і маці яго і маю́.

14. Вітайце Асінкры́та, Фле́ганта, Е́рма, Патро́ва, Ермíя і іншых з імі братоў.

15. Вітайце Філало́га і Ю́лію, Нірэ́я і сястру яго, і Алімпа́на, і ўсіх з імі святых.

16. Вітайце адзін аднаго святым пацалункам. Вітаюць вас усе Цэрквы Хрыстовы.

17. Сцеражы́цеся тых, што разлады і спакусы учыняюць, насуперак вучэнню, якое вы спазналі, і ўхіляйцеся ад іх;

18. бо яны служаць не Госпаду нашаму Іісусу Хрысту, а свайму чэраву, ды красамоўствам і салодкімі словамі падманваюць сэрцы прастадушных.

19. Ваша паслушэнства веры ўсім вядома; таму я радуюся за вас, але жадаю, каб вы былі му́дрымі на дабро і бясхітраснымі на зло.

20. А Бог міру звергне сатану пад ногі вашы неўзабаве. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з вамі! Амінь.

21. Вітаюць вас Цімафей, сурабо́тнік мой, і Лукíй, і Іа́сан, і Сасіпа́тр, сваякі мае́.

22. Вітаю вас у Госпадзе і я, Тэ́рцый, які запісаў гэтае пасланне.

23. Вітае вас Га́ій, гасцінны да мяне і да ўсёй Царквы. Вітае вас Эра́ст, гарадскі скарбнік, і брат Ква́рт.

24. Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі! Амінь.

 


 * У некаторых грэчаскіх рукапісах замест “любові Хрыстовай” напісана “любові Божай”.

** Святыя — тут: хрысціяне.

*** Абшчына, якая збіраецца ў іх доме.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.