Саборнае Пасланне святога апостала Іакава

Разделы: 1   2   3   4   5

 

Раздзел 1

1. Іакаў, раб Бога і Госпада Іісуса Хрыста, – двана́ццаці кале́нам, якія ў рассе́янні: ра́давацца*.

2. За вялікую радасць прыма́йце, браты мае́, калі трапля́еце ў розныя спаку́сы,

3. ве́даючы, што выпрабава́нне вашай веры ўтвара́е цярплівасць;

4. цярплівасць жа павінна мець вынік даскана́лы, каб вы былí даскана́лымі і беззага́ннымі, не ма́ючы ні ў чым недахопу.

5. Калі ж каму з вас не хапа́е мудрасці, няхай про́сіць у Бога, Які дае ўсім шчодра і без папрокаў, – і будзе да́дзена яму́. 

6. Але няхай просіць з вераю, ніколькі чым не сумнява́ючыся, бо хто сумнява́ецца, той падобны да марской хва́лі, якую вецер гоніць і шпурля́е;

7. няхай жа не спадзяе́цца такі чалавек атрыма́ць нешта ад Госпада.

8. Чалавек з раздво́енай душою – няўсто́йлівы на ўсіх шляха́х сваіх.

9. Няхай жа ганары́цца брат прынíжаны ўзвы́шанасцю сваёю,

10. а багаты – прынíжанасцю сваёю, бо ён знікне, як кве́цень на траве;

11. узышло́ спякотнае сонца і ссушы́ла траву, і кве́цень яе апа́ла, і хараство́ вы́гляду яе знікла; так і багаты на шляха́х сваіх звя́не.

12. Блажэ́нны чалавек, які вы́трывае спакусу, бо, прайшоўшы выпрабава́нне, ён атрыма́е вянец жыцця́, які паабяца́ў Гасподзь тым, хто лю́біць Яго.

13. Пры спакушэ́нні няхай ніхто не кажа: "Бог мяне спакуша́е"; таму што Бог не можа быць спаку́шаны злом, і Сам не спакуша́е нікога,

14. а кожны спакуша́ецца сваёю пажа́днасцю, якая яго прыва́блівае  і зама́ньвае;  

15. потым пажа́днасць, зача́ўшы, нараджа́е грэх, а ўчы́нены грэх нараджа́е смерць.

16. Не абма́нвайцеся, браты́ мае́ ўзлю́бленыя:

17. усякае добрае дая́нне і ўсякі даскана́лы дар сыходзіць звыш, ад Айца свяцíлаў, у Якога няма змяне́ння і нават це́ню пераме́нлівасці.

18. Ён пажада́ў і нарадзíў нас сло́вам ісціны, каб мы сталі нейкім пача́ткам Яго стварэ́нняў.

19. Дык вось, браты мае́ ўзлю́бленыя, няхай кожны чалавек будзе хуткі да слу́хання, няспе́шны да гаварэ́ння, няспе́шны да гневу, 

20. бо гнеў чалавека не робіць яго праведным перад Богам.

21. Таму, адкла́ўшы ўсякую нечыстату́ і празме́рную зло́бу, лагодна прымíце пасе́янае слова, якое можа спасцí ду́шы вашы.

22. Будзьце ж выкана́ўцамі слова, а не толькі слухача́мі, якія ашу́кваюць саміх сябе.

23. Бо хто слу́хае слова і не выко́нвае, той падобны да чалавека, што разгляда́е ў люстэ́рку свой твар, які ма́е ад нараджэ́ння:

24. ён паглядзе́ў на сябе і адышо́ў – і адразу забыў, які ён.

25. Але хто спасцíгне закон даскана́лы – закон свабоды – і застане́цца ў ім, той, стаўшы не слухачо́м забы́ўлівым, а выкана́ўцам справы, блажэ́нны будзе ў дзе́йнасці сваёй.

26. Калі хто з вас думае, што ён набо́жны, і не стры́млівае свайго языка, а падма́нвае сэ́рца сваё, то набо́жнасць яго ма́рная.  

27. Набо́жнасць чы́стая і беззага́нная перад Богам і Айцом – у тым, каб дагляда́ць сірот і ўдоў у го́ры іх і захо́ўваць сябе неапага́неным ад свету.

 

Раздзел 2

1. Браты мае́! ма́йце веру ў Іісуса Хрыста́, нашага Госпада сла́вы, не зважа́ючы на асо́бы.

2. Бо калі на сход ваш пры́йдзе чалавек з залатым пе́рсценем, у бліску́чым адзе́нні, і пры́йдзе бедны ў бру́дным адзе́нні,

3. і вы, пагледзіце́ на таго, што ў бліску́чым адзе́нні, і ска́жаце яму: "ты сядай сюды, на добрае месца", а беднаму ска́жаце: "ты стань там" альбо: "сядай тут, каля ног маіх",

4. то хіба́ вы не правялí падзе́лу паміж сабою і не сталі су́ддзямі з ліхíмі думкамí

5. Паслу́хайце, браты мае́ ўзлю́бленыя, хіба́ не бедных свету гэтага вы́браў Бог, каб былí яны бага́тымі вераю і насле́днікамі Царства, якое Ён паабяца́ў тым, хто лю́біць Яго́

6. а вы знява́жылі беднага. Хіба́ не бага́тыя чы́няць вам уцíск, і ці не яны ця́гнуць вас у суды́?

7. хіба́ не яны знеслаўля́юць добрае імя́, якім вы называ́ецеся?

8. Дык вось, калі выко́нваеце вы закон царскі паводле Пісання: "узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе", то добра ро́біце;

9. а калі зважа́еце на асобы, то грэх чы́ніце і перад законам ака́зваецеся злачы́нцамі.

10. Хто вы́канае ўвесь закон, ды асту́піцца ў не́чым адным, той ста́не вінава́тым ва ўсім.

11. Бо Той, Хто сказаў: "не пралюбадзе́йнічай", сказаў таксама: "не забіва́й"; таму, калі ты не пралюбадзе́йнічаеш, але заб'еш, то станеш паруша́льнікам закону.

12. Так гавары́це і так рабіце, як тыя, каго будуць судзíць па закону свабоды.

13. Бо суд без мíласці над тым, хто не аказа́ў мíласці; мíласць вышэ́йшая за суд.

14. Якая кары́сць, браты мае́, калі хтосьці будзе каза́ць, што ма́е веру, а спраў не будзе мець? хіба́ можа гэтая вера спасцí яго́

15. Калі брат ці сястра будуць без адзе́жы і не будуць мець е́жы на штодзе́нь,

16. а хто-небудзь з вас скажа: "ідзíце з мíрам, грэ́йцеся і наяда́йцеся", але не дасць ім неабхо́днага для це́ла, то якая кары́сць?

17. Так і вера, калі не будзе мець спраў, то яна мёртвая сама па сабе.

18. Але нехта скажа: ты веру маеш, а я справы ма́ю, пакажы́ мне веру тваю без спраў тваіх, а я пакажу́ табе веру маю́ ў справах маіх.

19. Ты веруеш, што Бог адзіны, – добра робіш; і дэ́маны веруюць і трымця́ць.

20. Дык хочаш ве́даць ты, чалавек бязду́мны, што вера без спраў мёртвая?

21. Хіба́ Аўраам, айцец наш, не спра́вамі апраўда́ны быў, калі паклаў сына свайго Ісаака на ахвя́рнік?

22. Ба́чыш, што вера садзе́йнічала спра́вам яго, і праз спра́вы вера стала даскана́лаю?

23. І здзе́йснілася Пісанне, у якім ска́зана: "вераваў Аўраам Богу, і гэта было́ залíчана яму як пра́веднасць, і ён быў назва́ны дру́гам Божым".

24. Бачыце, што справамі апра́ўдваецца чалавек, а не толькі вераю?

25. Так і Раа́ў блудніца хіба́ не справамі апраўда́лася, прыня́ўшы вестуно́ў і адпра́віўшы іх іншым шля́хам? 

26. Бо як це́ла без ду́ха мёртвае, так і вера без спраў мёртвая.

 

Раздзел 3

1. Браты мае́! не многія станавíцеся вучы́целямі, ве́даючы, што мы атрыма́ем бо́льшае асуджэ́нне,

2. бо ўсе мы многа грашы́м. Хто не грашы́ць словам, той даскана́лы чалавек, здольны ўтаймава́ць і ўсё цела.

3. Вось, мы ўклада́ем цу́глі ко́ням у рот, каб яны падпарадко́ўваліся нам, і ўсім це́лам іх кіру́ем;

4. вось, і караблі, хоць яны такія вялікія і такімі моцнымі вятра́мі гна́ныя, а невялікім рулём накіро́ўваюцца, куды рулявы́ хоча;

5. так і язык – мала́я частка це́ла, а на вялікае адва́жваецца; вось, невялікі агонь, а які вялікі лес падпа́львае;

6. і язык – агонь, свет няпра́веднасці. Язык, знахо́дзячыся паміж часткамі це́ла нашага, апага́ньвае ўсё цела і запа́львае кругаваро́т жыцця́, бу́дучы сам запа́леным ад гее́ны;

7. і ўсякая прырода звяроў і птушак, паўзуно́ў і марскіх жывёлін утаймо́ўваецца і ўтаймава́на прыро́дай чалаве́чай,

8. язык жа ніхто з людзей утаймава́ць не можа: гэта нястры́мнае зло, поўнае атру́ты смертано́снай.

9. Ім благаслаўля́ем Бога і Айца, і ім пракліна́ем людзе́й, ство́раных па падабе́нству Божаму:

10. з тых са́мых ву́снаў выхо́дзіць благаславе́нне і пракля́цце. Не павінна, браты́ мае́, каб так было́.

11. Ці дае́ крыніца з аднаго жарала́ ваду салодкую і горкую?

12. Хіба́ можа, браты мае́, смако́ўніца радзíць маслíны альбо вінагра́дная лаза́ – смоквы? Так і адна крыніца не можа даваць салёную і салодкую ваду́.

13. Хто мудры і разу́мны сярод вас? – няхай пака́жа до́брымі паво́дзінамі спра́вы свае ў лаго́днай му́драсці.

14. А калі за́йздрасць горкую і зва́длівасць ма́еце вы ў сэ́рцы сваім, то не хвалíцеся і не хлусíце су́праць ісціны:

15. гэта не тая мудрасць, што сыхо́дзіць звыш, а зямна́я, душэ́ўная, дэ́манская;

16. бо дзе за́йздрасць і зва́длівасць, там разла́д і ўсяля́кае лíха.

17. А тая му́драсць, што сыходзіць звыш, найпе́рш чы́стая, заты́м мірная, лаго́дная, пако́рная, поўная мíласці і добрых пладо́ў, непрадузя́тая і некрываду́шная.

18. Плод жа пра́веднасці се́ецца з мірам у тых, якія тво́раць мір.

 

Раздзел 4

1. Адкуль спрэ́чкі і сва́ркі паміж вамí ці не адсюль, з пажа́днасцей вашых, якія ваю́юць у чле́нах вашых?

2. Жада́еце – і не ма́еце; забіва́еце і зайздро́сціце – і не мо́жаце дасягну́ць; сва́рыцеся і варагу́еце – і не ма́еце, таму што не про́сіце сабе;

3. про́сіце – і не атры́мліваеце, таму што не на дабро про́сіце сабе, а каб у пажа́днасцях сваіх растра́ціць. 

4. Пралюбадзе́і і пралюбадзе́йкі! хіба́ не ве́даеце вы, што дружба са светам ёсць варо́жасць су́праць Бога́ Дык вось, хто хоча быць дру́гам свету, той стано́віцца во́рагам Богу.

5. Хіба́ вы думаеце, што ма́рна гаворыць Пісанне: "раўнíва Ён лю́біць дух, які ўсялíўся ў нас"?

6. І бо́льшую дае́ благадаць; таму ска́зана: "Бог ганарлíвым працíвіцца, а пако́рлівым дае́ благада́ць".

7. Дык пакары́цеся Богу; супрацьста́ньце дыявалу, і ўцячэ́ ад вас;

8. наблíзьцеся да Бога, і Ён наблíзіцца да вас; абмы́йце ру́кі, грэшнікі, ачы́сціце сэрцы, двуду́шнікі;

9. бяду́йце, смутку́йце і пла́чце: смех ваш у сму́так няхай ператво́рыцца, і ра́дасць – у сум;

10. скары́цеся перад Госпадам, і Ён узвы́сіць вас.

11. Не зласло́ўце адзін на аднаго, браты́: хто зласло́віць на брата ці су́дзіць брата свайго, той зласло́віць на закон і су́дзіць закон; а калі ты су́дзіш закон, то ты не выкана́ўца закону, а суддзя́.

12. Адзін ёсць Заканада́вец і Суддзя́, Які можа спасцí і загубíць: а ты хто такі, што су́дзіш іншага?

13. Цяпер паслу́хайце вы, якія гаво́рыце: "сёння ці заўтра адпра́вімся ў такі і такі горад, і пражывём там адзін год, і будзем гандлява́ць і атры́мліваць прыбы́так";

14. вы, якія не ве́даеце, што будзе заўтра; бо што такое жыццё ваша́ – па́ра, што з'я́ўля́ецца на кароткі час, а потым зніка́е.

15. Заме́ст таго, каб каза́ць: "калі ўгодна будзе Госпаду і жывы́я будзем, то зробім тое ці іншае", –

16. вы, пахваля́ецеся з-за ганарлíвасці сваёй; а ўсякая такая пахвальба́ – зло.

17. Дык вось, хто ўмее рабíць дабро, і не ро́біць, грэх яму́.

 

Раздзел 5

1. Цяпер паслу́хайце вы, багатыя, пла́чце і галасíце з-за няшча́сцяў вашых, якія надыхо́дзяць.

2. Бага́цце ваша згніло́, і адзе́нне ваша мо́ллю з'е́дзена.

3. Зо́лата ваша і серабро́ заржаве́ла, і ржа іх будзе све́дчаннем су́праць вас і з'е́сць це́лы вашы, як агонь: вы сабра́лі ска́рбы на апо́шнія дні.

4. Вось, пла́та, не вы́дадзеная вамі рабо́тнікам, якія жа́лі пале́ткі вашы, крычы́ць, і крыкі жняцо́ў дайшлі да слы́ху Госпада Савао́фа.

5. Вы жылí ў раско́шы на зямлі і це́шыліся асало́дамі, вы адкармíлі сэ́рцы вашы як бы́ццам на дзень забо́ю.

6. Вы асудзíлі, забíлі пра́ведніка; ён не працíвіцца вам.

7. Дык вось, браты, будзьце доўгацярплíвымі да прышэ́сця Гасподняга. Вось, земляро́б чакае кашто́ўнага пло́ду зямлі і доўга це́рпіць дзе́ля яго, паку́ль дачака́ецца дажджу́ ра́нняга і по́зняга;

8. будзьце доўгацярплíвымі і вы, умацу́йце сэ́рцы ва́шы, таму што прышэ́сце Гасподняе наблíзілася.

9. Не нарака́йце, браты́, адзін на аднаго́, каб не быць вам асу́джанымі: вось, Суддзя́ стаíць перад дзвяры́ма.

10. За пры́клад, браты́ мае́,  вазьміце паку́тніцтва і доўгацярпе́нне прарокаў, якія прамаўля́лі ў імя́ Гасподняе.

11. Вось, мы ўслаўля́ем як блажэ́нных тых, што цярпе́лі. Вы чу́лі пра цярпе́нне Íава і ба́чылі здзе́йсненае Госпадам, бо Гасподзь мнагамíласцівы і спага́длівы.

12. Перш за ўсё, браты мае́, не клянíцеся ні небам, ні зямлёю, і нія́каю іншаю кля́тваю, а няхай будзе ў вас "так – так" і "не – не", каб вам не падпа́сці пад асуджэ́нне.

13. Паку́туе нехта з вас? – няха́й мо́ліцца. Ра́дуецца нехта́ – няха́й спява́е псалмы́.

14. Хварэ́е нехта з вас? – няха́й паклíча прасвíтараў Царквы́, і няха́й памо́ляцца над ім, пама́заўшы яго але́ем у імя́ Гасподняе,

15. і малітва веры ўрату́е хворага, і пады́ме яго Гасподзь; і калі ён учынíў грахі, то бу́дуць праба́чаны яму́.

16. Прызнава́йцеся адзін аднаму ў правíннасцях і малíцеся адзін за аднаго, каб вам ацалíцца: многае можа моцная малітва пра́веднага.

17. Ілія́ быў чалаве́кам падо́бным да нас і малітваю памалíўся ён, каб не было́ дажджу́: і не было́ дажджу́ на зямлі тры гады і шэсць месяцаў;

18. і зноў памаліўся: і неба дало́ дождж, і зямля ўрадзíла плод свой. 

19. Браты! калі хто з вас ухíліцца ад ісціны, і наве́рне яго хто,

20. то няха́й ве́дае: хто навярну́ў грэ́шніка з аблу́днага шля́ху яго, той спасе́ душу́ ад смерці і пакры́е мноства грахоў.

 


* Звычайная форма вітання ў грэчаскай мове.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.