1-е Саборнае Пасланне святога апостала Пятра

Разделы: 1   2   3   4   5

 

Раздзел 1

1. Пётр, Апостал Іісуса Хрыста, – перасяле́нцам, рассе́яным ў По́нце, Гала́тыі, Кападакíі, Асíі і Віфíніі, абра́ным

2. паводле прадве́дання Бога Айца праз асвячэ́нне Ду́хам для паслушэ́нства і акрапле́ння Крывёю Іісуса Хрыста́: благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца.

3. Благаславёны Бог і Айцец Госпада нашага Іісуса Хрыста́, Які па вялíкай Сваёй мíласці адрадзíў нас праз уваскрасе́нне з мёртвых Іісуса Хрыста да надзе́і жыво́й,

4. да спа́дчыны нятле́ннай, чы́стай, неўвяда́льнай, захава́най на нябёсах для вас,

5. якія сілаю Божаю праз веру зберага́ецеся для спасе́ння, гато́вага адкры́цца ў час апошні.

6. Гэтаму ра́дуйцеся, крыху́ цяпер, калі трэба, пасмуткава́ўшы ад розных спаку́саў,

7. каб вы́прабаваная вера ваша стала кашто́ўнейшай за золата, якое гíне, хоць і ў агні выпрабо́ўваецца, на пахвалу́, і паша́ну, і славу ў час яўле́ння Іісуса Хрыста́,

8.  Якога вы, не ба́чыўшы, лю́біце, у Якога, цяпер не ба́чачы, ве́руеце і ліку́еце радасцю невымо́ўнаю і сла́ўнаю,

9. дасяга́ючы вы́ніку веры вашай – спасе́ння душ;

10. гэтага спасе́ння і даты́чыліся по́шукі і дасле́даванні прарокаў, якія прадка́звалі прызна́чаную вам благада́ць,

11. дасле́дуючы, на каторы і на які час ука́зваў Дух Хрыстоў, Які быў у іх і Які прадвяшча́ў паку́ты Хрыстовы і пасля іх – славу; 

12. ім адкры́та было́, што не ім самім, а нам служы́ла тое, што цяпер прапаве́дана вам праз дабраве́снікаў Ду́хам Святы́м, пасла́ным з неба, да чаго жада́юць прынíкнуць Ангелы.

13. Таму, падпераза́ўшы паяснíцы ро́зуму вашага, захо́ўваючы цвяро́засць, ца́лкам ускладзíце спадзява́нне на благада́ць, якая да́дзена будзе вам у час яўле́ння Іісуса Хрыста́.

14. Як паслухмя́ныя дзеці, не кіру́йцеся ране́йшымі пажа́днасцямі, якія былí з-за няве́дання вашага,

15. але па пры́кладу Святога, Які паклíкаў вас, і са́мі будзьце святы́мі ва ўсіх учы́нках,

16. бо напíсана: "бу́дзьце святы́мі, таму што Я святы́".

17. І калі вы Айцом называ́еце Таго, Які непрадузя́та су́дзіць кожнага па спра́вах, то са стра́хам право́дзьце час пражыва́ння вашага на чужы́не,

18. ве́даючы, што не тле́нным серабро́м ці зо́латам вы былí вы́куплены з ма́рнага жыцця́ вашага, перада́дзенага ад айцоў,

19. а кашто́ўнай Крывёю Хрыста́, як а́гнца беззага́ннага і чы́стага,

20. прадвы́значанага яшчэ да стварэ́ння свету, але я́ўленага ў апошні час дзе́ля вас,

21. тых, што ўве́равалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрасíў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вы ме́лі веру вашу і надзе́ю на Бога.

22. Ачы́сціўшы ду́шы вашы паслушэ́нствам íсціне праз Духа для браталю́бства  некрываду́шнага, ад чы́стага сэ́рца адзін аднаго любíце заўсёды,

23. бу́дучы адро́джанымі не з тле́ннага се́мені, а з нятле́ннага, праз слова Божае жыво́е, якое застае́цца наве́кі.                                             

24. Бо ўсякая плоць – як трава, і ўсякая слава чалавечая – як кве́цень на траве: засоо́хла трава – і кве́цень яе апа́ла;

25. але слова Гасподняе застае́цца наве́кі. Гэта і ёсць тое слова, якое прапаве́дана вам.

 

Раздзел 2

1. Дык вось, адкла́ўшы ўся́кую зло́бу, і ўся́кую хíтрасць, і крываду́шнасць, і за́йздрасць і ўсякае зласло́ўе,

2. як нованаро́джаныя немаўля́ты, пра́гніце чы́стага духоўнага малака, каб ад яго вы ўзраслí для спасе́ння;

3. калі вы ўжо зве́далі, што добры Гасподзь.

4. Прыступа́ючы да Яго, ка́меня жывога, людзьмí адкíнутага, але Богам абра́нага, кашто́ўнага,

5. і самі, як жывы́я камянí, буду́йце з сябе дом духоўны, свяшчэ́нства свято́е, каб прыно́сіць духоўныя ахвя́ры, прые́мныя Богу праз Іісуса Хрыста́.

6. Таму што ска́зана ў Пісанні: "вось, Я кладу́ на Сіёне ка́мень краевуго́льны, абра́ны, кашто́ўны, і той, хто ве́руе ў Яго, не будзе пасаро́млены".

7. Дык вось, для вас, ве́руючых, гэта кашто́ўнасць, а для няве́руючых – ка́мень, які адкíнулі будаўнікí, той самы стаў галаво́ю вугла́, ка́мень спатыкне́ння і скала́ спаку́сы,

8. яны спатыка́юцца, не павіну́ючыся слову, на што яны і пакíнуты.

9. Але вы – род вы́браны, ца́рскае свяшчэ́нства, народ святы́, людзі, прыдба́ныя, каб абвяшча́ць даскана́ласць Таго, Хто паклíкаў вас з цемры ў цудо́ўнае Сваё святло;

10. калíсьці не наро́д, а цяпер наро́д Божы; калісьці непамíлаваныя, а цяпер памíлаваныя.

11. Узлю́бленыя! прашу вас як пры́шлых і перасяле́нцаў устры́млівацца ад пло́цкіх пажа́днасцей, якія ваю́юць су́праць душы́,

12. паво́дзьце сябе добра сярод язы́чнікаў, каб яны за тое, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, уба́чыўшы добрыя спра́вы вашы, прасла́вілі Бога ў дзень наве́дання.

13. Дык вось, будзьце пако́рнымі ўся́кай чалаве́чай ула́дзе дзе́ля Госпада: ці то цару́, як уладару́ вярхо́ўнаму,

14. ці то правíцелям, як праз яго пасла́ным для пакара́ння злачы́нцаў і для пахвалы́ тым, хто робіць дабро, –

15. бо такая воля Божая, каб мы, ро́бячы дабро, прымуша́лі маўча́ць не́вуцтва неразу́мных людзе́й, – 

16. як свабодныя, але не як тыя, хто выкарысто́ўвае свабоду, каб прыхава́ць зло, а як рабы́ Божыя.

17. Усіх паважа́йце, братоў любíце, Бога бо́йцеся, цара шану́йце.

18. Слу́гі, з усякім стра́хам падпарадко́ўвайцеся гаспадара́м, не толькі добрым і лаго́дным, але і суро́вым.

19. Бо гэта благада́ць, калі хто свядо́ма дзе́ля Бога, це́рпіць бе́ды, паку́туючы несправядлíва.

20. Бо якая пахвала́, калі трыва́еце вы, як вас б'юць за правíны́ Але калі ро́бячы дабро і паку́туючы, трыва́еце вы, то гэта благада́ць перад Богам,

21. бо на тое вы былí паклíканы; таму што і Хрыстос прыня́ў паку́ты за нас, пакінуўшы нам пры́клад, каб мы ішлі па сляда́х Яго:

22. Ён граху́ не ўчыніў, і не было падма́ну ў ву́снах Яго;

23. калі Яго ліхасло́вілі, Ён не ліхасло́віў у адказ; паку́туючы, Ён не пагража́ў, а пакіда́ў усё Суддзí Пра́веднаму;                                             

24. Ён грахí нашы Сам узня́ў Це́лам Сваім на дрэ́ва, каб мы, пазба́віўшыся ад грахоў, пачалí жыць пра́ведна: ра́намі Яго вы ацалíліся.

25. Бо вы былí, як аве́чкі аблу́дныя, але вярну́ліся цяпер да Пастыра і Ахава́льніка душ вашых.

 

Раздзел 3

1. Таксама і вы, жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужа́м, каб тыя з іх, што не скара́юцца перад словам, праз паво́дзіны жо́нак здабы́ты былí без слова,

2. калі ўба́чаць чы́стае, богабая́знае жыццё ваша.

3. Няхай упрыго́жанне ваша будзе не зне́шняе: заплята́нне валасоў, аздабле́нне ў золата ці нашэ́нне ўбораў,

4. а патае́мны сэ́рца чалавек у нятле́ннасці лаго́днага і маўклíвага ду́ху, што ма́е вялікую ва́ртасць перад Богам.

5. Бо так не́калі і святы́я жанчы́ны, якія ўсклада́лі надзе́ю на Бога, упрыго́жвалі сябе, падпарадко́ўваючыся сваім мужа́м;

6. гэтак Са́рра слухалася Аўраама, называ́ючы яго спадаро́м; і вы – дзеці яе, калі ро́біце дабро і не паддаяце́ся нія́каму стра́ху.

7. Таксама і вы, мужы́, абыхо́дзьцеся разу́мна з жонкамі як са слабе́йшым полам жано́чым, ака́зваючы ім паша́ну як сунасле́дніцам благада́тнага жыцця́, каб не было́ перашко́ды малітвам вашым.

8. Урэ́шце, будзьце ўсе аднаду́мнымі, спага́длівымі, браталю́бнымі, міласэ́рнымі, добразычлíвымі, пакорнаму́дрымі;

9. не плацíце злом за зло альбо знява́гай за знява́гу, а наадваро́т, благаслаўля́йце, ве́даючы, што на тое вы паклíканы, каб унасле́даваць благаславе́нне.

10. Бо хто лю́біць жыццё і хоча ўба́чыць добрыя дні, той няхай стры́млівае язык свой ад зла і ву́сны свае ад кава́рных слоў,

11. няхай ухіля́ецца ад зла і ро́біць дабро, няхай шука́е мíру і імкне́цца да яго,

12. бо вочы Госпада зве́рнуты да пра́ведных, і ву́шы Яго – да малітвы іх, аблíчча ж Гасподняе су́праць тых, хто ро́біць зло, каб знíшчыць іх з зямлі.

13. І хто зро́біць вам зло, калі вы бу́дзеце пабо́рнікамі дабра́?

14. А калі і паку́туеце за праўду, то блажэ́нныя вы; устрашэ́ння ж іхняга не пало́хайцеся і не жаха́йцеся.

15. Госпада Бога свяцíце ў сэ́рцах вашых; будзьце заўсёды гатовы кожнаму, хто патрабу́е ад вас абгрунтава́ння вашай надзе́і, даць адказ з лаго́днасцю і богабая́знасцю;

16. майце сумле́нне добрае, каб тым, за што абгаво́рваюць вас, як злачы́нцаў, былі пасаро́млены тыя, хто зневажа́е ваша добрае жыццё ў Хрысце́.

17. Бо лепш ро́бячы добро паку́таваць, калі на тое воля Божая, чым ро́бячы зло;  

18. таму што і Хрыстос, каб прыве́сці нас да Бога, адно́йчы прыня́ў паку́ты за грахí нашы, пра́ведны за няпра́ведных, памёршы пло́ццю, але ажы́ўшы ду́хам,

19. у якім Ён, сышо́ўшы,  прапаве́даваў і тым, што былí ў цямнíцы, ду́хам,

20. якія не скары́ліся не́калі, калі чака́ла іх доўгацярплíвасць Божая, у дні Ноя, пры будаўнíцтве каўчэ́га, у якім нямногія, гэта зна́чыць восем чалавек, былí вы́ратаваны ад вады́.

21. Так і нас цяпер падобнае гэтаму вобразу хрышчэ́нне – не цяле́снага бру́ду змыва́нне, а просьба да Бога аб добрым сумле́нні – спаса́е праз уваскрасе́нне Іісуса Хрыста,

22. Які, узышо́ўшы на неба, знахо́дзіцца правару́ч Бога, і Яму падпарадкава́ны Ангелы, і ўла́ды, і сілы.

 

Раздзел 4

1. Дык вось, пако́лькі Хрыстос паку́таваў за нас пло́ццю, то і вы гэтаю са́маю ду́мкаю ўзбро́йцеся; бо хто паку́туе пло́ццю, той перастае́ грашы́ць, 

2. каб ужо не па чалаве́чых пажа́днасцях, а па волі Божай пражы́ць у плоці той час, які заста́ўся.

3. Бо дастатко́ва таго, што вы ў мінулы час жыцця́ здзяйсня́лі волю язычнікаў, жывучы́ у распу́сце, пажа́днасцях (мужаложстве, скаталожстве, помыслах)*, п'янстве, гулянках, папойках і ў мярзотных ідаласлужэ́ннях;

4. таму яны і здзіўля́юцца, што вы не бежыце́ з імі на гэты разгу́л разбэ́шчанасці, і зневажа́юць вас;

5. яны даду́ць адказ Таму, Хто неўзаба́ве ма́е судзíць жывы́х і мёртвых.

6. Бо дзе́ля гэтага і мёртвым было́ да́дзена дабраве́сце, каб яны, бу́дучы асу́джаны як людзі ў плоці, жылí па Богу ду́хам.

7. Але наблíзіўся кане́ц усяму. Таму будзьце разва́жлівымі і пíльнымі ў малітвах.

8. А перш за ўсё ма́йце шчы́рую любоў адзін да аднаго́, бо любоў пакрыва́е мноства грахоў;

9. будзьце гасцíннымі адзін да аднаго без нарака́ння;

10. кожны служы́це адзін аднаму тым да́рам, які ён атрыма́ў, як добрыя домаўпра́ўнікі разнаста́йнай благада́ці Божай.

11. Калі хто гаворыць, няхай гаворыць як словы Божыя; калі хто слу́жыць, няхай слу́жыць па сіле, якую дае́ Бог, каб ва ўсім праслаўля́ўся Бог праз Іісуса Хрыста, Якому слава і ўла́да на ве́кі вякоў. Амінь.

12. Узлю́бленыя! агню́, які сярод вас і які для выпрабава́ння вам да́дзены, не здзіўля́йцеся, бы́ццам адбыва́ецца з вамі нешта дзíўнае;

13. але паколькі вы ўдзе́льнічаеце ў Хрыстовых паку́тах, ра́дуйцеся, каб і ў час яўле́ння славы Яго вы ра́даваліся і лікава́лі.

14. Калі га́ньбяць вас за імя́ Хрыстова, то блажэ́нныя вы, бо Дух славы, Дух Божы спачыва́е на вас: імі Ён зневажа́ецца, а вамі праслаўля́ецца.

15. Абы́ толькі не паку́таваў хто з вас як забо́йца, ці зло́дзей, ці злачы́нец, ці як той, хто ўме́шваецца ў чужо́е;

16. калі ж як Хрысція́нін, то няхай не саро́меецца, а няхай праслаўля́е Бога за такую до́лю.

17. Бо пара́ пача́цца суду́ з дому Божага; і калі спярша́ з нас пачне́цца, то які канец тым, хто не скара́ецца Дабраве́сцю Божаму́

18. І калі пра́ведны ледзь спаса́ецца, то бязбо́жны і грэ́шны дзе апыне́цца́

19. Дык вось, тыя, што паку́туюць па волі Божай, няхай Яму, як вернаму Ствары́целю, ду́шы свае аддаду́ць, ро́бячы дабро.

 

Раздзел 5

1. Па́стыраў вашых прашу я, супа́стыр і све́дка паку́т Хрыстовых, і саўдзе́льнік славы, якая ма́е адкры́цца: 

2. па́свіце ста́да Божае, якое ў вас, дагляда́ючы яго не па прыму́су, а добраахво́тна і богаўго́дна, не з-за агíднай кары́слівасці, а самаадда́на,

3. і не пану́ючы над набы́ткам Божым, а даючы́ пры́клад ста́ду;

4. і калі я́віцца Пастыранача́льнік, вы атрыма́еце неўвяда́льны вяне́ц сла́вы.

5. Таксама і вы, мало́дшыя, падпарадко́ўвайцеся па́стырам; і ўсе, слу́хаючыся адзін аднаго́, апранíцеся ў пакорнаму́драсць, таму што Бог ганарлíвым працíвіцца, а пако́рлівым дае́ благада́ць.

6. Дык вось, скары́цеся пад моцную руку́ Божую, каб Ён вас узня́ў у нале́жны час;

7. усе кло́паты вашы ўскладзíце на Яго, бо Ён дба́е пра вас.

8. Бу́дзьце цвяро́зымі, пíльнымі, таму што працíўнік ваш дыя́вал ходзіць, як рыклíвы леў, шука́ючы, каго праглыну́ць;

9. супрацьста́ньце яму цвёрдаю вераю, ве́даючы, што такія ж паку́ты зно́сяць і браты́ вашы ў свеце.

10. Бог жа ўсякае благада́ці, Які паклíкаў вас у ве́чную сла́ву Сваю ў Хрысце́ Іісусе, няхай Сам, пасля́ нядо́ўгіх вашых паку́т, удаскана́ліць вас, няхай сцве́рдзіць, няхай умацу́е, няхай зробіць непахíснымі.

11. Яму слава і ўла́да на ве́кі вякоў. Амінь.

12. Гэта ко́ратка напісаў я вам, праз Сілуа́на, ве́рнага, як мярку́ю, бра́та, каб перакана́ць і засве́дчыць, што гэта íсцінная благада́ць Божая, у якой вы стаіце́.

13. Віта́е вас абра́ная, як і вы, Царква ў Вавілоне і Марк, сын мой.

14. Віта́йце адзін аднаго́ пацалу́нкам любо́ві. Мір вам усім у Хрысце́ Іісусе. Амінь. 

 


* Словы, узятыя ў дужкі, адсутнічаюць у грэчаскім тэксце, яны маюцца ў царкоўнаславянскім і рускім сінадальным тэкстах.

Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.