2-е Саборнае Пасланне святога Апостала Пятра

Разделы: 1   2   3

 

Раздзел 1

1. Сíман* Пётр, раб і Апостал Іісуса Хрыста, – тым, якія адно́лькава кашто́ўную, як і наша, веру прынялí па пра́веднасці Бога нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста́:

2. благада́ць і мір вам няхай прымно́жацца праз пазна́нне Бога і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.

3. Пако́лькі Божая сіла Яго адары́ла нас усім неабхо́дным для жыцця́ і набо́жнасці праз пазна́нне Таго, Хто паклíкаў нас сла́ваю і даскана́ласцю,

4. якімі яна дала́ нам найвялíкшыя і кашто́ўныя абяца́нні, каб праз іх вы ста́лі ўдзе́льнікамі Божай прыроды, аддалíўшыся ад пану́ючага ў све́це растле́ння пажа́длівасцю, –

5. то вы, прыклада́ючы да гэтага ўсе намага́нні, пакажы́це ў ве́ры вашай дабрадзе́йнасць, у дабрадзе́йнасці – разва́жлівасць,  

6. у разва́жлівасці – устры́манасць, ва ўстры́манасці – цярплíвасць, у цярплíвасці – набо́жнасць,

7. у набо́жнасці – браталю́бства, у браталю́бстве – любо́ў.

8. Бо калі гэта ў вас ёсць і прымнажа́ецца, то яно не пакíне вас бяздзе́йнымі і бяспло́днымі ў пазна́нні Госпада нашага Іісуса Хрыста́;

9. а ў кім няма́ гэ́тага, той сляпы́, блізару́кі, забы́ў пра ачышчэ́нне ране́йшых грахоў сваіх.

10. Таму, браты́, яшчэ больш стара́йцеся, каб ваша паклíканне і абра́нне стала трыва́лым; робячы так, вы ніколі не спатыкняце́ся,

11. бо так адкры́ецца вам свабо́дны ўваход у ве́чнае Царства Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста.

12. Таму я ніколі не пераста́ну нага́дваць вам пра гэта, хоць вы тое ве́даеце і ўмацава́ны ў гэтай íсціне.

13. Але нале́жным лічу́, пакуль застаю́ся ў гэтай цяле́снай хацíне**, абуджа́ць вас напамíнам,

14. ве́даючы, што неўзаба́ве забра́на будзе ў мяне хацíна, як і Гасподзь наш Іісус Хрыстос адкры́ў мне.

15. Буду ж намага́цца, каб і пасля майго адыхо́ду, вы заўсёды ме́лі ў сабе памяць пра гэта.

16. Бо мы абвясцíлі вам сілу і прышэ́сце Госпада нашага Іісуса Хрыста, не за хíтра спле́ценымі ба́йкамі пасле́даваўшы, а бы́ўшы све́дкамі Яго ве́лічы.

17. Бо Ён прыня́ў ад Бога Айца паша́ну і сла́ву, калі ад ве́лічнай славы прыйшоў да Яго вось такі голас: "Гэта Сын Мой узлю́блены, Якога Я ўпадаба́ў".

18. І гэты голас, які прыйшоў з нябёсаў, чулі мы, калі былí з Ім на свято́й гары́.

19. Яшчэ мы маем наймацне́йшае праро́чае сло́ва, і вы добра ро́біце, звярта́ючыся да яго, як да свяцíльніка, што ззяе ў цёмным ме́сцы, паку́ль не пачне́ днець і не ўзы́дзе ра́нішняя зорка ў сэ́рцах вашых,

20. ве́даючы перш за ўсё тое, што нія́кае прароцтва ў Пісанні не дапуска́е асабíстага тлумачэ́ння.

21. Бо ніколі праро́цтва не было́ абве́шчана па волі чалаве́чай, а прамаўля́лі яго святы́я Божыя людзі, натхнёныя Ду́хам Святы́м.

 

Раздзел 2

1. Былí і лжэпраро́кі ў наро́дзе, як і сярод вас бу́дуць ілжэвучы́целі, што прынясу́ць згу́бныя е́расі і, адрака́ючыся ад Уладара́, Які адкупíў іх, навяду́ць са́мі на сябе ху́ткую пагíбель.  

2. І многія пойдуць усле́д іхняй распу́снасці, і з-за іх шлях íсціны будзе знясла́ўлены.

3. І ў хцíвасці з хíтрымі сло́вамі будуць нажыва́цца на вас; прысу́д ім даўно гато́вы, і пагíбель іх не дрэ́мле.

4. Бо калі Бог не пашкадава́ў а́нгелаў, якія саграшы́лі, а ў пу́тах це́мры кíнуў іх у пе́кла і аддаў, каб захава́ны былí на суд для пакара́ння;

5. і калі не пашкадава́ў старажы́тнага све́ту, а збяро́г васьмяры́х, у тым лíку Ноя, прапаве́дніка пра́веднасці, навёўшы пато́п на свет бязбо́жных;

6. і калі гарады́ Садо́ма і Гамо́ры спапялíў, асудзíўшы на знішчэ́нне і да́ўшы пры́клад таго, што чака́е бязбо́жнікаў,

7. а пра́веднага Лота, прыгне́чанага распу́снымі паво́дзінамі беззако́нных, вы́ратаваў,

8. бо гэты пра́веднік, жывучы́ сярод іх, з дня ў дзень паку́таваў душою пра́веднай, ба́чачы і чу́ючы беззако́нныя спра́вы, –

9. то ве́дае Гасподзь, як збаўля́ць набо́жных ад спакушэ́ння, а беззако́нных захо́ўваць да дня суда́ для пакара́ння,

10. асабліва ж тых, якія ідуць за нячы́стымі пажа́днасцямі пло́ці і пагарджа́юць ула́дамі, наха́бнікаў самазадаво́леных, якія не бая́цца зневажа́ць вышэ́йшых,

11. тады як а́нгелы, бо́льшыя па магу́тнасці і сіле, не прамаўля́юць на іх перад Госпадам знява́жлівага асуджэ́ння.

12. Яны, як неразу́мныя жывёлы па прыро́дзе, наро́джаныя, каб іх лавíлі і вынішча́лі, зневажа́юць тое, чаго не разуме́юць; яны будуць знíшчаны, як і тыя вынішча́юцца;

13. яны атрыма́юць распла́ту за беззако́нні, бо знахо́дзяць асало́ду яны ў штодзённым раскашава́нні; бессаро́мнікі і распу́снікі, яны це́шацца ў ашука́нствах сваіх падчас засто́лляў з вамі;

14. вочы ў іх поўныя пралюбадзе́йства і несупы́ннага граху́; яны зава́бліваюць нетрыва́лыя ду́шы; яны ма́юць сэ́рцы, звы́клыя да нажы́вы; гэта сыны́ пракля́цця;

15. пакíнуўшы прамы́ шлях, яны заблудзíлі, пайшо́ўшы шля́хам Валаа́ма, сы́на Васо́равага, які палюбíў пла́ту няпра́ведную,

16. але быў вы́крыты ў сваім беззако́нні: бязмо́ўная аслíца, прамо́віўшы чалавечым го́ласам, спынíла безразва́жнасць праро́ка.

17. Яны – бязво́дныя крынíцы, хма́ры, бу́раю гна́ныя, якім прыгатава́ны змрок вечнай цемры.

18. Бо, прамаўля́ючы пыхлíвыя і пусты́я словы, яны да пло́цкіх пажа́днасцей і разбэ́шчанасці прыва́бліваюць тых, хто толькі што аддалíўся ад тых, якія жыву́ць у аблу́дзе;

19. абяца́юць ім свабоду, самі бу́дучы раба́мі распу́сты; бо хто кім перамо́жаны, той таму і раб.

20. Бо, калі яны, пазбе́гнуўшы нечыстаты́ свету праз пазна́нне Госпада і Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, потым зноў заблы́тваюцца і паддаю́цца ёй, то апошняе стано́віцца для іх го́ршым за пе́ршае.

21. Лепш было́ б ім не спазна́ць шля́ху пра́веднасці, чым, спазна́ўшы, вярну́цца назад ад да́дзенай ім святой за́паведзі.

22. Але з імі адбыва́ецца паво́дле праўдзíвай пры́маўкі: саба́ка вярта́ецца да бляво́ціны сваёй, і: вы́мытая свіння́ ідзе валя́цца ў бру́дзе.

 

Раздзел 3

1. Гэта ўжо другое пасла́нне пішу вам, узлю́бленыя; у іх напамíнам абуджа́ю ваша чы́стае мы́сленне,  

2. каб вы па́мяталі словы, раней ска́заныя святы́мі праро́камі, і перада́дзеную апосталамі вашымі за́паведзь Госпада і Спасіцеля:

3. найперш ве́дайце, што ў апо́шнія дні пры́йдуць наха́бныя глумлíўцы, якія жыву́ць паво́дле сваіх ўла́сных пажа́днасцей 

4. і ка́жуць: "дзе абяца́нне прышэ́сця Яго́ бо з таго часу, як спачы́лі айцы, усё застае́цца такім са́мым ад пача́тку стварэ́ння".

5. Скры́та ад іх, бо са́мі таго хо́чуць, што неба было́ здаўна́ і зямля ўтво́рана з вады́ і вадою па слову Божаму;

6. таму тагача́сны свет загíнуў, пато́плены вадою.

7. А цяпе́рашнія неба і зямля́, захава́ныя тым самым Словам, зберага́юцца для агню́ на дзень суда́ і пагíбелі бязбо́жных людзе́й.

8. Адно тое няхай не будзе скры́та ад вас, узлю́бленыя, што ў Госпада адзін дзень – як ты́сяча гадоў, і ты́сяча гадоў – як адзін дзень.

9. Не мару́дзіць Гасподзь з абяца́ным, як некато́рыя лíчаць, што гэта мару́длівасць, а доўга це́рпіць Ён нас, не жада́ючы, каб хто загíнуў, але каб усе прыйшлí да пакая́ння.

10. Дзень жа Гасподні пры́йдзе, як зло́дзей уначы́, і тады нябёсы з гру́катам міну́ць, стыхіі ж, распа́леныя, разбу́рацца, а зямля і ўсё, што на ёй, будзе спа́лена.

11. Калі так усё гэта разбу́рана будзе, то якімі павíнны быць у святы́м жыццí і набо́жнасці вы,      

12. што чака́еце і жада́еце прышэ́сця дня Божага, калі нябёсы, палымне́ючы, рабу́рацца і распа́леныя стыхíі распла́вяцца́ 

13. Але мы чака́ем, паво́дле Яго абяца́ння, новага неба і новае зямлí, на якіх пра́веднасць жыве́.

14. Таму, узлю́бленыя, чака́ючы гэтага, пастара́йцеся, каб Ён знайшо́ў вас незапля́мленымі і беззага́ннымі, у мíры;

15. і доўгацярпе́нне Госпада нашага лічы́це спасе́ннем, як і ўзлю́блены брат наш Павел, паводле да́дзенай яму праму́драсці, напіса́ў вам,

16. як ён гаворыць пра гэта і ва ўсіх пасла́ннях, у якіх ёсць нешта ця́жкае для разуме́ння, што недасве́дчаныя і неўмацава́ныя, перакру́чваюць, як і іншыя Піса́нні, на сваю ўла́сную пагібель.

17. Дык вы, узлю́бленыя, ве́даючы пра гэта за́гадзя, сцеражы́цеся, каб вам не падда́цца аблу́дзе беззако́ннікаў і не адпа́сці ад таго, у чым вы ўмацава́ны,

18. узраста́йце ж у благада́ці і пазна́нні Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень ве́чны. Амíнь.

 


* Тут у грэчаским тэксце ўжыта іншая форма гэтага імені – Сімяон.

** Вобраз часовага зямнога жыцця.

 
Распечатать Распечатать

Комментирование закрыто.